К книге
Аляксандр Капусцін. Старонкі памяціСтраница 6
38%
Страница 6
6

— Мілёк, сёння твая наліўка прыемная і духмяная, як ніколі. Ці так, Леанід?

— Абсалютна верна. Наліўка проста цуд, — пахваліў і я.

— Ну, калі так, то і я трошкі вып’ю. А то збрыдзелі мне лекі.

Эмілія Іванаўна зачырванелася, у яе стомленых цёмна-карых вачах бліснулі вясёлыя іскрынкі. Яна пачала распытваць у Аляксандра Пятровіча, у мяне, як прайшла вечарына, хто і што гаварыў.

Пасля «вішнёўкі» пілі гарбату, завараную на зёлках. I ў маёй душы яшчэ раз варухнулася думка: як было б добра, каб у гэтай кватэры былі дачка ці сын, а мо і ўнучак… Мне заўсёды хочацца, каб у добрых, прыгожых людзей нараджалася болей нашчадкаў, можа, таму, што сам рос у вялікай дружнай сям'і — быў дзевятым дзіцём, мне хочацца, каб і цяпер сем’і былі большымі. Але сучаснае жыццё гэтаму не спрыяе.

Пра сям'ю, выхаванне дзяцей ёсць нямала старонак у творчасці Капусціна. У апошняй кнізе, пра якую гаварылі мы на возеры, ёсць абразок «Сусаніна гульня». Напісаны ад першай асобы. Аўтар едзе ў камандзіроўку, задуменна сядзіць у купэ і раптам чуе дзіцячы голас:

— Дапамажыце! Ратуйце!

Услед за гэтым затупалі дзіцячыя ногі і дзве дзяўчынкі праімчалі па калідоры з лямантам? «Дапамажыце! Ратуйце!»

Аўтар пачаў ушчуваць дзяўчынак, тады адна з іх сказала: «Мы гуляем у маму і тату». А тут падышла і мама з высока ўзбітай фіялетавай прычоскай, навалілася на дзядзьку, маўляў, чаго ён чэпіцца да дзяцей. Аўтар дакарае сябе, але тут я працытую дакладна:

«Усюды ты ўсунеш свой нос… — Усярэдзіне ў мяне быццам сухавей віхурыў. — А фіялетавую гэтую муж, відаць, ганяе як сідараву казу — цаца добрая… Дык жа і ён, мабыць, яе варты — абое рабое? Дзяўчынку шкада…»

Вось гэтая неабыякавасць, жаданне ўсюды «усунуць нос», усюды змагацца за справядлівасць — скразная лінія жыцця і творчасці Аляксандра Капусціна.

Такім быў у жыцці і творчасці Аляксей Пысін. Не дзіва, што ў апошнія гады Капусцін і Пысін вельмі пасябравалі. Пра сваю павагу да Аляксандра Капусціна некалі расказваў мне па-зямляцку Аляксей Пысін. А пра свае сустрэчы, гутаркі з выдатным паэтам напісаў Капусцін у сваіх успамінах.

***

Аднойчы я пазваніў Аляксандру Пятровічу, сказаў, што перадрукаваў аповесць, якая называедца «Узяць пад варту ў зале суда».

— Калі можаш, прынось зараз. Я прачытаю. I даволі хутка.

Слова Капусцін стрымаў. Праз колькі дзён я зноў сядзеў у ягоным кабінеце-катуху.

— Памятаю, ты гаварыў пра сумненні… Дык вось, скажу адразу. Тваёй аповесці наканавана доўгае жыццё. Вось такі мой прысуд. А сумненні творчых людзей бываюць заўсёды. У цябе няма тут гучных, жахлівых працэсаў. Звычайныя, побытавыя справы. Хуліганства, крадзяжы, разводы. Гэта наша жыццё. Атрымаўся сацыяльны зрэз грамадства. У гэтым твая творчая ўдача. А па працэдуры, — Капусцін хітра зірнуў на мяне з-пад акуляраў, усміхнуўся, — тут ёсць заўвагі…

I сапраўды, заўвагі меліся. Хоць я не адзін год быў народным засядацелем, сям-там праскочылі недакладнасці. Былы суддзя Капусцін прапусціць іх не мог. Кніга «Вяртанне ў радыяцыю», у якую ўвайшла гэтая аповесць, убачыла свет, калі Аляксандр Пятровіч, на вялікі жаль, так нечакана пайшоў з жыцця.

***

Быў звычайны восеньскі дзень 1996 года. Даволі ветраны, золкі, але часам з-за хмар выбівалася сонца. Я чакаў у выдавецтве Капусціна, каб уручыць карэктуру ягонай кнігі «Усяму беламу свету».

I вось ён на парозе. Павітаўся, падаў руку — халаднаватую, цвёрдую. Быў ён нейкі ссутулены, кароткія вусы падаліся яшчэ болей сівымі. Уразілі вочы: яны глядзелі неяк суха, вельмі журботна.

— Ты ведаеш, Лёня, быў у вёсцы і ледзьве не памёр там. Як хапіла сэрца… Эмілія Іванаўна выклікала «хуткую». Завезлі мяне ў Мар’іну Горку, у райбальніцу. Нашпілялі ўколаў. Тры дні трымалі, потым адпусцілі. Во трохі акрыяў. Пайду сёння на сход у Дом літаратара.

— Едзьце вы дадому, Аляксандр Пятровіч, чытайце карэктуру. Сход абыдзецца без вас.

— Не, вырашаецца лёс «ЛіМа». А я ж працаваў у ім. Дык і ты ж лімавец?

— Так, я раней за вас там працаваў. Са студзеня 69-га. А вясной сямідзесятага газета «Літаратура і мастацтва» стала штотыднёвікам.

Капусцін слухаў і гартаў карэктуру, разгладжваў пальцамі старонкі. Папера добрая. Гладкая, белая. Мусіць, у кнізе не будзе такой — узняў на мяне вочы, якія зноў уразілі журботнасцю.

— Чаму? Для вашай кнігі будзем шукаць толькі добрую паперу.

— Жартуеш! А я рады, што дачакаўся карэктуры. Цяпер, болей верыцца, што кніга выйдзе. Колькі часу даеш на чытанне?

— Ну, тыдзень. Дзён дзесяць. Хопіць?

— Хопіць. Я прачытаю хутчэй. Во, сказаў ты «хопіць», і я ўспомніў. Днямі прыснілася, што мы катаемся на лыжах. Ну, звычайны наш маршрут. Каля Баравой, пад Бараўляны, міма Малінаўкі, Дроздава. Дык вось, стаім мы насупраць Дроздава. Помніш, на ўскрайку лесу? Мы заўсёды там рабілі перадых. I ты гаворыш: «Ну што, прабяжым па лесе, па прамой?» Помніш, ад вёскі праз лес ідзе прамая, як страла, дарога? А я ў адказ: «Мусіць, хопіць. Спіна ўжо мокрая…» Прачынаюся, і праўда, увесь потам абліты. Так што, браце, не ведаю, ці пакатаемся на лыжах…

Я пачаў супакойваць Аляксандра Пятровіча, што ён яшчэ падужэе, набярэцца моцы, зноў параіў не ісці на сход, а ехаць дамоў.

— Не, пайду. Не развітваюся. Убачымся.

Змагар за справядлівасць Аляксандр Капусцін быў верны сабе.

Хіба мог я тады падумаць, што болей мы ніколі не ўбачымся.

***

Мне добра помніцца той сход. Пісьменнікі рашуча выступілі ў абарону свайго штотыднёвіка «ЛіМ», які хацелі аб’яднаць з газетай «Культура». Капусцін не выступаў, не згледзеў я, калі ён выйшаў, бо мы сядзелі па розных баках залы. Падчас сходу нешта ўстрывожана гаманіў прэзідыум, выходзіў і вяртаўся Анатоль Жалязоўскі. А потым па радах панеслася»: «Капусцін памёр. У вестыбюлі…»

Я ірвануўся з месца, не хацелася верыць сваім вушам, і аслупянеў: у прасторным халодным, асветленым нізкім сонцам вестыбюлі, накрыты з галавою шэраю коўдрай ляжаў Аляксандр Пятровіч.

Якіх дзве гадзіны назад я гаварыў з ім, і вось яго ўжо няма… Чаму не паехаў дамоў? Мільганула думка: можа, прадчуваў блізкую канчыну, дома нікога няма, і не паехаў у пустую кватэру. Застаўся між людзей…

Кніга Аляксандра Капусціна «Усяму беламу свету» выйшла з друку на пачатку 1997 года. Аўтар паспеў толькі патрымаць у руках звёрстаныя гранкі, пяшчотна пагладзіць старонкі будучай кнігі, якую доўга пісаў, перапісваў, асабліва нарысы пра славутых землякоў. I назва яе сімвалічная: «Усяму беламу свету».

Усё, што напісаў Аляксандр Капусцін, усё, што зрабіў — груша, якую вырасціў, лазня, якую збудаваў, бібліятэка, якую збіраў доўгія гады, — усё засталося людзям.

Усяму беламу свету.

МЕСЦА Ў ШАРЭНЗЕ

Міхась ДАНІЛЕНКА, пісьменнік

Чамусьці мне ўспамінаецца драўляны домік ва Уваравічах (тады гэта быў раённы цэнтр), пажаўцелае лісце на яблынях і народны суддзя Аляксандр Капусцін. Мы да гэтага былі з ім знаёмыя па абласному літаратурнаму аб’яднанню. I Аляксандр Пятровіч грунтоўна рыхтаваўся да нялёгкай пісьменніцкай работы. Што да сюжэтаў, дык іх жыццё падкідвала на кожным кроку. Суддзю хапала кожны дзень хітразаблытаных спраў.

— Некаторыя, браце, справы такія, што калі апішаш, дык чытач і не паверыць, — прызнаўся ён.

Помніцца, у тыя дні, калі я гасцяваў у Аляксандра Пятровіча ва ўтульным ціхім гарадку Уваравічы, ён падаў мне ёмістую папку — спісаную буйным разборлівым почыркам — сваю аповесць. Прызнацца па праўдзе, шмат у творы было наіўнага, надуманага, але падкупляла жаданне аўтара глыбей зазірнуць у жыццё, паспрабаваць намаляваць паўнакроўныя чалавечыя характары. Думаецца, з тых далёкіх дзён і пачалося наша сяброўства. Помніцца, я бываў у яго, калі ён працаваў народный суддзёй у Рэчыцы, сустракаўся, калі ён вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага настаўніцкага інстытута. Асабліва падружыліся, калі А. Капусцін перайшоў на працу загадчыкам аддзела пісьмаў у нашу «Гомельскую праўду».

Першая кніжка пісьменніка «Суд ідзе», якую рэдагавала Лідзія Арабей, захоўваецца ў мяне з даравальным надпісам аўтара. Аляксандру Капусціну не трэба было прыдумваць мудрагелістыя сюжэты. Тэмы апавяданняў нараджаліся ў судовай зале. У жыцці, як вядома, бывае ўсялякае, і недарма нашы продкі прыдумалі прымаўку: «Ад сумы і турмы не заражайся». Усялякія людзі са сваімі, часам пакарэжанымі лёсамі, праходзілі перад суддзёй. Трэба было цвяроза ўсё узважыць, не зрабіць памылкі пры вынясенні чарговага прысуду. I як суддзя (а пазней і як пісьменнік) Аляксандр Пятровіч стараўся гэта зрабіць.

3 1965 па 1971 гады Аляксандр Пятровіч працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда». Ён рабіў усё магчымае, каб на старонках газеты часцей з’яўляліся нарысы, апавяданні, цікавыя замалёўкі пра неардынарных людзёй. Дарэчы, і сам ён быў вялікім жыццялюбам і жартаўніком. Адна за другой выходзілі кнігі Аляксандра Капусціна. Шмат зроблена пісьменнікам у галіне дакументальнай прозы. Гэта ён па сутнасці адкрыў новыя, дагэтуль невядомыя, старонкі баёў за Жлобін армейскага корпуса, якім камандаваў генерал Л. Р. Пятроўскі.

Ён памёр раптоўна — можна сказаць імгненна — у час працы чарговага пісьменніцкага сходу. Мне пасля расказвалі, што толькі вось бачылі Сашу Капусціна з папкай у руцэ (ён працаваў намеснікам загадчыка секцыі прозы), як раптам па будынку Дома літаратара разнеслася сумная вестка: «Памёр Капусцін». Месца ў шарэнзе былых салдат, а пасля пісьменнікаў, якія мастацкім словам услаўлялі нашу рэчаіснасць, стала незапоўненым. I чамусьці зноў і зноў, калі пішу гэтыя радкі, у памяці гучаць словы славутай песні «Жураўлі» на словы Расула Гамзатава.

…У 1983 годзе у адным з пісьмаў (з бальніцы) Аляксандр Пятровіч напісаў мне: «Насіла мяне сёлета па белым свеце, ездзіў я і даездзіўся. Праўда, і тое трэба было. Быў я ў камандзіроўках за мяжой — у Румыніі, а таксама па краіне: у Смаленску, Алма-Аце, Уладзівастоку, Казані, Камандзіроўкі цікавыя і карысныя, яны многае далі мне для творчай працы». А на тытульным лісце кнігі «Скажу праўду» ён падпісаў і «…На веру ў светлы заўтрашні дзень».

Гісторыя гэтай фатаграфіі

На здымку — не Крым і не Каўказ. Гэта — Лоеўшчына. А дакладней — круты правы бераг Дняпра ў Лоеве, у тым месцы, дзе Сож уліваецца ў Дняпро.

Стаяла лета далёкага 1955 года. У той час Лоеўскі раён уваходзіў у састаў Рэчыцкага. Натуральна, і суд знаходзіўся ў горадзе Рэчыцы. У адзін з тых дзён народны суддзя — будучы пісьменнік Аляксандр Пятровіч Капусцін — па службовых справах наведаўся ў Лоеў. А тут якраз па рэдакцыйнай камандзіроўцы (я тады працаваў у абласной газеце «Гомельская праўда») аказаўся і я з фотакарэспандэнтам Пятром Белаусам.

На беразе Дняпра мы доўга гутарылі з Аляксандрам аб жыцці, аб літаратуры. Я ўжо меў свой першы зборнік апавяданняў, а рукапіс яго «Суд ідзе» знаходзіўся ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі. Якраз перад тым я быў у Мінску і размаўляў з рэдактарам яго будучай кніжкі, пісьменніцай Лідзіяй Арабей. Памятаю, яе парадавала глыбокае веданне жыцця маладога аўтара, уменне разабрацца ў складаных тонкасцях чалавечай псіхалогіі.

Перад намі — тады яшчэ маладымі і жыццярадаснымі — павольна нёс шырокія воды Дняпро. Над ім ляталі белакрылыя чайкі. У небе бязлітасна смаліла сонца.

— Вось так бы, Міхась, заўсёды ў вольныя хвіліны сядзець з добрым сябрам на рачным беразе, ды хоць на які дзень адлучыцца ад тлумных судовых спраў, — здымаючы капялюш, сказаў Капусцін.

— Затое ты, Саша, у гушчы гэтых спраў, — суцешыў, помніцца, я яго. — Усё тое, чым ты жывеш сёння, у будучым прыгадзіцца…

БЫЦЬ ЧАЛАВЕКАМ

Васіль ТКАЧОЎ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў

Я і сёння бачу радасныя вочы Аляксандра Пятровіча ў той дзень, калі мы сустрэліся апошні раз у Доме літаратара на сходзе пісьменнікаў. Яны свяціліся шчасцем: земляка сустрэў! Аляксандр Капусцін, трэба сказаць, вельмі ганарыўся, што родам з Гомельшчыны, моцна любіў сваю малую радзіму — Жлобіншчыну, і таму асабліва паважаў нас, літаратараў, што жывуць і працуюць там. Неяк заўважыў: «Сачу за творчасцю кожнага з вас, радуюся кожнаму надрукаванаму радку. Малайцы! Вам надрукавацца ў Мінску, мабыць, крыху цяжэй. Шмат, на жаль, у літаратуры рашаюць асабістыя сувязі і пасады».

I ў той дзень мы па-зямляцку цёпла паручкаваліся, да нас падышоў яшчэ адзін зямляк — значна маладзейшы і за мяне, і за Аляксандра Пятровіча — празаік Андрэй Федарэнка, ён родам з Мазыршчыны. У тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» напярэдадні якраз было надрукавана маё апавяданне «Дзень шахцёра», і Аляксандр Капусцін выказаў свае думкі наконт яго. Адчувалася, што гаварыў ён шчыра. Я, у сваю чаргу, расказаў аб справах пісьменнікаў Гомельшчыны. I аб добрых, і не зусім. Пахваліўся, што думаем адкрыць абласны літаратурны музей, падшукваем памяшканне. Аляксандр Пятровіч паабяцаў для будучага музея матэрыялы.

На сходзе сядзелі ў розных месцах: я на «камчатцы», Аляксандр Пятровіч — наперадзе, разам з Віктарам Шымуком (таксама, на жаль, ужо нябожчык). А пытанні на сходзе вырашаліся вострыя, надзённыя — як далей жыць-трымацца літаратурна-мастацкім выданням. Выступоўцы гаварылі горача. I я іншы раз кідаў позірк на Аляксандра Пятровіча. Ён уважліва слухаў прамоўцу, а калі ў тым была патрэба, абменьваўся думкамі з В. Шымуком. А потым А. Капусцін узняўся і пакрочыў, прыгінаючыся, каб не замінаць іншым, на выхад. Праз колькі хвілін не ўседзелася і мне. Сэрца Аляксандра Пятровіча на той час ужо спынілася. У фае.

У маё жыццё пісьменнік Аляксандр Капусцін увайшоў даўно — яшчэ ў шасцідзесятыя гады, калі я, будучы вучнем Ільічоўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна, сам пачынаў пісаць. Вядома ж, адпраўляў свае творы ў «Гомельскую праўду», дзе на той час працаваў А. Капусцін і часта друкаваўся, меў ужо і кнігу прозы «Суд ідзе». А сустрэліся ўпершыню ў Мінску, куды пераехаў Аляксандр Пятровіч і працаваў загадчыкам рэдакцыі навукі і культуры БелТА. Пазнаёміў мяне з ім падначалены Аляксандра Пятровіча, малады журналіст Анатоль Бутэвіч (цяпер — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі), з якім мы, калі былі школьнікамі, перапісваліся.

Предыдущая главаГлава 6 из 16Следующая глава