К книге
На мяжы цярпенняСтраница 18
43%
Страница 18
18

— Нічога, Алесь, нічога... Я гавару не тое, — махнула рукою Ларыса. — Мо пойдзем назад? Ужо сцямнела...

— Ты баішся? — ён зазірнуў ёй у вочы. Яны здаліся яму сумныя.

— Не, з табою не баюся нічога.

Ён абняў яе за талію, павярнуў назад, і яны пакіравалі да закруглення чыгункі.

Вось нешта зноў змянілася ў іх адносінах, ёсць нейкі нябачны кручок ці сучок, які ўвесь час чапляе і ўвесь час парушае роўны рытм у механізме іх адносін. Што ж такое? Няўжо Рамейка так і не адкрые сакрэту? Няўжо так і застанецца нейкая няяснасць? I дакуль так можа цягнуцца?

Яны не заўважылі, як выйшлі да чыгункі і пайшлі побач па сцежцы ў кірунку да горада. Іх абагналі два веласіпедысты ў спартыўнай форме, абодва задыханыя і потныя. Адзін, задні, не сядзеў на сядле, а стаяў на педалях, перавальваючыся з боку на бок, усім цяжарам цела налягаючы на педалі. Ларыса правяла іх вачыма, уздыхнула.

— Як мой Змітрок. Увесь час у сядле...

— Дык гэта ж добра — занятак.

— Хай сабе... Але ведаеш, як я дрыжу, як ён едзе на трэніроўку? Колькі такіх хлопцаў разбіваецца. І ён не раз прыязджаў пабіты — то ногі, то рукі, то галава...

— А што ты хацела? Нічога чалавеку лёгка не даецца. А спорт — ён любіць смелых і ўпартых, а не мамчыных сынкоў.

— Ты ўмееш супакойваць, — як сама сабе зазначыла Ларыса.

Хутка яны абмінулі тых двух веласіпедыстаў, нешта ў аднаго сапсавалася — ці не зляцеў толькі ланцуг? А мо нават парваўся ці яшчэ што, бо абодва яны тужыліся ля аднаго веласіпеда, што ляжаў на баку, перамаўляліся і бразгацелі ключамі.

— Бачыш, на роўнай дарозе паломка. А там яны імчаць гуртам... Па шашы, па асфальце... Шалёная хуткасць.

— Затое спорт — сіла, — не хацеў здавацца Рамейка, хоць у душы спартсменам не зайздросціў, лічыў іх нават нешчаслівымі людзьмі.

Яна мінулі высозны, з чырвонай цэглы інтэрнат і выйшлі на вымашчаную вялікімі квадратныжі плітамі дарожку ля Ларысінага дома — «кітайскай сцяны».

Ларыса асцярожна і далікатна выслабаніла яго руку з-пад сваёй, трохі адступілася ад яго.

— Чаго ты? — здзівіўся Рамейка.

— Ды тут... знаёмыя. Не хачу, каб потым скланялі...

— I ты таксама баішся языкоў?

Ларыса ўсміхнулася, глянула на яго.

— Проста па інерцыі. Маю горкі вопыт... Бачыў у нас лаўкі ля пад’езда? Яны рэдка калі пустуюць у добрае надвор’е. Увесь час засядае парламент, як кажа мой Змітрок... Глядзі, не зачапіся за што і не ўпадзі, а то потым мяне засмяюць, скажуць: во знайшла нейкага няспрытнага. Гэта яны ўмеюць, — пажартавала яна і скіравала да свайго пад’езда, пакідаючы Рамейку трохі збоку і ззаду.

I праўда — на лаўках злева і справа сядзелі ўсё больш пажылыя жанчыны, розныя па гадах — адны ўжо зусім старыя, пераважна распаўнелыя, другія — яшчэ бадзёрыя, хударлявыя, і ўсяго адзін ці два мужчыны, таксама пажылога веку, як паспеў заўважыць Рамейка. А як яны выходзілі мо гадзіну назад, тут нікога не было.

Ларыса павіталася, кіўнуўшы галавою направа і налева, і з узнятай галавою дробна пратупала да ступенек пад’езда, а за ёю, як спутаны, адчуваючы на сабе ўважлівыя цікаўныя позіркі, праклыпаў Рамейка.

Ужо ў калідоры, ля ліфта, ён сказаў з палёгкай:

— Ну, ты тут пад пільным наглядам. Не прападзеш! Не сапсуешся! — ён моцна націснуў кнопку, загарэлася вочка, і ліфт пачаў спускацца да іх. — Што заказваць? Сёмае неба? Так і быць, паехалі! — У Рамейкі пачынаўся нейкі гуллівы настрой, нейкі дзяцінец, як гэта называюць у вёсцы.

Ларыса, наадварот стала яшчэ больш сур’ёзная. У ліфце яны стаялі насупраць плячыма да сценак і моўчкі пазіралі адно аднаму ў вочы.

— Што ты думаеш? — спыталася ў яго Ларыса.

— Мо якраз тое, што і ты, — адказаў ён. — Я думаю, каб мы былі адны, не толькі ў ліфце...

Аднак надзеі на такое шчасце было мала.

Як толькі ліфт спыніўся на сёмым паверсе і яны выйшлі на пляцоўку, адразу пачуўся сабачы брэх. Ларыса пайша першая, адразу адчыніла дзверы — яны былі адамкнёныя — і, супакоіўшы сучку, запрасіла Рамейку, уключыла святло ў калідорчыку. Ён ужо не баяўся чорнай сучкі-дабермана, яна яго адразу пазнала, падышла, панюхала калена і адышлася да свайго берлагу-ляжанкі ў кутку калідорчыка.

Ларыса і Рамейка скінулі плашчы, прайшлі ў пакой праз першы, прахадны.

— Пасядзі тут, я зараз, — сказала Ларыса і выйшла.

Не паспеў Рамейка агледзецца, як яна вярнулася — нейкая ўстурбаваная, як разгубленая.

— Ведаеш, ты напрарочыў. Нікога няма.

— А каго табе трэба? — падышоў да яе Рамейка, абняў і прытуліў да сябе. — Мне галоўнае, што ёсць ты. І я нікуды больш не пайду, — сказаў ён, прытуліўшыся шчакой да яе шчакі.

— Як гэта не пойдзеш? — прашаптала спалохана Ларыса. — Як гэта не пойдзеш? — перапытала яшчэ цішэй, не вырываючыся з яго рук.

— А вось так.. Хачу быць з табою... А ты?

Яна памаўчала, як вагалася, як нешта рашала.

— І я, — ціха сказала Ларыса.

— Гэта наш лёс, — сказаў ён чамусьці. — Гэта наш лёс.

...Яны ляжалі побач на вузкім ложку, ён абдымаў яе левай рукою за шыю і заглядваў у прыжмураныя вочы. І мо ўпершыню сур’ёзна падумаў: як гэта важна ў жыцці, з кім ты ў пасцелі. І ці тут твая душа, ці побач з гэтай вось зусім чужою дагэтуль жанчынай, якая раптам стала такой блізкай, зразумелай і дарагой. Нейкія зусім не знаёмыя дасюль пачуцці перапаўнялі яго ўсяго — і яму хацелася ажно плакаць. А чаму — ён і сам не ведаў. Што ён так позна знайшоў сваё шчасце? Мо і таму таксама. Што яго чакае на дарозе да гэтага шчасця многа пакуты? Мо і ад таго таксама, але ён зразумеў адразу, што іх сённяшняя сустрэча — не простая, не выпадковая, не звычайная. Што яна — пераломная.

Але ап’яненне патрохі праходзіла, яны паволі цверазелі, і ўжо нешта трывожнае мільгала часам у яе на твары, у шырока расплюшчаных вачах. Ён бачыў гэта і па нечаканай насцярожанасці, якая раптоўна ахоплівала яе, нібы нейкі гук ці які голас прарываўся да яе свядомасці аднекуль здалёк, — і яна хацела яго пачуць і зразумець.

Нешта падобнае рабілася і з ім. Ён яшчэ не паспеў асэнсаваць усяго, што адбылося, але неяк падсвядома пачынаў разумець, што перайшоў такую мяжу ў сваім жыцці, якой ніколі дагэтуль не пераходзіў: што з ім адбываецца нешта вельмі важнае, такое, што можа змяніць яго кірунак так крута і рэзка, як ніколі дагэтуль не мяняла. I гэтае адчуванне, з аднаго боку, радавала і акрыляла яго, а з другога, страшыла, палохала невядомым, тым новым, што яго, што яе, што іх чакала.

16

У Рамейкі было такое адчуванне, што час нібы спыніў свой шалёны бег. I ўсе яго думкі цяпер круціліся вакол аднаго: як бы пабачыць Ларысу Ланеўскую, як бы хутчэй спаткаць яе. Але, як назло, неяк так выпадала, што, калі быў вольны час у яго, то яна была чым-небудзь занята, калі ж яна магла яго прыняць, у яго нешта здаралася. Аднак жа ў тыдзень раз, а часам і два яны маглі знайсці такую часіну, каб пабыць дваім, без сведак. I гэтыя нядоўгія хвіліны рабілі іх шчаслівымі, маладзілі іх думкі, пачуцці, ім здавалася, што яны вярнуліся ў сваю маладосць, што гэтае іх шчасце не скончыцца ўжо болей ніколі.

Ды як жывуць побач святло і цень, святло і цемра, дзень і ноч, так у іх побач з радасцю, шчасцем жыла трывога за заўтрашні дзень, які быў для іх не заўсёды ясны, — як і для кожнага чалавека. Нават на роўнай дарозе можна спатыкнуцца і ўпасці, а тут яны ішлі, можна сказаць, па цаліку, ішлі вобмацкам, як з завязанымі вачамі.

Рамейка ўсё часцей заўважаў, што з Ларысай нешта робіцца, што яе нешта гняце, што яна ўспрымае іх сувязь зусім не так, як ён сам. Ён, калі ішоў да яе, быў гатовы да ўсяго, нават да самага горшага. А што ён разумеў пад самым горшым? Тое, што яна пашле яго да д’ябла? I гэта таксама, хоць такога павароту ён не надта баяўся. Страшнейшым для яго здавалася зусім процілеглае: калі яна скажа, што жыць без яго не можа. А тут якраз было нешта ні тое, ні сёе. А што — Рамейка і сам не ведаў. Калі б яна сказала: «Жыць без цябе не магу», — гэта было б чаканым і нечаканым. Бо ў душы ён яшчэ не падрыхтаваў сябе псіхалагічна да разрыву з жонкай, а галоўнае — з сям’ёй, з дзецьмі. З жонкай ён гатоў быў расстацца хоць сёння, а вось кінуць дзяцей, кватэру, разбурыць адным махам усё, дзеля чаго стараўся дваццаць год, — такое для яго было цяжка і балюча. Хоць ён добра разумеў, што, калі ідзеш да адзінокай жанчыны з сур’ёзнымі намерамі, то ўсё можа скончыцца менавіта так: «Я без цябе жыць не магу. Кідай сям’ю, ідзі да мяне». I ўжо, мусіць, ён перанёс бы такое лягчэй, чым тое, што мае цяпер: нейкую невыразнасць, нешта такое няпэўнае, туманнае.

Ён адчуваў, што падабаецца ёй, што яна кахае яго мо намнога мацней, чым хто калі кахаў яго ўвогуле, што і ён сам пазнаў жанчыну, якой ніколі ў жыцці не сустракаў, і думаў, што мо яна якраз і ёсць тая адзіная, якое шукаў усе свае свядомыя гады жыцця, — і вось жа нешта зноў не так, нешта не далягае, нешта замінае, перашкаджае, а што — невядома.

Мо тое, што ў яго сям’я, дзеці? Яна, Ларыса, не хоча браць на сваё сумленне такі цяжкі грэх, як разбурэнне чужое сям’і. Магчыма, і вельмі нават вераемна, але ён адразу адчуў бы, ды яна сама сказала б, бо, па ўсім відаць, яна смелая жанчына. I смелая настолькі, што магла б адолець у сабе страх пайсці на такі грэх, як развал чужое сям’і, якая толькі фармальна лічыцца сям’ёй, а фактычна яе няма, раз няма ўзаемнасці, раз няма кахання. Нават суд у такіх выпадках разводзіць мужа і жонку, калі яны толькі таго пажадаюць. Значыць, тут ужо не такі вялікі грэх узяла б яна на сваю душу. Значыць, не тая прычына...

Мо проста яна яму не верыць, не верыць у шчырасць яго пачуцця? Але чаго тады яна ішла б з ім на збліжэнне, навошта пускала б у сваю душу? Таксама малаверагодна. Тады што? Што? Чаму яна маўчыць, чаму не скажа адразу, каб не паліць яго на малым агні? Не, ужо лепей згарэць на вялікім!

Яшчэ тады, калі яны вярталіся вечарам з Зялёнага Бору, з дзіцячай чыгункі, ужо ў ліфце, калі пацалаваліся на развітанне, і яна пайшла на свой сёмы паверх, ён заўважыў, што яна ледзь стрымлівае сябе, каб не расплакацца, што нешта ў яе на душы робіцца такое, чаго ён не можа зразумець. Расчараванне ў ім? Здаецца, не, бо яна пасля не шукала б з ім сустрэчы. Па ўсім відаць, што ёй прыемна з ім, што яна нават прагне бачыцца з ім, але кожны раз ён адчувае, што да іх слодычы прымешваецца якаясь гаркота — нібы ў тую бочку мёду хтосьці, як назло, кідае лыжку дзёгцю.

З Нонай Варанчак у яго ўсё было проста і ясна: сышліся — разышліся,— а тут нешта не тое. А мо гэтая складанасць, няпростасць — якраз тое галоўнае, што і будзе адрозніваць яго цяперашняе жыццё ад мінулага? Але ж, здаецца, было гэтых складанасцей і раней, ды яны выдавалі не такімі важнымі, як цяперашнія.

Можа, ёй не даюць спакою яе дзеці, мо яны не хочуць, каб яна, іх маці, заводзіла на старасць яшчэ адну сям’ю, а не заставалася ўжо да канца іх вернаю маткай, а раз маткай, то і слугой, то і памочнікам, то і заступнікам перад людзьмі і перад Богам.

Колькі вунь Рамейка ведае такіх, што страцілі мужоў, а з-за дзяцей не хочуць заводзіць новыя сем’і, жывуць ужо не для сябе, а для дзяцей, унукаў. Мо яны і маюць рацыю, мо яны — сапраўдныя велікадушныя героі, якія дбаюць не пра свае эгаістычна вузкія інтарэсы, а глядзяць далей — гадуюць сваіх дзяцей, унукаў, дбаюць пра іх будучае?

Напэўна, гэта і ёсць самая важная прычына — да ўсіх астатніх, па якой яна, Ларыса Ланеўская, не можа рашыцца што ёй рабіць — як па той прымаўцы: ці кінуць — ці любіць?

Яму, пэўна ж, цікава ведаць, што і як яна думае рабіць далей, з-за чаго перажывае, аднак жа ў яго ёсць цярпенне, каб пачакаць, бо не ў яго натуры было зрываць яблык, які яшчэ не выспеў.

А з другога боку, яму ўжо трохі нават не цярпелася паскорыць, падагнаць падзеі. Бо калі ён пачынаў думаць пра сябе, то яму рабілася моташна — так ён закруціўся ў жыцці, так стаў да сябе не падобны, што проста жах! Каб год назад яму нехта сказаў, што яго так закруціць, так панясе і кіне ў такі вір, вадаварот жыцця, ён ніколі не паверыў бы. Можа, нават і добра не ведаць, што цябе чакае. Колькі разоў да яго прыставалі цыганкі пагадаць на руку ці паваражыць на карты, але ён не хацеў. Не таму, што не верыў. Мо наадварот — ён проста не хацеў ведаць, што яго чакае. Бо добра ведаць, калі цябе чакае нешта прыемнае. А як нешта кепскае, страшнае? Э, не, лепей пра яго не ведаць і жыць спакойна датуль, пакуль можна жыць спакойна, а тады ўжо, як трэба, то трэба — нікуды не дзенешся: цярпі, дакуль можаш.

Цяпер яго закруціў вір. Але ж у гэты вір кінуўся ён сам, ніхто яго не цягнуў, ніхто яго не штурхаў, значыць, сам хацеў паспытаць незвычайнага. Галава гуза шукае — кажа народная прымаўка. Ён быў гатовы нават на такі варыянт. I тут ён адчувае, што як быццам гэты вір яго шкадуе, нібы сам выштурхоўвае, выкідае на плыткае, каб ніякіх патырчак на глыбіні ён не сустрэў, аб якія можна разбіць галаву... Нешта не зусім верагодная сітуацыя...

Ці ў жыцці так: маеш не тое, што хочаш, а якраз тое, ад чаго ўцякаеш? Ад Ноны Варанчак ён уцякаў, яна гналася за ім. Тут нешта адваротнае: ён гатоў ісці на збліжэнне да канца, ды адчувае лёгкі, далікатны, але даволі цвёрды штуршок супраціўлення.

Бо нават пасля таго першага вечара, які зблізіў іх, ён зразумеў, што яна для яго — нешта незвычайнае, не спазнанае дасюль, непаспытанае; што яна для яго — як бальзам на душу, як жывая вада.

Ён не падазраваў нават, што жанчына можа мець такую ўладу над ім. Няўжо гэта і ёсць тое самае каханне, пра якое гавораць з недаверам, з пагардай, з насмешкамі, — гавораць, што яго няма? А вось ён чамусьці верыў, што яно ёсць, толькі не ведаў, якое яно, бо не паспытаў яго.

Не, мо дагэтуль ён і думаў бы, што ведае каханне, што і перажыў яго, каб не яна, Ларыса Ланеўская. Але тое, што ведаў дагэтуль Рамейка, было проста ілюзія, а не само каханне.

Цяпер ён можа смела сказаць, што каханне ёсць. Бо свет для яго стаў зусім не такі, як быў дасюль, ён напоўніўся нечуванай музыкай, сонечным яркім святлом, якое жыло не толькі вакол яго, але і ў ім самім, ён быў перапоўнены ім да краёў, як зямля вадою ў лівень, і гэты лівень, вадаспад святла не абцяжарваў яго душу, а наадварот рабіў яе лёгкай і шырокай, ён нібы ўзнімаўся ў неба, як шар, напоўнены лятучым газам.

Предыдущая главаГлава 18 из 42Следующая глава