Няўжо ён тады не заўважыў гэтага партрэта? — здзівіўся сам сабе Рамейка. А потым стаў лаяць сябе за такую няўважлівасць — ён часам адкрываў для сябе такія рэчы на дарозе, па якой мог хадзіць пяць год, што ажно ахаў.
Зайшла Нона Варанчак, апранутая ў ружовую сукенку з кароткімі рукавамі, з падфарбаванымі вуснамі і падведзенымі вузкімі бровамі, з пахам ці не французскіх духоў, прайшлася паволі па пакоі, нібы не заўважаючы госця, а потым села за столік насупраць Рамейкі, якраз на тое месца, дзе тыдзень назад сядзеў ён сам. Убачыла рукапіс, пакет цукерак — усміхнулася, але нічога не сказала.
— Гэта вам і вашай дачцэ, — і Рамейка пасунуў да яе пакет.
Яна падзякавала кіўком галавы і спыталася:
— А чаму вы не пазванілі мне, як я вас прасіла? — тон яе быў даволі халодны.
Рамейка чакаў гэтага пытання і быў гатовы адказаць, але чамусьці зрабіў выгляд, што яго засталі знянацку.
— А чаго было званіць, прабачце? Я не люблю, калі мне навязваюць думку. Мне падумалася, што зы будзеце расказваць пра сваю аповесць, трошкі хваліць яе і абвяргаць довады вашага ранейшага рэдактара Юрлевіча. Ці не так?
— У прынцыпе — так, — згадзілася яна, — але хваліць ці, як вы сказалі, трошкі хваліць сябе я не збіраюся. Проста хацела ўвесці вас у курс...
— Прабачце, я ўвайшоў у курс, прачытаўшы ваш рукапіс. Гэта самы лепшы спосаб. Цяпер я ведаю, што мне ад вас трэба.
— Што ж менавіта? — усміхнулася яму чакальна.
— Усяго тыдзень вашай работы... Сядайце сюды, я пакажу вам у рукапісе, дзе што дарабіць.
Ён дастаў свае акуляры, раскрыў папку. Яна перайшла на канапу, села побач ля яго — іх калені дакраналіся, ад яе магутнага сцягна ішло цяпло, і Рамейку гэта не замінала, — наадварот, было прыемна.
Яны прасядзелі так з паўгадзіны, а мо болей: Рамейка паказаў, дзе што скараціць, падціснуць расцягнутыя сцэны, сям-там дапісаць, развіць асобныя вобразы, удакладніць час, некаторыя яго рэаліі, — адным словам, даў разгорнутую дзелавую кансультацыю, як ратаваць рукапіс.
Як ні дзіўна, Нона Варанчак згаджалася з усімі яго заўвагамі, баялася толькі, што не зможа ўсё зрабіць так, як таго ён патрабуе, і ці хопіць ёй тыдзень часу на такі кавалак работы. I ці сапраўды яна разумела, што заўвагі і парады яго правільныя, ці згаджалася дыпламатычна, — Рамейка не разабраўся, але не бяда, будзе відаць пасля таго, як паправіць рукапіс.
За час, пакуль ён гаварыў, а яна слухала, ён лавіў на сабе цікаўны і нейкі прыветлівы пагляд яе шэрых вялікіх вачэй, адчуваў дотык да яе круглага калена, да аголеных поўных рук, калі ён паказваў ёй у рукапісе, што і як трэба зрабіць ці паправіць, адчуваў, што паволі расслабляецца, паддаецца чарам яе жаночай абаяльнасці, што яму тут па-асабліваму ўтульна і нават прыемна. I таму, калі, скончыўшы гутарку, Варанчак сказала «Ну, цяпер я пачастую вас кавай», — ён, доўга не думаючы, выпаліў: «А я вас — каньяком», — і палез у партфель па пляшку.
Яна не здзівілася, не сказала «не трэба», толькі неяк па-асабліваму ўсміхнулася, нібы ўхваліла яго жэст — «вось гэта сапраўдны мужчына!» — і адразу пайшла на кухню гатаваць каву.
Нечакана нехта пазваніў у дзверы. Варанчак выйшла ў калідор, адчыніла, загаварыла з некім — быў чуваць малады дзявочы голас, спачатку ціхі, а потым чагосьці сярдзіты, з папрокам ці патрабаваннем.
Праз хвілін колькі Нона Варанчак зайшла ў пакой і вінавата-пакрыўджаным голасам спыталася ў Рамейкі, ці можа ён пазычыць дзесятку — зайшла дачка, патрэбны грошы, хоць чырвонец. У Рамейкі якраз былі, і ён тут жа даў ёй дзесятку. Яму нават стала прыемна на душы, што выручыў чалавека з бяды, хоць бяда не такая тут ужо і вялікая, а дзесятка ўрэшце — не грошы, ды часам вельмі патрэбная рэч.
Варанчак хутка вярнулася, уся пунсовая, раззлаваная.
— Аж сэрца разрываецца ад злосці з гэтымі дзецьмі... То ж адна! А каб пяцёра, як у мае маткі? О Божа! Нібы ў мяне тут грошай хоць заваліся! Нібы яна сама не ведае...
Яна пайшла на кухню, адтуль ужо разносіўся пах кавы — ці не выбегла толькі? Бразгала посудам, гаварыла як сама сабе, лаялася. Урэшце прынесла каву, сыр, масла, шпроты, хлеб.
— Вось так яны робяць нам творчы настрой. Ведаюць адно — толькі дай, — ніяк не магла супакоіцца Нона Варанчак, і гэта здалося Рамейку непрыемнаю рысай у яе характары — заводзіцца з паўабарота і доўга не астывае.
— Нічога, супакойцеся, — папрасіў яе Рамейка. — На тое яны і дзеці, каб бацькам быў клопат. Хіба з намі нашы бацькі яго не мелі? Яшчэ колькі!
— Ой, не кажыце! Цяперашнія дзеці — то не мы з вамі. Цяпер — гэта страх, што за дзеткі!
Яны заспрачаліся, але лёгка, Рамейка знарок скіраваў гутарку на жартаўлівы тон, Нона Варанчак паволі астывала і праз колькі часу ўжо як забылася на сваю злосць. Уся яе ўвага перайшла на яго, Рамейку.
Яна распытала яго — і даволі бесцырымонна, — як ён жыве дома, у сям і, якія у яго адносіны з жонкай.
Другім разам Рамейка не так лёгка і вольна расказаў бы пра ўсё, а сення тут, перад гэтай жанчынай, ён неяк шчыра і проста прызнаўся, што дома ў яго не ўсе ідзе да ладу, што жонка чамусьці яму не давярае, хоць відавочных грахоў, ён, Рамейка, за сабою не мае. Ён — звычайны чалавек, стараецца быць добрым сем’янінам, а вось нічога не выходзіць — сцяна між ім і жонкай усё неяк непрыкметна расце, яны робяцца як чужыя, аддаляюцца адно ад другога.
Лавіў сябе на тым, што як бы напрошваўся на спагаду, на жаль да сябе, гэтым як даючы ёй зразумець, што ён пойдзе на ўсё, варта ёй толькі зрабіць крок насустрач.
Яна сама не засталася ў даўгу, таксама расказала сваю гісторыю: каханне, якое аказалася ілюзіяй, замуства, потым здрада — натуральна, з яго боку, — затым разрыў, доўгія гады адзіноты, калі жыццё, здавалася, траціць усякі сэнс, і каб не дачка, не цяжкі абавязак выгадаваць яе, вывесці ў людзі, то не варта было б і жыць.
За гутаркай, за чаркай яны не заўважылі, як лёгка перайшлі на «ты», як яна, Нона, села побач з ім на канапу, як ён паклаў ёй руку на плячо, а яна нахіліла да яго галаву, а пасля прыхінулася да яго усім сваім мажным гарачым целам.
У такім узросце, які быў у іх цяпер, усе адносіны былі намнога прасцейшыя, чым раней, калі ён меў дваццаць год і страшэнна саромеўся дзяўчат. Хоць, з яго боку, гэтыя адносіны ўскладняліся — ён быў муж, бацька, а яна зусім не тое — вольная жанчына, якая шукала сабе мужчыну: можа, ён, можа, хто іншы... Раз ён сёння тут, хай будзе ён... Тым больш, калі ён яшчэ падабаецца, тым больш, што ён і сам хінецца...
— Хадзем у спальню, — сказала яна млява.
...Нона Варанчак была стомлена-пяшчотнай і ласкавай — Рамейку ажно не верылася. Дзе падзелася яе рэзкасць, грубаватая мужчынская размашыстасць, якая адчувалася ў ёй на кожным кроку? А цяпер яна — як шаўковая, як зусім другі чалавек. Што яе так перамяніла? Усяго толькі тое, што яна пазнала мужчыну? Відаць, такое для яе не навіна, хоць — хто ведае? Людзі заўсёды гавораць шмат больш, чым чаго бывае.
— Алесь... Ты перавярнуў мне душу, — сказала ціха Нона.
Ён думаў зусім пра іншае, не чакаў пачуць ад яе пахвалу, аднак жа гэта было прыемна. Бо хіба мы вельмі цэнім блізкасць чалавечых душ, нейкую сумяшчальнасць, адпаведнасць, хоць бы часовую гармонію? Пра гэта мы звычайна сарамліва маўчым. А яна сказала тое, што думае, што адчувае.
Ён шукаў у сабе нейкіх асаблівых пачуццяў, узнёслых думак, але, на жаль, не знаходзіў. Ён быў звычайны, трохі толькі мо здзіўлены яе пераменай, і сказаць тое, што яна, ён не мог бы.
— Скажы, Алесь, ты мяне любіш? — не сунімалася Нона.
Рамейка маўчаў, пазіраючы ў столь на люстру з пяці ражкоў, ля якой віліся дробныя мошкі. Што ён мог адказаць? Схлусіць? Навошта...
— Ну скажы! Не будзь скупы! — не адставала Нона.
— Ты мне падабаешся... — хацеў дадаць: «крыху», але змаўчаў.
Яна прыўзнялася на локаць, павярнула да яго галаву, і вочы яе акругліліся, сталі халодныя.
— Ух ты, гультай, — змякчылася яна і ўсміхнулася.— Нічога, я цябе разварушу!
Яму стала смешна — што яна яго разварушыць — і ён палюбіць яе? I сказаў неяк нечакана для сябе:
— Для мяне ты, як снег на галаву.
— А ты для мяне — як агонь. Але я ведала, што ты будзеш маім, — даволі самаўпэўнена заявіла Нона.
«Быць з табою — яшчэ не значыць быць тваім», — круцілася на языку ў Рамейкі, але стрымаўся — ёй даволі аднаго неасцярожнага слова, каб усё сапсаваць.
Рэзка зазваніў тэлефон у калідоры. Нона Варанчак неяк надта хутка для свае камплекцыі ўсхапілася з ложка, накінула на сябе зялёны халат у ружы і выйшла. Гаварыла яна коратка, адрывіста, нервова бразнула трубку. I вярнулася як усе роўна другая — цень клопату ўжо ляжаў на яе твары, вочы сталі халодныя, няўважлівыя, зрок як бы чагосьці шукаў, не спыняючыся на чым-небудзь адным. Яна стала апранацца: надзявала ліфчык, камбінацыю. Не гледзячы на Рамейку, сказала суха, як загадвала сярдзітая маці малому дзіцяці:
— Збірайся, Алесь. Мне няма часу. Да мяне прыйдуць...
Хто і што — прамаўчала, а ён не стаў пытацца.
Праз пяць хвілін ён ужо быў гатовы. Яна толькі скупа ўсміхнулася на развітанне. У душы ў Рамейкі сядзела нейкая крыўда. Штосьці адразу пачынала заблытвацца ў іх адносінах, нешта ўскладняцца, не паспеўшы наладзіцца. Ужо хутка адзінаццаць вечара, а да яе нехта прыйдзе — «прыйдуць». Ён нават нібы пачынаў раўнаваць. Але якое ён меў права на рэўнасць? «Ніякага, — сказаў сабе. — Нібы яна ўжо твая... Твая — жонка, родная, так сказаць, законная. Дык не — табе яе ўжо мала... Ну, глядзі, Рамейка, каб не каяўся ты, каб не кусаў сабе локцяў», — прыгразіў ён сам сабе.
6
Рамейка чуў ад людзей, што каханне — гэта такі вір, што ніхто не ўтрымаецца, каб не трапіць у самую яго чорную глыбіню, і што трэба быць вельмі моцным, каб вырвацца з яго. Але на сабе ён гэтага не паспытаў і не вельмі верыў у такія легенды. Ён лічыў, што зможа справіцца са сваімі пачуццямі і павярнуць падзеі ў тым кірунку, куды яму трэба. Ды так яму толькі здавалася. Ён стаў пераконвацца, што людзі казалі праўду.
Пасля таго памятнага візіту са збліжэннем Рамейка рашыў, што больш да Ноны Варанчак не пакажа і носа. Але... літаральна назаўтра яна пазваніла яму на работу і сказала, што не можа разабраць адной яго заўвагі і вельмі прасіла яго зайсці пасля работы. Ён катэгарычна адказаў, што яму няма часу, але, аказваецца, Варанчак ведала, як падступіцца да яго: яна стала такою пяшчотнаю, такою салодкаю і добраю, што ён здаўся: паабяцаў прыйсці, але з цвёрдым намерам — высветліць, што там ёй няясна, і ісці дадому. Яму не падабалася такая валтузня, ці, як яе назваць: то ты ёй патрэбен, то непатрэбен, то зноў раптам патрэбен. Не, гэта не ў яго натуры: ён, што ні кажы, любіў нейкую пэўнасць, пастаянства, а тут нешта не тое.
Вось жа дурная натура: ужо каторы? трэці раз ідзе ў гэты дом, і нікога знаёмага тут няма, ніхто яго не ведае, ніхто не спаткае. Ды калі і спаткае? Ці мала чаго тут трэба чалавеку? А вось жа... Не, здаецца, толькі сёння такое нікчэмнае хваляванне — нібы ў таго хлапчука, што забраўся ў смачныя суседавы яблыкі, ці ў юнака, што ідзе на першае спатканне.
Ля дзвярэй трохі пастаяў, супакоіўся, потым націснуў на кнопку званка — раз, другі. Недзе пачуліся крокі — яе, крокі цяжкага павольнага чалавека. Нона адчыніла, з усмешкай абняла Рамейку, як госця, якога даўно не бачыла, пацалавала ў шчаку. Ён не паспеў што-небудзь падумаць, як яна ўжо замыкала дзверы на ўсе ключы і замкі, а ён скінуў плашч, паставіў партфель, які сёння быў пусты, і не ведаў, што рабіць далей. 3 кухні ішоў сюды прыемны пах свежае стравы, ад яе самой пахла нейкімі катлетамі ці нечым смажаным — відаць, адразу ад пліты, бо ў халаце.
— Ідзі ў залу, — сказала Нона Варанчак і выключыла святло ў калідоры, пачакаўшы трохі, пакуль ён пралезе далей па гэтым вузкім застаўленым лабірынце. — Ты выбачай, што ў халаце цябе сустракаю... — і знікла на кухні.
«Бач, якая культурная стала». Яму сапраўды было непрыемна, што яна сустракае яго, як свайго, а які ж ён для яе ўжо свой? За адзін вечар паспеў стаць сваім? I тое, што яна прыдумала, быццам ёй тут нешта няясна ў яго заўвагах, — звычанная жаночая хітрасць, на якую ён зноў папаўся.
— Сёння я разбагацела, — сказала Нона, паяўляючыся з кухні з падносам. — Аддала адна маці за ўрокі. Вучу яе геніяльную дачушку... Ох, як мне гэта абрыдла, каб хто толькі ведаў... Памагай, сядзіш, як пан вялікі, не бачыш, што я разрываюся — так стараюся табе дагадзіць. — Яна састаўляла на столік сподкі, талеркі, жароўню з качкай, кансерву баклажаннай ікры, яйкі, вяндліну. — Бачыш, які выбар? Як у рэстаране. Думаю, чаму не адзначыць такую падзею? Ды яшчэ з чалавекам, які любы сэрцу...
Здаецца, Рамейка пачырванеў — шчокі зрабіліся раптоўна гарачыя.
— А што табе няясна ў маіх заўвагах? — ужо без ніякай надзеі на рэальны адказ спытаўся ён.
— Усё няясна, ад пачатку да канчатку, — з хітрай усмешкай адказала Нона Варанчак. — Вось каб за мяне гэта ўсё нехта зрабіў, проста не ведаю, што яму аддала б.
— Аднак жа давядзецца самой, — ацверазіў яе Рамейка. — Каб не было рознага стылю.
Яна гарэзліва паківала яму пальцам.
— Ай, ты вялікі гультай. Што табе, пры тваім вопыце, значыць прайсціся па рукапісе?
— Ведаеш, я гэта рабіў, пакуль быў малады і дурны. Баяўся, каб начальства не сказала: што ты за рэдактар, калі не можаш дацягнуць да нормы? А цяпер мне неяк сорамна за аўтара: а за што ж ён будзе браць грошы? Бо дзяліцца са мною ён усе роўна не стане.
— А, вось на што ты намякаеш! — зарагатала Нона Варанчак. — Не, з грашыма я і сама распраўлюся, будзь пэўны!
— Я думаю, што і з рукапісам — таксама.
— Пастараюся...
Яны расставілі посуд, закуску — на століку не засталося вольнага месца нават на пачак цыгарэт, — і Нона, уздыхнуўшы з палёгкай, села ля яго на канапу. Рэзка абхапіла яго за шыю, пацалавала ў вусны — доўга, аж у Рамейкі не хапіла паветра.
— Ты чаго? — вырваўся ён ад яе.
— Эх ты, кавалер! — паўшчувгша яго Варанчак. — Сядзіш, як на афіцыйным прыёме. Няўжо ты не адчуваеш, хто побач з табою? — Грудзі яе, поўныя і вялікія, узнімаліся у такт дыханню.