К книге
На мяжы цярпенняСтраница 9
21%
Страница 9
9

Галоўны рэдактар не ўсё, відаць, зразумеў са слоў Рамейкі, ён успрыняў іх у прамым сэнсе, а падтэксту не ўлавіў. А каб ён ведаў, то пасмяяўся б з Рамейкі яшчэ болей, бо Рамейка ўліп, што называецца, у гісторыю, і як ён з яе выберацца, яшчэ невядома.

Учора ўсё павярнулася ў такі бок, што Рамейка быў проста ашаломлены. Нічога падобнага ён не чакаў, хоць, ідучы да Ноны Варанчак і трохі ведаючы яе, быў гатовы да ўсяго.

Здаецца, спачатку ўсё ішло звычайна. Яна пазваніла яму на работу, каб ён зайшоў, бо ў яе да яго важнае пытанне. Голас яе быў нейкі трохі як усхваляваны, нечым узбуджаны, хоць яна і старалася гаварыць спакойна і не больш таго, што гаварыла кожны раз. Чамусьці толькі адзін Юрлевіч у рэдакцыі раўніва перажываў званкі да Рамейкі. Ён здагадваўся, хто яму цяпер так часта звоніць, і вельмі, відаць, хацеў, каб Рамейка хоць раз пахваліўся якімі-небудзь падрабязнасцямі. Але, як на злосць, Рамейка маўчаў, бо лічыў, што яму няма чым пахваліцца, лічыў, да таго ж, непрыстойным гаварыць пра нешта інтымнае.

Пасля работы, як звычайна, ён зайшоў у магазін, узяў пляшку гарэлкі, кансерваў, мінеральнай вады і накіраваўся да Ноны на кватэру. Яна нешта доўга не адчыняла — ці не знянацку яе застаў? Рамейка нават захваляваўся, стоячы пад дзвярыма. Урэшце адамкнула, прапусціўшы яго ў дзверы. Валасы ў яе былі мокрыя, твар ружовы, свежы, халат на голае цела, а ад цела, здаецца, ішла пара — толькі што з ванны.

— Ты што гэта сярод белага дня купаешся, як амазонка? — пажартаваў ен.

— Я не бязгрудая, — капрызліва адказала яна, — не абражай мяне.

— Аднак жа гэта ўжо не тое, што было, — не хацеў адступаць Рамейка. — Памятаеш анекдот пра каўбоя, які я табе расказваў? Пра татуіроўку на грудзях у дзяўчыны?

— Ідзі ты са сваім дурацкім анекдотам, — замахала яна рукамі, — прыдумай што цікавейшае.

— Урэшце, магу прыдумаць, хоць я не запамінаю анекдотаў: сёння пачую, заўтра ўжо забыўся.

— Лепей я табе раскажу быль, — памякчэла Нона, — толькі давай рыхтаваць стол, я страшна галодная.

— Добра, толькі я табе ўсё ж раскажу на хаду, бо пасля забудуся.

Так яны і зрабілі: насілі на столік бутэлькі, бульбу, хлеб, кансервы, а Рамейка расказаў анекдот, хто з чым ходзіць у госці і як вяртаецца.

— Ай, глупства анекдоты. Вось паслухай быль. Даўно было. Я спраўляла свае імяніны, яшчэ пры мужу, а муж у мяне — вялікі начальнік, ты не думай. Выпіць і закусіць было. Сабралася нямнога, чалавек дваццаць пяць. Прыйшоў адзін паэт-песеннік, такі здаравіла і аматар паесці і выпіць за чужы кошт. Якраз ля яго апынулася ваза з паюснаю ікрой. То ён яе абхапіў абедзвюма рукамі і тою лыжкай, якая там тырчала, пачаў аплятаць за абедзве шчакі. Мая свякроў і кажа яму: «Лявонка, то мо ты лепей скібачку маслам намаж ды ікры наверх пакладзі, а то так мо табе зашкодзіць?» — «Нічога, маці, — кажа той Лявонка, — я і так спраўлюся, мне і так смачна». I так і з’еў за вечар усю місу ікры. А пасля яшчэ песні спяваў — як мы некалі галадалі.

— А дзе ж тут смяяцца? — спытаўся Рамейка. — Тут плакаць трэба. О, паэтаў яшчэ вунь як трэба вучыць, я іх ведаю.

— Таму ты такі строгі, што сам не паэт, — не падтрымала яго Нона.

— Але па тым, колькі п’ю, можна запісаць у паэты? Так ты хочаш сказаць?

— А, як я бачу, можаш добра ўзяць!

— Ад цябе не адстану, будзь пэўна.

— Знайшоў чым ганарыцца! Я ж баба.

— Такая баба заважыць за добрага мужчыну.

— Наконт «заважыць» ты не памыліўся. Вось усё збіраюся пахудзець... А як ты ў мяне тут паявіўся, то прыбыла на тры кілаграмы.

— А я ведаю спосаб, як пахудзець. Магу табе параіць.

— Няўжо? — ажывілася Нона. — Раскажы!

Яны сядзелі на канапе побач перад густа застаўленым столікам.

— Будзем аб’ядацца. I гаварыць пра тое, як пахудзець? — падкалоў яе Рамейка. Яна нешта хацела сказаць, але ён узняў далонь: — Даволі, лепей паслухай...

Яна наліла ў чаркі, яны выпілі, сталі закусваць, а Рамейка між тым расказваў:

— Перш за ўсё трэба кінуць піць. Бо гарэлка, ці віно, ці нават піва — вялікія калорыі.

— А я і не ведала! — здзівілася Варанчак.

— Дык ведай. I другім гавары. Цяпер другое — твой арганізм прывык толькі браць.

— Як гэта? А што яшчэ ён павінен умець?

— Павінен умець аддаваць. А ты яго не навучыла. Вось у гэтым уся і бяда, што ты таўсцееш.

— То навучы! Буду ведаць.

— Гэта проста, але нялёгка. Вось ты захацела есці — і кідаеш што-небудзь у рот, жуеш, даеш арганізму, у той час як у яго свае запасы — аж твае ногі не трымаюць. А ён гэтых запасаў не чапае. Чаму? У гэтым уся і загвоздка.

— Нешта ты цямніш, Алеська.

— Зараз пасвячу. Вось слухай такі прыклад. Два чалавекі галадаюць... Аднолькавай камплекцыі. Адзін толькі п’е ваду, а другі — нічога, нават і вады не прымае. I што ж? Той, што не піў вады, праз тыдзень памірае, а той, што піў, жыў цэлы месяц, нават два. У чым тут прычына, у чым сакрэт?

— Ну, сказаў! Вада — аснова жыцця!

— А ці многа ты п’еш вады?

— Зусім мала. Ад вады таўсцеюць, усе так кажуць. Вось я і баюся піць ваду.

— Цёмныя людзі так кажуць. Ад вады нельга ні растаўсцець, ні пахудзець. У ёй няма калорый, энергіі, так сказаць.

— Дык чаму ж той, што піў ваду, жыў цэлы месяц?

— Ага, вось і кумекай — чаму?

— Не ведаю, — паціснула плячыма Нона Варанчак і зноў наліла гарэлкі.

— Увесь сакрэт у абмене энергіі. Бо калі я стану аддаваць без задатку, я хутка зусім застануся ні з чым. Арганізм не пазычае, ён толькі мяняе.

— I гэта праўда? — яшчэ больш зацікавілася Нона.

— Бо калі ў нас няма чаго есці, то мы вып’ем вады — і арганізм аддасць учарашнюю энергію. Ён не ведае, што мы яму далі — каларыйную ці пустую страву, у даным разе — ваду. Яму важна ўзяць задатак, ён тут жа выдасць запас учарашняй гатовай энергіі.

— А адкуль жа ён возьме назаўтра энергію, калі мы далі яму вады? — пачынала ўжо разбірацца Нона Варанчак, хоць прыкметна п’янела.

— Вось арганізм агледзіцца, што яго ашукалі, але ўжо нічога не зробіш — трэба, каб запас заўсёды быў, ён гэта добра ведае — і таму адразу стане шукаць па ўсіх закутках, дзе можна пацягнуць. Там возьме, там, — Рамейка скубянуў Нону за бок. — Бачыш, колькі на табе лішняга тлушчу? Гэта ўсё склады гатовай энергіі. Вось ён і бярэ з гэтых складоў. А яму зноў даюць на задатак, на абмен, ваду. I так цэлы месяц — будзе браць у задатак ваду, а аддаваць чыстую энергію са сваіх запасаў, пакуль усе іх не спаліць. І нават калі запасы зусім скончацца, арганізм усё роўна нешта будзе знаходзіць — падмятаць засекі — і нешта аддаваць, кал і яму толькі будуць даваць задатак — хоць ваду, хоць бурду, як давалі ў канцлагерах, у лагерах ваеннапалонных, як гэта было ў блакадным Ленінградзе.

Нона Варанчак заслухалася, перастала жаваць.

— Нешта нават навукападобнае. Адкуль ты гэта ўзяў?

— Вычытаў у нейкай газеце гады тры назад. I ўяві сабе, ніхто за гэты артыкул не зачапіўся, нідзе я больш нічога падобнага не чуў. Чаму нашы медыкі не возьмуцца за гэтую праблему? У нас жа амаль палова людзей у нашым узросце — атлусцелыя, асабліва вы, жанчыны.

Рамейка агледзеў крытычным вокам столік і заўважыў, што ўся багатая закусь знікла — засталося пару скрылькоў каўбасы, хвост асяледца, гурок.

— Нішто сабе папрацавалі! — усклікнуў Рамейка. — I я тут гаварыў пра галаданне!

— Вось такія мы цяпер: гаворым адно, а робім другое.

— А думаем — трэцяе.

— Што ж ты думаеш — трэцяе?

Рамейка натрапіў на нейкую дурную вясёла-пустую хвалю і мог цяпер гаварыць абы-што, мог спрачацца, абы спрачацца, гатовы быў абвяргаць самыя відавочныя ісціны і абараняць самыя недасканалыя — адным словам, лезці на ражон. I таму ён сказаў:

— Думаю геніяльна проста: як бы мне зматацца дадому, покуль ходзяць трамваі.

I ў тую ж хвіліну пакаяўся, што так сказаў. Бо вочы ў Ноны Варанчак акругліліся, як шкляныя шарыкі, твар стаў белы і ад таго яшчэ большы, валасы, здаецца, узняліся дыба — яна размахвала кулакамі перад атарапелым Рамейкам і, пырскаючы слінай, крычала:

— ...Не пушчу я цябе дадому! Не пушчу! Ты думаў, што адробішся лёгкім фліртам? Не выйдзе, даражэнькі-міленькі! 3 сённяшняга дня — ты мой! Досыць я з табою чыкалася, думала, ты сам, як чалавек з галавою, здагадаешся, што трэба рабіць. Ажно ты проста тупагаловы, аблавухі, віславухі дурань, а не сапраўдны мужчына! Ты не ведаеш, як павінен жыць мужчына, якія яго правы і абавязкі! I якая ў яго павінна быць жонка! Ты паглядзі на сябе, які ты мужчына! Ты тут мне расказваў байкі, што галадаеш, морыш сябе голадам... Дурань! Гэта жонка морыць цябе голадам, ты мо у тыдзень раз спіш з ёю як мужчына, вось чаму ты і высах у трэску, як манах, адны мошчы засталіся... А я з цябе зраблю чалавека, ты ў мяне будзеш як маляваны — усе бабы будуць перад табою падаць!..

Яна перавяла дыханне, адштурхнула ад сябе столік, ажно з яго пасыпаўся і зазвінеў посуд, але яна нават не глянула ў той бок і выйшла на хату, стала хадзіць, то нечакана спыняючыся, то робячы рэзкія павароты, упірала у яго свае круглыя лупатыя вочы:

— Ты... ты атруціў мне жыццё! Цяпер я не магу без цябе... Ты гэта ведаеш? Ведаеш? Усё мне не міла... Адзін ты для мяне... I што я буду рабіць, як ты ад мяне пойдзеш? Я павешуся, я атручуся, я жыць усё роўна не буду... Не буду адна... Не змагу адна!.. Ох, якая я дурная баба! Не магу сабе дараваць! Ужо думала, што знайшла сабе шчасце, што буду, як і ўсе, радавацца і жыць. Ды дзе там? Ён усё трымаецца за тую сухую пятніцу, служыць ёй, як чорны раб! Няўжо табе не абрыдла яшчэ гэтае рабства? Ты ж мужчына, вольны выбіраць, дыктаваць умовы! Дык няўжо ты сляпы ці ў цябе няма чалавечых пачуццяў, няма мужчынскай гордасці, калі ты можаш жыць і рабіць тое, што табе няміла, што табе астабрыдла! Які ты пасля гэтага мужчына, які пасля гэтага чалавек? Які? Скажы мне, які?

Рамейка сядзеў, як пад градам каменняў, і слухаў, і думаў, чакаў, калі ўжо гэты вулкан вывергне ўсю сваю лаву, калі скончыць бушаваць.

I калі на пачатку яе словы толькі смяшылі, то цяпер яны пачыналі закранаць за жывое, траплялі ў балючае месца, і яму ўжо хацелася з ёю не згаджацца, не маўчаць. Але ж хай выгаварыцца, хай ачысціць душу, хай!

А яна ўжо зрабіла поўны круг і вярталася да гаго, з чаго пачала:

— Так і ведай, Алеська! Не пушчу цябе дадому! Не пушчу! Тут будзе твой дом! Тут, у гэтай кватэры! Даволі я нацярпелася! Касцьмі лягу, а не выпушчу цябе адгэтуль!

«Вось табе, Рамейка, за тваю цікаўнасць і мяккасць. Так табе і трэба», — ужо сур’ёзна думаў ён сам сабе.

9

У той спякотны дзень, едучы з Мінскага мора, Рамейку так і не ўдалося як след пагаварыць з зямлячкай. Нешта яна спяшалася і ўвогуле была нейкая ці хворая, ці нечым вельмі ўзрушаная. Гаварылі мала: ён сказаў некалькі слоў пра сябе — што збіраецца ў адпачынак, яна — што многа клопату дома, на рабоце таксама, — усё тое, што ў такіх выпадковых сустрэчах людзі могуць спытаць адно ў другога ці сказаць. Яна нават не ведала, дзе ён працуе, і ўзяла ў яго рабочы тэлефон, а ён запісаў яе хатні.

Высокі светлы хлопец — гэта, аказваецца, яе самы меншы сын — маўчаў увесь час, толькі кідаў у яго бок цікаўныя позіркі, як бы ацэньваў гэтага пажылога незнаёмца, які штосьці мае да яго маці.

Прайшоў тыдзень ці больш, покуль яны сазваніліся і «прызначылі спатканне». Яна канчала работу — начное дзяжурства ў бальніцы, — а ён адпрасіўся ў начальства: ёсць важная справа. Для чаго ён так рабіў — і сам не ведаў, але яго цягнула дазнацца урэшце, што гэта за зямлячка і як яна жыве. Паколькі пры бацьках, як ён лічыў, яна жыла лёгка, то цяпер, гадуючы двух сыноў, ёй, пэўна ж, не соладка жылося, ды і цяпер, відаць, хоць дзеці ўжо дарослыя.

Падумаў, што ўзяць з сабою. Цукерак — і больш нічога. Пэўнага плана ці намеру ў яго не было, але нейкая схаваная нават ад яго самога падсвядомая цікаўнасць жыла ў ім, нешта было ў гэтай жанчыне такое, што абавязкова хацелася спазнаць: як добра аформленая тоўстая кніга абяцае чытачу многа нечаканасцей і цікавых часін. I чамусьці яшчэ яму здавалася, што ў яе, Ларысы Ланеўскай, ёсць тое, чаго няма ў яго жонкі, чаго няма ў Ноны Варанчак, хоць яны і распінаюцца, жартам і сур’ёзна хваляць сябе і сваё непадабенства да іншых, сваю арыгінальнасць.

Праўда, у іх шмат «арыгінальнасці», але якраз цяпер яна не здаецца Рамейку такой прывабнай, як здавалася некалі, — гэта просталінейнасць, грубаватасць, што больш падыходзіць мужчынскаму, а не жаночаму характару.

А Ларыса Ланеўская, яшчэ па школе ён памятае, вызначалася далікатнасцю, выхаванасцю. Гэтая рыса ў чалавеку з гадамі яму падабалася ўсё больш і больш.

Чамусьці яго трэсла ад хвалявання. Чаго, якога? Стаў сябе лаяць, ушчуваць: яму, «старому донжуану», яшчэ хвалявацца, ляскаць зубамі? Час павінен быў прытупіць яго пачуцці, а тут нешта нейкае — не мінаецца, не праходзіць. Мо ён і не старэе... душою? Смех — ён не старэе? Усе старэюць, значыць, і ён не выключэнне.

Ларыса Ланеўская павінна была выйсці недзе ў гадзін дзесяць, і ён чакаў яе на дарожцы з корпуса, у якім яна працавала. Медыкі ішлі на змену. Адны свежыя, адпачнутыя, адпрасаваныя, з пахам парфумы; другія — з дзяжурства: стомленыя за ноч, з бліскучымі запалымі вачыма, нейкія як памятыя, з пахамі, далёкімі ад парфумаў і адэкалонаў; ішлі людзі з пакетамі і сумкамі, перадачамі для хворых — заклапочаныя, з трывогаю і горам у вачах. Ён за сваё жыццё наглядзеўся на такіх людзей, бо даводзілася хадзіць у бальніцу — ці да жонкі, ці да дзяцей, ці да каго блізкага або таварыша, а самога яго, праўда, пакуль што абмінала гэтая горкая чаша — ляжаць у бальніцы... Але сюды, ён ведаў, трапіш і здаровы, а робішся як хворы. Нават чужы боль баліць і табе — па індукцыі, ці як гэта назваць дакладна.

Насустрач ішла жанчына ў белым касцюме, з чырвонай сумачкай у руцэ. Здаецца, яна? Рамейка захваляваўся, пайшоў насустрач: так, гэта была Ларыса. Яна выглядала стомленай — твар бледны, трохі падфарбаваныя вусны, гладка прычэсаныя валасы — і больш ніякіх штучных атрыбутаў, усё натуральнае.

Предыдущая главаГлава 9 из 42Следующая глава