К книге
На мяжы цярпенняСтраница 17
40%
Страница 17
17

А ўжо тыдзень, як Рамейка чытаў новы тоўсты рукапіс і ажно здзіўляўся, як так можна пісаць: процьма матэрыялу, але ўсё звалена ў такую кучу, што не разабраць, дзе што і як. Таўшчэзны раман з паўсотняй герояў, якія нешта робяць, нешта гавораць, нечым жывуць, сцежкі-дарожкі іх часам перакрыжоўваюцца, але сістэмы, плана, мэты зусім не відаць — усё ў нейкім тумане, у страшэнным хаосе. I мова — палова на дыялектах, палова на вульгарызмах, астатняе — шматслоўе, шматслоўе: суцэльны слоўны абвал!

Прачытаўшы некалькі старонак, Рамейка адчуваў, як галава ў яго пачынае пухнуць, ён тут жа забываецца, што было пяць старонак назад, героі пачынаюць блытацца, хто гаворыць тую ці іншую фразу — ужо цяжка разабраць. Ой, ратуйце! — хочацца закрычаць ашалеламу Рамейку і ўцячы хоць на край свету ад такое работкі.

У пятніцу Рамейка сказаў загадчыку, што пасля абеду яму трэба зайсці ў бібліятэку высветліць адно пытанне па тэме рамана, які ён чытае, і атрымаў дазвол. Загадчык быў у гуморы, ды і ведаў, што за работу мае Рамейка: сам параіў дырэктару кандыдатуру, а цяпер недзе пасміхаецца ў душы — ну, Рамейка, паплачаш ты з гэтым тоўстым раманам, як я плачу ўжо некалькі год. Ужо нават некаторыя людзі, што пісалі рэцэнзіі на гэты «шэдэўр», паўміралі, а ён стаіць на месцы.

Рамейка ведаў сумную гісторыю рамана не горш за загадчыка і ўжо думаў не раз, якое рашэнне давядзецца прымаць яму самому. Аднак што гаварыць і гадаць, калі рэч яшчэ недачытана да канца? Дваццаць пяць аркушаў, пяцьсот старонак з гакам!

Таму ён з радасцю закрыў і завязаў тоўстую сінюю папку, паклаў яе ў стол і развітаўся з калегамі. Хацеў пазваніць Ларысе з работы, але перадумаў: не варта ўводзіць у вушы людзям, лепш з аўтамата.

Пазваніў — было занята, значыць, нехта ёсць дома. Счакаўшы, пазваніў яшчэ. Зноў занята! Нешта не шэнціць табе, Рамейка. Прайшоў да праспекта, зайшоў у магазін. Трэба штосьці купіць. Бо ў яго была звычка — не ісці да людзей з голымі рукамі. Нічога такога не трапіла на вочы, і ён узяў кавалак сыру — «вароне бог паслаў кавалак сыру», — хай будзе так! Не будзь варонай, Рамейка, — папярэдзіў сябе і ўсміхнуўся, — не каркай, а то застанешся з носам.

Выйшаўшы з магазіна, зноў пазваніў. Доўга ніхто не здымаў трубкі. Урэшце пачулася ўсхваляванае «алё» — Рамейка адразу пазнаў Ларысін голас. Павітаўся, спытаў пра здароўе. Яна з усмешкай — гэта адразу чуваць па голасе — сказала, што ўсё нармальна, і калі ў яго ёсць вольны час, то няхай прыязджае.

— Добра, праз якой паўгадзіны буду, — сказаў узрадаваны Рамейка і павесіў трубку.

Цудоўна, што ёсць тэлефоны. Як спрашчаецца абмен інфармацыяй у наш час! За пяць ці болей кіламетраў ад яе, а яна ўжо ведае, што ён ідзе, едзе, спяшаецца... Не, яна не ведае, што ён спяшаецца. Мо і не варта, каб яна ведала. Мо не варта наогул, каб яна ведала, што ён многа думае пра яе? А з другога боку, то чаго таіцца, чаго цягнуць? Яшчэ пройдзе пяць ці болей гадоў... А жыць калі? Ну і асёл ты, Рамейка! Усё жыццё вось так у чаканні пройдзе ў цябе! I яна недзе лічыць цябе проста дурнем, што ходзіш, як мядзведзь каля пасекі. Падумай пра гэта! Ці, праўдзівей, менш думай! Што тут думаць? Што ты губляеш урэшце?

Так разважаў Рамейка, едучы на тралейбусе. I душа яго разрывалася, раздвойвалася: і цягнула яго да Ларысы і, нечага было страшна. Цень Ноны Варанчак? — пытаўся ён у сябе самога. I не мог даць адказу.

У кватэры сучка-даберман сустрэла яго брэхам, але не сярдзітым, як першы раз, а толькі папераджальным, што прыйшоў чалавек — не свой, па крайняй меры, але ўжо нейкі не зусім чужы.

I Ларыса здалася яму не такою, як звычайна, — была апранута ў доўгую, да зямлі, спадніцу нейкага бліскучага карычневага колеру ў дробныя светлыя кветкі і ў белую вышываную блузку з шырокімі рукавамі. Валасы былі заплецены ў косы і складзены ў вялікую куклу на патыліцы. На твары — ні следу касметыкі, бровы — не вышчыпаныя, як у большасці жанчын, нават не падведзеныя.

Яна сёння прымала яго неяк шчыра, далікатна, хоць пачуцці прыязнасці ці прыхільнасці не адбіваліся, здаецца, на яе твары. Ды не трэба было быць вялікім псіхолагам, каб адчуць яе настрой: ён для яе не толькі зямляк, а нехта трохі болей. А мо проста Рамейку так здавалася? Ён не мог сказаць сабе пэўна, што так яно і ёсць. Яго кідала то ў жар, то ў холад, а чаму — ён і сам не ведаў. Ніколі і нідзе з ім такое не рабілася раней.

Яны зноў, як і той раз, сядзелі на кухні, пілі тое ж самае партугальскае віно, якое гаспадыня захавала, закусвалі сырам і шакаладам. Сучка ляжала, як і тады, але трохі бліжэй да яго, чым да гаспадыні, і больш пільна сачыла за яго рукамі, чым за рукамі свае гаспадыні. Рамейка не ўтрымаўся і даў сабаку кавалачак сыру.

Нечакана рыпнулі дзверы, і на кухню зайшла маладая жанчына — невысокая, тонкая, светлавалосая і моцна падфарбаваная: вочы, вейкі, бровы, вусны — усё, што ёсць на чалавечым твары, здаецца, не было натуральным, а штучным, падпраўленым, палепшаным.

Яна ціха, але з нейкім прыхаваным акцэнтам павіталася, наліла сабе шклянку вады і выйшла.

— Мая нявестка, — адказала на запытальны позірк Рамейкі гаспадыня. — Як густ у майго сына? — і яна загадкава ўсміхнулася, паказаўшы свае тры залатыя зубы.

Рамейка ў адказ паціснуў плячыма. Калі шчыра, то яна яму не спадабалася. Яшчэ з твару нічога сабе, і то замнога касметыкі, а вось фігурай... Не, такія жанчыны яму не падабаліся. Перавязістая аса, нібы ёй есці няма чаго, нібы яна работы ніякай не рабіла.

— Няйначай, дзіця горада?

— Якраз вясковая, вы памыліліся.

— Ну, я мяркую па выглядзе... Але цяпер вельмі хутка робяцца гарадскімі: знешняе пераняць вельмі проста. А вось душу — тут іншая рэч.

— Наконт душы памаўчым. Я вось больш паловы жыцця пражыла ў горадзе, а ніяк да яго не прырасту.

— Але ж вы і не вясковая, не тое, што я.

— А хіба наш Клецак — гэта горад?

— Калі параўноўваць з Мінскам, то не, а калі з маёю вёскай, то горад.

— Усё роўна там побач зямля, неба, дрэвы, птушкі, людзі корпаюцца ў градах, на агародах, разводзяць жывёлу, птаства. Тое, што і ў вёсцы...

— Па ўсім відаць, вы вялікая прыхільніца вёскі. Але хто вас трымае ў горадзе? — неяк нетактоўна рэзка паставіў пытанне Рамейка — і тут жа пакаяўся, бо яна апусціла галаву, па твары яе прамільгнуў цень прыхаванай пакуты.

Яна цяжка ўздыхнула і ўзняла галаву, вяла ўсміхнулася.

— Можа, нават ніхто так не трымае, як вы. — I замоўкла, нічым не растлумачыла такога нечаканага для Рамейкі вываду.

— Нават не падазраваў, што маю на вас нейкі ўплыў ці, як тут сказаць... Што я ў вас у галаве... Проста дзіўна...

— Нічога дзіўнага. Я вам калі-небудзь растлумачу, — паабяцала Ларыса.

— Цяпер я не буду спаць начамі і думаць над вашымі словамі, — без ніякага фальшу, шчыра сказаў Рамейка.

Яны пасядзелі на кухні яшчэ з паўгадзіны, пагаварылі, але не ўдаваліся ў свае адносіны, нібы яны былі зусім выпадковыя людзі. Хоць пад гэтай знешняй абалонкай лёгкасці і прыстойнасці жыло нешта больш важнае, пра што і хочацца гаварыць, але разам з тым і боязна, — лепей памаўчаць.

Яны стаялі ля акна і пазіралі на Батанічны сад. Ён з зялёнага паспеў ператварыцца ў жоўта-залаты, у барвовы, у фіялетавы — мноства асенніх фарбаў буяла на лістоце дрэў, на жывой агароджы з глогу, ля якой сям-там варушыліся людзі, — збіралі плады.

— Ці даўно вы былі ў лесе? — спыталася Ларыса ў Рамейкі.

— Ды ўжо з месяц, калі не больш. А лес люблю...

— Я таксама..

— То мо пойдзем?

— Пайшлі.

Яны апрануліся і пакіравалі да лесу, які быў побач, ля дзіцячай чыгункі. Ішлі па дарожцы, выкладзенай квадратнымі плітамі. Справа быў высозны дзевяціпавярховы дом, доўгі, як кітайская сцяна, а злева ляжала балоцістая ўпадзіна: сажалкі, канавы, невялікая рачулка, якая то адным, то другім бокам, але неяк усё ўхітралася зачапіць за каторую сажалку ці канаву, каб асвяжыць, ажывіць яе не такою ўжо і чыстаю, але ўсё-такі праточнаю вадою, ад чаго здавалася, што ўся сістэма азёраў — сажалак і канаваў — тут зроблена прадумана, а не стыхійна, выпадкова, хаатычна.

Скончыўся дом — і яны выйшлі адразу да дзіцячай чыгункі і па шпалах накіраваліся далей, у лес.

Ларыса расказвала пра сябе, пра сыноў і нявестак, а ён слухаў яе няўважліва і ўсё думаў, чаму ён, Рамейка, трымае яе ў горадзе? Як ён яе трымае?

Лес стаяў ужо амаль напалову голы: сухая вясна, сухое лета, трохі дажджу восенню, дажджу, які ўжо нічога не змяніў, нічому жывому не памог, бо спазніўся: прырода, стомленая спякотай, рана збіралася на спачын. Вылучаліся толькі на жоўтым фоне ярка-зялёныя елкі.

Яны спусціліся з чыгуначнага насыпу, ішлі па выбітай сцежцы побач з чыгункай, любаваліся высокімі стройнымі, як з латуні вылітымі, хвоямі, якія нейкім цудам уцалелі тут, ля самага горада, і якія састаўлялі цяпер прыгарадны бор і зрабіліся вялікім падарункам прыроды для гараджан. Тут не раз бываў Рамейка з дзецьмі, яны ехалі сюды ў маленькіх вагончыках, якія цягнуў маленькі цеплавозік, а ім кіраваў маленькі — гадоў дванаццаць — машыніст у шэрай чыгуначнай форме. Дзецям было страшэнна цікава і весела.

Рамейка з Ларысай Ланеўскай прайшлі ля станцыі «Зялёны Бор», звярнулі на закругленне. Ісці было лёгка і прыемна, уверсе глуха шумелі вяршынямі дрэвы. Высокія гладкія хвоі злёгку пагойдвалі сваімі пушыстымі лапамі, недзе блізка пастукваў дзяцел. Чыгунка ўжо не працавала, рэйкі сталі бляклыя, пакрываліся іржой. Пад нагамі ціха шапацела пажоўклае лісце, навяваючы сум.

— Тут я часта гуляла са сваімі хлопцамі, — сказала Ларыса, пільна ўглядаючыся ў дарогу, нібы баючыся спатыкнуцца.

— Якімі гэта хлопцамі? — нібы не зразумеўшы Ларысу, спытаўся Рамейка і асцярожна ўзяў яе пад руку.

— Ну тымі, што цяпер ужо вялікія, — усміхнулася Ларыса і неяк па-асабліваму глянула на Рамейку.

— А я тут гуляў са сваімі дзяўчатамі, якія таксама цяпер ужо вялікія.

— I дзіўна, што мы тут ніколі не бачыліся, — як бы пашкадавала Ларыса.

— Больш чым дзіўна! — усміхнуўся Рамейка. — Мы жылі амаль што па-суседску, хадзілі па адных дарогах, а бачыліся ў тры, у пяць гадоў раз. Чаму гэта так, чым растлумачыць?

— Я часам бачыла цябе, але абмінала, — прызналася Ларыса, і ён сціснуў яе руку вышэй локця.

— А я і не ведаў! Чаму ты мяне абмінала? Ты кажы — проста з моста, каб я зразумеў.

Яны неяк непрыкметна для сябе перайшлі на «ты».

— Ой, які ты няўцямны! Ну проста як малое! — здзівілася Ларыса і стала. — Ды ты мне ўвесь свет засланіў. Я жыла, гадавала дзяцей, плакала, праклінала жыццё, а думала пра цябе. I мо каб не думала, то не дажыла б дагэтуль, не вынесла б усяго, што на маю долю выпала. I ведаеш чаму? Бо любіла цябе.

Каб гром трэснуў у елку побач з імі, Рамейка не быў бы так уражаны, як ад гэтых слоў яго зямлячкі. Вось ужо чаго не чакаў ад яе пачуць, дык не чакаў!

— То чаго ж ты маўчала дагэтуль? Чаго чакала? — спытаўся ён разгублена. — Я нават не мог і падумаць... пра такое шчасце... Я лічыў, што ты на мяне нават і глядзець не хочаш.

Ларыса ўжо адчувала сябе вальней — як скінула з плячэй цяжар, што насіла гадамі, аблягчыла сваю душу.

— Вось бачыш, які ты нездагадлівы... псіхолаг.

Рамейка раптам рвануўся, абняў яе за плечы, прытуліў да сябе і стаў цалаваць. Яна не супраціўлялася, толькі заплюшчыла вочы і парывіста дыхала. А ён адчуваў, што яму не стае паветра — так моцна застукала сэрца і крутнулася ў галаве. Але хваля шаленства прайшла, ён адпусціў яе, а яна адвярнулася, выціраючы слёзы пальчаткамі. Праз хвіліну яна ўжо авалодала сабой, павярнулася да яго і сказала стрымана, але з унутраным агнём:

— Хай мне будуць сведкамі гэтае неба і гэтыя дрэвы, што я ўсё жыццё чакала такога моманту.

I яна зноў адвярнулася ад яго, дакранулася да вачэй.

Рамейка зноў хацеў абняць яе, але прыкмеціў, што з-за дрэў па дарожцы да іх выйшла пара — высокі мужчына ў шэрым касцюме з плашчом на руцэ, з чорнаю барадою, і невысокая ў параўнанні з ім светлавалосая жанчына ў блакітным плашчыку, абое ўжо немаладыя — недзе за сорак.

Ён узяў Ларысу пад руку, і яны паволі пайшлі насустрач пары, неяк падазрона азіраючы яе, а тыя таксама занадта ўважліва агледзелі іх, нібы між імі была якая змова. «Няўжо чужы мужчына і чужая жонка? — падумаў Рамейка, праводзячы пару вачыма. — Можа, так, як і мы, шукаюць шчасця, якое аднойчы было так блізка, а потым стала так далёка. Ці наадварот?»

Яны моўчкі заглыбляліся ў лес. Рамейка ніяк не мог супакоіцца: у яго ў сэрцы бушавала навальніца. Чаму, чаму ён ніколі не пацікавіўся, чым жыве яго зямлячка Ларыса Ланеўская, чаму не зазірнуў у яе душу, не раскрыў перад ёю свае?

Але — адкуль ён мог ведаць, што робіцца ў яе душы, што думала яна пра яго: кахае ці ненавідзіць?

— А чаму ты, Ларыса, ніколі мне нават не намякнула, што я для цябе нешта значу? Гордасць твая не давала?

— Бо не ведала, што ты адкажаш, што падумаеш. Мо асудзіш, пасмяешся...

— Вось таму мы і маем тое, што заслужылі, — сказаў з сэрцам Рамейка. — Ніколі не дарую сабе такога! Як я мог! Проста не разумею!

— Ну чаго ты дакараеш сябе? Хіба ты вінаваты? — Ларыса паправіла яму штрыфель плашча. — Да таго ж я ведала, што ты жанаты, бацька дзвюх дачок, што ў цябе...

— Сярдзітая жонка, — падхапіў Рамейка, — і што ты яе баішся. Можа, скажаш, не так?

— I гэта таксама... У цябе жыццё як трэба, а ў мяне — не ўдалося... Дык навошта я яшчэ стану псаваць яго табе? Лепей хай пакутуе адзін чалавек, чым двое ці ўсе трое...

— Ты падлічваеш... Тут ты, можа, і маеш рацыю. Але каханне не хоча нічога лічыць і лічыцца. Яно эгаістычнае. Мо таму яно і рэдка бывае?

Яна доўга маўчала, яны ішлі па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую з двух бакоў заціскаў малады густы ельнік. Неяк нават стала цямней: ці то схавалася сонца, ці то ўвогуле яно ўжо заходзіць? Ён глянуў на гадзіннік: і праўда, ужо шостая гадзіна.

— Таму я іду і думаю: ці варта ўсё гэта? Навошта...

— Пра што ты? — не зразумеў Рамейка.

Яна не адказала. Відаць, яе грызлі нейкія сумненні, пра якія яна не хацела казаць. Ці мо якая таямніца? Але дакуль тыя таямніцы?

Предыдущая главаГлава 17 из 42Следующая глава