К книге
На мяжы цярпенняСтраница 16
38%
Страница 16
16

— Ды тут мы знайшлі ў запісной кніжцы ў маці... Неяк і непрыемна вам гаварыць...

Рамейка пахаладзеў, сэрца зноў, здаецца, спынілася: вось такі знайшлі, шыла ў мяшку не ўтоіш.

— Што знайшлі? — голас яго перасеў, быў як чужы, у руках адразу ўзнікла дрыготка, а пульс ці не пачасціўся ўдвая.

— Тут такі запіс... Даруйце, што я пытаюся, але з яго няясна...

Нешта як бы не тое, пра што думаў Рамейка, пытае яго Наталі, дачка Варанчак. Было такое ўражанне, што вялізны камень, пушчаны ў яго галаву, прасвістаў ля самага вуха.

— Што вам няясна? — ужо трохі падбадзёраны спытаўся Рамейка.

— Тут так запісана: «Рамейка — 10 руб, потым — Рамейка — 50 руб, потым яшчэ — Рамейка — 150 руб». Дык вось, нам, мне і мужу, няясна, самі разумееце, ці гэта вы пазычалі маме, ці яна вам, — голас неяк захваляваўся і змоўк, як сарваўся.

— I да якой жа думкі вы схіляецеся? — спытаўся з прыхаванай іроніяй: хацелі б, каб маці вам пакінула толькі ашчадныя кніжкі.

— Спачатку мы палічылі, што гэта вы вінаваты маме, а потым перадумалі... I цяпер баімся, каб нам не давялося аплачваць маміны даўгі, — гаварыў высокі голас у трубцы.

— Магу вас супакоіць: ваша мама аддала мне ўвесь доўг.. Так што не бойцеся, — стараўся заспакоіць дзяўчыну Рамейка.

У трубцы чулася дыханне, але адказу на яго словы не было.

— Алё! — азваўся Рамейка. — Вы чулі, што я сказаў?

— Чула, дзякую за такую інфармацыю... — зноў паўза, і раптам, як вострым шылам у сэрца — пытанне: — Дык што ж там у вас атрымалася з мамай? Хіба яна вам што кепскае зрабіла? — голас гучаў усхвалявана, але ўжо з яуным выклікам, з кепска прыхаванан злосцю.

Рамейку таксама хацелася адказаць ёй чым-небудзь рэзкім, накшталт: не лезь не ў сваё, дзяўчынка, але стрымаўся, — мо нават таму, што ў пакоі сядзелі людзі, вушы навастрыў Юрлевіч, хоць і рабіў выгляд, што ён надта заняты рукапісам, зачытаўся да чорцікаў.

— Я вельмі шкадую, што вашай мамы няма, — з прыхаваным хваляваннем гаварыў Рамейка. — Яна вам адказала б на першае пытанне... што ў нас атрымалася — праўдзівей, што не атрымалася... Магла б адказаць, ва ўсякім разе... А на другое адкажу, бо гэта датычыць мяне: мне яна нічога кепскага не зрабіла. Так што і на гэты конт будзьце спакойны. У мяне да яе — ніякіх прэтэнзій. Цяпер вось што: прыйшла карэктура аповесці вашай маці. Я раіўся з дырэктарам, чытаць яе будзем мы, у выдавецтве.

— А што трэба ад мяне? — спыталася Наталі.

— У якім сэнсе? — не зразумеў Рамейка.

— Ну, з карэктурай...

— Я ж сказаў: карэктуру будзем чытаць мы. А вось з аплатай трэба будзе пракансультавацца. Умова падпісана вашай мамай, па ёй, відаць, вам выплацяць ганарар, але толькі пасля таго, як вы аформіце дакумент на права спадчыны.

— А як гэта робіцца, вы не скажаце?

— Нават не ведаю, не даводзілася займацца. Схадзіце да юрыста... А лепей — да натарыуса. Ён вам усё растлумачыць.

— О Божа! — усклікнуў голас у трубцы. — Навошта мне ўсё гэта, навошта!

Рамейка нічога не паспеў адказаць, як пачуліся гудкі.

Ён паволі пайшоў да свайго стала, сеў. Адчуваў сябе стомленым і спустошаным. Здаецца, ён вывернуўся ад страшнай навалы, не трапіў пад колы сляпога лёсу. Хоць маральна, псіхалагічна ён будзе яшчэ доўга, а мо і да самай смерці, пад прэсам віны, і не так віны, як раскаяння, што паддаўся спакусе, што даў сябе ўблытаць у не надта чыстую гісторыю і мо нават паслужыў прычынай гібелі чалавека. I ён, як тая дачка Варанчак Наталі, можа з горыччу ўсклікнуць: «О Божа! Навошта мне ўсё гэта, навошта!»

От цікавы псіхалагічны дослед: тады, калі ўсё між імі фактычна скончылася і Рамейка не прыйшоў больш да яе, ён лічыў сябе не вінаватым у разрыве, не вінаватым увогуле перад ёю, Нонай Варанчак, а цяпер, калі яе няма, ён ужо грызе сябе і вінаваціць ва ўсім: што ён пераступіў мяжу звычайных таварыскіх адносін і пайшоў на збліжэнне; што не пакахаў яе, хоць у гэтым вінаваціць яго было цяжка, і, урэшце, за тое, што прычыніўся да яе гібелі, а гэта ён лічыў недаравальным, самым страшным смяротным грахом, бо, здаецца, ніколі яшчэ яму не даводзілася быць прычынаю — нават ускосна — чужое смерці. Навошта яму ўсё гэта было, навошта?

Напаследак у канцы дня далі яму работку — тоўсты раман аднаго пісьменніка, які ніяк не мог прабіцца да чытача. Надрукаваў некалькі дробных рэчаў і вось адразу адбухаў тоўсты раман, але такі, што адна назва: сыравіна, а не гатовая рэч. Але ўсім хоча даказаць, што гэта чуць не шэдэўр. I вось такое шчасце прываліла да яго, Рамейкі. Цяпер пачнецца новая гісторыя... А чым скончыцца, то і невядома.

Ён прыйшоў дадому стомлены, разбіты і злы. Але, як надзіва, жонка неяк перамянілася да яго. Ён заўважыў перамену нават трохі раней, хоць не была яна раптоўнай, а ледзь прыкметнай, паступовай. Што ж тут такое, чаму такая перамена?

Можа, тое, што ён апошнія два-тры тыдні нікуды не ходзіць, нідзе вельмі не затрымліваецца пасля работы, стаў, так сказаць, сем’янінам, гаспадаром, бацькам? Можа, і гэта... А мо жонка перадумала, перагледзела свае адносіны да яго, мо адумалася, што была рэзкая з ім, што дарэмна зневажала? Мо да яе дайшло, што дарэмна яна яму так не давярала, і не такі ўжо ён бабнік, як ёй дагэтуль здавалася?

Як бы там ні было, але жонка перамянілася. Заместа яе вечнай сур’ёзнасці, засяроджанасці ў сабе — нібы свету наогул няма вакол яе — яна стала заўважаць яго, Рамейку, стала ўсміхацца, глядзець яму ў вочы, голас таксама змяніўся — стаў звычайны, нават лагодны, наваг ласкавы. А заместа вечнай занятасці ў яе з’явіўся час пацікавіцца чым-небудзь такім, чым яна раней ніколі не цікавілася.

Прыйшоўшы з работы, Рамейка звычайна пераапранаўся, трохі адпачываў, а пасля браўся гатаваць вячэру, калі жонка яшчэ не прыйшла першай, а калі была дома, то чакаў, калі яна згатуе ці падагрэе згатаванае ўчора вечарам. На гэта ішло нямнога часу — ад паўгадзіны да гадзіны, — і вячэра гатова. Іх вячэра была не меншая за абед, і заўсёды Рамейку хацелася памяняць такі недарэчны рэжым, які ідзе толькі на шкоду здароую, але пакуль што усе заставалася па-ранейшаму.

Сёння ён пераапрануўся ў старыя вельветавыя мяккія штаны з амаль што працёртымі каленямі, апрануў легкую цемна-паласатую піжамную кашулю, лёг на канапу і стаў праглядаць «Литературную газету». Кожны раз ён знаходзіў сабе нешта цікавае — судовую хроніку або матэрыял пра якіх-небудзь сучасных неафашыстаў ці рэваншыстаў. А доўгія артыкулы пра тэхнічныя перавароты, пра новыя метады гаспадарання, пра перадавікоў вытворчасці яго трохі хілілі на сон. Лепей іх чытаць не цяпер, прыйшоўшы з работы, а пазней, у гадзін адзінаццаць-дванаццаць, каб хутчэй апынуцца ў царстве Марфея.

Сёння быў цікавы артыкул пра вучняў старэйшых класаў, якія правучылі сваю адну выдатніцу — проста за тое, што яна ім не падабалася. Білі яе сяброўкі-аднакласніцы, нават хацелі паставіць на калені, каб прынізіць як мага больш. Артыкул наводзіў на роздум...

I чым болей думаў Рамейка, тым болей прыходзіў да пераканання, што чалавек у маладосці болей жорсткі, чым пасля, калі ў яго паяўляецца сям’я, дзеці, старэюць бацькі. Неяк тады ён больш пачынае думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых, нават пра народ, нават пра чалавецтва. Яшчэ ён прыходзіў да вываду, што тыя, каго білі ў маленстве, б’юць пасля сваіх дзяцей, але адны з меркаванняў педагогікі, а другія — каб спагнаць сваю злосць. Тыя, з каго некалі здзекаваліся ў маленстве, любяць здзекавацца са слабейшых пасля. Помстаю гэта назваць цяжка, але нешта падобнае: цярпеў я некалі — пацярпі і ты цяпер.

Яго развагі перарвала жонка, Мар’яна.

— Ну, гаспадар, годзе дрыхнуць, пайшлі перакусім, — сказала яна і далікатна дакранулася да яго пляча.

Рамейка здзіўлена паглядзеў на яе і ўстаў з канапы.

— Тут во цікавы нарыс пра старэйшых школьнікаў. Прачытаеш. I Гені трэба даць, якраз яе ўзрост... Пра жорсткасць...

— Добра, пачытаем. — Жонка махнула рукою. — Як ты пра нас клапоцішся! Проста не пазнаць. I дома стаў прыпыняцца. Што гэта з табою, калі не сакрэт?

— Ніякага сакрэту. Як у лес, так і з лесу.

— Што ты хочаш сказаць? Нешта я не цямлю....

— Хачу толькі сказаць, што мы забываем свае абавязкі ў сям’і. I з гэтага ўсё пачынаецца.

— Што ж ты забыўся са сваіх абавязкаў? Па-мойму, іх у цябе зусім няма.

— Затое ты стараешся за нас дваіх. Няма табе спакою. Мала таго — яшчэ выводзіш у людзі сваіх вучоных, наводзіш ім стыль. А яны табе купяць за гэта пачак цукерак.

Жонка насцярожылася: куды верне Рамейка, ці не збіраецца кінуцца ў сварку? Яна села за столік, узялася за відэлец.

— Ну, давай не будзем пра балючае, а то зноў залезем у балота... Вось еш лепей свае любімыя пельмені і папраўляйся.

— Пельмені — мае любімыя? Няўжо я пераблытаў? Ці мо ты? — усміхнуўся Рамейка, падсоўваючы да сябе талерку пельменяў са смятанай. — Калдуны — іншая рэч. Але ж ты пра іх зусім забылася, усё табе часу няма... Ці хоць бы верашчака...

— Як і табе. Таму так і жывём: абы дзень да вечара.

«Трэба канчаць такое жыццё», — хацеў сказаць Рамейка, але прамаўчаў — не хацелася пачынаць песні без канца.

— А трэба было б брацца ўжо за розум, адкладваць няма на калі, — неяк разважліва гаварыла Мар’яна, ажно не верылася Рамейку.

— Нешта ты паразумнела, як дадому з’ездзіла.

— А што, хіба няма ў каго розуму набрацца? Хіба мой бацька не можа навучыць любога, як жыць на свеце? Каб ты да яго прыслухоўваўся, то мы мо не так жылі б...

— Як жа мы жылі? — ужо трохі загарэўся Рамейка. — Як мы жылі, жывём?

— Не так, як людзі, — сумна сказала жонка.

— Сляпая ты ў сваёй упартасці, ну зусім сляпая. Нічога ты не бачыла, а толькі слухала, што другія скажуць. На словах людзі жадалі табе дабра, а на справе разбуралі тваю сям’ю. I ты, фактычна, верыла сваім ворагам, а мне, свайму мужу, не верыла. Вось чаму мне крыўдна за цябе... I за сябе таксама.

Ён чакаў, што жонка раззлуецца, але яна толькі паглядзела на яго, хмыкнула, выцерла сурвэткай з паперы вусны і ўзялася за пачак «Беламора».

— А чай? Што ты хапаешся за гэту атруту?

— Кіну, ужо нядоўга засталося, — сказала яна шматзначна і ўздыхнула, моцна зацягнуўшыся. — Давай з сённяшняга дня будзем разам рабіць тое, што мы павінны... Я і праўда была халоднаю з табою, мо і лішне падазравала, а ты не мог ці не хацеў апраўдвацца. А я думала, што ты вінаваты перада мною.

— Нешта я не чуў ад цябе раней такіх меркаванняў. Як ты толькі і дадумалася да такога?

— Бачыш, дадумалася. Бацька мне трохі памог. Нечым ты яму вельмі падабаешся. Надта ён за цябе стаіць. I чым ты яго так узяў — не ведаю.

Рамейка ўсміхнууся.

— Чым? Напэўна, касою.

— Мусіць жа нечым болей, чым касою. Ці ты прасіў яго, каб ён пагаварыў са мною?

— Не, нічога я яго не прасіў.

— А чаму ты пытаўся ў яго, ці раўнівая была мая маці?

— Чаму? Што ты ў яе ўдалася. Вось чаму пытаўся.

— Мне бацька так і сказаў. I лаяў мяне добра, — неяк самакрытычна прызналася Мар’яна і хітра паглядзела на Рамейку. — Нешта ў вас думкі сыходзяцца на многае... Але ён кажа, што цяпер людзі не тыя, што былі раней. Яны вольныя, нічым не звязаны, толькі абавязкамі. А што абавязак для другога? Плюнуў і пайшоў... Страх голаду, адзіноты — зусім іншая рэч. Вось чаму раней жонка трымалася за мужа, хоць ён быў і сякі, і такі. А сёння што? Навошта ён ёй, калі не даспадобы, калі мала зарабляе, калі часам вып’е ці яшчэ што? Ды і яна яму, калі ён лепшую можа знайсці... А дзеці — урэшце і дзяржава пагадуе, яна багатая. Вось чаму і сем’і нетрывалыя. Бракуе, ён кажа, у людзей дзвюх рэчаў: сумлення і цярпення. Зрабіў, не зрабіў, украў, ашукаў — сумленне не мучыць. Не ладзіцца што, не вяжацца — май цярпенне, давядзі да ладу, сто раз перарабі, а зрабі, каб цябе людзі не лаялі... Ого, якраз! Цяп-ляп — і гатова, а там — хоць трава не расці! Хутчэй — абы грошы...

— Тут ён разважае хоць проста, але вельмі правільна. Я сказаў бы — мудра.

— Яшчэ не ўсё. Сумленне, страх перад тым, што людзі скажуць, яшчэ — грэх, — вось той тормаз, які не даваў дарогі распусце. А што цяпер? Толькі закон. А ён у нас мяккі...

— Асабліва для жанчын... На абароне правоў маці-адзіночкі, жонкі-развядзёнкі...

Упершыню за некалькі гадоў яны гаварылі мірна, не пасварыліся, і думкі іх амаль што супадалі, а калі і разыходзшіся, то толькі ў дробязях.

Гаворачы пра тыя ці іншыя з’явы, яны не пераносілі ўсё на сваю сям’ю, на сябе, не тыкалі пальцамі ў балючыя месцы.

Рамейка падумаў: ці надоўга толькі?

15

Нібы з глыбокага сну паклікаў Рамейку званок ад Ларысы Ланеўскай.

Чаго-чаго, а званка ён ад яе не чакаў, збіраўся сам пазваніць, бо часам усплывала ў памяці тая сустрэча ў яе на кватэры, запоўнены музыкаю дзень — пявучыя рытмічныя грэкі, пранікнёны шчыры Вівальдзі, велічна-трагічны Моцарт. Ды смерць Ноны Варанчак адкінула ўсё гэта далёка назад, зацерла, зачарніла ўвесь той прыемны малюнак, пакінуўшы ў душы змешаныя пачуцці страху, раскаяння, расчаравання, крыўды на сваю простасць, з-за якой ён можа пагарэць яшчэ не раз. Таму ён цягнуў да няпэўнага часу, усё чакаў, калі душа яго ўляжацца, калі ён стане такі, які быў тады. Хоць сам разумеў, што такім ён ужо не будзе ніколі. Аднак жа асмеліцца пазваніць ёй у яго не хапала адвагі. I вось званок ад яе... Як ні дзіўна, ён нават узрадаваўся. Ён ужо змірыўся з думкаю, што нічога не значыць для зямлячкі, што яна затаіла ў душы толькі крыўду на яго за той адвод, які ён даў яе кандыдатуры, хоць і расказвала пра гэта са смехам. Ведаў ён, чаго каштавала ёй пазваніць яму. Аднак жа пазваніла. Чаму? Значыць, або нешта такое здарылася, або нешта трэба памагчы ці параіцца. Параіцца — хутчэй за ўсё, бо пра дапамогу яна не дасць яму нават гаварыць, не такі яна чалавек, каб так проста прыняць дапамогу.

Ён, каб апярэдзіць яе, сам сказаў, што хацеў бы спаткацца ў бліжэйшы час, а калі — хай сама скажа. Была якраз сярэдзіна тыдня, і яна, падлічыўшы ўголас, калі ў яе дзяжурства, сказала, што вольная ў пятніцу. I яны дамовіліся сустрэцца пасля абеду.

Предыдущая главаГлава 16 из 42Следующая глава