— А мо тая знаёмая пачакае? — даволі груба спытаўся ён.
Яна не адразу азвалася. Ён пачуў яе цяжкае ўздыханне, а потым голас:
— Добра... То прыходзьце ў дзевяць...
Сказала — нібы падала міласціну, — так, ва ўсякім разе, адчуў сябе Рамейка, пачуўшы і «пераварыўшы» яе апошнія словы. I ён паклаў трубку, не знайшоўшы што сказаць, бо на язык прасілася лаянка — не так ад злосці на яе, як на сябе: што табе трэба ад яе, Рамейка, што ты вымольваеш у яе літасць, як той апошні баязлівец у разгневанага пераможцы? Які ты пасля гэтага мужчына?
Але праз колькі часу трохі адышоў.
Пад канец рабочага дня далі зарплату. Рамейку прыплюсавалі ганарар за пераклады, і яму выйшла кругленькая сума — рублёў недзе за пяцьсот: ён нават не чакаў такога свята. Па дарозе дадому, як заўсёды, заходзіў у магазіны, напаўняў свой пакоўны партфель. Нейкі ўнутраны пад’ём адчуваў у сабе Рамейка, як прадчуванне нечага добрага. Няўжо грошы вінаваты? Мо і яны, хоць грошы яго не надта хвалявалі, а вось жа добра, калі яны пад рукой. Тады неяк смялей, тады неяк зацішней жывецца. Але не так часта наведвалі яго такія ўдачы — хутчэй наадварот, даводзілася пазычаць. Толькі апошнія гадоў пяць ці болей неяк выбіўся з даўгоў, ужо ў яго самога сяды-тады хто-небудзь пазычаў.
Жонка паспела прыйсці першай, ужо тупала на кухні: варыла бульбу, курыла і слухала рэпрадуктар. Яна пераапранулася ў светла-ружовы халат з шырокімі ўкарочанымі рукавамі, які маладзіў яе і рабіў прывабнай. Але яна спаткала яго іранічна-жартоўна, з падколам:
— Дома ў халадзільніку хоць ваўкоў ганяй, а гаспадар недзе бадзяецца.
— Воўка ногі кормяць, раз ты пачала пра ваўкоў, — адказаў Рамейка. Ён скінуў плашч і стаў выгружаць на кухонны столік усё, што было ў партфелі. — У нас, каб ты ведала, зарплата і ганарар таксама. Таму я і ішоў праз магазіны.
Марына неяк замітусілася, затушыла пад кранам папяросу, пачала браць са століка і складваць у халадзільнік сардэлькі, рыбу, кавалак сыра, свіное мяса.
— А навошта браў гэтае чарніла? — паказала на бутэльку віна. — Толькі дарэмна грошы траціш.
— Я ж ведаў, што ты так скажаш, і таму купіў белай-горкай для цябе спецыяльна.
— Ну то дзякуй... Колькі ж хаця адхапіў ганарару? — другім, лагоднейшым голасам спыталася яна.
Рамейка хацеў павадзіць яе за нос, але перадумаў. Дастаў грошы з патайное кішэні пінжака, паклаў на столік перад жонкай.
— Вось палічы. Усяго з зарплатай пяцьсот трыццаць сем рублёў. Па дарозе распусціў больш як дваццаць пяць. Так што твае пяцьсот, мае — астатнія. — I ён адняў ад кучкі грошай дзесятку з трыма рублямі.
Жонка кінула прыбіраць са століка, узяла грошы, пералічыла, глянула на мужа нейкімі чужымі, бліскучымі вачыма і сказала ціха, але цвёрда:
— Аддай і тыя, навошта яны табе? Усё роўна з алкашамі прап’еш. Я цябе ведаю.
— Раз ведаеш, то ведай, — спакойна адказаў Рамейка і схаваў грошы. — Гэта мне на дробныя расходы.
Жонка не стала пярэчыць, забрала свае грошы і панесла ў спальню. Рамейка сам узяўся наводзіць парадак у халадзільніку. Дастаў назад селядзец, ачысціў яго ад лускі, парэзаў і паклаў на сподак. Што яшчэ? Да бульбы не шкодзіла б свежай свініны. Праўда, з яе трэба было пачынаць, бо рукі ўжо прапахлі рыбай. Ды не бяда!
Вярнулася жонка, абвяла вачыма кухню і сказала:
— Ідзі паляжы, не таўчыся тут, я зараз сама.
Рамейка яшчэ раз памыў рукі, пайшоў у свой кабінет-спальню. Тут недзе схавала грошы Марына, а вось дзе — ён не ведаў. А чаму так?
Ён раскінуў канапу, дастаў з сярэдзіны падушку, падумаў пераапрануцца, але махнуў рукою.
Бухнуўся на канапу, з асалодаю расслабіўся. Думаў пра жонку. Яшчэ стаяла перад вачыма, як яна пералічвала грошы. Ах, як лёгка заткнуць ёй рот грашыма — адразу змаўкае, адразу робіцца шаўковай. Хоць дробязнасць прарываецца ўсё роўна: даў ёй пяцьсот рублёў, то аддай і апошнія дзесяць. Каб потым ты ў яе прасіў, вымольваў, а калі яна не ў гуморы, то яшчэ і рубля можа не даць. I адкуль такое дробнае ўласніцтва, чаму яно такое жывучае? Няўжо яно родзіцца разам з чалавекам?..
Потым як спахапіўся: дзе гэта малая? Калі ні прыйдзі, яе ўсё няма. Няўжо дзіця выходзіць з-пад кантролю? Самы небяспечны ўзрост...
Устаў, пайшоў на кухню. Усё ўжо стаяла на стале, жонка адцэджвала каструлю з бульбаю. У носе прыемна казытаў пах кмену.
— Хто абіраў бульбу? — ні з сяго ні з таго спытаўся Рамейка ў жонкі.
Яна паглядзела на яго здзіўленымі вачыма.
— Як гэта хто? А хто заўсёды абірае? — Яна высыпала палову бульбы ў глыбокую талерку, астатнюю закрыла і паставіла на пліту.
— Што ты, дык я ведаю. А вось малодшая дачушка... Яна хоць умее абіраць бульбу?
— Сядай вось. Прычэпішся абы да чаго. Дзіцяці і так няма калі за школаю дыхнуць, а ты хочаш, каб яна яшчэ табе на кухні прыслужвала. Хопіць, што я...
— Толькі ты, толькі ты, — перабіў яе Рамейка. — Ведаю я тваю песню. Калечыш дзіця, я табе не раз казаў. Але досыць, давай вячэраць. Я галодны.
Яна ўважліва паглядзела на яго, нешта хацела сказаць, але чамусьці прамаўчала.
— То налівай, раз у нас такое свята. Каб часцей, — сказала яна і ўсміхнулася.
Дзіўная рэч, але Рамейка заўсёды трапляў пад настрой субяседніка, і гэта яго проста іншы раз прыгнятала: ніяк не мог пазбыцца чужога ўплыву, чужога настрою. Вось была Марына хмурная — і ён быў хмурны, як хмара. А ўсміхнулася яна, расцвіла — і ён адразу перамяніўся і павесялеў, неяк стаў як бы рухавейшы, раскуты і вольны. Адчуў сябе як бы гаспадаром, хоць ён ім быў і дагэтуль — ды не такім.
Яны выпілі па чарцы, сталі закусваць. Рамейка напаў на сопкую бульбу з селядцом — гэта была яго любімая страва. Марына далікатна рэзала на талерцы кілбасу.
— А ведаеш, што я падумала? — яшчэ не пражаваўшы добра, з поўным ротам, як некуда спяшалася, загаварыла жонка: — Нам трэба купіць яшчэ адзін дыван. Я чула, што яны хутка падаражэюць.
— Хай сабе даражэюць, што нам да таго? — лыпнуў вачыма знізу ўверх Рамейка, аблізваючы пальцы. У яго ўжо злёгку закруціла ў галаве, неяк палягчэла на душы.
Апошні час ён вунь як даўно не сядзеў дома за сваім кухонным сталом разам з жонкай у міры і злагадзе. Часцей за ўсё яны сварыліся, таму Рамейка шукаў сабе спакайнейшага і больш прыемнага застолля. Вось і цяпер яна пачынае заводзіцца.
— Як гэта што? Няўжо ты такі цвердалобы? Вось адзін ёсць — адной дачцэ, другі — другой...
— Хай самі сабе купляюць, — адмахнуўся Рамейка, — а я не збіраюся.
— Вось я і кажу: які ты бацька? Табе не трэба было заводзіць дзяцей, — спакойна, але з прыхаванаю крыўдай выгаварыла яму Марына. — Вучыся ў добрых людзей, будзь як чалавек!
— Што ты заўсёды на людзей ківаеш? Жыві сваімі мазгамі.
Яны гаварылі доўга, але да згоды так і не прыйшлі — кожны вярнуў у свой бок. Другі раз Марына ўжо напэўна пачала б абзываць яго і сяк і гэтак, але сёння была стрыманай і нават лагоднай.
— Ну чаму ты такі калючы, як вожык? — сказала Марына і, выцягнуўшы руку, дастала да яго галавы, зблытала яму акуратна прычасаныя сіваватыя валасы: — Чаму я ніяк цябе не ўгавару? Усё роўна гэтыя грошы разыдуцца, як сліна. А купім — то будзем мець рэч. Ці праўду я кажу?
— Ну, ты заўсёды кажаш праўду, гэта ў цябе ў крыві... Купім з другога майго ганарару. А з гэтых я хацеў паслаць трохі бацькам — маім, тваім... Ужо даўно не пасылалі...
— Ай, выдумляеш! Навошта яны тым бацькам? Думаеш, у іх няма сваіх? Болей як у цябе! Перастань! — накінулася яна на Рамейку. — Давай лепей збіраць на машыну, як добрыя людзі.
— О Божа, зноў добрыя людзі! — ускіпеў Рамейка і змоўк, бо на язык прасіліся рэзкія словы. Марына іншы раз загаворвала пра машыну — што добрая рэч: калі захацеў, тады і сеў, і паехаў — адна любата. I вось ужо гатовае рашэнне, а ты, Рамейка, давай толькі грошы. Усяго толькі! Астатняе — яна. Не жыццё, а маліна! Не, трэба ёй забіць некалькі цвікоў у мазгі.
— А ты ведаеш, колькі клопату з машынаю? Спытайся ў таго, хто яе мае! Ён праклінае той дзень, калі набыў машыну.
— Ну, такі кансерватар, як ты, праклінае. Але затое жонка, дзеці — шчаслівыя і радыя. Мо скажаш — не?
— Што жонцы? Што дзецям? Яны пасажыры, а вось каб ты пасядзела за рулём...
— Не страх! Яшчэ як буду вадзіць! А ты будзеш пасажырам, для нагрузкі на колы. Згодзен?
— Як баласт? Вельмі зручна і выгадна. Любата!
Па ўсім відаць, што жонка палічыла сваю місію закончанай — муж здаўся! Яна ўстала са сваёй табурэткі насупроць, падышла да яго, абхапіла за шыю і моцна пацалавала ў вусны. Ён ад нечаканасці ажно аслупянеў: што гэта робіцца з кабетай?
— Ты не глядзі так падазрона на мяне. Калі ты будзеш чалавекам, я вунь як буду цябе любіць. Вось пабачыш! Думаеш, я ўжо нікуды не варта? Ты вельмі і вельмі памыляешся, калі так думаеш!
Яна адпусціла яго шыю, а потым нагнулася да вуха і сказала шэптам:
— Я іду ў спальню. Праз... прыходзь праз дзесяць хвілін. Зразумеў? — яна яшчэ раз пацалавала яго — ужо у шчаку — і неяк тэатральна-ненатуральна, штучна-роблена, падскокваючы то на адной, то на другой назе, гулліва азіраючыся і падміргваючы, выйшла з кухні.
Рамейка толькі скрыпнуў зубамі — аж моташна ад яе гульні! Калі яна была шчырай — адзін Бог ведае. Ён падумаў колькі хвілін і ціха выйшаў у прыхожую, стаў паспешліва апранаць плашч. Была дзевятая гадзіна.
Той вечар Рамейка паспеў на спатканне з Ларысай Ланеўскай. Аднак нешта замінала і яму і ёй быць раскутымі, шчырымі. Рамейка не пазнаваў сябе — і Ларысы таксама.
Чаму так было з ім, ён яшчэ разумеў: толькі што перажыў непрыемную сцэну з жонкай, калі ён так груба адвярнуўся ад яе, абразіў сваёй няўвагай мо нават яе шчырыя пачуцці, — і тым горш, калі шчырыя. А вось чаму Ларыса такая з ім сёння, Рамейка не мог даўмецца. Мо таму, што бачыла яго нейкім не такім, як звычайна? Знаходзіла нешта такое, што замінала ёй быць шчырай, якою ён ведаў яе раней? Магчыма, Ларыса нават лічыла, што ён перадумаў, перамяніў свае погляды на іх адносіны, а то, чаго добрага, скажа зараз: «Я болыш да цябе не прыйду», — ці нешта падобнае.
У той вечар яны доўга хадзілі па вуліцы каля яе вялікага дома, гаварылі, маўчалі, зноў гаварылі, спрачаліся — ледзь не да сваркі даходзіла некалькі разоў за вечар.
Рамейку часам здавалася, што Ларыса знарок ідзе на абвастрэнне, што яна чамусьці нават хоча, каб ён, Рамейка, сказаў ёй: «Я больш да цябе не прыйду», — хоць напачатку яму здавалася, быццам яна баіцца такога павароту.
За той вечар ён так і не зразумеў, чаго яна хоча: міру ці разрыву? Саюзу ці сваркі? I ўжо стаў нават сумнявацца, ці кахае яна яго, як тады, у першыя дні іх збліжэння? А мо знарок распальвала яго, каб ён адкрыта і шчыра кінуўся ў спрэчку, без усякіх агаворак прызнаўся ва ўсім, раскрыў свае карты? Хоць якія ў яго сакрэтныя карты? Фактычна, ён нічога ад яе не таіў, і яна мо нават гэтым карысталася, каб пазлаваць яго. Яна, як знарок, у той вечар шмат упамінала пра Нону Варанчак — не для таго, каб дакараць, а для таго, як яму здалося, каб сказаць, што ён, Рамейка, не такі ўжо бязгрэшны, якім сябе малюе, і што яшчэ невядома, як было б, калі б з Нонай Варанчак не здарылася такой бяды.
Рамейка гарачыўся і даказваў, што нічога, апрача пасцелі, іх не звязвала, а Ларыса даводзіла, што пасцель для мужчыны вельмі шмат значыць. I — жаночая логіка! — не так для мужчыны, як для жанчыны: калі Нона ацаніла яго як мужчыну, то яна зрабіла б усё, каб ён стаў яе мужам. А Рамейка з азартам даказваў, што невядома, чым бы ўсё скончылася ў яго з Варанчак, хоць, фактычна, яны паспелі парваць адносіны да таго, як Варанчак утапілася. Аднак ён ведае адно, і вельмі цвёрда: каб не Варанчак, ён ніколі не асмеліўся б на збліжэнне з ёю, Ларысай Ланеўскай. Так што тут ёй або трэба дзякаваць, калі ўсё ў іх будзе добра, або, наадварот, праклінаць, калі, крый Божа, у іх усё разладзіцца, ці, яшчэ горш, наладзіўшыся, потым стане разладжвацца.
Яе нават заінтрыгавала, чаму ён гаворыць, што Варанчак паспрыяла іх збліжэнню. Пры чым тут Варанчак?
Рамейку было няёмка тлумачыць, чаму ён так лічыць, аднак яна хацела ведаць, і Рамейка мусіў прызнацца, што Варанчак разбудзіла ў ім мужчыну, дала яму адчуць сваю сілу, якой ён не адчуў за дваццаць гадоў сумеснага жыцця з жонкай і мо ніколі не адчуў бы, каб не асмеліўся пайсці на збліжэнне з Варанчак, а праўдзівей, каб яна сама не распаліла ў ім такой смеласці ці проста цікаўнасці.
«А я кажу, што ты ад Варанчак не выкруціўся б, — даказвала яму Ларыса, — тут асноўнае — узяць правільную лінію паводзін, умець іграць якраз на той струне, на якой падабаецца мужчыне, чаго не ўмее, відаць, рабіць твая жонка... А мо я памыляюся? Мо якраз ты толькі прыкідваешся, толькі гаворыш, што жонка табе не верыць, цябе не любіць, а мо ў душы вунь як цябе любіць, ну а верыць — то і праўда, што ёсць падставы не верыць. Як ты лічыш, ёсць?»
Рамейка адразу стаў гарачыцца: «Цяпер, у гэтую хвіліну, ёсць, бо я вось хаджу з табою, а раней? Чаму яна мне не верыла і не верыць усё наша жыццё?»
«Мо яна чалавек з хваравітым уяўленнем ці фантазіяй, тут сказаць цяжка... А ты старайся разбіць гэтае яе недавер’е, старайся даказаць, што ты ёй верны?»
«Я ўсё жыццё хачу ёй гэта даказаць — і мне ўжо абрыдла, я стаміўся, і таму я вось з табою».
«Не быў бы са мной, дык быў бы з нейкаю іншай, маладой і прыгожай».
«Вось так і лічыць мая жонка. Калі я толькі, груба кажучы, адарваўся ад яе спадніцы, то я ўжо недзе трымаюся за чужую. Жаночая логіка! Ведаеш прыклад жаночай логікі?»
«Не ведаю. Раскажы».
«Тады слухай. Адна кабета кажа: мой муж так мне здраджваў, так здраджваў, што я не ўпэўнена, ці мае гэтыя дзеці ўсе ад яго».
«Я ведаю адно: калі муж не верыць жонцы, то і яму нельга верыць. Відаць, тое самае і з жонкай...»
«Ты сур’ёзна? А я сваёй чамусьці веру».
«А мне мой Сечанаў не верыў. А сам быў вунь які... Пра людзей кожны судзіць па сабе».
«Тут я згодзен. Адзін кажа: усе людзі нішто! I сам ён такі — менавіта нішто! А хто кажа: кожны чалавек — гэта цэлы свет, ён і сам такі — багаты і цікавы, як свет...»