Рамейка адчуў пах спіртнога з яе рота і толькі цяпер зразумеў, што яна п’яная — вось чаму сёння не такая, як была тыя разы.
— Мне сёння ўвесь дзень шэнціць, — гаварыла між тым Нона Варанчак, сама наліваючы ў чаркі. — Сустрэла аднаго прыяцеля — зайшлі ў кафэ, узялі кавы з каньяком. Потым гэтая высокапастаўленая матка аддала грошы за дачушку... Праўда, невялікія, але, як няма, то і гэта добра... Давай вып’ем, каб дома не журыліся. — I яна першай перакуліла чарку.
Рамейка выпіў таксама. А чым жа закусваць? Сёння тут сапраўды выбар — па прымаўцы — як мукі скрыня, то і свіння гаспадыня. I ўзяўся за вяндліну — ужо нешта даўно не стала яе у магазіне.
— А тут і ты якраз, — гаварыла, жуючы качку, Нона Варанчак. — Дзякуй, што зайшоў, адведаў...
— Калі так будзеш працаваць над рукапісам, то невядома, ці паспеем у графік, — вярнуў на сур’ёзны лад Рамейка. Уся гэтая бравада яму не падабалася.
— Ну і нуднік ты, Алесь! Як ты можаш сёння гаварыць са мною пра такія дробязі, як рукапіс, графікі, работа? Плюнем на ўсё гэта! Хіба я для таго цябе паклікала? Такое шчасце я мела і ведала і без цябе... А вось цяпер... Чаму ты мяне не цалуеш? Ну што ты за мужчына? Як цябе толькі жонка пераварвае? Я на яе месцы не сцярпела б такога.
Яна выцерла вусны і рукі сурвэткай, зноў абхапіла яго за шыю, стала цалаваць.
Сёння такая павышаная актыўнасць Ноны Варанчак шакіравала Рамейку. Яму хацелася вырвацца ад яе, хацелася, каб хто-небудзь хоць пазваніў. Але, як назло, усе званкі зацята маўчалі — і тэлефонны, і ў дзвярах.
Ды паступова каньяк рабіў сваё — у Рамейкі закруціла ў галаве, свет непрыкметна перамяніўся, стаў мякчэйшы, не такі строга-суровы, як быў дасюль, а Нона Варанчак паступова набывала ўсё больш прывабныя рысы, рабілася сваёю, усё больш праступала ў ёй жаноцкасць, якая адразу не была прыкметнай, нібы сядзела недзе глыбока, а на паверхні панавала толькі адна мужчынская размашыстасць і знарочыстая грубаватасць.
Чым растлумачыць такую перамену ў чалавеку, Рамейка не ведаў, а потым падумаў, што яна проста міжвольна раздвойваецца на два характары, як адзінокі чалавек, які павінен у жыцці ўмець пастаяць за сябе, рабіць тое, што ў нармальных сем’ях робяць мужчыны. Жыццё зрабіла яе такою мужчынападобнаю. А мо проста такая ўжо натура? Хутчэй за ўсё. Нечым, хоць і далёка, яна нагадвала яму жонку Марыну...
Званок з калідора прагучаў так недарэчы рэзка, што яны абое ўздрыгнулі, разнялі рукі, неяк крытычна-цвяроза агледзелі адно аднаго: ён паправіў у яе валасы на галаве, яна сцерла ў яго нешта на шчацэ.
Званок паўтарыўся, яшчэ больш рэзкі і доўгі.
— Ох, пракляцце! — Варанчак вылаялася і нехаця ўстала з канапы, абцягнула памяты халацік, павяла далонню па твары, нібы здымаючы з яго ўсе недазволеныя фарбы і эмоцыі, якія дагэтуль былі свабодныя, але якіх ніхто чужы не павінен бачыць.
А Рамейка падумаў: дзівачка, няхай бы званілі. Не дазваніліся б — і пайшлі б. Яму нават стала смешна: а мо яна з кім згаворваецца так рабіць? Але навошта? Што ў гэтым прыемнага?
На калідоры пачуліся галасы — жаночы ці дзявочы, потым мужчынскі. Усе кіраваліся ў залу, першай ішла гаспадыня, а за ёю — дзяўчына, не, маладая жанчына, ужо з прыкметным жыватом, высокая, трошкі падобная на матку, хоць вельмі далёка. Хлопец — відаць, муж гэтай маладой кабеты. Яны былі добра апрануты: яна ў квяцістую, ці не фінскую, сукенку, а ён у светлы крымпленавы касцюм, у белы гольф. Гэта быў танклявы, валасаты і насаты хлопец, даволі прывабны.
— Знаёмцеся, — сказала гаспадыня з кіслай усмешкай, — мае дзеці. — А гэта — дзядзька Алесь, мой рэдактар, — кіўнула на яго.
Рамейка ўстаў, яму нават стала весялей, чым было, а чаму — не ведаў. Ён падаў руку дзяўчыне, пасля хлопцу. Іх звалі Наталі і Жан.
— Парле ву франсэ? — сарвалася з языка ў Рамейкі, калі ён пачуў такія французскія імёны. I калі заўважыў здзіўленне на іх тварах, растлумачыў: — Я падумаў, што ў вас нешта з Францыі.
Абое маладыя зарагаталі.
— Яны такія французы, як я амерыканка, — растлумачыла гаспадыня. — Цяпер жа мода на чужое. Сваё — усё нясмачна, усё прыелася.
— Ну маці, ты менш гавары, ты лепей запрашай нас за стол. А то вы тут, я бачу, каньячок смакуеце, а мы мо галодныя, — пачала дачка, і ў гэтай яе бесцырымоннасці ўгадвалася адразу сама маці.
Рамейка падумаў толькі, што яна зараз узарвецца, выбухне гневам ад гэтых слоў, але яна толькі крыва ўсміхнулася і неяк вяла, без свайго ранейшага тэмпераменту, сказала прымірэнча:
— То і праўда, сядайце, мо вы і галодныя. А мы тут... — і яна не скончыла фразы, выйшла на кухню, бразгала там посудам, шукала, відаць, відэльцаў, нажоў. .
На століку стала яшчэ цясней, бо гаспадыня дадала закусак, прынесла яшчэ бутэльку віна, бо каньяк ужо канчаўся.
— О, маці, багата жывеш! — гаварыла дачка, узяўшыся адразу за крыло качкі, а мужу паклаўшы ножку. — Ой, трэба цябе трошкі паграбіць, ой трэба, — ужо з поўным ротам скончыла яна, і абое маладыя зарагаталі.
Неяк цікава ў іх атрымлівалася: глянуць адно на другога і закінуць галовы, зарагочуць у два галасы — як два буслы на буслянцы заклякочуць. Іх такая дзіцячая непасрэднасць адразу ўзняла настрой у Рамейкі, паступова раствараючы пачуццё непрыязнасці, якое ўзнікла ў яго адразу да гэтай маладой пары, асабліва да Наталі пасля яе першай фразы пра каньяк.
— А калі вы да мяне прыходзілі, каб не паграбіць? Калі вы ад мяне з пустымі рукамі пайшлі? Успомніце хоць раз! — Варанчак села на канапе побач з Рамейкам, а дзеці размясціліся насупроць, на табурэціках з кухні. — Убачылі каньяк? А вы ведаеце, што гэта мне добры чалавек паставіў? — і яна шматзначна зірнула на Рамейку і нават падміргнула яму — не выдавай, не прадавай!
— Нешта табе, маці, усё добрыя чалавекі памагаюць жыць. Дзе б гэта мне знайсці такога добрага чалавека?
— Як гэта дзе? — зрабіла кругяыя вочы Варанчак. — А вось ён сядзіць побач з табою. Хіба табе мала?
Наталі зарагатала адна, але праз хвіліну да яе далучыўся і Жан — зноў ва унісон, дуэтам.
— Ну ты і праўду сказала, маці! Каб яшчэ адзін такі, як мой Жан, то хоць ідзі ў старцы. Ён так мне памагае, што маёй зарплаты, а яго стыпендыі нам хапае на два тыдні, а на два другія мы павінны класці зубы на паліцу.
— Я во бачу, што ў вас зубы, як новыя, — пажартавала маці. — Па два тыдні ў месяц на паліцы ляжаць! Як вы так і ўхітраецеся? Навучыце мяне, мае дзеткі!
Яны так трохі пазубаскалілі, нязлосна пагыркаліся, а потым перайшлі на звычайны тон, але ад грошай так і не адсталі: дачка пайшла з маткай у спальню гаварыць пра нешта сакрэтнае, а Рамейка застаўся з Жанам. Яны налілі ў кілішкі віна, чокнуліся і выпілі.
— Дык вы яшчэ студэнт? — спытаўся Рамейка ў хлопца. Той кіўнуў галавой і вінавата ўсміхнуўся.
— Якога курса? — ужо неяк па інерцыі пытаўся Рамейка.
— Вось трэці канчаю...
— То чаго ж? Хутка і фініш, — суцешыў яго Рамейка.
— О, яшчэ доўга...
Ён адказваў коратка, адрывіста, і Рамейку было няёмка выцягваць з яго па слове: хто яго бацькі, ці памагаюць ім, як яны, маладыя, жывуць, — гэта ўжо Рамейка трохі ведаў ад Варанчак, калі яна скардзілася на сваіх сватоў — што куркулі, што ўсяго многа, а вось як збіраецца Наташка радзіць, то ўжо і мерацца да іх перасяліцца.
Але першае ўражанне ад хлопца ў Рамейкі было прыемнае: сціплы, не выпінаецца, не казырыцца. Але што? Пры незнаёмым чалавеку так можа паводзіць сябе кожны малады хлопец, а вось які ён сярод бацькоў, блізкіх ці сяброў, знаёмых — гэта іншая рэч. Толькі там ён натуральны, а тут — часовы, у масцы. А п’е ён без прагі, як часам бачыш сярод моладзі: каб толькі болей! Па ўсім відаць, што хлопец культурны, выхаваны.
Вярнуліся ў залу маці і дачка, абедзве не садзіліся да століка, былі нейкія невясёлыя, нахмураныя.
— Жан, мы пойдзем, — сказала дачка.
Той моўчкі ўстаў. Яму таксама перадалася нейкая трывога: штосьці тут не так...
— То чаго вы? — паспрабавала затрымаць іх маці. — Пасядзіце, паспееце на тое вяселле.
— Вяселле праз тыдзень, маці, не блытай, — рэзка абсекла яе дачка.
— Ай, я й забылася, затлуміла ты мне галавў! То пазвані мне вечарам, мо я што і разведаю, — шматзначна сказала Варанчак дачцэ.
Маладыя развіталіся. Гаспадыня правяла іх, нешта яшчэ яны доўга бубнелі на калідоры, нават з ноткамі сваркі, але сцішанай.
Урэшце грукнулі дзверы, крокі заціхлі.
«Няйначай, зноў прыходзілі да маці пазычаць грошай», — усміхнуўся сам сабе Рамейка.
Зайшла Нона Варанчак, сумна і ціха села на канапу, закрыла твар далонямі, схіліла галаву. Рамейка заўважыў, што ў яе гэты жэст быў часты: яна нібы збіралася засяродзіцца ці адкаснуцца ад нейкіх назойлівых думак.
— Ну чаго ты такая кіслая? — паклаў ёй руку на плячо Рамейка. — Зноў дзеці грошай хацелі? — спытаў проста, без дыпламатыі.
— Адкуль ты ўгадаў? — яна адняла далоні, усміхнулася, гледзячы яму ў вочы.
— Па табе бачу...
Яна ўзяла бутэльку, выліла сабе і яму астаткі каньяку.
— У дзяцей адна песня — дай, — сумна ўздыхнула яна. — А вось дзе, адкуль ім набрацца?
— Хай выцягваюць ножкі паводле адзёжкі, — адказаў прымаўкаю Рамейка. — Ведаеш, што іх губіць, маладых? Гэта тое, што яны не ведаюць меры, як жывуць пры бацьках. Потым ідуць на свой хлеб, бачаць, што свае зарплаты ім зусім мала — і ведаеш, што пачынаюць рабіць? Красці, як гэта ні празаічна, займацца нейкімі махінацыямі — абы толькі задаволіць свае без меры высокія патрэбы.
— Ну, не дай Бог такое бачыць, — махнула рукою Нона Варанчак. — Дзе ты сёння вельмі ўкрадзеш, калі далёка ад усякіх базаў ці складаў? Вось я ці ты? Дзе, пакажы мне, мо і я пайду, бо грошы патрэбны... — яна гаварыла ні то жартам, ні то сур’ёзна.
— Дзівачка! Гэта ўсё проста. Красці можна ўсюды. Вось ты прыносіш мне рукапіс. Я яго чытаю, доўга вывучаю і кажу табе: рукапіс твой слабы, я магу яго зарэзаць, але... але калі ты мне, то я табе. Разумееш цяпер?
— Вось які ты хітры! А я і не думала. I ты так калі-небудзь рабіў?
Рамейку ажно скаланула ад гэтай яе наіўнай прастаты і такой жа просталінейнай бесцырымоннасці, але ён зусім спакойна — як толькі мог спакойна — адказаў:
— Ніколі... А вось з табою так і зраблю. Ты ў мяне не выкруцішся. — I пагразіў пальцам, як нядаўна яна яму.
Нона Варанчак глянула на яго сур’ёзны твар, сама стала сур’ёзнай, а потым па-вясковаму ўспляснула рукамі і разрагаталася:
— О Божа, як ты мяне напалохаў, Алесь! Далібог, аж сэрца зайшлося.
— Чаго гэта? Грошай стала шкада? — усміхнуўся Рамейка і абняў Варанчак. — Вось я цябе і раскусіў, якая ты ёсць. На дзяцей кажаш, а грошы любіш лепей за хлеб.
— А хай яны праваляцца, тыя грошы. I няма — кепска, а як ёсць — то яшчэ горш. Вось прыйшлі, спыталіся, няма — і пайшлі. Што я павінна рабіць? Сама ў доўг жыву.
«Бо не ўмееш гаспадарыць», — хацеў сказаць Рамейка, але стрымаўся: не трэба падліваць масла ў агонь, ёй і так нялёгка.
— А той дзесяткі табе не аддалі? — спытаўся знарок, каб выведаць, ці папросіць у яго Нона яшчэ раз пазычыць.
— Дзе там! I не ўспомнілі! Ім яшчэ пяцьдзесят трэба. Чуў ты такую навіну? — яна нібы запрашала і яго падзівіцца з такога сямейнага цуду.
— Ну а як жа? На вяселле абы з якім падарункам цяпер не ідуць, — паспачуваў знарок Рамейка. — Шкада дзяцей.
— Дзяцей ці грошай? — ажывілася Нона Варанчак.
— Дзяцей, кажу табе. Ты ж ім паабяцала, што дастанеш? Так ці не?
— Паабяцала, — панурылася яна, — але дзе я ім вазьму? Хіба ў цябе? — глянула на яго, але без усякай надзеі. — Пазыч, Алеська, з ганарару аддам. — I яна пагладзіла яго па чарнявай з сівымі ніткамі, прарэджанай на цемені чупрыне.
— Раз ты так ласкава просіш, давядзецца пазычыць, — сказаў паблажліва Рамейка. Яму было прыемна, што ў яго просяць, і што просіць гэтая грубіянка Варанчак, якая не ў кожнага папросіць, ён ужо ведаў. — Толькі ў мяне тут няма, можа, заўтра? Як ты на гэта глядзіш?
— А чаго мне яшчэ хацець? Ой, дзякуй табе, Алеська, век цябе не забуду. — Яна абхапіла яго за шыю, моцна пацалавала некалькі разоў у шчаку. Аддыхалася і ўжо спакайней, але весела, з азартам сказала: — Засталася там у мяне дзесятка, то збегай ты, Алеська, у магазін, вазьмі яшчэ бутэлечку каньяку. Адзін раз жывём, дзе наша ні прападала! — і яна накіравалася ў спальню.
— Пачакай, — дагнаў яе Рамейка. — Я схаджу, але толькі не з тваёй дзесяткай. Добра? Інакш не пайду.
— Ну ідзі, ладна.
За вечар яны выпілі яшчэ тую бутэльку, але назаўтра Рамейка не памятаў, што было далей, — у яго памяці застаўся чорны правал.
7
Канчалася сухая гарачая вясна, і пачыналася такое ж гарачае, без дажджоў, лета. Ужо нешта гадоў пяць ці болей, як пагода збілася са свайго звычайнага рытму, усё пайшло наперакос: зімы былі цёплыя, нават з дажджамі, а не толькі з адлігамі, вясной мог ісці снег у канцы мая, летам залівала дажджом, восень магла быць сухая і цёплая, як бабінае лета, а на другі год усё ішло наадварот, — людзі не разумелі, што робіцца на свеце. Клімат мяняецца на вачах...
Рамейку, гарадскому чалавеку толькі фармальна, хоць ён і пражыў тут цэлую палову свайго жыцця, было балюча за вёску, за таго калгасніка-селяніна, які павінен быў рабіць неверагоднае, каб даць шматмільённаму гараджаніну ўсё патрэбнае да стала. I яшчэ калі спрыяла надвор’е, то гэта было хоць і нялёгка, але магчыма, а вось калі ўсё ідзе абы-як, цераз пень-калоду, то тут хоць разарвіся на кавалкі: таго дасі — гэтага не хапае, таго збярэш — гэтага не дабярэш.
Далягляды — шырокія, без адзінай хмурынкі, а на душы — нявесела: прырода просіць ратунку, а чалавек не можа ёй памагчы нічым. Як усё добра — тады, здаецца, вунь які ён мудры. А як такое — разводзіць рукамі. Хоць ты маліся.
У горадзе, здаецца, няма чым дыхаць, пад нагамі, як цеста, угінаецца асфальт, ля латкоў з вадою — доўгія чэргі, піва наогул недзе прапала — мо стаў на рамонт піўзавод? У нас так бывае: вуліцы і дрэвы паліваюць тады, як прайшоў дождж, канаву капаюць тады, як толькі што скончылі асфальтаваць вуліцу, гарачай вады не даюць у самы холад, а у гарачыню — няма часам звычайнай халоднай, асабліва на высокіх паверхах — ад пятага і вышэй.