— Ты многа чаго не разумееш. І ў гэтым уся наша бяда, — глыбакадумна падвяла вынік размовы жонка і ўстала, пачала прыбіраць посуд са стала.
А Рамейка, не слухаючы болей жончыну гаману, пайшоў у свой пакой. Хай пабурчыць адна. Завёўшыся, яна магла гаварыць гадзіну, дзве і болей. I ўвесь час таптацца па яго мазалях.
2
У аўторак Марына паехала ў камандзіроўку. Якраз пачалося разводдзе. Яна абула гумовыя боты, апранула сваё рыжае, з цыгейкавым каўняром, «камандзіровачнае» паліто, завязала хустку і стала як вясковая кабета. Нешта ў яе ёсць такое вельмі сялянскае: уедлівасць, учэпістасць, прыжымістасць. Здаецца, каб некалі, дык была б з яе вунь якая дробная ўласніца. Але Бог з ёю!
Рамейка застаўся з малою. На душы трохі стала спакойней — хоць няма звягі. Хоць можна заглыбіцца ў сябе, падумаць, разважыць — і рашаць: а што ж далей? Як жа далей? Нешта раптоўна як зламалася ці сагнулася ў ім: нейкі маральны стрыжань ці хрыбет. Усё стала другім, нейкім не такім, як было дагэтуль. Нават новая кватэра, якое ён так чакаў і якая яму так спадабалася — тры асобныя пакоі, добры раён: ціхі, зялёны, далёка ад доўгіх заводскіх каміноў; нават дзевяты паверх — таксама па-свойму цікава, вунь які пейзаж! — нават усё гэта, разам узятае, не абуджала ў ім тых пачуццяў, якія перапаўнялі яго ўсяго некалькі дзён назад. Усё цяпер паблякла, страціла свой жывы колер, стала шэрым, як попел.
I людзі сталі іншыя, як і ён сам. Свет стаў змрочны, нелюдзімы, а ён сам у гэтым свеце — чужы, непатрэбны, часовы. I што б ён, Рамейка, ні рабіў, чым бы ні быў заняты, а нейкі нябачны цяжар, як дамоклаў меч, вісеў над ім неадчэпна. «Чакаеш, як вол доўбні», — ёсць такая прымаўка ў беларусаў. Вось ён і чакае. Доўбня ўжо занесена, узнята над ім. Калі толькі стукне?..
Цікава, няўжо ён так слаба прывязаны да жыцця, што адразу апусціў рукі, паплыў па цячэнні, нават не думаючы супраціўляцца? Ён чуў не раз і не два, што ёсць людзі, якія гатовы рабіць што хочаш, каб толькі прадоўжыць сваё жыццё, каб толькі зачапіцца за што-небудзь — хоць за саломінку. А яшчэ ёсць людзі, якія гатовы былі б пацягнуць на той свет усіх, каго толькі можна — і чым болей, тым лепей. Калі няма мяне, то няхай і нікога не будзе — так яны разважаюць. Не, у яго такіх і падобных думак і жаданняў не ўзнікала, была толькі пустата ў душы, абыякавасць, усё страціла сваю цану.
I яшчэ яму здавалася, што аддаліўся ад усіх і ад усяго, апынуўся як у нейкай студні — ціша і глухата, толькі маленькі круг неба над галавою — і ніводнай зоркі, ніякай надзеі.
Хадзіў па кватэры з пакоя ў пакой і ні за што не мог узяцца. Чытаць — не, які сэнс? Супакойваць сябе чытаннем, як наркотыкам — глупства. Рабіць работу — рыхтаваць рукапіс новага рамана вядомага празаіка — таксама не гарыць. Паспее ён атрымаць свае тысячы, пачакае.
Спыняўся ля кніжных паліцаў-стэлажоў — іх было тры, яны займалі ўсю сцяну яго кабінета. Кнігі даўно стаў збіраць, яшчэ студэнтам, яны сталі яго захапленнем, другім хлебам, калі не першым...
Многа тут цікавага, многа прачытанага, многа непрачытанага... I вось цяпер ён глядзеў на гэты жывы скарб упершыню спакойна і нават абыякава, нібы гэта былі не кнігі, а якія-небудзь дровы. I яго ранейшае захапленне здалося яму сення, цяпер дзіцячым і смешным.
Абыякава перавёў позірк на свой пісьмовы стол, на якім ляжала работа — пераклад з рускай на беларускую, падборка апавяданняў маладога цікавага празаіка. I гэта не закранула за жывое — даволі пабочных заробкаў, хопіць! Людзі жывуць і на зарплату, а тут усё пяклуй і пяклуй, давай, перавыконвай планы і нормы. I ўсё мала...
Позірк яго паволі спыніўся на вазоне — альвасе, што стаяў на падаконні. Сталетнік... Сто летаў і зімаў можа ён жыць-расці, гэтая нягеглая з выгляду расліна. Сто год! Навошта яму так многа? Раней гэта быў чалавечы век — сотня. А цяпер — палавіна таго. Вось як яму, Рамейку. Паўсотні адстукала — і досыць... А што, калі папрасіць... у гэтага альваса-альяса здароўя? Мо і пазычыць?
Ён падышоў да вазона, уважліва акінуў вачыма густы разгаты куст, выбраў мясістую шырокую галінку-ліст, адламаў. Потым памыў добра пад кранам, зрабіў з ваты тампон, выдушыў сок...
Смяяўся сам з сябе: а як жа, знайшоў панацэю! Чакай!
Прайшло тры дні. Іскра надзеі то загаралася, то тухла, як слабы агонь на сіберным ветры. Тры дні былі чорныя, як сажа. Мо схадзіць да доктара? Не, хай ідзе так, як ідзе. Хай будзе тое, што мае быць. Дактары — адна марока: пачнуцца аналізы, агляды, кансіліумы. Не, хай будзе тое, што мае быць.
Падводзіў вынікі жыцця: яны былі нікчэмныя, дасягненні — мізэрныя. Ці варта было жыць для ўсяго гэтага? Не варта, — адказваў сабе. А потым, падумаўшы: а мо і варта? Дзве дачкі пусціў ён на свет, мо гэта і нямала. Выгадаваў, хутка стануць на свае ногі... Зрабіў трохі людзям дабра, памог у цяжкую гадзіну не аднаму чалавеку — хіба гэта кепска? Жыў сумленна, не заграбаў да сябе ўсяго, што траплялася пад рукі, думаў і пра іншых, пра такіх, як сам, нават пра слабейшых за сябе. Яшчэ больш хацеў памагчы таму, каму дапамога была патрэбна, але той яе не прасіў, бо саромеўся і цярпеў. Многім хацеў памагчы — суседзям, знаёмым, усім бедным, казаў сабе: калі ў мяне будуць вольныя — лішнія! — грошы, я аддам іх тым, каму яны вельмі патрэбныя. Але, на жаль, лішніх грошай у яго яшчэ не вадзілася, хоць і жылі яны сціпла, не мелі дарагой мэблі, не мелі дачы, машыны. У той час як яго таварышы па рабоце, хоць і не усе, нават яго сябры — ужо мелі гэтыя атрыбуты дабрабыту — на зайздрасць яго Марыне. Яна такіх сяброў яго паважала і любіла больш, чым раней, калі яны яшчэ былі роўныя з усімі, а вось у Рамейкі выходзіла неяк наадварот. Сяброўства, дружба ў яго неяк паволі затухала, глухла. Спачатку прападала шчырасць у адносінах, пасля сустрэчы рабіліся ўсё радзейшыя і радзейшыя, потым зусім выпадкбвыя, потым... яны сустракаліся як добра ці проста знаёмыя, і было чагосьці крыўдна, чагосьці шкада, а чаго — невядома. Мо што дастатак раз’ядноўвае людзей? Гэта Рамейка заўважаў увесь час: калі чалавек жыве сціпла, калі ён яшчэ толькі становіцца на ногі, яму патрэбны суседзі і сябры, бо яму самому сюд-тут ды нешта патрэбна — пазычыць грошай, параіцца, завязаць карыснае знаёмства, нешта дастаць, нешта збыць. Гэтае «дастаць» вунь як многа плодзіць «сяброў»-даставалаў: ты мне, я табе. Не, такіх сяброў Рамейка не шукаў, такіх не любіў. Ён у сваім жыцці нічога не даставаў, ён проста купляў, калі было за што. I купляў тое, што куплялі ўсе ў любым магазіне. I гэтым нават у душы ганарыўся — што жыў сумленна, нікому нічым не быў абавязаны, не прыніжаўся, не выпрошваў, ні на кога не скардзіўся, не капаў ямы нікому, не зайздросціў першым поспехам і ўдачам. Адзін яго грэх — што часам даводзілася пазычаць грошы, і гэтая працэдура была для яго цяжкай, пакутлівай, але ён на яе ішоў, бо іншага выйсця не было. Ды галоўнае, што грошы заўсёды аддаеш — і тады сумленне твае зноў чыстае, а на душы робіцца легка.
Жыў сумленна... Ці не ў гэтым галоўны змест жыцця — каб пражыць сумленна? Жыў сумленна... А вось жонка Марына сказала, што не — і ты нічога не дакажаш. Цябе ўжо не будзе. Нават дзеці павераць маці, а не табе... Як зрабіць так, каб змыць з сябе гэтую брудную пляму, як даказаць, што ты белы, а не чорны? Напісаць апраўдальнае пісьмо? Але напісаць можна ўсё. А тут трэба нешта такое, каб яны паверылі. Але што зрабіць, што прыдумаць? Ламаў галаву і не знаходзіў адказу.
Урэшце, ці гэта так важна? Важна, як ты жыў, а не тое, што пра цябе скажуць людзі. Але... што застаецца? Тое, што скажуць людзі. Як гісторыя: не так важна тое, што было, як важна тое, што напісалі гісторыкі.
Ды ўсё-такі праўда выплыве наверх, рана ці позна — і гэта ў рэшце рэшт самае галоўнае!
Здаецца, і знайшоў трохі супакаенне ад надакучлівых думак, трохі адлягло ад сэрца.
Што яшчэ? Даўгоў ён не меў, ачысціўся ад іх гады два-тры назад, а то віселі, як камень на шыі. Праўда, і грошай у запасе няма — мо ў жонкі на кніжцы якая тысяча, не болей, а тыя, што меў ён сам ад сваіх заробкаў-перакладаў, распускаў на гаспадарскія патрэбы. Год, як перабраліся ў новую кватэру, шыкарнай мэблі не набылі, але звычайная, шырпатрэбаўская, таксама недарма дасталася.
Шкада, што не можа ён пакінуць дзецям таго, што ім трэба для будучага, ды нічога! Ужо не маленькія, хай дабіваюцца свайго шчасця самі, больш будуць яго цаніць.
У суботу позна вечарам прыехала з Віцебска старэйшая дачка Лена. Рамейка з малодшай, Геняй, якраз вячэраў. Малая адварыла бульбы, сам Рамейка напёк цэлую патэльню сала, і яны заселі на кухні. Лена ўварвалася ў кватэру як вецер: загрымела дзвярыма, загрукала, закрычала з парога:
— О, як смачна пахне! Вітаю вас, затворнікі! Як вы? Дзе мама? Чаму яе няма? — трывога пачулася ў яе голасе.
Дачка была вясёлая, ружавашчокая, узбуджаная — відаць, трохі засумавала па сваіх, хоць жыла у інтэрнаце і там таксама, пэўна ж, не сумавала.
— Вось бачыш, мы адны, — адказаў ёй на гэта Рамейка сумна. — Кінула нас мама... — I паглядзеў у вочы — як адгукнецца?
— Вы што, падурэлі? — бухнула яна. — Не можа быць! — Твар яе пабялеў, вочы акругліліся. — Дзе мама, кажыце! — I яна закруцілася па кухні, узняўшы рукі.
Рамейка ўжо быў не рад, што так пажартаваў, хацеў прызнацца, але тут з табурэткі ўскочыла Геня, кінулася да сястры, абняла за плечы і сказала ласкава:
— Супакойся, Лена, чаго ты, мама ў камандзіроўцы. Тата проста пажартаваў!
— Добрыя жарты! — дачка рэзка села на кухонны табурэцік. — У мяне аж сэрца зайшлося.
— Распранайся, мый рукі і за стол, — падагнала яе Геня. — Бульбачка якраз гарачая, а ты з дарогі, пагрэемся.
Праз колькі хвілін Лена ўжо сядзела за сталом, з маладым апетытам ела бульбу з салам.
Рамейка адчуваў, што пачатак для гутаркі выйшаў добры, хоць і надта рэзкі. I таму не варта траціць зручны момант — калі другі такі надарыцца?
— То што, сумна, нябось, без мамы, дзеткі?
Дочкі паглядзелі на яго, як на дзівака, які хоча здзівіць іх нейкай банальнасцю: што ж тут такога? I так ясна, што без мамы сумна, хоць яны ўжо і вялікія.
— А каб і праўда яна ад нас пайшла? Што мы рабілі б? — пытаўся Рамейка далей, хоць і адчуваў, што дзецям гэта непрыемна.
Старэйшая ў сваёй рэзкай манеры, як заўсёды, выпаліла:
— Абы-што гаворыш, бацька! Гэтак не будзе!
— Ну, я не кажу, што будзе, але калі ўявіць на момант... Што мы рабілі б? Ты не злуй, Лена.
— Яна не злуе. Проста ў яе такі характар, — заступілася за сястру малодшая, Геня.
— Ну і што? Ну характар! А ў цябе ніякага няма! Усіх толькі мірыш! — агрызнулася Лена, калюча глянуўшы на сястру.
Меншая панікла, ужо, здавалася, гатова была заплакаць. Рамейка мякка папракнуў старэйшую:
— Няможна ж так, Лена! Завошта ты крыўдзіш нашу Геню? Яна за цябе заступаецца, а ты ёй грубасці гаворыш. I прымі локці са стала, так некультурна.
Лена як што ўспомніла, павяла вачыма на бацьку, потым на сястру, локці прыняла, але адказала рэзка:
— Не трэба за мяне заступацца. Я сама за сябе магу пастаяць.
— Ну, завялася Ленка! — усміхнулася Геня. — Супакойся, я не злую. I на цябе ніхто не нападае.
— Правільна, Геня. Тут цябе і так ніхто ў крыўду не дасць. Ты абараняй сябе там, дзе нас не будзе.
Дзеці супакоіліся, замоўклі. Рамейка бачыў, што яны ніяк не хочуць ісці туды, куды ён іх вёў. Яны заняліся вячэраю. Старэйшая ела хутка, неакуратна, сагнуўшыся над сталом, малодшая наадварот — павольненька, далікатна, як не сваім ротам, аж хацелася ёй памагчы. «Вось жа дзеткі — і ад аднае маткі, а такія розныя: як у ядзе, так і ў натуры», — падумаў Рамейка —і вярнуўся да перарванай гутаркі. Ім, дзецям, пэўна, і ў галаву ніколі не прыходзіла, што маці ці бацька могуць іх кінуць ці пакінуць, што тут можа нешта рэзка змяніцца. Чалавек — тым болей дзіця — прывыкае да аднастайнага роўнага ходу жыцця і не чакае рэзкіх паваротаў — таму і жыве спакайней, чым дарослыя. Што ж, трэба зайсці з другога боку, — сказаў сабе Рамейка. Раз пачаў, то трэба давесці да канца. Што ўжо будзе...
— А што вы рабілі б, каб я вас пакінуў? — Рамейка глядзеў то на адну, то на другую дачку, якія на момант перасталі жаваць, адарваліся ад сваіх талерак і ўставіліся на яго здзіўленым позіркам. Каторая з іх першая адрапартуе? Пэўна ж, старэйшая, у малодшай, як і ў яго самога, замаруджаная рэакцыя.
Але якраз першай азвалася Геня.
— Паплакалі б і жылі б сабе далей.
Відаць, яна ўспрымала бацькавы словы як жарт. А большая адказала ў сваім стылі:
— Ідзі з Богам, толькі не вяртайся...
Рамейка разумеў, што ў гэтых словах больш бравады, чым шчырае праўды, аднак і па іх можна было аб сім-тым меркаваць.
— А каб я раптам памёр? — пайшоў напралом Рамейка.
На яго паглядзелі, як на вар’ята.
— Ты сёння, бацька, нейкі не таго, — сказала старэйшая і, прыгледзеўшыся ўважлівей, дадала: — I праўда, нейкі ты сівы, стары стаў, нібы на табе ваду вазілі...
Ён чакаў ад дачкі прафесійнага як ад медыка пытання: «Мо ты, бацька, хворы?» — але яна змоўкла і зноў пачала есці.
А малодшая са слязамі ў голасе сказала:
— Не трэба так гаварыць, тата, а то мне робіцца страшна. Ну навошта ты так?
— Ну добра, не буду, — прымірыўся Рамейка. — Але часам і пра такое не лішне гаварыць. Каб не было нечаканасцей...
I падумаў сумна: «Што ж, пасля гэтага можна смела паміраць».
3
На чацвёрты дзень «лячэння» Рамейка адчуў, што яму стала лягчэй, што адбыўся нейкі зрух. Зноў зрабіў ванну, праверыў: пухліна паменшала, памякчэла, паменшаў і боль пры дотыку.
Дзікая радасць сама Сабой хлынула яму ў грудзі. Няўжо ўсё мінецца? Няўжо пранясе?
Але асадзіў сябе: не дрыгай нагамі, рана весяліцца, яшчэ нічога няясна. Цярпенне і яшчэ раз цярпенне.
I аднак жа міма яго волі настрой адразу перамяніўся, свет зноў стаў цікавы і прывабны, захацелася жыць, рабіць работу, варушыцца. А ён жа ўжо быў змірыўся з думкаю, што жыццё скончана, і нават не шкадаваў нічога і нікога — нават самога сябе. I раптам яму стукнула ў галаву: а што, як гэта толькі ілюзія? Як раптам зноў стане горш і зноў давядзецца перажыць тое, што ён перажыў за гэтыя дні? Э-э-э, не, тады ўжо лепей у вір галавою...