К книге
На мяжы цярпенняСтраница 40
95%
Страница 40
40

У душы Рамейка быў рады, што ўсё пайшло ў добрым кірунку, што стары Петрыкевіч памірыў ці хоць бы прымірыў абодва бакі, гэта значыць, яго, Рамейку, і сваіх дзяцей, якія так груба і галаслоўна звальвалі на яго ўсю віну за трагедыю з Марынай.

Вячэра зацягнулася, усе былі злёгку падпітыя, трагізм падзеі неяк адсунуўся на задні план, відаць, так, як і ў Рамейкі: з вачэй — як з плячэй, адразу стала лягчэй.

Рамейка развітаўся з цесцем, цяпер ён ужо называў яго ў думках не «былым», яны абняліся — як у знак прымірэння, потым паціснуў руку непрымірымаму швагру Яўгену, яго жонцы-таўстусе Галіне, крыклівай Марынінай сятры Вользе і яе хударляваму мужу Віктару, які так нечакана падтрымаў яго; яны перакінуліся словамі ўжо без усякай злосці, а прыязна, як сваякі, як і належыць добрым людзям. Тое ж самае было і з дочкамі. Яны праводзілі яго сумнымі ўсмешкамі, але неяк па-новаму пазіралі на яго, мо нават з надзеяй. Па прынцыпе, што смерць раз’ядноўвае, але яна і прымірае самых непрымірымых.

А да тралейбуснага прыпынку ён ішоў з Таняю, Марынінаю сяброўкай, яны разам працавалі ў Інстытуце жывёлагадоўлі, здаецца, нават разам вучыліся. Таццяна трохі накульгвала, і гэтая ва́да, няйначай, стала прычынаю таго, што яна засталася адзінокаю, хоць і з твару, і па характары была прывабнаю жанчынаю, у яе мог бы знайсціся спадарожнік жыцця, аднак жа... Урэшце, мо яна сама не захацела мець сям’і, хто ведае? Сяды-тады яна прыходзіла да іх, прыносіла дзецям цукерак, якую-небудзь цацку ці кніжку, яны ўсёй сям’ёю пілі каву, а часам і што мацнейшае, а потым Рамейка праводзіў яе да транспарту, як вось сёння...

Яны ішлі, асцярожна ступаючы, ужо было цёмна, Рамейка падтрымліваў Таню пад руку, яна гаварыла пра Марыну, сваю сяброўку. Яна сказала якраз тое, што ў Марыне не зусім падабалася і самому Рамейку: яе баявітасць, непрымірымасць, часам нават сварлівасць. Калі яна па нейкіх прычынах неўзлюбіла чалавека, то ставілася да яго адкрытым — не апанентам, а ворагам, і гэтага яна не хавала. У яе быў, як яна сказала, партызанскі характар, нездарма ў вайну стала партызанскаю сувязною. Тое ж самае было і ў яе адносінах з начальствам, яна не хавала фігі ў кішэні, яна яе магла паказаць пры ўсіх: вось глядзіце, вы гэтага заслужылі. Не скажаш, што яна не разбіралася ў справе, ведала яе дасканала, але хацела, каб яе ведалі такжа дасканала і ўсе астатнія, а калі яны недзе ў нечым хібілі, яна пачынала з імі вайну. Часам настройвала супраць сябе ледзь не ўсіх, а часам магла настроіць ледзь не ўсіх супраць начальства. А начальства, як вядома, такіх людзей не любіць. Начальства любіць, каб з ім згаджаліся, каб яго пахвальвалі.

«Вось гэтым яна мне і падабалася — сваей непрымірымасцю да недахопаў, да ўсяго нечалавечага ў нашым жыцці, у нашых адносінах. Я па натуры не такі чалавек, я люблю спакой і цішыню, але я сябе за гэта часам і дакараю, і лаю, што я не такая. Мне падабаюцца людзі тыпу вашай Марыны, думаю, што і вы не раз адчувалі на сабе яе выбуховы характар, я вам спачуваю... Але не трэба забываць, што яна траціла шмат душэўнай энергіі, яна гарэла, як свечка на ветры, кожную хвіліну яна магла пагаснуць, і вось пагасла, подых ветру быў надта моцны. Яна страціла вас... А, наколькі я ведаю, яна вас кахала... таму і пайшла на разрыў... А потым аб гэтым шкадавала... Але не магла вярнуцца назад. Яна была прынцыповая, мо нават занадта... I яшчэ... Я не паверу ў тое, што вы былі прычынаю яе смерці. Сваё сэрца яна надрывала ўжо даўно, яна яго не шкадавала, жыла без аглядкі... Шмат курыла, не абмінала і чаркі... Мне здаецца, вам цяжка было ў тым сэнсе, што яна лідзіравала ў сям’і, а не кожны мужчына хоча аддаць лідэрства ў жаночыя рукі. Яго мужчынскае самалюбства пачынае пратэставаць, бунтаваць, даходзіць да канфліктаў. Ці не так? Нездарма я чула, што Марына вас біла, хоць я ў гэта не веру, бо трохі ведаю вас... Вы прабачце, што я гэтулькі вам нагаварыла... Мо я хацела б сказаць усё за жалобным сталом, але гэта нетактоўна, пра нябожчыкаў гавораць або добрае, або маўчаць».

«Якраз вы гаварылі пра яе добрае, — адказаў Рамейка на яе доўгі маналог. — І на могілках, і цяпер, для мяне... У кожным характары ёсць нейкія недаробкі ці перагібы... Вы вельмі глыбока яе зразумелі, і думаю, правільна. Нешта падобнае пра яе мог бы сказаць і я, тым больш, што я пражыў з ёю два дзесяткі гадоў, з’еў разам не адзін пуд солі. З ёю было нялёгка, яна надта патрабавальная, а часам адгароджвалася ад усяго... Яна была чалавекам няпростым, як кажуць, не ў адну столку. Але дзякуй ёй за гэта. А вам таксама дзякую, што наведалі нас у цяжкую часіну. Усяго вам самага лепшага, Таня».

Рамейка пацалаваў ей ручку, яна села ў тралейбус і паехала. I тут жа пашкадаваў, што не спытаўся ў яе тэлефона, ён не ведаў нават — ці забыўся — яе прозвішча. Мірончык? Нешта падобнае...

Хоць было ўжо і позна, ён пайшоў пехатою, хацелася асвяжыць галаву, каб выветрыўся хмель, каб абдумаць-абмеркаваць тое, што сёння, за ўвесь доўгі дзень, адбылося. Самае цяжкае — пахаванне, самае цяжкае — развітанне. Але, дзякаваць Богу, усё прайшло ў добрым стылі, лепш сказаць, у жалобным стылі. Ён баяўся за цесця, каб не зайшоўся ад жалю, каб вытрымала яго старое, падношанае сэрца. Яшчэ баяўся за дачок, яны вельмі балюча прынялі да сэрца страту, бо не чакалі такога ўдару лёсу, але яны — адна падлетак, другая — дзяўчо, мо не так глыбока ўспрымалі трагедыю, яна была для іх свайго роду няўдачай, велічыні якой яны яшчэ не ўмелі вымераць, у іх не было таго жыццёвага вопыту, які прыходзіць з гадамі, калі чалавек разумее і адчувае адначасова, што ён страціў, і страціў назаўсёды. Яны ўспрынялі няшчасце як падзею сённяшняга дня, а заўтра будзе тое, што было раней. Мо нават успрымалі ўсё як сон, які скончыцца, — і ўсё застанецца такім, як дагэтуль...

Хоць, падумаўшы, Рамейка не мог упэўнена сказаць, што яны ўспрынялі падзею менавіта так, як ён меркаваў. У адным не сумняваўся, што яны глыбока параненыя нечаканасцю трагедыі: іх маці, мама, мамка здавалася такою моцнаю, такою ўпэўненаю ў сабе, што яны нават дапусціць не маглі, што яна вось так раптоўна можа пакінуць іх... Назаўсёды.

Пра сябе ён мала што думаў. Адзінае, як і тыя дзеці, не мог змірыцца з тым, што яго жонка, няхай і былая, раптам упадзе на паўдарозе, не паспее вывесці ў людзі сваіх дачок, што гэтую нялёгкую ношу давядзецца браць на сябе яму, Рамейку, які таксама, як і яго дочкі, не быў гатовы да такога трагічнага павароту падзей. Перад ім раптоўна вырас на дарозе новы цяжкі перавал, і невядома, ці хопіць у яго сілы і спрыту, каб адолець яго, вынесці сваю пацяжэлую ўдвая ношку на роўнае месца, не спатыкнуцца, не ўпасці. Не спатыкнуцца і не ўпасці...

Ён і цяпер ішоў неасцярожна, пад ногі не глядзеў, зрок яго быў нібы павернуты ўсярэдзіну і назад, перад ім праходзіў доўгі, балючы малюнак сённяшняга дня, укарочаны — пахаванне, і расцягнуты — жалобная вячэра, застолле. Мо і дарэмна ён уступаў у спрэчкі са шваграм, шукаў нейкіх, як яму здавалася, трапных адказаў на яго закіды, разлічаных на публіку. Яму цяжка сказаць, як успрынялі іх спрэчку людзі, што сядзелі за сталом і слухалі ўсю тую недарэчную лухту, інакш яе і не назавеш. I слухаць ім не хацелася, гэта чыталася на іх тварах, некаторыя нават пазяхалі. А швагры распіналіся, як клоуны, і мо каб застолле не было жалобным, з іх смяяліся б не горш, чым смяюцца ў цырку.

Вельмі тактоўна і вельмі разумна паводзіў сябе цесць Паўлюк, каб не ён, невядома чым усё скончылася б. Ва ўсякім разе, быў бы сапраўдны цырк на дроце, як цяпер кажуць. А так усё неяк згладзілася, закруглілася і пад канец стала на месца, і разышліся яны спакойна і мірна, як культурныя людзі. Малайчына, стары Петрыкевіч, аўтарытэт у яго ёсць, і галава варыць таксама адпаведна. Мо і дачка Марына ў яго ўдалася, толькі з твару яна была больш падобна да маткі Юстыны, і скупаватая такая, хай даруе нябожчыца. Ці мо лепш сказаць — ашчадная. Каб не раскідаць, каб не перадаць, каб зэканоміць, пакінуць назаўтра...

Што яшчэ ўсплыло яму ў памяці? Мо мала ён даў грошай на ўсе расходы? Палову той сумы, якую яму адвалілі на дапамогу, як ведалі, што грошы яму прыдадуцца... Усёй не асмеліўся, а што потым самому? Лапу смактаць? Паколькі ён былы, дык што з яго возьмеш? Што дасць, тое і возьмеш... Мо і пакрыўдзяцца Петрыкевічы, але няхай, усё роўна іх крыўда на яго не паменшае, колькі ні дай, хутчэй пабольшае...

Вось і яго дом... Толькі цяпер яму стукнула у галаву, што ён не думаў пра яго гэтыя два дні, а сёння нават ні разу ў думках не заляцеў сюды, не ўспомніў пра Ларысу: дзе яна, што з ёю? Ці думае яна пра яго? Напэўна ж, яна перажывае, хвалюецца і чакае, а яму проста не было вольнай часіны, ні вольнага месца ў галаве, каб пабыць з ёю, яна нібы выветрылася з галавы, а ўсё вольнае месца засланіла тое, што рабілася перад вачыма: могілкі, дамавіна адкрытая, з Марыніным целам, а потым засыпаная магіла, магілка, уся закрытая вянкамі і кветкамі, хоць у канцы другога месяца вясны іх яшчэ не выгадавалі ў агародах і клумбах... Цёплы, з прыхаванаю ўсмешкаю на вуснах, развітальны позірк з партрэта, які застаецца вартаваць яе магілку... Бывай, дарагая Марына, я Цябе не забуду ніколі... Мала я Цябе шкадаваў...

А жалобная вячэра выглядала такою тлумнаю, што пра Ларысу яму не давялося нават успомніць, нібы яе наогул не існавала на свеце. Ён там быў — і жыў тым, чым жыў яшчэ нядаўна, паўгода назад, калі яго душа і цела поўнасцю належала гэтаму месцу, яно адно яго цікавіла, і прыцягвала, і больш нічога не існавала. Так і сёння: былі такія свойскія сцены, паліцы з кнігамі, сталы, за якімі сядзелі знаёмыя і незнаёмыя людзі, якія пілі, елі, гаварылі, плакалі, але зноў жа былі прывязаныя да гэтага месца, да той трагічнай падзеі, якая тут адбылася, а яе адгалоскі гучаць няспынна, як працяглая музыка арганаў, у якой, здаецца, не было пачатку і не будзе канца, а застануцца гучаць толькі пералівы мелодыі.

I нават калі ён выйшаў са свайго былога дома і правёў Таццяну, ён не падумаў, куды ідзе і чаго: галава поўнілася тым, што адбывалася хвіліну назад. Толькі ўбачыўшы дом, ён як нехаця, памяняў кірунак сваіх думак, нібы памяняў кружэлку на дыску. Нават здзівіўся: як так можна? Усё рабілася само сабою, нібы ён стаў на момант якім аўтаматам.

Вось і яго новы — як яго цяпер называць? — дом, тут трэба ісці асцярожна, каб не сутыкнуцца з якім п’яным, якіх вечарам шмат, нібы яны п’янеюць проста ад цемры, хоць і не такой густой, як у вёсцы. Яны могуць папрасіць закурыць, могуць папрасіць рубель-два на чарніла, могуць і палезці цалавацца ці біцца — ім усё роўна, абы разладаваць сваю нерастрачаную энергію.

Але ён сваю дарогу да пад’езда прайшоў спакойна, ні з кім не сутыкнуўся, у вестыбюлі было, як заўсёды, насмечана за працоўны — сёння суботні — дзень, у ліфце таксама валяліся недакуркі і луска ад сланечкікаў. Засмечаны ліфт узнімае яго на сёмы паверх. Ключы ён пераблытаў, доўга важдаўся, пакуль знайшоў памылку. Там ключ адзін, тут — другі, нешта падобнае як з чалавечымі сэрцамі: не да кожнага хутка знойдзеш патрэбны ключык, мо каб хіба залаты...

Ён увайшоў у прыхожую, да яго першай кінулася Магда, ткнулася носам у калена. Тут жа паказалася Ларыса ў халаце, устрывожаная, як спалоханая, засыпала яго пытаннямі:

— Чаму так доўга? Як жа ты? Як там усё прайшло? Расказвай! Я цябе так чакала...

Рамейка распранаўся, быў нейкі запаволены, як сонны.

— Пахавалі чалавека... Нічога новага і цікавага... Усё прайшло ў рамках, хоць часам і выходзіла за іх... Была вячэра, усе хвалілі нябожчыцу... Трохі плакалі... Трохі сварыліся...

— Неяк ты гаворыш, як п’яны: пахавалі чалавека, нічога тут новага... Ад цябе такое пачуць — неяк нязвычна... Гэта ж твая жонка. Як ты так гаворыш? — здзівілася Ларыса.

— Ну і што, калі жонка? У мяне ўсё ўжо адбалела, слёз няма. Пустата... Ведаеш, як з калодзезя вычарпаюць усю ваду? Патрэбен час, каб яна найшла зноў...

— Можа, твая праўда, не ведаю. Хадзем на кухню. Ты мо галодны?

— З памінкаў галоднымі не вяртаюцца, гэта не з вяселля, — адказаў Рамейка. — Мо ты не вячэрала, тады пайшлі.

— Не, мы вячэралі. Змітрок ужо спіць. А я ўсё цябе чакала, не магла заснуць, аж галава разбалелася.

— I ў мяне цяжкая галава, як чыгун з вадою. Піў у жывот, а пайшло ў галаву.

Ён разумеў, што гаворыць абы-што, зусім не тое, чаго чакала ад яго Ларыса. Але чамусьці патрэбных слоў не знаходзіў, была нейкая верхаводка, а мо проста не хапала сілы вярнуцца ў тое асяроддзе, у тую атмасферу, у якой ён нядаўна варыўся. А мо нават быў нейкі падсвядомы пратэст арганізма — не націскаць на балючую кропку, а ўцячы ад яе як мага далей, выкінуць з галавы тыя думкі і вобразы, якія панавалі ў ім тады, — балючыя, цяжкія, нават невыносныя, на мяжы цярпення, каб яны не мучылі болей, хоць ён разумеў, што патрэбен час, каб нешта новае выцесніла, сцерла малюнкі былога. Але тое, што нядаўна адбылося, што там засела глыбока, набыло надта цяжкую масу, трывалую аснову, каб ад яго нельга было пазбыцца так лёгка...

— Ты даруй, Ларыса, што я гавару не тое, і не таму, што п’яны, а таму, што цяжка ўзнаўляць тое, што балела, што яшчэ баліць. А баліць мне, апрача ўсяго іншага, тое, што дзеці застаюцца адны, ім дадзена вольная воля...

— Будуць жыць адны, без нікога болей? — здзівілася Ларыса. — Нешта не надта разумна вы прыдумалі.

— Ты кажаш «вы»... I я так лічу, але мяне і слухаць не сталі. I дзеці прынялі іх варыянт, хоць мо і пад ціскам усіх Петрыкевічаў, іх там шмат... Праўда, бацька Петрыкевічаў разумны чалавек, ён прымірыў абодва бакі, сказаў так: няхай будуць покуль што адны, а там будзе відаць — у сэнсе, што не трэба далёка загадваць. Лічу, што з такім меркаваннем можна згадзіцца. Паглядзім, як дзеці змогуць карыстацца сваёю вольнаю воляй. Калі што не так, — будзем прымаць меры. Як ты на гэта глядзіш?

— Можа, так і добра. Час пакажа, — коратка сказала Ларыса.

Яны пасядзелі яшчэ на кухні, пагаварылі, пабедавалі разам і пайшлі спаць. Была гадзіна ночы.

30

Чамусьці да Рамейкі ў галаву ўбілася адно параўнанне, якое ну ніяк не хацела адтуль выбавіцца.

Предыдущая главаГлава 40 из 42Следующая глава