1
Апошнім часам Рамейка нечага стаў задумвацца, нешта як успамінаць, спыняцца на паўдарозе — перастаў хутка хадзіць, як гэта ён любіў заўсёды, абыходзіў бокам знаёмых ці рабіў выгляд, што не заўважае іх; дома, у сям’і, гаварыў мала, стараўся як найхутчэй знікнуць з вачэй жонкі, дзяцей, часам без прычыны пачынаў сварыцца, каб ніхто не лез у вочы, — хацелася быць аднаму, нікога не чуць і не бачыць. Нейкія няясныя прадчуванні турбавалі яго, вярэдзілі душу.
У яго гадах — яму бралася пад пяцьдзесят — такія перамены ў настроі — не навіна, з ім такое здаралася і дагэтуль. Ён ужо дабраўся да піка, да вяршыні свае жыццёвае гары і ўжо спускаўся ўніз, а гэта намнога лягчэй і хутчэй, чым узбірацца. Паступова ён лавіў сябе на тым, што жыве мінулым, што вочы і памяць яго скіраваны назад, а не перад сабою.
Што гэта? Старасць? Прыкметы яе, першыя веснікі? Напэўна, хоць фізічных перамен у сабе ён яшчэ не знаходзіў, не адчуваў, быў па-ранейшаму лёгкі на хаду, сэрцам не кволіўся, браў добра пад’ёмы, калі даводзілася дзе ісці пад горку, нават без перадышкі адольваў дзевяты паверх у сваім доме, калі часам псаваўся ліфт. Ну, з твару пэўна ж — выглядаў не так, як у трыццаць ці нават у сорак, аднак пры яго хударлявасці яму можна было даць на гадоў пяць меней. Выдавалі найбольш валасы —недзе за апошнія гады здорава пасівелі.
А тут нейкія новыя зрухі ішлі ў яго душы, адольваў нейкі неспакой, не пакідала трывога.
I пачалося ўсё, здаецца, з глупства, з дробязі. Перад Новым годам Рамейка, як заўсёды, выпісваў газеты. На картачцы, якую яму дала пажылая паўнацелая жанчына, што прымала падпіску, ён напісаў усе назвы газет і часопісаў, пазначыў сваё прозвішча і адрас. Потым расплаціўся — выходзіла недзе на пяцьдзесят рублёў, сярэдняя гадавая падпіска.
Прайшоў Новы год, а газет не было. Што за прычына? Рамейка ўзяў квіткі на падпіску і адправіўся на сваё паштовае аддзяленне, у аддзел дастаўкі, хацеў ужо нават пасварыцца, але яму паказалі, што пошта ідзе туды, куды яна адрасавана: дом той жа, а вось кватэра!.. Заместа «211» стаіць «21». Згубілася апошняя адзінка! Цікава, хто ўсё ж такі вінаваты? Рамейка імчыць туды, дзе выпісваў газеты, тая паўнацелая жанчына знаходзіць яго картку, на якой ён уласнаю рукою запісваў адрас: «кватэра 21»! «Скляроз!» — сказаў ён сабе, пачырванеў, як школьнік, і нявесела ўсміхнуўся. Яшчэ раз давялося цягнуцца на паштовае аддзяленне, перапраўляць адрас — і газеты пайшлі.
Такі, на першы погляд, нязначны эпізод паўстаў раптам у яго свядомасці нядобрым знакам: нехта выбудзе з яго сям'і! Дзвесце адзінаццаць, ён так лічыў, сімвалізавалі яго сям'ю: адзінка — ён, двойка — дзве дачкі, яшчэ адзінка — жонка. А можна перастаўляць як хочаш: двойка — ён з жонкай, адзінкі — дзеці. Дык вось — нехта згубіцца, выбудзе, адпадзе... I чым болей ён думаў, тым страшней яму рабілася.
Сам — усё можа быць. Тут жывеш — тут цябе няма: трапіш дзе пад калёсы, увяжашся ў якую-небудзь бойку, перап’еш — не прачнешся назаўтра. Ды яшчэ такі крытычны ўзрост — ён ведаў гэта трохі з медыцыны, хоць сам яе не любіў, асабліва цярпець не мог лячыцца, а калі і лячыўся, то сам, зёлкамі, у сілу якіх верыў. Жонка — здаецца, здаровая, ні на што асабліва не скардзіцца, толькі нервовая, курыць, кашляе. Дзеці... Няўжо?.. Старэйшая — студэнтка, вучыцца ў Віцебску, ездзіць у месяц раз, бывае, радзей — сюды, да іх... Малодшая — школьніца, ходзіць у сёмы клас, часам хварэе — нешта з печанню, шчытавідкай, некалькі разоў клалі ў бальніцу, але не так, каб ужо безнадзейна. Дык хто ж тады, хто?
Час ішоў непрыкметна — работа, клопаты, хваробы, нягоды, што засланялі сабой тое здарэнне, адсоўвалі недзе яго далёка, на нейкі час яно зусім прападала, але ненадоўга: як асколак ці куля у целе, яно сяды-тады ды нагадвала пра сябе шчымлівым болем, усплывала зноў: хто?
I часцей за ўсё ён згаджаўся на такі варыянт: калі ўжо тое павінна здарыцца, то хай лепш з ім. Маральна ён рыхтаваў сябе да такой непазбежнасці — каб не застала яго знянацку.
I, здаецца, доўга не давялося чакаць. Недзе пад вясну, калі дні пачалі прыбываць, а сонца прыгравала і снег гатоў быў крануцца ў дарогу, каб ачысціць зямлю, Рамейка нечакана адчуў непрыемны сігнал — боль у пахвіне ля правай нагі. Спачатку нават нічога не падумаў — ці мала там што забаліць, ды пройдзе. А ў суботу, прымаючы ванну, абмацаў пухліну — уздуліся лімфатычныя вузлы. Боль не востры, але нейкі глыбокі, як ідзе з сярэдзіны.
«Ну вось, радуйся, Алесь Рамейка, Усявышні выбраў цябе, уласнай персонай, — са здзекам сказаў ён сам сабе. — Твая песенька спета. Гэта — рак. А калі гэта ён, то колькі табе засталося? Мінімум — некалькі месяцаў, максімум — паўгода, год, і ён сваё возьме, ён сваю ахвяру не выпусціць. Так што рыхтуйся».
Ды што тут рыхтавацца? Ён быў якраз гатовы.
Глядзеў на сябе ў люстэрка ў ванным пакоі і не пазнаваў: вочы з ліхаманкавым бляскам, чырвоныя, прыпухлыя, як заплаканыя, павекі, нос «гурочкам» — тонкі ля пераносся і пад канец, з патаўшчэннем пасярэдзіне, — неяк яшчэ больш стаў вылучацца на твары з запалымі шчокамі, вусны пад жорсткімі, напалову сівымі вусамі сцяліся у тонкую лінію, валасы, здаецца, яшчэ больш пасівелі. А мо яму так проста здалося пасля ванны? Проста распарыўся, разагрэўся... Не, гэта ўжо быў не той чалавек, што паўгадзіны назад зайшоў сюды. Хай сабе знешне ён мала змяніўся, але ў душы ўжо не пазнаваў самога сябе.
Пра свой дыягназ ён нікому не сказаў, нават жонцы.
Але ад яе цяжка было схаваць любую перамену ў яго настроі, у яго выглядзе. За дваццаць год сумеснага жыцця яны навучыліся «чытаць» нават думкі, не тое што распазнаваць настрой, асабліва душэўны стан, боль ці яшчэ што — якая непрыемнасць на рабоце.
Яго настрой жонка заўважыла назаўтра, калі снедалі — была якраз субота, малодшая дачка пайшла ў школу, яны засталіся ўдваіх.
Жонка дастала з халадзільніка пачатую ўчора пляшку «Зверабою», проста на патэльні паставіла на стол яечню-подкалатку, якую вельмі любіў Рамейка, паклала кавалак вяленай рыбы, адкрыла слоік памідораў свае засолкі.
— Сядай, гаспадар, за стол, — роблена весела запрасіла жонка. — Будзем снедаць.
Яна была ў старым бляклым і ўжо добра пастраляным халаце, які даўно прасіўся на звалку, але вось неяк ні у яе, жонкі, ні у яго, мужа, не хапала смеласці выкінуць яго і ўзяць новы, які недзе ляжаў у шафе і даставаўся толькі у вялікія святы.
— Дзякую, Марына, ты сёння вельмі ласкавая, — сказаў ён і падышоў да яе, пагладзіў па плячы. Ён толькі што скончыў галіцца, быў свежы і духмяны.
Яна сцепанула плячом, скідаючы яго руку, і гэтак жа весела, як і спачатку, дадала:
— А ты нешта сёння як недаспаў. Нейкі шэры. Ці не пасварыўся часам з любоўніцай?
Гэта быў яе любімы намёк: жартам і ўсур’ёз прыпісваць яму любоўніц. Ён ужо нават перастаў крыўдаваць на яе за такія словы, хоць часам пад злосць груба і рэзка асаджваў яе, і тады пачыналася сварка.
Сёння для Рамейкі гэты намёк-папрок гучаў больш чым смешна, і ён у такім жа жартоўна-прыўзнятым тоне сказаў:
— Ты як у ваду глядзела: пасварыліся і разышліся кожны ў свой бок.
— Не бядуй, засумуе — то перапросіць...
Рамейка нехаця выпіў сваю чарку, падумаў сам сабе: «Адпіў ты, братка, сваё, можаш быць спакойны». А жонцы, каб не перапыняць гутаркі, сказаў:
— Ды ўжо ж, перапросіць. А калі і не — гэтулькі той бяды. Знойдзе другога, маладзейшага.
Яна глянула на яго сваімі цёмна-шэрымі, халоднымі вачыма, нібы шукала адказу: жартуе муж ці гаворыць сур’ёзна?
— I праўда, што з цябе возьмеш? Бач, як пасівеў... на чужых падушках, — дадала яна і нервова зарагатала — гэта была кепская прыкмега.
Рамейка прамаўчаў. Есці не хацелася, ён вяла закусваў, думкі яго разбягаліся, увязвацца ў сварку не хацелася.
— Давай яшчэ па адной, — сказаў міралюбна жонцы і наліў ёй і сабе: яны пілі пароўну.
Неяк непрыкметна, на яго вачах, яна мянялася, ён бачыў у ёй, у яе характары многа больш, чым дагэтуль, — нібы адышоўшыся ад чалавека, можна і праўда ўбачыць болей, чым зблізку.
— На тым тыдні я еду ў камандзіроўку, так што ты тут глядзі, вельмі не бегай, — сказала Марына і зірнула, здаецца, у самую душу. — Дзеці мне ўсё скажуць — калі і ў колькі прыходзіў.
— Я табе і сам скажу, за гэта не турбуйся.
— Ого, ты скажаш! Ты скажаш усё наадварот, — ужо трохі пачынала заводзіцца жонка. — Каб я толькі табе верыла!
«Да чаго ж бываюць дурныя і ўпартыя бабы! — закіпеў, але тут жа асадзіў сябе Рамейка. — Як убіла сабе ў галаву, што я бабнік, то ўжо і памру я такім у яе вачах. I нічым не дакажаш — не паверыць».
— Ты ў мяне галава! На тры аршыны пад зямлёю бачыш, — пахваліў ён жонку. — Каб не ты, я прапаў бы, як рудая мыш...
— Ты надта не смейся! Каб не я, ты мохам аброс бы, плесняю пакрыўся б.
Рамейка крыва ўсміхнуўся.
— То ты кажаш, што я лятун, што на месцы не ўседжу, то наадварот. Які ж я ўсё-такі?
— Хочаш шчыра? — яна закурыла, пускаючы дым угару, яго тут жа цягнула ў фортачку. — Ты толькі не крыўдуй... Ты гультай і бабнік, а гэта самая горшая катэгорыя мужчын, каб ты ведаў, мой мілы Алесь.
— Ну што ж, дзякуй за атэстацыю, — зазлаваў Рамейка, хоць і стрымліваў сябе. — Але мяне здзіўляе, як гэта ты, такая прынцыповая і сумленная, жывеш ужо дваццаць год з такім вось нікчэмным чалавекам, як я? Я — не жыў бы, каб ведаў, што ты, дапусцім, сякая і такая...
Яна зацягнулася дымам, абабіла попел з папяросы — манерна, указальным пальцам правай рукі, у якой і трымала папяросу, рука яе прыкметна ўздрыгвала.
— Эх ты, чалавеча! А што мне рабіць? Куды падзецца? А сям’я? 3-за дзяцей я жыву з табою... Ды і што людзі скажуць? Бацькі...
— Людзі, бацькі! Мы павінны жыць перш за ўсё для сябе, а не для людзей, Што людзям да таго, як мы жывём? Думаеш, яны плакалі б ад радасці, калі б мы з табой разышліся? Нічуць.
— А бацькі?
— Бацькоў шкода, яны хочуць дабра сваім дзецям. Але калі яны будуць ведаць, як ты жывеш цяпер са мною, як пакутуеш, то яны скажуць — лепей жыві адна... — Рамейка хацеў тут жа дадаць: «Бо так ці іначай ты будзеш адна — праз які год ці паўгода», — падумаў — ці варта? Не, хай гэта будзе для яе знянацку, не трэба даваць нітку-повад для сумнення, для неспакою. I ўся гэтая гутарка, якая спачатку яго трошкі запаліла, цяпер ужо страціла цікавасць.
— Я ведаю, што скажуць мае бацькі, ты мяне не вучы. Мае — не тое, што твае...
— А што мае? Ты хочаш сказаць — горшыя за тваіх?
— Горшыя-лепшыя... Як хочаш называй. Але мае мне ніколі не сказалі — кідай яго, жыві адна, з дзецьмі. Казалі — цярпі, мо адумаецца, мо паправіцца...
— Выціралі табе слёзы, адным словам. А мае — наадварот, агітавалі мяне кінуць цябе? Так ты хочаш сказаць?
— Табе лепей ведаць, што яны казалі, а па табе я бачыла, куды, у які бок усё хіліцца.
— Нічога ты не бачыла... Усё, што ты пра мяне гаворыш, — лухта. Ты знарок прыніжаеш мяне, каб выглядаць самой лепшай, чым ты ёсць. Але хутка ты мо пераменіш сваю пласцінку. I гэты час не за гарамі! — не стрымаўся ўрэшце Рамейка, даў нітачку.
Марына адразу насцярожылася — яна не любіла, калі падзеі развіваліся незалежна ад яе, яна хацела іх кантраляваць.
— Вось як ты загаварыў! Ты пагражаеш? Мне? За што? Што я, як рабыня, служу табе дваццаць год? Што гадую дваіх дзяцей, што шлю грошы тваім бацькам, братам і сёстрам? Што я не ведаю спакою ні днём, ні ноччу,— думаю, як стачыць канцы з канцамі, дацягнуць да зарплаты? Ты думаеш, што мы мелі б гэтую кватэру, каб не я? Па табе мы душыліся б у той двухпакаёўцы...
Пакінуўшы ўсе першыя закіды без адказу, бо яны ўжо не былі новымі для Рамейкі, ухапіўся за апошні — ажно рассмяшыла яго жончына самаўпэўненасць, — ён зарагатаў.
— Ну, які ж я нездагадлівы! Чаму гэта я не паслаў цябе да начальства гадоў пяць назад, гэта ж мы жылі б ужо вунь колькі ў новай кватэры! — А потым перамяніў тон — са з’едлівага перайшоў на сур’ёзны: — Няўжо ты і напраўду думаеш, што кватэру дабілася ты, а не я? Што проста яе далі мне па чарзе, як, дарэчы, і першую, двухпакаёвую?
Марына ўспрыняла яго тыраду надзіва спакойна, абышла ўсе яго закіды і пытанні, пакінуўшы іх без адказу. Яна пачала з папроку:
— Эх ты, чалавеча! Нічога ты не разбіраешся ў жыцці, хоць да сівых валасоў дажыў. Не так трэба да жыцця адносіцца, іначай мы ніколі не выберамся з гэтага балота...
— Якога гэта балота?
— Ну вось, ён жыве і не бачыць. Добра такому чалавеку. Як таму дурню: ён думае, што самы шчаслівы чалавек на свеце. Ці, лепей сказаць, ён нічога не думае — ён існуе... Вось так і ты. Жывеш — абы жыць. Ніякай у цябе светлай мэты ў жыцці.
— Затое ў цябе — вунь колькі! I ўсе, як адна, светлыя: мэблю новую замежную прыдбаць, дываноў персідскіх, дочкам на кніжку па пару тысяч пакласці... Яшчэ што? Машыну, дачу. Багатых зяцёў адхапіць. Вось твае светлыя мэты. Я іх ведаю. А ты ўжо забылася, з чаго мы пачыналі? 3 нуля! На голым месцы пачыналі...
— Каб не я, ты на нулі і застаўся б. Падзякуй Богу, што ён табе паслаў мяне.
— Кожны дзень малюся і дзякую... Завошта ён мяне так ашчаслівіў — сам не ведаю.
— Ах, якая іронія! Проста брытва! А для чаго чалавек жыве? Каб толькі капціць неба? Раз жывеш — дык жыві — май усё, што даступна чалавеку, што ўпрыгожвае яго быт, яго жыццё. Што думаеш — дача, машына, добрая мэбля — гэта так сабе, іх дурні прыдумалі? Не, якраз разумныя, тыя, што дбалі пра чалавека...
— Яны нават дбалі пра чалавецтва. Але іх вынаходства прысвоілі асобныя людзі, чалавечкі, якія думаюць толькі пра сябе, а не пра чалавецтва. Трэба думаць, трэба дбаць пра ўсіх!
— Гэта называецца дэмагогіяй, мілы мой Алесь. I ты дэмагог самы праўдзівы: ты гаворыш адно, а робіш другое. Ты сваю ляноту прыкрываеш пышнымі фразамі — і ўся твая прамудрасць. I дбаеш толькі пра адно: як бы дзе-небудзь пагладзіць круглы бок чужое бабы.
Рамейка дакорліва паківаў галавой, скрывіўся:
— Трапло ты, Марына,— як была, так і застаешся, і гаварыць нам з табою болей не варта, бо канец будзе падобны. Ты — параджэнне святла. Я — цемры. Мы антыподы. Толькі як мы адною коўдраю накрываемся — проста не разумею.