Трэба ж, лёс так шчасліва падтасаваў нашу сустрэчу: мы з Аляксандрам Пятровічам распачалі ў Мінску сяброўства. Друкаваліся ў адных газетах і часопісах. Сталі членамі адной пісьменніцкай арганізацыі.
I я ўсе гады, і цяпер, калі Аляксандр Пятровіч так нечакана пакінуў свет і «ў сваю дывізію пайшоў», беражліва даражу нашым сяброўствам, бязмежна ўдзячны яму за тое, што ратаваў мяне, дзіця вайны, у гады ліхалецця. Як тут не прыгадаць радкі паэта Міколы Маляўкі, прысвечаныя Аляксандру Капусціну:
Людзі франтавога пакалення,
Людзі легендарных перамог,
Вы —
I слава наша,
I сумленне,
I апора вы —
У дні трывог…
Выбітыя страшнаю вайною,
Сшытыя,
Сабраныя з касцей,
Вы грудзьмі,
Вы ранняй сівізною
Прыкрывалі нас,
Малых дзяцей…
Свой першы твор А. Капусцін надрукаваў у падпольнай газеце, яшчэ ў чэрвені 1943 года. 3 таго часу і вылічваўся яго літаратурны стаж. I натуральна, што ва ўсёй творчасці пісьменніка Аляксандра Капусціна адчуваецца подых вайны, бацькоўскае заклінанне даражыць вясёлым светам, паважаць людзей, якія здабывалі Перамогу. Аптымізм і праўда жыцця найбольш збліжаюць творы пісьменніка з чытачом.
Аляксандр Пятровіч напачатку сяброўства стаў і маім літаратурным абаронцам, настаўнікам. У яго былі ўжо аўтарскія кніжкі «Суд ідзе», «Мерай закона і сумлення», «Суд вырашыў», а я толькі марыў пра першую кніжку. I для мяне было важна атрымаць урокі майстэрства ад вопытнага літаратара: як ён шукае і адбірае жыццёвы матэрыял, якімі словамі перадае яго чытачу, што закладвае паміж радкамі і якімі фарбамі душы малюе на белых аркушах паперы.
Тады, калі чытаў яго першыя кніжкі, і цяпер, калі чытаю апошнюю кніжку Аляксандра Капусціна «Усяму беламу свету», якую, на жаль, ён так і не дачакаўся ўбачыць, у мяне застаецца нязменнае пачуццё зайздрасці. Як умеў пісьменнік Капусцін назіраць праявы жыцця! Здаецца, не было анічоганькі на яго дарозе, каб вочы не заўважылі, каб душа не адгукнулася, каб сэрца не зрэагавала.
Вось выйшаў пісьменнік на прагулку. Цешыцца бялюткім снегам, які выпаў уначы, прыпудранымі бярозкамі, быццам весялухамі-артысткамі перад выхадам на сцэну. «На вецці зырка іскрыліся сняжынкі-зорачкі пад промнямі, што выслізнулі з-пад абрыўка хмары». Ды раптам душа пісьменніка захмарылася. На снезе было накрэмзана брыдкае слова. Гэта зрабіў нехта з малых жыхароў яго дома. Ён церануў нагою па крывых літарах, а пасля пашукаў спагады свайму абурэнню ў суседзяў, мужа і жонкі. Тыя ў адказ абыякава ўсміхнуліся: «Пісьменны хлопчык…»
Ад такой абыякавасці, здаецца, само сонца раней часу пакацілася на спачын. А на сподзе душы пісьменніка шчымела: кто даў таму хлопчыку сукаваты кій, якім ён пісаў брыдоту, хто адбярэ — бацькі, школа ці ўсе мы, левыя і правыя?..
Такіх навелак, абразкоў у апошняй кнізе, як і ва ўсёй творчасці Аляксандра Капусціна, вельмі шмат. Ён, а гэта адметная якасць пісьменніка, пазіраў на свет адкрытымі, яснымі вачыма дзіцяці. Не стамляўся гэта рабіць. Таму і смыліла ягонае сэрца па розных праявах жыцця, на якія, як на драбязу і нікчэмнасць, не звяртае ўвагі чалавек раўнадушны, невідушчы, абыякавы.
Абразок «Жыта», напрыклад, складзены ўсяго з некалькі радкоў, а колькі ў ім закладзена глыбіннага сэнсу і зместу сучаснага жыцця. Прачытаем яго не вачыма, а сэрцам: «Палявая сцежка вілася праз палоску жыта. Над галавой у светлым небе звінелі жаўрукі, узбоч, хілячыся долу, ціха шапталіся буйныя каласы. Я крочыў сцежкаю, прагна слухаў любы майму сэрцу таямнічы іх шэпт. Прыгадаў словы з верша Аляксея Пысіна: «Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта». Падумаў: хто ведае, можа, у яго, радавога салдата Вялікай Айчыннай, які працягнуў тэлефонны кабель ад Волгі да Берліна — ён быў сувязістам,— гэтыя словы нарадзіліся ў сэрцы, калі па такім вось полі разляталіся гаючыя смер-таносныя асколкі мін і снарадаў?
Ззаду ў мяне пачуўся шум матора. Ён нарастаў. Я зразумеў: па сцежцы імчаў матацыкл. Саступіў напаўкроку ўбок. Матацыкл шухнуў міма, праехаў метраў пяцьдзесят і, урэзаўшыся ў густую сцяну нівы, развярнуўся, пакаціў назад. Я падняў руку: стой! Ён спыніўся.
— Ты чаму жыта топчаш?
— А яно хіба ваша? — Падлетак пазіраў на мяне сінімі чыстымі вачамі.
— Але ж гэта хлеб!
— Хлеб?.. Ха-ха-ха! Хлеб у магазіне.
Раўнуў матор, і мяне абдала выхлапам бензінавага перагару».
«Бензінавага перагару» пісьменнік Аляксандр Капусцін не цярпеў ні ў сяброўстве, ні на працы ў судах і рэдакцыях, ні ў пісьменніцкіх разборках.
Можа, таму і не вытрымала яго чуллівае, зраненае сэрца адной пісьменніцкай сходкі? I ён прылюдна абмяк, упаў, адышоў у вечнасць, дзе заўсёды ўтульна добрай душы…
У трэцім томе бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» Аляксандру Капусціну прысвечана пяць старонак уборыстага тэксту. Пачынаючы з 1943 года і па 1985 год занатаваны ўсе публікацыі аўтара. Тут і публіцыстычныя артыкулы, і нарысы, і апавяданні, і гумарэскі, і дзённікавыя запісы, і аповесці. А выданні, у якіх друкаваўся А. П. Капусцін, самыя розныя, здаецца, усе, якія толькі былі на той час у Беларусі.
Прыемна, што некалькі твораў для дзяцей прыносіў Аляксандр Пятровіч і да нас у «Вясёлку». Гэта — «Мірны лётчык», «Шабля маршала», «На пчальніку», «На партызанскім востраве», «Малюнак»…
Ды з усяго напісанага Аляксандрам Пятровічам, а гэта значная доля творчых здабыткаў, мне вельмі імпануе яго дакументалістыка. Можа, яшчэ і таму, што я сам люблю гэты нялёгкі жанр. Ён складаны і цяжкі тым, што заўсёды маеш справу з рэальным чалавекам, які жыве, працуе, памыляецца, любіць і ненавідзіць. Тут, як і вопытнаму краўцу, трэба сем разоў адмераць, назапасіць ведаў пра гэту асобу з розных крыніц, у тым ліку і архіўных, а тады ўжо садзіцца пісаць.
Аляксандр Пятровіч любіў пісаць пра сучаснікаў і асабліва пра сваіх землякоў, альбо пра людзей, якія нешта значнае зрабілі для яго роднай Жлобіншчыны. Лепшае з напісанага ўвайшло ў кнігі «Покліч сэрца», «Размова ў дарозе», «Салёная раса».
Верным сваёй творчай захопленасцю застаўся аўтар і ў апошняй кнізе. Усяму беламу свету захацеў ён расказаць пра сваіх землякоў. Ім прысвечаны апошні раздзел кніжкі «Добрым словам чалавечым». Ён, як запавет жывым: любіце жыццё! Ён, як помнік знакамітым людзям, якіх ён ведаў і шанаваў.
А. Капусцін па-свойму адкрыў для нас, нашай культуры мастака Міхаіла Башылава, ураджэнца Жлобіншчыны. Таленавіты мастак перапісваўся з самім Львом Талстым і рабіў малюнкі да рамана «Вайна і мір». Арыгіналы малюнкаў Башылава да «Губернскіх нарысаў» Салтыкова-Шчадрына захоўваюцца ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. Зямляк А. Капусціна быў першым ілюстратарам твораў Шаўчэнкі, Грыбаедава.
3 гонарам напісаў Аляксандр Пятровіч нарыс пра слыннага акадэміка А. Н. Сеўчанку, які нарадзіўся і гадаваўся ў вёсцы Дзяніскавічы Жлобінскага раёна. Пісьменнік зазначае, што кожны чалавек узлятае на тую вышыню, якая яму даступна па даўжыні крылаў. I гэтай «даўжынёй крылаў» ён як бы ацэньвае ўсё, што паспеў зрабіць у сваім жыцці вучоны, рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта, грамадскі дзеяч Антон Нічыпаравіч Сеўчанка.
Здаецца, А. Капусцін паставіў перад сабой паўжыццёвую творчую задачу: вярнуць з нябыту, з гісторыі ўсе слаўныя імёны жлабінчан, увекавечыць добрым словам сваіх землякоў. Ён усвядоміў мудрую ісціну: памяць людская — вечны агонь жыцця, без яе няма культуры, а без культуры няма чалавека.
I жлабінчане бязмежна любілі свайго летапісца, былі ўдзячны за памяць да іх, за клопаты пра іх, за тое, што выводзіў лепшых з лепшых на арбіту славы і вядомасці. А праявілі гэту любоў і павагу ў 1983 годзе, прысвоіўшы яму званне «Ганаровы грамадзянін горада Жлобіна».
Разам з пісьменнікамі Мікалаем Кругавых, Віктарам Дайлідам, Міколам Маляўкам, Міколам Мятліцкім, Анатолем Зэкавым, Анатолем Жалязоўскім, Алесем Марціновічам я бываў на Жлобіншчыне, якая ўшаноўвала розныя юбілеі свайго паважанага грамадзяніна. Пра яго казалі сардэчныя словы, яму прысвячалі песні і танцы, дарылі дарагія падарункі. I гэта рабілася так шчыра, міла, з любасцю, што той цёплай шчодрасці хапала не толькі самому Аляксандру Пятровічу, а і нам, яго сябрам, літаратурным братам.
Амаль заўсёды ў такіх творчых сустрэчах А. Капусціна з землякамі брала ўдзел і яго пажыццёвая спадарожніца, любячая жонка Эмілія Іванаўна. Да сівых валасоў, да апошняга дня ён называў яе ласкавымі словам, клапаціўся пра яе настрой, здароўе, аберагаў агонь сямейнага кахання.
Ці не ёй, Эміліі Іванаўне, прысвечана навела «Шчаслівыя душы закаханых?». Яна пачынаецца словамі: «Калі едзеш цягніком з Мінска на Пухавічы…» А гэта якраз жа часты маршрут дачнікаў Капусціных. Яны у тым накірунку мелі вясковую хатку з агародам і лазняй. Шкадую цяпер, што не знайшоў часу і не адгукнуўся на бясконцыя запрашэнні Аляксандра Пятровіча «разам папарыць косткі…»
Дык вось, едуць яны і кожным разам дзівяцца дзвюмя соснамі. Яны стаяць сярод поля на пагорку, трымаючыся адна за адну, як рукамі, раскошнымі кронамі. Эмілія Іванаўна ўбачыць іх, заўсёды скажа:
— От пагляджу на іх — і ў грудзях быццам нейкая светлая крынічка забруілася. Сэрца ласкаю гукаецца…
А пісьменнік дадае праз нейкую пасажырку свае пачуцці:
— I ў сцюжу, і ў спякоту сосны трымаюцца адна адноЙ. Пагодлівай парою разам цешацца песнямі жаўрука ў блакіце неба, любуюцца яснымі вячэрнімі зорамі. У шатах іхніх, можа, жывуць шчаслівыя душы закаханых…
Шчаслівымі закаханымі жылі Аляксандр Пятровіч і Эмілія Іванаўна на вуліцы Гамарніка, у сваёй утульнай кватэры з безліччу кніг, карцін, фотакартак ды сувеніраў…
Жылі.
Ды раптам уляцела ў кватэру трывожная вестка: у пісьменніцкім Доме, падчас сходу, перастала біцца сэрца Аляксандра Пятровіча Капусціна.
Беларусь страціла свайго абаронцу, шчырага грамадзяніна.
Пісьменніцкая суполка страціла свайго актыўнага байца. Ён шчыра перажываў усе нягоды нашага творчага Саюза.
Жлабінчане, землякі Аляксандра Пятровіча, страцілі свайго вернага сына. Магу засведчыць: яны сэрцам любілі, шанавалі яго. I гэта было ўзаемна. Да апошняга дня ён атрымліваў у Мінску Жлобінскую раёнку і чытаў яе ўсю, як пісьмо землякоў да яго.
Сябры А. Капусціна, а ў іх кагорце і я, страцілі чалавека, які не прапускаў імгнення, каб парадавацца за сябра, паспачуваць, нешта падказаць, пажадаць яму, параіцца з ім.
Веру, калі памірае чалавек, страту нясе ўсё чалавецтва. Гэта так, бо кожны чалавек на планеце — асоба непаўторная, адзіная ў сваёй індывідуальнасці.
У той восеньскі дзень я вяртаўся са сваёй чарнобыльскай Гомельшчыны ў Мінск. А ў гэты час, па другой, амаль паралельнай дарозе, везлі Аляксандра Пятровіча Капусціна на Жлобіншчыну, на яго любую радзіму.
Размінуліся.
I «перасяліўся» мой сябар на могілкі ў свой родны Жлобін, знайшоў там вечны спачын.
Сваю волю, сваё апошняе жаданне быць пахаваным на радзіме, пісьменнік пацвердзіў і ў нарысе пра свайго земляка Рыгора Арцёмавіча Васільева. Закончыў ён так: «Цяжкі, але дастойны зямны шлях Рыгора Арцёмавіча, як пачаўся ў Жлобіне і прайшоў па ўсёй краіне ў пошуках Сіняй птушкі — шчасця для працоўнага чалавека, у Жлобіне і закончыўся. Васільеў, як і хацеў таго, на вечнае пасяленне вярнуўся ў роднае Прыдняпроўе. Прах яго аддадзены зямлі на жлобінскіх могілках.
Бельгійскі пісьменнік Морыс Метэрлінк эпіграфам да сваёй сусветна вядомай п’есы «Сіняя птушка» напісаў: «Мёртвыя, дзе іх памятаюць, жывуць так, быццам і не паміралі».
На Жлобіншчыне памятаюць Рыгора Арцёмавіча Васільева. Памятаюць светла і ўдзячна».
Гэтыя ж радкі цяпер можна адрасаваць і самому незабыўнаму Аляксандру Пятровічу Капусціну. Сэрца маё не хоча змірыцца са стратаю сябра. Я адчуваю, збяднеў, асірацеў пасля гэтай бяды. Не бачыў яго ў труне, таму і не магу змірыцца, што ён пайшоў у вечнасць.
Не трымай крыўду, дружа. Апошнія гады завіхурылі жыццё кожнага так, што іншым разам не ведаеш, на якім свеце жывеш. I гэта не спрыяла частым сустрэчам. Цяпер вымушаны шкадаваць, колькі недагаворана, недажартавана ў нашай сябрыне.
Па-ранейшаму веру, што Аляксандр Пятровіч яшчэ пазвоніць, адгукнецца, падорыць сваю шчырую усмешку, і мы будзем доўга прыгадваць усялякія жыццёвыя гісторыі і спавядацца адзін перад адным.
Некалі я абнародаваў адзін з дыялогаў з пісьменнікам Аляксандрам Капусціным. Яго надрукавалі рэспубліканскія газеты. Шмат цікавых думак выказаў тады Аляксандр Пятровіч. Не буду паўтараць усё надрукаванае, а вось яго пажаданне маладым хачу пакінуць і ў гэтай публікацыі, бо яно, як мне здаецца, праходзіць лейтматывам па ўсёй творчасці пісьменніка:
— Што б Вы, Аляксандр Пятровіч, перадалі маладым у спадчыну ад аднагодкаў ваеннага часу?
На твар пісьменніка ўскочыла заклапочанасць, ён крыху памаўчаў і адказаў так:
— Калі нешта і ўдалося мне зрабіць у літаратуры, то з адзіным, сардэчным жаданнем — перадаць нашай слаўнай моладзі, як сцяг, як эстафету, праўду пра вайну, расказаць, якімі мужнымі і бясстрашнымі былі іх аднагодкі ў час суровых выпрабаванняў. Кожны дзень на вайне мы рызыкавалі жыццём, але страху не было. Як я цяпер разумею, мы былі падрыхтаваны да барацьбы. Бацькі выхоўвалі нас перш за ўсё працай. Яны бралі нас, дзяцей, з сабой і на калгасныя палеткі, і на сходы, мітынгі. Мы жылі клопатамі дарослых, змалку цягнуліся да сур’ёзных кніг.
Не трэба аберагаць сучасных дзяцей ад жахаў вайны. Хай ведаюць праўду. Хай чытаюць кніжкі жыцця «Ніколі не забудзем», «Піянеры-героі», «Я з вогненнай вёскі»…
Аляксандр Пятровіч марыў пра зборнік, у які б увайшлі ўрыўкі лепшай прозы і вершы пра вайну Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міхася Лынькова, Васіля Быкава, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Івана Шамякіна Пімена Панчанкі, Івана Навуменкі, Алеся Адамовіча, Івана Чыгрынава Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Алеся Асіпенкі… У гэтай кнізе Аляксандр Пятровіч Капусцін, відаць, пакідаў месца і сабе. I гэта справядлівіва, бо кніга, па яго меркаванню, павінна была служыць падручнікам для нашых дзяцей у патрыятычным выхаванні. Гэтаму служылі лепшыя творы франтавіка Аляксандра Капусціна.