К книге
На мяжы цярпенняСтраница 38
90%
Страница 38
38

Праз колькі хвілін дужыя выдавецкія хлопцы вынеслі дамавіну з нябожчыцай і паставілі на прыгатаванае месца, па народным звычаі нагамі наперад. Зверху спусціліся сваякі, родныя, суседзі — усе, хто ў гэтыя хвіліны знаходзіўся ў кватэры. Цяжкаю паходкай падышоў і стаў ля дамавіны дачкі і яе бацька, пастарэлы за адну ноч, пахудзелы і зняможаны — нейкі зусім не такі, якім бачыў яго Рамейка ўчора, калі яны побач сядзелі ля дамавіны, а ў яго круцілася ў галаве пытанне да цесця-бацькі: а што гэта значыць перажыць свае роднае дзіця, якое ты гадаваў і спадзяваўся, што яно дагледзіць цябе на старасці год і правядзе ў апошнюю дарогу, як гэта робіцца з веку ў век? Што перажывае, што думае яе бацька, які так любіў дачку, так ганарыўся ёю?.. Пэўна ж, у яго душы жыла крыўда на Рамейку, свайго зяця, ужо былога, ужо страчанага для іх роду, на якога ён спадзяваўся як на надзейнага паплечніка яго дачкі, з якім яна не прападзе, а будзе жыць па-чалавечы, як і належыць усім добрым людзям. А сёння ён хавае сваю дачку, сваю надзею, і сэрца абліваецца крывёю, а розум бунтуе: што гэта робіцца, чаму такая несправядлівасць — каб бацька хаваў сваё дзіця?

Надышла цішыня, усе чакалі пачатку жалобнага мітынгу. I вось ад грамады аддзяліўся высокі хударлявы мужчына ў чорным плашчы, з трохі пасівелаю галавою і падышоў да дамавіны, памаўчаў, узіраючыся ў твар нябожчыцы, і загаварыў як прастуджаным голасам:

— Мы ўсе, супрацоўнікі выдавецтва, глыбока смуткуем і схіляем галовы ў жалобе, што ад нас пайшла без пары Марына Рамейка, выдатны працаўнік, разумны і прынцыповы чалавек, у якога можна было шмат чаму павучыцца. Я выказваю шчырае спачуванне родным і блізкім Марыны, перш за ўсё бацьку Паўлу Петрыкевічу, і хачу ад усяго сэрца падзякаваць яму, што ён выгадаваў і выхаваў такую слаўную дачку Марыну. Вечная ёй хвала, мы яе ніколі не забудзем...

Шмат хто плакаў, асабліва жанчыны, а бацька Павел выціраў скамечанаю хусцінкай вочы, ківаў галавою, нібы кажучы: што ж ты нарабіла, дачушка? Чаго ж ты ад нас пайшла?

У Рамейкі вочы былі таксама поўныя слёз, хоць дзяжурныя словы намесніка дырэктара, здавалася б, не павінны былі выклікаць такіх эмоцый. Аднак жа ў такую хвіліну яны набывалі нейкую асаблівую, ці не магічную сілу, і дзейнічалі на кожнага, пранікалі ў самае сэрца, краналі балючыя струны і абуджалі жаль.

Затым гаварыла загадчыца рэдакцыі, у якой працавала Марына, і таксама не шкадавала добрых слоў, хваліла за працавітасць, за сур’ёзныя адносіны да абавязкаў, выдзеліўшы з усяго, што Марына была вельмі патрабавальным чалавекам — і перш за ўсё да сябе, але і да ўсіх, хто яе акружаў і з кім яна працавала. Яна патрабавала сумленнасці, шчырасці, яе абурала несправядлівасць, хамства, панібрацтва, чаго ў нашым жыцці аж занадта шмат. Мо гэта ўсё і падарвала яе здароўе, яе чулае сэрца не вытрымала — і спынілася на паўдарозе.

«Шкода, — падумаў Рамейка, — што на паніхідзе не пляскаюць у ладкі. Такія словы заслугоўваюць апладысментаў. А вось Марына гаварыла, што ты, шаноўная загадчыца, не была такою сумленнаю і шчыраю ў адносінах да яе, як хацелася б ці як належала б быць. I што шмат яна рвала свайго сэрца менавіта з-за таго, што ты была несправядліваю і неаб’ектыўнаю. Але няхай Бог бачыць праўду і крыўду».

Потым гаварылі яшчэ дзве жанчыны з рэдакцыі, таксама хвалілі Марыну за прынцыповасць, за смеласць: яна магла сказаць праўду ў вочы нават самому міністру сельскай гаспадаркі, не тое што якому навукоўцу, які пісаў ружоваю фарбаю, а на практыцы, у жыцці, усе выглядала зусім іначай — пераважала чорная. Яна была супраць лакіроўкі і ўсякага прыхарошвання нашага жыцця. Калі мы ўсе станем такімі, мы зможам перарабіць наша жыццё на лепшае, інакш мы так і будзем ісці па абочыне прагрэсу...

Рамейка, як цэнзар, слухаў і рабіў свае заключэнні: «Вось чаму вы не паставілі яе загадчыцай рэдакцыі. Яна была беспартыйная — раз, а другое — яна была прынцыповая, казала праўду ў вочы кожнаму, хто рабіў не па правілах, хто думаў, як дагадзіць высокаму начальству, хто са свае пасады рабіў кармушку. Не, у наш час не магла яна стаць начальнікам, яна выглядала б белаю варонаю, і яе задзяўблі б. А мо так яно і сталася? А можа... Хоць яна і не хадзіла ў начальстве? Такіх не любяць нідзе — ні ўверсе, ні ўнізе. Жыцця ім няма... Іх лёгка аб’явіць экстрэмістамі, як раней, да вайны — ворагамі народа... Не, такіх людзей начальства не любіць... менавіта такіх можна хваліць толькі пасля смерці — як вось хваляць Марыну». Жывая яна не чула падобных слоў ад свайго начальства, аб гэтым Рамейка ведаў і мог бы паспрачацца з кожным, хто тут выступаў... Выходзіць, што каб пачуць, як цябе хваляць, трэба памерці? Нішто сабе задача...

Сказана шмат цёплых і прачулых слоў пра чалавека, які зараз ляжаў у дамавіне і нічога гэтага не чуў, можа, толькі чула яе душа і плакала, аблівалася слязьмі, што яе хваляць так шмат і так шчодра, як ніколі пры жыцці. Нават ён, Рамейка, яе былы муж, калі яшчэ не стаў былым, ніколі не хваліў яе так шчодра, не адпускаў такіх эпітэтаў, якія гучалі сёння. Чаму? Над гэтым трэба падумаць, — зазначыў сабе Рамейка.

...А цяпер — развітанне з Марынай — для тых, хто застаецца тут, а для астатніх, хто паедзе на могілкі, адбудзецца там.

Ля Марынінай труны прайшло мо чалавек сто розных людзей, рознага веку і ўзросту, мужчын, жанчын і дзяцей, падлеткаў-школьнікаў з навакольных дамоў і бліжэйшых пад’ездаў.

Дамавіну закрылі, паставілі ў катафалк, туды селі сваякі і родныя, хто хацеў, садзіліся ў два аўтобусы, людзей набралася шмат. Ехаць няблізка, на Паўночныя могілкі, там Рамейку даводзілася бываць, не так даўно хавалі яго настаўніка, выкладчыка інстытута, прафесара, кніжку якога ён рэдагаваў некалькі гадоў назад. Сумнае месца, журботнае, слёзнае, што і казаць. Колькі тут спачывае людзей — не пералічыць. Вось і ў Рамейкі будзе тут месца, да якога сяды-тады можна — ці нават трэба — наведацца, прынесці кветкі, схіліць у жалобе галаву, пастаяць, паўспамінаць і падумаць. Гэта месца, дзе добра думаецца, — над сэнсам жыцця, над сённяшнім днём, над сваім лёсам. Тут можна прыйсці да нечаканай думкі, да рашэння складанай задачы, якая не давалася доўгі час, а тут развязалася неяк адразу. Тут можна паплакаць, і ніхто не ўбачыць тваіх слёз, а калі і ўбачыць, дык не здзівіцца, бо тут месца жалю і плачу...

Два аўтобусы засталіся ля галоўных варот, а катафалк паехаў далей, па сцежцы справа пры агароджы. Вось і свежая магіла, варушацца грабары, папраўляюць краі, паглыбляюць. Урэшце ўсё скончына, труну ставяць на спецыяльны памост, людзі акружаюць нябожчыцу, слова развітання гаворыць адна з сябровак Марыны — Таццяна, маладжавая, прыемная з твару жанчына. Яна звяртаецца да Марыны як да жывое:

— Што ж ты так рана ад нас пайшла, дарагая наша Марына? Мы думалі, што ты яшчэ папрацуеш з намі да пенсіі, мы цябе правядзём і ўшануем твой працоўны шлях, а ты раптоўна, не дачакаўшыся гэтага часу, пайшла назаўсёды... Ты, як тая кветка мальва, што расла і цвіла на клумбе, давала радасць усім, хто жыў побач, чые вочы лашчыла і цешыла хараство тваіх сонечных кветак... Ды раптоўны віхор жыцця ломіць тваё стройнае цела, яно становіцца бездапаможным, траціць сувязь з глебаю, якая яго жывіла, і на вачах засыхае... Нам балюча гэта бачыць, мы плачам, і смутак наш бязмежны... Адзінае нам усім суцяшэнне — што застаюцца твае две кветкі — твае дзеткі, дзве цудоўныя дзяўчынкі, якія прадоўжаць твой шлях па жыцці, яны панясуць у сэрцы тыя ўсе светлыя думкі і пачуцці, якімі жыла ты і якімі шчодра дзялілася з усімі, хто жыў побач з табою... Бывай, дарагая Марына. Няхай пухам табе будзе наша беларуская зямля...

Рамейка, слухаючы, падумаў, што і гэтай жанчыне варта было б апладзіраваць, каб гэта не лічылася парушэннем рытуалу. Яму самому сказаць развітальнае слова не прапаноўвалі, і мо нават і добра, хоць ён знайшоў бы што сказаць, але потым гаварылі б, што стараўся выгарадзіць сябе, замаліць свае старыя грахі, хваліў яе, а што ж ты яе кінуў, калі яна такая для цябе мілая і добрая? Значыць, ты сам вінаваты ва ўсім, і ў смерці яе таксама. Ці мала яшчэ што гаварылі б людзі?

А ён мог бы сказаць нешта такое, што не спадабалася б Марынінаму бацьку Паўлу, ці яе брату Яўгену, ці сятры Вользе. Ды магло б нават не спадабацца і яму самому, бо без паперкі гаварыць няпроста, ён гэта ведаў: можна сказаць такое, што потым будзеш здзіўляцца, адкуль што ўзялося. Ён мог сказаць так: «Дарагая Марына, Ты павер, што я не хацеў Табе зла, тым больш не хацеў Твае смерці, я спадзяваўся на Цябе, як на каменную сцяну, што дагледзіш і выведзеш у людзі нашых дачок, і гэта было б тое, што трэба. Ты спрашчала мне задачу майго жыцця, я пайшоў у другую сям’ю і яшчэ не ведаў, як я спраўлюся са сваімі новымі абавязкамі. Я не стану апраўдваць сябе, тым больш хваліць. Так, я не анёл, але і не чорны дэман, якім мяне некаторыя малююць, я звычайны чалавек, якому ўласцівы слабасці і памылкі, але я сумленны чалавек, гэта я кажу табе, Марына, тут, ля Твайго смяротнага ложа, і таму не маю права хлусіць, браць грэх на сваю душу... Я здрадзіў Табе зусім выпадкова, і то пасля таго, як пераканаўся, што Ты мне не верыш і лічыш хлусам і здраднікам. Ты потым сказала мне: «Пакінь нас, я не магу цябе бачыць...» I я пакінуў вас, хоць мог бы і не пайсці, але я пабаяўся, што Ты, Марына, зробіш нешта такое, што потым будзе горка ўсім нам. Таму я пайшоў... Я нейкі час заставаўся паміж небам і зямлёю, я думаў, што Ты адумаешся і вернеш мяне, і мо я і вярнуўся б. Але Ты гэтага не зрабіла, і я пайшоў у чужую сям’ю да жанчыны, даўняй знаёмай, але ў мяне не было з ёю ніякіх блізкіх адносін. Яна мяне не адбівала ў Цябе, Марына, яна сама не ведала, што ёй рабіць, бо ў яе быў выбар, і неблагі. I каб Ты, Марына, сказала мне «вярніся», усё магло б вярнуцца на кругі свае, і мая цяперашняя жонка стала б жонкаю іншага чалавека. Але ты не сказала мне таго слова, якога я чакаў, усё парвалася, пайшло прахам, і мы засталіся на розных берагах ракі жыцця... I твой бумеранг, пушчаны ў мяне, вярнуўся і стукнуў Табе ў самае сэрца... Мне балюча, што так сталася, я гэтага не хацеў, я хацеў, каб Ты жыла доўга-доўга, каб прычакала ўнукаў, праўнукаў... А выйшла вось так: мы праводзім Цябе, дарагая Марына, у апошнюю дарогу, мы плачам, нам баліць, крывавяць нашы сэрцы, і мы молім у Бога аднаго — каб ён прыняў Цябе ў неба. Ты гэтага заслужыла... А зямля наша хай Табе будзе пухам. Я схіляю галаву перад Табою. Я не пакіну Тваіх і маіх, нашых дзяцей. Будзь спакойная за іх. Бывай назаўсёды».

Так, Рамейка мог сказаць нешта падобнае, але не сказаў...

Намеснік дырэктара аб’явіў паніхіду скончанай, надышоў момант развітання з нябожчыцай, родныя і блізкія развітваюцца першыя...

Пацягнуўся ланцужок людзей, спачатку падышоў і пацалаваў дачку бацька, потым сястра з мужам, брат з жонкаю, за імі — дочкі Лена і Геня, а ўслед за імі — Рамейка. Усе плакалі, гаварылі развітальныя словы — і было ў іх шмат пяшчоты, ласкі, болю і крыўды на лёс, на несправядлівасць. У Рамейкі слёз чамусьці не было, яму толькі горка было бачыць забітых горам сваіх дачок, якія плакалі і ламалі рукі над маткаю, якая ляжала безуважная да ўсяго і спакойная, што ў жыцці рэдка хто мог убачыць, а тым болей — яны.

Рамейка, падышоўшы да дамавіны, нахіліўся і пацалаваў Марыну ў лоб. Лоб быў халодны, як ледзяны. А твар яе меў выгляд свежы, нават здаровы, калі так можна сказаць пра нябожчыкаў твар. То быў нармальны твар чалавека, які памёр не хварэючы, калі хвароба яшчэ не высмактала з яго ўсіх сокаў і крыві. Менавіта было ўражанне, што яна спіць. I макіяж, пра які гаварыла жанчына ў моргу, яшчэ больш падкрэсліваў яе рысы твару: чорныя бровы дужкамі, чорныя вейкі, цені-паўцені пад вачыма, на павеках, чырвоныя, амаль фіялетавыя спакойна самкнутыя вусны, падружоўленыя шчокі, — усё гэта рабіла яе нават прыгажэйшай, чым яна выглядала ў жыцці, такі макіяж на яе твары Рамейка бачыў рэдка: бракавала ці часу, ці настрою, ці яшчэ чаго... А валасы былі наплоеныя, кучаравіліся над высокім лбом і спадалі хвалямі ўніз да плячэй, завіваючыся ў кольцы, хоць у жыцці валасы ў яе былі прамыя, русыя і не надта густыя. Яна пакідала гэты свет абноўленаю, у лепшай сваёй форме.

— Бывай, дарагая Марына, — сказаў Рамейка не сваім голасам. — Даруй мне... за ўсё... даруй...

Апусціў галаву на грудзі, пакланіўся і адышоў, даючы дарогу іншым. Слёзы стаялі зусім блізка, яны казыталі ў носе, прасіліся вонкі, але трымаліся, нешта як не пускала іх ліцца, цячы свабодна. Няўжо вінавата сэрца? Яно неяк сціснулася, на ім адчуваўся нібы абруч, і дыханне пачало збівацца. «Каб толькі не ўпасці, каб не пайсці за Марынаю, — падумалася яму. — З кім жа тады застануцца дзеці?..»

Але хутка ўсё прайшло. Паступова вярталася сіла ў мускулы, ногі ступалі цвёрда і не падгіналіся, як колькі хвілінаў назад, а сэрца запрацавала ў сваім ранейшым рытме.

29

Калі потым Рамейка ўспамінаў тыя чорныя дні, гадзіны, часіны, яны як бы падзяліліся ў яго свядомасці на тры часткі. Першая, самая цяжкая — гэта вестка, што Марына памерла, нейкі ўнутраны пратэст, нязгода з тым, што адбылося так раптоўна, так трагічна-нечакана: не можа такога быць!

Але рэчаіснасць няўмольная: Марыніна цела трэба адвезці ў морг, потым яе забраць ужо ў дамавіне, святочна, у дарогу, апошнюю сваю дарогу, апранутую, потым «усяночная» пры ёй, думкі, цяжкія, як валуны, горкія, як палын, чорныя, як сажа — асуджэнне сябе, потым яе, апраўданне — сябе і яе. Прымірэнне, хоць і пасля яе смерці, і светлая палоска ў канцы — іх дзеці, іх далейшы лёс і надзея на доўгія леты...

Другая частка — самая-самая цяжкая, а Рамейку здавалася, што «самая» ўжо мінулася... Не, развітанне і пахаванне — вось што трэба было вынесці, то была мяжа цярпення і выпрабавання сілы, і Рамейка баяўся, што можа ўпасці і не ўзняцца, і пойдзе-паляціць следам за Марынаю, якая ўжо аддалялася, хоць цела яе было тут, перад імі, яны яго бачылі, яшчэ гаварылі з ім — а не з ёю! — як з жывою істотаю, маглі дакрануцца да яе халоднай рукі ці твару. А душа яе адлятае, адплывае ў нязведаныя вышыні, за шырокія далягляды, да якіх жывыя могуць дастаць толькі ва ўяўленні.

Предыдущая главаГлава 38 из 42Следующая глава