А яна сама, адбушаваўшы, як брага, супакойвалася і праз якія дні два-тры адыходзіла, рабілася мякчэйшаю, ласкавейшаю, чым была. Але праўда і тое, што вялікай цеплыні і шчырасці між імі не было, мо толькі які год пасля жаніцьбы, а потым як што стала вырастаць між імі — нейкая нябачная сцяна холаду і недаверу. Спачатку Рамейка нават не ведаў, што робіцца з жонкай: аддаляецца, астывае, робіцца чужою. Мо ён што рабіў не так, мо сам перамяніўся? Не, здаецца, ён заставаўся такі ж, як і быў. А потым разгадка, як маланка, асляпіла яго: Марына лічыць яго, Рамейку, непастаянным, ён, яе муж, мае палюбоўніц! Адкуль з’явіліся ў яе такія падазрэнні — цяжка сказаць, але хутчэй за ўсё пасля таго, як яго пасылалі на курсы рэдактараў у Маскву, дзе ён пазнаёміўся з ленінградкай Наташай, таксама рэдактарам з іх групы. 3 таго ўсё і пачалося... Чым толькі скончыцца...
Ён зноў падумаў, што жонка заснула, бо маўчанне цягнулася доўга, але яна заварушылася і спыталася ў Рамейкі — спакойна-жартаўліва, як дагэтуль:
— А ці не даў бы ты мне адрас тае пасіі?
Рамейка ажно страпянуўся, як уджалены.
— Ды кінь ты глупства, Марына, табе трэба адпачыць з дарогі. — I ён дэманстратыуна павярнууся да сцяны, спінай да жонкі.
Яна памаўчала трохі і загаварыла зноў, але ўжо з трывогай, узбуджана:
— Не, Алесік, сёння я не засну хутка, ты ўжо даруй. Нешта мне на сэрцы як кошкі скрабуць. Думаецца пра дзяцей, пра цябе... Вось пабыла адна, паглядзела на ўсё наша жыццё збоку — і здаецца, што нешта ў нас не так, як трэба, а што — і сама не ведаю...
«О д’ябал, што за сінхроннасць перажыванняў! Каб і хацеў прыдумаць — не прыдумаеш. I ў яе на душы тое, што і ў мяне. Але чаму?» А ўголас спытаўся:
— Што ў нас не так, як трэба?
У яе ўжо нібы быў гатовы адказ:
— Няма ў нас, між намі цеплыні і шчырасці. Вось гэтая пасцель, коўдра, як ты кажаш, нас толькі і злучае. А больш — нічога. А гэта так мала, так мала, што робіцца страшна — дакуль так можа цягнуцца? Яшчэ год, яшчэ два — а там усё прахам... Ты не думаў пра гэта, Алесь?
Сёння яна назвала яго Алесем ужо разоў пяць. А бывае, што па тыдні і болей не называе яго па імені, а неяк так — ці «ты», ці жартам — сур’ёзна «Рамейка» або яшчэ «Ламейка», як гаварылі сваё прозвішча малыя Лена і Геня.
— Дапусцім, што ўсё гэта так... А ці думала, ці пыталася ты ў сябе, чаму няма цеплыні, шчырасці? Бачыш ты прычыну ці не?
— Я думаю... Каб ты гэтулькі думаў, Алесь... — яна змоўкла і толькі ўздыхнула, нібы кажучы — што тут гаварыць?
— Ну і што ж ты прыдумала? — не адставаў ён, хоць не спадзяваўся пачуць што-небудзь прыемнае для сябе.
— Мне здаецца... Не, я ў гэтым упэўнена, што... Даруй, але я буду гаварыць шчыра...
— Гавары, хоць раз...
— I не раз, — паправіла яго Марына. — I не два... Я ўвесь час табе гаварыла, намякала, а ты ўсё неяк прапускаў міма вушэй. Ці ты дурны, ці ты прыкідваешся, што не разумееш... Ну ты вось са мной, пад адной коўдрай, а ці патрэбна я табе? Ці патрэбна? Мо толькі для цела, а для душы... Ты можаш жыць без мяне, колькі захочаш... Мо ты ходзіш куды — налева ці направа... Але ты без мяне жыць можаш...
— А ты без мяне — не? — перабіў пытаннем Рамейка.
— Я — іншая рэч. А вось ты, я ў цябе пытаюся: можаш ты жыць без мяне?
— Калі ты без мяне можаш, дык і я без цябе...
— Вось як! Усё залежыць ад мяне?
— Ва ўсякім разе, на семдзесят пяць працэнтаў. А ты гэтага не хочаш разумець. I чаму гэта ты — іншая рэч?
— Таму што я ўсё раблю ў імя сям’ і. А ты — каб яе разбурыць.
— Чаму ты так думаеш? — ужо ўзлаваўся ён, але яшчэ рабіў выгляд, што спакойны. — Ты лічыш, што толькі табе дарагая сям’я, а я на яе плюю? Памыляешся! Калі б я так думаў, я цябе кінуў бы праз два гады пасля таго, як мы пажаніліся. Пасля таго, як я адчуў, што ты мяняешся, што ты астыла, што робішся чужая. Чаму ты перамянілася да мяне, чаму?
— Таму што ты да мяне перамяніўся.
— Я — не, кажу табе шчыра. Я да цябе не змяніўся за ўсе дваццаць год. Я ўсё чакаў... I для мяне было ўвесь час загадкай, чаму ты да мяне змянілася. А потым ты сказала, што падазраеш мяне...
— Нібы ты сам гэтага не ведаў! Смешна!
— Нічуць не смешна! Бо муж заўсёды дазнаецца апошні, што яго жонка гуляе... .
— Як і жонка, што яе муж бегае да другіх.
— Але прабач, дагэтуль я не ведаў, што я — бабнік. Ад цябе толькі і чую...
— Ты заўсёды ўмеў прыкідвацца глухім і сляпым. I гэтым ты мяне біў у самае сэрца.
— Проста я лішні раз не хацеў падымаць шуму з-за нейкага там твайго выбрыку ці падазронасці. I мо таму я рабіў кепска: не тушыў іскру, якая разгарэлася ў пажар, і цяпер не ведаю, як яго патушу.
— О, ты падліваў масла ў гэты пажар, яшчэ і як! Цяпер радуйся! Мо згарым абое, а не — дык я адна...
— Ну, згарым абое. Я згодзен... Толькі вось як дзеці? Што яны вінаваты?
— Гэта праўда... 3-за іх я цярплю ўсё і гатова выцерпець яшчэ болей.
— Ах, як ты з-за іх нацярпелася! Нічуць не болей, чым другія маткі.
— Больш! Я цярплю яшчэ і за тваю долю.
— Бач яе! Сваю долю я нясу сам!
— О, ты нясеш! Ты едзеш, а я вязу! Няўжо ты сляпы? Ды ты горш за айчыма!
Такіх цяжкіх закідаў Рамейка не чакаў, яму стала горача і млосна. Таму ўжо з азартам, запальчыва загаварыў:
— Не сляпы і бачу, што я рабіў і раблю: памагаю табе гадаваць дзяцей. Зарабляю грошы, разам думаем, што каму купіць, разам перажываем за няўдачы, разам радуемся. Чаму ты лічыш, што я горш за айчыма?
— А памятаеш, як ты не даў Лене апрануць мой чорны касцюм у тэатр?
— Памятаю. I лічу, што правільна зрабіў. У яе ёсць свая вопратка. Не трэба разбэшчваць дзяцей, не трэба дазваляць ім усё, што яны хочуць. Гэта сам Горкі сказаў, не я...
— А што ты ім даў? Хіба яны так апранутыя, як другія?
— Я не збіраюся спаборнічаць з усімі моднікамі. Ніколі гэтым не займаўся і дзецям не дам. Нават табе!
— Тут ты праўду кажаш. Не дасі!
— Ды ты і сама вырасла не ў раскошы. Гэта я цаню ў тваёй натуры — што не фарсіш.
— Цэніш, што танна табе абыходжуся? Звычайна цэняць дарагіх.
— Ад дарагіх большае расчараванне. Усяго толькі розніцы. Але мы вярнуліся да таго, з чаго пачалі. Ці не час канчаць гэтую гаварыльню?
Аднак жа «гаварыльня» цягнулася яшчэ гадзіны дзве, а мо і болей, — Рамейку пачало здавацца, што цягнецца яна цэлую вечнасць. Стомлены і разбіты, ён яшчэ не мог доўга заснуць — думкамі ніяк не мог адарвацца ад нядаўняй спрэчкі, знаходзіў важкія аргументы, якіх не знаходзіў тады, калі яны былі патрэбны, зноў пачынаў усё спачатку і каторы ўжо раз выходзіў пераможцам у дуэлі, якая цягнецца ўжо дваццаць год.
4
Дзень выдаўся пахмурны, церусіў дожджык, але людзей на вуліцах было многа. Зелень сама што бралася ў сілу, гусцелі на вачах ліпы, цяснейшымі сталі тратуары, на газонах гатовы былі распусціцца кветкі, пах зеляніны перабіў смурод адпрацаванага газу з машын.
Рамейка ішоў з работы. Адчувалася лёгкая стомленасць, хоць у душы глыбокага суму не было, паволі выспявала нейкая бадзёрасць, якую ён не хацеў паказваць нават сабе, хоць яна прасілася вонкі, — здаецца, стаў бы і загалёкаў на ўсю вуліцу: «Эй, хлопцы, хто хоча са мною падужацца?» Вясна вінавата? Мо і вясна. Сяды-тады ён кідаў позірк на прахожых, асабліва на маладых жанчын і дзяўчат, спыняў зрок на каторай, што кідалася ў вочы сваім тварам, станам ці формай грудзей. Пасля зімы, пасля зімовых вопратак жанчыны як перараджаюцца: яны маладзеюць тварам, фігурай, целам, яны выглядаюць, як вясеннія кветкі, імі хочацца любавацца — іх гожасцю, хараством, іх заўсёды такою новаю прывабнасцю, якая пачынае хваляваць, нараджае нейкія імпульсы, нейкія пачуцці, што ўжо зусім, здаецца, заснулі ў табе і не прачнуцца ніколі. I гэтае абнаўленне пачуцця, якое бывае кожны год з прыходам вясны, цяпер для Рамейкі было асаблівым, — мо ніколі так востра ён не адчуваў у сабе новых сіл, прагі нейкай дзейнасці, пошукаў нечага новага, чаго ён дагэтуль не знайшоў, не зведаў, не адкрыў...
А ўсяго тыдні два ўжо зусім развітваўся з жыццём, маляваў самыя змрочныя карціны... Якое, аднак, жыццё! Як яно ўмее закруціць, замуціць, панясці, як дзікі конь! Ад аднаго берага да другога, з крайнасці ў крайнасць! Раптоўна ці амаль раптоўна развеяліся яго страхі — і гэты, з хваробаю, з выдуманым ім самым ракам, і з тою прыкметаю з газетамі, калі прапала ў яго адрасе адзінка. Усё гэта лухта, і няма чаго верыць ва ўсякія забабоны, калаціцца і чакаць невядома чаго — толькі таму, што недзе прапусціў лічбу ці прысніў сон, які можна тлумачыць па-рознаму. Глупства, глупства ўсё гэта!
Ад думак, ад сузірання паволі вяртаўся да таго, што было сёння на рабоце.
Недзе ўжо к абеду яго выклікалі да дырэктара Ткачука. Трохі, як заўсёды, захваляваўся: чаго?
У цесным дырэктарскім кабінеце быў сам дырэктар — мажны, русавалосы, вясёлы па натуры чалавек, і загадчык рэдакцыі прозы — высокі, таксама светлы, хударлявы і рухавы — Калядзіч.
Дырэктар, павітаўшыся, запрасіў яго сесці.
Адчувалася, што перад прыходам Рамейкі яны гаварылі пра нешта вясёлае, бо абодва былі ўзбуджаныя, задаволеныя, усмешка блукала на вуснах у аднаго і ў другога.
Рамейка сеў насупраць дырэктара, побач з загадчыкам. Тое, што яны былі вясёлыя, настройвала і яго на аптымістычны лад.
— Табе, браце Алесь, баявое даручэнне, — сказаў адразу дырэктар, трымаючы шырокую далонь на даволі тоўстай сіняй папцы з завязанымі белымі матузкамі. Ён звяртаўся да ўсіх проста, хоць і ветліва адначасова. У яго была шчырасць у голасе і ў натуры, таму болынасць людзей адказвала яму тым жа.
— Якое ж даручэнне? — усміхнуўся Рамейка.
— Нядаўна ў нас была Варанчак. Вось рукапіс яе новай аповесці. Мы тут пагаварылі з тваім загадчыкам і вырашылі аповесць перадаць табе, Алесь.
— Але ж па плане яна ў Юрлевіча, — сказаў Рамейка.
Дырэктар сумна паківаў галавой.
— Бяда ў тым, што Варанчак пасварылася з Юрлевічам і вельмі прасіла нас, каб мы яе аповесць перадалі на рэдагаванне табе. Яна так і сказала: «Вельмі прашу вас прызначыць рэдактарам майго твора таварыша Рамейку». Так што ты ўжо не адмаўляйся, апраўдай яе надзеі.
— А калі яна і са мной пасварыцца? — засумняваўся Рамейка.
— Пытанне тваё слушнае, — засмяяўся дырэктар, — але ты лепшы дыпламат, чым Юрлевіч, у цябе да сваркі не дойдзе.
А загадчык рэдакцыі Калядзіч дадаў:
— Якраз з жанчынамі Юрлевіч дыпламат неблагі, але з Варанчак у яго нешта не спрацавала.
Загадчык намякаў на тое, што Юрлевіч, нібы ў апраўданне свайго прозвішча, быў вялікім аматарам і знаўцам жаночага роду і меў сярод яго заслужаны — і немалы! — поспех.
— Відаць, ужыў не той прыём — і сапсаваў усю справу, — зрабіў вывад дырэктар і падміргнуў Рамейку. Потым узяў са стала папку, устаў. — Так што трымай, Алесь, рукапіс. Мы паставілі яе ў графік на чэрвень, улічы гэта.
Рамейкаў аптымізм адразу развеяўся.
— А калі раптам аповесць слабая, што тады? Ці ёсць на яе рэцэнзія? — звярнуўся ён да загадчыка рэдакцыі.
— Ёсць, і станоўчая, — сказаў загадчык. — Вазьмі ў малодшага рэдактара, пачытай. Мо знойдзеш што карыснае.
— Дацягвай разам з аўтарам, — напаўсур’ёзна, паўжартам пажадаў дырэктар.
— Толькі не набівайся ў сааўтары, — падаў слушную параду загадчык Калядзіч.
На гэтым гутарка скончылася. Рамейка ўзяў папку і пайшоў з кабінета... «Не хапала мне яшчэ гэтай Варанчак. Хай бы ўжо яе рэдагаваў Юрлевіч. Чаго яны не паладзілі? Няўжо з-за росту?» — усміхнуўся ён сам сабе. Бо і праўда, Ван Ваныч быў невысокі, таўсматы, плячысты мацак, з вялікай галавой, якая, здаецца, адразу, без шыі ўрастала ў яго крутыя шырокія плечы. I галаву ён паварочваў, як воўк — разам з усім тулавам. А Нона Варанчак была рослая, мажная, грудастая, даволі агрэсіўная па натуры. Да таго ж яна была разведзеная, пра яе хадзіла шмат плётак, з якіх, як лічыў Рамейка, большая палова не мела ніякай асновы: мо хто пусціў са злосці, што яго адшылі. Ёсць і такія мужчыны, Рамейка добра ведаў.
Ды што тут казаць? I што Рамейку павінна абходзіць, з-за чаго яны пасварыліся? У чужыя адносіны ён ніколі не любіў мяшацца, а яшчэ горш не цярпеў, калі нехта без дазволу лез у яго душу. Але чаму Варанчак папрасіла рэдактарам якраз яго? Хутчэй за ўсё тут звычайная выпадковасць, бо Варанчак яго мала ведае — і як рэдактара, і як чалавека. Мо толькі з чужых слоў. Але хто мог пахваліць яго? Аднак жа нехта пахваліў...
Так разважаючы, Рамейка і не заўважыў, як апынуўся на паўдарозе да свайго дома. Тут ён часам садзіўся на транспарт, калі спяшаўся. I тут зазіраў звычайна ў гастраном, купляў хлеб, масла, каўбасу ці малако, каб потым не заходзіць ля свайго дома ў цесны маленькі магазінчык, які ужо даўно збіраюцца зносіць...
Ён пастаяў ля дзвярэй у гастраном — заходзіць ці не заходзіць? — як гэтыя дзверы тут жа адчыніліся, і перад ім апынулася... Варанчак. У руках у яе была сетка, напакаваная рознымі скруткамі і пакетамі, сумка і вялізная папка, у якой звычайна носяць ноты.
Яна спачатку нібы спалохалася, убачыўшы яго, а потым тут жа прыязна усміхнулася на увесь рот і сказала нізкім грудным голасам:
— Добры дзень, таварыш Рамейка. Проста рада, што вас тут спаткала.
— Добры дзень... Я таксама, — нічога не заставалася рабіць Рамейку, як сказаць тое ж, толькі з прыхаванан іроніяй, якую ён пастараўся не выдаць. Дзіўна, але ён адчуў нейкую разгубленасць, якая яго ахоплівала перад жанчынамі, што хоць трохі яму падабаліся. — Вы ў гэтых мясцінах жывяце? — недарэчы спытаўся ён, каб схаваць гэтую сваю разгубленасць ад уважлівага позірку Ноны Варанчак, якім яна яго пранізала.
— Тут побач, — адказала яна, — можа, вы мне паможаце? — і яна, не чакаючы згоды, падала яму сетку з прадуктамі — і даволі цяжкую, на кілаграмау сем.
— О, не на маю сілу, — пажартаваў Рамейка. Ён сам быў вышэй сярэдняга росту, танклявы, сухарлявы і выглядаў слабаком і напалову танчэйшым побач з гэтаю мажною жанчынай.
— А што казаць слабай жанчыне? — зноў усміхнулася шырокай усмешкай Варанчак, падрабляючыся пад яго тон.