К книге
На мяжы цярпенняСтраница 14
33%
Страница 14
14

«Мякка ты сцелеш, ды цвёрда спаць, — думаў Рамейка, выслухоўваючы спакойна ўсе яе абяцанні. — Упражыся толькі ў тваю калясніцу, то не выпусціш з ярма. Але ж нешта ты сёння і праўда мяккая». I адказаў:

— А калі ўсё тое, што ты гаворыш, — толькі словы, толькі твая хворая фантазія? Дапусцім, я пайду да цябе... А праз месяц мы пасварымся — і ўсё да д’ябла? Ты можаш паверыць у такі фінал?

— За цябе я нічога не магу абяцаць, а за сябе ручаюся, што так не здарыцца: я буду табе вернай, буду любіць цябе да смерці! Клянуся!

— А калі я не змагу цябе любіць так, як ты мяне? Што тады? Будзеш мне помсціць?

— Ты палюбіш мяне, я табе абяцаю, Алеська! Я ўсё зраблю, каб ты мяне палюбіў! Зраблю! Клянуся! Я стану перад табою на калені! Любі мяне! Любі-і-і! — і яна спаўзла з канапы, апусцілася на калені перад Рамейкам.

Ён разгубіўся — не чакаў такога павароту, — не ведаў, што рабіць, што гаварыць, што сабе парадзіць. О Божа! Такога з ім яшчэ ніколі не здаралася! Каб жанчына выпрошвала ў яго каханне? Проста цўд зямны, небывалы! Што ж гэта рабіць?

— Перастань, Нона, што ты так прыніжаешся! — і ён, седзячы, учапіўся ў яе рукі, стаў падымаць, але яна абвісла на падлогу, стала яшчэ цяжэйшай, потым абхапіла яго ногі, прыціснулася тварам да яго каленяў. Цела яе ўздрыгвала — яна плакала.

«Мо яе трэба чым абразіць ці пакрыўдзіць, тады яна зноў стане такой, як была?» — гарачкава думаў Рамейка, ужо, здаецца, сам гатовы расплакацца. Яшчэ трохі — і ён не вытрымае такога напору, скажа, што згодзен рабіць так, як яна кажа, што кіне ўсё і пойдзе да яе. Толькі каб скончылася гэтая драма...

— Не адштурхоўвай мяне, Алеська, інакш я загіну, вось пабачыш! Мне не хочацца жыць! Я проста не магу без цябе! Не магу! Няўжо ты гэтага ніколі не перажыў — калі без любімага чалавека нельга прабыць і гадзіны? — гаварыла і плакала яна ў яго ля каленяў, а ён сядзеў, як звязаны, нават не мог устаць — як у пастцы. Вось табе на!

— Нона, ну хопіць, перастань! — ён ірвануўся, устаў на ногі, зноў узяў яе за плечы і ледзь адарваў ад зямлі, пасадзіў на канапу. Задыханы, сеў каля яе, абняў: — Ты ўсё перабольшваеш! Мы кахаліся п’яныя, няўжо ты не можаш гэтага зразумець? А жыць і ўвесь час быць п’янымі проста нельга!

Яна раптоўна супакоілася, твар яе стаў суровы і злы — вось такой яна была для яго больш у натуры, як тая, што была нядаўна. «Ну, зараз нешта выпаліць» — прамільгнула ў Рамейкі ў галаве. I ён не памыліўся.

— Сухая ты вобла! Прыземлены, паўзучы рэаліст! Усё ты апашляеш, усё зніжаеш і прыніжаеш, з усяго скідаеш прыгожы флёр! Сляпы душою і сэрцам! Нуднік ты, вось хто ты! Ненавіджу цябе! Ідзі да д’ябла! — і яна адпіхнула яго ад сябе і рашуча ўстала: — Але не думай, што табе гэта так проста абыдзецца! Вось тут, — яна паказала на сваю пузатую сумачку, — ляжыць папера, якую я пашлю твайму дырэктару, пашлю копіі яшчэ сему-тому з высокіх інстанцый — і ты загрымші уніз, як гнілая калода. Ты зразумеў гэта ці не? Так што рашай: або мы будзем разам — і будзем шчаслівыя, або па адным — і няшчасныя?

Рамейка сядзеў на канапе, слухаў і не пазнаваў Нону Варанчак — такою яна яму яшчэ ніколі не паказвалася, — і праўда, што ён не ведае яе як след. А лепей было б, каб не ведаў і зусім... Яна думае, калі застрашыць, дык ужо Рамейка і падыме лапкі ўгору? Не, ты таксама яшчэ не ведаеш Рамейку.

— Мне здаецца, што ты мяне страшыш, Нона, — знарок спакойна і холадна сказаў ён, хоць голас прасіўся на крык, а сэрца пачало шалець у грудзях. — Але ведай, што мяне гэтым ніколі не возьмеш! Яшчэ ласкай, жалем, слязамі, чым хочаш — толькі не страхам.

— Даўбешка ты! — ускрыкнула яна. — Цябе нічым не проймеш! Бо да цябе цяжка даходзіць! Але дойдзе! Вось пабачыш! I яшчэ ёсць адзін варыянт, запасны! Запомні! Калі я скокну з восьмага паверха на асфальт і ў мяне знойдуць запіску, што ты вінаваты ў маёй смерці, ты, нябось, паскачаш!

Рамейка, як загіпнатызаваны, не адводзіў вачэй ад яе твару — ён быў рашучы, строгі і мо нават прыгожы, а вочы сталі вялікія, бліскучыя, яны нібы выпраменьвалі святло. I ўся яна была перад ім як багіня справядлівасці — і Рамейку стала ажно холадна. Але толькі на момант ён мог успрыняць яе сур’ёзна, яе словы зноў загучалі для яго як гульня, як шантаж, як фальш. Таму не раззлаваўся, не ўскіпеў, а нечакана зарагатаў.

— Дык каго ж ты хочаш пакараць? Сябе ці мяне? I навошта сябе? Хіба ж ты вінаватая?

Яна падышла і стала супроць яго.

— Хачу пакараць нас абаіх: сябе раптоўнай смерцю, а цябе — доўгімі пакутамі сумлення, калі яно ў цябе яшчэ засталося.

Рамейку здалося, што ў галаве ў яго нешта крутнулася.

— Як я бачу, ты майстар недазволеных прыёмаў... Ты можаш вывесці мяне з цярпення, хоць я гаспадар і павінен быць ветлівы, — ужо з пагрозай сказаў Рамейка і ўстаў.

Цяпер ужо зарагатала Варанчак — звонка, з’едліва, з насмешкай — і адышлася да акна, глянула ўніз.

— Гаспадар... ветлівы... Добра, што сесці запрасіў... Я цябе віном, як вялікага госця, сустракала, а ты нават не ўспомніў, што я ў цябе таксама госця.

— Няпрошаная госця, ты забываеш, — паправіў яе Рамейка.

— Ах, я няпрошаная! Дзякуй табе, што ты нагадаў, хто я і хто ты... Я — нішто, гуляшчая баба, ты — самаўпэўнены надзьмуты бурдзюк, які думае, што ён самы галоўны на свеце і што ўсё будзе так, як яму пажадаецца, бо ў яго ёсць усё: кватэра, жонка, дзеці, пасада, грошы. Што грашыма можна ад усяго адкупіцца і за грошы можна ўсё купіць... Не, памыляешся, грошы — гэта ўсяго толькі ілюзія свабоды і шчасця. Свабода і шчасце якраз там, дзе іх няма, дзе імі і не смярдзела... Жыві і раскашуйся... — Яна адкрыла сумачку, пашукала там нечага, знайшла і кінула на стол. — Вось грошы, якія ты мне пазычаў. Дзякуй... Каб ведала, абышла б цябе за сто вёрст, абышлася б без твае ласкі. Як-небудзь пражыла б... Ды што ўжо каяцца? Бывай, Алесь, бывай назаўсёды!..

Яна ўсхліпнула, закрыла твар далонню і асцярожна, як сляпая, пайшла да выхаду.

Рамейка моўчкі прайшоў за ёю, адчыніў дзверы. Нона Варанчак, не азірнуўшыся, дайшла да ліфта, націснула на кнопку. Загарэлася чырвонае вочка.

Ён зачыніў дзверы. I адчуў, што вось-вось упадзе — апанавала нечаканая слабасць.

13

Чалавек заўсёды, пакуль жыве, шукае свайго шчасця. Яго эталон, яго ідэал заўсёды ёсць у кожным чалавечым сэрцы. Рамейка думаў і лічыў, што ён як быццам шчаслівы, аказалася, што гэта была ўсяго толькі ілюзія шчасця.

Не будзе больш у яго сэрцы законнае жонкі Мар’яны, хопіць, што яна там і так доўга займала пачэснае месца. Ён прымаў яе дагэтуль як свайго, блізкага чалавека, аказалася, што яна была не такой, якою ён яе бачыў, ведаў; аказалася, што і яна ўспрымала яго не такім, якім ён быў напраўду, лічыла яго сваім ворагам, здраднікам. Чаго больш хацець? Цяпер ён такі, якім яна лічыла яго дзесяць і больш гадоў, цяпер яна можа сказаць, што кажа праўду. Хай ён ёй здрадзіў, але толькі таму, што яна здрадзіла яму першая: адраклася ад яго — сумленнага, чыстага і ні ў чым не вінаватага перад ёю. Калі б яна больш верыла яму, мо не зрабіла б такога, тады не пайшоў бы і ён на крывую дарогу. А так — яны цяпер квіты. У душы ён нават рады, што змог пайсці на нялёгкі крок і зблізіўся з Нонай Варанчак.

Ён не стане тлумачыць сваёй Марыне, што яго пацягнула да Ноны, — мо проста жаданне ўбачыць жанчыну, зусім не падобную да Марыны. Як жанчына, яна і праўда не падобная да Марыны, але як чалавек — яны як родныя сёстры. Будзьце здаровы абедзве! Марыне ён удзячны за тое многае, што злучала іх і што злучыла назаўседы, — за іх дзяцей.

Ноне Рамейка ўдзячны таксама — ён атрымаў урок, які шмат чаму яго навучыў, на многае адкрыў вочы. Ён убачыў і адчуў каханне, яго сілу і хараство, — убачыў яе каханне да яго, Рамейкі. Хай яна даруе яму, што ён не змог адказаць ёй тым жа, проста яна не была якраз той жанчынай, што зробіць яго шчаслівым да канца яго дзён. Ён амаль ведаў, што не знойдзе ў Ноне свайго шчасця, калі ішоў да яе, але нездаровая цікаўнасць павяла — і завяла надта далёка...

I ўсё ж ён не каецца, бо першы раз у сваім жыцці ўбачыў, як жанчына можа гарэць, як яна можа аддаваць сябе ўсю, без астатку, любімаму чалавеку — пры ўмове, што яна любіла яго.

I Рамейка паверыў у тое, што і ў яго ёсць такі агонь, што ён у ім не патух, а жыве, і што рана ці позна ён, Рамейка, знойдзе чалавека, якому аддасць увесь свой агонь душы без астатку, — і яны будуць шчаслівыя. Ён у гэта паверыў — і за гэта будзе заўсёды ўдзячны Ноне Варанчак.

Што ж цяпер, пасля развітання?

У дарогу? Відаць, так. Часу засталося няшмат. Часу мо зусім мала. Але адкуль урэшце мы ведаем, колькі яго засталося? Паўгода назад ён лічыў, што ён ужо увесь...

На даляглядзе яго жыцця ёсць адна зорка. Яна неяк то аддалялася ад яго, то набліжалася. Але яны не былі нават сябрамі, усяго толькі знаёмымі, землякамі. Яна — Ларыса Ланеўская.

Усё тое, што ён ведаў пра яе дагэтуль, было супярэчлівым. У яе было шмат добрых задаткаў, яна пасля школы паступіла ў інстытут, але хутка выйшла замуж — і яе жыццё неяк пайшло не туды, куды трэба. Усё пайшло наперакос. Ён ніяк не мог зразумець, як яна, маючы гэтулькі задаткаў, так марна растраціла іх, не узняўшыся на тую вышыню, на якую ўзнімаюцца звычанна такія вось адораныя прыродай людзі.

Няхай ён не дасягнуў вышынь і вяршынь — дык ён быў звычайным вучнем, звычайным студэнтам, і прынялі яго ў інстытут хутчэй за ўсё таму, што тады, пасля вайны, патрэбны былі кадры, іх патрабавала абяскроўленая народная гаспадарка, асвета, культура, іх трэба было аднекуль браць, рабіць як мага больш — і іх давалі, рабілі, штампавалі інстытуты і універсітэты. Вось чаму і застаўся ў горадзе Рамейка, хоць за гады вучобы нават і не падумаў, што стане гарадскім жыхаром, ён рыхтаваў сябе настаўнікам у вёску.

А яна, Ларыса Ланеўская, наколькі ён ведаў, была адорана сузор’ем талентаў. I вось фінал — медсястра з дваіма дзецьмі на руках. Гэта адно... А другое: шмат перажыўшы, вынесшы на сваіх плячах такі цяжар, ці не надарвалася яна, ці не страціла смаку да жыцця, ці не расчаравалася у ім, ці не зламалася фізічна і маральна? Вось што цікавіла перш за ўсё Рамейку. Трэба праверыць, ці далёка ён ад праўды — і, пакуль не позна, памагчы...

Ах, якія мы часам няўважлівыя да другіх, калі ў саміх усё гладка і роўна! I толькі тады заўважаем хворых, калі самі захварэем і трапім у бальніцу ці ў паліклініку; толькі тады бачым латкі на штанах суседа, калі ў саміх няма за што купіць новае паліто. Памагчы... Ён і Варанчак хацеў памагчы, ды вось што атрымалася. Часам хочаш памагчы, а цябе не так разумеюць — і ўсё ідзе наперакос. Ці памагчы таксама трэба умець? «Не можаш памагчы, дык лепей памаўчы». Ды і якая б бескарыслівая ні была дапамога, недзе ўсё ж схавана і выгада таго, хто памагае: бач, які я добры, бач, у мяне ўсяго столькі, што я табе магу крыху даць. Ці па прынцыпе: кінь за сабою, знойдзеш перад сабою. Ці нават прасцей: я табе, ты — мне. Хоць нешта, хоць маленькае, хоць дзякуй — ды ты ўсё ж мне дасі, скажаш, дадумаеш. А калі нават такога, нязначнага не будзе — то які сэнс памагаць?

Аднак жа трэба было задушыць у сваім сэрцы гідру выгады і пачынаць без усякай надзеі нават на дзякуй. Калі ты чакаеш падзякі, то лепей нічога не пачынаць.

I ўсё ж ніяк не мог адагнаць ад сябе думкі, што яна, Ларыса Ланеўская, ацэніць яго учынак, зразумее яго парыванне і не застанецца ў даўгу — аддзячыць яму тым, чым можа аддзячыць жанчына мужчыну. Урэшце згадзіўся на такі варыянт: хай будзе так, як яна захоча. Аддзячыць — добра, не — яшчэ лепей. Ва ўсякім разе, да той удзячнасці яшчэ вунь як далёка — ён яшчэ нічога не зрабіў — ні добрага, ні кепскага.

Была субота, ён пазваніў, яна якраз была дома, на нядзелю, на ноч, збіралася на дзяжурства. Ён чамусьці хваляваўся, хоць увесь час лаяў сябе і супакойваў, што нічога сур’ёзнага не будзе і быць не можа, што тут ні яго лёс, ні яе лёс не рашаюцца, усё застанецца так, як было дагэтуль.

А збоку можна было падумаць, што ён самаўпэўнены, бывалы донжуан, які ўсё ведае і ўсё можа, асабліва па лініі спакушэння адзінокіх жанчын. Можа, яна так і думала, гледзячы на яго, але паводзіў ён сябе не груба, не нахабна, а як і трэба культурнаму чалавеку: еў у меру, піў памяркоўна, не перабіваў, калі яна гаварыла, даваў выгаварыцца да канца, часам што-небудзь пытаўся, наводзіў на тэму, якая яго цікавіла больш.

Неяк у яе ўсё было не так, як у Ноны, і тут ён быў зусім не такі, як там, — нават не пазнаваў сябе. Натуральна, што тут ён адчуваў сябе яе земляком, сялянскім хлоццам, а яна зноў жа была па-ранейшаму чалавекам з іншага асяроддзя, як з іншай планеты. Хоць ён ніяк не мог скінуць з рахунку, што яна ўжо зусім не тая, якой была больш як два дзясяткі гадоў назад. Аднак жа ён ніяк не мог адкінуць грузу мінулага — на яе ён глядзеў тымі і не тымі вачыма.

Паступова крок за крокам ён дазнаваўся пра яе жыццё, хоць за гэта трэба было выкладваць нешта і пра сябе, бо тут неяк само сабой выходзіць, што чалавек на шчырасць адказвае шчырасцю. Яны нават дзівіліся, як мала яны дагэтуль ведалі адно аднаго.

Ларыса Ланеўская, да прыкладу, вельмі здзівілася, што ён, Рамейка, трапіў у літаратурныя колы, а яна ўвесь час лічыла, што ён мо які-небудзь юрыст, міліцыянер ці нават з органаў дзяржаўнай бяспекі. Мо таму так лічыла, што ён здаваўся тады, у школе, вельмі строгім і прынцыповым і аднойчы на камсамольскім сходзе адвёў яе кандыдатуру у камсоргі школы, сказаўшы, што у яе малы камсамольскі стаж ды па сваім сацыяльным паходжанні яна таксама не надта падыходзіць.

Цяпер ён рагатаў з сябе, са свае прынцыповасці, а тады яна плакала, што ён перад усімі так прынізіў яе — і запомніла той выпадак на усё жыццё. А ён сам, як ні дзіўна, забыўся пра той эпізод зусім — значыць, ён не быў тады на высокім напале пачуцця, бо тое, што яго моцна ўражвала, ён запамінаў назаўсёды.

Яшчэ ён даведаўся, чаму яна пайшла ў лесатэхнічны інстытут, а не ў педагагічны ці ў політэхнічны на архітэктурнае аддзяленне ці ў тэатральна-мастацкі, хоць у яе былі схільнасці і здольнасці па адной, па другой і па трэцяй лініі. Пайшла яна на лес таму, што так захацеў яе бацька, які думаў зрабіць з яе лесавода, а пасля самому да яе перасяліцца на старасці гадоў. На першым курсе ў яе закахаўся іх выкладчык. Ларыса Ланеўская ўсур'ёз не хацела прымаць яго заляцанні, але зноў жа ўмяшаліся бацькі, і маці ў адны канцы захацела, каб дачка, доўга не думаючы, выходзіла замуж. Чаго болей хацець? Выкладчык, былы афіцэр-франтавік, паважаны чалавек, ды і прыстойны, прадстаўнічы: высокі, чарнявы, родам з растоўскіх казакоў. I стала маладая студэнтка жонкай выкладчыка, але вучыцца ён ёй не даў. «Будзеш гадаваць маіх дзяцей», — катэгарычна сказаў маладой жонцы. I яна стала гадаваць...

Предыдущая главаГлава 14 из 42Следующая глава