К книге
На мяжы цярпенняСтраница 39
93%
Страница 39
39

Найцяжэй перажыць развітанне, калі бачыш чалавека апошні раз, калі больш ніколі-ніколі не ўгледзіш, не спаткаеш, не пагаворыш, а ён можа прысніцца толькі ў сне... Калі гэта чужы чалавек — не так моцна баліць, а як свой, родны, з якім жыў побач гадамі, дзяліў хлеб і соль, гора і радасць, надзеі і спадзяванні, — што тады? Боль невыносны — нібы ў цябе забіраюць, адрываюць частку твайго сэрца.

А некаторыя з тых, што былі побач, маглі падумаць, што Рамейка радуецца, бо цяпер становіцца гаспадаром на дзве сям’і, што яго дочкі без ніякіх перашкод вернуцца да яго ці ён да іх. Так-так, Рамейка тут быў нейкім асаблівым персанажам, не такім, як усе. Калі б ён быў яе мужам, ён успрымаўся б нармальна, так як і трэба. А ён быў ужо не свой, але і не чужы — ён стаяў на мяжы паміж былым і сённяшнім, якое ён павінен злучыць, аб’яднаць у адно цэлае, зноў напоўніць яго жывым зместам. Ці зможа ён гэта зрабіць, праўдзівей, ці дазволена яму будзе заняць тое месца, якое займаў нядаўна?..

Трэцяя частка здавалася яму лягчэйшай за першыя дзве. Усе яны развіталіся з Марынай назаўсёды, сыпанулі па тры жмені пяску на яе дамавіну, пусцілі развітальную слязу перад яе партрэтам і паехалі ў горад. Сам Рамейка адчуваў нейкую палёгку, ён як бы скінуў з сябе нешта нябачнае, але цяжкае, што яго прыгнятала, гнула да зямлі. А тут раптам — палёгка. Па прымаўцы: з вачэй — як з плячэй, адразу стала лягчэй... Можа, і так, бо адна рэч бачыць пакуты, а другая — іх уяўляць...

Яны ўсе, хто вярнуўся з могілак, памылі рукі, занялі месца за састаўленымі разам трыма сталамі, бацька Павел згаварыў малітву «Ойча наш» на стараславянскай мове, узнялі першую горкую чарку за светлую душу рабы Божай Марыны: каб ёй спакойна спалася, каб пухам ёй была наша родная зямліца...

Каб заглушыць узрушэнне, хваляванне, чалавеку трэба перакусіць, і першая чарка, а за ёю закуска — гэта якраз тое, што трэба арганізму. Медыкі кажуць, што кроў ад галавы прылівае ў страўнік, чалавек адчувае палёгку — і здымаецца стрэс. Мо яно і не зусім так, але пасля першай чаркі звычайна пануе маўчанне — прачынаецца апетыт, і яго трэба супакоіць, даць яму занятак, а сам чалавек хай расслабіць напятыя струны нерваў, каб яны не парваліся.

Потым пайшла другая чарка, трэцяя, людзі паступова адыходзілі ад нядаўняй скаванасці, гаварылі спакайней, стараліся як бы згладзіць вострыя вуглы: чалавека ўжо не вернеш, трэба жыць далей і думаць, як ладкаваць новы парадак. Завязвалася гаворка між суседзямі за сталом, некаторыя расказвалі забаўныя гісторыі з пахаваннем, з могілкамі. Адну такую гісторыю распавёў бацька Павел — як у іх там, ля Коханава, далакопы капалі магілу, а побач аказалася труна, яшчэ здаровая, над ёю як бы невялікая ніша, зямля не засыпала яе да адказу, і адзін з далакопаў захацеў паглядзець, а што ж там у дамавіне. Лязом рыдлёўкі ён прыўзняў века труны — і ўбачыў, што там ляжыць маладая жанчына, ну проста як жывая. Ён ажно пахаладзеў, няўдала павярнуў рыдлёўку — і дамавіна, бразнуўшы векам, закрылася. Ён паклікаў сваіх напарнікаў, якія курылі наверсе, і сказаў, што пакажа ім цуд — узняў другі раз века — і ахнуў: замест прыгожай маладзіцы ўбачыў адзін прах, парахню...

А малады сусед Кутузаў расказаў, што пачынае будавацца крэматорый у Мінску, бо Паўночныя могілкі не паспяваюць ці проста не могуць прыняць усіх нябожчыкаў, разрастаецца горад, а значыць, больш памірае людзей. Да такой навіны людзі за сталом аднесліся як хто, пачыналіся нават спрэчкі.

Нечакана брат нябожчыцы Яўген кінуў рэпліку, што мы аддаляемся ад пратакола, што ёсць важныя пытанні, якія трэба вырашаць.

— Няхай скажа сваё слова былы Марынін муж — якія ў яго думкі і меркаванні, а мы паслухаем, — закончыў ён суха і рэзка.

У яго голасе адчувалася прыхаваная злосць і непрыязнасць да яго, Рамейкі, і ён адчуў гэта адразу: непрыемны халадок прайшоў у яго каля сэрца, нібы яму трэба было скакаць у ледзяную ваду. Ён устаў, кінуў позірк на свайго апанента, агледзеў людзей, што сядзелі перад ім, як бы шукаючы падтрымкі ў іх позірках, і пачаў:

— Я не хачу казаць, як мне баліць, вы можаце не паверыць. Я скажу толькі, што нас пакінуў чалавек, які заслугоўвае самай высокай пахвалы...

— Што ж ты кінуў гэтага чалавека ў бядзе? — спытаўся Яўген з адкрытай непрыязнасцю.

— Бяды не было, і я не кідаў Марыны, гэта яна кінула мяне, — спакойна адказаў Рамейка.

— Яна выгнала цябе, бо ты гэтага заслужыў, — у такім жа тоне працягваў Яўген. — І ты не апраўдвайся, табе ніхто не паверыць.

— Я не на судзе і апраўдвацца не збіраюся. Мне толькі хацелася б, каб вы ўсе, хто тут за гэтым жалобным сталом, ведалі праўду. Я хачу абараніць свой чалавечы гонар ад несправядлівых выпадаў.

— Маўчаў бы ўжо пра гонар, — зноў загарэўся Яўген. — Яго ў цябе мо зроду не было!

Рамейкава выступленне, ці тост, ператвараўся ў спрэчку, якая ўжо выходзіла за рамкі элементарнай прыстойнасці, і яе трэба было канчаць.

— Калі я тое ж самае скажу пра цябе, ты абвінаваціш мяне ў хлусні і будзеш мець рацыю, — адказаў Рамейка. — Тое ж самае кажу і я на твае словы. Так што не трэба кідаць камяні ў агарод адзін другому... Мы тут не для гэтага сабраліся. Паспрачацца можам і пасля, не трэба траўміраваць людзей, яны і так шмат перажылі за гэтыя дні. Калі коратка, то скажу, што свае віны з сябе не здымаю, я вінаваты, і я хачу загладзіць сваю віну, я хачу дагледзець нашых дзяцей і паставіць іх на ногі. Гэта мой святы абавязак. — І тут Рамейка расказаў пра свой сон, які прысніўся яму ўчора — як ён прыняў з Марынінай рукі два яечкі і адправіў іх сабе ў рот. — Яе жэст і мой працяг гэтага жэста гаворыць за тое, што яна перадае мне клопат пра далейшы лёс нашых дзяцей, і я ад яго не адступлюся, што б вы ні гаварылі...

— У цябе і пытаць ніхто не будзе, гэта вырашаюць дочкі, — усё так жа зацята сцвердзіў Яўген.

Рамейка хацеў не згадзіцца, але тут цяжка ўзняўся бацька Павел, паглядзеў на сына, паглядзеў на былога зяця, уздыхнуў і сказаў:

— Хлопцы, ужо не маладыя, перастаньце дзяцінець, не трэба за жалобным сталом ніякае злосці. Тут павінен быць мір і згода, любоў і давер. Праўда, што не трэба кідаць камяні адзін у другога... Успомнім добрым словам маю дачку Марыну, вытрам слёзы, памолімся Богу... Гэта адно... А другое... Ты зяць, былы зяць, ты мне падабаўся, ёсць у цябе шмат добрага... Але мая дачка чамусьці не давярала табе. I мо мела на гэта нейкія, ну, як тут сказаць, доказы ці факты... Яна перажывала, пакутавала, надрывала сэрца. Вось яно і не вытрымала, парвалася... І ўжо тут нічога не паправіш, трэба жыць без яе... Мы параіліся, усе Петрыкевічы, і прыйшлі да згоды, што дзеці не павінны вяртацца да бацькі ці бацька да іх. Няхай яны жывуць тут адны. I дзеці таксама з гэтым згадзіліся, можаш спытаць у іх сам. I нават суд табе нічога не паможа, бо дзіця пасля дзесяці гадоў мае права само вырашыць з кім яму быць. Так мне сказаў знаёмы юрыст...

— Праўда, праўда, ёсць такі артыкул у адміністрацыйным кодэксе, я чуў таксама, — пацвердзіў малады мужчына з выдавецтва, адзін з тых, што прыходзілі да Рамейкі на працу ўчора раніцай.

Рамейка гэтага не ведаў, але яму не верылася, што дочкі не захацелі, каб бацька вяртаўся да іх.

— Я лічу, што, калі яны і рашылі не прымаць мяне, дык зрабілі гэта не падумаўшы, бо апека ім патрэбна, яны вучацца, самастойна жыць яны яшчэ не ўмеюць, іх лёгка можна ашукаць, збіць з правільнай дарогі. I як бацька я павінен рабіць так, каб яны жылі без усякіх пагроз, спакус, пад бацькоўскім прыглядам. Даваць ім поўную волю ў такім узросце я лічу вельмі рызыкоўна і нават небяспечна, — не згадзіўся з цесцем Рамейка.

Яго нечакана падтрымаў Віктар, муж Марынінай сястры Вольгі:

— Мне здаецца, што Рамейка разважае правільна, што дзяцей яшчэ нельга пакідаць адных, яны могуць...

Яго тут жа перабіла ўласная жонка Вольга, накрычала на яго, як крычаць базарныя цёткі:

— Што ты трэплеш сваім языком, як памялом, лепш памаўчы, ніхто ў цябе не пытаецца, разбяромся і без цябе, заткніся!

Бедны Віктар, хударлявы, вастраносы мужчына сярэдніх гадоў, ніякавата павёў плячыма, апусціў галаву і замоўк.

«Бунт на караблі задушаны ў зародку, — падумаў сам сабе Рамейка. — Усё ўжо зроблена на іх капыл. Відаць, нідзе не дзецца, саступіць давядзецца». Ён не стаў спасылацца на голас у сваю абарону, каб не нашкодзіць чалавеку, а сказаў тое, што яшчэ не паспеў сказаць:

— А калі я падам у суд, то мяне могуць прызначыць іх апекуном, а не каго-небудзь іншага — Ён не хацеў называць прозвішча Петрыкевічаў. — Што вы на гэта скажаце, мае апаненты?

— Мілы чалавек, ты і без суда павінен быць апекуном сваіх дзяцей, — падаў голас бацька Павел, які ўжо сядзеў на сваім месцы, але нічога не еў і не піў, нібы забыўшыся на ўсё. — Цяпер ты адзіны іх апякун, хоць мы таксама будзем іх даглядаць і памагаць.

Усе міжволі паглядзелі на трэці стол, пры дзвярах, за якім побач з іншымі гасцямі сядзелі дзве сястры — Лена і Геня, пра якіх тут ішла спрэчка. Яны знешне выглядалі зусім спакойнымі, трохі ружавашчокімі, мо нават і ад выпітага віна. А што рабілася ў іх душах, дык можна толькі здагадвацца: жыла крыўда на бацьку, боль за матку, на будучае — надзея і страх, страх і надзея.

— I ім будзе не горш, чым было пры табе, такім клапатлівым бацьку! — зноў кінуў камень у Рамейкаў агарод швагер Яўген.

— Як будзе, мы пабачым, а як было — ім лепш ведаць, чым нам з табою, шаноўны швагер, — адказаў на рэпліку Рамейка. — I ці не здаецца табе, што дзеці, якія засталіся без маткі, яшчэ не круглыя сіроты, а вось як адгарадзіць іх яшчэ і ад бацькі, дык кім яны стануць? I вы хочаце сказаць, што жадаеце ім дабра? Па-мойму, большага зла нельга і прыдумаць. — Рамейка ўзмахнуў рукамі і сеў. Адчуваў, што твар яго гарыць, а сэрца ў грудзях стукала моцна, але рытмічна, без усякіх збояў.

Было падобна на тое, што ён трапіў Петрыкевічам у балючае месца. Ускочыў брат Яўген, потым сястра Вольга, не выбіраючы слоў, сталі паліваць яго, як ледзяною вадою, крыўднымі эпітэтамі, ад якіх можна было схапіць спачатку прастуду, а потым — гарачку: што ён жорсткі, бессардэчны, грубы і нахабны, што ён нікога і ніколі не любіў і не глядзеў не толькі сваю жонку, але і родных дзяцей, — і яшчэ шмат чаго было яму выліта на галаву.

Усярэдзіне ў Рамейкі ўсё кіпела, але стрымліваўся як мог, бо каб даў сабе волю, дык і ён знайшоў бы ім што адказаць або проста выйсці з пакоя і не слухаць.

Бацька Павел, угнуўшы галаву, слухаў, часам кідаў позірк на Рамейку, які сядзеў насупраць яго, і як нечага чакаў. Ці не канца слоўнага вадаспаду яго родных дзяцей, якія выступалі гарачымі абаронцамі яго ўнучак і груба тапталі іх бацьку. Каб яны толькі не перастараліся, каб дзеці не сказалі ім: «Гэта наш бацька, і калі ён нават і дрэнны, але ўсё роўна ён наш, ён адзін у нас застаўся, і мы яго ў крыўду не дамо».

Таму стары зноў стаў на свае нетрывалыя ногі, узняў правую руку з прыгнутымі спрацаванымі пальцамі і сказаў усхвалявана:

— Дзеці, хопіць з вас, замаўчыце! Трэба і меру знаць! Паглядзіце на людзей, хіба ім прыемна вас слухаць? Яны не таго сюды прыйшлі, і вы таксама. Не трэба распальваць агонь... Хай дзеці жывуць адны, а потым пабачым... Я думаю, што бацька павінен з гэтым згадзіцца... хоць яму і крыўдна. Хай пацярпіць, хай абдумае свае жыццё... У яго другая сям’я, новыя клопаты... А цяпер я хачу, каб мы выпілі чарку за здароўе ўсіх, хто за гэтым жалобным сталом, за здароўе ўсіх, хто прыйшоў раздзяліць наша гора, хто дапамагаў нам, асабліва суседзі, зрабіць усё так, як трэба... Мы без вашай дапамогі проста былі б... Ну як той цяжкі воз на гразкай дарозе. Адны мы не справіліся б... Дзякуй вам усім, асабліва кіраўніцтву з выдавецтва, як яно? «Ураджай» і ўсім людзям, якія працавалі разам з маёю дачкою Марынаю... — тут голас яго заглух, абарваўся, утварылася пауза. — Даруйце старому, што зробіш? Яшчэ раз: дзякуем вам усім, хай вам Бог пасылае здароўе! Дык вып’ем да дна, а то мы нешта слаба рухаемся ў гэтым кірунку...

Усе заўсміхаліся, мо першы раз за цэлы дзень, дружна выпілі, сталі закусваць. Надышоў момант нейкага як прасвятлення, застолле скінула з сябе скаванасць, напружанасць — як чаканне нечага непрыстойнага, што магло тут адбыцца, каб стары бацька не супакоіў спрэчнікаў, не даў ім разысціся на ўсю шырыню натуры. Людзі ажывіліся, гаварылі між сабою групамі, абмяркоўвалі нейкія свае праблемы, часам чуўся стрыманы смех.

Збіліся на тэму, што значыць для чалавека радзіма, яго роднае месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, і Марынін бацька расказаў пра сябе, як ён маладым хлопцам пасля службы ў войску з адным сваім сябрам паехаў на Украіну, у Данбас, у прамысловы горад Макееўку, цяпер, здаецца, Днепрапятроўск, уладкаваўся на металургічны завод. Папрацаваў месяц, другі, трэці — і адчуў, што слабее, хоць работа сама па сабе і не была ўжо такою цяжкаю. Пайшоў да доктара, раз і другі, але нічога ў яго не знаходзяць, далі нейкіх кропель, парашку ад сэрца — і ўсё. А папраўкі ніякай няма, ужо нават ідучы на працу, нейкія там дзве вярсты, павінен быў рабіць перадышкі, прысесці, бо ногі не трымалі. Параілі яму схадзіць да аднаго прыватніка, ужо старога чалавека. Той абслухаў яго, распытаў: хто, адкуль, дый кажа, што трэба табе, хлопча, мяняць клімат, гэты табе не падыходзіць, ты тут засохнеш. Едзь ты дадому, у сваю Беларусь, і ўсё ў цябе стане на месца. Што заставалася рабіць? Паехаў дадому...

— I што вы думаеце? Праз некалькі месяцаў я як на свет нарадзіўся, куды мая хворасць падзелася! Тут я ўжо ажаніўся, знайшоў сабе добрую дзеўку Юстынку, яна нам і першую дачку прывяла, Марынкаю назвалі. Радасці было колькі!.. А вось жа давялося дажыць да такога... Праводзіць Марынку... Апярэдзіла яна сваіх бацькоў, апярэдзіла... Вечная ёй памяць...

I ў старога Петрыкевіча пакаціліся слёзы па шчоках, ён дастаў хусцінку, прачысціў нос, выцер вочы, папрасіў прабачэння і змоўк.

Тут прапанавалі тост за яго здароўе, усе зноў ажывіліся, нагаварылі яму шмат шчырых і цёплых слоў, добрых пажаданняў, не забыліся пра Марыніну матку Юстыну, якая не змагла прыехаць з-за хваробы, пажадалі і ёй шмат гадоў і здароўя.

Предыдущая главаГлава 39 из 42Следующая глава