К книге
На мяжы цярпенняСтраница 22
52%
Страница 22
22

— Ты яшчэ пытаешся!

Ларыса ўсё часцей задумвалася, нечым як бы была ўсхвалявана, як бы хацела нешта сказаць яму — і не магла, не хапала ёй на гэта смеласці ці сілы. I што сказаць — добрае ці кепскае? — Рамейка ніяк не мог зразумець.

Ён сеў на свой чамаданчык насупраць Ларысы, яны цяпер былі блізка адно ад другога — нос у нос, калені іх дакраналіся, рукі таксама.

— А ты ведаеш... — Ларыса зрабіла паўзу, нібы яшчэ думаючы, казаць ці не казаць: — Ты ведаеш, што я трэці раз адклала свой выезд? Мяне папярэдзілі, што гэта апошні раз...

— А тады што? Не пусцяць? — Рамейка схаваўся за гэтае пытанне, каб не спытацца большага: няўжо табе не шкада пакідаць усё, што тут было і будзе? Радзіму, матку, сястру, сыноў і ўнукаў? I мяне...

— Не пусцяць... — пальцы яе рукі, якую ён трымаў у сваіх руках, дробна задрыжалі, а вочы замаргалі, нібы ў іх трапіла якая парушынка.

Яны памаўчалі.

— А што цябе прымушае ехаць за свет? — асмеліўся спытаць у яе Рамейка. — Няўжо тут табе так кепска?

Яна, як здалося Рамейку, з дакорам глянула яму ў вочы, уздыхнула, як скінуўшы нешта з душы, — з палёгкай.

— Калі-небудзь раскажу... Толькі не цяпер.

— Як цябе разумець? — здзівіўся Рамейка. — Як паедзеш? Ці потым вернешся, каб расказаць?

— Не будзь назолай, — Ларыса злёгку пляснула яму далонню па руцэ.

— Добра, маўчу.

— Не маўчы, але і не крычы, — ураўнаважыла яна яго празмерную цікаўнасць.

А ён быў так настроены выпытаць у яе ўсё — і вось на табе! Не даюць разагнацца!

Гаварылі аб чым папала, маўчалі, потым зноў гаварылі, але абыходзілі тое балючае месца, пра якое хацелася спытацца Ларысу, пра якое яна, няйначай, думала не менш за яго — ведала, але маўчала. А час ляцеў, калі Рамейка глянуў на гадзіннік, то не паверыў вачам — была трэцяя гадзіна, дваццаць на трэцюю. Ён усхапіўся на ногі. Зала патрохі заціхла, большасць начных пасажыраў спала, дзе хто мог прымасціцца. Некаторыя, большасць парамі, шапталіся між сабою ці лена перамаўляліся, сям-там яшчэ гулялі ў карты.

— Аднак позна, — сказаў Рамейка. — Прабач, што я цябе затрымаў. Хадзем, я правяду цябе. Там жа дома недзе зачакаліся.

— Дзівак, хто мяне чакае? Хлопцу я сказала, што іду на дзяжурства.

— Хітранькая ты, як я бачу... А мая жонка недзе думае, што я ўжо ў Ерэване. — Сказаў пра жонку — і асекся, заўважыўшы, як спахмурнела адразу Ларыса — нібы цёмная хмара найшла раптоўна на сонца. Здаецца, са злосці ён гатоў быў адкусіць сабе язык, ды што зробіш — слова не верабей...

Яна нехаця ўстала з лаўкі, ён узяў свой чамаданчык — і яны, лавіруючы між радамі лавак, баючыся наступіць каму-небудзь на нагу, асцярожна выбраліся на лесвіцу. Спусціліся ўніз, прайшлі праз вестыбюль у шкляныя дзверы.

На дварэ дзьмуў вільготны пранізлівы вецер, на стаянцы таксі была вялізная чарга. Яны добра прамерзлі, пакуль дачакаліся машыны. Рамейка ледзь угаварыў Ларысу ўзяць тры рублі на таксі — амаль што не пасварыліся. Але ён бачыў, як неахвотна яна пакідала яго аднаго. Аднак жа нешта гоніць яе ў тую Польшчу. Што яна там згубіла? Ці што яна там хоча знайсці? Няўжо ў яе там ёсць каханы чалавек? Ды каб быў там каханы, то ці дазволіла б яна так паводзіць сябе з ім, Рамейкам, ісці на збліжэнне, адкрыта гаварыць пра сваю сімпатыю да яго? Напэўна, што не... Тут нешта другое...

Увесь астатак ночы праседзеў Рамейка ў аэрапорце, думаючы свае нялёгкія думкі. Чаму так вядзецца ў жыцці, што, калі ты каго любіш, той не любіць цябе, а каго ты не любіш, той хінецца да цябе? У чым тут прычына? Я ўцякаю — мяне даганяюць, я даганяю — ад мяне ўцякаюць. Нейкая несумяшчальнасць, аднайменнасць зарадаў? Аднайменныя адштурхоўваюцца? Відаць, у людзей нешта сваё, звязанае больш з сацыяльным, а не толькі з біялагічным. Каб толькі адзін біялагічны фактар, чалавек змог бы лепш разабрацца ў сваіх сімпатыях і антыпатыях. Накладваецца яшчэ сацыяльны — і блытае ўсё, збівае, не дае зразумець, разгадаць загадку. Як магніт, які недзе блізка, збівае стрэлку компаса, не дае яму правільна паказаць галоўны кірунак: поўдзень — поўнач... Аднак жа чым больш думаў, тым болей заблытваўся. Пачала балець галава.

А калі раніцай аб’явілі, што рэйс адкладваецца яшчэ на тры гадзіны, ён, раззлаваны на ўсё, здаў свой білет і паехаў дадому: што ўжо будзе, тое будзе. Неяк выкруціцца — напіша ў Саюз пісьменнікаў Арменіі, каб выслалі апавяданні і падрадкоўнікі. Яны вунь якія паваротлівыя, не тое што мы. Рамейка ведаў з практыкі, не раз даводзілася займацца анталогіямі, зборнікамі. У нас яшчэ толькі думаюць, а там, дзе-небудзь у Прыбалтыцы ці на Поўдні, — ужо зрабілі...

Ён адамкнуў дзверы, на стук выйшла з кухні жонка. Яна была ў халаце, гладка прычэсаная, але твар выглядаў нясвежым, стомленым. I пад вачыма былі глыбокія цені. Няйначай, не спала ноч, курыла, хадзіла па хаце або пісала — апошнім часам пачаліся ў яе такія прыпадкі пісаніны — пацягнула на мемуары, ці што? Яму яшчэ не даводзілася чытаць нічога з таго, што яна пісала.

З кухні пахла каваю і смажанаю бульбаю.

Марына са здзіўленнем глянула на яго — нібы ўбачыла здань. I зусім не ўзрадавалася, а рэзка і холадна спыталася:

— Чаго вярнуўся? Што забыў?

Рамейка нечакана для сябе ўсміхнуўся, бо звычайна на халоднасць ён адказваў тым жа:

— Нялётная пагода. Здаў білет.

— А дзе правёў ноч? — глянула на яго падазрона.

— У аэравакзале, як і ўсе пасажыры.

Раптам вочы ў Марыны бліснулі, загарэліся нядобрым агнём, зрэнкі, здаецца, ажно разышліся:

— У курвы начаваў? Прызнавайся, валацуга!

I яна падступілася да яго, гатовая кінуцца з кіпцюрамі, як дзікая кошка.

А ён сам адчуў, як кроў стукнула ў галаву, у вачах пацямнела, а дыханне перахапіла, нібы яго хто сціснуў за горла. Ён ясна зразумеў, што вось у такія хвіліны душэўнага ўзрушэння і здараюцца трагедыі. Вось цяпер, каб ён што трымаў у руках, то, не задумваючыся, апусціў бы з усёй сілы на галаву свае жонкі — такая вялікая страшная злосць ахапіла яго, што ён страціў усякую здольнасць кіраваць сабою. Ён ведаў выпадак, калі вось так жонка сустрэла свайго мужа, а ён трымаў складзены парасон у руцэ, і гэтым парасонам ён збіў яе да паўсмерці — і толькі таму, што не быў вінаваты ў тым граху, у якім яго вінаваціла жонка.

— Ты што? Звіхнулася? — урэшце выціснуў ён з сябе перасохлымі вуснамі і ажно адвёў рукі назад — так цяжка было стрымацца, каб не схапіць яе за горла.

— Звіхнулася? Думаеш, я не ведаю тваіх камандзіровак? — сарвалася яна на віск: — Ведаю даўно!

— Што ты ведаеш, сляпая ты баба? Сыдзі з мае дарогі! — і ён адштурхнуў яе ад сябе і прайшоў у свой пакой, апрануты сеў на раскіданую канапу, цяжка дыхаў.

«О, гэта вышэй маіх сіл! Гэта на мяжы цярпення! Можна звар’яцець, можна павесіцца, можна зрабіць такое, што потым...»

Ён скінуў з сябе паліто, шапку, кінуў на крэсла ля пісьмовага стала, а потым адумаўся, але неяк павольна, як у сне, узяў шапку і паліто, выйшаў у прыхожую і павесіў на вешалку.

У кухні чуліся крокі, нейкі бразгат пасуды, а потым да яго даляцеў сутаргавы ўздых — нейкі цяжкі, з бульканнем, і ціхі стогн — і нават нейкія словы, як быццам «Ой, мне кепска».

Нешта ўмомант як перайначыла яго — як ветрам вымела тыя пачуцці, якімі ён толькі што быў перапоўнены да краю, і адразу ўсю свядомасць запоўніла трывога. Як не сваімі, нейкімі драўлянымі нагамі ён ступіў на кухню і ўбачыў, што жонка стаяла, прыхіліўшыся спіной да халадзільніка, рот у яе быў перакрыўлены ад болю, вочы заплюшчаны, а рукамі яна трымалася за грудзі. Здавалася, яшчэ хвіліна — і яна ўпадзе.

Ён схапіў яе пад пахі і адчуў, што ногі яе ўжо не трымаюць. Як падпарадкоўваючыся цяжару яе цела, ён паволі апусціў яе на лінолеумную плітку кухні, глядзеў на пасінелы і безжыццёвы твар і не ведаў, што рабіць.

— Марына! Што з табою? — клікаў ён, але хутчэй для сябе, чым для яе, бо разумеў, што яна страціла прытомнасць: твар яе быў ужо нерухомы, з нездаровай сінявой, і шыя, і ўсё цела таксама — нібы толькі што на яе лінулі гарачай вады.

Такое ён бачыў першы раз — і таму разгубіўся. Адчуваў, як дрыжаць у яго рукі, як у грудзях стала холадна і пуста. I раптам носам пачуў рэзкі і востры пах мачы і ўбачыў, як яму пад калені ад Марыны бяжыць тонкі ручаёк. Ён, не устаючы на ногі, схапіў са століка кухонны ручнік, кінуў на падлогу, потым раскінуў жончын халат, які намок знізу, узяў ручнік і стаў прыкладваць да мокрага. Потым, як апамятаўшыся, шпурнуў ручнік у кут, падумаў, што трэба нешта рабіць, а не займацца глупствам. Найперш — пазваніць, выклікаць «хуткую дапамогу». Аўтамат быў побач з домам.

Выціраючы рукі аб штаны, ён выбег на лесвіцу, дзверы пакінуў адчыненыя. А што, калі яна памрэ? Як яе кідаць? Ён пазваніў суседзям. Якраз дома была суседка, спалохана глянула на яго і хацела ўжо адгарадзіцца дзвярыма.

— Жэня, у нас бяда... Выклічце «хуткую дапамогу»... Жонцы кепска, мо памірае...

— Што вы кажаце? Я зараз, толькі апрануся.

Рамейка вярнуўся на кухню. Жонка ўжо расплюшчыла вочы, варушыла рукамі, але, здаецца, была яшчэ без памяці.

— Я ўпала... Дзе ты быў?.. — спыталася яна ціхім здушаным голасам.

Неяк нечакана і раптоўна сілы вярнуліся да Рамейкі, уваскрэсла надзея, што не так усё страшна, як здалося яму адразу. З твару ў жонкі паволі знікала сінюшнасць, прыкмета небяспекі, наколькі ведаў медыцыну Рамейка, наколькі ў ёй разбіраўся.

— Не, ты не ўпала... Я цябе асцярожненька паклаў... Гэта я папрасіў суседку, каб выклікала «хуткую»... Я зараз цябе перанясу...

— Не трэба мяне чапаць... А чаму я мокрая?

Рамейка не ведаў, што ёй сказаць на гэта.

— А нічога, глупства... Я цябе перавязу, не бойся.

Ён зайшоў у спальню, узяў дзяружку. Асцярожна ўскаціў жонку на яе, паволі перацягнуў па падлозе ў спальню. Мо ён рабіў усё не так, як рабіў бы медык, ды ён мусіў нешта рабіць у такой сітуацыі, — і рабіў так, як падказвала яму яго інтуіцыя, бо свядомасць у гэты час была, здаецца, недзе вельмі далёка.

У спальні ён пераапрануў жонку ў чыстую кашулю, а потым асцярожна ўсцягнуў на ложак-канапу. Прысеў, аддыхаўся...

Што ж далей? Чакаць «хуткай дапамогі»? Кінуўся да аптэчкі. Там былі розныя таблеткі, пераважна ад галавы, ад жывата, а вось ад сэрца — нічога ніякага! Вечная гісторыя: тое, што трэба, ляжыць не пад рукамі, а невядома дзе. I каб не хапала ў аптэках, каб былі дарагія сардэчныя лекі! Ну і народ! Ніякага запасу, ніякага прадчування бяды, старасці ўрэшце! Жывуць толькі сённяшняй гадзінай...

— Ніякіх лякарстваў ад сэрца, — сказаў сумна жонцы. — Пакажы пульс.

Ён сеў на край канапы і ўзяў жончыну левую руку. Пульс быў мізэрны, ледзь намацваўся, часам зусім нібы прападаў, а колькі ўдараў — падлічыць проста нельга.

— Як табе цяпер? — спытаўся Рамейка.

Марына глядзела ў столь, дыханне яе было неглыбокае, павярхоўнае і няроўнае — грудзі па-ранейшаму былі як сціснутыя.

— Нічога, лепей, — адказала ціха.

Хацелася ўжо, калі першы страх прайшоў, вылаяць жонку, паздзекавацца з яе дурнога гневу, з яе дзіцячай злосці, якая даводзіць да сардэчных прыпадкаў, але адклаў на потым — хай супакоіцца, хай ачуняе.

— Ты даруй мне, Алесь, — сказала пасля паўзы.

— Дарую, — холадна, але з ахвотай сказаў Рамейка, і ў яго закруціліся слёзы на вачах. — Супакойся лепей.

«Хуткая» прыехала праз паўгадзіны. Малады чарнявы доктар і медсястра агледзелі, абслухалі хворую, далі ўколы, знялі кардыяграму. Пасядзеўшы з паўгадзіны, зрабілі яшчэ адну кардыяграму.

— Ну што ж, ужо лепей. Не хвалюйцеся. Будзе парадак, — сказаў на развітанне малады доктар. — А ў вас многа кніжак, — зазначыў між іншым. — I «Лекавыя травы» бачу... А я прамаргаў...

Яны ўжо сабраліся, як жонка паклікала Рамейку і ціха папрасіла:

— Дай ты яму «Лекавыя травы». Я дастану яшчэ...

Рамейка вынес кніжку ў прыхожую.

— Вазьміце, доктар, на ўспамін. I шчырае дзякуй.

Доктар вінавата ўсміхнуўся і з прыхаванай радасцю ўзяў кніжку.

Рамейка ўздыхнуў вальней. «Няўжо гэта перст Усявышняга? — пытаўся ў самога сябе. — Няўжо? І няўжо так хутка? Штосьці не тое... Штосьці не так...»

Усё ліпела на валаску.

19

Прымірэнне цягнулася нядоўга, пакуль Марына акрыяла як след, пакуль сэрца яе стала на месца. Потым неяк непрыкметна яна рабілася такою, як была раней: то маўкліваю, замкнёнаю, то хуткаю на спрэчку, а то і на сварку з-за дробязі. Нешта ёй як муляла, была нейкая балявая кропка, што не давала думаць пра нешта іншае, а толькі пра тое, што баліць, што замінае.

У гэтым сэнсе яна была падобна да свайго Рамейкі: той таксама, калі яму штосьці рупіла, не мог узяцца за нешта іншае. I калі з тым, нечым першым, клопат не меншаў, усё астатняе не магло зрушыць з месца: выходзіла адно таптанне.

Марына, па ўсім відаць, збірала звесткі, куды цяпер ходзіць яе ласы кот Рамейка — ці да тое, што праводзіла яго на аэравакзал, ці яшчэ да якое, ад яго можна ўсяго чакаць. I што гэта за птушка такая была тады з ім, адкуль яна ўзялася такая шляхетная? Была адна, а тут ужо другая... Ён адчуваў, што Марына шукае следу, і тады толькі трымайся...

Рамейка тым часам сядзеў над дакументальнай аповесцю малавядомага аўтара і вырашаў сам сабе, ці бракаваць яе, ці зрабіць выгляд, што ўсё нармальна. Нават падумваў пайсці да начальства і расказаць усё як ёсць: што рукапіс зусім сыры, што рэцэнзія на яго нейкая абцякальная, мяккая — каб не пакрыўдзіць аўтара, а гутаркі пра галоўнае няма — ці адпавядае гістарычнай праўдзе ўсё тое, што малюе ў сваёй аповесці аўтар. Калі са стылем і кампазіцыяй Рамейка справіўся б без вялікага клопату, то з расстаноўкай галоўных герояў у творы павінен вырашаць сам аўтар. Гэта яго найпершая задача. Але аўтар, як здалося Рамейку з самага пачатку, стаяў на антыгістарычных пазіцыях, а калі ясней — ігнараваў праўду жыцця, бо тое, што ён апісваў, Рамейка, хоць і маладзейшы за яго, і ў вайне не ўдзельнічаў, ведаў не горш за аўтара, з польскаю гісторыяй, а тым больш амаль сучаснай, быў добра знаёмы. Памылкі аўтару давядзецца паказаць і даказаць. Ён на некалькі дзён адпрасіўся ў Ленінскую бібліятэку і засеў за «вывучэнне прадмета».

Предыдущая главаГлава 22 из 42Следующая глава