— Наконт маёмасці — тут няма чаго дзяліць. Я забяру свае манаткі, тваіх не зачаплю, не перажывай, абыдземся і без суду. Вазьму трохі кніжак, трохі пакіну вам... Тым больш, што кніжкі купляў не адзін я. А з кватэрай... Нічога пэўнага не магу сказаць... Цяжка ад трохпакаёвай кватэры аддзяліць чацвёртую частку, якой няма...
Ён хацеў яшчэ дадаць, што шкадуе крыўдзіць дзяцей, забіраць у іх прытулак, якога яны так чакалі, месца, якое яны абжылі і прывыклі да яго, але не стаў гаварыць, — гэта ўжо сантыменты. Ды з таго, што ён сказаў, можна зрабіць вывад: на кватэру не стане квапіцца, хай не перажываюць.
Скончыў свой суп, устаў з-за стала, падзякаваў.
— А свой адрас ці хатні тэлефон ты мне дасі? — спыталася Марына.
— Навошта? Я хачу спаць спакойна. Як што — звані на працу.
— Баязлівец няшчасны! — са злосцю сказала Марына. — Ён хоча спаць спакойна! Думаеш, каб я захацела, дык не знайшла б твайго логава? Знайшла б! Але шкода часу траціць на такое гэ...
— Не абражай гонару маткі і жанчыны сваімі грубымі намёкамі, тым болей перад дочкамі, калі ты не саромеешся мяне, — параіў Рамейка.
— Не перажывай за мяне, а тым болей за маіх дачок, яны ўжо не твае.
Рамейку ўзарвала:
— Яны мае такія ж, як і твае. I не прысвойвай таго, што табе не належыць. Каму я плачу аліменты? Табе ці ім, сваім дочкам?
— Гэта дэ юрэ, а дэ факта, фактычна — ужо не твае, як бы ты ні распінаўся. Прагуляў ты сваіх дачок, прагуляў сваю жонку, сумленне прагуляў, вось што страшна, спустошыў сваю душу. Мне вельмі хочацца, каб ты не наведваўся да нас, каб не раніў яшчэ кволых сэрцаў маіх дзяцей, хай яны жывуць спакойна. Вось што я хачу ад цябе.
— Калі ты так ставіш пытанне, дык перадамо ў суд, хай ён рашае. I ты застанешся з носам. Бо суд прысудзіць мне права мець сустрэчы са сваімі дочкамі...
— А як мае дочкі не захочуць з табою бачыцца? Ты думаў пра такі варыянт? — і Марына паказала рукою на адну, а потым на другую дачку, якія тым часам ласаваліся цукеркамі.
— Гэта ўжо ў іх трэба будзе спытаць, — адказаў Рамейка. — Як яны не захочуць — тады іншая рэч.
Я табе й кажу, што не захочуць! — стаяла на сваім Марына.
— А я думаю, што ад бацькі яны не адракуцца. Я буду разводзіцца з табою, а не з імі!
Гаварылі так, нібы дачок тут і не было, хоць, на добры лад, маглі б у іх пра ўсё спытаць і дарэмна не спрачацца. Але яны гэтага не рабілі, баючыся жорсткае праўды, якая магла б адкрыцца пры іх адказах, і раніла б або яго, або яе. А мо дочкі і не сказалі б праўды, баючыся помсты з матчынага боку. Урэшце, калі не помсты, то звычайнага ўціску, і гэта Рамейка адчуваў па паводзінах дачок, асабліва малодшай, якая не выказвала адкрыта сваіх адносінаў да яго і больш маўчала.
Ды Бог з імі, хай паводзяць сябе, як хочуць, хай думаюць, што хочуць, і нават гавораць тое, што думаюць, бо хіба ён можа ім забараніць? Яны ўжо скінулі з сябе нябачную яго ўладу над сабою, сталі падуладныя сваёй матцы. А хутка будуць глядзець не сваімі вачыма, а яе, і нават гаварыць стануць яе словамі. Мо нават і праўда, што не захочуць з ім сустракацца. Але калі ён не будзе да іх прыходзіць з пустымі рукамі, дык яны хоць трохі, а зменяць свой гнеў на літасць: дзеці ёсць дзеці. Ды і не такім ужо ён быў для іх благім бацькам, як цяпер малюе іх маці.
Нешта новае, мо нават забытае, улівалася ў яго душу, будзіла нейкія няясныя ўспаміны, звязаныя з яго сумесным з імі жыццём, ён міжволі мякчэў сэрцам, і прыхаваная злосць на жонку адступала далёка-далёка, засланяючыся вось гэтым сузіраннем сваіх родных істотаў, якім даў жыццё разам з іх маткаю. А цяпер яна хоча аддзяліць яго ад іх, адгарадзіць высокаю сцяною, зрабіць іх чужымі для яго. Рамейка ў гэта ніяк не мог паверыць, ён больш верыў у добрыя душы сваіх дачок: не можа такога быць, каб яны сталі чэрствымі, адвярнуліся, не прызналі за бацьку.
Рамейка апрануўся, развітаўся з усімі, пажадаў шчасця ў Новым годзе. Дзеці адказалі тым жа, Марына прамаўчала: твар яе заставаўся непранікнёны.
Сёння візіт яго быў удалы, так ён ацаніў яго сам сабе, ужо выйшаўшы з кватэры. Хоць балючыя моманты ўзнікалі, асабліва гутарка пра развод. Нейкае нялюдскае, халоднае слова, хоць да яго трэба прывыкаць, яно ўжо ўвойдзе ў тваю свядомасць, калі не ў слоўнік, будзе аддавацца болем у сэрцы. Ці думаў ты, Рамейка, што сутыкнешся з гэтым словам, як з ворагам на вузкай дарозе?
Вось і зіма прыйшла на зямлю — з белым снегам, з марозам, хоць яшчэ тыдзень назад таго снегу не было зусім, і ўсе ўжо змірыліся, што Новы год давядзецца сустракаць без снегу, з чорнаю дарогай пад нагамі. Зіма без снегу зусім не глядзіцца. У яе нават не верыцца, і адчуванне незадаволенасці, няскончанасці не пакідае чалавека ні хвіліну. Хочацца белае фарбы, каб усё стала чыстым, вясёлым і свежым, каб зямля адпачыла пад белаю пярынаю, паспала да вясны, набралася новай сілы і зноў давала людзям плён, квітнела і зелянела.
Рамейка ступаў асцярожна, але ўсё роўна спатыкаўся і ледзь не падаў — так было коўзка ісці па свежым утаптаным і зусім неглыбокім снезе. Божа мой, якія нядаўна былі зімы, калі гурбы намятала вышэй за чалавека, а цяпер нібы ў той галодны год, калі няма дажджоў, няма хлеба, няма шчасця, няма долі — як у той песні пяецца. Няўжо зямля ідзе ў нейкі тупік, з якога няма выйсця? Няўжо глабальнае пацяпленне сапраўды прывядзе да такіх зменаў у прыродзе, што чалавек не будзе ведаць, што рабіць і куды падзецца? I няўжо мы, што жывём сёння, будзем сведкамі і ўдзельнікамі ўсяго гэтага працэсу, які згубна адаб’ецца на нашым жыцці, на дабрабыце, і нашы дзеці і ўнукі зведаюць, паспытаюць нешта такое, што нам не снілася і ў страшным сне? Вось у нас пацяпленне, мала снегу, не было асенніх дажджоў, а ёсць жа мясціны на зямлі, якія заліваюць дажджы, якія засыпае снегам, якія спусташаюць марскія цунамі, выкліканыя землятрусамі; а ёсць жа краіны, якія прагнуць звычайнай вады, каб выжыць, каб не засохла расліннасць і не загінуў жывёльны свет. Нешта нядобрае робіцца на зямлі, нешта нялюдскае нас чакае.
Ідзе Новы год, заўтра людзі будуць яго сустракаць, радавацца і весяліцца. А Рамейка радавацца па-свойму і весяліцца — па-свойму. З аднаго боку яму будзе цёпла, а з другога — холадна, адно вока ў яго будзе смяяцца, другое — плакаць.
А на каго крыўдаваць, на каго скардзіцца? Няма на каго, а калі не шукаць далёка, то на самога сябе. З яго ўсё пачыналася, а потым пайшло-паехала, цяпер і не спыніш, як той камень з гары: толькі скрані яго, а потым ён і сам пакоціцца, і ўжо не стрымаеш яго, бо гэта сляпая сіла, якая падпарадкоўваецца толькі закону гравітацыі. Ды і ўвогуле, і жыццё здаецца звычайным і простым, калі ты стаіш да яго бокам, а калі цябе закруціць, калі панясе, аглушыць і агарошыць, толькі тады ты зразумееш, што такое жыццё ў яго натуральную велічыню, урэшце ў філасофскім, у касмічным маштабе, калі ты адчуеш сябе не толькі нейкаю адзінкаю праяўлення жыцця, а складнікам яго, без якога асобна не можаш існаваць, як і сусвет без цябе — таксама. Адзін чалавек — нішто, гэта травінка, пясчынка, якая сама па сабе нічога не значыць, хоць і кажуць, што чалавек — гэта цэлы кантынент. Ой, мусіць, не! Каб чалавек ды быў кантынентам, вунь ужо якія горы грамадзіліся б, дзе жывуць гэтыя чалавекі-кантыненты, што нельга было б і дыхнуць, і не размінуцца. А так яшчэ на зямлі не надта цесна, калі не лічыць вялікіх гарадоў-мурашнікаў, дзе сапраўды нельга размінуцца, каб не зачапіць падобнага да сябе, каб ён не глянуў на цябе як на недарэку і не сказаў з пагардаю: «Проснись, колхозник!» А ты, як аглушаны, не будзеш ведаць, што рабіць: лаяцца ці смяяцца ўслед крыўдзіцелю. Ён, бачыце, не «колхозник», ён «другой, еще неведомый избранник»... Ну як тут не станеш пасля гэтага нацыяналістам, не станеш любіць тое, што некаторыя тут топчуць і не прыглядаюцца, бо тое, што трапляе ім пад ногі, не мае ніякай цаны, бо яно чужое, набытае за нішто, якім можна толькі пагарджаць?..
Рамейка, ссаджаны з аблокаў на зямлю гэтымі абразлівымі словамі, раптам убачыў, дзе ён і куды мчыць: яму трэба дадому, да новага месца пражывання, а ён быў дома — ужо не дома, а ў гасцях. Вось як усё пераплялося — перакруцілася ў яго жыцці, што не ведаеш, дзе канчаткі, а дзе пачаткі.
Ды, урэшце, не перабольшвай, Рамейка, разбярэшся ты ў гэтым хітраспляценні, не так ужо ў цябе складана, як ты малюеш, бывае і горай. Дома, які яшчэ не паспеў стаць сваім, яго чакала Ларыса, Змітрака чамусьці яшчэ не было. Распрануўся, дастаў з партфеля ўсе закупы, зробленыя па дарозе, паставіў на кухонны стол.
— Дзе ты так доўга прападаў? — спыталася Ларыса з трывогаю ў голасе. Відаць, яна заўважыла, што ён нечым усхваляваны, што рухі яго рук не такія натуральныя, як звычайна, а трохі паскораныя, хапатлівыя, нібы некуды спяшаўся.
— Ведаеш, дзе я быў? Хадзіў па старых дарогах. Быў у дзяцей... Я ж табе казаў, што перад Новым годам зайду... Ну вось, занёс ім трохі цукерак, купіў кніжку пад назваю «Як быць прыгожай», яшчэ ўзяў пляшку віна. Мяне запрасілі за стол, выпілі трохі. Пагаварылі...
— Як, мірна? — зноў затурбавалася Ларыса.
— Часам мірна, часам рэзка, груба... Яна падала на развод...
— Вось як! I ты згадзіўся? — неяк недарэчы спыталася яна.
— А што? Усё роўна гэтым скончыцца, рана ці позна...
Яна ўздыхнула. Не зводзіла вачэй з яго твару, стараючыся прачытаць нешта, схаванае ад яе — ці моцна яму баліць такая навіна? Ці проста — ён гэтага чакаў, успрыняў як непазбежнасць? Відаць, у яе круціліся на языку якія пытанні, але маўчала, чакала, што загаворыць ён.
— Як і трэба было спадзявацца, — пасля паўзы пачаў Рамейка, — яна рашыла, што я не вярнуся і таму няма сэнсу цягнуць.
— Няўжо яна спадзявалася на прымірэнне? — не ўтрымалася Ларыса.
— Я не ўпэўнены, але адчувалася, што яна змяніла сваё рашэнне і думала, што можна пакінуць усё, як было... Але я не даў ёй гэтай надзеі, і яна падала на развод.
— А калі будзе суд? — Ларысу ўжо цікавілі дэталі.
— Недзе на пачатку года, хоць дакладна яшчэ невядома. Не трэба толькі надта браць да сэрца ўсё тое, што мяне чакае. Няхай я адзін буду перажываць, а навошта яшчэ і табе? Тым болей, што ты аднойчы ўжо прайшла праз гэты чысцец.
— Ой, я ніколі не забуду і нікому не пажадаю праз такое прайсці, — сказала Ларыса, гатовая, здаецца, заплакаць. — Але я потым адчула вялікую палёгку, глянула на свет і ўбачыла краскі, сонца, а дагэтуль усё ў мяне было як у тумане, у беспрасветнай цемры.
— Ну, у цябе было сваё, у мяне сваё, але гэта нялёгка даецца кожнаму, чыё сэрца адчувае не толькі свой боль, але і чужы. Таму — не давай сэрцу волю, прашу цябе.
— Добра, як ты можаш загадаць свайму сэрцу, а як я — не? — спыталася яна. — У мяне нейкая дзівацкая фантазія, якая працуе без перапынку, малюе ўсякае такое: часам нешта больш-менш рэальнае, а часам такое, што робіцца страшна... Раней я думала пра сваіх сыноў, пра сябе, цяпер ты пасяліўся ў маім сэрцы, у маіх думках, цяпер я ўжо за цябе баюся, дрыжу за кожны твой крок...
— Выходзіць, што я дадаў табе толькі клопату? — усміхнуўся ён.
— Не, я так не кажу, ты мне прынёс шмат радасці, я спазнала з табою шчасце кахання, прабач за шчырасць, а гэта нашмат больш і даражэй за тыя турботы, якія ты мне дадаў да маіх уласных. Я цяпер адчуваю сябе жанчынаю ў поўным сэнсе гэтага слова. Баюся казаць, але я, каб ты ведаў, шчаслівая...
Рамейка слухаў і радаваўся, чуючы такія словы, бо ён чуў іх упершыню ў жыцці, і дзіўна, што яна сказала іх яму так нечакана: не за бяседным сталом, не ў інтымным месцы, дзе-небудзь у ложку, а вось так, празаічна проста, на хаду, і чым гэта выклікана — цяжка сказаць. Мо нават тым, што ўпэўнілася: Рамейка яе не кіне, у яго хутка будзе развод з першаю жонкаю — і з усім яго ранейшым жыццём, што яны ўрэшце могуць жыць і будаваць сваё жыццё на новым месцы — трывала, шчасліва, надоўга.
Прапусціць міма вушэй такія яе словы было б проста злачынствам ці яшчэ чым горшым, таму ён сказаў — нават узнёсла:
— Любая Ларыска-Ірыска-Рыска, я слухаў твае словы, як музыку арганаў, як анёльскую песню з нябёсаў, я проста вырастаў у сваіх уласных вачах, што прынёс табе не толькі клопаты, але і радасць, і шчасце; вярнуў табе паўнату жыцця... Ведаеш, усё сказанае табою я магу павярнуць назад, сказаць пра цябе, што ты ўвайшла ў мае жыццё — нават уварвалася! — як асвяжальная бура-навальніца, якая сарвала з мяне старыя апраткі, якая амаладзіла мяне і надала новыя сілы... Прабач за высокія словы, але я не вінаваты, гэта ты дала такі штуршок, ты так нечакана для мяне раскрылася... I можа, нават добра, бо мы цяпер будзем ведаць, што мы адно для аднаго значым, і што мы павінны адно аднаго цаніць і ахоўваць, берагчы, каб ніякія злыя сілы не парушылі нашага шчасця.
Ён моцна абняў яе, прытуліў да грудзей і пацалаваў у вусны. Яна адказала яму такім жа доўгім пацалункам, яны ажно задыхнуліся, і каб не блізкая сцяна, да якое Рамейка прыхінуўся плячыма, дык мо і ўпалі б на падлогу.
26
З падзей пасля Новага года Рамейку запомніўся добра толькі развод. I хоць быў ён звычайнаю казённаю павіннасцю, якую трэба цярпліва перажыць, аднак моцна разануў па сэрцы. Позву ў суд атрымаў на рабоце, бо хатняга адрасу Марына так і не даведалася. Рамейку паклікалі да дырэктара Ткачука, і ён меў з Рамейкам нават доўгую гутарку. Дырэктар прызнаўся, што Марына прыходзіла на прыём, прыносіла пісьмовую скаргу на свайго мужа, але ён, Ткачук, угаварыў яе забраць паперу, каб не ствараць канцылярскай валакіты: трэба разглядаць, даваць адказ, рабіць нейкія аргвывады, а што можа зрабіць дырэктар свайму падначаленаму, калі той працуе нармальна, са сваімі абавязкамі спраўляецца? А што ў сям’і нейкія там непаладкі, то гэта ўжо не дырэктару разбірацца і рабіць аргвывады, хай гэта робіць суд ці якая іншая грамадская арганізацыя, хоць бы тыя прафсаюзы, паколькі Рамейка беспартыйны, і на партбюро яго не выклічаш.
Як між іншым, дырэктар сказаў, што ў той заяве былі і палітычныя, так сказаць, закіды ў яго бок: што выступае супраць лініі партыі ў нашым жыцці, што асуджае нацыянальную палітыку партыі, якая праводзіцца не ў інтарэсах беларускага народа — закрыццё беларускіх школаў, звужэнне сферы беларускай мовы ў ВНУ, малыя тыражы беларускіх выданняў і іншыя грахі. «Ты разумееш, — сказаў яму Ткачук даверліва, — што на такой аснове пры добрым жаданні можна змайстраваць нейкае такое судзілішча, нават зняць цябе з работы, але... я ёй кажу: а хто табе ці тваім дзецям будзе плаціць аліменты, ці зацікаўлена ты, каб твой былы муж стаў беспрацоўным? Калі ты і гатова яму помсціць за яго грахі, дык ці гэта ў інтарэсах тваіх дачок? Яна падумала і забрала заяву».