Каб не людзі навокал, Рамейка, здаецца, скакаў бы, як вар’ят, і спяваў бы песні, ён проста не пазнаваў сябе — нібы нешта замянілі ў ім самае істотнае, нешта вынялі з яго такое, што дагэтуль не давала яму быць самім сабою, нібы нешта скоўвала, як жалезны абруч. I вось гэты абруч, рассечаны сталёвым зубілам, як кайданы з нявольніка, са звонам упаў да яго ног, і ён адчуў невераемную лёгкасць, якой не ведаў дагэтуль ніколі, — і нават не думаў, што такое можа быць з чалавекам.
Дык няўжо ён не мае маральнага ці якога іншага права ісці насустрач свайму шчасцю, а ўцякаць ад таго, чаго падсвядома і свядома чакаў і шукаў, але што дагэтуль абыходзіла, абмінала яго? Няўжо ён сам збочыць, спалохаецца адказнасці перад сваім сумленнем, перад людзьмі, перад жонкаю і дзецьмі?
Ну не! Даволі! Хопіць! Ён ужо колькі год рыхтаваў сябе да такога фіналу. Бачыў, адчуваў, што жыццё яго нецікавае, аднастайнае і шэрае, што ён толькі як парабак у пана: зрабіць, прынесці, падаць, — выканаць чужую волю, а што ў цябе ёсць душа і яна часам баліць ад крыўды і несправядлівасці, пра гэта маўчы, у гэта ніхто не паверыць, бо як табе можа там нешта балець, калі ты толькі слуга, толькі выканаўца чужое волі? А нават калі і баліць? Хай баліць — каб ведаў, што ты таго і варты. Ты павінен прыносіць — і ўсё больш і больш, толькі так ты можаш заслужыць часовую павагу ў іх, гаспадароў жыцця.
Гэта, калі можна так сказаць, маральна-эканамічны бок яго існавання... А калі ўзяць чыста фізічны, мужчынскі... О, каб ён мог расказаць сваю праўду, яго зразумеў бы кожны мужчына, яго пашкадавала б кожная жанчына!
Але ён гэтага нікому не раскажа, бо такая ўжо ў яго натура, вунь колькі павучальнага для іншых, асабліва для маладых, мог бы ён расказаць, раскрыўшы інтымныя адносіны са сваёй жонкай. Вельмі шкада, што ў нас пра гэта мала гавораць і яшчэ меней пішуць. Мо таму так і многа разводаў, што сям’ю ў нас кожны будуе на свой уласны страх і розум — будуе, як ведае, як умее, а часцей за ўсё якраз і не ўмее і не ведае, і таму выходзіць не тое, што трэба. Бо ў кожнай галіне жыцця ёсць нейкая тэорыя, навука — не стане ж будаваць дом чалавек, які зроду не трымаў сякеры ў руках ці не клаў цэглы. А вось навуку аб сям’і, аб жыцці маладога мужа і жонкі ніхто не напіша, хоць у запасе ў народа тысячы год добрай і кепскай практыкі. А чаму так робіцца — невядома. Ці мо людзям няма часу напісаць такі падручнік, ці яны думаюць, што і самі ўмеюць рабіць такую нескладаную, простую справу, як будаваць сям’ю, радзіць і выхоўваць, гадаваць дзяцей?
Праўда, і па падручніку нельга навучыць усіх людзей жыць калі не ідэальна, то хоць бы прыстойна, аднак жа навошта кожнаму паасобку зноў і зноў вынаходзіць веласіпед, калі яго даўно вынайшаў адзін чалавек і сказаў усім: карыстайцеся на здароўе!
Яшчэ, здаецца, ёсць адна перашкода — нейкая спрадвечная сарамлівасць, што датычыць такой далікатнай справы, як інтымныя адносіны маладое пары, як таямніцы іх спальні, іх пасцелі, — словам, усяго таго, што звязана з такім, здавалася б, не засакрэчаным, такім шырокім працэсам, як узнаўленне чалавечага роду.
Не, неяк трэба рабіць, каб грамадства брала пад кантроль увесь-увесь гэты важны працэс — нават не брала, а проста элементарна вучыла, як вучыць добры бацька ці маці, як вучыць добры настаўнік...
Часам Рамейка смяяўся са сваіх такіх разваг. Ну навошта яму ўсё гэта? Яго песенька спета — што яму яшчэ трэба? У яго ўжо вялікія дзеці, у яго ўжо дарога з гары ўніз, а яна хуткая і кароткая. Дык навошта яму ламаць яшчэ галаву над тым, пра што павінны думаць іншыя, — хто прыйшоў пасля яго, хто сёння малады і дужы і не мае патрэбы ні ў чужой парадзе, ні ў падказцы?
Смешны ты, Рамейка, са сваім доўгім носам-гурочкам, які ты хочаш сунуць дзе трэба і дзе не трэба. Чалавецтва абыдзецца без тваіх парадаў і рэцэптаў, пражыве, як пражыў ты сам... Сам... Не, сам Рамейка ніяк не можа сказаць, быццам ён не слухаў, што кажуць людзі. Але ён неяк умеў выбіраць тое, што яму патрэбна, і адкідаць тое, што яму не падыходзіць. Як добры гаспадар у лесе адразу бачыць, на што згодзіцца яму кожнае палена, кожнае бервяно: гэта на падваліны, гэта на штандару, тое на слупок у плот, вунь тое на лату ці ключ, а гэта — на венікі.
Так, відаць, і з кожным чалавекам, інакш ужо даўно людзі вырадзіліся б, прыйшлі б у заняпад. Бо хочаш ты таго ці не, а калі жывеш побач з людзьмі, то воляй-няволяй станеш пераймаць у іх — і добрае і кепскае. I хвала табе, калі ты яшчэ зможаш адрозніць першае ад другога. Бо і праўда, не кожны чалавек гэта можа рабіць. Яго вучаць — бацькі, настаўнікі, суседзі. Добра, калі ў бацькоў былі добрыя бацькі, добра, калі ў дзяцей былі добрыя настаўнікі. Тады можна спадзявацца на лепшае...
Што ж застаецца яму, Рамейку? Набыць такі горкі вопыт і не перадаць яго нікому? Як многа траціць кожнае пакаленне, што не скарыстоўвае набытага папярэднікамі! А калі і скарыстоўвае, то зусім мізэрны працэнт. З такімі расходамі чалавечай энергіі мы будзем прасоўвацца наперад чарапашым крокам.
Што ж застаецца? Змірыцца і ціха рабіць сваё? Не, лепей не змірыцца і рабіць сваё — каб людзі вучыліся ў людзей дабру!
...Яшчэ чым падабаецца яму Ларыса Ланеўская? Тым, што яна добрая душою, што яна не разгубіла за жыццё сваіх лепшых пачуццяў, не страціла веры ў чалавечую дабрыню. А на яе месцы не кожны змог бы застацца такім, як яна. Ларыса не зайздросціла, не плакала, не наракала на лёс, не кідалася ў роспач, а цярпліва, мужна рабіла сваю нялёгкую работу, гадавала дзяцей. Былі ў яе, пэўна ж, хвіліны адчаю, роспачы, калі жыццё траціла ўсякі сэнс, калі ўсё здавалася нікчэмным і непатрэбным, а ўсе яе намаганні — дарэмнымі. Але яны праходзілі, такія хвіліны ўпадку духу, як праходзяць дажджавыя хмары, — і зноў на небе з’яўляецца сонца, і свет здаецца прывабны, і людзі прыветлівыя, — і хочацца жыць і рабіць, жыць не толькі для сябе самога, а і для ўсіх.
Яна — натура няпростая, яна моцная духам, і такой яе зрабіла жыццё. Той, хто плача, — слабы, хто падае руку дапамогі другому, — моцны.
Дык навошта тады ёй яго рука?
17
Усе складаныя задачы, як правіла, рашаюцца проста.
Рамейка пазваніў па тэлефоне, павітаўся з тым голасам, што сказаў «алё», і папрасіў да тэлефона Ларысу — па ўсіх яго падліках яна павінна быць дома. Але ломкі юначы голас на другім канцы провада адказаў, што мамы няма.
— А дзе яна? — зусім механічна спытаўся Рамейка.
— Пайшла ў АВІР, — адказаў малады голас.
Рамейка першы раз чуў такое слова, і яму здалося, што ён не расслухаў.
— Як, як? А што гэта такое?
У трубцы пачулася цмоканне — так чалавек часам хоча нешта сказаць, але не знаходзіць патрэбнага слова.
— АВІР — гэта нешта такое па выездзе за мяжу.
— А хто ў вас выязджае? — са здзіўленнем у голасе спытаўся так жа механічна Рамейка.
У трубцы памаўчалі — гаварыць ці не? — і той жа ломкі катэгарычны хлапечы голас адказаў коратка:
— Мама і я.
Больш пытацца не было сэнсу — хлопец мо і так сказаў лішняе, чаго не трэба рассакрэчваць і што неяк зляцела з языка.
— Ну што ж? Выбачайце. Пазваню другім разам, — сказаў Рамейка і павесіў трубку.
«Мама і я», — вось хто выязджае. А чаго? Чаму? Куды? Сто пытанняў паўстала ў яго ў галаве. I ні на адно ён не мог адказаць. Дзе той АВІР, ён не ведаў, а каб ведаў, то які сэнс ісці туды ці бегчы? Нібы ён нешта можа змяніць? I што ён скажа ёй? Заставайся, бо я цябе люблю? Так можа сказаць дзіця, а не чалавек у яго гадах. А што ён можа сказаць ёй болей? Што паабяцаць? Чым памагчы? Нейкія цьмяныя думкі пачалі варушыцца ў яго галаве... Чалавек жыве неяк стыхійна, не гатовы да рэзкіх паваротаў, перамен. Здаецца, усё будзе так, як ёсць, — і таму нічога не трэба думаць, мітусіцца. А тут раптам — нечаканы штуршок, рэзкі паварот... I чалавек, як бездапаможны шафёр, які толькі нядаўна сеў за руль, не паспявае зарыентавацца і можа ўрэзацца проста ў слуп. Так і з Рамейкам.
Ніколі чалавек не ведае, адкуль чакаць удару. Вось цяпер: хто мог падумаць, што яна збіраецца выязджаць? Яму і ў галаву такое не прыходзіла, а яна сама пра гэта нават не заікалася. Значыць... Значыць... пра яго яна не думала, не ўлічвала, што ён ёсць і з ім трэба хоць параіцца. Хоць бы параіцца... Вось якая ты, Лорка, Ларчык...
Няпроста Ларчык адмыкаўся, няпроста... А ён думаў... Многа ты думаў, Рамейка, ды ўсё не ў той бок. А час ужо і паразумнець, дакуль можна быць такім дылетантам, так павярхоўна бачыць людзей, не разбірацца ў іх душах. Эх, Рамейка! I ламанага гроша ты не варты! I гэта яна, напэўна, убачыла і таму так робіць — без цябе, без твае рады-парады, без твае дапамогі... Вось ты хадзіў да яе, ляжаў з ёю ў пасцелі, а вось ці спытаўся хоць раз, чым жыве, што яе турбуе, што мучыць, што ёй трэба, як урэшце яна адносіцца да яго, да іх сувязі, як думае жыць далей і што павінен рабіць ён, Рамейка, каб іх адносіны набылі нейкую яснасць, перспектыву, пра гэта ніколі ты, Рамейка, у яе не спытаўся, не пацікавіўея, нават не падумаў пра ўсё гэта сур’ёзна, а калі і думаў, то толькі так, эпізадычна: сустрэўся, меў для сябе нейкую карысць, прыемнасць, а потым завярнуўся і пайшоў — да новае сустрэчы. Ніколі не падумаў нават, што мо яна ўжо апошняя, гэта сустрэча! Вось які ты чулы, Рамейка, вось які ты разумны, вось як далёка ты глядзіш наперад! Эх ты, калода гнілая! Пень стары, трухлявы! Нічога ты не разумееш, не разбіраешся ў чалавечай душы! Мераеш усіх на свой аршын, думаеш, нібы і ўсе такія, як ты, непаваротлівыя, сонныя і не бачаць далей свайго носа!
Палаяў так сябе Рамейка, паўшчуваў — і, здаецца, стала трохі лягчэй на душы.
А вечарам зноў пазваніў да Ларысы — і яе яшчэ не было дома... Вось так табе, Рамейка! I хваля злосці на сябе навалілася на яго яшчэ з большаю сілай.
Дзіўны ты чалавек, Рамейка! Калі б гэта ты «ўцякаў» ад яе, то, значыць, так і трэба, значыць, так і павінна быць. А вось калі ад цябе «ўцякаюць», «уцякае» жанчына, то табе ўжо не даспадобы, цябе гэта ўжо заядае: ад яго нехта ўцякае, ён некаму не падабаецца, што ж гэта такое? Несправядлівасць, абраза, не ганарова... А які ў цябе гонар? Дзе, калі, каму ты яго паказаў? Калі за яго пастаяў, калі за яго заступіўся? Абараняў толькі свае вузка-эгаістычныя інтарэсы. Тое ж самае і цяпер. Чаму цябе так заела, абразіла, што яна некуды едзе? Што ты траціш урэшце? Чаму не радуешся, што лёгка адкруціўся, нічым не заплаціў за тое, што звычайна цяжка дастаецца і што дорага каштуе?
Так патрохі прасяваючы свае пачуцці і думкі на пустое сіта, адвейваючы мякіну, ён паступова знаходзіў тое зерне, якога шукаў: усё-такі ён яе любіць, кахае! I якраз гэта галоўнае, чаму яго закранула за жывое, калі ён пачуў, што яна збіраецца выязджаць. Не, такое жанчыны ён у сваім жыцці не сустракаў, — вось тое пэўнае, што ён можа сказаць. I душой і целам гэта якраз той рэдкі чалавек, якога ён свядома і падсвядома шукаў. I вось ён, гэты чалавек, памахаў яму ручкай — і недзе паехаў... ці паедзе, якая розніца? Калі ўжо ў іх усё вырашана, то што зможа перамяніць ён? — ужо каторы раз прыйшоў да такой думкі Рамейка. Нічога ўжо ён не пераменіць, бо мала, надта мала ў яго аргументаў, каб яна адмяніла сваё рашэнне.
А падумаўшы, то мо няма чаго плакаць. Ці ўжо так свет клінам сышоўся на Ларысе Ланеўскай-Сечанавай? Мо яшчэ ты падзякуеш Богу, Рамейка, што ты размінуўся з гэтай асобай, якой яшчэ добра не ведаеш, аб якой можаш строіць толькі здагадкі? А яна, здаецца, рашучая, не менш, чым была Варанчак, і магла б так сапсаваць табе біяграфію, калі што якое, што і дзесятаму заказаў бы.
А так будзеш жыць са сваёю Марынай, будзеш мець яшчэ якую-небудзь маладую Дуньку — і што табе болей трэба? Колькі табе ўжо засталося? Пяцігодка, ну дзве — і ўсё, пішы прапала. Дык чаго лезці на ражон? Жыві паціху-памалу і радуйся таму, што маеш.
Ды і парваць з сям’ёю ў цябе сілы не будзе, гэта табе павінна быць вядома, Рамейка. Гэтулькі разам пражыта! Што людзі скажуць? Ты думаў пра гэта?
Пэўна ж, ён думаў — і не раз. Часам яму здавалася, што ў яго хопіць сілы парваць са старым ладам жыцця, а іншы раз, што грэх таіць, ён проста смяяўся са свае так званае рашучасці, якой у яго хапіла б толькі на словы. Што і казаць, не так лёгка расстацца з тым, што ствараў гадамі, для чаго жыў, у што ўкладваў душу, зарплату. Асабліва шкада было дзяцей: як, якімі вачыма глянуць яны на яго, што скажуць? А што ён ім скажа, як апраўдае свой учынак? Здрада, дэзерцірства — як іх апраўдаць? Пэўна ж, можна знайсці больш мяккія словы, але ад такой замены лягчэй не стане, і душа будзе балець, як балела, — будзе балець і сплываць крывёю...
Назаўтра Рамейка пазваніў Ларысе на работу, якраз у яе была дзённая змена. Папрасілі пачакаць. Доўжыліся хвіліны... Нарэшце бразнула трубка, пачулася дыханне чалавека, які хутка ішоў або ўсхваляваны чым-небудзь.
— Алё, гэта вы, Ларыса Іванаўна? — не дачакаўшыся нават пачуць яе голас, спытаўся Рамейка.
— Я, — адказала яна, — толькі не пазнаю, з кім гавару...
— Як не пазнаяце? Ну, не чакаў ад вас такога, Ларыса Іванаўна, — нейкім неймаверным напружаннем волі перайшоў на жартоўны тон Рамейка.
— Ага, цяпер пазнала... — і яна асеклася, зрабіла паўзу. — Мне казаў сын, што вы званілі.
I яна, як і ён, перайшла на «вы», хоць ужо даўно былі на «ты». Рамейка чакаў натуральнага ў такім разе пытання — чаго, але яна зноў замоўкла.
— Я хацеў бы вас бачыць, Ларыса Іванаўна... — і асекся, як яна нядаўна: не ведаў, што сказаць — зноў усплывала пытанне «чаго»? I яму цяпер ужо самому трэба было тлумачыць прычыну, — хацеў бы з вамі пагаварыць...
— Дык я вас слухаю, — сказала яна, перарваўшы паўзу, і па тоне голасу Рамейка адчуваў, што яна хоча чуць яго, хоча ведаць, пра што ён будзе гаварыць з ёю, — і разам з тым як бы баіцца, як бы асцерагаецца, нават пазбягае гутаркі.
— Лепш не па телефоне... Мо я зайду... У колькі вы канчаеце работу?
— У дзевяць вечара... Хоць... у мяне быў план... пайсці да знаёмай...
У Рамейкі пачынаўся ўжо нервовы цік — вусны самі сабой сталі крывіцца і ўздрыгваць.