К книге
Аляксандр Капусцін. Старонкі памяціСтраница 4
25%
Страница 4
4

Узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, дзяцей паміж сабой — гэтыя тэмы хвалявалі пісьменніка пастаянна. Сведкамі таму яго шматлікія апавяданні, абразкі, аповесці. У памяці аселі апавяданні «Белае медзведзяня», «Святло ў вокнах», «Сталетнік», «Брыгадзірша», «Пах жывіцы», «Лавачка».

3 асаблівай цеплынёй напісана апавяданне «Шэры вецер». Браты-двайняты Пятрусь і Мікола ідуць да бабулі ў госці. Дарога — цераз лес. Трохі страшна, але ў іх не тая ваенная трывога, калі ішлі на заданне падрыўнікі Алесь і Толя (апавяданне «Дождж»). Дзеці ідуць і мілуюцца бярозкай, жоўтымі лісцікамі, грыбам, зайцам, які перабег дарогу. У іх, як кажуць, усяліўся дух паээіі. Яны раптам убачылі і адчулі тое, чаго не бачылі і не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці.

У вушах гучаць словы Аляксандра Пятровіча: «Быў у мяне сябар-партызан Лёнька Хамянок. Балюча гаварыць: «Быў…». Весялун, аптыміст, жыццялюб. Усё паўтараў: «Саша, закончыцца вайна — будзем сябраваць, як і зараз». Пайшлі мы аднойчы на задание. Хутка павінен быў прайсці варожы цягнік, а нам трэба было замініраваць рэйкі. Толькі выйшлі на чыгунку, фашысты і секанулі па нас з кулямёта. Лёньку напавал, а мне шапку збілі… Часта прыгадваю свайго баявога сябра. Ён марыў пра вернае, шчырае сяброўства. Няхай гэта будзе запаветам моладзі. Каб нашым дзецям ніколі не давялося глядзець смерці ў вочы, каб не лавілі сваім целам варожых куль. Кожнае новае пакаленне павінна быць лепшым за папярэдняе. Жадаю маладым шчаслівых і нялёгкіх дарог, вернага сяброўства і кахання…».

Не адзін раз Аляксандр Пятровіч расказваў мне, як быў сведкам апошняга дня ў жыцці народнага песняра Аркадзя Куляшова. Яны гутарылі ў санаторыі «Нясвіж». Аркадзь Аляксандравіч вельмі заклапочана і пераканаўча гаварыў пра моладзь, што яе трэба выхоўваць у працы. Шчырая, творчая, разумная, пленная праца можа зрабіць дзяцей сапраўднымі людзьмі. I А. П. Капусціну, ведаю, хацелася напісаць творы, у якіх бы апявалася менавіта такая праца.

Не паспеў.

Радзеюць слаўныя кагорты ветэранаў. Ад інфарктаў падаюць, як ад свінцу. Пра іх застаецца добрая памяць. Іх справы жывуць у жывых. I прыгадваюцца новыя радкі паэта Міколы Маляўкі з прысвячэння незабыўнаму Аляксандру Пятровічу Капусціну:

Вечным мірам мы аддзячым Вам,

Жывым і мёртвым,

Кожнаму байцу —

За жыццё,

За светлых мар здзяйсненне,

За падтрымку вашу

У дні трывог —

Людзі франтавога пакалення,

Людзі легендарных перамог.

Апошняя кніга Аляксандра Пятровіча «Усяму беламу свету» — яго лебядзіная песня. Заканчваецца яна легендай пра гісторыю ўтварэння Жлобіна. I перад тым, як паставіць апошнюю кропку, пісьменнік напісаў яшчэ адзін сказ: «Мужнее і прыгажэе старажытны Жлобін на несціханай, нястомнай дняпроўскай хвалі, разрастаецца каранямі і кронай, бо жывуць тут мужныя, дбайныя людзі, патомкі асілка Петрака».

Такім быў пры жыцці Аляксандр Пятровіч Капусцін.

Такім ён і застанецца ва ўдзячнай памяці сваіх землякоў, чытачоў, радні і сяброў.

Ты, дарагі дружа, нарадзіўся некалі напрадвесні. Хай жа гэта добрая пара нясе тваё імя, тваё жыццё і твае літаратурныя творы ў вечнасць.

Вечар-сустрэча з беларускімі пісьменнікамі ў РДК. Выступае другі сакратар гаркома КПБ

М.Е. Хобатаў. Сядзяць (злева направа) П.Я. Кірычэнка, пісьменнік Віктар Дайліда, Герой

Сацыялістычнай працы М.Г. Маршын, пісьменнікі Мікола Кругавых, Аляксандр Капусцін,

Уладзімір Ліпскі. Сакавік 1980 г.

ТОЙ ЛЕЙТЭНАНТ МАЛАДЗЕНЬКІ...

Алесь МАРЦІНОВІЧ, пісьменнік, рэдактар аддзела літаратурнага жыцця «ЛіМа»

У кожнага пісьменніка ёсць творы, якія шмат гавораць і пра яго самога, і пра людзей, з якімі ён сутыкнуўся, і пра тое, як адбывалася фарміраванне яго характару на жыццёвых дарогах — падчас няпростых, складаных, супярэчлівых. Нямала такіх твораў і ў Аляксандра Капусціна. Найперш тыя, што ўзнаўляюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны — дзейнасць падпольшчыкаў, народных мсціўцаў, франтавыя будні ўчарашніх бязвусых юнакоў, якія адразу пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў уліліся (многія добраахвотна, не чакаючы прызыву) у рады рэгулярнай арміі. Прыгадваюцца таму, што ў гэтых творах на першы план выходзіць уласна перажытае, выпакутаванае.

Вось, напрыклад, апавяданне «Дождж». На карысць падобнага меркавання сведчыць нават і тое, што галоўнага героя завуць Алесь. Алесь і яго сяброўка Тоня паказаны ў час чарговай баявой аперацыі. Магчыма, «баявая аперацыя» і загучна сказана, але ж гаворка ідзе пра семнаццаці-васемнаццацігадовых падлеткаў, якія ўжо неаднойчы «салілі» фашыстам: «У той раз яны паехалі пад Хальч — невялікую лясную станцыю на перагоне Жлобін — Гомель. Зноў «сваволіць» непадалёку ад сваёй вёскі нельга было. Гэта навяло б немцаў на думку, што дыверсантаў трэба шукаць тут, у Старой Рудні. А так — можа, у Хальчы яны жывуць, можа, далей, у Калыбаўцы ці Антонаўцы… Шукай у полі ветру».

Пісьменнік паказвае ўнутраны свет маладых людзей, што з рызыкай для жыцця змагаюцца з ворагам. Адчуваецца — падобнае не прыдумаеш. I на самай справе гэта так. Барацьба з акупантамі для А. Капусціна пачалася ў 1942 годзе, калі ў чэрвені ён арганізаваў у сваёй роднай вёсцы Старая Рудня камсамольска-маладзёжную падпольную групу, а неўзабаве стаў партызанам. У лістападзе 1943 года добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію.

Былі баі на першым Украінскім фронце ў складзе 149-ай стралковай дывізіі… Была кантузія, тройчы быў паранены… I працягваліся, працягваліся франтавыя сцяжыны-дарогі, вялі за мяжу Савецкага Саюза. Увесь гэты час А. Капусцін не развітваўся з паходным сшыткам у сіняй вокладцы, куды запісваў няхітрыя паэтычныя радкі. Паэзіяй захапіўся яшчэ ў школе. А на прозу перайшоў, калі дэмабілізаваўся. У 1945 годзе быў выбраны сакратаром Жлобінскага райкома камсамола, з 1946 па 1965 год працаваў у органах юстыцыі. За гэты час завочна закончыў Мінскую юрыдычную школу, гістарычны факультэт тагачаснага Гомельскага настаўніцкага інстытута імя В. П, Чкалава, Вышэйшыя юрыдычныя курсы ў Маскве.

3 вялікім задавальненнем ехаў на семінар маладых пісьменнікаў, што праходзіў у верасні 1955 года. На ім запомнілася выступление народнага песняра Якуба Коласа, які прачытаў урывак са сваёй паэмы «На шлях волі», а затым сфатаграфаваўся з «семінарыстамі». Сярод іншых, маладых тады празаікаў і паэтаў, і ён, А. Капусцін. На семінары разам з ім былі тыя, чые творы сёння добра ведаюць аматары беларускай літаратуры — Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Янка Сіпакоў, Васіль Зуенак… А яшчэ запомніліся разгляды твораў, якія рабіў Іван Мележ. Да напісанага маладымі аўтарамі ставіўся патрабавальна, але аб’ектыўна. Гэта надавала ім упэўненасці, жадання пісаць і далей.

3 падобнай упэўненасці нарадзілася і першая кніга прозы А Капусціна I «Суд ідзе» (1959). Змест яе склалі аповесць «На крутых паваротах», а таксама шэраг апавяданняў, сюжэты якіх аўтару падказала яго судовая практыка. У наступных кнігах «Мерай закона і сумлення», «Суд вырашыў» адбывалася далейшае ўжыванне ў тэму. Калі чытаеш лепшыя з гэтых апавяданняў пад агульнай назвай «Запіскі суддзі Верасаўца» (свайго роду аповесць у навелах), ловіш сябе на думцы, што перад табой не проста складаныя людскія характары, а менавіта лёсы людзей. Так, людзей, xoць пісьменнік і расказвае пра многіх з тых, хто спатыкнуўся, а то і зрабіў злачынства. Аўтар імкнецца разабрацца, а што ж рухала чалавекам у той ці іншы момант. I гэта яму ўдаецца…

Жыццё падказвала новыя тэмы, але яно ж неспадзявана падставіла і падножку. Перажыванні ваенных гадоў, цяжкія раненні, кантузія не прайшлі бясследна — пачало здаваць сэрца. Спачатку не звяртаў на боль асаблівай увагі, не верылася, што ў такім узросце — і сарака няма! — хвароба зваліць. А яна, няўмольная, у канцы 1960-га — пачатку 1961-га ўсё ж паклала ў ложак.

Немач хоць і не хутка, але адступіла. Прыйшло і жаданне зноў узяцца за пяро. Па-ранейшаму выкройваў хвіліны вольнага ад работы часу, ахвяроўваў і выхаднымі. Лягчэй стала, калі стаў працаваць загадчыкам аддзела «Гомельскай праўды». Лягчэй у тым сэнсе, што займаўся любімай справай, хоць часу ўсё роўна не ставала. Пісаць для душы выпадала рэдка калі і тады, калі перайшоў на працу ў рэдакцыю навукі і культуры Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Па сутнасці новы этап у творчасці А Капусціна пачаўся з 1973 года, калі пачаў працаваць у «ЛіМе». Новыя кнігі А. Капусціна «Размова ў дарозе», «Скажу праўду» і іншыя засведчылі, што талент уступіў у такую пару, калі пішацца лёгка, з'яўляюцца значныя задумы і хутка знаходзяць сваё адпаведнае мастакоўскае вырашэнне. Прыхільна былі сустрэты чытачамі, крытыкай такія зборнікі прозы пісьменніка, як «Цвіў бэз, іграла скрыпка», «На хвалях Нявы», «Белыя гусі лета прарочаць» і іншыя.

Памятаецца, калі адзначалася 60-годдзе А. Капусціна, яго сябра, знакаміты Аляксей Пысін, прысвяціў юбіляру верш, які быў апублікаваны ў жлобінскай раённай газеце. Твор варты таго, каб прывесці яго цалкам:

Сцяжынкі лясныя стаптаны да дзір,

Сышлі ўжо грузды і апенькі.

Сустрэча з дубамі:

— Вунь дзед-брыгадзір,

А той —

            лейтэнант маладзенькі.

Яшчэ ты кагосьці ўявіў і спазнаў

У дрэве з густымі брывамі.

Дняпроўская пушча з траншэй і канаў

Паўстала

           братамі,

                     сябрамі.

Узнялася з трывожных узвеяных сноў,

Пад небам калыша балады.

Праходзім нябачна світаннямі зноў

Праз маршы,

                атакі,

                      блакады…

Зазімкам сняжынка ўпала на след,

Цікуе вавёрачка з ёлкі…

Атлантамі ў неба —

                              задумлівы дзед,

I ты,— лейтэнант маладзенькі.

1991 г.

P. S. Перш чым узяцца за пяро, я некалькі разоў перачытаў гэты свой нарыс, напісаны, як вядома, яшчэ пры жыцці Аляксандра Пятровіча і, дарэчы, ухвалены ім. Не палічыце мяне нясціплым, але ён неаднойчы гаварыў мне: «Дзякуй, пра мяне яшчэ ніхто так не пісаў».

I сапраўды — ніхто. I справа не ў тым, што я закрануў усе моманты жыцця і творчасці А. Капусціна — жыццё кожнага чалавека, тым больш такога, якім быў ён, варта асобнай кнігі. Маецца на ўвазе іншае. Наша крытыка (так было раней, гэта працягваецца і сёння) вельмі ж любіць розныя літаратурныя «абоймы», а паводле іх загадзя як бы прадвызначана месца кожнага творцы. Адпаведная да яго і ўвага. А калі ты ў такую «абойму» не трапляеш, дык можна абмежавацца, у лепшым выпадку, звычайнай рэцэнзіяй на чарговую кнігу.

А тут — цэлы нарыс. Зразумела, Аляксандр Пятровіч не мог не радавацца. А мне, вядома, ад гэтага таксама было прыемна.

Дык вось: перш чым узяцца за пяро, я некалькі разоў перачытаў свой нарыс… Лагічней было б, паколькі Аляксандра Пятровіча няма ў жывых, усё тое, што прамоўлена ў ім, расказаць іншымі словамі. Магчыма, так і лепей, але чым больш я заглыбляўся у сэнс напісанага, тым больш пераконваўся, што нічога мяняць не трэба. Няхай так усё застанецца, як і было пры жыцці А. Капусціна. Таму і вырашыў не перарабляць нарыс «Той лейтэнант маладзенькі…», а дапоўніць яго, згадаўшы сёе-тое з таго, што патрапіць у яго ніяк не магло, бо яно адбылося значна пазней.

Па-першае, нельга не сказаць, што апошнім часам Аляксандр Пятровіч працаваў вельмі плённа. Так актыўна, нібы ў яго з’явілася другое творчае дыхание. I сапраўды так бывае нярэдка, калі пісьменнік, дасягнуўшы паважанага ўзросту, азіраючыся на пройдзены шлях, спяшаецца выказаць тое, што не паспеў сказаць.

Як сёння памятаю: завітваючы чарговы раз да мяне ў «ЛіМ», мой старэйшы сябра (а для мяне Аляксандр Пятровіч быў не толькі аўтарытэтны творца, літаратар, a і той, сустрэчы з кім чакаеш, як свята) шчыра ўсміхаўся і задаволена прызнаваўся: «А ведаеш, напісаў…» Далей гаворка ішла ці пра апавяданне, ці пра гумарэску, ці пра накіды да аповесці. Часам прапаноўваў прачытаць колькі старонак, спісаных буйным почыркам. 3 хваляваннем сачыў, як я чытаў, чакаючы маёй думкі. Ахвотна згаджаўся штосьці падправіць (а гэта найчасцей тычылася дробных стылявых момантаў), пытаўся, у якое выданне лепш твор прапанаваць.

А яшчэ больш радаваўся, калі рухалася справа з новай кнігай. Правда, трэба быць шчырым, радасці гэтай з развалам СССР з кожным годам менела: дзяржаўныя выдавецтвы, якія дагэтуль былі высокарэнтабельнымі (канешне, не за кошт беларускамоўнай літаратуры) пачыналі ледзь трымацца наплаву.

Тым не менш, новыя кнігі ў Аляксандра Пятровіча выходзілі. Дзве з іх — «Цвіў бэз, іграла скрыпка» ў «Мастацкай літаратуры» і «На берагах Нявы» у выдавецтве «Юнацтва» пабачылі свет з прысвячэннем. На першай з іх стаяла наступнае: «Табе, слаўны Жлобін, у юбілей пяцісотгоддзя». З’явіўся і чарговы зборнік у «Бібліятэцы часопіса «Вожык», не кажучы пра кнігі, што выдаваліся ў Жлобіне.

Да кніжкі ў «Бібліятэцы…» я напісаў невялічкую жартаўлівую прадмову, наконт таго, што А. Капусцін з тых людзей, якім ад нараджэння усё жыццё… хочацца. Меў на ўвазе, канешне, літаратурную творчасць. Праўда, рэдактар зборніка Н. Тулупава ўсё ж асобныя месцы «змякчыла». Але такой бяды. Я і не да гэтага прывык.

У той жа «Бібліятэцы часопіса «Вожык» першая кніга Аляксандра Пятровіча пад назвай «Чалавек з пазіцыяй» выйшла яшчэ ў 1975 годзе. Я таксама пісаў да яе прадмоўку.

Так, я, Алесь Марціновіч! I не здзіўляйцеся тыя, хто знаёмы з гэтым зборнікам А. Капусціна, а таму можа пабажыцца, што пазначана там іншае прозвішча: «Мікола Гамолка», такому сведчанню. Цяпер, калі прайшло столькі часу, магу раскрыць праўду.

I на самой справе прадмоўку пісаў я. Але хто я быў на той час?! Звычайны пачынаючы крытык. Кніг не выдаў, званняў не атрымаў, у Саюз пісьменнікаў не ўступіў і нават не паклапаціўся аб членстве ў Саюзе журналістаў. Як жа я мог напісаць прадмоўку!

Задумаліся з Аляксандрам Пятровічам, як уратаваць становішча. У рэшце рэшт спыніліся на тым, што прадмоўку напішу я, а прозвішча паставім М. Гамолкі. Даведаўшыся аб гэтым, Мікола Іванавіч ахвотна пагадзіўся. Тым больш, што з А. Капусціным сябраваў. Ды і ў мяне з ім былі прыязныя адносіны.

Предыдущая главаГлава 4 из 16Следующая глава