А калі Ларыса трохі жартам, а трохі ўсур’ёз сказала, што яна выйшла замуж за таго выкладчыка Сечанава з-за яго, Рамейкі, ён аслупянеў. Пры чым тут ён, Рамейка? Аказваецца, сувязь была, і яшчэ якая. Ён папракнуў яе паходжаннем: бацькі настаўнічалі яшчэ пры Польшчы, самі не з простых, не з бедных, а з багатых мяшчан... А тут яе бярэ пад сваё крыло былы франтавік, афіцэр, выкладчык, парторг інстытута. I не пабаяўся яе паходжання... Што ты цяпер скажаш, Рамейка?
Зноў яны смяяліся — ужо абое. Смяяліся над сабой — як усё тады было спрошчана.
Калі шчыра, то яна не крыўдуе на яго, Рамейку, бо ён і памог ёй многа. Яна лічыла, што менавіта такім і павінен быць камсамолец — смелым, прынцыповым і шчырым. I яна вучылася ў яго быць такою — прыйшоў час, і яна смела сказала ў вочы свайму тытулаванаму мужу, што не любіць яго. А калі ён зусім разбэсціўся, апусціўся і стаў алкаголікам, забрала дзяцей і разышлася з ім.
«Вось чаму ты не пераносіш паху гарэлкі», — толькі цяпер здагадаўся Рамейка.
Віна яны ў тую суботу раскаштавалі няшмат, пайшлі ў пакой. I сталі слухаць пласцінкі — грэцкую музыку і песні. I раней іх Рамейка неяк вылучаў з усяго, што чуў і ведаў, а цяпер слухаў з вялікім захапленнем — яны ўсе былі афарбаваны ў мінорныя тоны, вельмі адпавядалі яго і яе настрою. Нешта такое блізкае, такое роднае было ў гэтых мелодыях, своеасаблівых, горскіх, з нейкім як бы галашэннем, з нейкай як бы скаргай на лёс ці на долю, што ў Рамейкі ўвесь час закіпалі слёзы, — нібы гэтыя грэкі выказвалі, выспеўвалі яго душу.
Што галоўнае ў песні? — усплывала ў яго памяці спрэчка: словы ці мелодыя? Ён сам стаяў за тое, што мелодыя, а спявак — прафесіянал, саліст з хору Тэраўскага Шабуня даказваў, што галоўнае — словы... А вось тут слоў ён не ведае, а чаму ж так кранае яго песня, што пяецца проста і шчыра, без высокіх узлётаў, без асаблівай эквілібрыстыкі, — менавіта глыбока і шчыра і таму прыгожа, таму да болю шчымліва. «А вось гэтая песня — «Верабейкі з нашага двара» — пра наш Клецк, — сказала Ларыса Ланеўская, — і не толькі пра Клецк, а яшчэ болей пра...» — і яна недагаварыла, пра каго, пра што... I Рамейка не дапытваўся, ён ужо ведаў ці спадзяваўся толькі яшчэ, што не раз будзе слухаць гэтую песню і даведаецца ўсё, чаго не даведаўся за першым разам.
А цяпер яны сядзелі і слухалі музыку бузукі, слухалі не надта шырокія ў дыяпазоне, але надта багатыя, каларатурныя, каларытныя, трохі з усходнім налётам галасы грэцкіх спявачак і спевакоў, — і абое ўспаміналі сваю маладосць, сваё маленства, якое ўжо так далёка ад іх адляцела, ужо і маладосць вунь дзе — ажно не відаць! — а вось душы іх як быццам нічога не страцілі, а наадварот — набылі, узбагаціліся, напоўніліся да краёў дарагім сонечным нектарам, які можа перастаяцца, перабрадзіць, сапсавацца, калі не ў час яго раздарыць, раздаць людзям. Нешта падобнае адчуваў у сабе Рамейка і думаў, што Ларыса Ланеўская таксама думае і ўсё адчувае так, як і ён, хоць, безумоўна, такога напраўду быць не магло.
Неяк зусім нечакана для сябе, ахоплены пачуццём замілавання, ён абняў Ларысу, прытуліў да сябе і пацалаваў у шчаку.
Яна вырвалася ў яго з рук і, уся заірдзеўшыся, выскачыла ў другі пакой.
Рамейка ўжо лаяў сябе, называў апошнімі словамі, абяцаў сабе, што больш не ступіць сюды і нагою,— паказаў сябе такім паляшуцкім лапцем, што горш не прыдумаць. Ён чакаў, што зараз адчыняцца дзверы і Ларыса пакажа яму на парог. Яе не было доўга, і яго пачало непакоіць: што яна робіць, што думае? Можа, плача, мо праклінае яго? Адным словам, ён ужо быў упэўнены, што такі добры пачатак сапсуты і больш яму сюды дарогі няма! А гэтулькі было планаў — ружовых, вялікіх, неабдымных, і ўсе яны лопнулі ад яго неасцярожнага руху, лопнулі, як мыльныя бурбалкі. Ну хай бы ж ён быў хоць трохі стрыманы! Але... тут вінавата музыка.
I ён злавіў сябе на думцы, што глядзіць на свой учынак вачыма дваццацігадовага хлопца, які яшчэ нічога не паспытаў у жыцці і не ведае, з чаго што пачынаць. I чуць не разрагатаўся: ну і псіхолаг! Пражыў жыццё, а як дзіця! Аднак жа гэтая знаходка супакоіла яго ненадоўга. Пачуў крокі, устаў з крэсла, наструніўся, чакаў самага горшага, хоць спадзяваўся на яе літасць...
Не, здаецца, усё застаецца так, як было. Ларыса Ланеўская не падала нават выгляду, што зазлавала ці, наадварот, — ухваліла яго недарэчны жэст. Яна проста дыпламатычна прамаўчала, нешта стаіўшы ў душы, падышла да прайгравальніка і паставіла новую пласцінку — клавесінавую музыку, здаецца, Вівальдзі. I зноў яны сядзелі на крэслах амаль адно пры адным, локці іх часам дакраналіся, яны гатовы былі прасіць прабачэння адно ў аднаго і, наадварот, хацелі, каб іх локці сутыкнуліся яшчэ і яшчэ.
А шчымлівае і радаснае пачуццё ад таго, што ён абняў і пацалаваў яе, ужо жыло ў ім і не праходзіла, гэта было як нейкае новае ўзыходжанне на вяршыню, з якой яшчэ лепш відаць далягляды іх сяброўства, — Рамейка на большае не разлічваў.
Цяпер яго палохала адно нямалаважнае пытанне: што думае пра яго Ларыса, як адносіцца да такога факта, што ён, муж і бацька, прыйшоў да яе, чужое жанчыны, робіць выгляд закаханага ці нешта падобнае. Ларыса, ён адчуваў, можа вельмі проста спытацца ў яго: чаго ты прыйшоў да мяне? У цябе засталіся дома жонка і дзеці, ты — муж і бацька. Што ты ад мяне хочаш? I ты яшчэ дазваляеш сабе нейкія вольнасці? А вечарам будзеш хлусіць сваёй жонцы, што ты яе любіш?
Вось так магла сказаць Ларыса Ланеўская, і Рамейка баяўся, што кожную хвіліну ён можа пачуць ад яе такое ці нешта падобнае, мо толькі не такімі грубымі словамі, але сэнс будзе ясны і просты, ад гэтага не будзе лягчэй, Рамейка ведаў.
А мо яна змянілася за гэты час, стала зусім не такой, якой ён яе ведаў? Здаецца, што не, інакш усё тут, навокал, ды і яна сама, было б іншым. Тут — сціпласць, нават, можна сказаць, беднасць, а яна, каб хацела, магла б... магла б мець нешта большае.
Такая жанчына, як яна, калі пажадала б, заўсёды жыла б не бедна, а мо нават больш — у раскошы. Аднак жа яна не хоча так жыць. Значыць, яна чалавек сур'ёзны і самае галоўнае — сумленны.
Як змянілася музыка — вясёлая бузука на шчымлівы клавесін — так, здаецца, памяняўся іх настрой. Ларыса была сумная, гатовая вось-вось заплакаць; нешта невыразнае рабілася і на душы ў Рамейкі. Ён не ведаў, як на яго тут глядзяць, ці сур’ёзна ўспрымаюць, і не ведаў, як паводзіць сябе: ці замольваць свой «грэх», ці мо «грашыць» і далей — галоўнае пачатак, а там неяк усё пойдзе. Потым падумаў: хай будзе тое, што ёсць, хай застаецца залатая сярэдзіна.
Клавесін Рамейка любіў, хоць у музыцы не вельмі разбіраўся. Даўно ужо, яшчэ на пачатку работы, жыў на кватэры ў аматара-музыканта, у яго быў стары клавесін-фісгармонія, гаспадар у свята любіў пайграць і запрашаў на свае канцэрты і Рамейку. Гэта было сапраўднае свята музыкі. I сёння яму ўспомніліся тыя аматарскія канцэрты, у якіх мо не было высокага прафесіяналізму, але была душа, а душа заўсёды і ўсюды відна і чутна, і нідзе так невідавочная, як у музыцы. Калі ты з пустою душою, не бярыся за музыку, бо музыка твая нікога не кране.
«А што такое пустая душа?» — чамусьці падумалася Рамейку. Няйначай, душа, пазбаўленая спагады, жалю, спачування, а ўсе гэтыя праявы могуць быць скіраваны толькі на слабога, прыніжанага, няшчаснага, таго, хто пакутуе, хто бездапаможны і безабаронны. Калі няма ў цябе жалю да такіх — значыць, душа твая пустая, чым бы ты ні стараўся запоўніць,— золатам, дыванамі, машынаю, дачай.
I Вівальдзі сваёй музыкай як бы пацвярджаў гэта, даказваў і пераконваў, што менавіта так яно і ёсць: любыя высокія матэрыі нішто ў параўнанні з самай звычайнай спагадай да чалавечага гора, з самым звычайным жалем да таго, каму балюча, каму цяжка — свой гэта ці чужы. Ён нібы гаварыў, што самая высокая, вялікая місія чалавека — гэта памагчы таму, хто ў бядзе, падаць руку таму, хто выбіўся з сіл; вывесці на дарогу таго, хто заблудзіў; выцерці слёзы таму, хто ў горы, у бядзе, а не па трупах, па касцях чалавечых ісці да свае так званае важнае мэты, якая мо апроч, як табе самому, больш нікому не прынясе шчасця і радасці. Дык навошта яна тады, твая высокая мэта?..
Ці тое хацеў перадаць Вівальдзі сваёю музыкай, Рамейка дакладна не ведаў, але здалося, што яму самому пачулася менавіта такое.
Скончыўся Вівальдзі — і Ларыса паставіла на прайгравальнік «Рэквіем» Моцарта, дзіўны твор з дзіўным лёсам, пісаны кампазітарам для кагосьці, хто не прыйшоў забраць гатовую рэч, але які затое прыдаўся самому кампазітару, калі яго праводзілі у апошнюю дарогу.
Рамейка пачуў гэта ад Ларысы Ланеўскай, і яго страшэнна ўразіла, што ў жыцці могуць быць такія фатальныя збегі акалічнасцей. I мо таму ён слухаў яшчэ з большай пранікнёнасцю, чым звычайна, і ўражвала яго музыка геніяльнага кампазітара яшчэ больш, чым усё чутае дагэтуль. Плач па невядомым — плач па сабе. Змаганне з жыццём, змаганне з беднасцю, імкненне жыць па-чалавечы, жаданне быць зразуметым сваімі сучаснікамі і ацэненым па сутнасці — і поўнае расчараванне ў сваіх памкненнях, у жыцці, і вечная нястача, як фатум, як цень неадступны, што ідзе за падарожнікам па спякотнай пустыні, — усё гэта ці нешта падобнае чулася Рамейку, калі ён зачаравана слухаў магутную трагічную музыку, што вадаспадам лілася на яго з дзвюх калонак — на адно вуха і на другое — і аж пранізвала яго навылет, ажно сыпала марозам па скуры. I, слухаючы гэтую магутную, як горны абвал, музыку, Рамейка адчуваў нейкае вялікае ачышчэнне душы, катарсіс, як называлі такое пачуццё грэкі, усе яго вялікія і малыя беды бляклі і меркнулі перад веліччу і сілай гэтай мелодыі, якой наканавана бессмяротнасць разам з аўтарам. Вось якую трэба мець вялікую, глыбокую і чулую душу, каб так умець, так змагчы выявіць гора, няшчасце, бяду чалавека, чужога яму чалавека, якога ён нават не ведаў. Ён пісаў для другога, пра другога, а пісаў пра сябе, для сябе! I таму — для кожнага, хто хоць раз у жыцці быў нешчаслівы, пакрыўджаны, ашуканы, асмяяны дужэйшымі, хоць такімі ж людзьмі, як ён сам, толькі з чэрствымі душамі.
Як чытаеш цікавую кнігу і хочаш, каб яна як мага даўжэй не канчалася, так і Рамейка хацеў, каб «Рэквіем» гучаў бясконца, хоць слухаць яго было цяжка, часам невыносна цяжка, але гэта было нешта падобнае на салодкі боль.
Музыка змоўкла, надышла цішыня. Яны доўга маўчалі, седзячы нерухома, нібы страціўшы здольнасць варушыцца, гаварыць, разважаць і нават думаць. Толькі ніякімі словамі нельга выказаць таго, што яны, кожны паасобку, адчулі і перадумалі пад гукі музыкі і пасля таго, як яна скончылася.
Рамейка сёння, як ніколі дагэтуль, адчуў, наколькі душа чалавечая мацней за цела, відаць, нездарма людзі лічаць, што яна бессмяротная.
14
Балюча-жалобныя гукі «Рэквіема» адгукнуліся ў сэрцы Рамейкі недзе на пачатку верасня, калі ён дачуўся, што Нона Варанчак утапілася. Яна паехала да бацькоў на вёску, і там недзе ля Пухавіч у невялічкай рэчцы здарылася бяда. Казалі, што гэта няшчасны выпадак, але Рамейка сумняваўся ў такой версіі. А калі казаць шчыра, то быў ён страшэнна ўражаны, а мо яшчэ болей — напалоханы. Калі толькі яна пайшла на той свет з-за яго, то і яго яна не пашкадуе: ужо недзе ляжаць лісты — пра яго, пра раман. А напісаць можна чаго хочаш. Бо недзе за тыдзень да няшчасця яна пазваніла яму на работу і прасіла — лагодна, мякка, без усякай пагрозы — прасіла зайсці да яе, пагаварыць пра адну важную для яе рэч. Рамейка сказаў, каб гаварыла па тэлефоне, але яна не захацела, а ісці да яе ён адмовіўся — баяўся якой правакацыі. Яна ўздыхнула і павесіла трубку.
I вось цяпер ён чакае з дня на дзень, што яго пакліча аднойчы дырэктар, папросіць прысесці, дастане з шуфляды стала ліст і пакажа яму канверт — пазнаеш почырк?
I гэта будзе апошні ліст да людзей Ноны Варанчак, у якім, пэўна ж, першае месца будзе займаць ён, Рамейка. I што б ён ні сказаў у сваё апраўданне, яго словы будуць гучаць непераканаўча, бо пераважаць довады чалавека, якога ўжо няма жывога і якому няма чаго хаваць праўду. Так кожны падумае і так скажа... Так што ты, Рамейка, калі ішоў да Ноны Варанчак, як быццам гаварыў сабе быць гатовым да самага горшага, але то былі толькі словы, а вось калі дайшло да справы, можаш пераканацца, што тут зусім іншая рэч.
Спачатку ў яго было жаданне схадзіць да яе дзяцей — напэўна ж яны, дачка і зяць, цяпер перайшлі у яе кватэру, — але нешта не давала яму асмеліцца на такі крок. Проста было страшна глянуць у вочы дзецям, якія могуць сказаць яму: «Ты забіў нашу маці!» I ён не зможа апраўдацца — у яго не хопіць доказаў. I, горш за ўсё, не хопіць сумлення сказаць, што ён не вінаваты.
Хутка прыйшла і карэктура аповесці Варанчак, аўтар павінен яе прачытаць...
Рамейка пайшоў да дырэктара. Рэдка калі можна было застаць яго аднаго ў сваім кабінеце: то які госць, то цэлая дэлегацыя, то хто са сваіх — што-небудзь трэба вырашыць.
I цяпер у яго сядзеў лысаваты мажны чалавек каўказскага тыпу, нешта яны гаварылі.
Дырэктар устаў, падаў руку Рамейку, жэстам запрасіў сесці. Быў ён нейкі заклапочаны.
— Пачакаеш, ці ў цябе што невялікае? — спытаўся.
— Якраз невялікае, — адказаў Рамейка. — Вось карэктура... Варанчак. Хто цяпер яе павінен чытаць?
Дырэктар сеў, на хвіліну задумаўся.
— Аддаваць дачцэ няма сэнсу. Што яна тут разбярэцца? Чытай сам, — сказаў упэўнена.
— I я так думаў, дзякую. — I ён выйшаў.
Вось як хутка вырашае дырэктар такія — ды і не такія простыя — справы. А пісьма ад Варанчак, відаць, у яго няма, інакш ён паглядзеў бы на Рамейку іншымі вачыма.
Трохі спакайней стала на душы, але нейкая няясная трывога не праходзіла. Як адчуваў, што яшчэ не ўсё. Пазванілі па тэлефоне. Гаварыла маладая жанчына.
— Алё, гэта таварыш Рамейка? Я — Наталі, дачка Варанчак. Вы памятаеце?
Рамейкава сэрца азвалася на гэтыя словы нейкім няпэўным рухам ці зрухам — неяк нязвычна страпянулася і замерла на момант у чаканні, а потым пайшло далей, як спынены на момант маятнік.
— А як жа, памятаю, памятаю... А што вы хацелі?