Такія думкі не выходзілі ў Рамейкі з галавы, калі сядзеў ля Марынінай дамавіны. Ён прабыў тут усё ноч разам з яе роднымі, што прыехалі, каб праводзіць дачку і сястру Марыну. I матку — з Віцебска прыехала дачка Лена, заплаканая, прыбітая горам, пахудзелая.
Прыехаў і стары бацька з-пад Коханава, Павел Петрыкевіч, з дваюрадным братам Марыны Лёнем Храбрым, быў і малодшы Марынін брат Яўген з жонкаю з Жодзіна, малодшая сястра Вольга з мужам прыехала з Оршы. Выдавецкія работнікі, Марыніны супрацоўнікі, вечарам пайшлі дадому, каб заўтра, а палове дня, праводзіць Марыну ў апошнюю дарогу. Знясіленых дачок адправілі спаць, хоць яны і хацелі застацца нанач.
Рамейка, стомлены мітрэнгаю за день: паездка ў морг, потым дастаўка Марынінай дамавіны сюды, на кватэру, сустрэча з Марынінымі сваякамі, якія пазіралі на яго непрыязна, а то і варожа, гутарка не гутарка, а абмен словамі з дочкамі, — спачатку таксама хацеў адправіцца да свайго новага дому, але перадумаў: трэба застацца. Хай гэта будзе ноч развітання з Марынаю, апошняя іх ноч.
Ён сядзеў зусім блізка ад Марыны, побач з яе бацькам, сваім былым цесцем, яны часам нават датыкаліся локцямі, уздыхалі, думалі, кожны свае, невясёлыя думкі.
Пахла хвояю ад вянкоў, пахла воскам, патрэсквала свечка, што стаяла на століку пры дамавіне, у галавах. Сяды-тады ўзнікала кароткая адрывістая гамонка, часам плач, усхліпванне, прастудны кашаль, затым усё зноў заціхала. Рамейка глядзеў то на Марыну, то на яе партрэт, які вісеў на сцяне насупраць дамавіны, дзе яна была яшчэ маладою, з ледзь прыкметнаю ўсмешкай на вуснах, а вочы пазіралі даверліва і цёпла. Ён не знаходзіў вялікай розніцы паміж партрэтам і самой Марынаю, сёння яна выглядала маладзей за свае гады і вельмі блізка падыходзіла да свайго партрэта з маладосці. Знешне з гадамі чалавек мяняецца, а вось ці мяняецца ён душою, і як, у які бок: лепш ці горш? Ён то асуджаў сябе і апраўдваў Марыну, то асуджаў Марыну і апраўдваў сябе, але ніяк не мог знайсці сярэдзіны: хто больш вінаваты ў тым, што так здарылася?
Асуджаць, вінаваціць Марыну можна было за тое, што яна надта сур’ёзна ставілася да сваіх абавязкаў, да школьнага задання, калі можна так сказаць: мала смяялася, рэдка жартавала і весялілася, нібы на гэта не хапала часу. Яна была больш сабранаю, задуманаю, як бы засяроджанаю на нейкай адной думцы, мо нават ідэі-фікс, пра якую ніхто не ведаў, нават ён, Рамейка, які жыў з ёю дваццаць гадоў і павінен быў бы ведаць усе яе плюсы і мінусы, усе яе думкі, нават самыя патаемныя. Аднак жа — не ведаў, бо яна не хацела пускаць яго ў свае таямніцы: ці не давярала, ці баялася, што выдасць яе сакрэт некаму іншаму, а мо проста баялася яго насмешкі.
А можа, усё так здавалася Рамейку, і дарэмна ён шукаў таго, чаго няма? Думаў — і зноў вяртаўся да таго, што нешта было, але схаванае глыбока, мо каб жыццё яе не абарвалася так нечакана, адкрыла б яму сваю душу, сказала б усё — аб сабе, аб ім: што думае пра яго, чаго ён варты і што ад яго можна чакаць. А хутчэй за ўсё, што яна збіралася пісаць прозу, бо Рамейка не раз бачыў на стале накіды ці ўрыўкі нейкіх як аповесцяў, асобныя эпізоды. Нешта невялікае — як апавяданні пра жывёл — яна чытала яшчэ малым дочкам, і слухалі яе тыя з вялікай цікавасцю, нават плакалі. Гэта было, здаецца, апавяданне пра ваўчаня, якое прыручыў адзін ляснік...
Дарэмна тады Рамейка прапусціў усё міма вушэй, не прыдаў вялікага значэння. Можа, і Марына вінавата, што не занялася сур’ёзна творчасцю, а траціла ўвесь свой вольны час на чужыя рэчы — рэдагавала і нават перакладала. Да таго ж яна магла сказаць свайму Рамейку: «Дапамажы, падкажы, ты ж рэдагуеш прозу, ты ведаеш, як пішацца твор, ты бачыш яго навылет, спелы ён ці сыры... Я хацела б напісаць нешта пра сябе, пра сваю маладосць: школу, акупацыю, вучобу ў Маскве. У мяне ў галаве ўсё ўжо складзена, трэба перавесці на паперу...»
На вялікі жаль, такое гутаркі між імі не адбылося, Марына займалася сваімі будзённымі і надзённымі справамі, на літаратурны занятак бракавала часу.
Бачачы яе сур’ёзнасць, ён і сам рабіўся сур’ёзны, надзьмуты, займаўся сваімі клопатамі — садзіўся за рабочы стол і што-небудзь чытаў ці браўся за пераклад, які ў яго заўсёды быў пад рукою: канчаўся адзін, пачынаўся другі, а ці зможа іх надрукаваць — яшчэ невядома. Урэшце, выдавалі не яго, выдавалі таго ці іншага аўтара, а перакладчык там недзе значыўся дробнымі літарамі, а для чытача ён увогуле нічога не значыў. Бо калі аўтар цікавы, калі нам спачувае, яго можна выдаць. А як не зусім надзейны, тады яго кніжка свету божага не ўбачыць, хоць яна і цікавая. На гэтым Рамейка не раз гарэў — і які год працы, а то і болей, у яго прападала.
Ён лічыў Марыну чалавекам асаблівым, трохі не такім, як усе, і ў гэтым не было нічога новага, бо кожны чалавек не падобны да іншага не толькі знешне, але і натураю, складам думак, паводзінамі, а гэта не ўсім падабаецца, мы хочам, каб людзі нічым не вылучаліся, нічым не адрозніваліся ад іншых і нават думалі аднолькава, каб былі алавянымі салдацікамі.
Але дзіўна тое, што Марына, пры ўсёй яе дэмакратычнасці, не хацела бачыць у ім, Рамейку, самога сябе, відаць, лічыла, што ён знарок выкідвае нейкія конікі, каб пазлаваць яе, часам пазубаскаліць, паказацца арыгінальным, а не сур’ёзным, такім, як яна.
А здаецца, простая рэч: ты будзь, якая хочаш, а я — якім я ёсць, і мяняцца не збіраюся, хоць каму-небудзь магу не спадабацца. Але бяда ў тым, што ў адной сям’і такім розным людзям бывае калі не цесна, дык няўтульна, яны могуць увесь час натыкацца на нейкія калючкі то з аднаго, то з другога боку. I канфлікт з малога можа перарасці ў вялікі і скончыцца невядома чым. Невядома? А чым ён скончыўся ў іх? Разводам... А развод, па ўсім відаць, стаў такім моцным ударам для яе, што сэрца не вытрымала — і спыніла свой ход.
«Марына, дарагая, даруй, што я не прыняў сур’ёзна Твае сур’ёзнасці, не здагадаўся, што пад ёю хаваўся боль, недавер, чаканне чагосьці такога, што можа разбурыць сям’ю. Ты баялася за нашу сям’ю, а я быў пэўны, што яна ў нас моцная, што нічога такога няма, каб прынесці ёй шкоду. Я верыў у Цябе, спадзяваўся на Твой жыццёвы вопыт, на цвярозы Твой розум і Тваю працавітасць — і быў спакойны, думкі мае не білі трывогі, бо мне здавалася, што ўсё ў нас нармальна. Мо не так ужо вельмі-надта, але ўсё ў нас ішло як належыць: мы працавалі, гадавалі дзяцей, мелі кватэру, хоць да ўсяго гэтага мы ішлі няпроста і нялёгка, бо хто мы былі такія? Пачыналі ўсё на голым месцы, з нуля, нам ніхто не дапамагаў, ніякага добрага дзядзькі мы не мелі, прабівалі сабе дарогу самі, сваімі ўласнымі рукамі. I зарплата ў нас не такая высокая, каб на яе можна было жыць на шырокую нагу, яе хапала, каб апрануцца, каб пракарміць сябе і дзяцей, якія раслі хоць і не ў вялікім дастатку, але мелі тое, што належыць мець дзецям сярэдняй савецкай сям’і. Мы нават сяды-тады, у тры гады раз, за пазычаныя грошы ездзілі на мора, часам у Юрмалу, часам у Крым, у Ялту ці Кактэбель, грэлі свае косці, купаліся ў моры, дыхалі марскім брызам, плавалі ў моры на катэры...
Гэта вяртала нам растрачаныя сілы, амалоджвала нас, мы адчувалі палёгку ў целе і на душы, але хутка зноў упрагаліся ў працу — і ад усяе тае экзотыкі заставаўся толькі прыемны ўспамін, які ўсё аддаляўся і раставаў, як паўднёвы загар.
Мы жылі як большасць, у эліту прарвацца не маглі, бо заставаліся беспартыйнымі, і нам суджана было маршыраваць у масе, цярпліва цягнуць свой воз і не надта думаць пра нейкі там вялікі дабрабыт, хоць па сваіх здольнасцях мы з табою маглі б мець і нешта большае. Але за большае трэба было больш і плаціць, а мы плаціць не хацелі, сваё сумленне на кар’еру не хацелі мяняць.
Дарагая Марына, даруй мне, што я не быў прынцыповы, што дазваляў Табе браць на сябе больш, чым належыць жанчыне, шмат чаго ў сям’і я давяраў Табе, спадзеючыся, што Ты гэта зробіш лепш за мяне. Ды нават каб я хацеў стаць першы, Ты па законе лідэрства не дала б мне гэтага месца, і канфлікт паміж намі яшчэ больш разрастаўся б. Проста Ты не ўмела спыніцца на паўдарозе, не ўмела азірнуцца, адпачыць, каб потым зноў узяць належны тэмп, але з улікам таго, што сілы патрачана шмат і трэба яе ашчаджаць, не кідаць на вецер. Ты была ўпэўнена, што сілы ў Цябе хопіць да канца дарогі, таму і не берагла.
Яшчэ мне здаецца, што Ты дакарала сябе за тое, што паддалася нейкаму часоваму імпульсу гневу, які цябе ахапіў, і не магла стрымаць сябе; паказала мне дарогу на выхад, замест таго каб сказаць: «Давай разбярэмся, чаму ты такі, што табе замінае ў нашым жыцці, што трэба зрабіць, каб наладзіць нашы стасункі. Мо вінаватая і я, давай разам шукаць дарогу да паразумення... »
Не, Ты так не зрабіла, а я таксама сказаў табе: раз Ты так хочаш, хай так і будзе... I я пайшоў, хоць мог бы і не згадзіцца, мог бы знайсці доказы, што я не такі ўжо вінаваты, якім Ты мяне выстаўляла перад сабою. Ты малявала мяне вельмі гратэскна, я такі ніколі не быў і не апускаўся так нізка, як Ты лічыла... А мо Ты чакала, што я першы папрашу пардону і пакаюся ў сваіх грахах? Можа, і так, і я вінаваты, што не разгадаў Твайго намеру?.. »
Такія цяжкія думкі не пакідалі Рамейку, разрывалі сэрца, не давалі спакою і раніцай наступнага дня, калі ён пакідаў на некалькі гадзін сваю былую кватэру і ўсіх, хто там заставаўся. Ён пайшоў, каб вярнуцца сюды недзе ў дванаццаць, калі пачнецца паніхіда.
Было шэсць гадзін з хвілінамі, калі ён прыехаў на сваю новую кватэру. Ларыса мела начную змену, і ён нават узрадаваўся, што яе няма. Распрануўся і лёг, каб паспаць некалькі гадзін. Але заснуць хутка не мог, малюнкі мінулага дня, жорсткія і цяжкія ў своёй суровай рэальнасці, праходзілі ў яго перад унутраным зрокам, як у нямым кіно, здаваліся яшчэ больш рэзкія, чым былі на яве, — менавіта на мяжы цярпення, як ён у думках ацэньваў усю сітуацыю ўчарашняга і пачатку гэтага дня. Не давала спакою гутарка з Марыніным братам Яўгенам, калі разам забіралі дамавіну з морга. Ён сказаў свайму былому швагру з пагрозай у голасе, каб ён нават і не думаў вяртацца да дзяцей — адзін ці са сваёю новаю жонкай, не мае значэння. Дочкі застануцца адны, і каб ён не меў да іх ніякіх прэтэнзій. На што Рамейка адказаў: а як дочкі захочуць, каб ён вярнуўся? Што тады?
Яўген глянуў на яго са злосцю і адказаў: «Ты прадаў сваю жонку, прадаў і дзяцей, табе там не месца».
Вось такі яму быў шваграў прысуд, адна праблема вяла за сабою другую. I выплыў з памяці той учарашні сон, калі ён перахапіў Марыніну руку і забраў у яе два яйкі, і ўсё ў ім для яго праяснілася: яна перадала яму, мо таго і не хацеўшы, іх дачок. А тут ужо хочуць іх забраць, яму не аддаць. Ён лічыў, што яны не адмовяцца ад яго. А потым падумаў: ён сам адмовіўся ад іх, пакінуў іх матку, пакінуў іх, дачок. Так могуць сказаць яму дочкі. I дадаць, маўляў, ты разбурыў нашу сям’ю, давёў да магілы нашу матку. Мы маем права цябе не любіць, ты адвярнуўся ад нас, мы — ад цябе.
I на такое ён нічога не скажа, хоць прыняць на сябе ўсю віну за смерць іх маці не можа, бо вінаваты яны абое — ён і яна, і можа, нават у роўнай меры. Але ж так лічыць ён сам, а яны з ім могуць не згадзіцца, у іх свая асабістая думка...
Заснуў непрыкметна, а прачнуўся ад таго, што ў пакой ціха зайшла Ларыса, няйначай, вярнулася з дзяжурства.
— Я цябе разбудзіла? — спыталася. — Табе трэба ісці?
— Якраз добра, што разбудзіла. У дванаццаць мне трэба быць там.
Ён устаў, апрануўся, расправіў коўдру. Нейкае незнаёмае пачуццё ўзнікла сёння ў яго сэрцы да Ларысы, нібы і яна ў нечым вінавата, а не толькі ён. Бо гэта яна забрала ці прыняла беглага мужа і зрабіла яго сваім. А мо каб не прыняла, дык ён, пабадзяўшыся па чужых кутках, вярнуўся б у сваю старую сям’ю і ўсё пайшло б ладам? Гаварыць пра гэта ён не збіраўся, ды і не вінаваціў Ларысу ні ў чым, а вось жа нейкі цень прамільгнуў і лёг непрыкметна паміж імі. Рамейка ў нечым лічыў сябе вінаватым перад ёю, а яна, пэўна, лічыла сябе вінаватай яшчэ больш перад ім, а мо перад яго першаю жонкаю, якая вось так нечакана пакінула гэты свет, пакінуўшы яшчэ не даведзеных да ладу дзяцей.
I такі ўнутраны душэўны разлад паміж імі будзе, відаць, яшчэ доўга адгукацца глухім болем...
Рамейка памыўся, трохі перакусіў, хоць і не хацелася, і сабраўся ісці.
— Ларыса, ты прабач, што сёння я нейкі як разбіты. Ты мяне зразумееш, бо нешта падобнае перажыла і сама. — Ён абняў яе, прытуліў да сябе, яна гатова была заплакаць. — Вярнуся, відаць, позна. Ты чакай. I не хвалюйся за мяне, я таксама цярплівы. — I ён пацалаваў яе ў шчаку.
Яна перахрысціла яго на дарогу, і ён пайшоў. На прыпынку сеў у аўтобус і праз дваццаць хвілін быў на месцы. Народу сабралася шмат: родныя, блізкія, суседзі, выдавецкія супрацоўнікі — сябры па рабоце. Многія стаялі ўнізе, ля пад’езда, чакалі, пакуль дамавіну з нябожчыцай знясуць і паставяць тут, на выхадзе.
Цяжка развітвацца з чалавекам, якога любіў, пражыў з ім два дзесяткі гадоў, з якім пусціў на свет двое дзяцей. Ён, Рамейка, развітваўся з Марынай яшчэ жывою, гэта было адно, другое развітанне, сённяшняе — нешта зусім іншае, іх нават нельга і параўнаць. Першы раз ён пакідаў яе і быў пэўны, што не надта тут нешта зменіцца, не стане толькі яго, а яны ўсе жывуць амаль так, як з ім. У нечым ім будзе горш, у нечым мо нават лепш, а сёння раўнавага парушылася — выбыла Марына і ўтварылася пустата, якую нічым нельга запоўніць. Трэба ўжо рабіць нейкія перастаноўкі, будаваць новую мадэль, з дзвюх сем’яў ляпіць адну ці яшчэ нешта іншае, каб страчаную раўнавагу неяк аднавіць. Калі нават не аднавіць, дык знайсці варыянт, які прымірыў бы абодва нядаўна варожыя бакі, зрабіў іх саюзнікамі, каб яны маглі памагаць адно другому ў цяжкую гадзіну.
Перш за ўсё памагаць яшчэ не акрэплым на ногі дзяўчынкам, усякія іншыя дробязі не прымаюцца ў разлік.
...Вось паказалася з пад’езда маладая жанчына з партрэтам Марыны ў руках, за ёю выйшлі жанчыны з вянкамі і кветкамі, яны станавіліся кругам вакол пляцоўкі, на якой стаялі дзве табурэткі, засланыя дыванком, куды паставяць дамавіну.