Адыходзячы ад карціны, Косцік міжвольна ўзяў дзяўчынку за руку — хадзем. Тонкія цёплыя пальцы здрыгануліся. У той момант цётка Анюта азірнулася. Яны квола, разгублена ўсміхнуліся і заспяшаліся за ёй.
На вуліцы Косцік сказаў Юлі:
— А за нашай вёскай такі гай, як на карціне. Хочаш паглядзець?
— Хачу, — адразу адгукнулася дзяўчынка.
— Дык прыедзь, пакажу. Тут недалёка, электрычкай.
— Я і поле хачу паглядзець.
— I поле пакажу, — абрадаваўся Косцік — Усюды паходзім, усё паглядзім.
Юля ўважліва зірнула на яго, прамовіла ціха, няўпэўнена, як бы слухаючы ў сабе нейкае падсвядомае патаемнае пачуццё:
— Паходзім… — I раптам — весела, задорна: — Я люблю хадзіць. А тата мой кажа: «Ногі, дачка, у чалавека — для дарогі».
…Ляскаталі колы электрычкі. Косцік слухаў іх звонкі перастук, пазіраў у акно, а сам час ад часу вяртаўся думкамі да карціны — запала яна ў душу. Дык чаго не ставала ў ёй. Перабіраў у памяці: птушак? Падбярозавікаў ды падасінавікаў?.. A-а, крынічкі! I як жа адразу не зразумеў?
У бярэзніку за іхняй вёскай ускрай невялікай палянкі ледзь прыкметная ў траве ціха журчала, струменіла крынічка. Тоненькі нястомны струменьчык пругка біў з глыбіні. 3 дна павольна падымаліся пясчынкі, нетаропка кружыліся і, адплыўшы да беражкоў, ціха апускаліся ўніз. Вада ў крынічцы злёгку рабацінілася, плаўна разыходзілася кругамі ва ўсе бакі. У яснае надвор’е ў ёй дрыжалі і гайдаліся адбіткі белых хмурынак, што праносіліся па небе.
«Прыеду дадому — і ў лес», неяк прагна падумалася Косціку. Затым — напаўжартам, напаўсур’ёзна: — Каб былі фарбы — сам намаляваў бы наш гай. 3 крынічкай!
Сонца ўжо стаяла высока над вершалінамі бяроз, калі ён падахвотліва прабегшы пяць кіламетраў ад чыгуначнай станцыі, папаў у гай. Прабіваючыся скрозь лістоту, промні ўроскід між дрэў клалі на дол залацістыя плямы. Ранішняя прахалода яшчэ трымалася ў лесе, але зямля ўжо насычалася сонечнай цеплынёй. Дрэвы знерухомелі, быццам прыслухоўваліся да глыбокага дыхання зямлі.
Каля крынічкі Косцік, нібы набіраючыся духу, глыбока ўздыхнуў. Нагнуўся, склаў далоні ў прыгаршчы, павольна зачэрпнуў ваду і раптам з усяго маху лінуў у твар. Вясёлы звонкі рогат яго раскаціўся па лесе. Прыгаршчы ўскідваліся і ўскідваліся ўгору, вада разлівалася над галавой, серабрыстымі струменямі ападала на плечы і грудзі, зацякала за каўнер кашулі.
Пагарэзаваўшы ўволю, хлапчук, узбуджаны, расчырванелы, падышоў да старой бярозы ўскрай палянкі. Правёў рукою па шурпатай, пацямнелай ад часу кары, як пагладзіў дрэва. Зрабіў так, як рабіў дзед, калі бываў тут, — раз, другі… Гэтае пагладжванне чамусьці было прыемнае Косціку.
Бярозу хлапчук сам сабе называў дзядулевай і бабулінай.
Неяк дзядуля расказаў унуку, што ў маладыя гады яны з бабуляй у пагодныя святочныя надвячоркі любілі пад яе раскошнымі шатамі слухаць спевы ляснога птаства. Прыходзілі сюды, як гарадскія жыхары ходзяць у тэатр на канцэрты.
Непадалёку ад дзядулевай і бабулінай бярозы цягнулася да сонца маладая стройная прыгажуня. Косцік неяк таропка ступіў да яе. Прыхінуўся шчакою, стаяў напружана прыціхлы, быццам чакаў чагосьці незвычайнага і дзівоснага. Дыхнуў ветрык. Зялёныя косы прыгажуні зварухнуліся, уся яна ледзь улоўна здрыганулася. Косцік правёў рукою па белай гладкай кары, і якоесьці дзіўнае салодкае пачуццё варухнулася ў яго ўсхваляваным сэрцы. Перад вачамі далёка-далёка паплылі нейкія залацістыя кругі. Раптам у адным з іх, самым вялікім і яркім, паўстала чарнявая дзяўчынка з белай стужкай у пышнай касе. Паглядзела добрымі сінімі вачамі і знікла.
Косцік збянтэжана, радасна ўсміхаўся і ўсё гладзіў, гладзіў бярозку.
НАВЕЛЫ
Імчаў цягнік у сіні надвячорак
Аднаго разу даўні таварыш мой напаўжартам, напаўсур’ёзна сказаў:
— Я ведаю цябе так, як ты сам сябе не ведаеш.
Мне было і смешна, і наўздзіў крыху непамысна ад гэтых яго слоў: адкуль такая самаўпэўненасць? Неяк збянтэжана я пакпіў з яго ў думках: «Таксама мне — празорлівец знайшоўся!» I тым часам неспадзявана падумаў: «А сапраўды, ці ведае кожны з нас сам сябе да канца?..» Тая мімалётная неспадзеўка адразу ж і забылася. Аднак неўзабаве яна нечакана гукнулася. Ды вось з якой недарэчнай нагоды.
Вяртаўся я цягніком дадому з урачыстага святочнага гасцявання ў родным горадзе. Гартаў штотыднёвік «Літаратура і мастацтва», выбіраючы што пачытаць, зачапіўся вокам за апавяданне Раісы Баравіковай «Далінка». На станцыі «Бярэзіна» ў вагон шумна ўвалілася кампанія маладых хлопцаў. Яны дурасліва штурхалі адзін аднаго, гучна выкрыквалі розныя бязглуздыя рэплікі, лаяліся. Яны былі п’яныя. На заўвагу пасажыраў адказвалі цынічнай насмешлівасцю. «Не падабаецца — заткні вушы, цётка…» «Не торгайся, дзед, а то рассыплется…» Тут ужо мне было не да чытання. Я кіпеў ад абурэння, ад бяссілля абразуміць, супакоіць нягоднікаў. Здавалася, як калісьці бабуля мая пагражала нам, дзятве, за свавольства, папаставіў бы іх голымі каленкамі на соль — во так вам, вырасткі бесталковыя! I ніякай вам, нахабнікі, літасці, аніякай!..
На душы ў мяне было брыдка, гнятліва. Я ніжэй, нібы хаваючы нейкі свой сорам, схіліўся над газетным аркушам, вочы паволі, як стомлена, у знямозе, пабеглі па радках:
«— Гэта ж учора стаялі бабы на Далінцы… Ну, ведаеш, Манька, Воля Каморніка і Ганна Іваніхіна. Гаманілі пра нешта. А тут… адкуль ні вазьміся — Іванішына курыца… Ды як мацюкнецца!.. О-о, страху было!
— Ай, цётка.., — адмахнулася Гэлька. — Галавы сваёй не тлуміце! Жыццё во-о якое… Усе мацюжаюцца. Думаеце, курыцы салодка цяпер? Не корміць яе Іваніха. Во і мацюкнулася…»
Цягнік імчаў у сіні надвячорак, колы дзе званчэй, дзе глушэй ляскаталі на стыках рэек. На невялікім лясным паўстанку вагон хістанула. У гэты час рыжы кудлаты бамбіза, падобна было па яго нахрапістых выхадках — завадзіла ў той кампаніі, з непрыпаленай цыгарэтай у роце сунуўся па праходу. Ад рэзкага штуршка ён не ўтрымаўся нa нагах, заваліўся на бок і выцяўся скроняй аб вугал лаўкі. Цыгарэта вывалілася з рота. I тут здарылася непрадбачанае. Усярэдзіне ў мяне як абарвалася што. Імгненна куды і падзелася ўсё, што бурліла і клекатала у грудзях. Душу да краёў запоўнілі спалох, збянтэжанасць і гарачая спагада: гэта ж так трэснуўся!.. На міг мне падалося, што я фізічна адчуў яго боль. Я нават міжвольна крануўся пальцамі скроні.
Хлопец скрывіўся ад болю. У цёмна-шэрых вачах яго ўсплёснулася штосьці дзіцячае, бездапаможнае. Ён пахітаў туды-сюды галавою. Потым як у здзіўленні, шырока расплюшчыў вочы, раскрыў рот. I раптам брыдка вылаяўся.
Мінуўшы стрэлкі, цягнік зноў імчаў роўна, пад метадычны перастук колаў, як пад нейкі свой адвечны музыкальны акампанімент. Хлопцы лаялі нейкага прапаршчыка і нейкага Лёшку Барсука, між сабой то сварыліся, то абдымаліся. Я адвярнуўся ад іх, пазіраў у акно. На блакітным небе гулялі белыя хмаркі, ганяліся адна за адной. Вока прагна лавіла гэтую прыгажосць. А ў душы маёй не суціхалі абурэнне і гнеў. Толькі недзе глыбока-глыбока, на самым сподзе яе, як абломак кораня дрэва пад тоўшчай вады на дне лясной азярыны, якойсьці патырчакай неадступна стаяла ўтрапёная думка: «Гэта ж так трэснуўся!..»
Плакаць будзе весялей…
Разгаварыліся мы з ім, надвячоркам ідучы ад трамвайнага прыпынку.
Мяцеліцы, што раздольна гулялі ад пачатку зімы, насыпалі вялікія гурбы. Гарадскія камунальнікі не спраўляліся іх расчышчаць. Ступаеш і ажно буксуеш, ногі грузнуць у сухім рамешаным снезе. Я недалёка яшчэ адышоў ад прыпынку, як адчуў спіной: хтосьці даганяе. Во той «хтосьці» параўняўся са мной. Скасіў позірк — вусаты мацак сярэдніх гадоў. У яго каржакаватай дзябёлай постаці мне падалося штосьці знаёмае. I тут ці то падсвядомае легкадумнае жаданне жарту, каб ім аблегчыць неяк душэўную стому, вызначыла мой недарэчны ўчынак, ці проста нейкі незразумелы дзівацкі імпульс развязна гукнуўся ў напружанай душы?.. Я неспадзявана зачапіў вусача:
— Чаго засопся, ваўкі за табой гоняцца?
— Ды ўжо ж, гоняцца, — адказаў ён стомлена. Але далей яго прарвала. — Прападзі яно пропадам — бязладдзе праклятае! У магазін трэба, і там ужо, глядзі, набегла.
Мусіць, я таксама паказаўся яму знаёмым, а можа і сапраўды ведаў мяне, бо, слізгануўшы па мне шпаркім пільным позіркам, працягваў:
— Не, толькі паслухайце! Заўтра, кажуць, зноў хлеб падаражае. От гэтыя цэны! Не раўнуючы, як спартсмены алімпійскія — хто вышэй скокне.
— Дык ты булку раніцай купляй, яна ж і не падаражае заўтра, і смачнейшая, — вырвалася ў мяне з горкай іроніяй.
Ён ці не ўлавіў майго скепсісу, ці праігнараваў паблажліва.
— Булку… Трэці месяц кукіш даюць замест зарплаты — вось яна, булка, — адказаў з крыўдай і роспаччу. Хвіліну маўчаў, але крок не прыспешваў. Ступаў, быццам забыўшыся на мяне — адцаўся, відаць, нейкай неадчэпнай турботлівай думцы. Спахапіўся, калі пачуў з другога боку нешырокай вуліцы воклік мужчыны ў цёмна-шэрым паўпаліто са штучнага футра:
— То пойдзем, Арцём, ці не? Заходзіць па цябе?
Шпарка павярнуў у той бок галаву, адказаў няўпэўнена:
— Мусіць жа трэба ісці. — Потым махнуў рукою, як секануў што: Пойдзем! — I растлумачыў мне: — У клуб на спеўку. У фабрычнай самадзейнасці выступаем.
Я пільна паглядзеў на яго: непасрэдны дзівак ці баламут нейкі? Усміхнуўся — прыгадаў анекдот. Прыходзіць хлапчук са школы, а тата кажа яму: «Пакажы, сынок, дзённік, як ты вучышся?» Разгарнуў, а там: чытанне — два, пісьмо — два, арыфметыка — два, спевы — пяць…
Пляснуў далонямі, ажно люстра зазвінела хрустальнымі вісюлькамі: «Чортаў сын, і ты яшчэ спяваеш?!» У мяне таксама вырвалася:
— I ты яшчэ спяваеш?
Вусны пад чорнымі вусамі злёгку рассунула кволая ўсмешка. А запалыя цьмяныя вочы на шырокім твары заставаліся маркотныя. Ён спачатку сцвярджальна кіўнуў галавой, затым прамовіў прастадушна:
— Ага, спяваю. Дык жа класік што сказаў? «Эх! Іграй жа той, хто можа: Плакаць будзе весялей». Свае родныя спяваем, што ад палёў нашых, лугоў ды лясоў… А то вунь па радыё і тэлевізары… Адзін віск ды лямант чорт ведае па-якому.
У ва мне быццам нейкая злая віхура, то суціхаючы, то ўзмацняючыся, кружыла. Зноў закарцела пакпіць: «Песняй, значыцца, з бязладдзем змагацца? А разумнікі вунь кажуць, што зброя пралетарыята — камяні!..» Аднак гэта ўжо было б празмерна. Так, нарэшце, і пакрыўдзіць чалавека можна.
3 пашарэлага неба зацерусіў снег. Пушыстыя рэдкія сняжынкі кружыліся, ападалі ціха і плаўна. Некалькі адначасова, як згаварыўшыся, леглі побач адна з другою на вусы майго суразмоўніка, ад чаго яны набылі нейкі адметны, як бы незнарок упрыгожаны выгляд. Я чакаў, што яшчэ мне скажа гэты гаваркі бясхітрасны вусач. Ён жа тым часам зноў як бы забыўся на мяне. Працяглым позіркам паглядзеў уздоўж вуліцы, па якой туды-сюды снавалі аўтамашыны, пасля прамовіў ціха:
— Сэрцу — яму і ў бязладдзі хочацца радасці. Спяваеш — дык яно нібы нейкае радаснае рэха слухае… Ага, так ужо, мусіць, назаўсёды створаны чалавек прыродай.
Сказаў і ступіў шырэй. Да магазіна з высокімі ганкамі, наддзвярамі якога бялела шыльда з вялікімі сінімі літарамі: «Хлеб». Я правёў яго жвавую каржакаватую постаць позіркам, і мне раптам стала шкада, што ён пайшоў, быццам разам з ім аддалялася ад мяне штосьці такое, што лагодзіла душу, растапляла ў ёй настылую тужлівасць.
ГУМАРЭСКІ
Жывуць жа людзі!..
Была ў іх завядзёнка ранічкай перад снеданнем прагульвацца ў парку. І па якіх бы дарожках ні шпацыравалі, а ўсё роўна абавязкова прыходзілі да рэчкі. На сустрэчу. Сыйдуцца там і расказваюць, што ў каго за ноч наблыталася ў галаве.
Аднаго разу, калі яшчэ і ясная Венера не зусім сгасла ў небе, яны амаль сінхронна з’явіліся на набярэжнай.
— Такая кароткая ноч, а чаго толькі ні напляцецца да світанку! — сыпануў, як гарох са жмені, лысагаловы кульгавы Якаў Якаўлевіч.— Звёў вочы — і пайшло-паехала. Гляджу — на нейкай палянцы людзей цёмная хмара. Гармідар, вэрхал… Сярод палянкі — вялізная зялёная скрыня. Прыгожая, блішчастая. Ага, дык гляджу — аж выпаўзае з той скрыні вужака. Сыкае на ўсіх, то на аднаго, то на другога кідаецца. Скруціцца ў клубок і, нібы расціснутая спружына — р-раз! «Ах ты, гад печаны!» — пачаў я лаяцца на яго, ды тут як рыбінай косткай падавіўся. Прыгледзеўся — гэта ж я сам! I лысая пажаўцелая галава акурат мая. Толькі вось нейкія недарэчныя рогі… Цьфу, трэба ж во прысніцца такой брыдоце!
— А мне, панімаіш, таксама,— скрушліва адгукнуўся яму Барыс Барысавіч, страсянуўшы густой яшчэ, сівой шавялюрай,— Калі той Жулік у нас быў! Я яшчэ цялят пасвіў. Дык вось, галёкаю, панімаіш, на ўсю глотку ад радасці, што ёсць на каго галёкаць, пугай шлёгаю. Бачу — сабачая гайня ад вёскі бяжыць. I як накінецца на маіх цялятак! А сама люта — наш Жулік. Поўсць дыбарам, клацае зубамі, ажно звон нейкі жалезны ў вушах ляшчыць. Потым да мяне па-чалавечы: «А ты чаго стаіш, рот разявіўшы?» Ды голасам майго бацькі — мацюком! Я як скочу наперад яму, ды рабенькага лыску цап за сцягно. Што тут усчалося!.. Цяляты брэшуць па-сабачы, сабакі, і я з імі, равуць па-цялячы!..
Хударлявы, з пекнай раздвоенай бародкай Андрэй Андрэевіч, моўчкі слухаючы бязглуздую плятню аднаго і другога, ціха ўсміхаўся.
— А ты чаго маўчыш? — лёгенька таўхануў яго пад бок Барыс Барысавіч.— Табе што, нічога сёння не снілася?
Андрэй Андрэевіч усміхнуўся шырэй:
— Чаму не? Толькі месяц зазірнуў у акно — і пачалося.
— Дык расказвай, не цягні. Ай дужа страшнае што?
— Мне, браткі, прымроілася, як таму паэту: «Словно я весенней гулкой ранью проскакал на розовом коне».
Якаў Якаўлевіч і Барыс Барысавіч спачатку неяк сутаргава зяўнулі ратамі, потым сінхронна выдыхнулі:
— Жывуць жа людзі!..
Муж дзвюх жонак
Пра што толькі ні размаўляюць людзі ў дарозе!..
Мы ехалі ў адным купэ ў поезде Гомель — Мінск. Ён сеў у вагон у Бабруйску. Высокі, сярэдніх гадоў, але ўжо з густой павуцінай сівізны ў цёмна-русых валасах. Доўга маўчаў, пазіраючы ў акно, і толькі час ад часу паціраў пальцамі лоб, нібы яму там свярбела. Нарэшце ён павярнуўся да мяне, паглядзеў уважліва. Прамовіў павольна, як з натугай: