— У мяне пару разоў было, як яшчэ не ўмеў піць, — адказаў Ван Ваныч. — А потым неяк прыстасаваўся, прывык, адным словам. Зямля на месцы, а вось дарога часам улукаткі ходзіць, калдобін шмат, можна і загрымець.
— Практыка — вялікая сіла, — згадзіўся Рамейка, — на ёй уся тэорыя трымаецца... Схаджу я да загадчыка, трэба аддаць позву ў суд, каб ведаў, дзе я бадзяўся.
I ён выйшаў з пакоя. У кабінеце загадчыка стаяла некалькі сталоў, за імі сядзелі рэдактары, а яго масіўны двухтумбавы стол яшчэ старое мадэлі размяшчаўся ў цэнтры. Рамейка павітаўся, падышоў да стала загадчыка Калядзіча, які глянуў на яго неяк падазрона, і спытаўся:
— Дзе гэта пан Рамейка зранку прападае?
Калядзіч быў мажны, лысы, ужо ў гадах, мужчына, ветэран вайны, разумны чалавек, але не надта падкаваны ў рэдактарскай справе, хоць з людзьмі ўмеў абыходзіцца і за гэта яго паважалі.
— Ды хадзіў у адну не надта прэстыжную ўстанову, у якую ходзяць не па сваёй ахвоце. Вось падзівіцеся, для справаздачы. — I падаў Калядзічу сваю позву ў суд з адзнакаю — калі і ў колькі...
Той з цікавасцю ўзяў паперу, прабег вачыма.
— Не судзіце, ды не судзімы будзеце... Хто сказаў? — Ён звярнуўся да ўсіх, хто сядзеў у кабінеце: дзвюх жанчын і аднаго мужчыны сярэдніх гадоў. Яны маўчалі, і ён сказаў з папрокам: — Трэба чытаць Евангелле, сам Хрыстос сказаў такія залатыя словы. Але гэта між іншым... А што ты рабіў у тым судзе? За сведку быў? — спытаўся ўжо ў Рамейкі.
— Каб жа... Яшчэ горш — быў адказчыкам.
I ўсе галовы павярнуліся да яго, а загадчык зноў спытаўся:
— За што ж ты там адказваў і перад кім? Прабач, што я так цябе дапытваю, але ж цікава ведаць.
— Ды не сакрэт, шыла ў мяшку не ўтоіш. Жонка падала на развод. Вось нас і разводзілі.
— Вось яно што! — усклікнуў Калядзіч. — Я чуў краем вуха, што ў цябе нешта там з жонкаю, але падумаў, што байкі. Ажно ж у ціхім балоце чэрці водзяцца. Ці не так?
— Выходзіць, што так...
Рамейка рабіў выгляд, нібы гэта для яго ўжо ў мінулым, ён перажыў сваю драму і супакоіўся, а напраўду на душы было мутарна, сэрца працавала на павышаных абаротах, узняўся ціск — ажно стукала ў скронях.
— Але ж і прычына была? — не адставаў загадчык.
— Як вам сказаць? У жонкі прычына заўсёды знойдзецца. Хіба хто ад гэтага застрахаваны? Грахі былі, тут нічога не папішаш. Але ж, як вы сказалі, не судзіце, ды не судзімы будзеце... А яна вельмі строга судзіла... Вось і вынік. Па заслугах аплата...
— Спачуваю табе, пане Рамейка, спачуваю. Нялёгка рваць па-жывому, — сумна сказаў Калядзіч. Задумаўся, а потым як ачнуўся: — Слухай, схадзі ў бухгалтэрыю, там у цябе нешта хацелі спытаць.
— Дзякуй за спачуванне... Зайду ў бухгалтэрыю, — сказаў Рамейка і выйшаў з рэдакцыі, кіруючыся ў бухгалтэрыю.
Бухгалтэрыя займала вялізны пакой з некалькімі вокнамі, тут сядзела мо з дзесятак падліковых работнікаў, усе нешта шукалі ў сваіх паперах, ляскалі на лічыльніках, некаторыя карысталіся калькулятарамі — пераважна маладыя і сярэдняга веку жанчыны, і нейкія як на падбор прывабныя, чаго Рамейка дагэтуль неяк не заўважаў.
Яго і паклікала адна такая жанчына, касірка Геня, грудастая, поўная кабета перадпенсійнага ўзросту, прыемная з твару і гаваркая:
— Добра, што вы зайшлі, я вас шукала, — сказала яна Рамейку. — Вы ж ведаеце, вам дапамога. Дырэктар не паскупіўся, пару акладаў загадаў налічыць. На цяперашні час будзе вам сякая-такая падтрымка.
— Шчыра дзякую — яму і вам усім, гэта сапраўды мне добрая падтрымка штаноў, як цяпер кажуць, — з вымучанаю ўсмешкаю сказаў Рамейка. — З мяне цукеркі.
— Што вы, якія цукеркі? — адмахнулася Геня. — Лепш купіце цукерак сваім дочкам, якія цяпер засталіся, прабачце, без бацькі... без вас, — паправілася яна і стала лічыць яму грошы.
У Рамейкі ўзнікала нейкае асаблівае адчуванне, калі атрымліваў грошы. Нельга сказаць, што грошы ён ужо так любіў, што гатовы быў з-за іх на ўсё, але чамусьці яны мелі над ім нейкую гіпнатычную сілу, свет звужаўся для яго вось да гэтага моманту: падліку-разліку, роспісу ў ведамасці, на цэтліку, дзе была пазначана сума, якую трэба напісаць пропісам, каб ніхто не мог яе падрабіць, перайначыць. Нешта падобнае на транс цягнулася нядоўга, і каб праз пяць хвілін у яго спыталіся, колькі яму далі тых грошай, ён не сказаў бы, бо не запомніў. Звычайна рукі ў яго не трымцелі, а ў такой вось сітуацыі ён адчуваў сябе няпэўна, нібы ў ім нешта разбалансавалася і праз рукі ў яго прайшоў нейкі таемны пульс — і яны сталі нейкія як бы непадуладныя, нейкія як не свае. Разумеў, што рукі тут не пры чым, што ўсё ідзе ад сэрца, а калі бліжэй — то ад галавы, якая праз вочы ўсё бачыць, усё фіксуе і робіць свае заключэнні.
Вось грошы... Ад іх шмат што залежыць... Ты іх шмат ніколі не меў — ну як пражытачны мінімум... Менавіта яны яго і гіпнатызавалі, на чужыя глядзеў спакойна, як на звычайную рэч, як на паперу, бо чужое — гэта не тваё, мо яно каго і будзе хваляваць. Мо тых людзей, якія маюць дачыненне да фінансаў па сваёй рабоце, яны закранаюць глыбей, бо нездарма некаторыя з іх трацяць розум і кантроль над сабою, уцякаючы з ношкаю ў колькі мільёнаў і прападаюць бясследна. А колькі крадуць невялікімі сумамі, выцягваючы з пачкі адну-дзве купюркі, і пападаюцца, трапляюць за краты... Увогуле, грошы — вялікая магічная сіла, як разбуральная, так і стваральная. З-за іх шмат гора і крыві на зямлі, але без іх не робіцца і нічога добрага, што акружае чалавека. Не трэба мільёнаў, хай будуць сотні, ну тысячы... Мільёны — гэта ўжо выбуховая сіла, яна можа выклікаць вялікія зрухі ў грамадстве. Мільёны павінны заставацца пад пільным кантролем, як атамныя бомбы...
— Распісаліся? Пастаўце дату, вось тут, — папрасіла Геня.
Рукі дрыжэлі, і дата атрымалася нязграбная, хоць почырк у яго быў нармальны, роўны і чытэльны, але — у нармальных умовах. А сёння ён атрымліваў грашовую дапамогу. Як які інвалід, як пенсіянер... Нешта пра такое не думалася. Не рабаваў жа ён бедных, не абіраў слабых. Ненажэрная дзяржава дала яму адзін раз нейкія капейкі — у выглядзе вось гэтай дапамогі. У яго ж ёсць зарплата, пражытачны мінімум... Колькі там капеек дае нам дзяржава з заробленага намі рубля? Здаецца, восем капеек. Ну, мо пятнаццаць, не больш. I яна не саромеецца нас абдзіраць, бо яна бяздушная. Яна абдзірае нас вось такіх, як мы самі, як гэтая таўсматая Геня, якая налічыла яму дзве яго месячныя зарплаты і думае, што ён будзе вунь які рады і ўдзячны дзяржаве. А дзяржава ад гэтага не збяднее, нават не адчуе такое страты, бо дзень і ноч, бесперапынку, бярэ з нас, як ваду з калодзежа, наш запрацаваны рубель, а дае, пакідае капейкі.
Мала таго, што рукі ў Рамейкі трымцелі, яны сталі яшчэ і потныя. Сунуў грошы ў кішэню пінжака, сказаў «дзякуй» і, ледзь стрымліваючы сябе, каб не пабегчы, выскачыў з бухгалтэрыі. У яго цэлая кішэня грошай! Гэта вунь якая падпора на яго беднасць! Дзякаваць Богу, дзякаваць Богу! I дырэктару таксама... Ларыса ўзрадуецца. Для яе, ды і для яго, гэта вялікія грошы.
Бо справа, урэшце, не ў грашах, а ў іх колькасці, — сказаў адзін мудрэц. I спрачацца з ім не мае сэнсу.
27
Для Рамейкі час пайшоў трохі хутчэй, неяк улягліся яго беды-напасці, пахмурнае неба праяснела, і вось ужо вясна на дварэ. Яна сёлета ўдалася надта ранняя, але яна не цешыць селяніна, бо ён добра ведае, што ранняя вясна не заўсёды разумная, бо сакавік-красавік можа быць цёплы, а май халодны, з замаразкамі і снегам замест дажджу. Але для жыхароў горада не так важна, калі вясною замаразкі, ім абы цяпер добра і цёпла. Хоць чалавек вясковай загартоўкі такія змены-перамены будзе заўважаць да канца, і яны яго не перастануць трывожыць і турбаваць, весяліць ці засмучаць. Да такой катэгорыі гараджан залічваў сябе і Рамейка. Яму было важна, як сёння зайшло сонца і які заўтра можа надарыцца дзень. Калі сонца садзілася за сценку, можна чакаць непагоды, можа, і дажджу. Калі неба на даляглядзе да канца заставалася яснае, а захад чысты і сонца як закацілася за зямлю — чакай добрае пагоды!
Сёння ён ішоў на працу пешкі, устаў рана, разам з Ларысаю, ёй трэба раней на гадзіну, чым яму, яна паехала, а ён дыбаў сабе памалу — рашыў прагуляцца. У кіёску купіў пару газет, нават маскоўскую «Літаратурку», часам можа трапіцца што цікавае.
Думкі круціліся вакол апошняе падзеі — разводу, уся нерватропка, з ім звязаная, перажыванні Марыны і Ларысы, хоць яны ўспрынялі гэтую падзею кожная па-свойму, але ўсё роўна цяжка і балюча. Рамейка вярнуў Марыне пазычаныя грошы, яшчэ аплаціў судовыя расходы, якія яна панесла, паколькі ўзбуджала судовую справу. Так што душою і сумленнем Рамейка адчуваў сябе чыстым перад ёю, а яна сама можа па-ранейшаму лічыць яго сваім ворагам, Бог ёй суддзя.
З самага ранку, як толькі ўстаў, яго турбаваў сон, які прысніўся пад раніцу. Была ў Марыны фатаграфія мо якой дзесяцігадовай даўнасці: людная вуліца, дэманстрацыя недзе на Першага мая, іх выдавецкія работнікі ідуць групай, нават не ідуць, а спыніліся, чакаюць свае чаргі, і вось яна, Марына, побач са сваімі сяброўкамі па працы, усміхаецца ў аб’ектыў, як бы нават падміргвае адным вокам. У капялюшыку з кароткімі палямі, у асеннім паліто, з сумачкаю на руцэ. I вось гэтая фатаграфія нібы ажыла, людзі заварушыліся, загаварылі, сярод іх апынуўся і ён, Рамейка, і зусім блізка ад Марыны. I тут яна раптам працягвае руку і хоча нешта перадаць некаму побач з ім, але Рамейка пераймае яе руку і забірае... два курыныя яйкі, невялічкія, і адно як разбітае, на шкарлупіне відаць густы празрысты бялок. Рамейка неяк механічна, не падумаўшы, кідае гэтыя яйкі сабе ў рот, нібы нават перажоўвае, чуе на языку прэсны смак сырога бялка — і праглытвае ўсё адным махам, нібы тых яек і не было.
I на гэтым сон абарваўся, усё прапала...
Цяпер ён ішоў і думаў, што азначае гэты сон, перабіраў дэталі, але нічога не мог разгадаць, нічога прачытаць: усё было зашыфравана. Што сімвалізуюць два яйкі, якія Марына хацела некаму перадаць? Каму — ён не бачыў, гэта было як за кадрам, але адчувалася, што яе рука была нацэлена на некага, хто стаяў побач з Рамейкам, ён спрытна перахапіў яе руку, якая сама аддала яму тыя два яйкі. I чаму ён іх праглынуў — што гэта азначае? Няўжо тое, што Марына хацела некаму даручыць дачок, іх дачок, а ён перахапіў, не даў таму, чужому, а адправіў у сваё нутро, як бы прысвоіў, прысабечыў. I смак адчуў звычайны: ні салёны, ні кіслы, ні горкі, а проста смак сырога курынага бялка. Яшчэ пытанне: чаму яна перадавала некаму там невядомаму тое, што належала ёй, што сімвалізуе дачок? А сама што, не хоча ці не можа імі займацца? Тут нешта ёсць, вось толькі што?
А ўрэшце — што тут гадаць, ламаць галаву, шукаць нечага рэальнага? Ці мала што можа прысніцца чалавеку? Хоць Рамейка верыў, што сны бываюць прарочыя, што яны збываюцца і разгадваюцца проста, але такое бывае рэдка. Сённяшні яго сон, палічыў Рамейка, не належаў да такой катэгорыі. Два яйкі ў рот — і нават не папярхнуўся! Паспрабуй такое паўтарыць наяве — і я пагляджу, які ты будзеш спрытны. Тут цыркач мо не справіцца, а не нейкі там не трэніраваны Рамейка. Смех, дый годзе... Але чаго яму прыснілася тая фатаграфія? I як яна ажыла? Тут ужо не да смеху, тут нешта ёсць, але ён тупіца, не можа знайсці разгадкі, не хапае глуздоў, каб за гэтым сімвалам убачыць нешта рэальнае. Што, што рэальнае тут можна ўбачыць? Дайце хоць нітачку, за якую трэба пацягнуць, каб разблытаць усю заблытанасць таго матка ці клубка. Дзе тая нітачка, як яе знайсці?
Рамейка адамкнуў свой пакой, сеў за стол, паклаў газеты, дастаў рукапіс, які будзе чытаць сёння, а зараз можна пазнаёміцца з прэсаю, што яна нам добрага раскажа... Пятніца, дваццаць дзевятага красавіка, праз тры дні свята Першамая. Перадсвяточныя лозунгі... Дагонім і перагонім... Пасеем... — і ўжо пазначана, колькі збяром з гектара...
Раптоўна расчыніліся дзверы, зайшлі два маладыя мужчыны, добра апранутыя, пад гальштукамі, чамусьці не павіталіся.
— Вы Рамейка? — спытаўся адзін з іх, трохі вышэйшы.
— Я, — адказаў. — А што вы хацелі?
— Мы з «Ураджаю»... Каб вы ведалі... Ваша жонка Марына памерла... Сёння ноччу...
Рамейка сядзеў, аглушаны навіною, як громам. «Божа, што ж гэта робіцца? За якія грахі ты так караеш мяне?» — хацелася крыкнуць, спытаць.
— Як жа так? Яна ж не хварэла, — сказаў, як у сваё апраўданне, нейкім чужым голасам.
— А вось жа... Сардэчны прыступ... «Хуткая» прыехала позна, — сказаў другі, трохі ніжэйшы ростам, светлавалосы. — Цяпер галоўнае — паніхіда. Сёння пятніца, заўтра трэба ўсё закругліць, вы самі разумееце... Паколькі яна наш работнік, мы бяром арганізацыйную частку на сябе.
— А што я... што мне застаецца? — спытаўся Рамейка.
— Вы павінны даставіць цела нябожчыцы ў морг, на медэкспертызу. Адтуль прыйдзе спецыяльная машына... Гэта на Свярдлова...
— Значыць, я паеду да яе на кватэру, буду чакаць машыну, — сказаў у адказ. Устаў за сталом, але тут жа сеў — ногі не трымалі.
Хлопцы пакінулі яму пару тэлефонных нумароў і пайшлі. А Рамейка як не сваёю рукою напісаў запіску і паклаў на стале ў Ван Ваныча і ўжо збіраўся выходзіць з кабінета, як заявіўся сам Ван Ваныч уласнаю персонай, павітаўся, убачыў Рамейкаву запіску і, прачытаўшы, спытаўся:
— Што там у цябе зноў?
— Непрыемнасці... Потым раскажу. Тэрмінова паклікалі...
— Непрыемнасці... Калі яны ўжо скончацца? — сказаў Ван Ваныч.
Рамейка пачуў гэтыя словы ўжо зачыняючы дзверы. Сапраўды, калі яны скончацца? Ці не разам з намі? Вось у Марыны скончыліся, яна ўжо супакоілася і недзе там дома ў пасцелі ляжыць спакойна...
На аўтобус ён не садзіўся, захацеў прайсціся, асэнсаваць падзею, падумаць, а што ж адбылося? Хто вінаваты — першае пытанне. Канечне ж ён, Рамейка, усе так скажуць: давёў да сардэчнага прыступу. Быў нягоднікам, распуснікам, жонкі не шанаваў, не шкадаваў, яна пакутавала, перажывала — і вось сэрца не вытрымала, спынілася. Дзеці засталіся сіротамі: адна студэнтка, другая яшчэ школьніца. Хто іх цяпер дагледзіць, выведзе ў людзі? Можа, мачыха? Чакай, яна дагледзіць, яна выведзе...