К книге
На мяжы цярпенняСтраница 34
81%
Страница 34
34

Дырэктар паспачуваў яму, сказаў напісаць заяву на грашовую дапамогу, паколькі ў яго сталі большыя выдаткі на сям’ю, цяпер ужо на дзве сям’і, распытаў пра яго цяперашні грамадзянскі стан: хто яна, ці ёсць у яе, у яго, жытло, хто яшчэ з ёю, якая ў яе зарплата... «Тым больш, пішы заяву на маё імя, дамо дапамогу», — сказаў у заключэнне.

I аддаў яму позву пад распіску, як важную дзяржаўную паперу. А Рамейка тым часам напісаў «слёзную» заяву на дапамогу і занёс дырэктару, хоць раней такіх папераў не даводзілася пісаць. А між іншым, чуў, што некаторыя «старыя члены партыі» такія заявы пішуць, і даволі часта.

...Праз тры дні ён паехаў у суд, які размяшчаўся ў канцы Лагойскага тракту, якраз той вуліцы, на якой яны з Марынай пачыналі сваё сямейнае жыццё на прыватнай кватэры. I вось цяпер па іроніі лёсу на гэтай вуліцы іх і разводзяць. Хто мог падумаць, што праз дваццаць гадоў яны стануць ворагамі? I хто ведае, мо каб Марына папрасіла яго пайсці на прымірэнне, мо і згадзіўся б. Але гэта магло быць толькі на пачатку, калі ён яшчэ жыў у інтэрнаце ў Арсеня Лісоўскага.

Суд праходзіў у невялікім доўгім пакоі, з састаўленымі сталамі, як для пасяджэнняў. Суддзя, салідны лысаваты мужчына з вусікамі, у чорным касцюме, без ніякіх адзнакаў прыналежнасці да юрыдычнага корпусу, запрасіў іх садзіцца. Яны, Рамейка і Марына, селі на адной лаўцы, але трохі воддаль адно ад аднаго. Яны нават не распраналіся, Рамейка трымаў у руцэ свой партфель і шапку пад андатру.

У канцы сталоў сядзела маладая русавалосая дзяўчына перад друкарскаю машынкай, побач ляжалі папкі з паперамі.

Усе размовы вяліся на рускай мове. Суддзя, перш чым перайсці да сутнасці справы, спытаўся спачатку ў Марыны, а потым у яго амаль адно і тое ж: ці не перадумала пазоўніца і ці не хоча яна забраць сваю заяву аб скасаванні шлюбу, а ў яго: ці хоча ён прымірэння з жонкаю без усякіх папярэдніх умоваў?

Марына-пазоўніца адказала катэгарычна і коратка: заявы не забірае.

Рамейка адказаў, што прымірэння быць не можа, бо ў яго ўжо намячаецца новая сям’я.

Суддзя выказаў шкадаванне, што распадаецца яшчэ адна савецкая сям’я, дзеці пры жывым бацьку становяцца сіротамі. Але сказана гэта было як між іншым. Вярнуўшыся да заявы і зачытаўшы яе поўнасцю, ён сказаў, што суд выносіць пастанову скасаваць шлюб, і зачытаў яе, а сакратар-машыністка ў гэты час нешта запісвала. Потым яна паставіла час і дату ў іхніх позвах, паставіла штамп і вярнула ім, сказаўшы, што гэта для справаздачы на працы. Назвала і суму, якую павінны заплаціць ў бліжэйшы час, і яна аказалася не такою ўжо і малою — няйначай, для таго, каб менш было разводаў.

І вось яны выйшлі з пакоя, ужо не мужам і жонкай, якімі сюды заходзілі, а чужымі людзьмі. I пайшлі па розных дарогах, нават не развітаўшыся — сапраўды, як чужыя: яна скіравала да блізкага аўтобуснага прыпынку, а ён надумаў трохі прайсціся, каб пабыць аднаму. Што ж адбылося? Хто ў выйгрышы, хто перамог? Здаецца, тут пераможцаў не было, відавочнымі аказваліся толькі страты. Захацелася нават заплакаць... Гэтулькі гадоў разам, плячо ў плячо — і вось вынік намаганняў... Няўжо вінаваты ён, што не кахаў яе да глыбіні душы, да ачмурэння і адурэння, як любяць маладыя закаханыя хлопцы, а любіў як жанчыну, як маці яго, іхніх, дзяцей, як гаспадыню, якая шануе парадак у хаце і якая не падвядзе, а ў цяжкую хвіліну падставіць плячо.

Няўжо такія яго адносіны наводзілі яе на падазрэнне, што ён няверны муж, што бегае да другіх? Яна хацела панаваць у яго душы адна, поўнасцю, і каб ніколі нікога там больш не было і блізка. Саперніц не пераносіла, і нават яго жарты ў кампаніі яна ўспрымала як абразу свайго гонару і потым папракала яго ў непрыстойных паводзінах, хоць ён лічыў, што абняць жанчыну ў падвяселенай кампаніі, сказаць ёй камплімент за бяседным стадом ці ў танцы пад радыёлу — гэта нармальна, і ніякага граху тут няма, бо весяліцца трэба не толькі самому, але і весяліць кампанію, калі гэта ўдаецца...

Яны не раз пачыналі спрэчкі, абмяркоўваючы кодэкс паводзінаў мужчыны і жанчыны, і яна лічыла, што жанчына павінна іграць першую скрыпку ў кампаніі, як і ў жыцці, у той час як Рамейка даказваў на фактах, што празмерная эмансіпацыя жанчыны прыніжае мужчыну, робіць яго ў сям’і даставалам, цяглаваю сілай, паслухмяным папіхайлам, а не гаспадаром, як належыць таму быць у прыстойнай сучаснай сям’і. Вось чаму ў нас шмат разводаў — бо мужчыны ўцякаюць ад сямейнага дэспатызму жонак, шукаюць сабе раўнапраўнага партнёра, а не верхавода, сямейнага начальніка. Начальнікі абрыдлі і на працы, а тут яшчэ дома...

Усе дваццаць гадоў, пражытых разам, Рамейка адчуваў на сваей шыі яе руку, і ўвесь час хацеў скінуць, за што і пачыналіся спрэчкі, а нават і сваркі: што ён не слухае яе, гаспадыню, што гаворыць не тое і робіць не так, як ёй хацелася б, нібы ён не мае права вырашаць свае праблемы па-свойму, так, як лічыў патрэбным, а не па яе падказцы.

Гэты пастаянны недавер, які паступова ператварыўся ў халоднасць, фрыгіднасць, як кажуць медыкі, прывёў да таго, што Рамейка аднойчы вырваўся з жорсткіх рамак сямейнага кодэксу і звярнуў налева, выпадкова звязаўся з Варанчак, але хутка расчараваўся. Нечакана для сябе ён убачыў, спаткаў тую жанчыну, якая адразу кінулася ў вочы і пранікла ў душу, не пакінуўшы там вольнага месца. Можа, гэта яго лёс? Мо гэта іх агульны лёс? Невядома, жыццё пакажа... Вось ужо ў яго за плячыма немалы кавалак дарогі, адмеранай Усявышнім, ён прайшюў яе сумленна, і каб не хваравіты недавер блізкага чалавека да яго асобы, мо не было б сёння гэтага недарэчнага суду, які разарваў па жывым іх звязкі і сказаў: вы вольныя адно ад другога.

Яна вольная, хай робіць, што хоча. Разняволіла і яго, скінула руку з яго шыі, і цяпер тая перастане смылець.

Ён стаў параўноўваць Марыну з Ларысай, бачыў іх вялікую розніцу і знаходзіў нешта агульнае. Розніца іх была ў сацыяльным паходжанні, у выхаванні, у светапоглядзе — тут яны былі розныя, і Марына ў гэтым плане была яму бліжэй, бо і ён сам з сялян — па паходжанні і па складзе душы і розуму, ён любіў вёску, зямлю, хоць уцёк ад яе, як цяпер кажуць, у горад, на лёгкі хлеб. Не ад вёскі ўцякаў, а проста пайшоў вучыцца, каб дасягнуць нечага лепшага, чым мелі бацькі, якія не бачылі свету за беднасцю, за працай ад цямна да цямна, працай, якая прыносіла як самае большае — кавалак хлеба, каб можна было пракарміць сябе і гадаваць дзяцей. Рамейка, іх сын і брат, хацеў вырвацца з гэтай беднасці, жыць іншым жыццём, нейкім больш узнёслым і чалавечным. З іх дапамогай, бацькоў і сёстраў, скончыў інстытут і мо нават зусім выпадкова застаўся ў горадзе, пайшоў па выдавецкай справе, стаў рэдактарам, зблізіўся з літаратурнымі коламі, сам пачаў перакладаць з польскай мовы, якую ён ведаў яшчэ са школы. Ён стаў інтэлігентам, але ў душы не лічыў, што заслугоўвае насіць такое найменне, хоць быў даволі начытаны, трохі ведаў нямецкую і французскую мовы, любіў лаціну, заўсёды цікавіўся вершамі, часам сам іх пісаў, але нікому не паказваў, лічыў слабымі. Ды і характарам ён быў памяркоўны, хоць не цярпеў нахабнікаў, грубіянаў і прайдзісветаў, не баяўся заступіцца за слабога і, калі трэба, мог пастаяць за праўду і справядлівасць.

Мо гэтым і падабаўся Марыне, і яна яго «цярпела» роўна дваццаць гадоў, пакуль «не выйшаў з-пад кантролю», як тая непаслухмяная ракета, якая ляціць не туды, куды яе накіравалі.

Ларыса Ланеўская была дзіцем інтэлігентаў, яна і сама была інтэлігентка, хоць не ўзляцела высока з-за нейкіх сямейных непаладкаў, а займала нізавое ці сярэдняе месца ў медыцыне, як спецыяліст была на добрым узроўні, сваю справу ведала і рабіла прафесіянальна, да сваіх хворых адносілася шчыра, з душою, і яны яе любілі і шанавалі, надзяляючы за гэта ўсялякімі падарункамі — ад цукерак і кветак да ўсякіх там вазаў, чайнікаў і нават сервізаў. А некаторыя безнадзейна хворыя, на якіх дактары ўжо махнулі рукою, трапляючы пад яе пільны нагляд, вярталіся да нармальнага жыцця і потым яшчэ доўга перадавалі-перасылалі з вёсак свае сялянскія падарункі: сушаныя баравікі, вэнджаную сялянскую кілбасу, лясныя арэхі.

А як жанчына, як жанчына... Ён нікому пра гэта не скажа, але ён знайшоў, адкрыў у ёй тое, што доўга шукае мужчына і часам так і не знаходзіць, — знайшоў сапраўднае, шчырае каханне, адпаведнасць цела і душы, калі тое, што ў табе, поўнасцю зліваецца з тым, што ў ёй, і разам яны ўтвараюць нейкі маналіт, які не распадзецца ніколі, покуль побач, покуль разам ідуць па жыцці. Яна была для яго самая прыгожая, самая жаданая і дарагая. Нібы ён апынуўся на бязлюдным востраве, дзе ні жывое душы, а тут раптам з вады выходзіць русалка-красуня, кідаецца на шыю і кажа, што шукала яго ўсё жыццё — і вось нарэшце знайшла! I што стала шчаслівая, як ніхто ў свеце, і хоча, каб і ён быў шчаслівы з ёю, каб кахаў шчыра і моцна, як яна яго... Гэта было нешта падобнае на залаты сон, бо каб каму сказаць, што гэта ява, ніхто не паверыў бы і нават пасмяяўся б з яго немужчынскіх фантазій, бо такога не бывае нідзе і ніколі.

Аднак жа... Такое з ім здарылася, і ажно на пяцідзесятым годзе жыцця... Бог ты мой! Ці думаў ты, Рамейка, пра такое, ці гадаў, ці сніў?..

Ён ачнуўся ад сваіх думак зусім нечакана, бо ўбачыў перад сабою высокі дом, вельмі падобны да таго, у якім жыў нядаўна, і нават той першы, а праўдзівей, апошні пад’езд, у які збіраўся заходзіць.

Ды што гэта такое? Ён апынуўся перад тым домам, з якога пайшоў ужо месяц ці болей, і які ўжо не яго, і ўсё тут не яго, а вось жа ногі самі вялі сюды — і прывялі, не памыліліся.

Як аглушаны, ён стаяў ля пад’езда, не ведаючы, што рабіць і куды ісці: на старую кватэру ці на працу, бо абед ужо скончыўся, трэба зайсці і сказаць, што ён быў у судзе, і паказаць позву, дзе адзначана, што знаходзіўся там ад такой да такой гадзіны. Усё, як патрабуе канцылярыя...

За плячыма пачуліся крокі, ён азірнуўся — проста на яго ішла Марына ў сваім зелянцовым паліто з чорным каракулевым каўняром, з сумкаю, відаць, нечым напакаванаю. Ён пешкі апярэдзіў яе, значыць, яна заходзіла ў краму...

— Што ты тут забыўся? — халодным голасам спыталася яна.

— Цябе забыўся, — міжволі сарвалася ў яго з языка. — Нейкая ты, як хворая...

— Не трэба мне твайго спачування... Пашкадаваў воўк кабылу... Радуйся, што маеш свайго доктара. Яна цябе абмалодзіць, стрыножыць... Не будзеш бегаць па бабах, як пры мне... Ідзі адгэтуль, бачыць цябе не магу...

I праз хвіліну знікла ў пад’ездзе, а ён пастаяў, як прымёрзлы нагамі да снегу, з цяжкасцю зрушыў з месца і пайшоў па дарозе, якая раней вадзіла яго на працу. Павяла і цяпер, але цяпер ён ішоў ужо нейкі не той, што хадзіў месяц ці болей назад. З сённяшняга дня ён тут ужо чужы, хоць яшчэ і прыпісаны да гэтага дома, да гэтай кватэры. Усе яго дарогі будуць весці на поўдзень ад праспекта, як вадзілі нядаўна на поўнач. Гэта быў яго квартал, тут ён хадзіў нямала, днямі і начамі, часам вяртаўся з мужчынскай кампаніі добра падпіты, жонка не спала, чакала, перажывала... Трэба і сёння напіцца, каб свет перавярнуўся дагары нагамі, хоць ён і так апошнім часам у яго галаве зусім перавернуты, нейкі як скасабочаны, не такі, як быў некалькі дзён назад. Усяго некалькі дзён, як перамяніўся свет. Ужо сёння Марына глядзела на яго як на чужога, і ён сам глянуў на яе нейкімі новымі, чужымі вачыма, і не ўбачыў у ёй таго кепскага, якое бачыў яшчэ зусім нядаўна. Мо ўпершыню шчыра пашкадаваў яе, што застаецца адна, без ніякай падтрымкі збоку, што ў яе не застаецца заплечча, якое яна мела ў яго асобе, хоць не надта трывалага, як ёй здавалася, аднак жа яно было, яна пачувала сябе ў сто разоў лепей, чым гэта будзе сёння, хоць яна казырыцца, не шкадуе страчанай раўнавагі.

Але яна яе хутка адчуе, хай не выдае сябе за разумніцу, якая робіць толькі правільна і ніколі не памыляецца. Сёння, відаць, ты застанешся ў пройгрышы, хоць дзеці твае і будуць мець нейкія там аліменты. Але яны таксама страцяць апору — свайго бацьку, хоць ён мо і не быў такі, як ім хацелася б, але ўсё ж — бацька...

Вось для іх свет перавернецца, пераменіцца, яны хутка гэта адчуюць, і адчуюць нашмат вастрэй, больш балюча і горка, чым іх бацькі, бо бацькі ўжо бітыя-абабітыя жыццём, у іх тоўстая скура, а яны толькі кволыя птушаняткі, якія яшчэ не былі пад сіберным ветрам, не траплялі пад грымотную навальніцу, не падалі знясіленыя ад смагі, не ўмываліся потам і слязьмі...

Урэшце ён у Доме друку, заходзіць на чацвёрты паверх, у свой кабінет. Ван Ваныч падымае галаву ад рукапісу, глядзіць на яго, пытае:

— Дзе прападаеш? Аўтары абрываюць тэлефон.

— Пачакаюць... Я толькі што з суда. Каб ты ведаў, я ўжо развёўся, чаго табе не жадаю. Цяжкая працэдура, здурэць можна.

Чамусьці ён сёння гаварыў у нейкім нязвыклым для сябе ключы ці танальнасці і нават не пазнаваў сябе, бо Ван Ваныч не выклікаў у яго сімпатыі, а сёння ён гаварыў з ім як з сябрам, з даверам, як бы чакаючы нават спагады. А з якой такой рацыі, ён і сам не ведаў.

— Віншую, — сказаў Ван Ваныч і ўсміхнуўся неяк шматзначна — ці то з ухвалай, ці асуджэннем, не разабраць, — ты смелы чалавек, я не змог бы. Часам, як пасварышся з жонкаю, дык думаеш: кінуў бы я цябе да д’ябла, але дзе лепшую знайду, каб цярпела такога паразіта, як я? Не знойдзеш ва ўсім Мінску. На якую ноч, на дзве — і ўсё, вымятайся, ідзі да свае старое качаргі А ты асмеліўся, малайчына.

— Знайшоў за што хваліць! — не згадзіўся з ім Рамейка. — Тут вялікай адвагі не трэба. Пару разоў пагарэў — і сама сказала: выбірайся, каб я цябе не бачыла. Што мне заставалася рабіць? А потым і заяву падала на развод. Вось нас і развялі сёння. Мо возьмем па шклянцы сухача?

— Прапанова жалезная, але якраз іду да аднаго чалавека па важнай справе, а ён не любіць, калі ад каго нясе сівухай, цярпець не можа. Таму павінен адмовіцца, хоць і хацелася б падтрымаць...

Рамейка зразумеў, што Ван Ваныч нешта хітруе, але не стаў дабівацца праўды: будзем верыць табе, шаноўны. І сказаў:

— Шкода, вельмі шкода. А мне так хацелася напіцца! Каб аж зямля пад нагамі гайдалася, каб уставала дыба і біла па мордзе. Было ў цябе такое?

Предыдущая главаГлава 34 из 42Следующая глава