Дарэчы, сам аўтар рабіў прыемнае ўражанне: высокі бландзін з правільнымі рысамі твару і разумнымі вачыма, яшчэ маладжавы, з мноствам узнагародаў, што стракацелі на ордэнскай калодцы з чатырох «паверхаў», быў актыўным удзельнікам тых падзей. Яго, маладога афіцэра, скінулі з парашутам у пекла Варшаўскага паўстання ў жніўні сорак чацвёртага.
Польскі ўрад Мікалайчыка з Лондана хацеў апярэдзіць Чырвоную Армію і «вызваліцца» без яе дапамогі. Але сілы былі няроўныя, і, нягледзячы на гераізм варшаўскіх паўстанцаў, яны былі разбітыя, тысячы людзей загінулі, тысячы трапілі ў палон, іх расстрэльвалі на месцы або вывозілі ў канцлагеры ці ў Германію. Варшава па загадзе Гітлера была ператворана ў руіны. А 14 верасня войскі 1-га Беларускага фронту занялі прадмесце Варшавы Прагу на правым беразе Віслы. Баі яшчэ працягваліся, і можна было чакаць, што генерал Ракасоўскі пачне штурм Варшавы. Аднак такога не адбылося. Чырвоная Армія ў гэты час рабіла перадыслакацыю сваіх войскаў, папаўнялася рэзервамі, боепрыпасамі і харчаваннем, рыхтуючыся да рашучага наступу. I толькі ў студзені сорак пятага года Чырвоная Армія перайшла ў наступ і ўжо 17 чысла сумесна з Войскам Польскім вызваліла Варшаву.
Малады афіцэр усё гэта ведаў. Яму давялося быць у шэрагах Арміі Людовай, якая мела сувязь з Чырвонаю Арміяй, атрымлівала ад яе боепрыпасы і харчаванне. Але Армія Людова была зусім нязначная па колькасці байцоў у параўнанні з Арміяй Краёвай, якая выконвала загад Лонданскага эміграцыйнага ўрада Мікалайчыка. Армія Краёва вынесла ўвесь цяжар паўстання, панесла найбольшыя страты, асобныя яе злучэнні прарвалі кола акружэння немцаў і вырваліся з Варшавы. Пра ўсё гэта пісаў польскі даследчык тых падзей і сам іх удзельнік — палкоўнік Адам Баркевіч.
Каму было верыць? Савецкаму афіцэру з Арміі Людовай ці палкоўніку Баркевічу з Арміі Краёвай? Ясна, што гісторыку-даследчыку, а не дылетанту.
Калі Рамейка расказаў пра гэта загадчыку рэдакцыі Калядзічу, той адразу параіў пісаць дакладную дырэктару. Рамейка так і зрабіў. Але час ішоў, а ўсё заставалася на месцы. Аўтар не хацеў здавацца без бою, нават прапанаваў Рамейку стаць яго сааўтарам — каб толькі кніжка ўбачыла свет. Ён пераконваў Рамейку не адмаўляцца ад творчага дуэта — удвух яны давядуць рукапіс да ладу.
I шкода было чалавека, аднак жа Рамейка адмовіўся ад прапановы, паколькі ён не згодзен з аўтарскаю трактоўкаю наконт галоўных сілаў у Варшаўскім паўстанні. Тое ж самае сказаў і дырэктару, які хацеў прымірыць аўтара з рэдактарам і працягваць працу. Рамейка чакаў нейкіх аргвывадаў, але ўсё абышлося ціха: ён толькі аддаў рукапіс загадчыку рэдакцыі. Можна было чакаць, што рукапіс аддадуць іншаму рэдактару, ажно не — аўтар забраў сваю тоўстую чырвоную папку.
Мо так і лепш, а Рамейка без працы не застаўся: загадчык даў новы рукапіс, нават не спытаўшыся яго згоды.
Ён любіў рэдагаваць тоўстыя рукапісы, на якія трэба пакласці месяц і больш часу: спачатку трэба прачытаць, ацаніць, чаго ён варты: мо зарэзаць, мо прапусціць? Як там у тэматычным плане? На які час ён запланаваны? Улічыўшы ўсё гэта, добра засесці і, не спяшаючыся, чытаць і правіць, гутарыць з аўтарам, калі ён мінчук, нешта высвятляць, удакладняць, калі сумняваешся ў нейкім эпізодзе ці псіхалагічным малюнку, адчуваеш фальш ці пустую выдумку. Часам аўтар нават злуе: так было! Можа, і было, а напісана так, што ты ў гэта ніяк не верыш: аўтар не знайшоў сродкаў, каб пераканаць чытача, што гэта праўда, а не голая выдумка...
Час між тым не стаяў на месцы, лета праляцела непрыкметна, як на кур’ерскім цягніку, нібы яго і зусім не было: на дварэ панавала восень. У Рамейкавай сям’і дзеці ўжо заняліся сваімі клопатамі: старэйшая, Лена, паехала вучыцца ў Віцебск, малодшая, Геня, хадзіла ў школу, яны, бацька і маці, кожную раніцу кіраваліся на працу. Рамейка — у сваё выдавецтва, Марына — у сваё, якое нядаўна аддзялілася ад іхняга, большага, і мела свой сельскагаспадарчы профіль.
Праца яе была нялёгкая, бо аўтары, як правіла, былі спецыялістамі ў сваёй галіне, затое ў стылі, у звычайнай пісьменнасці — далёкія ад нормы, патрэбнай для таго, каб напісаць кніжку ці нават брашуру. I вось рэдактар — хоць і не яго гэта абавязак — правіў стыль амаль усіх навуковых і папулярных працаў, якія выдаваліся пад грыфам «Ураджай». Марына часам прасіла Рамейку прайсціся па стылі той ці іншай брашуры, і ён не аднекваўся, бо ведаў, як нялёгка жонцы са звычайнага, хай сабе і «вучонага» заатэхніка, стаць рэдактарам, хоць адчуванне слова ў яе было добрае, сама спрабавала пісаць — і часам нешта выходзіла. Казала, што гэта ў яе яшчэ са школы, дзе заўсёды была ў рэдкалегіі насценнай газеты і сама шмат пісала для яе, а вось чаму павяло ў жывёлагадоўлю, і сама не ведала — з яе мог бы атрымацца добры настаўнік, вучылася на «чатыры» і «пяць». А ўвогуле Марына была чалавекам скрытным, не надта адкрывала сваю душу абы перад кім, каго не лічыла блізкім сабе чалавекам. Яна нібы чакала нейкага няшчасця, ашуканства ці яшчэ чаго горшага, што можа зваліцца на яе ці на сям’ю, і таму і заставалася наструненаю, як гатоваю адбіць нечаканы ўдар лёсу. А цяпер яна паступова прыходзіла да думкі, што ўдар гэты трэба чакаць ад свайго роднага мужа, якога напачатку кахала, а потым паступова стала астываць, аддаляцца ад яго, у душу закрадвалася падазрэнне, што ў яго завялася пасія, і мо не адна. Вось нядаўна адна адпала, так ёй і трэба, хай не лезе ў чужы агарод, але, здаецца, на гэтым усё не скончылася, яе Рамейка мае яшчэ адзін камень за пазухай, толькі невядома, колькі яго збіраецца насіць.
Тут шмат залежыць і ад яе: як доўга яна стане раскручваць гэты клубок, як хутка ўдасца знайсці канцы. На такі пошук часам спатрэбіцца патраціць нямала энергіі, у той час як той кончык ляжаў на паверхні. Так здарылася, што яна спаткала адну асобу, якая добра ведала яе мужа і нават яго амурныя справы апошняга часу. Адкуль яна гэта ведала, цяжка сказаць, мо хіба калісьці мела на яго нейкія віды, але з гэтага нічога не выйшла і таму затаіла на яго злосць — і занялася зборам кампрамату. Яна таксама працавала ў выдавецкіх сферах, іх кантора выпускала «вучоную літаратуру» для шырокага чытача.
А Рамейка, нічога не падазраваючы, займаўся сваімі «амурнымі» справамі — сяды-тады хадзіў да Ларысы Ланеўскай на працу, пераважна на пачатку дня або ў самым канцы змены. Яму кідалася ў вочы, як па-рознаму выглядала Ларыса на працягу сутак. Калі раніцаю яна выглядала свежаю, вясёлаю, часам нават гарэзліваю, і ніякіх парфумаў і фарбаў не трэба было ўжываць, бо ўсе яны здаваліся лішнія і непатрэбныя, дык у канцы змены яна выглядала стомленаю, пахудзелаю, з прыкметна запалымі шчокамі, з ценямі пад вялікімі блакітнымі вачыма, якія здаваліся нават выцвілымі за дзень. I нічога дзіўнага: за дзень яна наглядзелася людскога болю, слёз і крыві ў час аперацый, калі чалавек ляжыць пад скальпелем хірурга паміж жыццём і смерцю, калі побач заклапочаныя асістэнты, медсёстры, гатовыя выканаць любую патрэбу галоўнага хірурга: зрабіць усё, каб аперацыя прайшла паспяхова, і чалавек назаўтра, прачнуўшыся ад наркозу, падзякаваў Богу і людзям, што яшчэ жывы...
I нават усмешка ў Ларысы мянялася — рабілася як вымушаная ці вымучаная, стрыманая, а пачуцці яе не выяўляліся так адкрыта, як на пачатку дня. Аднак Рамейка ніколі не пачуў ад яе скаргаў на сваю нялёгкую працу, за якую, дарэчы, плацілі вельмі мала. Мо і не выпадкова яна хоча памяняць не толькі сваю працу, але і месца свайго жыцця?..
Аднак цяпер знешні яе выгляд не цікавіў так, як на пачатку іх збліжэння: у якой сукенцы ці спадніцы, у белым ці паласатым касцюме, з якою сумачкаю ў руках і з якім букетам кветак — ружаў, гладыёлусаў ці гваздзікоў, якія яна атрымлівала амаль кожны дзень ад сваіх пацыентаў.
Цяпер яго больш цікавіла, што ў яе з АВІРам, дзе даюць візы на выезд, ці дадуць і ёй, што абяцаюць, ці не перадумала ўвогуле ехаць у чужы далёкі край. I хто там увогуле яе чакае, ці ёсць у яе там месца, дзе прымуць хоць бы часова, каб потым разгледзецца, ацаніць сітуацыю і прыняць канчатковае рашэнне? А мо ў яе там ёсць чалавек, мужчына, які прыме ў свой дом, а потым прыгледзіцца і скажа аднойчы: «А можа, вы згодны стаць гаспадыняю ў маім доме?» Мог быць і такі варыянт. Яна магла пра яго ведаць, чаго не ведаў ён, і яго турбавала, не давала спакою такая яго недасведчанасць... А што ў тых скрынках, што ляжаць у яе дома на лоджыі? Кнігі, ці які посуд, ці яшчэ што? Калі яна збіраецца ўсё гэта перасылаць ці перавозіць? Спытаць у Ларысы не хапала смеласці ці такту: не хоча казаць сама — ну і не трэба, значыць, лічыць, што ён не павінен ведаць усіх яе сакрэтаў.
Дзіўна, што ён хацеў ад яе вельмі шмат, а вось ці сам нешта зрабіў такое, каб абнадзеіць яе, якія даў абяцанні? Нічога ніякага! Дык чаму яна, жанчына, павінна рабіць гэта першай, як тая пушкінская Таццяна? Той момант блізкасці, які адбыўся паміж імі, не мог стаць асноваю іх далейшых адносін, хоць ён шмат пра што гаварыў яму, як, пэўна, і ёй таксама. Але гэтага, хутчэй за ўсё, ужо не хапала: ён быў для яе чужы муж, бацька дзвюх дачок, меў сям’ю і кватэру і не сказаў Ларысе, што для яе ён гатовы кінуць сям’ю і кватэру і звязаць з ёю свой лёс. Ён гэтага не сказаў. Дык чаго ён хоча ад Ларысы? Сапраўды, яму здавалася, што цягне яна, не дае ніякага тлумачэння, што робіць ці што збіраецца зрабіць, а як падумаць, дык цягне ён сам, мужчына, які першы павінен рашаць, куды і як павярнуць, каб усё пайшло ў патрэбным кірунку.
Ён спаткаў яе пасля дзяжурства, пастаяўшы-пахадзіўшы ля брамкі хвілін дзесяць, не болей, а здалося — вунь колькі часу прайшло. Яна была ў балонневым плашчыку блакітнага колеру і з букетам кветак у левай руцэ, з дзвюма сумкамі ў другой, правай. Усміхнулася, павіталася, папрасіла прабачэння, што спазнілася, — здавала свой пост адной непаваротлівай асобе.
А ён ні з сяго ні з таго спытаўся, ці будзе яна прыязджаць з Польшчы на спатканне з ім, Рамейкам. Пытанне было нечаканае, нават нейкае дзіцяча-наіўнае, калі не сказаць дурнаватае, нават сам сабе ўсміхнуўся і паглядзеў на яе: як адрэагуе?
Яна толькі бліснула вачыма ў яго бок, таксама злёгку ўсміхнулася, але маўчала, нібы не ведаючы, што адказаць на такое «мудрае» пытанне. Выйшлі ў канец Акадэмічнай вуліцы, на кальцо-закругленне, якое тут не было кальцом, а трохкутнікам, тут пачыналася і канчалася некалькі аўтобусных маршрутаў, стаялі лаўкі, на якіх можна было пасядзець. Неяк само сабой атрымалася, што яны падышлі да крайняе вольнае лаўкі са спінкаю і селі. Ён узяў у яе абедзве сумкі з ніштаватаю вагаю, а ёй пакінуў букет пахкіх ружовых півоняў.
— Пытанне на засыпку, як кажуць студэнты, — азвалася яна ўрэшце. — Што на яго адказаць, дык я і не ведаю. Ці ты спытаўся так, не падумаўшы?
— Ой не, — ажывіўся Рамейка, падкінуўшы ў руцэ яе сумкі, нібы ўзважваючы, колькі зацягнуць. — Гэтае пытанне непакоіць мяне некалькі тыдняў, яно мне спаць не дае, каб ты ведала...
— Цяпер і мне не дасць, — сур’ёзна сказала Ларыса, лёгка адкінуўшыся на спінку лаўкі і пазіраючы ў пахмурнае неба, прадоўжыла як між іншым: — Неба нізка, восень блізка, птушкі ў вырай збіраюцца...
— I ты з імі? — зноў неяк недарэчы спытаўся Рамейка. — А я з кім застаюся? — хоць адказ сам прасіўся — як у той песні: «А я остаюся с тобою, родная моя сторона... »
Пытанне было нібы нават жартоўнае, а ў Рамейкі на вачах нечакана навярнуліся слёзы. Ён таксама перавёў позірк на неба, каб Ларыса не ўбачыла, што яму не да жарцікаў.
— Як з кім? — пасля кароткай паўзы сказала Ларыса: — У цябе сям’я, дзеці. Ты не адзін...
Чаго тут было больш — здзеку ці іроніі, Рамейка не мог адгадаць, але што яна ўкалола яго ў самае сэрца, адчуў адразу.
— Хіба я хадзіў бы да цябе, каб галоўным для мяне было тое, пра што ты кажаш? — з болем, які вырываўся вонкі, спытаўся Рамейка ў Ларысы і зірнуў ёй у вочы, чакаючы адказу.
— I ты гатовы кінуць сям’ю... — яна глыбока ўздыхнула, нібы не хапала паветра, — з-за мяне? Ты гаворыш сур’ёзна?
— Хочаш вер, хочаш не вер — кажу табе праўду!
Відаць, яна ніяк не магла паверыць, што ён рашыўся на такі крок з-за яе, Ларысы: яна была ўражана, аднак сказала тое, чаго Рамейка не чакаў:
— Я не хачу быць прычынаю... — яна запнулася, як шукаючы патрэбных слоў: — быць прычынаю, каб ты кінуў сям’ю... Гэта вялікі грэх... На маю душу — і на тваю... Ты думаў пра гэта?
— Думаў, і шмат... — Ён зрабіў паўзу, каб знайсці важкія словы. — Але, можа, грэх і тое, што жывеш з чалавекам, якога не кахаеш... Што каханне растала, як дым, растварылася за гады сумеснага жыцця... А мо яго і не было, таго сапраўднага кахання?.. Я адчуваў, што мая душа хоча нечага большага, чым тое, што я знайшоў... ужо думаў з гэтым змірыцца, жыць, як усе жывуць, не шукаць нічога і нікога... Толькі ў снах мне снілася сапраўднае, але незямное каханне, яно акрыляла, узносіла на самае неба, і, прачнуўшыся, я мог толькі пашкадаваць, што гэта сон, а не ява... — Замоўк, зрабіў перадышку, падумаў, што яшчэ не сказаў галоўнага, хоць быў ужо блізка да яго. — Але, відаць, я шчаслівы, бо сустрэў, знайшоў, пазнаў і спазнаў сваё вялікае каханне... I яно вось тут, побач са мною... Толькі не ведаю чаму, яно хоча ўцячы ад мяне... Каб мог, трымаў бы яго, не пускаў бы... Што я павінен зрабіць, каб яно не ўцякло? Не паляцела ў вырай? Скажы, Ларыса, скажы! — папрасіў ён умольна і ўзяў яе за руку. Рука была халодная, як нежывая.
— Ты мяне здзівіў... Ашаламіў... Я табе магла б адказаць нечым падобным... Але пакуль што не магу... У мяне ёсць яшчэ адна... Як гэта? Праблема... Як я з ёю разлічуся... Тады табе скажу... Усё скажу... Ты можаш пачакаць тыдні два? Я цябе вельмі прашу! — сказала яна і ўзяла яго за руку, моцна сціснула і адпусціла.
— Пачакаць? — ад напружання яго кінула ў нейкую абыякавасць, стала ўжо ўсё роўна, што скажуць праз два тыдні: ці Ларыса падасць руку, ці адвернецца — і скажа, што адлятае ў вырай... назаўсёды. — А ці ёсць сэнс? Ці будзе надзея?
Яна апусціла галаву, перабірала кветкі, вусны варушыліся, нібы шаптала нешта сама сабе ці малілася — цяжка было зразумець.