К книге
Аляксандр Капусцін. Старонкі памяціСтраница 7
44%
Страница 7
7

Пазней у мяне з’явіліся кнігі А. Капусціна «Мерай закона і сумлення», «Суд вырашыў», «Белыя гусі лета прарочаць», «Покліч сэрца», «Размова ў дарозе», «Скажу праўду», «Па арбіце памяці», «Рэха даўніх баёў, «А салаўі ўсім спяваюць» і іншыя, у тым ліку некалькі невялікіх кніжак сатыры і гумару, выдадзеных у бібліятэчцы часопіса «Вожык». На некаторых выданнях — аўтографы аўтара. Апошнюю кнігу «Усяму беламу свету» (яна пабачыла свет пасля смерці пісьменніка) падаравала мне удава Аляксандра Пятровіча — Эмілія Іванаўна.

Уходзяць з жыцця пісьменнікі — застаюцца кнігі. А значыць, жыве і памяць пра іх. Помнім і мы, землякі і чытачы, Аляксандра Капусціна. Абласная пісьменніцкая арганізацыя сумесна са Жлобінскім гарвыканкомам устанавілі літаратурную прэмію імя А. Капусціна, якая штогод будзе прысуджацца лепшым творам прозы і публіцыстыкі аўтараў Гомельшчыны.

«Быць чалавекам» — так назваў адну са сваіх кніг Аляксандр Капусцін. Добрая назва. I яна цалкам адпавядала жыццёвай пазіцыі самога аўтара. Ён жыў сумленна. Такім запомніўся, вядома ж, не толькі мне аднаму.

НА ВОДШЫБЕ ЗАЛІШНЯЙ МІТУСНІ

Анатоль ЗЭКАЎ, пісьменнік, галоўны рэдактар «Беларускай лясной газеты»

За ўсё жыццё я ніколі не быў у Старой Рудні. Хаця, едучы цягніком са Жлобіна ў сваю родную Патапаўку, дзе — дзякую Богу! — і па сёння жывуць бацькі, мінаў яе неаднойчы. Недзе пасярэдзіне гэтага шляху позірк, скіраваны з вагоннага акна, зазвычай выхопліваў назву вёскі, якую складалі адзінаццаць літар, прымацаваных на фасадзе чыгуначнага паўстанка. Праўда, яна была для мяне звычайная, як і многія іншыя, што трапляліся на шляху даўжынёй у гадзіну.

3 шэрагу іншых вёсак Старая Рудня вылучылася крыху пазней. I адкрыў яе для мяне пісьменнік Аляксандр Капусцін. Адкрыў, дарэчы, завочна — і нават не сам, а яго біяграфія. То ж я, яшчэ школьнік, захоплены літаратурай, акуратна адбіраў і складваў у роўненькую стопку на шафу нумары «Гомельскай праўды» з рэцэнзіямі, што змяшчаліся пад традыцыйнай рубрыкай «Кнігі нашых землякоў». Менавіта тады і наткнуўся на імя пісьменніка, што родам са жлобінскай вёскі Старая Рудня. I ад гэтага адкрыцця ўмомант пацяплела на душы: аказваецца, пісьменнікі нараджаюцца не недзе за трыдзевяць земляў, а тут, побач, за нейкіх два-тры дзесяткі кіламетраў ад маёй Патапаўкі. Можаце ўявіць, як узрадаваўся я, бо і сам ужо тым часам тое-сёе крэмзаў.

Тады я яшчэ не думаў нават, што пройдуць гады і мне выпадзе шчасце сустрэцца з самім пісьменнікам-земляком. Хаця надарылася тое толькі напачатку 90-х — аж праз дзесяць гадоў майго жыцця ў Мінску, па вуліцах якога ўвесь гэты час хадзіў і мой знакаміты зямляк. Ды калі б я і быў аматарам пісьменніцкіх тусовак, наша сустрэча наўрад ці адбылася б раней, бо і Аляксандр Пятровіч — не з гэтай кагорты. Спакойны, ціхмяны, удумліва-разважлівы, як, прынамсі, і ўся яго таленавітая проза, ён звеку стараніўся залішняй мітусні, стаяў як бы ўбаку ад гаварліва-ганарлівага пісьменніцкага асяродку і тым не менш знаходзіўся у самай гушчыні жыцця, на самай яго вірлівай плыні.

Наша асабістае знаёмства адбылося ў рэдакцыі сталічнай гарадской газеты «Добры вечар», дзе я працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. Тады яшчэ яна месцілася ў чатырох невялічкіх пакойчыках будынка, што на рагу вуліцы Казлова і праспекта Скарыны (тагачаснага Ленінскага). У кабінеце цяснілася нямала супрацоўнікаў, і, зайшоўшы, Аляксандр Пятровіч пацікавіўся, хто з нас Анатоль Зэкаў. А калі пазнаёміліся, сказаў:

— Чамусьці вось такім я вас і ўяўляў.

Акінуўшы позіркам прысутных, крыху зніякавеў:

— Бачу, у вас тут шмат клопатаў. То не буду эамінаць. Вось вазьміце — тое-сёе напісалася. Абразкі. Яны невялічкія, акурат для газеты. Буцзе час — зірніце, можа, што і скарыстаеце…

Сказаў так, як гэта мог бы сказаць звычайны пачатковец (і тое далёка не кожны). А перада мною ж сядзеў пісьменнік. I які! Асоба, можна сказаць, легендарная: кіраўнік камсамольска-маладзёжнага падполля, ардэнаносец, ганаровы грамадзянін горада Жлобіна. Ці кожны з нават хрэстаматыйных літаратараў можа пахваліцца такім ушанаваннем, якое меў Аляксандр Пятровіч у сваіх землякоў?!

3 гэтай ягонай сціпласцю я потым сутыкаўся неаднойчы. А тымі абразкамі-мініяцюрамі адкрыўся цыкл «Крапіны жыця», што з месяца ў месяц з’яўляўся на старонках «Добрага вечара». Аляксандр Пятровіч не проста друкаваўся, пасля кожнай публікацыі ён заўсёды забягаў у рэдакцыю, а калі не выпадала, абавязкова званіў і цікавіўся, што гаварылі на лятучцы, ці ёсць якія водгукі чытачоў. Ён як бы правяраў гэтым сябе: ці закрануў напісаным хоць чыё сэрца?

Мы змяшчалі «Крапіны жыцця» (па 2-3 абразкі) раз у месяц, аднак часам, ад’язджаючы з Мінска, Аляксандр Пятровіч прыносіў іх пра запас. Адсюль здаралася, што тыя, трапіўшы пад руку, маглі выскачыць і два разы на месяц. Іншы б толькі ўсцешыўся, а Аляксандр Пятровіч аднойчы добра-такі паўшчуваў мяне:

— Ведаеш, Толя, не часці. Гэтак і добрая каўбаса прыесца можа.

Што зробіш, характар, і да яго трэба было неяк прыстасоўвацца. А ўрэшце, чаму прыстасоўвацца? Каб усе аўтары, што пераступаюць рэдакцыйны парог, узялі хоць крышачку ад капусцінскага характару, наколькі б больш захавалася рэдактарскіх нерваў!

Аляксандр Пятровіч быў не проста пастаянным аўтарам «Добрага вечара», а і ўдумлівым чытачом газеты і нашым клапатлівым дарадцам. Памятаю, як балюча перажываў ён, калі я амаль два гады пасля Мішы Расолькі падпісваў газету з нязменнай прыстаўкай «в.а.». Апускаліся рукі, хацелася кінуць усё. I раптам з’яўляўся Аляксандр Пятровіч.

— Не ўздумай рабіць гэтага, казаў. — Ім толькі і трэба, каб ты здаўся. Займайся сваёй справай і ні на што не зважай. Зразумей мяне, старога чалавека.

У яго і папраўдзе меўся багаты вопыт: як-ніяк, а шэсць гадоў хадзіў у намесніках галоўнага рэдактара «ЛіМа» і таму ведаў, колькі каштye рэдактарскі хлеб.

Аляксандр Пятровіч, жадаючы пераключыць гамонку на іншае, распытваў пра маю Патапаўку, цікавіўся здароўем бацькі і маці. Марыў пра мой творчы вечар на радзіме і абяцаў, калі толькі тое надарыцца і я яго запрашу — абавязкова паедзе.

А сам запрасіў мяне на святкаванне свайго 70-годдзя ў Жлобін, куды мы і выправіліся ў лютым 1994 года з Уладзімірам Ліпскім, Міколам Мятліцкім, Алесем Марціновічам і Анатолем Жалязоўскім. На тым вечары я прачытаў верш «Вуліца Міру», прысвечаны юбіляру. А жадаючы Аляксандру Пятровічу доўгіх гадоў жыцця, памятаецца, сказаў: «Праз трыццаць гадоў 70 будзе мне. Але я ўжо сягоння запрашаю Вас. Паспрабуйце толькі не прыехаць!»

На вялікі жаль, ужо не прыедзе. I не толькі на мой гэткі юбілей, а і на сваё 75-годдзе. Аляксандр Пятровіч Капусцін назаўсёды вярнуўся на бацькоўскую зямлю, якую спаўна паліў уласнай крывёю падчас ваеннага ліхалецця і якую нястомна славіў сваім пісьменніцкім пяром увесь пасляваенны час. Да апошняга ўдару сэрца, да апошняга дыхання.

***

Я прыехаў

У дзень 75-годдзя Аляксандра Капусціна

Снег — нібы для прыліку.

Лічы, няма ў нас снегу.

Такая ўжо зіма.

Зямляк, мяне ты клікаў?

Ну, вось я і прыехаў.

Чаму ж цябе няма?

Не мог, зямляк, ты недзе

Дагэтуль запазніцца.

Я ведаю: не мог.

Ты ж сам пытаў:«Прыедзеш?»,

Ты ж сам прасіў не збіцца

На ростанях дарог.

Не збіўся я, прыехаў

У Жлобін, на радзіму,

Дзе чуецца і ў сне

Твой голас — нібы рэха.

…Чаму ж стаю адзін я?

Чаму не стрэў мяне?

ПАЧУЦЬ СІМФОНІЮ ЖЫЦЦЯ

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, пісьменнік, галоўны рэдактар «Чырвонай змены»

3 Аляксандрам Капусціным мы сустракаліся няшмат. Як не часта і перазвоньваліся. Але вось трымаецца ён — і чалавек, і пісьменнік — у памяці. Так і стаіць зараз перад вачыма яго — рухавая, зграбная — поставь. Сёння так хутка знікаюць у блізкай і далёкай смузе самыя розныя людзі. Здавалася б, некалі добра знаёмыя, мо нават на пэўным адрэзку і досыць блізкія. А праз час відавочным становіцца іншае перакананне — падманліва блізкія. Няўжо так вось, мітусліва, псеўдашчыра, і надалей будзе працягвацца наша жыццё?.. I чаму вось так трымаецца ў памяці гэты просты, спакойны, някідкі і ўжо, канешне ж, зусім не эпатажны чалавек і пісьменнік?..

Час ад часу Аляксандр Капусцін завітваў у «Во славу Родины». Туды я прыйшоў у сакавіку 1992 года. Пасля работы ці службы адказным сакратаром шматтыражкі Мінскага вышэйшага ваенна-палітычнага агульна-вайскавога вучылішча «Ленінец». Чатыры газетных паласы фарматам АЗ (гэта як старонка ў сённяшнім «ЛіМе») не дужа шмат высілкаў вымагалі. Праўда, скрушна было ад таго, што сяджу на гарадской узбочыне — на вуліцы Каліноўскага, паблізу з кінатэатрам «Вільнюс». I вельмі далёка ад рэдакцый — і газет рэспубліканскіх, і літаратурна-мастацкіх выданняў. Праўда, недзе ў верасні 1991 года ўладкаваўся ў штотыднёвік «Наша слова». Зразумела, па сумяшчальніцтву. Але пісьменніцкі асяродак вакол газеты «Таварыства беларускай мовы» надта не групаваўся. Ды спакваля, калі ўжо перабраўся на Першамайскую, 7 у «Во славу Родины», сам часцей стаў бываць і ў «Полымі», і ў «Беларусі», і ў «ЛіМе». А болей усяго — якраз у «ЛіМе», у кабінеце Алеся Марціновіча, пісьменніка, крытыка, журналіста. I яшчэ — сябра Аляксандра Пятровіча. Былі і тут размовы, заходзіў Аляксандр Пятровіч і да мяне, у «Во славу Родины». Абедзве ж рэдакцыі былі яму, Капусціну, нечым блізкія. «ЛіМ» — як месца сталай, на сем з нечым гадоў, працы. «Во славу Родины» ж — газета вайсковая, з тых выданняў, што па сутнасці павінны быць блізкія пісьменніку, уважліваму да ваеннай тэмы, пісьменніку-франтавіку.

Ды пры мне, здаецца, толькі адзін нарыс Капусціна ў вайсковай газеце і надрукавалі. Праўда, па-беларуску, не перакладаючы твор на рускую мову. А сустрэч было, канешне ж, шмат болей, чым адна.

3 таго часу засталася і кніга з аўтографам — зборнік празаічных твораў «Салёная раса» (Мінск, «Мастацкая літаратура», 1988). Пад адной вокладкай — нарыс, дакументальная аповесць, апавяданні. І — цёплы надпіс: «Шаноўны Аляксандр Мікалаевіч! На добрае знаёмства, са шчырымі пажаданнямі здароўя і плённай творчасці. 3 шанаваннем А. Капусцін. 27/ІІІ — 94 г.» Той аўтограф і памяць, што толькі аднойчы за тры маіх гады ў «Во славу Родины» надрукаваўся Аляксандр Пятровіч. Шкадаванне было ад гэтага і тады, пры жыцці пісьменніка. I хаця, з надыходам суверэнітэту Беларусі, стварэннем сваіх Узброеных Сіл, вайсковая газета была перарэгістравана як выданне двухмоўнае, усё ж не стала «Во славу Родины» асяродкам беларускіх пісьменнікаў, якія працавалі, працуюць пераважна над творамі героіка-патрыятычнай тэматыкі.

Але, сустракаючыся, мы дужа і не гаварылі пра гэта. Аляксандр Пятровіч усё больш цікавіўся тым, што ж я раблю. Прыкмячаў кожную маю публікацыю ў іншых выданнях, падштурхоўваў да большай актыўнасці. Гаварыў пра тое, што трэба не цягнуць з уступленнем у пісьменніцкую арганізацыю.

Абяцаў, што дасць рэкамендацыю. А я тады адчуваў сябе ніякавата, калі заходзілі падобныя размовы. У верасні 1994 года выйшла першая мая кніжачка — «Вяртанне да … Беларусі» (у «Бібліятэцы часопіса «Маладосць») і мне здавалася, ды і сапраўды, мусіць, так, што падстаў, каб напісаць заяву ў Саюз, зусім ніякіх. А вось у паважанага пісьменніка меркаванне было інакшым. Думаю, што тут у нечым ён кіраваўся сваім уласным вопытам. Сам жа Аляксандр Пятровіч прыйшоў у літаратуру далёка не з парты філалагічнага факультэта. Прыйшоў чалавекам сталым, маючы за плячыма сур’ёзную прафесію. I першая кніга была выдадзена ім яшчэ ў час працы ў органах юстыцыі. I ў Саюз уступіў у 1974 годзе, а ужо паўвека маючы за плячыма. Здавалася б, мераць мог бы іначай — маўляў, яшчэ паспеецца… Ды не, раіў, каб спяшаўся. I хутчэй нават не ў гэтым заключалася яго парада. Як зараз разумею, Аляксандр Пятровіч раіў, нязмушана падказваў спяшацца ў працы, раіў не марнаваць час. Літаратура ж патрабуе сур’ёзных выдаткаў. I чым раней пачнеш іх аддаваць, укладваць у творчасць — тым раней, тым сур’ёзнейшым будзе плён.

Ужо пазнаёміўшыся з Аляксандрам Пятровічам, пачаў болей уважліва ўчытвацца ў кнігі яго. Зразумела, бліжэйшыя па часе выдання. А гэта — «Па арбіце памяці», «Рэха даўніх баёў», «Гудок далёкага поезда», тая ж «Салёная раса». Зачапілі, закранулі, прымусілі хвалявацца тады (чую, памятаю гэта хваляванне і зараз), як ні дзіўна, досыць простыя бясхітрасныя апавяданні. Так званыя безканфліктныя апавяданні. Як, напрыкладЯ «Дуб у полі». Мне здаецца, творы гэтыя зусім правільна перадаюць характар Капусціна як чалавека, характар яго творчага мыслення. Мяркуйце самі. Расце ў полі, якое ўздоўж-упоперак чыкрыжаць, раздзіраюць трактары плугамі, дуб. Расце дрэва! I ўвесь канфлікт, усе перажыванні двух людзей, прадстаўнікоў двух розных пакаленняў, вакол аднаго — застанецца дрэва жыць ці не. Малодшаму з трактарыстаў і не зразумець адраз што, які асаблівы сэнс у дрэве гэтым. Якая такая сімфонія ў пошуме яго дуба, лістоты? …У калыханні галля на ветры? I сам, ад свайго імя задаецца пісьменнік клопатам, задаецца пытаннем: «Дзесьці ў бязмежным неспакойным свеце людзі на заводах варылі метал, у шахтах здабывалі вугаль, вадзілі караблі ў лёдавых палярных прасторах, з космасу вывучалі Зямлю і Сусвет. Нехта ж недзе тым часам апантана рыхтаваў атамны смерч на зямлі. Дык ці варты нейкі адзінокі дуб у полі таго, каб многа пра яго гаварыць, спрачацца? Ці такія цяпер трэба людзям гаворкі весці? Але прыходзіць у хату да старога трактарыста сын Апанаса, таго, з маладзейшага пакалення. I вось што гаворыць дзіця: «Дзядуля, тата гаворыць, што ў полі расце дуб і лісце яго перамаўляецца з жытнімі каласамі… Хіба лісце і каласы гамоняць?..»

Аляксандр Капусцін усім сваім пісьменніцкім нутром быў перакананы, што каласы і лісце гамоняць, што вядзе, іграе і дуб у полі сваю сімфонію. Але і сімфонію, патрэбную нам. I дзеля гэтага жыў і працаваў.

Дарэчы, у адну з сустрэч Аляксандр Пятровіч падзяліўся сакрэтам, што «Дуб у полі» — з «пухавіцкіх» яго апавяданняў. У Капусціна на Пухаўшчыне, паблізу Талькі быў свой дамок, куды ён збягаў у летнюю спякоту, дзе рупіліся на агародзе, дзе ў лясах і пералесках выходжваў не толькі грыбы, але і свае творы. На Пухаўшчыне спаткаўся і з тым дубам, пра які не мог не пісаць.

Предыдущая главаГлава 7 из 16Следующая глава