— Каб жа ўсё залежала ад мяне... — яна замоўкла, цяжка ўздыхнула. — Але я вельмі спадзяюся... Пачакай, Алесь, набярыся цярпення!
«Не люблю ўсякіх сакрэтаў, цярпець не магу... Загадак усякіх і рэбусаў... А ў яе суцэльныя загадкі». Але гэтага не сказаў, запытаўся:
— Пачакаць можна, тым больш — ці тым менш — усяго два тыдні. Чакаў больш — пачакаю менш.
Твар у Ларысы пасвятлеў, яна неяк стомлена ўсміхнулася і сказала:
— Я рада, што ты згадзіўся. Вельмі рада... А цяпер мне трэба дадому... Ты не праводзь мяне, добра? — зірнула на гадзіннік і ўстала.
Устаў і Рамейка, ён і сам не збіраўся яе праводзіць, дома ўжо, напэўна, чакала Марына і нервавалася, кусала сабе вусны: дзе падзеўся яе Рамейка, мо пабег ўжо да якое добра знаёмай.
Яны развіталіся, і ён нехаця пакіраваў у свой бок, на транспарт не захацеў садзіцца, усяго два прыпынкі. Акадэмгарадок быў яму добра вядомы, а ў інстытутах, якіх тут шмат, ён меў добра знаёмых вучоных, якія некалі разам з ім вучыліся, а потым сталі знакамітымі і вядомымі. Ён праходзіў міма акадэмічнай гасцініцы-інтэрната, дзе цяпер часова жыў яго ранейшы сябра па выдавецкай працы Арсень Лісоўскі, цяпер ужо вучоны-фалькларыст, які абараніў дысертацыю... Яны даўно не бачыліся, а тут раптам нечаканая сустрэча... Варта было б зайсці да яго, але няхай, неяк другім разам... Вось і Дом друку, у якім ён ужо даўно працуе, спачатку быў у адным выдавецтве, цяпер у другім, куды сам перайшоў, каб рэдагаваць мастацкую літаратуру.
Ён праходзіць па вуліцы Чарнышэўскага, ціхай і зялёнай, на якой пражыў гадоў дзесяць з сям’ёю на першым паверсе... Вуліца выводзіць на Лагойскі тракт, і тут ён жыў на прыватнай кватэры ў аднаго інжынера, аматара музыкі, цяпер на месцы іх дома вырас высозны шматпавярховік. А далей — і яго апошняе прыстанішча — на Усходняй вуліцы, высозны доўгі дом, у якім яны жывуць ужо колькі гадоў на дзевятым паверсе. Дзевяты, першы ад неба, як сказала адна дзяўчынка гадоў пяці. Ці ад кагосьці пачула, ці прыдумала сама? Ён узняўся на ліфце на свой дзевяты, адамкнуў дзверы 211 кватэры, зайшоў у тамбур, потым у кватэру. Здалося, што ў ёй нікога няма. Скінуў плашч, павесіў на вешалку, агледзеўся: нідзе нікога. Дзе яны маглі забавіцца да такое пары? Зайшоў у свой кабінет, які адначасова служыў і спальняй, але апошнім часам Марына спала ў дзіцячым пакоі з Геняю, тут ён раскашаўся адзін: гэта былі яшчэ адгалоскі той сваркі...
Рамейка глянуў на пісьмовы стол і ўбачыу спісаны напалову аркуш белай паперы. Узяў спакойна: відаць, Марына пакінула запіску, што яны пайшлі да якіх знаёмых.
Не, зусім не тое! Яго адразу ажно скаланула, словы былі, як гарачыя кулі, цэлілі ў самае сэрца: ён павінен вымятацца адгэтуль сёння, Марына не жадае яго бачыць і, даведзеная да адчаю, не ручаецца за сябе і свае паводзіны. Адкрытая пагроза была ў яе словах, і ён зразумеў іх правільна: лепш не распальваць канфлікту, інакш можа скончыцца дрэнна.
«Ты хацеў вольнага жыцця — вось і жыві! Тое ж кажуць табе і дочкі. Яны не хочуць больш цябе бачыць. За тваю здраду, за ашуканства, за абразу чалавечай годнасці — мы табе ніколі не даруем».
Чаго-чаго, а такога фіналу Рамейка не чакаў! Ды так раптоўна, без усякага папярэджання! Гэта было проста на мяжы цярпення, як тады, калі ў іх узгарэўся канфлікт пасля яго вяртання з аэрапорта. Ён сеў на канапу, сашчэпленымі пальцамі абхапіў галаву з патыліцы і пазіраў на белую столь. Вось дык развязка! А мо завязка? Што рабіць, што рабіць? — пытаўся ён у сябе і не мог даць адказу. Але ўрэшце чаго ён так трухануў? Гэта ж добра, якраз тое, што трэба, што ён сам збіраўся рабіць! А яна проста апярэдзіла яго, і мо нават выпадкова, але якраз вельмі дарэчы. Яна дапамагла яму рашыць такую няпростую, такую цяжкую для яго задачу. Трэба радавацца і хваліць яе, а не дакараць за такі выбрык...
Мо нават добра і тое, што яе з дачкою тут няма, былі б лішнія размовы, спрэчкі, слёзы, пагрозы і мо яшчэ што горшае. Усё магло б быць у такой сітуацыі... I аднак сэрца ў яго забалела амаль фізічна, што трэба ламаць такі звыклы лад жыцця, ламаць так груба, так нечакана і мо нават беспаваротна. I вось цяпер, у гэтую хвіліну, а не праз дзень ці тыдзень, калі можна прывыкнуць да думкі, што так трэба, што інакш нельга, — угаварыць сябе, пераканаць — і трохі супакоіцца. А тут раптам — трах, і па балючым...
Рамейка трохі супакоіўся і стаў збірацца: дастаў свой вайсковы рукзак-заплечнік, укінуў у яго пару бялізны, шкарпэткі, некалькі кашуляў і нават добры, яшчэ мала ношаны цёмны касцюм, вялікі варсісты ручнік для лазні, і малы — для твару, потым мыла, пасту, усякую драбязу, якая патрэбна ў штодзённым побыце. Ага, пару кніжак, паперу, кітайскую аўтаручку...
Перавярнуў старонку, адрасаваную яму, і напісаў: «Ад вас пайду — і мо не прападу». Нават пад рыфму. I размашыста падпісаўся, паставіў дату. Вось такое выйшла развітанне: спакойнае, роўнае, без усякіх нерваў, тым больш — без гучных слоў. Развітанне з усім, што было... Ні многа ні мала — дваццаць гадоў... Дваццаць лепшых гадоў жыцця... Чуць не забыўся пра грошы. У кішэні ўсяго некалькі рублёў... У шафе, пад бялізнаю, дзе ў іх ляжалі грошы, знайшоў некалькі дзесятак. Узяў тры, там у каго пазычыць. Яны таксама неяк выкруцяцца, хутка зарплата...
Бывай, абжыты кут! Я цябе паспеў палюбіць за гэтыя некалькі гадоў, што тут жыў, прывык да твайго дзевятага паверха, першага ад неба. Тут было мне прасторна і ўтульна, добра дыхалася і плённа працавалася... Хай і ім, што тут застаюцца, будзе добра і ўтульна. З Богам — у дарогу!
Рамейка бразнуў дзвярыма, пстрыкнуў французскі замок — і ён застаўся адзін з худым заплечнікам і рыжым тоўстым партфелем, сваім неразлучным сябрам...
20
«Шкада дзяцей, шкада дзяцей, шкада дзяцей», — стукала ў галаве ў такт яго крокам. Здаецца, больш нічога ён не шкадаваў... Безумоўна, такая падзея на кожным чалавеку адаб’ецца балюча, хто б ён ні быў, якое б сэрца ні меў — мяккае ці цвёрдае. Ішло ўсё роўна і гладка, без ніякіх такіх катаклізмаў — і тут раптам усё ляціць у нейкую прорву, і якое будзе прызямленне — цяжка прадбачыць.
Можна шкадаваць, а можна сказаць сабе: ты гэтага хацеў, дык радуйся! Але ніякай радасці ён не адчуваў, усё-такі моцна прырос да сям’і, і гэты раптоўны, гвалтоўны разрыў глыбока параніў, выбіў са звыклай каляіны, нават спалохаў: было ўсё — і раптам нічога! Якая ўжо тут радасць? У такой сітуацыі ён ніколі не апынаўся, гэта таксама адбівалася на яго сённяшнім стане душы.
Рамейка выйшаў з пад’езда, трохі адышоўся і азірнуўся, стаў. У доме ў некаторых кватэрах свяціліся вокны, на дварэ прыкметна шарэла. Ён памахаў рукою дому — як развітваўся з жывою істотай, з якою жыў у міры і згодзе, а вось цяпер трэба адгэтуль ісці, а куды — невядома. Ішоў па той дарозе, па якой гадзіну назад вяртаўся дадому, у сваю кватэру, а цяпер ідзе зусім іншым чалавекам, і думкі, і адчуванні, і настрой — ужо зусім не тыя, што былі ўсяго гадзіну назад. Тады быў адным чалавекам, а цяпер ішоў зусім іншым.
Праз двары ён выйшаў да таго высокага дома, на месцы якога раней, у гады яго маладосці, стаяў звычайны драўляны дом, у якім ён наймаў невялікі пакойчык, куды потым прывёў Марыну, яны пражылі тут пару гадоў, нажылі дачку, а потым пайшлі ў цесную камуналку, з якой праз тры гады вярнуліся ў гэты ж раён, на ціхую вуліцу Чарнышэўскага, па якой ён цяпер ішоў, дзе гадавалі дачок, працавалі, абжываліся і спадзяваліся на лепшае... I вось усё тое адплывае, застаецца ззаду, робіцца ўспамінам, і нават нейкім прыемным, падфарбаваным у ружовыя фарбы. Цяпер колер памяняўся, стаў нейкі іншы — нават змрочны. Ён праходзіў па тратуары міма свайго былога дома, міма сваіх вокан на першым паверсе: першае вузкае — кухня, другое шырокае, на тры шыбы — зала, трэцяе вузкае — спальня, якая днём служыла яму кабінетам... тут ужо даўно жывуць іншыя людзі... Што ні кажы, а раён гэты добры, ціхі і зялёны, дамы невысокія, людзей не так шмат. Ён прырос да гэтага месца душою, а вось жа трэба адрывацца — і аддаляецца з кожным крокам, пакідаючы тут часцінку свае душы, і гэта балюча, і нечага шкада...
Паказаўся Дом друку — яго другі дом, працоўны, які даваў яму хлеб, паіў яго і карміў шмат гадоў, яшчэ і цяпер. Таксама стаў нібы свой... Ён перайшоў на другі бок праспекта, гэта быў ужо чужы, не яго бок, і сам ён тут адчуваў сябе чужым, а вось жа... Куды ішоў — і сам добра не ведаў. У яго ў горадзе было шмат знаёмых і нават сяброў — яшчэ па вучобе, па рабоце таксама, сярод аўтараў, чые кнігі рэдагаваў, але ён не выбраў сабе чалавека, да якога мог бы зайсці і папрасіцца ў падсуседзі на які тыдзень-другі, пакуль знойдзе сабе якую кватэрку ці хоць пакой. Цяпер ногі вялі да Арсеня Лісоўскага, у яго гатэль-інтэрнат: можа, ён на месцы, мо там можна перабыць некалькі дзён? Пра Ларысу Ланеўскую стараўся не думаць, хоць гэта было і нялёгка, бо з галавы не вылазіла: як у яе там вырашаецца пытанне з візаю, а мо яна паехала ўжо ў Польшчу? Ён не вінаваціў яе, што не сказала яму падрабязна пра свае праблемы, і сам быў такі: калі нешта не вырашана, калі ўсё яшчэ вагаецца, лепш пра гэта маўчаць, а не званіць ва ўсе званы. Да таго ж ён не надта спадзяваўся, што ў яе там нешта вырашыцца на яго карысць, хутчэй яна паедзе, а не застанецца тут з-за яго. Там перспектыва, а што тут?.. Дарэмна ён распінаўся, гаварыў ёй пра свае пачуцці — нібы гэта вунь які вялікі козыр у цяперашнім жыцці. Вось каб ты сказаў, што ў цябе машына, у цябе на кніжцы тысячы і тысячы, што ў цябе зарплата міністэрская! Вось гэта быў бы козыр...
Ён зайшоў у чатырохпавярховы будынак, дзяжурная за столікамканторкай, сярэдняга веку жанчына ў шэрым світэры з каштанавымі завітымі валасамі, ветліва спыталася, што яму трэба.
— Я хачу зайсці да Арсеня Лісоўскага. Вось мае дакументы, — і ён паказаў выдавецкае пасведчанне.
Яна паглядзела, закрыла і паклала сабе ў столік.
— Чацвёрты паверх, пакой сорак пяты, — сказала.
Ён падзякаваў і пайшоў па лесвіцы на чацвёрты паверх. Жанчына нават не спыталася, ці надоўга ён тут застаецца, хоць па яго заплечніку можна было падумаць, што госць заходзіць не на хвіліну. Тым лепш для яго — не любіў валакіты.
Рамейка трохі задыхаўся, пакуль узняўся на чацвёрты паверх, знайшоў патрэбныя дзверы і пастаяў трохі, каб супакоіцца, потым пастукаў. Пачуліся хуткія крокі, дзверы адчыніліся: на парозе стаяў Арсень Лісоўскі, сярэдняга росту мужчына з ускудлачанаю русаю галавою, прыемны з твару, у спартыўным касцюме шэрага колеру. На твары ў яго адбілася здзіўленне, потым шырока ўсміхнуўся і жэстам правай рукі запрасіў Рамейку заходзіць.
— Вось не чакаў такога госця, — прызнаўся Арсень. — Колькі гэта дзён, як мы бачыліся? Тры — і ты ў мяне. Выдатна! Распранайся... Ды ты як у якую дарогу ці з дарогі? — ужо неяк затрывожыўся гаспадар пакоя.
— Ты амаль адгадаў, браце Арсень, хоць і сам добра не ведаю, ці я з дарогі, ці ў дарогу. Карацей кажучы, пайшоў у прочкі, — прызнаўся Рамейка. — Жонка паставіла ўльтыматум: сыдзі з вачэй — і ўсё...
— Вось як! — здзівіўся Арсень. — Невясёлая песня... Дык ты, можа, начлегу шукаеш? — спытаўся наўпрост.
— Менавіта... Калі ты прымеш... Хоць на колькі дзён...
— Якраз ёсць вольны ложак. Малады аспірант паехаў у камандзіроўку, а я таксама еду да сваіх на які тыдзень, так што можаш заставацца. Я дамоўлюся з нашым камендантам. Як ты?
— Буду рады, браце. Ты мяне выручыў з бяды,— Рамейка стаў распранацца, а потым спахапіўся: — Я схаджу ў магазін, нічога з сабою не ўзяў.
— Перастань, Алесь, — спыніў яго Арсень. — У мяне ўсё ёсць, галодныя не будзем. Нават пярцоўка знойдзецца...
Рамейка супакоіўся: у добры час ён трапіў да Арсеня.
У хуткім часе яны сядзелі за столікам, на якім было вунь як шмат усяго смачнага: сялянскае сала, доктарская кілбаса, кіслыя гуркі, бляшанка трасковай печані, яшчэ сёе-тое. Арсень усё гэта даставаў з невялічкага халадзільніка, які быў разлічаны на дзве асобы. А ў цэнтр паставіў пляшку пярцоўкі, яшчэ нават не пачынаную.
— Вось нядаўна купіў, думаю, раптам хто зойдзе, — тлумачыў Арсень. — А тут якраз і ты... Хоць і не надта ўдалы момант у тваім жыцці, але што зробіш? Дык за сустрэчу! — узняў сваю шклянку Арсень.
Чокнуліся, абодва скрывіліся ад пякучае пярцоўкі і сталі закусваць. Рамейка быў галодны, адразу захмялеў. Хацелася гаварыць пра набалелае, але стрымліваў сябе, чакаў, як бы ўступаючы першую скрыпку гаспадару. Рамейка ведаў Арсеня як чалавека далікатнага, тактоўнага, які не можа дазволіць сабе ніякай грубасці. Памаўчаўшы хвілін колькі, першы пачаў Арсень:
— Няёмка пытацца, але здзіўляе, што жонка папрасіла цябе з дому. Здаецца, ты быў чалавекам не такім ужо і благім, і тут раптам... — і замоўк, нібы чакаючы, што Рамейка працягне яго думку.
— Ну, гэта не так і раптам, — азваўся Рамейка. — У нас ужо былі канфлікты. Чамусьці яна падазравала мяне ў нявернасці... Я даказваў, што яна памыляецца, але дзе там! Як на тое, мне дарогу перайшла адна мадама, ты яе, напэўна, ведаеш — Варанчак, якая не так даўно загінула.
— Трохі ведаў яе, чуў пра няшчасце, чуў, — удакладніў Арсень.
— Дык вось, гэта стала вядома маёй жонцы. Яна ўзняла такі хай... Якраз ранічкай было. Я прыехаў з аэрапорта, мяне ў Ерэван пасылалі, мы армянскія апавяданні запланавалі. Але я не паехаў: адкладвалі вылет ажно тры разы... I ведаеш, якраз тады ў Арменіі землятрус быў, хоць і невялікі.
— Гэта было месяцы тры назад, здаецца, — зноў удакладніў Арсень.
— Менавіта. Прыходжу дадому — і ў мяне землятрус. Жонка крычыць: «У курвы начаваў, прызнавайся!» I пачала... Я ёй нават па шчацэ заляпіў... Першы раз за ўсе дваццаць гадоў... I тут жа пакаяўся, бо ў яе праз некалькі хвілін пачаўся сардэчны прыступ... Ну, выклікалі «хуткую», адкачалі, далі ўколы, супакоілася... Пасля мы памірыліся, прызналі свае памылкі... Але хутка зноў усё паўтарылася...
— Што, зноў з сэрцам? — не зразумеў Арсень.
— Не з сэрцам, а з галавою. Зноў яна пачала ка́паць на мяне. I вось сёння... Прыходжу дадому — на стале запіска. Ты сякі-такі, не хачу цябе бачыць, сыдзі з вачэй, бо за сябе не ручаюся... Што заставалася рабіць? Сабраў манаткі — і пайшоў з хаткі.