К книге
На мяжы цярпенняСтраница 3
7%
Страница 3
3

Жонка вярнулася з камандзіроўкі прастуджаная, сярдзітая — не ў гуморы. Прыдзірліва-ўважліва аглядала. яго, зазірала ў вочы, нібы хацела знайсці ў ім сляды нейкага злачынства. Яму гэта было смешна бачыць, ён не мог схаваць ад яе свайго добрага гумору, а яна не магла зразумець, чаму ён так перамяніўея за тыдзень — то быў змрочны, як чорная хмара, а тут проста цвіце на вачах. Такі яго стан інтрыгаваў яе, яна хацела за нешта зачапіцца, каб разведаць прычыну перамены ў яго настроі.

Але знешне ён выглядаў па-ранейшаму стомленым: вочы запалыя, шчокі худыя — якраз быў повад падазраваць яго ў растраце энергіі ў той самы час, калі яна, жонка, ездзіла ў камандзіроўку.

— Ну, расказвай, як паводзілася, — сказаў ён жонцы, калі яны селі за стол вячэраць.

— Што ты, не бачыш? — буркнула Марына. — Ледзь ногі прынесла. Гразёта, разводдзе, кармоў няма, жывёла ледзь трымаецца... Выбракоўваюць на мяса.

— Што, усюды? Не можа быць!

— Ты ўжо захацеў, каб і ўсюды! У тым калгасе, дзе я была. Хадзіла ў райкам разам са старшынёй, выбівала дапамогу. Але дзе райкам возьме? У багацейшых калгасаў ці саўгасаў? А тыя не вельмі хочуць раскашэльвацца. Як паслухаеш іх, то на іх баку праўда. У аднолькавых умовах жывуць, суседзямі — у адных усё ёсць, другія канцы з канцамі не зводзяць, Хто вінаваты? Самі? Ці Гасподзь Бог так хоча? Пайдзі разбярыся.

— Трэба разабрацца, інакш мы ніколі не вылезем з прарыву — будуць бедныя і багатыя калгасы.

— А яны і будуць, як і людзі. Усіх не ўраўняеш.

— Не ў літаральным сэнсе слова ты хочаш сказаць? — спытаўся ён і глянуў ёй у вочы. Яны былі шэрыя, стомленыя, з трохі пачырванелымі бялкамі — як у чалавека нявыспанага, а носік яшчэ больш завастрыўся.

— А хоць бы сабе і ў літаральным... Але досыць мяне дапытваць. Зараз я цябе пачну. Па-першае, чаго прыязджала Лена?

— Ну чаго? Цябе хацела пабачыць.

— Яна так і сказала?

— Сказала. I вельмі шкадавала, што цябе няма. Тут я жартам ляпнуў, што ты нас пакінула, дык яна ведаеш як абурылася? Ого, не можа такога быць!

— А ты знайшоў чым жартаваць, зварыла галава, — з дакорам паглядзела на яго жонка.

— А што ты хочаш? Мы ўжо ў такім узросце, калі ўсё можа быць... Раптам — і няма чалавека. Трэба, каб дзеці, так сказаць, былі маральна падрыхтаванымі. Ведаеш, як нечаканасць шакіруе чалавека?

— Ну, ты заўсёды што-небудзь змарозіш... Якое-небудзь глупства. — Яна адставіла шклянку з-пад чаю і ўзялася за свой «Беламор», задыміла.

— Я ж не такі дасціпны, як ты, — трохі пакрыўдзіўся Рамейка. — Ты пытала пра Лену, вось я і кажу...

— А што яна яшчэ хацела? Як выглядае?

— Здаецца, нічога, нармальна...

— Эх ты, бацька! Нармальна... — перадражніла яго. — У якім паліце?

— У зімовым. А што? Нармальнае паліто...

— Табе ўсё нармальна, што ў людзей ужо даўно ненармальна... Грошай ты ёй даваў?

— Даў дзесятку...

— I гэта ты называеш грошы?

— А што? Па-першае, яна больш не захацела браць, а па-другое, хай прывыкае да сціпласці. Хай не вучыцца раскідаць...

— Ай, ты гатоў роднае дзіця голадам замарыць. Як на што другое, то сам раскідаеш, не пашкадуеш, а тут, бачыш, у яго няма!

— Як будзе галадаць — папросіць. Не трэба быць на пабягушках у дзяцей. Яны прывыкнуць да гэтага і стануць лічыць нас не за людзей, а за сваіх слугаў.

— Ты разважаеш, як старарэжымны дзед з дамастрою, — пыхнуўшы дымам, сказала жонка. — Не думай, што нашы дзяды былі дурнейшыя за нас з табою.

Рыпнулі дзверы, на кухню зайшла меншая дачка ў цёмным халаціку.

Яна неяк уся сцялася, на твары была вінаватая ўсмешка.

— Чаго ты, Генька, хочаш? — спытаўся бацька.

— Нічога, — адказала дачка, — я толькі прашу, каб вы не сварыліся. — I яна глядзела то на маці, то на бацьку, а ў вачах было маленне: «Ну не трэба сварыцца, не трэба...»

— Мы не сварымся, мы толькі гаворым... Якраз і пра вас, — сказаў Рамейка. — Я вось кажу, што вас трэба прывучаць да сціпласці, а мама кажа, што трэба даваць усё, што вы хочаце.

— Хіба я так казала? Не хлусі, — абарвала яго жонка.

— А што, не? Сэнс такі: мала таго, што просяць, — дай яшчэ болей. Ты ведаеш, чым мы калечым дзяцей? Гэтым сваім разважаннем, што вось мы гаравалі-бедавалі — у вайну і пасля вайны, дык хай хоць нашы дзеткі пажывуць за нашымі плячыма, хай не ведаюць ні голаду, ні холаду. А яны і рады: бацькоў голых пусцяць па свеце, хай толькі адчуюць іх слабасць. Якая-небудзь калгасніца-ўдава пасылае дачцэ ці сыну апошні рубель, а яна ці ён сядзіць у кафэ і папівае віно ці нават каньяк. Або купляе сабе замежныя джынсы за сто дваццаць рублёў. Мо, скажаш, няпраўда? Як, Генька?

Дачка памаўчала.

— Не ведаю, — адказала коратка і пайшла з кухні.

— А трэба ведаць, — наўздагон ёй паслаў параду Рамейка, — ты ўжо вялікая. Мне здаецца, што наша Лена ведае гэта і не просіць лішніх грошай — толькі на пражытачны мінімум.

— Мінімум розны бывае. Цяпер не той мінімум, што раней, — запярэчыла жонка.

— А я кажу — той. Пад’есці ёсць, сціпла-прыстойна апрануцца — і што яшчэ студэнту трэба? Толькі вучыся! Дык не! Цяпер многія студэнты ходзяць лепш, даражэй апранутыя за прафесараў. А дзе яны грошай узялі? Бацькоў дояць, а тыя, дурні, даюць. А навошта гэта? Вылучыцца трэба, свет здзівіць? Адзежай свету не здзівіш. Адзінае, чым студэнт можа вылучыцца сярод усіх, — гэта яго веды, розум. Але гэта складана, гэта цяжка і няпроста. А вось анучкі — гэта прасцей, можна і за кошт бацькоў. Па лініі найменшага супраціўлення — вось іх дарога. Яны, яшчэ нічога не даўшы грамадству, хочуць самі мець усё. А што ж яны будуць рабіць дзве трэці свайго жыцця, калі ў дваццаць ужо будуць мець усё? Якая ў іх будзе мэта?

— Будзе ў іх мэта, не плач ты па іх, — махнула рукою жонка.

— Будзе, ды не тая. Вельмі кепска, калі чалавек не мае вялікае, гуманнае прытым мэты. Проста такі чалавек, я лічу, няшчасны, сляпы. Калі джынсы засланілі яму свет — грюш цана такому чалавеку. Калі ён не бачыць, як жывуць побач людзі, калі ён не бачыць, чым і як жывуць яго родныя бацькі, урэшце — яго родны народ, увесь свет. I калі ён не стараецца, каб гэты ўвесь свет жыў лепей, чым жыў да яго...

— Цябе паслухаўшы, можна падумаць, што ты жывеш так, як гаворыш: ідэал, ідал, ды і толькі!

— Ну, калі не жыву, то стараюся так жыць. — Рамейка ведаў, што жонка такога моманту не прапусціць — і не памыліуся.

— Ты стараешся! Каб ты стараўся, не так бы мы жылі. Муж і бацька перш за ўсё павінен думаць пра жонку, пра дзяцей. А ты? Пра каго хочаш думаеш, толькі не пра нас.

— I пра вас думаю. I клапачуся. I ўсё ў вас ёсць. Чаго вам яшчэ трэба? Чаго?

— О Божа! Ён лічыць, што ў яго ўсё ёсць! Ды ты басяк у параўнанні з другімі. У цябе ўсяго на адзін дзень, не болей.

Зноў на кухню зайшла Геня.

— Мама, ну чаго ты крычыш? Мне цяжка рабіць урокі.

— Ах, якая далікатная! Ужо нам і пагаварыць нельга, ужо мы тут ёй замінаем! Бач ты яе! — закіпела Марына.

Дачка заплакала і пайшла з кухні, апусціўшы галаву.

Рамейка прамаўчаў, хоць яму хацелася сказаць жонцы парачку «шчырых» слоў. А жонка затушыла папяросу, устала з-за стала, пачала збіраць посуд у ракавіну. Ён пачакаў трохі — будзе мыць посуд ці пойдзе? Не, узялася мыць...

Другім разам Рамейка памог бы ёй, але сёння завярнуўся і сам пайшоў у свой кабінет-спальню, хоць хацелася зайсці да дачкі, супакоіць яе. Але няхай, памірацца самі. Хай урэшце вучыцца быць цвёрдай, а то чуць што — у слёзы. Нейкае зусім не цяперашняе дзіця: мяккае, слязлівае, любіць цішыню, баіцца шуму і крыку — каб крый Божа ніхто ні з кім яе сварыўся. Хоць ён ведаў, што яна не баязліўка: калі яе давесці да злосці, то робіцца рашучай і цвёрдай. У ёй яму ўгадвалася яго маці, яе бабка, і нават трохі ён сам — ён таксама быў зверху мяккі, але цвёрды ўсярэдзіне. I на гэтым многія ашукваліся.

Ён сеў за свой пісьмовы стол і супакоіўся. Стаў учытвацца ў апавяданне, якое трэба было перакласці. Польскую мову ён трохі ведаў, у былой Заходняй да трыццаць дзевятага года вучыўся ў пачатковай — паўшэхнай — польскай школе. Ніколі потым не думаў, што прыдасца яму калі гэтая польская мова. Цікава было ўжывацца ў перыпетыі лёсу героя, маладога польскага хлопца, які пайшоў баяўніком у Варшаўскае паўстанне жніўня сорак чацвёртага года, а потым загінуў. Рамейка паволі ўжываўся ў гэты вобраз, паступова нібы сам рабіўся паўстанцам, нібы сам сваёю скурай і душою адчуваў боль і пакуты таго, хто быў яму спачатку чужы. I хоць сам у душы ён асуджаў авантуру паўстання, справакаванага польскім эмігранцкім урадам, усё ж ён спачуваў такім польскім хлопцам, якія самахоць пайшлі са зброяй у руках супроць акупанта, хоць мала спадзяваліся на поспех, і пачынаў хварэць за іх душою. А ўжо гэта адно настройвала яго на тую хвалю, на якой быў сам пісьменнік, запальвала тым агнём, якім гарэў аўтар. А калі ён, Рамейка, не адчуваў гэтай сугучнасці з аўтарам, то пераклад выходзіў халодны, а сам твор, безумоўна, траціў нешта важнае. Але гэта была тонкасць, якую збоку часам цяжка ўлавіць, і слабасць ці халоднасць твора можна было спісаць на аўтара, а не на перакладчыка.

Рамейка зачытаўся, а потым паволі стаў перакладаць — не запісваючы, а так, для сябе — як гучыць апавяданне па-беларуску.

Ён так захапіўся, што не пачуў, як у пакой увайшла жонка і стала разбіраць ложак-канапу, якую звычайна разбіраў і складаў сам. Чамусьці ён не любіў шырозных двухспальных ложкаў, якія звычайна займалі ўвесь пакой і іх трэба было абыходзіць, каб не зачапіцца. А чаму не любіў — і сам не ведаў: мо таму, што ніколі не спаў на такім ложку і не адчуў усяе асалоды ад такое раскошы. Як, дарэчы, доўга не мог прывыкнуць да ванны, а яшчэ даўжэй — да туалета ў кватэры. Правінцыялізм сядзеў у ім моцна, як і ў многіх вясковых людзей, што перасяліліся ў горад.

Жонка лягла ў пасцель, уключыла таршэр і ўзялася чытаць. Перад сном яна заўсёды чытала. Але шархаценне старонак хутка заціхла, яна пстрыкнула выключальнікам.

Рамейка пасядзеў яшчэ з паўгадзіны — хацеў, каб жонка заснула. Сёння ў яго былі нейкія асаблівыя пачуцці да Марыны, Мані, як ён яе называў па-вясковаму, хоць яна такую форму свайго імя не любіла і часам сярдзіта выгаворвала яму за гэта. Сёння Рамейка ўжо зусім не той, якім быў тыдзень назад, калі яна пакінула тут яго аднаго. Яна і не падазравала, якія змены адбыліся ў ім за такі кароткі час.

Але менавіта якія — у гэтым яшчэ не разабраўся і сам Рамейка. Сёння ён клаўся побач з жонкай і быў нейкі як чужы ёй, а яна — чужая яму. Хацелася нават не датыкацца да яе. Яна спала з крйю, ён — пры сцяне, гэта спачатку неяк нават абражала яго — мужчына, і ля сцяны, — але потым ён плюнуў на такое глупства. Хай спіць з краю, калі ёй так хочацца — некалі уставала да малых дзяцей, а цяпер устае, каб пакурыць ноччу — то каб не турбаваць яго... А сёння ён успрыняў сваю ўступку як нешта значнае: вось так пакрысе, непрыкметна ён здаваў свае пазіцыі галавы сям’і, паволі і непрыкметна ён апынуўся ў куце, а ўсімі справамі ў іх сям’і кіруе яна. Праўда, часам у яго прачынаўся бунт у душы, хацелася ўсё пераставіць і зрабіць па-свойму, а потым думаў: навошта? Хіба гэта галоўнае? А з другога боку — што тады галоўнае? Галоўнае, вялікае складаецца з малога, нязначнага. Будзеш саступаць у малым — непрыкметна ці прыкметна — ужо не будзе залежаць ад цябе! — саступіш і ў вялікім.

Яе, Марыну, такія яго сямейныя бунты палохалі, яна як бы адчувала, што ў душы ён не згодзен з тым ці іншым рашэннем, якое прымала яна, што толькі знешне ён згаджаецца з ёю, і гэта яе заядала, брала за жывое: бач ты яго, яшчэ і брыкаецца!

Ён думаў, што жонка ўжо заснула, ажно не: яна павярнулася да яго, паклала яму руку на грудзі.

— Бачу, ты па мне не вельмі засумаваў, — напаўголаса сказала яму проста ў вуха. — I нейкі павесялеў, не такі, як я ад’язджала.

Ён павёў плячыма па падушцы, нібы яму стала раптам мулка.

— Бачыш, тады сумаваў, што ад’язджаеш, а цяпер — рады, што прыехала. Усё натуральна, — сказаў з прыхаванай іроніяй.

Яна памаўчала трохі, уздыхнула.

— Не, нешта тут нячыста. Прызнавайся шчыра; памірыўся з пасіяй? — Яна ўжывала гэтае слова, калі была ў добрым гуморы. заместа грубага, рэзкага, якім звычайна называюць каханак сваіх мужоў разгневаныя жонкі. — Што ёй паабяцаў? Ці даставіў на дом? Персідскі дыван? Швейную машыну?

Рамейка ўжо ведаў, што калі ён пачне апраўдвацца, казаць, што ўсё гэта лухта, што няма ў яго ніякай пасіі, што ён увогуле сумленны чалавек і яму патрэбна толькі яна адна, то Марына пачне даказваць сваё — і дакажа, «дакументальна» пацвердзіць, што ў яго ёсць пасія, і нават не адна, бо ёй гаварылі і той, і тая, што бачылі яго то там, то там, як ён стаяў з адной маладой і цалаваўся. Таму ён усміхнуўся сам сабе і вырашыў гаварыць у яе тоне.

— Ну, ты ж заўсёды ў мяне ўсё ўгадваеш, усё ведаеш. Не дасі нічога ўтаіць... Праўда, была ў мяне пасія, як ты кажаш, ды цяпер няма. Пасварыліся — і ўсё скончана. Яна многа ад мяне хацела. Дыван — глупства. Яна хацела, каб я купіў ёй дачу. Я падумаў-падумаў ды паслаў яе да д’ябла. Так што цяпер можаш спаць спакойна. — I ён пагладзіў яе па руцэ, што ляжала ў яго на грудзях.

— Ой, ты хітрун! Я цябе ведаю. Проста збіваеш са следу... А скажы, чаго ты такі стаў зношаны за гэты тыдзень? Як табе хто спаць не даваў? — і яна ўчапілася ў яго піжаму, злёгку тузанула.

— Ну, перажываў трохі. Сама разумееш... 3 вашым жа братам нялёгка развязацца...

— Гэта праўда... Але я цябе адпушчу без усякага гвалту. На ўсе чатыры бакі. Толькі скажы.

— Добра. Буду ведаць, — усё так жа спакойна знешне і з унутраным хваляваннем сказаў Рамейка.

Яму ніколі раней не прыходзіла ў галаву нават і думкі, што давядзецца ісці ад сям'і, ад жонкі ці наадварот — жонку выганяць з хаты, разводзіцца. Фініш ужо быў блізка, і ён спакойна збіраўся пражыць той час, які яму яшчэ быў адмераны прыродай. Ды і жылі яны адносна мірна, часам толькі злёгку сварыліся, але да вялікіх скандалаў не даходзіла, ён заўседы знаходзіў у сабе нейкі тормаз, каб не даць стыхіі авалодаць сабою і не сарвацца на ярасць.

Предыдущая главаГлава 3 из 42Следующая глава