К книге
Аляксандр Капусцін. Старонкі памяціСтраница 5
31%
Страница 5
5

Дагавару ўжо пра працяг гэтага творчага «супрацоўніцтва». Калі кніжка выйшла, М. Гамолка, паколькі ў рэдакцыі «Вожыка» ніхто такой «падстаўкі» не ведаў, атрымаў ганарар. I немалы па тым часе. Добра помню, што гэта было прыкладна 25 рублёў. Падыходзіць да мяне Аляксандр Пятровіч: так і так, маўляў, што рабіць будзем. I сапраўды — што?! Як быццам ганарар і мой, але ў той жа час ён і не мой. Пагадзіліся на тым, што паклічам М. Гамолку (з грашамі, канешне) і пойдзем у рэстаран «Лето». Так і зрабілі. I, скажу шчыра, цудоўна правялі вечар: хапіла і на гарэлку, і на закусь. А гэта яшчэ адно сведчанне, як «цяжка» жылося ў так так званыя «застойныя» часы. Асабліва творчым работнікам…

А вось апошнюю сваю кнігу Аляксандр Пятровіч чакаў з такім вялікім нецярпеннем, як, бадай, ні адну папярэднюю.

Рукапіс яе, а яна атрымала назву «Усяму беламу свету», узяло выдавецтва «Мастацкая літаратура». I спачатку справы з падрыхтоўкай да яе выдання рухаліся як быццам няблага. Але з кожнай чарговай сустрэчай у Аляксандра Пятровіча аптымізму меншала. Нарэшце, ён паведаміў, што кнігу паабяцалі выдаць пры ўмове, калі набярэцца пэўны тыраж. I тут жа па сакрэце прызнаўся, што землякі-жлабінчане гатовы пасля выхаду кнігі выкупіць значную частку тыражу.

Справа нібыта зноў зрушылася з месца. Але яшчэ праз колькі часу высветлілася, што для выдавецтва гэта не выйсце. Кнігу ж спачатку трэба надрукаваць, а сродкаў не стае.

Я прапанаваў Аляксандру Пятровічу: «Вы ж ганаровы грамадзянін Жлобіна, чаму б не звярнуцца да кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў? Тым больш, што сярод іх ёсць і такія, якія ўпэўнена стаяць на нагах! Няўжо яны не знойдуць колькі мільёнаў, каб перавесці на рахунак выдавецтва «Мастацкая літаратура»?

Аляксандр Пятровіч уважліва выслухаў прапанову і нічога пэўнага наконт гэтага не сказаў. А пры наступнай сустрэчы мы пра гэта не ўспаміналі. I толькі праз некалькі месяцаў высветлілася, што ён усё ж звярнуўся за дапамогай да землякоў.

…Прыйшоўшы тым разам у рэдакцыю «ЛіМа», прызнаўся, што давялося паляжаць у раённай бальніцы — хуткая дапамога забрала проста з дачы, але заявіў урачам, што там няма чаго больш рабіць і таму паехаў у Мінск.

Што адчуваў сябе не лепшым чынам, адразу кінулася ў вочы, ледзь пераступіў парог рэдакцыі. Бледнаваты, нейкі хваравіты твар, цяжка дыхае. Але, усміхнуўшыся, сказаў нешта накшталт таго, што здароўе паправіцца, а падстава для радасці ёсць. I адразу палез у сваю скураную папку:

— Глядзі, дзякуючы табе…

У папцы была карэктура кнігі «Усяму беламу свету».

— Дзякуючы мне? — я не хаваў здзіўлення.

— Табе… Дапамаглі землякі…

А. Капусцін назваў прадпрыемства, якое перавяло грошы «Мастацкай літаратуры». Паведаміў суму і дадаў:

— Як толькі выйдзе, падпішу табе…

Не падпісаў. А дагэтуль дарыў з аўтографамі ўсе свае кнігі, што выходзілі на працягу нашага сяброўства. На апошняй, праўда, таксама стаіць даравальны надпіс, але зрабіла яго Эмілія Іванаўна Капусціна — дарагая, любая ягоная жанчына, жонка, якую ён кахаў усё жыццё надзвычай моцна і аддана.

I ў апошняй сваёй кнізе А. Капусцін піша пра дарагія сэрцу мясціны, адштурхоўваецца ад уражанняў падчас наведвання землякоў, згадвае перажытае ў гады вайны. Гэта ўгадваецца па дакладных рэаліях з таго часу, па ўменні дакладна адчуць унутраны стан учарашніх партызан і франтавікоў, якім у сённяшнім жыцці часта даводзіцца нялёгка. I не толькі матэрыяльна, а і маральна. Ім балюча бачыць, што ідэалы, за якія змагаліся, абясцэнены. Тым самым у творы прысутнічае яшчэ адна тэма — маральна-этычная: водгалас ва ўсёй творчасці пісьменніка.

…Гэтую сваю кнігу Аляксандр Пятровіч чакаў з такім нецярпеннем, як, бадай, ні адну папярэднюю. Быццам прадчуваў, што яна будзе ў яго апошняй. Тады, як ён паказаў мне карэктуру, мы неўзабаве развіталіся: ён хацеў уладзіць у Саюзе пісьменнікаў сякія-такія справы да пачатку сходу літаратараў, які неўзабаве меўся адбыцца.

Хто б мог падумаць, што развітваемся назаўсёды?! У той жа дзень, 16 кастрычніка 1996 года, Аляксандра Пятровіча не стала. У час пасяджэння адчуў сябе кепска, выйшаў з залы, паваліўся на падлогу, а хуткая дапамога ехала ажно трыццаць хвілін. I гэта ў той час, калі падстанцыя яе знаходзіцца за некалькі соцен метраў ад Дома літаратара.

Калі пішу гэтыя радкі, за акном — зіма. Кажуць, што яна сёлета — ранняя.

Ды не ранняя, проста прывыклі мы апошнім часам, што яна затрымліваецца, а тут прыйшла своечасова. Ведаю, як бы ўзрадаваўся яе прыходу Аляксандр Пятровіч. Адразу б узяў лыжы і паспяшаўся ў лес, які быў непадалёку ад яго дому, што па вуліцы Гамарніка ў Мінску.

А адпачыць на прыродзе ён любіў. 3 ранняй вясны, калі прагрэецца вада,— да позняй восені плаваў. А зімой, канешне ж, лыжы.

Здавалася, што яго, нягледзячы на перажытае — у гады вайны быў кантужаны, тройчы паранены, адольвалі хваробы, перанёс інфаркт, хопіць яшчэ не на адзін год.

Здавалася…

Хораша сёння ў лесе. Марозна, снежна. I так прыемна блукаць, удыхаючы свежае паветра.

Лістапад, 1998 г.

УСЯМУ БЕЛАМУ СВЕТУ

Леанід ЛЕВАНОВІЧ, пісьменнік, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Бралася на вечар, калі я вярнуўся дамоў з выдавецтва «Мастацка літаратура». Дзень выдаўся тлумны: рукапісы, аўтары, званкі. Канчалася лета, літаратары часцей наязджалі ў горад са сваіх лецішчаў, прыгарадных вёсак. А я не быў яшчэ ў адпачынку, чуўся стомленым гарадской калатнечай, выдавецкай мітуснёй. Узяў газеты, прылёг на канапу. І тут заліўся трэллю тэлефон:

— Здароў, сусед! Пазнаў? Гэта Капусцін. Што робіш? Чым займаешся?

— Ды во ўзяўся газеты пагартаць.

— Ёсць прапанова. Давай сходзім на возера. Вада цёплая. Купальшчыкаў падвечар мала. Паплаваем, пагамонім. Ну, як?

— Прапанова слушная. Згодзен, Аляксандр Пятровіч.

— Дык, можа, на маім баку сустрэнемся?

Праз паўгадзіны мы ўжо былі на Цнянскім вадасховішчы. Капусцін жыў на вуліцы Гамарніка, непадалёку ад піўнога бара «Фрэгат». Між іншым, колькі разоў мы хадзілі міма гэтага завядзення, але ні разу не адзначыліся там. «Сваім бокам» Капусцін называў узгорысты бераг возера па левы бок канала, а мой, правы бераг, лясісты, далей веска Цна-Едкава, перад ёю мёртвы горад недабудаваных катэджаў.

Некалі правы бераг быў добра дагледжаны: зрабілі лаўкі, адштукавалі пні-сядзенні са спінкамі, устанавілі кабіны для пераапранання, асадзілі бераг клёнамі і бярозкамі. Паступова маладыя дзікуны разламалі лаўкі, перакулілі пні-сядзенні, паламалі дрэўцы. Давяршалі няўтульнасць і пустэльнасць пляжа вычварныя цагляныя пабудовы з пустымі праёмамі вокнаў. Хоць на левы бераг мне ісці нашмат далей, але я пагаджаўся з Аляксандрам Пятровічам. Пэўную ролю іграла тут і павага да старэйшага сябра-франтавіка: ён быў старэйшы на чатырнаццаць гадоў.

Неўзабаве мы пачалі заплыў. Капусцін нядаўна вярнуўся з санаторыя, быў загарэлы, мускулісты, шэра-блакітныя вочы на загарэлым твары здаваліся зусім сінімі. Моцна заграбаючы караткаватымі дужымі рукамі, ён плыў паперадзе. Плаваць Аляксандр Пятровіч вельмі любіў.

— Што ты пішаш зараз? — спытаўся Капусцін, калі выйшлі з вады.

— Якое ўлетку пісанне? Новую рэч пачынаць немагчыма. Перапісваю судовую аповесць.

— Калі закончыш, дай пачытаць. Я ж суддзёй шмат працаваў.

Шчыра прызнаюся, хацеў прасіць аб гэтым Капусціна, і таму было прыемна, што старэйшы калега сам прапанаваў сваё паслугі. Апошнім часам літаратары даволі рэдка чытаюць надрукаваныя творы таварышаў па пяру, не кажучы пра рукапісы. Іншы аўтар саромеецца даць, а калегі не хочуць напружваць вочы і траціць час. Рэдка і я даваў каму чытаць свае рукапісы. Некалі Андрэй Макаёнак прачытаў маю п’есу, паляпаў па плячы, паабяцаў выказаць канкрэтныя заўвагі, але так і не выканаў абяцанне.

Затое ніколі не забуду, як уважліва паставіўся да рукапісу майго першага рамана «Шчыглы» Васіль Быкаў. Па плячы не ляпаў, а напісаў старонку канкрэтных заўваг: што добра, а што не дужа добра. Пасля чыткі майстра я напісаў яшчэ два раздзелы, каб паўней раскрыць характары раённых кіраўнікоў.

— А я перапісваю нарысы пра землякоў. Стараюся ўлічыць твае заўвагі, — гаварыў Капусцін. Не часта бывае, каб рэдактар прапанаваў дапоўніць рукапіс. Часцей рэжуць па жывому.

Хто мог тады падумаць, што аўтару не суджана ўбачыць гэтую кнігу.

Мне давялося адрэдагаваць некалькі кніг Аляксандра Капусціна. Ведаў ягоны стыль, ведаў, што Аляксандр Пятровіч мацней пачувае сябе ў дакументальным жанры. Мабыць, журналістыка, а да яе праца ў судзе прывучылі пільна трымацца канкрэтных фактаў. А ў мастацкім творы пажадана не толькі раскрыць, асэнсаваць факт, канкрэтную падзею, але і ўзняцца вышэй, да філасофіі факта, глыбей паказаць псіхалогію персанажаў. Для дакументальнага твора гэта не абавязкова.

У новай кнізе Капусціна, якую назваў ён «Усяму беламу свету», былі апавяданні, абразкі і нарысы пра землякоў. Першы раз я чытаў рукапіс для знаёмства, каб напісаць рэдактарскае заключэнне, рэкамендаваць яго ў тэматычны план. Некалі рукапісы чыталі і рэцэнзенты, цяпер такая практыка сустракаецца ўсё радзей. Дык вось новая кніга Аляксандра Капусціна мяне парадавала: і ў апавяданнях аўтар адчуваў сябе ўпэўнена, мова дакладная, вобразная, сюжэты без залішніх выкрутасаў.

Меўся ў кнізе вялікі раздзел абразкоў пад агульнай назвай «Крапіны жыцця». У гэтых кароткіх, ёмістых зместам творах, ураджвала назіральнасць аўтара. Уменне заўважыць праявы нашага такога няпростага і такога пярэстага жыцця, убачыць, зразумець, асэнсаваць тое, міма чаго звычайны чалавек праходзіць безуважна — і ёсць адзнака таленту.

Але асабліва мяне ўразілі нарысы Капусціна пра землякоў — выхадцаў са Жлобіншчыны. Якія цікавыя людзі!

Землякам, людзям, якія здзейснілі подзвіг на Жлобіншчыне, Аляксандр Капусцін прысвяціў самыя яркія старонкі сваей творчасці. Грунтоўныя дакументальныя аповесці стварыў ён пра генерала Пятроўскага, корпус якога адбіў у немцаў Жлобін летам сорак першага і больш як месяц утрымліваў горад, пра Героя Савецкага Саюза капітана Баталава, які загінуў пры вызваленні Жлобіна. Нельга чытаць без хвалявання аповесць «Цвіў бэз, іграла скрыпка» — пра маладых падпольшчыкаў.

Так, Аляксандр Капусцін быў вялікім патрыётам сваёй «малой радзімы», самааддана любіў землякоў. Але і землякі любілі і шанавалі свайго летапісца.

***

3 Аляксандрам Пятровічам пазнаёміўся я даўно. Спачатку завочна і я б сказаў, даволі кур’ёзна. У друку часта сустракаліся нарысы, апавяданні, падпісаныя ініцыялам і прозвішчам — А. Капусцін. Я лічыў, што іхні аўтар — мой універсітэцкі знаёмы Адам Капусцін. I вось аднойчы штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» надрукаваў апавяданне за подпісам Аляксандр Капусцін. 3 фатаграфіі пазіраў сталы сур’ёзны чалавек з кароткімі вусамі. Тады я зразумеў сваю памылку.

А неўзабаве пазнаёміліся асабіста, бо пачалі працаваць у адным будынку і на аднолькавых пасадах: ён — адказным сакратаром «ЛіМа», а я — адказным сакратаром часопіса «Полымя». Больш блізкаму знаёмству паспрыяў Уладзімір Анісковіч — угаварыў пайсці нас у лазню. Гэтыя паходы працягваліся не адзін год. Папарыцца мы любілі, за чаркаю не ганяліся, а пагаварыць заўсёды было пра што, ды і погляды нашы на жыццё і літаратуру ў многім супадалі.

Калі Аляксандр Пятровіч выйшаў на пенсію, дык улетку болей жыў у вёсцы на Пухаўшчыне, дзе прыдбаў сабе хаціну. Запрашаў у госці, ды ўсё не выпадала нам з’ездзіць. Неяк мы сядзелі побач на партыйным сходзе. Аляксандр Пятровіч павярнуўся да мяне, ціха сказаў:

— Ведаеш, Лёня, ёсць такая просьба… Ці не памог бы ты прывезці з дачы пару мяхоў бульбы? У грыбы схадзілі б у мой лес. Лазню я збудаваў, венікаў нарыхтаваў…

Адклаў я ўсе свае справы, і праз дзень-два пакацілі мы на Пухаўшчыну. Раніца была золкая, халодная, але памалу парывісты вецер раскалашмаціў нізкія шэрыя хмары, выбліснула зыркае восеньскае сонца.

Аляксандр Пятровіч з гонарам паказваў даведзеную да ладу хаціну, яблыні, якія пасадзіў, пабедаваў, што няма ніводнай грушы. Я сказаў, што знаёмы вучоны-аграрнік паабяцаў прывезці некалькі саджанцаў яблынь і груш.

— Можа, на маю долю хоць адну выдзеліш?

— Добра,— паабяцаў я.

Агледзелі невялікую лазню. У ёй прыемна і таямніча пахла дымком, бярозавымі венікамі. Усю праграму мы тады выканалі: схадзілі ў грыбы, папарыліся ў лазні, згатавалі абед. Здаецца, і зараз помню смак грыбнога супу, які зварыў Аляксандр Пятровіч. Усё ён рабіў па-сялянску нетаропка, акуратна, з прыхаванай радасцю ў душы. 3 ім было лёгка і хораша. І тая паездка запомнілася на ўсё жыццё.

А праз некалькі дзён пазваніў я Капусціну:

— Магу перадаць абяцаную грушку…

— Дзякуй, што не забыў, — з цеплынёй у голасе, з нейкай хлапечай радасцю адказаў ён.

Прызнацца, мне было шкада: усяго дзве грушы прывёз мой знаёмец, значыць, толькі адна засталася сабе. Затое Аляксандр Пятровіч ніколі не забываў сказаць, як цвіце дрэўца, колькі вырасла пладоў. Аднойчы расказаў, што на пачатку лета быў у ад’ездзе, і груша пачала засыхаць, лісце скурчылася, пажаўцела, як ратаваў яе: перакапаў прыствольны круг, падкарміў, штодня паліваў. I выхадзіў!

***

Помніцца творчы вечар Аляксандра Капусціна ў Доме літаратара. Была зіма, усхадзілася завея. Але сабралася шмат прыхільнікаў творчасці Капусціна. Шчыра гаварылі пра яго Уладзімір Ліпскі, Алесь Марціновіч, сказаў і я слова. Гучала музыка, народныя песні, якія Аляксандр Пятровічі вельмі любіў.

Дамоў мы вярталіся разам. Настылы трамвай з белым інеем на вокнах гулка стукаў па рэйках. Капусцін апавядаў, як хваляваўся сёння, ці атрымаецца вечарына, ці збяруцца людзі, пачаў угаворваць зайсці да яго ў госці.

— Эмілія Іванаўна трохі прыхварэла. Прастуда. Але яна будзе рада. Пачастуе вішнёвай наліўкай. Пайшлі, трэба адзначыць вечарыну. Ды і стрэс зняць не пашкодзіць…

I вось мы сядзім ва ўтульнай кватэры. Багата кніг, цёпла паблісквае крышталёвы посуд. Усюды чысціня, парадак. Міжволі падумалася: у той кватэры асаблівы парадак, які ніколі не парушалі ні дзеці, ні ўнукі. Дзяцей у Капусціных не было. На гэтую тэму я пазбягаў размоў, але пры кожнай сустрэчы Капусцін пытаўся пра маіх дзяцей, а потым, калі паявіліся ўнукі, не забываў спытацца пра іх. Я адказваў скупа, каб не вярэдзіць душу старэйшага сябра. Разумеў, што ў яго нібы застарэлая, незагойная рана, жыве шкадаванне, што Бог не даў ім дзяцей. Можа, таму муж і жонка Капусціны вельмі клапатліва ставіліся адно да аднаго. Падобнай увагі, клопату, узаемаразумення не даводзілася мне бачыць у іншых сем'ях.

Предыдущая главаГлава 5 из 16Следующая глава