К книге
На мяжы цярпенняСтраница 36
86%
Страница 36
36

Рамейка ўзняўся на дзевяты паверх, хацеў пазваніць, але ўбачыў, што дзверы прачынены. Увайшоў у прыхожую, зняў плашч і берэт, павесіў на вешалку. З вялікага пакоя насупраць выйшла маладая суседка Жэня, кіўнула яму галавою, выказала спачуванне.

— А «хуткая» спазнілася на пяць хвілін, яе ўжо не было жывое, што ні рабілі, — скончыла яна свой аповед пра няшчасце.

Яна першая, а Рамейка за ёю зайшлі ў пакой справа. Вялікае акно з поўдня было завешана, апроч шторы, яшчэ і сіняю, у дробную клетачку, дзяружкаю, але святло пранікала ў пакой і ўсё было добра відаць. На вузкім ложку пры сцяне ляжала Марына. Коўдра ссунутая на край, да сцяны, а яна ляжала раскрытая, у белай начной кашулі да самых пят. Твар быў бледны, вочы заплюшчаны, вусны стулены, але слядоў пакуты на твары Рамейка не знаходзіў: твар спакойны, застылы, абыякавы да ўсяго — нібы яна спала.

Рамейка падышоў да ложка, укленчыў на адно калена і ўзяў яе руку. Рука была яшчэ мяккая, але ўжо халодная ненатуральным глыбінным холадам. Дакрануўся вуснамі да кісці, глядзеў у такі знаёмы да драбніцаў твар і нібы чакаў: вось яна расплюшчыць вочы і здзівіцца, што ён тут, глядзіць на яе ў начной кашулі... Яна не любіла, каб нехта, нават і ён, не слухалі яе і рабілі па-свойму. А вось цяпер ужо была недзе далёка адгэтуль, а мо і зусім блізка, недзе побач, але ўжо ў іншай іпастасі, нябачная для жывых, можа цяпер толькі назіраць, што яны робяць, і нічога не можа змяніць, паправіць ці хоць бы падказаць, як і што рабіць, каб было так, як яна хоча і як ёй падабаецца.

Колькі ён так прастаяў на калене, цяжка сказаць. Перад яго ўнутраным зрокам прайшло-прамільгнула ўсё іх сумеснае жыццё — і шчаслівае, і звычайнае, шэрае, і трывожнае, са слязамі на вачах, калі дзеці хварэлі, траплялі ў бальніцу, а потым радаваліся, гледзячы, як яны набіраюць сілу, растуць і падрастаюць, пераходзяць з ясляў у сад, потым у школу, а там — з класа ў клас... Усяго было ў іх жыцці, усяго — нават развод... Нават вось гэтае апошняе спатканне і хуткае развітанне... Нават вельмі хуткае... Не чакаў Рамейка такога, не чакаў і не спадзяваўся... Што ж цяпер? Што?

З гэтым пытаннем у душы ён і ўстаў, агледзеў такі знаёмы пакой з трыма высокімі паліцамі кніжак пры другой сцяне, з вазонамі на акне, схаванымі пад штораю і дзяружкаю. I здалося, што ў пакоі стала залішне змрочна. Узяў табурэтку, паставіў пры акне, стаў на яе і зняў цёмную дзяружку, расхінуў шторы. Цяпер хай будзе тут светла, хоць цёмна на душы... Склаў дзяружку і паклаў на край ложка, ля Марыніных ног.

Што ж далей? Вопратка ў апошнюю дарогу... Ці ёсць у яе такая вопратка? Звярнуўся да суседкі Жэні, якая была тут жа, сядзела на табурэтцы і нібы чакала пытання ад былога гаспадара:

— Вы не ведаеце, мо Марына калі гаварыла з вамі, — дзе яе выхадная, так сказаць, на апошні выхад, вопратка?

— Я вам якраз хацела падказаць... Яна гаварыла аднойчы, што сабрала патрэбнае ў дарогу, бо ўсё можа здарыцца. Але дзе яно, не магу ведаць. Вы ўжо шукайце самі.

Яны пайшлі ў другі пакой, дзе стаяла шафа. Рамейка адчыніў яе і стаў глядзець і шукаць. Пад навіссю плашчоў, сукенак, касцюмаў, якія звісалі з вешакоў, знайшоў вялікі пакет, перавязаны чорнаю тасьмою.

— Здаецца, тое, што трэба, — прамовіў Рамейка. — Зараз паглядзім.

Быў чорны трыкатажны касцюм — спадніца і кофта, яшчэ сіняя футболка з люрыксам, з доўгім каўняром, панталоны, шаўковая камбінацыя ружовага колеру, станік, панчохі, газавы шарф блакітнага колеру — усё, што трэба ў дарогу. Не хапала толькі абутку.

Рамейка праверыў у шафе яшчэ раз і знайшоў на дне кардонную каробку, перавязаную шпагатам. У каробцы аказаліся чорныя туфлі на паўслупку, якраз на яе нагу, можна было і не мераць, яе нагу ён ведаў.

Яны вярнуліся да нябожчыцы, рэчы склалі асобна, каб іх узяць з сабою, і тут прарэзліва зазвінеў званок у дзвярах. Рамейка ажно ўздрыгнуў, пайшоў на сігнал. Дзверы былі па-ранейшаму прачыненыя, ён расчыніў іх шырэй — і ўбачыў мужчыну сярэдніх гадоў, з вусікамі, у кепцы, у світэры бардовага колеру.

— З медэкспертызы, машына чакае ўнізе. Вазьміце пашпарт і даведку аб смерці. Як прозвішча?

— Рамейка... Гэта мая жонка, — адказаў ён.

Мужчына павярнуўся, выклікаў ліфт і паехаў уніз. Рамейка толькі развёў рукамі: хоць бы спытаў, ці патрэбна дапамога. Як ён адзін спусціць Марыну ўніз?

— Хто там быў? — спыталася суседка, калі ён вярнуўся.

— Прыехала машына з морга. Не ведаю, як адзін спраўлюся...

— Зараз праверу, можа, мой Кутузаў прачнуўся. Быў у начной змене...

Яна выйшла, а Рамейка падумаў, што Кутузаў мо яго і выручыць. Кутузаў... Гістарычнае прозвішча ў былога суседа, а вось не сабраўся спытаць, адкуль яно ў яго, ці адкуль ён сам... Сімпатычная сям’я, маюць двух хлопцаў-школьнікаў, яшчэ невялікіх.

Суседка вярнулася хутка, сказала:

— Зараз апранецца, дапаможа. А той, што званіў, не мог бы?

— Нешта не азваўся, паехаў уніз. А я не здагадаўся яго папрасіць. Сказаў узяць пашпарт і даведку аб смерці.

— Даведка на століку, пры мне доктар выпісваў. I пашпарт.

— Дзякую, — сказаў Рамейка. — Каб не вы, што я рабіў бы...

Праз хвілін колькі зайшоў і Кутузаў, апрануты ў трэніровачны сіні касцюм, нібы збіраўся на трэніроўку. Ён падаў Рамейку руку, моцна паціснуў, сказаў: «Прыміце спачуванне», стаў ля ложка з нябожчыцаю, пасуравеў тварам.

— Дык што ж, панясём? — спытаўся ў Рамейкі.

— Панясём, браце-суседзе...

Машына стаяла ля самых сходкаў. Вадзіцель адчыніў заднія дзверцы насцеж. Мужчыны паднеслі цела, узнялі вышэй. Шафёр узяў у Рамейкі з рук канцы посцілкі і па дне кузава пасунуў цела далей, да самай кабіны, накрыў з галавой, пайшоў у кабіну.

Рамейка і сусед Кутузаў селі па абодва бакі кузава на кароценькіх лаўках, а цела Марыны ляжала ў іх нагах, прыкрытае сіняю дзяружкаю.

Услед за імі суседка Жэня прынесла і падала шафёру ў кабіну пакунак з вопраткаю, закручаны ў нейкую белую полачку, мо нават ручнічок з кухні.

Машына кранулася, яе падкідала на калдобінах, яна скрыпела на паваротах, тармазіла, зноў зрывалася з месца, пакуль выбраліся на шырокую вуліцу. Рамейка пазіраў на загорнутае ў дзяружку цела Марыны, і яму рабілася балюча за яе. Не ўтрымаўся і адкрыў твар, каб бачыць яе, каб гаварыць з ёю хоць пасля смерці. Усё тое, што рабілася зараз вакол Марыны, здавалася дробным і непатрэбным, хоць без гэтага нельга было абысціся. Вось яны вязуць яе ў морг, там будзе нейкая экспертыза. Хіба гэта патрэбна, хіба гэта важна — для яе?

Нейкія думкі, мо недарэчныя, а мо значныя, наляталі на яго шквалам, ён глядзеў на яе бледны твар, такі абыякавы да ўсяго — і нават да таго, што яна ляжыць на цвёрдым дне кузава, а яны сядзяць і глядзяць на яе зверху, зверху ўніз. Яны жывыя, яна — нябожчыца, таму так выходзіць? Нябожчыкам месца бліжэй да зямлі, у самой зямлі. Яны сальюцца з зямлёю назаўсёды... Але чаму, Марына, так рана? Ты яшчэ не дажыла нават да пенсіі, не аддала замуж дачок, не прычакала ўнукаў — і вось пакінула гэты свет, які так любіла... Божа, дзе справядлівасць? Навошта асірацелі дзеці?

Вось цяпер, у гэтыя хвіліны, яго ахапіў жаль, якога яшчэ ніколі не адчуваў у сваім сэрцы. Гатовы быў заплакаць, як дзіця, заліцца слязамі і прасіць у яе прабачэння за ўсё, што зрабіў ёй дрэннага, балючага, за ўсе грубыя словы і нялюдскія дзеі, якія былі ўчынены ім за гады іх сумеснага жыцця. «Даруй мне, я не хацеў! Я не думаў, што раню Тваё сэрца, што яно баліць, што яно надрываецца! Я не хацеў! Я не хацеў, каб Ты сёння ляжала ля маіх ног, а я пазіраў на Цябе зверху! Даруй мне, я не хацеў! Я ніколі не хацеў Твае смерці, я жадаў Табе толькі дабра, таму што Ты была маці маіх дзяцей, нашых дзяцей, а я не Цябе любіў, я кахаў Цябе — датуль, пакуль Ты не сказала сабе, што не можаш мяне больш бачыць побач з сабою... Ты адпусціла мяне на волю, Ты думала, што і сама ўздыхнеш свабодна, што Табе стане лягчэй на душы. Але, відаць, Ты памылілася, сэрца Тваё не змірылася з Тваім розумам, яно запратэставала — і аднойчы, гэта значыць, сёння ноччу, сказала: годзе!

I вось Ты ўжо ляжыш на мулкім дне кузава, галава Твая, як у жывое, часам паварочваецца, калі машына робіць круты паварот, і мне здаецца, што Ты ачнулася і скажаш зараз: чаму я тут ляжу на гэтым халодным дне кузава, куды вы мяне везяце? I што мы адкажам? Па чалавечым абавязку, па абавязку сэрца, мы павінны адвезці Цябе туды, дзе правяраюць, што ў чалавека не вытрымала, што зламалася, як у той машыне. Яны толькі канстатуюць, але не робяць вывадаў, не даюць рэкамендацый жывым, што рабіць, каб з чалавекам не здарылася бяда, калі ён яшчэ ў сіле, калі ён мог бы жыць, каб яго даглядалі як трэба, каб з ім абыходзіліся па-людску, каб не рвалі яму нервы і сэрца: і дома, і на працы, і на вуліцы, і ў любой установе, дзе яму трэба бываць — па абавязку, па жаданні, па неабходнасці, бо з гэтага складаецца яго жыццё. Але ён аддае сябе так шмат, такімі вялікімі дозамі, што, не пражыўшы і палову свайго веку, не прайшоўшы і палову свае дарогі, ужо траціць усю сваю сілу — і падае, далёка не дайшоўшы да фінішу.

Даруй мне, Марына, я не хацеў! Я не лічыў, што Ты такая далікатная, такая ранімая, Ты не паказвала на слабую, Ты была моцнаю, цягавітаю, Ты не хавалася ў цень, калі трэба было прыкласці сілу і вывезці цяжкі воз з гразі на роўнае месца. Ты ўпрагалася, як вол, і цягнула, і выцягвала, хоць Табе гэта шмат каштавала — здароўя, нерваў, сэрца... Вось чаго Ты не шкадавала — свайго сэрца! Ты яго раздавала людзям, Ты яго дзяліла на часткі і абдорвала ўсіх, хто быў побач з Табою і прасіў дапамогі...

Ты не шкадавала сябе для іншых, Ты хацела, каб і ўсе былі такія, каб кідаліся ў агонь ратаваць тых, каму пагражае небяспека. Ты як той плывец, які ратаваў іншых, а сам утануў, патраціўшы апошнія сілы. Чаму, чаму Ты не думала пра сябе, хіба Ты не адчувала свайго сэрца — якое яно падношанае, са слабымі перагародкамі, з патанчэлымі клапанамі?

Ты не думала пра сябе, а мо лічыла, што яшчэ рана гэта рабіць, што вось яшчэ трохі — і ўжо тады вазьмуся за сябе, за свае здароўе: адпачну, ад’емся, паезджу па курортах, пагрэюся на паўднёвым сонцы, як белыя людзі, пакупаюся ў моры, пакаштую масандраўскіх вінаў. Мо нават завяду з якім старым халасцяком пляжны раман...

Можа, і такія думкі заляталі ў Тваю светлую галаву, мо яшчэ і больш ружовыя, вясёлкавыя, залацістыя, ды не суджана ім было збыцца, бо рэальнасць заставалася непрыязнаю да цябе, не абяцала палёгкі. Ты ішла ўвесь час супраць ветру, выбілася з сіл, стамілася і ўпала на паўдарозе да свае такое блізкае мэты, пра якую Ты ведала толькі адна...

Даруй мне, Марына, даруй, што я не мог быць такім, якім Ты хацела мяне бачыць, што сурёзнасць Тваіх намераў я прымаў за капрыз, а Тваю беражлівасць — за скупасць. Няўжо наша драма ў тым, што я не падабраў ключа да Твайго сэрца, а Ты — да майго? I што мы абое спазніліся — трагічна спазніліся?»

Машына скрыганула тармазамі, павярнула налева, яны заехалі ў двор, падрулілі да пяціпавярховага дома і сталі.

У руках у яго быў клунак, той, што перадала суседка Жэня.

Рамейка і Кутузаў спусцілі нябожчыцу з машыны і, асцярожна ступаючы, панеслі ўніз, проста ў адчыненыя дзверы. Гэта і быў морг — некалькі радоў нізкіх гранітных сталоў, некаторыя з якіх былі заняты нябожчыкамі, прыкрытымі белымі прасцінамі.

Яны, задыханыя, паклалі сваю ношу на адзін са сталоў, на які паказаў дзяжурны доктар у белым халаце, невысокі і таўсматы. Ён адкінуў дзяружку з твару нябожчыцы, які момант глядзеў, а потым закрыў. Рамейка паказаў яму Марынін пашпарт і даведку аб смерці. Дзяжурны зрабіў запіс у тоўстую кнігу рэгістрацыі. Потым перайшоў да практычнага боку справы, кошт за паслугі, дамавіну і ўсякія іншыя рэчы, як макіяж. Паклікаў пажылую жанчыну, таксама ў белым халаце, але ўжо не першай свежасці, якая забрала клунак з вопраткаю і спытала менавіта пра макіяж, на што Рамейка адразу згадзіўся.

— Вось і ўсё, — падвёў вынік дзяжурны. — Даю вам наш тэлефон, пазваніце ў гадзін шаснаццаць, не раней.

Мужчыны развіталіся і выйшлі з сутарэння, узняліся па сходках наверх, на вольнае паветра. Само сабою выйшла, што яны ўздыхнулі на поўныя грудзі, выпрасталіся і паглядзелі на неба.

«Даруй, Марына, што мы Цябе пакінулі адну, пакінулі Тваё цела», — сказаў у думках Рамейка. След нейкай палёгкі ён адчуў у сваім сэрцы, але толькі нязначны, мізэрны: усё яшчэ было наперадзе.

28

Прайшоў і дзень, і два, і тыдзень, а малюнкі тых двух чорных дзён усё ніяк не маглі выветрыцца з яго галавы, з яго памяці. Трэба было нечым іх засланіць, змыць ці сцерці, але нічога такога не траплялася, а дробязі жыцця ніяк не маглі зафарбаваць тую чорную паласу, якую пакінула пасля сябе гэтая падзея.

Прадумаўшы, перабраўшы ўсе варыянты, Рамейка прыйшоў да высновы, што вінавата больш за ўсё так званая «хуткая дапамога». Больш як паўгадзіны чакала яе Марына, спадзявалася, што выратаванне прыйдзе, а яно спазнілася. Больш як паўгадзіны чакалі «хуткую»! А на добры лад яна павінна была прымчацца за пятнаццаць хвілін. I чалавек застаўся б жыць. Як тады, калі яны яшчэ былі разам, і ў яе здарыўся сардэчны прыступ. Тады «хуткая» прыехала за дваццаць хвілін. I ўсё паставіла ў норму, Марына паправілася, праз некалькі дзён пайшла на працу... Калі ўзяць гэты факт за аснову, дык на «хуткую» можна падаваць у суд, і яны павінны будуць несці адказнасць за дачасную чалавечую смерць. Нават кампенсаваць дзецям страту карміцелькі, аплаціць маральную шкоду, нанесеную ім. Але... Але ж паспрабуй у нас знайсці вінаватых, дакажы, што ты пацярпеў з-за дрэннай работы дзяржаўнага механізма, які павінен быў спрацаваць належна і ў час, а па нейкіх прычынах замарудзіў свой ход, разладзіўся — і за гэта чалавек паплаціўся жыццём, засталіся сіротамі дзеці...

Не, такога ты ў нас, Рамейка, ніколі не дачакаешся, вінаватых няма, вінаваты хто хочаш, толькі не дзяржаўная ўстанова. Маглі знайсці якога стрэлачніка, які не ладзіць з начальствам, і спісаць на яго, такое ў нас могуць. А так — марная трата часу і нерваў. Вінаватых няма, вінавата яна сама, што не ведала меры ў працы, хацела выканаць і перавыканаць, брала працу дадому, сядзела вечарамі, а калі і начамі, некаму нешта рабіла, дапамагала пісаць «вучоныя» працы, наводзіла не толькі стыль, але і папраўляла звычайную непісьменнасць. Смех спытаць, а чаго гэта іх дачка Лена апынулася ў Віцебскім медінстытуце, а не ў сталічным? Ды тут у яе не знайшлося ніякай падтрымкі, не прайшла б па конкурсе ці па якіх іншых прычынах, а прычыны знайшліся б. А ў Віцебску ў Марыны былі добрыя сябры з ветэрынарнага, якім яна адрэдагавала не адзін рукапіс, давяла да ладу, а за гэта яны памаглі ўладкаваць дачку ў медыцынскі: рука руку мые. I Лена здала і прайшла, стала вучыцца, і нават няблага, канчае трэці курс. Трэба будзе пераводзіцца ў медінстытут у Мінск, па сямейных абставінах яе павінны перавесці. Хоць і могуць сказаць: няма месца. І ўсё, рабі, што хочаш. Вучыся там, жыві ў інтэрнаце, а тут у яе кватэра з трох пакояў, у якой цяпер застаецца адна малодшая сястра. Але не можа такога быць, каб казёншчына перамагла чалавечнасць...

Предыдущая главаГлава 36 из 42Следующая глава