— Лепш недапіць, чым перапіць? — прадоўжыла Ларыса.
— Менавіта. Вось паслухай, што кажа на гэты конт вялікі лекар Гіпакрат, твой настаўнік, дарэчы: працуй у меру, еш у меру, спі ў меру, пі ў меру і кахай у меру — ды даўгавечны ты будзеш на зямлі.
— А я і не ведала. Мудра сказана, — згадзілася Ларыса. — Хоць, падумаўшы, дык у кожнага свая мера.
— Але ёсць жа нейкая агульначалавечая мера, — не згадзіўся Рамейка. — Вось гэтыя талеркі, міскі — яны разлічаны на сярэдняга чалавека, каб ён з’еў гэтую мерку і больш не прасіў.
— Але ж ёсць і такія, што яны з’ядуць тры такія меркі, і ім будзе мала.
— Дык яны аб’ядаюцца, укарочваюць сабе жыццё. Іншая рэч, што іх не навучылі правільна карыстацца дарамі прыроды. Ім хочацца як мага больш, як мага смачней.
— А наконт кахання што ты скажаш? — спыталася Ларыса як з нейкім падтэкстам.
— I з каханнем тое самае. Як кажуць, з калодзезя ўсёй вады за адзін раз не вып’еш. Некаторыя хочуць узяць ад прыроды ўсё адразу, і як найбольш, і надрываюцца. А хто памяркоўны, той будзе ў выйгрышы.
— Гэта ты з тэорыі бярэш ці больш з практыкі?
— Хутчэй з практыкі... Скажу шчыра, што я цягну, але не надрываюся. Мо таму і бедны...
— Ты лічыш, што ты бедны? — Ларыса паглядзела на яго з недаверам.
— А што, хіба па мне не відаць? — Рамейка стаў у позу: вось глядзі. Ён быў апрануты ў сваю рабоча-выхадную форму — касцюм цёмна-шэрага колеру, у якім хадзіў на працу.
— Можна сказаць, што ты серадняк, як раней гаварылі.
— Можа й так, я серадняк, гавару пад рыфму.
— А чаму ты не паэт? — спыталася раптам Ларыса. — Ты нейкі трохі паэтычны, мог бы пісаць і вершы.
— Паэтам стаць не так проста, як здаецца. Для гэтага трэба мець талент, а яго ў мяне няма.
— Адкуль ты ведаеш? Мо ён у табе сядзіць, — заспрачалася Ларыса.
— Каб сядзеў, дык ужо даўно вылез бы наверх... Вось і ўсё. Не поп — не ўбірайся ў рызы, як раней казалі.
— Шкада, — уздыхнула Ларыса. — Я толькі думала, што ты навучыш мяне пісаць вершы. Я сама трохі папісваю, мо гэта і смешна.
— Што тут смешнага? Калі-небудзь мне пакажаш. Я ў вершах разбіраюся, добры ад кепскага магу адрозніць.
— Буду мець на ўвазе, — зазначыла як сама сабе Ларыса. — Але нешта мы доўга гаворым, а вячэра чакае. Сёння трэба было сустрэць першую зорку на небе і садзіцца за святочны стол. А мы дацягнулі да позняга вечара. I ўсё з-за каго? З-за цябе, мой пане...
Яна зняла са сцяны абразок Маткі Боскай з Сынам на руках і паставіла яго ў цэнтры стала, рассунуўшы талеркі з ежай. Потым знайшла свечку з падсвечнікам, якая стаяла на падаконні, а Рамейка ўзяў запалкі і запаліў свечку. Ларыса паставіла яе перад абразом Маткі Боскай, агледзела ўвесь малюнак і кіўнула сабе галавою, як ухваляючы: добра-добра.
— Ідзі кліч Змітрачка, як ты яго называеш. Мо сядзіць дагэтуль галодны, а бацька нават не пацікавіцца, — паўшчувала лёгка Рамейку.
Змітрачок усе яшчэ танцаваў ля ялінкі, падвешваў цацкі і цукеркі, тут круцілася і Магда, глядзела, што ён вырабляе і нібы хацела дапамагчы — хадзіла за ім следам, а калі ён спыняўся, сядала на свой кароткі хвост і чакала.
— Ну, хлопча, пойдзем, мама кліча. Калі што і недарабіў, дык пасля паправіш.
Пайшлі на кухню, следам, а потым першая, трухала Магда. Яна сёння была надта ўзбуджаная, як ведала, што ў хаце свята, бо так пахла рознымі прысмакамі, аб якіх яна ведала толькі па паху, а пакаштаваць мо і не давядзецца.
Ларыса стаяла перад абразом Маці Боскай з Сынам на руках нейкая ўрачыстая, мо яна тут ужо малілася без іх. А як яны зайшлі, узяла кніжачку-малітоўнік, разгарнула на патрэбным месцы і сказала, што хоча прачытаць верш-малітву, якую чытаюць вернікі ў часе Божага Нараджэння. Яна чытала па-польску, выразна, прачула, а яны стаялі, глядзелі на абраз Маці Божай і слухалі:
Spiеwajac Bogu hymn radoś
Pasterzom się ukazał Pasterz,
Kturego mocą ś
Wszystkim rodzinom udziel, Сhryste,
Pokoju, zgody i wesela;
W Tobie niech znajdą jedność serca
I pomoc w ciężkich chwilach próby.
Малітва была доўгая, Ларыса прачытала яе да канца, перахрысцілася па-каталіцку, усёю далоняю, а Рамейка хрысціўся трыма пальцамі.
— А цяпер можна садзіцца за стол. Пераломім аплатак і пакаштуем, — сказала Ларыса. — Вось гэта наша куцця. Трэба пачынаць з яе. А потым — хто што хоча.
— А ў нас на куццю пад настольнік падсцілалі сена, потым выцягвалі і мералі: у каго даўжэйшая травіна, таму лепшы лён зародзіць. Хоць мы яшчэ нічога не сеялі, малыя былі. За сталом мне запомніўся смажаны селядзец і сушаныя тараны на ражэнчыку. А ў школе — танец укругавую вакол ёлкі, я тады ў першы ці другі клас хадзіў, у польскую школу, — з ходу, неяк нечакана для сябе, загаварыў Рамейка, хоць, здаецца, дарэмна, бо момант быў не такі, каб расказваць пра дробязі са свайго маленства.
Вячэра працягвалася, усе добра прагаладаліся і елі дружна, хвалілі гаспадыню за смачныя стравы. Рамейка ўспомніў пра сваю прамашку, што забыўся купіць торцік, і ўсе — Ларыса і Змітрок — дружна запляскалі ў ладкі: як так магло здарыцца, што гэтулькі ўсяго накупляў, а пра самае смачнае-салодкае забыўся? Проста ганьба гаспадару!
Рамейка апраўдваўся як мог, прыдумляў розныя прычыны — там разабралі, там яшчэ не прывезлі, а там чарга на вярсту, але нічога не памагло: мінус у яго працы аказаўся вялікі.
Пра напоі зусім забыліся, Рамейка ўспомніў пра піва і прапанаваў прамачыць горла гэтым дэмакратычным трункам, і яго сямейнікі згадзіліся. Піва аказалася смачным, хоць было «Жыгулёўскае», а не якое сваё, барысаўскае ці брэсцкае.
— А торцікам усё-такі не шкодзіла б закусіць, — падкалола Рамейку Ларыса.
I Рамейка абяцаў, што сваю памылку паправіць заўтра.
У канцы яны яшчэ спявалі калядныя песні, сярод іх была і такая, са школьных гадоў:
Wśród nocnej ciszy głos się roschodzi:cie, pasterzе, Bóg się wam rodzi, Pana. I Рамейку зноў успаміналася ўжо такое далёкае маленства.
Wstań
Czem pręndzej się wybierajcie,
Do Betlejem pospieszajcie przуwitać
25
За дзень да Новага года Рамейка вырашыў схадзіць да сваіх дзяцей, жонкі, хоць ужо і былое. Пасля працы зазірнуў у краму, узяў пляшку віна, цукерак, пару шакаладак, у газетным кіёску кінулася у вочы кніжка пад назваю «Як быць прыгожай», і ён яе купіў — якраз тое, што трэба для школьніцы, для студэнткі, а нават і для Марыны, цяпер яна вольная, хай думае, як падабацца мужчынам, мо яшчэ хто і прылашчыць.
Вось жа ён знайшоў сабе пару, хоць і пазнавата. Але мо так і лепш — дзеці ўжо амаль сталі на свае ногі, адна канчае школу, другая — інстытут. Ужо не так будзе балець душа, калі б яны былі малыя. Ды і Марыне з такімі дзецьмі не так цяжка, як было б з малымі: самі могуць і згатаваць сабе, і пад’есці, і што ў кватэры зрабіць, навесці хоць парадак.
Сёння ў галаве ў яго было неяк пуста, на сэрцы спакойна, нібы вяртаўся, як тады, раней, калі жыў тут і лічыўся гаспадаром. Але як зайшоў у пад’езд, стаў на ліфце ўзнімацца на дзевяты паверх, сэрца страпянулася, нібы ачнуўшыся ад нейкае свае спячкі ці раўнавагі: паскорылася дыханне, ён адчуў сябе нібы перад экзаменамі, які будзе рашаць яго лёс. Што за чалавек! — лаяў сябе. Кожны раз ты нейкага д’ябла перажываеш усю гісторыю так, нібы яна вось толькі з табою адбылася. Але ж час ужо прывыкнуць, абабіцца, не камплексаваць, як цяпер кажуць. А ты ідзеш, нібы хочаш невядома чаго: каб табе сказалі вярнуцца, папрасілі прабачэння за душэўны парыў, выкліканы рэўнасцю, якая мае вялікую сілу над чалавекам і часам даводзіць да бяды. Што ж, бяда адбылася мо і не такая страшная, усе засталіся цэлыя, але развалілася сям’я, затое ўтварылася новая. Як быццам усё ўраўнаважылася, будуць толькі перажыванні: у адной сям’і — горкія, балючыя, у другой — мо нават прыемныя, мо з надзеяй на лепшае, чым тое, што было дагэтуль.
Не, сэрцу не скажаш: супакойся, замры! Гэта незалежны апарат, яно само ведае, што рабіць — калі заміраць, маўчаць, калі хвалявацца, вырывацца з грудное клеткі. I праграму яму задаеш не ты сам, хоць гэта і твой орган, а нехта нябачны, які ёсць і якога няма, і ты не можаш пэўна сказаць, што гэта ці хто гэта. Хоць хутчэй скажаш: не нешта, а нехта. Нехта ім кіруе незалежна ад цябе...
Рамейка хацеў пазваніць у дзверы, але ў апошні момант перадумаў і адамкнуў сваім ключом. Зноў такі знаёмы, такі свойскі пах жытла, які не выветрываецца, які жыве і будзе жыць тут доўга, хоць яго самога тут няма, і ўжо не ён робіць тут атмасферу, а яна існуе і ствараецца без яго...
— Хто дома? — спытаўся гучна, бо ніхто не выйшаў у прыхожую.
З кухні выскачыла старэйшая дачка Лена — у доўгім матчыным халаце, з кароткаю прычоскаю, з грыўкаю амаль да вачэй.
— Бацька прыйшоў! — крыкнула яна, павярнуўшы галаву да кухні. — Даўно не бачыліся. Вітаю! — Гаварыла такім тонам, што не разабраць: ці то жаратам, ці сур’ёзна? — Мы якраз абедаем ці вячэраем. Мама толькі з работы. Распранайся, ці што? Мама, ідзі прымай госця! — зноў крыкнула на кухню Лена.
Выйшла Марына — у сіняй трыкатажнай сукенцы з кароткім белым фартушком паўзверх яе, гладка прычасаная, як здалося Рамейку, пахудзелая з твару.
— Ах, які важны госць, — сказала замест вітання і дадала: — Як галодны, то ідзі да стала, дам талерку супу. — І схавалася на кухню.
Рамейка скінуў шапку, паліто, узяў партфель і пайшоў на кухню. Здаецца, тут было ўсё так, як і пры ім За столікам сядзелі яго сямейнікі, стаяла вольная табурэтка — як для яго.
Ён павітаўся, павіншаваў з надыходам Новага года і пажадаў здароўя і поспехаў. Яго слухалі як хто: Марына неяк нехаця, крывілася, старэйшая дачка з усмешкаю, малодшая — сур’ёзна, як надзьмуўшыся. Расшпіліўшы партфель, Рамейка дастаў цукеркі, шакаладкі, паклаў на халадзільнік, дадаў яшчэ віно, а кніжку аддаў меншай дачцэ, сказаўшы:
— Чытай і вучыся спакушаць хлопцаў.
Марына тут жа яго паправіла:
— Хопіць, што ты спакушаеш нейкіх там дурніц, дык яшчэ вучыш дзіця спакушаць хлопцаў! Сарамнік, распуснік. Лепш маўчаў бы!
— Хіба вы слухаеце, што я вам кажу? — спакойна адказаў на яе выпад Рамейка. — Вы робіце наадварот. Так што ўсё будзе ў парадку. Спакушаць яна нікога не стане... А кніжка цікавая, можаш і сама пачытаць, ёсць добрыя парады. Асабліва тым жанчынам, якія хочуць іграць у сям’і першую скрыпку. I да чаго гэта прыводзіць.
— Хопіць чытаць свае маралі, я іх наслухалася, — ужо спакойна прамовіла Марына. — Сядай за стол ды еш суп, пакуль я добрая.
Дочкі маўчалі, паглядвалі то на матку, то на бацьку, відаць, чакалі, калі яны пяройдуць на мірны тон, без надрыву, як пачала іх маці, і добра, што не падхапіў яго бацька, інакш трэба было б уцякаць з-за стала.
— Як добра, калі ты добрая, — заключыў Рамейка і сеў на табурэт, падсунуў да сябе глыбокую талерку з гарохавым супам, узяў лыжку, пакаштаваў. — Смачны суп. Хто варыў?
Дочкі глянулі на яго, усміхнуліся, але прамаўчалі. Не азвалася і маці.
— А мо вып’ем віна? — убачыў на халадзільніку пляшку, пра якую ён неяк забыўся. — Смачнае віно да смачнага супу. Ідзе?
— Падыдзе, як сядло да каровы, — пасміхнулася Марына. — Але давай, пакаштуем. Пахвалім стары год, хоць і няма за што...
— Як няма? — не згадзіўся Рамейка. — Ужо за адно тое, што ён адышоў, а мы застаёмся.
Узяў пляшку, адкаркаваў нажом. Лена падала тры невялікія фужэры, ён наліў.
— А малая хай яшчэ падрасце, — сказаў, кіўнуўшы на Геню.
— А я хачу выпіць, — адказала нязгодаю дачка. I ўстала, знайшла ў буфеце кілішак, паставіла каля свае талеркі.
Рамейка глянуў на Марыну, але яна маўчала, і ён наліў дачцэ ледзь не поўны кілішак.
— Дык што? — спытаўся ва ўсіх і ў самога сябе Рамейка. — Падзякуем старому году, што ён быў і мінуўся, што мы яго перажылі.
— Ды ўжо ж, — няпэўна сказала Марына.
Яны чокнуліся, зазвінелі фужэрамі, выпілі, малая закашлялася. Лена пастукала сястры ў плечы далоняю, сказала:
— Не ўмееш — не бярыся.
— Але ж вучыцца трэба, — адказала Геня жартам.
— Каб чаму добраму, а гэту навуку і дурань асіліць, — адказала на гэта Лена.
Рамейка ўзяў скрылік варанай кілбасы, кавалак хлеба, паволі закусваў, паглядваў на дачок, на Марыну. Усе елі моўчкі, а яму хацелася пагаварыць, даведацца што-небудзь з цяперашняга іх жыцця, расказаць пра сябе. I ў той жа час баяўся чапаць балючыя тэмы, бо яны могуць аказацца зусім не з тою канцоўкаю, на якую разлічваеш.
Недзе ўжо ў канцы вячэры Марына сказала, гледзячы ў стол:
— Каб ты ведаў, я падала ў суд... на развод. Ты не пярэчыш?
— А што мне застаецца рабіць? — адказаў пытаннем Рамейка.
Дзеці насцярожыліся, чакаючы, як павядзе сябе бацька. А ён адразу згаджаецца, падымае лапкі ўгару. А мо яны гэтага і чакалі, яны ж тут гаварылі без яго, што і як рабіць, і, відаць, вырашылі, што цягнуць далей няма чаго, развод непазбежны.
Але Рамейка вярнуўся да пытання яшчэ раз: трэба спытаць у дзяцей.
— А вы, дзеці, згодны, што развод патрэбны?
Малая не кранулася з месца, а старэйшая рэзка ўзняла галаву, сказала з нейкім абурэннем:
— Нібы ад нас нешта залежыць? Рашаеце вы... Можаце ў нас і не пытацца.
Тут умяшалася Марына:
— Пытацца позна. Яны згодны, мы не раз пра гэта гаварылі. Яшчэ што? Як дзелім маёмасць: самі ці праз суд? Што з кватэрай? Таксама дзелім? Што скажаш, дарагі гаспадар?
— Гэтулькі пытанняў паставіла... дарагому гаспадару... Трэба было б падумаць, — няпэўна прамовіў Рамейка. — Урэшце параіцца...
— З кім параіцца? З тою, што прыняла цябе, басяка?
— Вось бачыш, басяка, а прыняла. Не пабаялася, — адказаў Рамейка.
— Нічога, яшчэ нацешыцца, як я за дваццаць год. — Яна паклала сваю лыжку ў пустую талерку, адсунула ад сябе.
Рамейка чакаў, што Марына абрыне на тую невядомую ёй асобу яшчэ шмат якіх брыдкіх эпітэтаў. Стрымалася. Мо не хацела яго ўводзіць у злосць. Каб не адмовіўся часам ад таго, што яна прапанавала. Сядзела, чакала адказу. I ён сказаў: