«Нішто сабе слабая, — падумаў з’едліва Рамейка, — ты бугая за рогі паваліш, не то што гэтую сетку валачы».
— Я так рада, што вас спаткала, — паўтарыла яшчэ раз Варанчак, і далей яны шілі моучкі.
Рамейка ўсю дарогу перажоўваў гэтую фразу і лаяў сам сябе, што згадзіўся быць падносчыкам. Але што зробіш? Не ўцякаць жа ад чалавека... I трэба ж якраз на яе натрапіць! Проста цуд! Мо паўгода ці болей не бачыў яе Рамейка ў Мінску, а тут — на табе, наляцеў. Ёсць, няйначай, нейкая тэлепатыя, ці што — бо чаго тады скрыжаваліся іх дарогі?
Яны павярнулі ў завулак, зайшлі ў двор, як у глыбокую каменную яму, і спыніліся ля пад’езда высокага — дзевяціпавярховага — дома. Рамейка здагадаўся, што недзе тут і жыве Варанчак.
— Ну што ж, перадаю вам ваша багацце, — Рамейка ўзняў цяжкую сетку на ўзровень яе грудзей, а то яшчэ зробіць выгляд, што не заўважыла.
— Дзякую, — адказала яна, але за сетку не ўзялася. — Я вельмі хачу, каб вы зайшлі да мяне... Вельмі прашу... Мне з вамі трэба пагаварыць. Ці вы спяшаецеся? — яна, здаецца, гатова была заплакаць, каб толькі ён не адмовіўся.
— Ды не вельмі, — няпэўна паціснуў плячыма Рамейка.
Ён чакаў, што яна запросіць яго, раз ужо апынуўся на яе дарозе і блізка ля яе дома, — тым болей, што яна і слова не сказала пра сваю аповесць, і здзівіўся з яе вытрымкі. Значыць, спадзявалася на свае чары — не ўстоіць Рамейка, зойдзе. «Ну што ж, магу і зайсці, пагаварыць, калі вам так захацелася, таварыш Варанчак. Бо зацікаўлены болей вы, чым я... факт, што болей». Праўда, недзе ў яго свядомасці тлела думка, што яму таксама цікава пабыць у яе — у ім яшчэ жыў цікаўны мужчына. Ды, самае галоўнае, падзеі апошніх дзен многа, калі не зусім, змянілі яго адносіны да ўсяго таго, што ён лічыў нявартым увагі у жыцці.
— Дзякую, — яшчэ раз сказала Варанчак і першай рушыла ў пад’езд. Рамейка з сеткай і сваім партфелем пайшоў следам.
Яны селі ў ліфт — стары, жалезны, грымучы, усё з яго відаць праз драцяную сетку, — узняліся недзе на сёмы ці восьмы паверх. I абое цярпліва маўчалі, толькі пераглядваліся вачыма і злёгку пасміхаліся. I што азначалі іх усмешкі — цяжка было зразумець. Як здавалася Рамейку, у вачах Ноны Варанчак ён улоўліваў надзею на паразуменне, на ўзаемнасць. Цікава, што знаходзіла ў яго позірку сама Варанчак? Няйначай, тое, чаго сама хацела ад яго.
Ліфт тузануўся і стаў, Рамейка з бразгатам адчыніў дзверы, потым, калі выйшлі, зачыніў. Цяпер яны стаялі ўжо каля дзвярэй у кватэру Варанчак. Яна дастала звязку ключоў, адамкнула два ці нават тры замкі — і прапусціла Рамейку першага. Ён апынуўся ў вузкім доўгім калідоры, застаўленым і цесным — вісячыя этажэркі з кнігамі, халадзільнік, дзіцячыя каляскі і ложкі, вешалка, яшчэ нешта такое, што цяжка сказаць — для чаго яно? Уражанне такое, што тут трэба прабірацца, як у якім лёху, — каб не звярнуць толькі галавы. I як яна, Нона Варанчак, са сваей камплекцыяй тут не засядзе?
— Распранайцеся, — сказала яна Рамейку.
Ён скінуў плашч, павесіў на скасабочаную вешалку. Пра разуванне яна нічога не сказала, і Рамейка сам не збіраўся гэтага рабіць — не любіў разувацца у гасцях.
Кватэра была з двух пакояў — налева і направа ад доўгага калідорчыка. Яны прайшлі направа, тут жа была і кухня, і ўсё астатняе, што патрэбна ў кватэры.
Нона Варанчак на кухні распакоўвала пакеты, а Рамейка застаўся ў пакоі — амаль пустым, вялікім і высокім. Стаялі толькі канапа, столік ля яе, цёмны пісьмовы стол ля дзвярэй на балкон і піяніна. У куце ў вялізнай светлай фарфоравай вазе стаяў пук зялёнага сухога чароту, высознага, у метры тры, аж да столі — дзе ён такі і рос?
Піяніна было раскрыта, на пюпітры стаялі ноты, разгорнутыя на незнаёмым прозвішчы кампазітара: Гольдэнвейзер, «Маленькі канон». Цікава, што былі адны ноты, без слоў. Рамейка ўзяў нотную кніжачку, паглядзеў на вокладку, на тытульны ліст: так і ёсць, сальфеджыа, другая частка, «дапушчана ў якасці падручніка для дзіцячых музычных школ».
Рамейка заўсёды зайздросціў людзям, якія разбіраліся ў музыцы, самі былі музыкантамі. А вось ён неяк вырас так, што не сутыкнуўся з музыкай і быў у ёй, як сляпы ў лесе, хоць душою музыку любіў і па-свойму ўмеў яе цаніць і адрозніваць — што прыгожа, што не. А да піяніна якраз Рамейка адносіўся спакойна, а чаму, ен і сам не мог зразумець. Мо таму, што гук яго быў сечаны, а не працяглы, як у скрыпкі, гармоніка ці тым болей у аргана — як бы суцэльны, без пачатку і канца. Або калі ўзяць прыроду, то піяніна — гэта ціўканне вераб’я, а скрыпка — пералівістая песня жаўранка. Потым зразумеў, што дарагое тое, з чым вырас. Тое ж піяніна ці фартэпіяна ён пачуў ужо дарослы, ды і то па радыё.
Так ён разважаў, хадзіў па пакоі, разглядаўся, а вушы чуйна лавілі ўсе гукі на кухні, дзе гаспадыня брынчэла посудам, дзе нешта шыпела, сквірчэла, адкуль ужо даўно цягнула смачным пахам смажаніны.
— Алесь, ідзіце сюды! — паклікала яго Нона Варанчак — неяк нязвыкла проста, нібы яны вунь як даўно знаёмыя.
Рамейка зайшоў на маленькую і застаўленую так. што не павярнуцца, кухню. Гаспадыня ў ружовым паркалёвым фартуху паўзверх блакітнай сукенкі выварочвала з патэльні ў глыбокую вялізную талерку печаную свініну.
— Алесь, памажыце, не спраўляюся, — усміхнулася Нона Варанчак. — Даруйце за лірычны беспарадак. Бярыце паднос, стаўце на яго ўсе гэтыя талеркі, — паказала на столік, — нажы, відэльцы, бутэлькі — і нясіце туды. А я зараз...
— Дазвольце памыць рукі, — папрасіуся Рамейка.
— Ідзіце ў ванны пакой, калі ласка.
Рамейка зайшоў. I тут таксама быў «лірычны беспарадак», мо яшчэ большы, чым на кухні.
Мыючы рукі, Рамейка пазіраў на сябе ў люстзрка. На твары сваім, на якім вылучаліся цемныя вусы, выразныя вочы і велікаваты, гурочкам, нос, відна была нейкая трывога — трывога чакання ці штосьці падобнае. I праўда, у душы ў яго жыло прадчуванне незвычайнага — нібы ён стаяў на парозе нейкага новага адкрыцця для сябе. «Няўжо тут яшчэ можна што адкрыць? Няўжо тут без мяне не адкрылі?» — усміхнуўся сам сабе. I тут жа падумаў са з’едлівасцю: «А калі ты лічыш сябе ўжо такім асаблівым, то чаго ты тут? Хто цябе прымушаў?.. — I ўжо больш прымірэнча: — Ды ладна, паспрачаемся другім разам...»
Ён выйшаў з ваннай, узяў паднос і асцярожна, каб ні за што не зачапіцца, панёс у пакой, расставіў на століку, на якім не надта ужо і разгонішся. Яна скінула фартух, села на канапу, а ён насупраць яе, на круглым вінтавым табурэціку ад піяніна, апусціўшы яго на самы нізкі ўзровень.
Пілі смачны пахучы югаслаўскі вермут, патрохі закусвалі, гаварылі. Больш гаварыла яна, гаспадыня, Рамейка падтрымліваў гутарку.
— Я спяшаюся на аўтобус... Праз дзве гадзіны... Таму ў мяне такі тэмп... А так бы можна было пасядзець даўжэй...
«Ну і добра, што ты спяшаешся, — нешта як адлягло ад сэрца ў Рамейкі. — Не люблю доўгай гаварыльні».
— Хоць на душы ў мяне вельмі трывожна. Нейкі зачараваны клубок. 3 работай — раз, з дачкою — два, з кніжкаю — тры. I ўсё неяк раптам на галаву.
Яна глынула віна, пасмакавала і гаварыла далей, беручы на відэлец добры кавалак свінога мяса.
— Вас напэўна цікавіць, чаго я пасварылася з Юрлевічам?
— Каб сказаць што вельмі, дык не, — шчыра прызнаўся Рамейка.
— А ён вам нічога не расказваў?
— Не...
— Нешта нейкае... Але... ён раскажа, што ўсё было наадварот... Слухайце, смех! Прыйшоў, прынёс гарэлкі і адразу — у дамкі: я твой рэдактар, цяпер ты ў маіх руках, і гэтак далей... Ну, я яго выставіла за дзверы — у літаральным сэнсе... Не люблю нахабнікаў і карантышоў. Хоць што хочаш рабі — не люблю... Ну, тады ён паскардзіўся дырэктару — што ён зрабіў мне сур’ёзныя заўвагі па аповесці, а я не хачу іх прымаць! Вы бачылі такога гада? Як яго толькі зямля трымае...
Яна ўжо трохі захмялела — гаварыла гучна, шчокі заружавеліся, галаву яна закідвала назад, нібы збіралася браць самую высокую ноту, а яе круглыя вялікія калені ўвесь час так і бліскалі перад вачыма ў Рамейкі, дражнячы яго сваёю белізной.
Так, было ў ёй нешта такое, што магло запаліць мужчыну, было, хоць з твару яна не выглядала прыгожай, прывабнай. Яе псаваў надта маленькі для яе шырокага і вялікага твару носік — таксама пляскаты, татарскі, з невялічкаю гарбінкаю або, праўдзівей, патаўшчэннем пасярэдзіне. Было такое уражанне, што вялікай птушцы праз памылку прыляпілі маленькую дзюбу — і сапсавалі ўвесь малюнак.
Нягледзячы на гэты недахоп, у ёй адчувалася вялікая фізічная сіла і тэмперамент чалавека з усходняй ці паўднёвай крывёй. Тэмпераментная яна была ў гутарцы, у спрэчцы, асабліва пад чаркай ці пад злосць.
I цяпер яна пачынала паказваць свой буйны нораў, рабіцца грубаватай — гаварыла, не выбіраючы слоў, і гэта трохі рэзала далікатнае вуха Рамейкі. Яна яшчэ трохі палаяла Юрлевіча, дадала колькі «цёплых» слоў загадчыку рэдакцыі Калядзічу і ўзялася за самога Рамейку. Але тон яе адразу ж змяніўся — нібы перад ім была не тая жанчына, не Нона Варанчак, якая не ўмее быць лагоднай.
Рамейку не зусім прыемна было чуць пра яго «багаты вопыт рэдагавання», пра яго «прынцыповасць» і нават пра тое, што ён, Рамейка, заўсёды паводзіць сябе незалежна, у большасці выпадкаў становіцца набок аўтара у спрэчцы з начальствам.
— Ды і як мужчына вы мне падабаецеся, — сказала яна, нават не міргнуўшы вокам. I, відаць, каб неяк загладзіць свой промах, усміхнулася і дадала: — Я такая, што думаю, тое і гавару, так што даруйце. Ну, чаго мне таіцца, каго баяцца? Мужа ў мяне няма, ён недзе жанаты без мяне. Каго яшчэ баяцца? Вас? Вашай жонкі? I не падумаю, я жыву так, як мне хочацца, падабаецца гэта каму ці не. I нікому не замінаю. I не люблю, як мне замінаюць, як вучаць жыць. А-а-а, вучыць жыць заўсёды знойдуцца, а вось як грошай няма, то ніхто не пазычыць, — скончыла яна не тым, з чаго пачала.
— Што, у вас няма грошай? — неяк нечакана для сябе вырвалася ў Рамейкі.
— Не, проста да слова прыйшлося, — асеклася яна, — але часам і гэта бывае, што тут таіцца... Вось дачцэ вяселле справіла — выкінула ўсё, што мела. Цяпер дзіця чакаюць. Як былі двое, то жылі ў іх, у свата, у іх там трохпакаёўка. А цяпер, як малое намецілася, ужо да мяне збіраюцца. Ну, што вы на гэта скажаце? Мне радавацца ці плакаць? А як жа! Вялікая радасць! Пялёнкі, распашонкі, крык дзіцячы! Новая музыка! Мне і мая горла пераела! У мяне работа, у мяне свае планы, сваё жыццё! Я пабыла замужам пяць год, потым сама гадавала дачку, вучыла, выводзіла ў людзі... Калі мне самой пажыць як чалавеку? Думала, вось аддала, то хоць адпачну душою — дык не, хваробу — не даюць!
Тут яна яшчэ выдала поўныя характарыстыкі дачцэ, зяцю, яго бацькам — і таксама рэзкія, не выбіраючы слоў і гладкіх фармулёвак: куркулі, абжэрліся, нэпманы, машыну маюць, дачу маюць — і яшчэ ім мала, заслугі іх вунь якія вялікія.
Да свае работы не дайшла: глянула на гадзіннік — спахапілася.
— Ой, пазнюся! Давайце аглабельную! — яна наліла па поўнай чарцы. — Будзем!
Выпіла і адразу пайшла ў другі пакой насупраць — збірацца ў дарогу. Праз хвілін дзесяць-пятнаццаць выйшла ў грубай вязкі шэрым світэры, у чорнай спадніцы, у белым берэце на галаве, а не ў сваёй клоўнаўскай, у чорна-белую клетку, шапцы, як гадзіну назад, — кабета што трэба! — і сказала вінавата:
— Даруйце, Алесь... Мы так і не дамовіліся ні да чога... Калі вы за мяне возьмецеся? За рукапіс, — паправілася яна і неяк шматзначна ўсміхнулася.
— Недзе на тым тыдні, — адказаў Рамейка сур’ёзна.
— Дык я вас буду прасіць: перш чым брацца, пазваніце мне. Вось тэлефон. — I яна падала яму паперку. — Бывайце здаровы!
«Каб хаця мяне тут не замкнула», — падумаў зларадна сам сабе Рамейка, зачыняючы за сабою дзверы.
5
Увесь тыдзень прайшоў у Рамейкі пад знакам Ноны Варанчак. Ён чытаў яе аповесць, думаў пра яе. Не пазваніў, як яна прасіла, перш чым сесці чытаць, — нешта яму не давала гэта зрабіць. У інструкцыі ён не меў патрэбы. Даволі таго, што перад ім была аповесць. I аповесць сярэдняя, а калі такая — неадрэдагаваная, расцягнутая — то і пасрэдная. Аповесць пра гады акупацыі ў маленькім гарадку: вісельні, расстрэлы, жахі, гібель раённага падполля. I побач — пра мяшчан-прыстасаванцаў, якія знаходзяць сабе выгоду нават на слязах і крыві сваіх суседзяў, рабуючы іх дабро, займаючыся спекуляцыяй. Але глянец наводзіць тут трэба вялікі. Так што з аповесцю, можна лічыць, ён усё давядзе да ладу. Што ж датычыць самой Варанчак, хоць яна і бесцырымонна сказала: «Вы мне падабаецеся», — то Рамейка вырашыў не ісці на збліжэнне. Ён яе трохі ведаў і разумеў, чым усе можа скончыцца.
У канцы тыдня Рамейка з работы пазваніў Ноне Варанчак. Яна якраз была дома і, калі даведалася, што Рамейка прачытаў яе рукапіс, не дала яму гаварыць, запрасіла да сябе на каву. Рамейка, як мог, выкручваўся, яму было няёмка — нібы ён знарок напрасіўся. «Калі вы не прыйдзеце, я проста буду на вас у вялікай крыўдзе. Хіба можна адмовіць у просьбе жанчыне?» — гэты яе довад здаўся Рамейку даволі важкім, і ён згадзіўся.
Па дарозе да яе думаў: што купіць? Цукерак — гэта раз. А вось каньяку... да кавы? Мо і варта ўзяць? Ва ўсякім разе хай ляжыць у партфелі. Не зашкодзіць. Жыла ў падсвядомасці і думка, што ён ідзе да небяспечнай жанчыны — і павінен быць гатовы да ўсяго.
Ён выйшаў з магазіна, сеў на тралейбус і праз хвілін дваццаць быў ужо ў раёне, дзе жыла Нона Варанчак. Зайшоў ён да яе без хвалявання, неяк спакойна — як па дзелавым выпадку, як рэдактар да аўтара — усяго толькі. Яна была сёння ў хатнім халаце зялёнага колеру ў вялікія ружы, з гладка прычасанымі доўгімі — можна у косы заплятаць — валасамі, у зяленых мяккіх тапках на босую нагу. Але тут жа папрасіла ў яго прабачэння і пайшла ў другі пакой — пераапрануцца, нібы да гэтага яна не мела часу.
Рамейка сеў на канапу, дастаў з партфеля цукеркі і рукапіс, паклаў на столік.
«Пейзаж» у пакоі быў той жа самы — зялёны чарот у вазе, пісьмовы стол з раскіданымі паперамі, раскрытае піяніна і ноты на пюпітры. Рамейка, як падкінуты, падхапіўся з канапы, падышоў і глянуў на ноты: тая ж самая старонка, той жа Гольдэнвейзер, «Маленькі канон». Ён толькі хмыкнуў, дакорліва пакруціўшы галавою: на паліраванан паверхні піяніна ляжаў лёгкі слой пылу. Хацелася напісаць на ім якое-небудзь слоўца тыпу «абломаўшчына», але ён стрымаўся і зноў вярнуўся на канапу. Раптам убачыў на сцяне злева партрэт сівога дзеда з вялікай барадою, маляваны маслам. Здаецца, партрэт быў свежы, палакіраваны, і празрысты лак блішчаў, пераліваўся на святле, варта было Рамейку змяніць позу.