К книге
Аляксандр Капусцін. Старонкі памяціСтраница 13
81%
Страница 13
13

У спакойнай, задуменнай гаворцы яны ўспаміналі сваё жыццё. Як сям’ю ладзілі, як на службе дзяржаўнай рупіліся.

— Памятаеш, Вольгачка, — «Трое суток не спать, трое суток шагать ради нескольких строчек в газете»? — гаварыў Дзяніс Пятровіч, нечага трымаючы ў жмені падбародак. — Я — мыла, зубную шчотку, брытву ў партфель і да дзвярэй, а ты наўздагон: «Скажы хаця калі чакаць!..» Памятаеш?

— Няўжо ж не… Ты ж яшчэ і здзекваўся, зубаскал гэткі, ад парога: «А калі не скажу, чакаць не будзеш? — У голасе Вольгі Іванаўны чуўся роблены дакор. — Праспявае любімыя свае «трое суток» — і ляп дзвярамі!.. Цяпер хаця прызнайся, ты добра са мною абыходзіўся? — Вочы яе ўсміхаліся. — Добра?

Дзяніс Пятровіч быў журналістам, а Вольга Іванаўна, бібліятэчны работнік, несла свой крыж у высокім храме кніжнай мудрасці.

Успаміны прыходзяць няпрошаныя, і нагарнуліся яны неспадзявана. Пасля вячэры ні яму, ні ёй не захацелася ўключаць тэлевізар. Каб які спектакль паказалі пра высакародных прыгожых людзей, ці дасціпны паэт каб усцешыў душу цёплымі вершамі — дык не. Усё палітыка, бізнес, вычварная рэклама… Абрыдла… Муж з жонкай, самі таго не загадваючы селі, каб проста пасядзець разам і такім чынам аддаць даніну пражытаму дню, ды слова за слова — і пацякла, вяжучыся незамыславатай вяззю задушэўная гаворка.

Не ўлегцы ішлі яны сваім жыццёвым гасцінцам, стаўшы на яго летняй пасляваеннай часінай, не было іхняе жыццё калінай-малінай. Нярэдка спадарожнічалі іхняму зладжанаму сямейнаванню і прыкрыя, як цяпер ужо звыкла прамаўляюць гэтае каменнае чужароднае слова, праблемы. Дык жа справядліва гаворыць прымаўка: у кожнай хаце — па печы. Трэба толькі паліць гэтую печ у меру і з розумам… Яны і ў меру, і з розумам палілі. I грэліся ёю ў суровых жыццёвых нягодах.

Цяпер вось — гэты вечар. Згадка за згадкай.

Сярод розных значных і нязначных падзей Дзянісу Пятровічу прыгадалася таксама, як атрымаў ён, безаглядны праўдалюб, неспадзяваную вымову.

А было гэта так. Малады і апантаны, усчаў ён спрэчку з рэдактарам газеты, у якой працаваў. I нарваўся. Сыр-бор загарэўся з таго, што напісаў ён крытычны артыкул пра аднаго начальніка-самадура. Артыкул той, як высветлілася потым, чамусьці не патрапіў у масць рэдактару, і ўладная рука «зарэзала» яго, зверху наўскасяк аркуша напісаўшы вуглаватым размашыстым почыркам: «Факты непераканаўчыя». Дзяніс Пятровіч з павагай ставіўся да рэдактара, пажылога, памечанага фашысцкімі кулямі франтавіка, але такое рашэнне палічыў несправядлівым і раздзьмуў ноздры, ударыў у хамут. Выступіў на прафсаюзным сходзе: што значыць непераканаўчыя? Кагосьці яны не пераконваюць, а некага і пераканаюць. Няхай чытач сам рассудзіць — на гэта яна і газета. Для ўсіх і кожнага… Ён разышоўся, даказваў. Для вернасці падмацоўваў свае словы рознымі цытатамі. Рэдактар, слухаючы яго, не выяўляў ніякай узрушанасці і толькі напаследак сказаў сваім глухаватым нягучным голасам: «Добра, праверым, разбярэмся». А праз тыдзень на дошцы аб’яў з’явіўся загад — за павярхоўны падыход да падрыхтоўкі адказнага матэрыялу. Праўда, прафсаюзны камітэт прызнаў той загад незаконным, але пакуль справядлівасць узяла верх над крыўдай, дык Дзяніс Пятровіч добра-такі патузаўся.

Пачуўшы ад мужа гэтую гісторыю, Вольга Іванаўна ўважліва паглядзела на яго, здзіўлена спытала:

— Цікава, чаму дасюль нічога не ведала?

— Цябе тады дома не было. Ты ж пасля аперацыі на нырцы ў санаторыі ў Трускаўцы лячылася, — растлумачыў Дзяніс Пятровіч. — А калі вярнулася, не хацеў цябе засмучаць: ат, глупства. Як мыльны пухір: лопнуў і няма знаку ад яго.

Але, выходэіць, памыліўся Дзяніс Пятровіч, знак во застаўся — ус-юпомнілася ж праз столькі гадоў. Ды яшчэ, пачулася яму, недзе на сподзе душы гаркотай засмылела.

У адкрытую фортачку ўляцеў вецер, калыхнуў разлапісты ліст пальмы. Вольга Іванаўна ўстала, падышла да акна, хацела, мусіць, прычыніць фортачку ды перадумала. Паправіла гардзіну, што заламалася, зачапіўшы за вазон, зноў села.

— Так, у санаторыі, — прамовіла марудна, як бы ўспамінаючы нешта. Раптам твар яе засвяціўся. — А ведаеш, Дзяніска, у мяне там у той час таксама былі прыгоды! — У ненатуральна зухаватым чыстым голасе пачулася нейкая наіўная, ну акурат дзіцячая, непасрэднасць.

— Глядзі ты! — засмяяўся Дзяніс Пятровіч, а сам адчуў, што чамусьці ўклаў у гэтыя простыя два словы прытоеную з’едлівую кплівасць.

Вольга Іванаўна нічога падазронага не заўважыла.

— Праўда, Дзяніска. — Яна і зірнула на яго, як наіўнае дзіця-пераростак. Ад такога позірку яму зрабілася няёмка — пацвельваецца, як блазнюк які…

А яна працягвала:

— Дык вось тады, калі ты на службе сварыўся са сваім начальнікам, я ў санаторыі на танцах забаўлялася. Сядзім мы з Галяй (памятаеш, я расказвала табе пра яе — кіеўлянка?), назіраем за танцорамі. Духавы аркестр іграе, пары кружацца ў польцы і танга, кракавяк вытанцоўваюць. Прыгожа так усё, і элегантна, і весела… Заігралі вальс. Загаварыўшыся, мы з Галяй не заўважылі, як да нас падышоў высокі, статны малады мужчына. «Можна вас запрасіць?» — працягнуў ён мне руку. Я міжвольна слізганула па ім позіркам з галавы да ног, і тут як нячыстая сіла таўханула мяне пад бок. Пеканула яму: «Можна будзе, калі вы пераабуецеся ў туфлі». Галя — хаўк ротам, і захліпнулася, прыкрыла рот далоняй, вочы сталі па сліве. Ён заліўся чырванню, зірнуў на свае шыкоўныя красоўкі, у якіх завітаў ці не прама са спартыўнай пляцоўкі, дзе гуляў у валейбол, і — круць! «Што ты, бесталковая, нарабіла — засіпела на мяне Галя. — Гэта ж сакратар Ленінскага райкома Кіева!» Я і сама збянтэжылася, ды што ўжо зробіш!» «Хай сабе, — махнула рукой. — Абы не Мінска». I што ты думаеш? Наступны раз зноў падыходзіць. Усміхаецца. «Гэта самае лепшае, што я знайшоў тут у магазінах, — паказаў на новенькія туфлі на нагах. — Цяпер можна?» Мы з ім станцавалі вальс… Дык жа яшчэ было! Аркестр заіграў польку, і тут - на табе, падскоквае. 3 чорнымі вусамі, у саламяным капялюшы. «Пайшлі, дарагуша!» — і цап мяне за руку. Я спакойна: «Спачатку брыль здыміце». Яму як вадой лінулі ў твар: вачамі лып, лып. Потым схамянуўся, фанабэрыста скубель свой вус: «Падума-еш, прынцэса! — I да Галі: — Пайшлі?» Галя ўстала, зняла з яго галавы капялюш, паклала на свае крэсла. «Пайшлі, прынц». Ох і выбіваў жа ён — ажно іскры сыпаліся з-пад падэшваў. Танцуе-танцуе — і зірк на мяне: ага, сядзіш? А ты думала, ад цябе адбою не будзе… Польку яны з Галяй станцавалі пад апладысменты. Ён правёў яе да месца, падздкаваў, прыязна ўсміхнуўшыся ў вусны. Мне раптам таксама кіўнуў галавой і сказаў: «Прабачце… А сяброўка ваша танцуе — першы клас!»

Вольга Іванаўна, быццам яшчэ чуючы ў сабе адгалоскі тых даўніх пачуццяў і абуранасці, і прыемнай здзіўленасці, пасядзела моўчкі. У размове наступіла паўза.

Дзяніс Пятровіч паклаў на хударлявую, з сінімі пражылкамі жончыну руку сваю шырокую шурпатую далонь.

— Ну добра, з тымі ясна — заслужылі. А за што ты мяне паўвека муштруеш? — Блакітныя, крыху пабляклыя вочы яго хітра жмурыліся пад шырокімі кусцістымі бровамі.

— Дзяніска, ці ж я цябе муштрую? Я ж вучу цябе. Не-е, бялунчык мой жытні, я добрая, добры і лагодны звер.

Жытнім бялунчыкам Вольта Іванаўна ласкава называла мужа усе тыя паўвека. Праўда, да гэтых слоў яна іншы раз жартаўліва дадавала: «Пачмыхай на мяне носам, пачмыхай».

Свой мядовы месяц (як даўно тое было!) яны праводзілі ў вёсцы, у яго маці. Цёплымі ліпеньскімі вечарамі хадзілі на прагулку за аколіцу, дзе паспявала жытняя ніва. Прыдуць, стаяць ускрай поля, як зачараваныя. Ніва то накрываецца хмарнымі ценямі, то па жаўтаватым жывым абсягу яе разліваецца ружова-залацістае вячэрняе сонца. I коцяцца, коцяцца ўдалячынь каласістыя хвалі… Нібы навыперадкі з імі каціліся некуды ў бязмежжа і думкі-мроі маладажонаў, гукаліся радаснымі надзеямі і спадзяваннямі. I чулася чыстым юначым душам, быццам недзе глыбока-глыбока, на самым сподзе, нараджалася ў іх штосьці такое, што немагчыма спасцігнуць розумам, а можна толькі адчуваць, як адчуваеш гэтую спрадвечную карміцельку-ніву. Аднаго разу яны затрымаліся ў полі даўжэй заўсёдашняга. Пасля цёплага ціхага дожджыку над нівай расплываўся тонкі, з саладжавым прысмакам жытні пах. Высока ў небе, не махаючы крыламі, кружыла вялікая птушка, у бяздоннай сінечы віселі рэдзенькія касмылькі белых аблачынак. Ахінутая бязветранасцю, ніва знерухомела, як да нечага прыслухоўвалася, пра нешта думала. Дзяніс Пятровіч паўзіраўся ў неба, перавёў позірк на ніву. «Паглянь туды,— кіўнуў галавою ў той бок, дзе яна краем падступала да невялікай рэчачкі, і таямніча знізіў голас. — Зараз, можа, Бялун выйдзе напіцца крынічнай вадзіцы. Ён звычайна такім часам выходзіць — пасля дожджыку». Вольга Іванаўна зразумела і прыняла гульню, у тон яму запытала шэптам: «А ён не страшны? Ой, баюся!» «To-та ж! — засмяяўся Дзяніс Пятровіч і абняў жонку за плечы, прыхінуў да сябе. — Ого які, паслухай!»

I расказаў.

У старажытных славян, як сцвярджае легенда, быў паганскі бог Бялун. 3 аблічча — звычайны сівабароды дзядок. Ён выходзіў да людзей з жыта. Калі тыя, каго сустракаў, падабаліся яму — задаволена чмыхаў носам, і з ноздраў яго сыпаліся залатыя ды сярэбраныя манеты. А калі хто не спадабаўся, моўчкі паварочваўся, ішоў назад у жыта. «Бялун, дзе ты, пачмыхай нам! — гарэзліва гукнула Вольга Іванаўна, з цікавасцю паслухаўшы расказ мужа. Колькі секунд пазірала са светлай усмешкам на вуснах, як бы спадзявалася — вось-вось выйдзе той бог-дзядок. Потым павярнулася да мужа, пяшчотна правяла далоняй па яго густых чорных валасах: «Бялунчык ты мой жытні…»

На сцяне мяккім боем праспяваў сваю мілагучную песню гадзіннік. Пяшчотныя гукі, падалося Вользе Іванаўне, палётаўшы па пакоі, ціха апусціліся на астры ў вазе. Яна працягнула руку, далікатна пагладзіла свежыя махровыя суквецці. Дзяніс Пятровіч злёгку пацягнуў носам, удыхнуў пахкае паветра глыбей. У вазе на журнальным століку кветкі амаль не пераводзіліся. То муж дарыў іх Вользе Іванаўне, то дзеці прыносілі, прыходзячы праведаць, то сама яна купляла.

За акном шумеў вецер, барабаніў па шыбах дождж. А ў пакоі было ўтульна і хораша. Па радыё аб’явілі канцэрт «Песні мінулых гадоў». У рэпрадуктары загучаў аксамітны жаночы голас:

Снова замерло все до рассвета,

Дверь не скрипнет, не вспыхнет огонь.

— Цудоўная песня, — уздыхнула Вольга Іванаўна. Паглядзела на рэпрадуктар, быццам спадзявалася пабачыць там славутую спявачку. — I голас…

Только слышно на улице где-то

Одинокая бродит гармонь.

— I голас, і словы, і мелодыя… — Раптам твар Вольгі Іванаўны засвяціўся, нібы расцвіў. — Мелодыя вальса. — Яна ўскочыла з канапы, двума пальцамі правай рукі, злёгку адтапырыўшы астатнія, кранулася сваей плісіраванай спадніцы, зрабіла Дзянісу Пятровічу рэверанс.

— Дазвольце, малады чалавек, запрасіць вас на белы танец.

Дзяніс Пятровіч здзіўлена паглядзеў на яе. Таксама ўстаў.

— Адну хвілінку. — Ён далікатна ўзяў жонку за локці, пасадзіў на месца і хуценька патупаў у прыхожую. А калі праз хвілінку вярцуўся, на нагах у яго замест растаптаных хатніх пантофляў блішчалі новыя карычневыя туфлі. Сам ён быў таксама быццам нейкі абноўлены — падцягнуты, стрымана-ўрачысты.

— Калі ласка.

Але тут голас у рэпрадуктары змоўк, песня скончылася. Яны расчаравана, са шкадаваннем пераглянуліся.

— Ну во! — Вольга Іванаўна пакрыўджана адтапырыла вусны і адразу ж сцяла іх, нібы затрымала на выхадзе горкія словы дакору нездагадлівай любімай спявачцы. Паўглядалася ў мужа. У вачах яго прачытала тое ж: што засмучала і яе, горкае пачуццё няспраўджанага салодкага жадання. — То давай, Дзяніска, самі сабе паспяваем.

Ды канцэрт працягваўся.

— Прашу, — зноў прысела перад Дзяніса Пятровічам павесялелая Вольга Іванаўна.

Яны павольна, плаўна кружыліся ў вальсе, ціха, шчасліва ўсміхаліся. Не пазіралі адзін на аднаго і ўсмешак сваіх не бачылі, аднак адчувалі іх тым падсвядомым пачуццём, якім чалавек адчувае, любяць яго ці не. Вусны Вольгі Іванаўны прашапталі:

— Бялунчык мой жытні…

А ў рэпрадуктары спяваў, спяваў аксамітны голас.

Залацістыя кругі

Землякам сваім, юным стараруднянцам з дабром і ласкаю прысвячаю

Амаль тыдзень гасцяваў Косцік у цёткі Анюты ў вялікім прыгожым горадзе. Пачувалася яму там хораша і цікава. Кожны дзень частаваўся марожаным, цётка праводзіла пляменніка па знакамітых гарадскіх мясцінах, якіх раней хлапчуку даводзілася бачыць па тэлевізары. Былі яны на плошчы Перамогі з грандыёзным велічным помнікам і вечным агнём, наведаліся ў музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Палац мастацтва, дзе праходзіла выстаўка карцін маладога мастака-пейзажыста… За дзень Косцік перапаўняўся ўражаннямі, якія займалі ўсе думкі і пачуцці. Але ўвечары, калі, чакаючы ў ложку сну, чамусьці падоўгу не мог заплюшчыць вочы, ён з сумам успамінаў дом, сваю вёску.

Ціхая іхняя вёска тулілася ў жывапіснай мясціне. Амаль ад самай ваколіцы пачынаўся бярозавы гай. Быў ён светлы, чысты, з лагодным вясёлым шумам зялёнай лістоты і птушыным звонкагалоссем. Гэтая ўтульная лясная гаспода заўсёды выклікала ў Косціка нейкі глыбока хвалюючы, прыўзняты настрой. I таму, калі наступіў дзень ад’езду, хлапчук дужа ўзрадаваўся — дадому!..

У электрычцы Косціку ўспомнілася карціна, якая на выстаўцы ў Палацы мастацтва надоўга затрымала яго каля сябе. Называлася яна «Зялёны шум». Ён разглядваў карціну з нейкай незразумела прыдзірлівай увагай. То з аднаго боку падыдзе, то з другога, то прыблізіцца, то адступіць… Дзівосы: кучаравыя бярозкі — як жывыя. I сонца на галінах, і цень ад іх на траве… Тым не менш здавалася, быццам карціне чагосьці не ставала. Але чаго?.. Гэтая думка тады мімалётна прамільгнула ў галаве і знікла.

На выстаўцы разам з імі была дачка цётчынай суседкі Юля — чарнявая дзяўчына з сінімі вачамі і белай стужкай у пышнай касе. Цётка запрасіла яе — утраіх весялей. Юля паназірала за Косцікам і сама зацікавілася карцінай. Злёгку звяла над прамым пераноссем прыгожыя выгнутыя бровы, глядзела так, нібы з надзеяй шукала там штосьці сярод дрэў. Доўжыліся ціхія захапляючыя хвіліны.

Предыдущая главаГлава 13 из 16Следующая глава