Усё перамяшалася. Як тая цётка казала: змяшаў языкі, змяшаў і розум — няма парадку ні на небе, ні на зямлі. Купляй кажух летам, а купальнік — зімой.
Рамейка выбраўся з аўтобуса «Вакзал — Мінскае мора» ўвесь потны, злы, як галодны звер, і стомлены. Надумаў урэшце зрабіць вылазку на мора — адзін. Бо жонка з малодшаю дачкою паехалі ў Віцебск да старэйшай, павезлі падмацункі да сесіі, а ён адмовіўся, хоць і яго клікалі, хоць жонка і пакрыўдзілася. Ды гэта не першы і не апошні раз, бачыў ён яшчэ большыя крыўды, перажыве. I вось сёння ён падумаў-падумаў і рашыўся выйсці на прыроду — вясна скончылася, а ён не дакрануўся яшчэ босымі нагамі да травы, не дакрануўся рукою да кары дрэва ў лесе, не чуў песні жаўранка, не кажучы ўжо пра салаўя, гэты гарадскі чалавек. Усё сядзіць у сваім каменным мяшку, усё нечым заняты, усё яму не стае часу. А як азірнецца аднойчы — то і жыцце прайшло, зімы-весны прашумелі, праляцелі, як іх і не было! Вось так!
Людзей на моры сабралася поўна, мо не менш, як у горадзе, і дарэмна Рамейка шукаў, дзе радзей, дзе не так густа бялеюць, смуглеюць і стракацяць купальнікамі жаночыя, мужчынскія, дзіцячыя целы, дзе пры беразе ў вадзе не так мільгаціць у вачах ад мітусні чалавечых фігур, дзе не такі шум-гам і гармідар узнімаецца над вадою. Аднак жа ён прайшоў пару кіламетраў пры беразе, усё прыглядаўся, выбіраючы шчаслівейшае месца, хацеў дабрацца хоць да якіх кустоў, дрэў, але тут іх не было і блізка, і таму ён са стогнам кінуў свой цяжкі партфель на траву, сеў і стаў разувацца-распранацца.
Потым разаслаў на траве дзяружку, якую заўсёды браў з сабою ў такіх выпадках, дастаў тоўсты часопіс, акуляры і хацеў ужо брацца за чытанне і загаранне, як перадумаў: трэба паглядзець, якая вада, хоць ногі абмачыць. Прабегся да берага, выкіроўваючы, каб не наступіць на каго, каб не збіць каго з ног, ускочыў у ваду. Адразу ногі як апякло, але ён пастаяў, апырскаўся, абліўся — і гарачынь з цела паволі адступіла, стала лягчэй на сэрцы і ў галаве.
Тады Рамейка прайшоў па вязкім дне далей ад берага, вада дайшла яму да грудзей — і паплыў. Вада была прыемная, цёплая, толькі каламутная, з нейкім пухірыстым накіпам, з нейкім жаўтавым пылком на паверхні — ці не пылок траваў і дрэў, што нагнала сюды ветрам? А мо мінеральныя ўгнаенні? Але не, дажджоў доўга няма, яны ляжаць сабе спакойна на полі, не прыносячы ні шкоды, ні карысці. Гэта некалькі год назад Рамейка быў тут на пачатку лета пасля вялікіх дажджоў, то бачыў, як пры беразе плавала жыватом угару вунь колькі нежывой рыбы — атруцілася рознымі ўгнаеннямі, якія дажджы пазмывалі з поля. Вось так і выходзіць: адным канцом на карысць, другім — на шкоду.
А калі нахлябтацца такой вады? Ён павярнуў назад, бо ўжо адплыў далёка ад берага. Знайшоў нават вачыма свой бярлог: дзяружка, партфель, белая майка на ім — знарок, каб было відаць здалёк. Людзі то закрывалі яго арыенцір, то зноў адкрывалі, а ён плыў паралельна берагу, часам касіў вокам — на ўсякі выпадак. У тое, што там у яго нехта ўкрадзе — не верыў, бо колькі жыве, у яго нічога ніколіі не ўкралі, а колькі давялося ездзіць на цягніках, начаваць на вакзалах...
3 непрывычкі хутка стаміўся: задыхаўся, сэрца аж, здаецца, стукае аб рэбры грудное клеткі. Але стаў заграбаць рукамі спакайней, павольней, пасля лёг на спіну, праплыў трохі, зноў перавярнуўся на жывот. Людзей усё прыбывала, было недзе пад дванаццаць, сонца ўзнялося высока, а ў небе — ні адной хмурынкі. Але яму пачало рабіцца холадна — значыць, растраціў усю вольную энергію, час вылазіць з вады.
Калі выбіраўся на бераг, яго аж хістала, але адчуванне было прыемнае: цела стала лёгкае, як бязважкае, сонца лашчыла мокрую скуру, лёгкі ветрык асвяжаў твар і ўсё цела. Добрая гэта рэч — вада! Шкода толькі, што так рэдка даводзіцца нам дакранацца целам і душою да гэтага гаючага бальзаму. Гэта ж сорамна людзям сказаць: ён толькі першы раз за ўвесь гарачы май і палову чэрвеня выбраўся на прыроду, ды і то неяк выпадкова — мо толькі таму, што не вісела на шыі сям’я. А ўвогуле часам добра адарвацца, адкаснуцца ад усяго, што цябе акружае, звязвае, не дае табе пабыць сам-насам з прыродай, з сабою самім урэшце, бо калі ты ў вечным акружэнні людзей, ты ўжо робішся сам не свой, а нейкі падобны на пятага, на дзесятага, на каго хочаш, толькі не сам на сябе.
Рамейка ўпрыскочку наблізіўся да свайго берлагу, не выціраючыся бухнуўся на дзяружку і доўга ляжаў, як раскрыжаваны, раскінуўшы рукі і ногі, пазіраў у неба — чыстае, бяздоннае і блакітнае да рэзі ў вачах, дыхаў на поўныя грудзі і адчуваў, як ад зямлі ў яго ўліваецца нейкая новая сіла, якая дагэтуль была яму невядома і незнаёма. Няўжо яшчэ можна вярнуць маладосць і той час, поўны, здавалася, невычэрпнай і беспрычыннай радасці, час летуценняў і пошукаў, якія не заўсёды нешта давалі, але якія прыемныя самі па сабе, як працэс, што прыносіць асалоду і адчуванне шчасця — і нават бясконцасці жыцця!
Э-э-э, не, такое адчуванне — ненадоўга, яно толькі як напамінак, што ўсё лепшае ўжо мінулася і не вернецца ніколі, а гэта — толькі далёкае рэха, толькі адгалоскі той песні, якая ўжо спета, толькі іскры, бледныя іскры таго вогнішча, якое ўжо дагарэла да тла. Бо прырода такая, што яна па два разы не дае, яна дае ўсяго адзін раз, а другі — гэта ужо некаму другому, а не табе. I не падстаўляй дарэмна рукі — апячэшся. А калі ты не змог правільна распарадзіцца тым, што табе далі, і калі ты нават каешся і просіш даць паўтарыць тое, што ты рабіў, але ў новым і лепшым варыянце, — цябе ўсё роўна ніхто не пачуе і не пашкадуе. Таму не кайся і не плач: ты пражыў так, як пражыў, — і памылкі свае не паправіш, бо на гэта патрэбна новае жыццё. А мо і не памылка тваё жыццё, проста яно такое атрымалася, бо ты хацеў так, бо ты ішоў туды, куды цябе цягнула, бо ты рабіў тое, што табе было люба, і не рабіў таго, чаго табе не хацелася. I таму вось і такі вынік, такі падрахунак твайго жыцця. Не плач і не трапячы нагамі.
А мо ўсё ж паспрабаваць паправіць памылку? Толькі ці ўпэўнены ты, што гэта памылка? Ці ўпэўнены? Не ўпэўнены, аднак... Калі жывеш і ў цябе пуста ў душы, нікога там няма і нічога туды не просіцца, то ці не памылка тут самой прыроды? Хоць сама прырода не выцерплівае пустаты. Яна запаўняе ўсе пустоты. I часам, калі няма чым добрым, то яна запаўняе гэтую пустату абы-чым. I гэта, няйначай, і называецца іроніяй лёсу...
Але чаму ты, як той дзікун пад пальмай, што ляжаў і чакаў, пакуль на цябе не сыдзе божая літасць, чаму сам не паварушыў і пальцам, каб нешта змяніць, каб спатоліць прагу душы, каб запоўніць яе жывой вадою? Чаму? Чаму?
Пытанне заставалася без адказу.
У душу ўрэшце не клічуць. Туды заходзяць, не спытаўшыся нават дазволу, як у храм. Але застаюцца толькі выбраныя, толькі рэдкія.
Часам чалавек можа пражыць жыццё, і ў яго душу не прыйдзе той, каго ён чакаў, — гэта ўжо няшчасны чалавек. А калі гэта адбудзецца на заходзе сонца? Як тады лічыць? Усё ж, відаць, шчасцем таксама, бо чалавек паспытае ўсё ж таго, чаго прагнуў шмат гадоў.
Нона Варанчак? На заходзе сонца? Не, проста гэта не тое. Яна не для яго душы. Яна мо толькі праз цела абудзіла прагу да нязведанага. А так у іх зусім мала агульнага, у іх няма таго клею, які можа склеіць, знітаваць дзве палавіны ў адно...
Раптам нешта цёмнае і вялікае са свістам і шумам праляцела над Рамейкам і бухнула яму пад грудзі. I ў той жа момант ён пачуў недалёка дружны малады рогат. Ён усхапіўся, як уджалены, але не мог адразу разагнуцца і дыхнуць — футбольны мяч трапіў яму ў самае сонечнае спляценне.
— О чэрці! — вылаяўся Рамейка і перавярнуўся на жывот, падстаўляючы спіну і ўсё астатняе сонцу і другому мячу. — Не дадуць падумаць чалавеку, — сказаў сам сабе і ўзяўся за часопіс.
Але пагартаў, паглядзеў адно, другое — чытаць не хацелася. Перад ім кампанія хлопцаў і дзяўчат рэзалася ў карты, далей, за метраў дваццаць, стаяла кола з маладых, загарэлых і стройных, якія так білі па мячы, нібы стараліся загнаць яго ў неба, — і каб ён адтуль не вярнуўся; справа ад яго дзве дзяўчыны на квяцістай дзяружцы чыталі кніжкі, злева тры хлопцы падабедвалі і пілі гарэлку. У такую спякоту — і хоць бы што, зараз пойдуць у ваду, і будзе гэтае мора ім па калена.
Было многа маладых бацькоў з дзецьмі. I як адны з іх не адпускалі сваё дзіця ні на крок, не давалі праявіць самастойнасць — ні на беразе, ні ў вадзе, дрыжалі за іх і ўвесь час камандавалі, так другія занадта спакойна займаліся сваім — пераважна чытаннем ці картамі, круцілі ручкі транзістараў, а дзеці пасвіліся на волі — рабілі, што хацелі, і хадзілі, дзе хацелі. I чаму гэта такія розныя людзі на зямлі? Няўжо гэта для таго, каб жыццё не было аднастайным і сумным, а каб заўсёды было шматфарбным, шматаблічным, зменлівым і рухомым, як вечная рака? Яно ідзе сваім ходам і нічым ты яго не спыніш, Рамейка, як бы ты ні хацеў, каб яно цябе пачакала. Адзінае выйсце — даганяць яго. Калі яшчэ маеш сілы — даганяй, калі ж не — не бярыся. Бо няма горш, як даганяць тое, што не стаіць на месцы...
Чытаць не цягнула. Ён пазіраў сяды-тады на дзвюх суседак справа і зайздросціў ім: яны, здаецца, ні разу не перакінуліся словам адна з другою, не адрываюць вачэй ад кнігі. А ён — сапсуты чытач, не можа чытаць без алоўка. Не можа чытаць і тое, што трапіць пад руку, выбірае, перабірае: то яму не так, то яму не гэтак. Вось узяўся чытаць аднаго прыстойнага, у гадах, празаіка — і ходзіць, як мядзведзь каля калоды пчол, і не можа падступіцца: ніяк не ўгрызціся. Патрэбен аловак, бо часам слова так перакручана, што доўга думаеш — а навошта? Няўжо знарок арыгінальнічае? Каб гаварылі ці каб не разумелі? Колькі гадоў назад Рамейка купіў быў дзіцячую кніжачку таго ж аўтара, весела размаляваную добрым мастаком. Раз пачытаў сваёй меншай дачцэ — неяк яна безуважна яе праслухала. А калі праз некалькі дзён узяў яе пачытаць яшчэ, яна сказала: «Не чытай гэтай кніжкі, яна нецікавая».
Недзе ў гадзіны тры па абедзе Рамейка зноў сеў у душны аўтобус і рушыў у Мінск. Пасажыраў было яшчэ нямнога, яшчэ не скранулася з месца асноўная маса, яшчэ загаралі, купаліся, весяліліся, — таму тут меліся нават вольныя месцы. Рамейка ўсеўся на заднім сядзенні, ля матора — грэла і ў плечы, і ў шыю — ад сонца, грэла і ніжэй — ад матора. «Хоць выграю старыя косці», — падумаў сам сабе з усмешкаю.
Недзе на другім ці на трэцім прыпынку ад мора ў аўтобус селі пасажыры. Праз пярэднія дзверы зайшла жанчына сярэдняга росту, у яго гадах. Сэрца Рамейкі неяк міжвольна здрыганулася-страпянулася — гэта была яго зямлячка, некалі разам вучыліся, толькі яна скончыла школу раней за яго на год, паехала вучыцца ў Мінск і адразу ж выйшла замуж. Сяды-тады, вельмі рэдка, ён яе бачыў — зблізу ці здалёк, сяды-тады вітаўся і гаварыў пару слоў, калі выпадала сутыкнуцца твар у твар, бо знаёмыя яны былі павярхоўна, яна для яго ўяўлялася чалавекам з другога свету, як лічыу ён, і баяўся да яе падысці, тым болей — загаварыць. Да ўсяго яна яму падабалася яшчэ з таго часу, са школы. Але пра гэта яна, пэўна ж, нічога не ведала. Ён нават у думках не асмельваўся пазнаёміцца з ёю бліжэй, распытаць, чым яна жыве, што яе хвалюе, пра што яна думае. Праўда, цяпер трохі ўсё змянілася. Цяпер ён не толькі былы пастух, вясковы хлопец, ён ужо нейкая фігура на роўным месцы: выдавецкі работнік, нават літаратар-перакладчык. I на настаўнікаў ужо глядзіць не так, як глядзеў тады, амаль трыццаць гадоў назад, лічачы іх па меншай меры раўнёй з багамі. I хоць яна дачка настаўнікаў, а лёс яе выйшаў нялегкі і складаны, горшы, як у яго. Здаецца, яна ўжо даўно засталася з дзецьмі адна, без мужа. Дзе ён падзеўся, Рамейка не ведаў: ці памёр, ці яны разышліся. Праўда, дзеці ў яе ўжо дарослыя, як і ў яго, нават старэйшыя, бо яна выйшла замуж студэнткай, недзе на першым курсе, а Рамейка ажаніўся, калі пайшоў ужо на свой хлеб.
Што казаць, у кожнага свой лёс, сваё жыццё, свой тэмп...
Ён цяпер не зводзіў з яе вачэй, хацеў, каб яна азірнулася назад, ды яна, Ларыса Ланеўская, а па мужу Сечанава, як знарок, пазірала толькі перад сабою, нават не адчувала, што за ёю сочаць вочы земляка. I не толькі земляка... Яна стаіць, бо месцы ўсе заняты. Яму робіцца няёмка, яшчэ больш горача і нават млосна, ён ужо стаў увесь мокры ад поту, але што тут рабіць? Сеў у летні аўтобус, то цярпі. Можна было ехаць электрычкаю, але чамусьці яго пацягнула на аўтобус. I вось цяпер ён яе ўбачыў... За гэта ён гатовы быў вынесці і не такія пакуты, як сённяшняя гарачыня...
Раптам Рамейка заўважыў, што Ланеўская загаварыла з маладым высокім хлопцам у жоўтай тэнісцы, з якім яна разам заходзіла ў аўтобус. Няўжо яе сын? Нешта зусім не падобны — светлавалосы, нос роўны, велікаваты, твар худы і бледны, мала загарэлы. А яна шатэнка, у меру таўсматая, фігурыстая кабета, хоць з твару хударлявая, але прыемная, — нешта ў ёй было ад паўднёвага, грэцкага тыпу — гарбаносасць, непакорлівасць валасоў, круталобасць. I дзіўна было тое, што яна не старэла — нібы чагосьці чакала. Здаецца, што яна мала чым змянілася за гэтыя многія гады...
Калі ўехалі ў горад, Рамейка не зводзіў з яе вачэй — яму трэба было выйсці з імі разам.
«Няўжо на мяне сёння, як на таго дзікуна пад пальмай, зваліцца какосавы арэх? — думаў сам сабе Рамейка. — Як той футбольны мяч, які стукнуў мне сёння пад дых... А то? Тут ёсць нешта нават сімвалічнае. Футбольны мяч, какосавы арэх, божая благадаць... Што ж, мо як і пражыву», — уздыхнуў ён. Аўтобус пад’язджаў да кальцавога прыпынку.
8
Нона Варанчак ледзь не сарвала графіка — зацягнула з дапрацоўкай на цэлы тыдзень. Пакуль перадрукавалі рукапіс, пакуль вычыталі, пакуль прачытала начальства...
Рамейка нават хваляваўся: ці ўсё пройдзе гладка? Праўда, галоўны рэдактар сказаў, прачытаўшы рукапіс: «Слабавата ты адгабляваў гэтую Варанчак, мала падціснуў, скажу табе шчыра. Але што зробіш? Не вяртаць жа яшчэ раз на дапрацоўку. Толькі лішняя нерватропка».
На што Рамейка яму адказаў: «Вы правільна заўважылі, што мала я падціснуў рукапіс. Малавата было часу. Я ўжо каюся, што згадзіўся так лёгка браць яе рукапіс ад Юрлевіча. Неяк справіўся б і ён сам, неяк бы яны памірыліся. Неяк бы ён яе падціснуў і сам, без мае дапамогі».