К книге
На мяжы цярпенняСтраница 21
50%
Страница 21
21

У той вечар гутарка заводзіла іх у такія тупікі і лабірынты, што ледзь можна было знайсці нейкую нітачку, каб выбрацца з іх назад.

I чамусьці пра самае галоўнае яны не гаварылі, нібы ў іх яшчэ наперадзе вунь колькі часу — цэлая вечнасць! — каб пагаварыць і разабрацца ва ўсім. Дзівакі гэтыя людзі!

«Што такое АВІР?» — спытаўся раптам ні з таго, ні з сяго Рамейка, і Ларыса спынілася, нібы наткнуўшыся на нябачную перашкоду. Глянула на яго, стараючыся ў слабым святле ліхтара разгледзець выраз яго твару.

«А ты ўжо, здаецца, ведаеш. I аднак пытаеш...»

«Каб ведаў, не пытаўся б», — зусім сур’ёзна адказаў Рамейка.

«А табе ж Змітрок мой гаварыў», — збіла яго адказам Ларыса.

«Дык ты ведаеш пра нашу гутарку?» — здзівіўся Рамейка.

«Ведаю»...

«Ты мо крычала на хлопца, што ён выдаў твой сакрэт?»

«Які тут сакрэт? Ды рана ці позна ўсё стане вядома».

«А што ўсё-такі... вядома?»

«Яшчэ, фактычна, нічога».

«Мяне не цікавяць дэталі, а сам факт: няўжо ты збіраешся некуды выязджаць?»

Яна доўга маўчала, яны ішлі, шастаючы лісцем, што ўсцілала вуліцу, слаба асветленую ліхтарамі.

«Хачу выехаць у Польшчу», — урэшце глуха адказала Ларыса, хутаючыся ў каўнер асенняга, у клетку, паліто.

«Я нават не ведаў, што цяпер гэта можна... у Польшчу. Як гэта робіцца?»

«Няпроста, але можна... Мае бацькі жылі ў Польшчы, іх перад вайной трыццаць дзевятага палякі выслалі з крэсаў усходніх на захад, пад Познань».

«За што ж іх выслалі?»

«За спачуванне беларускаму камуністычнаму руху. Там мы пражылі пяць год, вярнуліся перад самай вайной. Фактычна, мы ўцякалі ад вайны, а яна ішла за намі па пятах. У Лідзе нас бамбілі немцы. Я нават была паранена дробным асколкам у нагу, у калена».

«Няўжо?» — Рамейку ўразіла навіна, ён пра гэта не ведаў.

«На шчасце, асколак быў маленькі, інакш я засталася б без нагі».

«Я і не падазраваў, што ты праліла кроў у вайне трыццаць дзевятага года. Ты проста герой!» — сур’ёзна-ўзнёслым тонам сказаў Рамейка.

«Такіх герояў вельмі многа», — спакойна адказала Ларыса.

Некалькі хвілін ішлі моўчкі.

«Але вернемся да галоўнага... Чаго ты, пытаючы груба, у лоб, пакідаеш нас?» — Рамейка гаварыў неяк трохі жартам, яшчэ ніяк не верачы, што вось яна, Ларыса, сур’ёзна думае выязджаць з Мінска, з Беларусі ў нейкую там Польшчу.

«Тут у двух словах не раскажаш... I ты мяне можаш нават не зразумець»...

«Гледзячы, як ты будзеш расказваць».

«Калі коратка і ясна — то з-за дзяцей».

«Вось як! Яны што — выганяюць цябе?»

«Чаму выганяюць? Кожная маці жадае сваім дзецям шчасця».

«Няйначай, ім хочацца заняць тваю кватэру?»

«Яна не толькі мая, але і іх таксама».

«Але ж ты пакідаеш у такім разе аднаму, старэйшаму?»

«Яму... I нявестцы, і ўнучцы».

«А хто табе дасць там, у Польшчы? Які такі ласкавы пан?»

«Ёсць такі... »

«Вось што... Тады ясна».

Далей ішлі моўчкі. Вось яно што! А Рамейка і не падумаў, што ў яе жыцці можа быць такі варыянт. I ўжо будаваў нейкія планы, ужо ўлічваў нават, што ёсць яна, што яны ўжо разам...

«А як жа тое, што між намі?» — спытаўся пасля доўгай паўзы Рамейка і скоса глянуў на Ларысу.

Яна адказала не адразу.

«Гэта ацэніць кожны з нас па-свойму... Напрыклад, я буду ўспамінаць як аб вялікім свяце... Аб лепшых хвілінах у маім жыцці... А як ты — не ведаю...»

«Як я?.. Не хацеў бы, каб тое, што было між намі, стала толькі ўспамінам, а не рэальнасцю, не сённяшнім днём, не працягам нашых адносін...»

Рамейка раптам адчуў, як нейкая нябачная бунтоўная сіла раптам пасялілася ў яго ў грудзях, як ён на вачах перамяніўся, стаў рашучы і смелы, здольны змагацца за сваё — і яшчэ больш за яе — шчасце.

«Няўжо ты так лёгка можаш адрачыся ад таго, што так нялёгка нам дасталася? Чаго мы так доўга шукалі?» — Ён баяўся назваць гэтае нешта сваім шчасцем, але так яно і было. Ды, урэшце, не так важна, як гэта назваць. Важна, што яно было, нават яшчэ ёсць, але ўжо вось-вось скончыцца — і назаўсёды.

«Я толькі адна буду ведаць, лёгка ці нялёгка мне будзе перажыць нашу ростань... — Голас яе, здалося яму, задрыжаў, гатоў быў сарвацца на плач, яна замоўкла. Супакоілася і пачала зноў: — Чамусьці ўсё сваё жыццё я не думала пра сябе, пра сваё шчасце... Усё пра некага... Тады — пра бацькоў: каб іх не пакрыўдзіць, каб ім лепей было, каб іх не раззлаваць. А цяпер — пра дзяцей. Каб ім не паламаць жыццё, каб вывесці ў людзі, каб памагчы... I так, відаць, будзе да самага канца»...

«I ты лічыш, што так і трэба? Што ўсе так робяць?» — Ён хацеў дадаць, што так якраз робіць, так лічыць яго жонка.

«Я не гляджу, як робяць усе ці не ўсе... Так раблю я... I дагэтуль лічыла, што так і трэба, што так і правільна. А цяпер ты нешта парушыў маю ўпэўненасць. Пасеяў сумненне. I ці яно часовае ці даўгавечнае — яшчэ не ведаю».

«Я не думаў, што ты такая рацыяналістка... Што табою камандуе галава... А раз галава, то і выгада...»

«Якая выгада? Для каго?»

«Менавіта. Большасць шукае выгады для сябе. А ты? Як цябе назваць пасля гэтага? Тут ёсць адзін цікавы нюанс: той, што шукае выгады толькі для сябе, памыляецца адзін раз. А той, што для другіх, — двойчы».

«Як гэта?»

«Вельмі проста. Шукаў выгаду сабе — пагарэў. Толькі адзін раз! А той, што для другіх: не знайшоў — яго будуць лаяць. А знайшоў — пра яго забудуць. Калі эгаіст можа быць пакараны раз, то ты, альтруістка, двойчы».

«Ты ...мяне страшыш... а сам ты які? Для каго жывеш? Для сябе?»

Рамейка запаволіў крок, задумаўся.

«Здаецца, каб толькі для сябе, не варта было б і жыць».

«Вось бачыш, якія мы...» — яна знарок вылучыла голасам, падкрэсліла два апошнія словы: якія мы.

«Толькі я яшчэ хачу сказаць... Для сябе жыць — гэта вельмі мала чалавеку. Для бацькоў, дзяцей, сваякоў — гэтага таксама мала, нават вельмі мала. Трэба, мусіць, жыць для свайго народа — вось тады чалавек будзе грамадзянінам, сынам свайго народа, а не толькі сынам ці дачкой сваіх бацькоў».

«А дбаць пра сваіх дзяцей — хіба не тое самае, што дбаць пра будучае, пра народ?»

«Толькі ў нейкай меры... Я дбаю пра сваіх дзяцей, а вунь у майго суседа дзеці мо галадаюць. I мне да гэтага няма ніякага клопату. Правільна я раблю ці не? Калі я грамадзянін, то я павінен памагчы і суседу».

«А мо той сусед п’яніца, грошы прапівае, а дзеці галадаюць?» — яна гаварыла якраз тое, што было з ёю самой.

«Тым болей, калі мы хочам бачыць свой народ шчаслівым заўтра і заўсёды».

«Ты як за трыбунай, я і не падазравала, што ты такі агітатар».

Першы раз за вечар яны засмяяліся.

Але пасля гэтага неяк і згубілася нітка размовы. Ішлі моўчкі, ужо стомленыя хадой і гутаркай. Рамейка глянуў на гадзіннік: было дзесяць на дванаццатую.

«Ці не час на спачын?» — спытаўся ў Ларысы.

Яна неяк паслухмяна і абыякава пакіравала да доўгага высокага дома, у чацвёрты пад’езд. Акно ў яе пакоі было цёмным.

У ліфце, ужо засмечаным за дзень, прапахлым тытунёвым дымам, Рамейка абняў Ларысу за шыю, прыгарнуў да сябе і пацалаваў у вусны. Яна адказала яму, яны ажно задыхнуліся і апамяталіся толькі тады, калі ліфт спыніўся на сёмым паверсе, а дзверы гасцінна адчыніліся.

«Мы на сёмым небе», — хацеў сказаць Рамейка, але ўбачыў, што ў Ларысы на вачах паказаліся слёзы, а твар крывіцца, як ад болю. Яна рванулася ад яго, выскачыла з ліфта і прапала ў праёме дзвярэй, што вялі ў яе кватэру. Рамейка яшчэ пачуў, як забрахаў сабака, і націснуў на кнопку «1».

Хоць і было позна, не сеў у тралейбус ці аўтобус, а пайшоў пешкі — хацелася абдумаць усё, зрабіць нейкія вывады. Але так нічога цікавага і не змог прыдумаць.

I толькі сёння, ідучы на работу, яго раптам азарыла адна думка, якая здалася яму новай. Калі яна і едзе ў тую Польшчу, то толькі з-за яго, Рамейкі! Або яна яго вельмі любіць і баіцца тут заставацца, каб не разбураць яго сям’ю, або наадварот — не любіць, разлюбіла яго і не хоча болей бачыць, каб не дакараць сябе за тое, што пайшла з ім на збліжэнне, — і вось расчаравалася, страціла апошнюю надзею ў жыцці. I таму не мае сэнсу, як яна будзе жыць сама, важна, каб дзеці жылі. Там меншага хлопца яна дагледзіць, выведзе ў людзі, а гэты тут з жонкай і дачкой застануцца ў трохпакаёвай кватэры. Для маладой сям’і — гэта проста раскоша. А той добры пан, пра якога яна нічога не сказала, калі бярэ яе з дарослым хлопцам, то ўжо ж нешта мае — не якую там камунальную кватэру, а мо свой асабняк. «А што ты мог прапанаваць ей, Рамейка? Ісці на прыватную кватэру? Ці прыняць сябе ў прымы да яе? Абсалютна больш нічога рэальнага ты не можаш ёй прапанаваць, калі яна, дапусцім, адмовіцца выязджаць, а застанецца толькі з-за цябе. Вось і падумай, што яна можа выбраць. Як і раней, яна зноў ахвяруе сваімі інтарэсамі, сабой».

I яму да болю ў сэрцы захацелася сёння, зараз жа, у гэтую хвіліну, сказаць Ларысе, што ён гатовы на ўсё, каб толькі яна не прыносіла сябе ў ахвяру дзецям.

18

Канчаўся год — засталося трохі больш за месяц, а Рамейка жыў як у тумане і нічога яго вельмі не закранала за жывое. Успамінаў той выпадак з падпіскай на газеты, калі выпала адзінка, і смяяўся сам з сябе: дзівак ты стары, верыш у нейкія забабоны, у прымхі, у прыкметы, а ўсё гэта глупства! Вось канчаецца год — і ўсё, як было, коціцца гладка і роўна, і нічога, здаецца, не мяняецца і не збіраецца мяняцца. I ўсе цэлыя, ніхто нікуды... Мо хіба дачка там у Віцебску выскачыць замуж — ад моладзі сённяшняй можна чакаць такога выбрыку. А так, здаецца, усё нармальна. «У Багдадзе ўсё спакойна», — як у той песні.

Яго пасылалі ў камандзіроўку — ажно ў Ерэван. Тут, у Беларусі, былі запланаваны армянскія апавяданні, і Рамейка як рэдактар зборніка павінен быў сабраць матэрыял, дамовіцца з аўтарамі, армянскімі празаікамі.

Ехаў ён без вялікай ахвоты, хоць пабачыць Ерэван, пабыць у Арменіі яму хацелася б: цікавы край, самабытны горад.

Самалёт вылятаў вечарам, у дзевяць. Жонка яго не праводзіла, ён яе адвучыў: не любіў праводзін і сустрэч.

Затое, калі пазваніў Ларысе і сказаў, што ляціць у Ерэван, яна папрасілася праводзіць. Ён забараніў і Ларысе, маючы на ўвазе, што яго цікаўная жонка можа праверыць, хто яго праводзіць, ад яе ўсяго можна чакаць, аднак жа ў дзевяць вечара ён убачыў Ларысу, якая праходжвалася па зале аэрапорта, вышукваючы кагосьці вачыма. Ну ясна, што яго. Каго яна яшчэ тут стане шукаць?

Была яна ўсё ў тым жа клятчастым — бардовая і жоўтая клетка — паліто, якое ёмка аблягала яе фігуру і нават маладзіла яе, у вязанай жоўтай, стаўбуном, шапачцы, у чорных бліскучых ботах-панчохах, з клятчастаю, пад паліто, скураною сумачкай. Твар у яе быў строгі, заклапочаны, з запалымі шчокамі, але яго ажыўлялі вялікія і глыбокія ясныя вочы, якія пазіралі даверліва і шчыра.

Рамейка ўстаў з мяккай авальнай лаўкі, на якой так утульна і зручна было сядзець, падышоў да Ларысы, павітаўся. I якраз у гэты момант загаварыў рэпрадуктар і жаночы голас на ўсю залу аб’явіў, што два рэйсы на Растоў і Ерэван адкладваюцца да дванаццаці гадзін ночы з-за кепскіх метэаўмоваў.

Пачуўшы такое паведамленне, яны абое ўзрадаваліся: ёсць час пасядзець, пагаварыць, хоць пасажыры сям-там і абураліся — зноў чакай, а там яшчэ, чаго добрага, адкладуць.

Рамейка павёў Ларысу да таго месца, дзе нядаўна сядзеў, дзе стаяў яго дарожны шэры — пад грубае палатно, — чамаданчык.

— Прашу сесці, — зрабіў жэст Рамейка да Ларысы. — Майго месца яшчэ не занялі. А я пастаю, не турбуйся.

Яна нехаця, як вінаватая, села побач з немаладою ўжо жанчынай у цёмным паліто з шалевым светлым каўняром, якая трымала на каленях, няйначай, унучку ў футэрку, на выгляд — як на гадоў пяць. Малое капрызіла, відаць, хацела спаць, а бабка яго супакойвала і ўгаворвала, што хутка яны паляцяць да мамкі. Побач размясцілася група салдат, адзін быў з гітараю і ціха перабіраў струны, часам нешта сабе прыпеўваючы.

Адным словам, тут, здавалася, ніхто нікуды не спяшаўся, скрозь на лаўках, на крэслах было поўна людзей: усе цярпліва чакалі свае адпраўкі.

— Чаго ты ляціш у Ерэван? — спыталася Ларыса, гледзячы на яго знізу ўверх.

— Каб прывезці адтуль кніжку армянскіх апавяданняў. Праўда, яе трэба будзе яшчэ перакласці.

— А хто ведае ў вас армянскую мову?

— Ніхто. Але гэта паўбяды — робяць з падрадкоўніка або проста з рускай мовы.

— Хітранькія! Дык і я так змагла б.

— Гэта збоку так здаецца. Збоку дык і я магу даць укол твайму хвораму, а вось як вазьму ў рукі шпрыц, толькі тады зразумею, што не спец.

— Ты хочаш сказаць, што я табе не памочнік. А я толькі хацела прасіцца, каб ты ўзяў мяне з сабою.

— З ахвотаю. Там ты будзеш мне за перакладчыцу.

— Як гэта буду, калі я... — паспрабавала пярэчыць Ларыса, але Рамейка яе перабіў:

— Калі ты падобна, то і мову павінна ведаць.

— Не выдумляй, хіба я падобна?

— Нешта ёсць у табе паўднёвае, мо нават і каўказскае — нос, лоб, авал твару. Адкуль ты?

— Адкуль і ты — з Клецка.

— Не, я з-пад Клецка, і таму не падобен да цябе.

Гаварыць тут можна было што хочаш, ніхто нікога не слухаў, быў заняты сабою і сваім клопатам. Яны памаўчалі, а потым Ларыса сказала як бы з сумам:

— Вазьмі і мяне з сабою.

— Паехалі, — адразу згадзіўся Рамейка. — Толькі як твае дзяжурствы? I твае хворыя?

— Гэта праўда... — I яна адразу спахмурнела, апусціла галаву, нібы толькі цяпер успомніла пра свае абавязкі, а Рамейка так недарэчы нагадаў пра іх — і адразу разбурыў чалавечую мару.

— Затое ты хутка паедзеш яшчэ далей, — з намёкам і падколам дадаў да ўсяго Рамейка — яго нібы хто цягнуў за язык, хацелася нейкага абвастрэння ў іх гутарцы, у іх адносінах. Чаго вось яна прыйшла сёння сюды, калі збіраецца ад яго уцячы — і назаўсёды?

Яна, нібы ўколатая, рэзка ўзняла на яго вочы:

— А ты чакаеш? З нецярпеннем?

— Мо лепей сказаць — са страхам...

— Вось як... — яна задумалася, а потым зноў схамянулася: — А ты прыйдзеш мяне праводзіць?

Предыдущая главаГлава 21 из 42Следующая глава