Яны павіталіся, абое сталі.
— Ну, як прайшло дзяжурства? — першы спытаўся Рамейка і глянуў у яе чыстыя блакітныя вочы.
— Сёння якраз спакойна, нават трохі заснула, — усміхнулася Ларыса, паказаўшы тры пярэднія залатыя зубы.
— А кветкі? Гэта падораныя? — паказаў ён на букецік гваздзікоў.
Яна сціпла кіўнула галавой.
— Бачыце, а я з пустымі рукамі. Нібы мне папрок...
— Ну што тут такога? Не перажывайце. А кветкі нам дораць часта.
— Нават і цукеркі?
— Бывае, што і цукеркі. Асабліва пры выпісцы, калі хворы паправіўся.
— Пасля хваробы чалавек заўсёды дабрэе душой. Хвароба ачышчае. Так ці не я кажу?
— Відаць, не ўсе роўныя перад хваробай. Некаторых яна робіць яшчэ больш злымі.
— Ну, гэта тых, хто страціў надзею выздаравець.
— Магчыма, што і так, — адказала яна няпэўна. I перавяла гаворку на другое: — Мне яшчэ трэба ў магазін.
— А мне з вамі можна? — усміхнуўся Рамейка.
— Калі ласка, — адказала сур’ёзна.
Яны зайшлі ў гастраном, яна купіла малака, паўбохана хлеба, яек. Рамейка здзівіўся, што так мала, але падумаў: а якая ж у яе сям’я? Два ці тры чалавекі? Ён так і не ведаў дакладна, але пытацца не стаў: хіба гэта яго клопат? Хоць хацелася ведаць пра яе ўсё, да драбніц... «Землякі. Як мала мы цікавімся сваімі блізкімі, як многа заняты самі сабою! Што гэта робіцца з людзьмі?» — перайшоў на дакоры Рамейка.
3 гастранома яны накіраваліся на аўтобусны прыпынак. Рамейка нёс поліэтыленавы мяшэчак з пакупкамі і свой неразлучны партфель, а Ларыса Ланеўская — ён ніяк не мог прывыкнуць да яе прозвішча — Сечанава, — несла свае кветкі і сумачку.
Яны селі на аўтобус і паехалі па вуліцы, якая была добра знаёма Рамейку. Тут з аднаго боку стаялі дамы, карпусы акадэміі, з другога быў Батанічны сад, абнесены высокай металічнай агароджай з дзіўнымі графінападобнымі бетоннымі слупамі. Гуляючы калі-небудзь у вольную часіну, Рамейка любіў прыходзіць сюды — колькі гадоў назад тут яшчэ не было вуліцы, ісці даводзілася па глухой сцежцы ля Батанічнага саду, якая вяла да часовага інтэрната акадэмічных аспірантаў.
Цяпер ад таго інтэрната ўжо не засталося і следу, аўтобус паімчаў іх далей, павярнуў налева — і праз адзін прыпынак яны выйшлі, зноў скіравалі налева. Мінулі невялікі магазінчык, невялікія двухпавярховыя домікі і падышлі да вялізнага, доўгага, як кітайская сцяна, дома на кватэр семсот ці болей. У гэтым доме і жыла цяпер яго зямлячка Ларыса Ланеўская.
На засмечаным і слаба асветленым ліфце яны ўзняліся на сёмы паверх.
Выйшлі на пляцоўку, зайшлі ў тамбур — і тут жа Рамейка пачуў з кватэры сярдзіты сабачы брэх. Ларыса Ланеўская паціснула на ручку дзвярэй, яны адразу адчыніліся — і Рамейка ўслед за ёю ўвайшоў у прыхожую — як дзве кроплі вады падобную на тую, што ў іх кватэры. Гаспадыня супакоіла сабаку — чорнага бясхвостага дабермана з рыжымі абводамі-дугамі над вачыма і рудою грудзінай, і правяла Рамейку цераз прахадны пакой направа. Сабака абнюхаў яго неяк падазрона, але, здаецца, не знайшоў нічога варожага і прапусціу спакопна.
— Гэты сабака не кусаецца? — на ўсякі выпадак спытаўся Рамейка.
— Гэты сабака не сабака, а сучка, — адказала з усмешкай Ларыса, — і мая лепшая сяброўка.
— Вашы сябры — мае сябры, — жартам адказаў Рамейка.
I тут ён як у ваду глядзеў — пасля яны ўспаміналі не раз. Толькі цяпер зразумеў Рамейка, што ён у такой жа кватэры, як і яго, толькі два пакоі, якія ў яго сумежныя, тут адзін прахадны — вось і ўся розніца. «О чорт, — ледзь не ўскрыкнуў Рамейка, — тут нават шпалеры такія, як у мяне — блакітнаватыя, з узорам — драбінкай, адціснутым залацістай фарбай. Лоджыі, выхад — усё, як у мяне. Не, тут нешта нават сімвалічнае. Каб часам я не зблытаў гэтай кватэры са сваёй», — падумаў са смехам у душы.
У пакоі стаялі два вузкія драўляныя ложкі пры супрацьлеглых сценах, камод, трыльяж на ім, нешта падобнае на сервант, але нейкіх паменшаных габарытаў, чорная бліскучая шафа, маленькі столік, некалькі крэслаў, — адным словам, было цесна. Так, ва ўсякім разе, на першы погляд здалося Рамейку.
— Вы даруйце, што ў мяне так... няўтульна. Жывём неяк сённяшнім днём, як госці, — сказала Ларыса, абводзячы ўсё лёгкім жэстам правае рукі. Яна ўжо скінула свой белы касцюм і апранулася ў доўгую карычневую спадніцу і белую шаўковую блузку з кароткім рукавом, вышытую англійскай гладдзю, якая добра падкрэслівала яе формы і маладзіла твар, — ведала, што апрануць!
— Ну што вы, якраз вельмі ўтульна, — трохі мо перабольшыў Рамейка, хоць гатоў быў паклясціся, што ўсё тут цудоўна.
Яна трохі як быццам паспакайнела ад яго слоў, нават павесялела і сказала:
— Я рада, што вам падабаецца ў мяне... Вы пабудзьце тут трохі, я прыгатую чай. — I яна выйшла, неяк артыстычна крутнуўшыся.
Рамейка адно пакруціў галавою: ну і кабета! Хацеў сказаць наўздагон, што ён ужо снедаў, але перадумаў: хай будзе так, як яна кажа. Раз прыйшоў у госці, то рабі тое, што табе кажуць. Дзіўна неяк апынуўся ён тут: увязаўся за ёю, а яна нічога не сказала — раз едзеш, то едзь, не буду ж я цябе праганяць. Рамейка яшчэ раз агледзеў пакой і адчыніў падвойныя дзверы на лоджыю. I тут было цесна: стаялі нейкія скрынкі, вялікія, кілаграмаў дваццаць-трыццаць, калі пакласці туды хоць бы бульбы, нечым, відаць, напакаваныя — нібы людзі збіраюцца куды пераязджаць ці нядаўна толькі пераехалі. Не, здаецца, яны тут ужо жывуць гадоў пяць, не меней.
...Перад вачыма была невялікая плошча, застаўленая цаглянымі двухпавярховымі домікамі, збудаванымі няйначай даўно; далей, як скінуць вокам, — віднеліся карпусы і каміны заводаў. А гэты вялізны дом-гармонік, «кітайская сцяна», трохі як перакрыўлены, як разгорнуты звітак папіруса, пабудавалі тут, відаць, гадоў пяць назад на насыпным грунце, бо побач была рэчачка, а паабапал яе — нізкія балоцістыя берагі. Адным словам, з аднаго боку — горад з усімі яго дабротамі, з другога — сельская прырода: рачулка, сажалкі, канавы, далей — зеляніна Батанічнага саду. А ўнізе, на заасфальтаванай вузкай дарожцы пры доме, снавалі людзі, ездзілі машыны, на дзіцячай пляцоўцы ў пясочніцы і на арэлях бавіліся дзеці пад пільным наглядам мамаў і бабулек, на лаўках ля кожнага пад’езда сядзелі пенсіянеры, пераважна жанчыны.
Пачуліся крокі, у пакой зайшла гаспадыня — нейкая ўзрушаная, нават паружавелая.
— Скажыце, дзе будзем піць чай: тут ці на кухні?
Хоць тут было б больш утульна, а галоўнае — інтымна, але навошта насіцца, калі можна і там.
— Хай на кухні, вам меншы клопат, — сказаў ён.
Яны пайшлі — Ларыса першая, ён за ёю, а сабака — следам за ім. У Рамейкі жыло недарэчнае чаканне, што вось зараз гэтая чорная сучка-даберман схопіць яго за калошу штаноў, але па тым, як гаспадыня смела давярала свайму сабаку, мог толькі здагадвацца, што на такое яна не здольна.
Кухня была дакладна такая, як і ў яго, толькі столік стаяў не пры акне, як у яго, а пасярэдзіне, упрытык да ўнутранай сцяны, і таму здавалася цяснейшай — мо нават таму, што быў большы халадзільнік.
Злева стаяла палічка для посуду з квяцістай фіранкай, а ў кутку за плітой Рамейка ўбачыў прыстасаванне, якога ён не бачыў даўно, з таго часу, як выехаў з вёскі. У іх гэта называлася стойкай — для малых дзяцей, якія ўжо могуць стаяць, але яшчэ не ходзяць. Цяпер у дзірцы, куды ўстаўляецца малое, стаяла міса, у якой кармілі сабаку.
Гаспадыня ўбачыла яго пільны погляд у куток за пліту, моўчкі ўсміхнулася.
— Сядайце вось тут, — паказала яму, а сама села насупраць плячыма да акна. А сабаку загадала: — Магда, ляжаць!
I тая паслухмяна лягла пры стале — так, каб быць паміж госцем і гаспадыняй.
Стол быў засланы палатняным абрусам, вышытым дробнымі палявымі кветкамі вяночкам — вышыты ўмела, з густам. Злева ад сподачкаў ляжалі згорнутыя канвертам-трохкутнікам: адпрасаваныя накрухмаленыя сурвэткі, таксама з вышыўкай.
— Хто вышываў? — неяк само сабой сарвалася з языка ў Рамейкі.
— Я сама. Хто ж мне вышые? — адказала гаспадыня.
— Прабачце, падумаў, што мо куплялі. Не падазраваў, што вы ўмееце вышываць.
— Я ўсё умею. Жыццё навучыла.
— I дровы калоць умееце? — спытаў з усмешкай.
Яму было дзіўна, што гэтая беларучка, дачка гарадскіх настаўнікаў, умее вышываць, умее ўсё рабіць сваімі далікатнымі рукамі.
— А што тут такога? Вось да гэтай кватэры мы жылі ў доме з печкамі, дык даводзілася ўсяго — старэйшы хлопец быў у арміі, а гэты яшчэ малы... Усё сама рабіла.
— Дык колькі ў вас хлопцаў — я так і не ведаю.
— Няўжо? А мне здаецца, што ўвесь свет ведае, — неяк стушавалася і нават як бы засаромелася яна. — Двое хлопцаў у мяне, ні многа ні мала. — I, нібы папярэджваючы ўсякія другія пытанні, якія могуць яшчэ быць у госця да яе, тлумачыла далей: — Адзін ужо жанаты, старэйшы, з сям’ёю жыве тут, пры мне, і малодшы таксама, яшчэ вучыцца ў тэхнікуме, будзе будаўніком. Вось якая я багатая...
— А што, і праўда! Два сыны — гэта вунь якое багацце. А колькі ўнукаў?
— Усяго адна ўнучка.
— Малавата, але не сумуйце, яшчэ ўсё наперадзе.
— Ды ўжо ж, буду яшчэ багацейшая.
— Смех смехам, а гэта і ёсць галоўнае наша багацце: дзеці, унукі...
— Каб жа так яно было...
Яны пілі чай, гаварылі. Успаміналі школу, настаўнікаў, сяброў і знаёмых. Землякоў, якіх многа жыве ў Мінску і якіх даводзіцца бачыць у тры, у пяць гадоў раз. А каб запрасіць у госці, пагаварыць, пасядзець спакойна — то ўсё няма калі.
Сучка нечакана пачала церціся носам яму аб нагу.
— Хоча гасцінца... Можна ёй даць што-небудзь? — спытаўся ў гаспадыні.
— Чаму ж не? Яна возьме.
Рамейка намазаў маслам кавалак батона, даў з далоні сабаку. Магда ўзяла далікатна, як нехаця, але праглынула хутка, не жуючы. Зноў лягла і пазірала то на яго, госця, то на гаспадыню, нібы чакаючы каманды.
— Мне здаецца, што вам з ёю шмат лішняга клопату, — сказаў Рамейка гаспадыні.
— Для мяне дык ён не лішні, а нават прыемны. У мяне нешта сялянскае ёсць у натуры — я люблю ўсё жывое. У мяне былі нутрыі, каты, вожык, вось сабака, гэта ўжо другі. Быў маленькі, трапіў пад машыну... Дзеці аж плакалі... Трусіная гаспадарка ў мяне была. Сякі-такі даход прыносіла...
— Ну, ніколі не думаў, што вы такая... — дзівіўся не на жарт Рамейка. — Каб вы ды займаліся гадоўляй нутрый, трусоў! Уявіць немагчыма!
— Нічога тут дзіўнага няма. Трэба было выкручвацца...
Раптам сучка ўсхапілася на ногі, кінулася да дзвярэй, але чамусьці не брахала.
— Чуе, што свой ідзе, — растлумачыла гаспадыня.
Хутка рыпнулі дзверы, нехта прыйшоў, сучка тут жа вярнулася на кухню і лягла на ранейшае месца.
— Віталік прыйшоў, — сказала гаспадыня.
Праз хвіліну на кухню зайшоў высокі барадаты хлопец, чарнявы, даўганосы, і паставіў на халадзільнік сетку з бутэлькамі малака.
— Добры дзень, прыемнага апетыту, — сказаў ён.
— Зноў ты гэтага кумысу накупляў, — папракнула яго маці, калі ён ужо ішоў з кухні. — У халадзільнік не ўбіцца.
Але сын не абазваўся і знік у сваім пакоі.
Рамейка сядзеў, як аглушаны. Перад вачыма стаялі дзве скалечаныя дужыя рукі: на левай, здаецца, засталіся два пальцы, а на правай — укарочаны ўказальны і вялікі.
— Што гэта ў яго... з рукамі? — I хацелася, і страшна было пытацца пра такое, бо ведаў, што закране балючую рану. Аднак жа не мог не спытацца — ад гэтага нікуды не ўцячэш.
— На Поўначы служыў... Трапіў у аварыю. Вось і абмарозіўся, — адказала, панурыўшыся, Ларыса. Яму здалося, што на вачах у яе закруціліся слёзы. Яна памаўчала, памешвала лыжачкай чай, якога ўжо нямнога засталося ў шклянцы.
Рамейка ўжо каяўся, што запытаўся ў яе пра такое. Ні піць, ні есці яму больш не хацелася.
— Вы даруйце, што я так неасцярожна... сыпнуў вам солі... — няўпэўнена пачаў Рамейка, не знаходзячы патрэбных слоў, каб супакоіць яе, а не зрабіць балюча яшчэ раз.
— Нічога, нічога, — загаварыла яна спакойна, нібы здагадаўшыся пра яго думкі і настрой. — Цяпер ужо нічога. Рукі загаіліся — і душа зажыла. А тады... Думала, што не перажыву — бачыць, як з яго рук костачкі выходзілі... Ды і сам ён быў на мяжы... А цяпер вось астояўся. Ажаніўся, мае дачку, вучыцца ў інстытуце, канчае праз год...
Рамейка толькі ўздыхнуў:
— О, чалавек — гэта сіла! Многа ён можа вынесці, як толькі захоча.
Гэтым ён як бы хацеў сказаць, што вось яна вынесла гэтулькі, што хапіла б на траіх, а яна гадавала адна дзяцей, вывела іх у людзі, а тут яшчэ трэба перажыць такую бяду з сынам.
Ларыса толькі ўсміхнулася на яго словы.
— Захоча — тут як сказаць. Тут хочаш — не хочаш, а будзеш несці тое, што табе наканавана. Незалежна ад таго, хочаш ці не хочаш.
— Але другі на вашым месцы мог бы зламацца, так ці не?
— Ну, у мяне мо трохі мацнейшы хрыбет, чым у каго іншага. Таму і цягну.
— А я, прабачце мне за маю слепату, лічыў вас беларучкай, — прызнаўся Рамейка.
Ларыса ціха засмяялася.
— Вось ужо кім не была, дык не была. Неяк усё не выходзіла. Даводзілася маім рукам больш чорнага, чым белага.
Але скаргі на лёс Рамейка так ад яе і не пачуў. «Дык вось якая ты беларучка, зямлячка», — з нейкім змешаным пачуццём радасці і крыўды падумаў ен.
10
Жывучы ў горадзе, нават былому селяніну сенакос можна прапусціць, не заўважыць, але не давалі гэтага зрабіць бацькі ў вёсцы: клікалі на дапамогу. Грошы — глупства, у іх саміх ёсць грошы, але паспрабуй наймі — няма каго. Памагчы тут можна толькі ўласнымі рукамі.
Рамейка звычайна падбіраў сабе адпачынак на сенакос, так прымяркоўвала і жонка, але ў гэтым годзе ім разам ісці не выпадала, і Рамейка выбраўся да цесця адзін. Праз які тыдзень мелася прыехаць на вёску малодшая дачка, у якой скончылася школа.
Як заўсёды, адпраўляючыся ў вёску, Рамейка купіў кілбасы, селядцоў, батонаў і булак, цукерак для цешчы і пляшку гарэлкі для цесця. Жонка дадала нейкіх там кофтаў, адзежак, бялізны для бацькі — і багаж атрымаўся хоць не надта вялікі, але ёмкі.
I вось аўтобусам Рамейка коціць па магістралі Мінск — Масква ўбок Оршы, дзе жывуць жончыны бацькі.