— Ах, бедная! Расчаравалася! Думала, што знайшла сабе пакорлівага слугу, чорнага парабка, на якім можна толькі ехаць: каб ён рабіў, прыносіў зарплату, гадаваў дзяцей, а сама — вольная птушка, раблю, што хачу... А ён пачаў дабівацца роўных правоў, яшчэ захацеў нейкага кахання, шчырасці, цеплыні...
— Не пляці лухты, слухаць моташна! — закрычала зноў жонка. — Калі ты прыносіў усю зарплату? Калі ты гадаваў дзяцей? Ты жыў і жывеш, як чужы! Як чужаніца! Я не ведаю, як я жыла з табою, я не бачыла ні твае цеплыні, ні ласкі, ні шчырасці, ужо не кажучы пра каханне. Ты мне нічога гэтага не даваў! Таму і я табе не давала! Плаціла табе той жа манетай.
Рамейка рэзка ўзняў галаву, пранізліва глянуў на жонку.
— Вось як? А я думаю: чаго мая Маня такая нейкая вечна халодная, такая фрыгідная, як медыкі кажуць. А яна мне плаціць тою ж манетаю! Якою гэта тою? Хіба ў нас на пачатку не было таго, што трэба? Я верыў, што і каханне ў нас будзе, і шчыры быў з табою, душу ўсю табе аддаваў...
I яго панясло, як калёсы з гары, — не спыніцца. Быў у яго словах боль, была крыўда — што ўсё патраціў дарма, што страціў гэтулькі сілы — а навошта? Каму стараўся? Дзецям? Што дзеці? Хіба яны ацэняць? Хіба мо некалі, як паразумнеюць, як разбяруцца, дзе праўда, дзе крыўда. А могуць і не разабрацца... Тады яшчэ большая крыўда — што даверыўся чалавеку, які цябе не зразумеў, ці не захацеў разумець, не ўбачыў у табе таго, чым ты даражыў, для чаго жыў: душы твае не ўбачыў. Як магло такое адбыцца? Як і чаму?
Рамейка гаварыў шчыра, мо трохі ўзнёсла. А жонка сядзела і задуменна курыла, пускаючы дым пад столь, і ніводная жылка на яе хударлявым твары не ўздрыгнула; і яе спакой Рамейку проста даводзіў да шаленства: ён ведаў, што яго словам яна не верыць ні на грош. Таму ён ужо з раскаяннем, праўда, запозненным, ацаніў сваю тыраду як стрэл з гарматы па вераб’ях. Гэтулькі пораху патраціў — і ўсё марна!
Але, мусіць, не марна! Яна затушыла папяросу, выкінула яе ў фортачку, зноў села за столік, наліла ў чаркі — сабе і яму.
— Дык ты скончыў сваю пропаведзь ці не? — спыталася, нібы збіраючыся яго паправіць ці разбіць яго довады.
— Скончыў, бо бачу, што гэта пустая гаворка.
— О, тут ты сказаў праўду, а што гаварыў дагэтуль — лухта! Сабачы брэх!
I тут Рамейка не стрымаўся, адвёў руку і стукнуў ёй па шчацэ.
— Перастань! — крыкнуў пераселым голасам. — Бо я не ручаюся за сябе!..
Сэрца ў яго гатова было разарвацца — аж не хапала паветра, аж стала горача ў горле: у гэтую хвілю, каб ён даў сабе волю, невядома што мог бы зрабіць. Не, такога дзікага шаленства ён не адчуваў ніколі, нават сёння ў электрычцы.
Яна, як загіпнатызаваная, глядзела на яго акруглелымі вачыма, маўчала, хоць было бачна, што нейкія словы ці крык круцяцца ў яе на языку, але яна не мае сілы, каб павярнуць ім, каб паварушыць пасінелымі вуснамі. Нарэшце прарвала:
— За што, паразіт? За што?.. — спытала і задыхнулася.
— За твой подлы, хлуслівы язык, за тваю няпраўду! Вось за што! Ведай! — і ён плюнуў, павярнуўся і пайшоў з кухні.
Што ў такія хвіліны робяць людзі? Робяцца ненармальнымі, напэўна! Яшчэ нейкі маленькі паварот, яшчэ адна неасцярожнасць — і ўсё магло пайсці прахам. Ды яно, лічы, і пайшло — і без маленькае неасцярожнасці. Тут і так ясна, што камень раскалоўся па самай сярэдзіне — і яго не склеіш. Няма такога клею на свеце, каб склеіць. Нічога не паможа.
12
Астатак адпачынку ў Рамейкі прайшоў неяк непрыкметна — з’ездзіў яшчэ да сваіх бацькоў, але ўжо на сена спазніўся, скасілі і без яго, потым пабыў у аднаго прыяцеля, з якім некалі разам вучыліся, той працаваў вясковым настаўнікам — цікавы і вясёлы чалавек, — і ўсё, трэба брацца зноў за работу.
Цяпер пайшла ў адпачынак жонка, забрала меншую дачку і паехала да бацькоў, старэйшая была ў будаўнічым студэнцкім атрадзе недзе на Смаленшчыне. Рамейка застаўся адзін. Гэта было вельмі дарэчы: трэба падумаць, сабрацца з думкамі і рашаць, што рабіць і як жыць далей. Нешта трэба мяняць у яго шэрым існаванні, так цягнуць далей немагчыма, інакш можна дайсці да чорцікау.
Лета па-ранейшаму было сухое і спякотнае, без пары пачала спець збажына на полі, яшчэ нават добра не наліўшыся. Год намячаўся цяжкі — як для жывёлы, бо сена не ўсюды парасло, пераважна толькі на нізінах, па паплавах, дзе вышэй — выгарала, так і для людзей — недабор зерня будзе вялікі, тым болей, што Паволжа і цаліну таксама засушыла.
Два дні, што заставаліся да работы, Рамейка не ведаў, як дабіць: схадзіў на возера, але народу было так шмат, што яму рабілася моташна — хацелася як найхутчэй уцячы ў спакайнейшае, зацішнейшае месца. Але дзе яго знайсці? Хіба ў лесе, пры вадзе? Але колькі гэта кіламетраў трэба туды дабірацца? Дома таксама было душна і горача, дом, здаецца, ажно плавіўся, дымеўся на сонцы, хоць ён і быў з бетонных панеляў, а вады, як на тое, няма — на дзвярах у пад’ездзе вісела аб’ява, што ў сувязі з рамонтам сеткі вады не будзе яшчэ цэлы тыдзень.
Рамейка хадзіў па кватэры ў адных плаўках, лаяўся на чым свет стаіць, шукаў сабе ўтульнага месца — і ніяк не знаходзіў. Нешта яму было так кепска, так цяжка, што хоць вый воўкам. Здаецца, чаго болей трэба: адзін, сам сабе гаспадар, рабі што хочаш, ідзі куды хочаш... Дык не, нешта як знарок сядзіць у ім і бракуе ўсе яго варыянты, якія прыходзяць у галаву.
Ну хоць бы гэты — схадзіць да Ноны Варанчак... Не... Нават не хочацца пра яе і думаць.
Пазваніць хіба Ларысе Ланеўскай? Але што ёй сказаць? Што сумуе без яе? Самая звычайная банальшчына. А што другое ён можа сказаць? Што прапанаваць? А як яна скажа яму — не траць дарма часу? Пустыя думкі, пустыя турботы...
А найлепей было б пажыць аднаму. Адпачыць душой і целам, ачысціцца ад усяго дробязнага, што накіпела за гэты час сямейнага так званага шчасця, адчуць свабоду, дыхнуць ёю на поўныя грудзі. Не жыць пад вечным страхам за заўтрашні дзень, што там нешта знасілася, нешта парвалася, нешта трэба купляць, нешта рабіць — дробнае, мізэрнае, непрыемнае, да чаго твая душа не ляжала і не ляжыць, але ты павінен гэта рабіць, каб не было звягі, каб цябе не папракалі, што ты не ўносіш свае долі ў сям’ю, што не думаеш, не дбаеш пра гэты чортаў заўтрашні дзень і чорную гадзіну, якая ўсё недзе цябе чакае, якою цябе вечна страшаць, прападзі яна пропадам!
Час падумаць, Рамейка, над тым, што ты зрабіў, што ты яшчэ можаш зрабіць, што павінен зрабіць.
Тое, што зрабіў, няма чаго і ўзважыць, калі гаварыць пра культуру, літаратуру, якой ты служыш. Рэдагаваў, выдаваў... Гэта мог бы зрабіць горш ці лепш кожны іншы рэдактар, чалавек. А вось як творца, як перакладчык? Што ты выдаў такога, каб людзі ахнулі, ажно вачам не паверылі? Нічога — ніякага, адно глупства — усё толькі каб заткнуць дробныя дзюркі ў сямейным бюджэце. Дык ці для гэтага ты жыў, жывеш, ці для гэтага ясі хлеб, зроблены рукамі твайго працавітага народа? Чым ты яму адплаціў, дзе праславіў яго і ўзвысіў — так, як ён таго заслугоўвае?.. Не праславіў, не ўзвысіў — нават не аддзячыў за тое, што ён табе даў: вывеў у людзі, даў хлеб і работу, вышэйшую адукацыю. Не думай, што гэтага ўсяго дабіўся ты сам. Гэта заслуга ўсяго народа, усяе нацыі, ты гэта павінен памятаць, Рамейка, калі ты лічыш сябе сынам гэтае зямлі, патрыётам свае Беларусі. Бо ты вучыўся, а нехта павінен быў у гэты час працаваць і за цябе, каб дзяржава давала табе стыпендыю, а тваім выкладчыкам — зарплату, каб выдавала кнігі для бібліятэк, у якія ты хадзіў, каб будавала інтэрнаты, у якіх ты жыў. Не забудзься пра гэта, Рамейка! Дык калі, калі ты скажаш сваё важкае дзякуй гэтым мільёнам сваіх братоў за тое, што далі табе ўбачыць святло навукі, што памаглі прылучыцца да яго душы — культуры, што складае самую сутнасць народа, нацыі? Вось над чым падумай, Рамейка! Ці не час табе ўзяцца за нешта значнае, важкае, што надоўга застанецца, запомніцца і не забудзецца? Ці не перакласці табе з той жа польскай мовы, якую ты некалі вучыў з такой неахвотай, перакласці з гэтай мовы на сваю, беларускую, таго ж Адама Міцкевіча, які жыў на нашай зямлі, любіў яе і многа напісаў пра яе? Узяць таго ж «Пана Тадэвуша»? Што ты скажаш на гэта?
А мо ўзяцца табе за прозу пані Элізы? 3 паэзіяй, ды яшчэ такой, як у Адама, табе не справіцца, не той у цябе хрыбет, а вось тут ты змог бы! Пані Эліза, Эліза Ажэшка... Яна таксама вырасла на нашай зямлі, таксама пісала пра нас, беларусаў, і калі палякі ведаюць Ажэшку, то яны ведаюць і беларусаў, бо лепшая яе проза — пра іх, сялян і парабкоў з наваколля Гродна — «Дзюрдзі», «Хам», «Над Нёманам», — усё гэта пра нас. I яшчэ ніхто з нас не аддзячыў гэтай светлай, далікатнай пані Элізе за яе вялікую пачэсную працу. Дык чаму не быць першаму табе? Хоць раз ды будзь першы! Колькі можна сядзець у цені, у цяньку, калі гаварыць больш справядліва. Вось табе хутка пяцьдзесят. Адкладваць няма куды, няма. Не забывайся, што ўжо едзеш з горкі, а з горкі вунь як хутка каціцца. Не заўважыш, як апынешся там, адкуль не вяртаюцца. Вунь ужо колькі тваіх сяброў-аднагодкаў перайшло за тую рысу, што падзяляе свет на гэты і той.
Так што падумай, Рамейка! А ўрэшце, што тут доўга думаць? Трэба закасваць рукавы — ды за работу. Не адкладваць на заўтра, як ты гэта ўмееш... .
Рамейка так увайшоў у сябе, што не адразу разабраў: здаецца, нехта звоніць. Прыслухаўся: і праўда, доўгі прарэзлівы званок у дзверы. Ах, чорт, як недарэчы! I трэба ж некаму якраз у такую часіну!
Ён нехаця ўстаў з канапы, нацягнуў шаравары і босы, голы да пояса пайшоў у прыхожую. «А мо не адчыняць? Каму я здаўся? Які-небудзь паштальён? Ці мо прыехаў сваяк — мой ці жончын? Паступаць у інстытут...»
Ён адчыніў дзверы — і ледзь не ахнуў: перад ім стаяла Нона Варанчак!
У паўзмроку калідора нават не было відаць, ці хвалюецца яна, ці перажывае свой такі вар’яцкі крок. Яна была ў светлай палатнянай сукенцы, у белым капелюшы з вялікімі палямі — ад сонца, з сумачкай — таксама светлай, нейкай надта пузатай, як напампаванай.
Яны абое, як анямелыя, маўчалі, можа, з хвіліну ці болей, і першай загаварыла яна:
— Добры дзень... Я да вас...
Голас прыдушаны хваляваннем, вочы неспакойна бегаюць, — няйначай, баіцца, што прагоняць. Нават не спыталася, ці ён адзін, ці няма жонкі, сям’і. Ну і разведка працуе!
— Заходзь, — выдыхнуў Рамеііка, прапусціў яе ў прыхожую і зачыніў дзверы. Калі ён толькі яе ўбачыў, адразу нешта як сціснула сэрца, а цяпер чамусьці стала лягчэй: праціўнік знаёмы.
— Я на секундачку, ты не хвалюйся... — і яна крутнула галавою, як некага шукаючы, глянула на сябе ў люстэрка, паправіла капялюш.
— Ды ўжо ж, як-небудзь вытрымаю, — Рамейка нават усміхнуўся ёй, а яна яму. — Ты пачакай тут, — ён завёў яе ў пакой-залу, — а я апрануся.
Зайшоў у свой кабінет, нацягнуў тэніску, глянуў на сябе ў люстэрка, здаўся сабе напалоханым, крыва ўсміхнуўся: «Ну, трымайся, Рамейка!» Узбуджанасць і нейкую трывогу ён адчуваў — недарэмна яна прыйшла сюды, на такую рызыку не ідуць з-за глупства. Тут — нешта надта сур’ёзнае. А ён лічыў, што ўжо ўсё скончылася ў яго з Нонай. Які наіўны!
Аднак жа — будзь смелы, Рамейка!
Падбадзёрыўшы сябе, ён зайшоў у залу. Яна хадзіла па пакоі — павольна, як супакойваючы сябе.
— То сядай, — сказаў, паказваючы на канапу. — Пагаворым. Ці памаўчым? — спытаўся з інтанацыяй.
Яна села першая, ён прысеў ля яе, пакінуўшы між сабою і ёю месца на чалавека.
— Сядзь бліжэй, не бойся, — папрасіла яго лагодна. — Я не стану табе грубіяніць, вось пабачыш... Я настроена зусім мірна.
— Нешта я цябе не пазнаю, — з недаверам гледзячы на яе, сказаў Рамейка і трохі пасунуўся — на паўчалавека: ён гаспадар і павінен быць гасцінны ці хоць памяркоўны.
— Ты мяне мала ведаеш, Алеська. I гэта кепска. Калі і ведаеш, то толькі з аднаго боку.
— Якога ж такога?
— Ну, з гэтага самага... сексуальнага.
— Гэта ўжо нямала...
— Яно так, але ведай, што жанчына — айсберг, відна толькі адна чвэрць, астатняе — схавана...
— Пад вопраткай? А калі без?..
— Твой жарт пашлаваты, але трапны. Я табе дарую за першым разам... Але і ты мне павінен дараваць...
— Што я павінен дараваць? — зірнуў ёй у вочы і ўбачыў не звычайную халоднасць, а нешта вельмі лагоднае, далікатна-пяшчотнае, што рэдка можна было ўбачыць у Ноны Варанчак.
— Ты мне даруй за той вечар, калі я не пускала цябе дадому, сюды вось, — яна павяла рукою па пакоі, як бы заклікаючы агледзець яшчэ раз небагатую яго мэбліроўку: стол, канапу, два мяккія крэслы карычневага колеру, дыван на сцяне, тэлевізар «Гарызонт» дзесяцігадовай даўнасці. — Я была тады зусім, ну... дурная, гаварыла абы-што... Зразумела: сілаю не будзеш мілаю. Так я кажу?
— Дапусцім, так, — ён не ведаў, куды хіліць Варанчак. — А што далей?
— Мужчыну не так трэба заваёўваць... як я тады... Павер мне — я добрая сэрцам, але жыццё зрабіла мяне такою... ядавітай, інакш бы мяне даўно ўжо з’елі...
— Дык што? — усё яшчэ не разумеў яе Рамейка.
— Што, што! — яна ўскіпела, але тут жа спахапілася, загаварыла зноў спакойна, але неяк шчыра, з пачуццём — Рамейка таксама бачыў такое першы раз: — Няўжо ты не бачыш, што я цябе люблю? Што жыць без цябе не магу? Навошта я кінулася ў гэты вір, навошта? А ты сам? Навошта ты разбіў маё сэрца?
«Ды яго разбівалі хто толькі не ленаваўся» — у злосці падумаў Рамейка і сказаў:
— Ніколі не думаў, што тваё сэрца так лёгка разбіць. Мне здавалася, што яго нават разбудзіць цяжка...
— Дык ты ж яго і разбудзіў! I разбіў! Я табе ўжо казала: ты перавярнуў мне душу. Я не магу без цябе... Што мне рабіць? Ты ж разумны чалавек — памажы мне, парай!
Рамейка маўчаў, хоць яму ўжо рабілася шкада яе: ён нават не падазраваў, што іх збліжэнне так балюча параніць яе псіхіку... А мо гэта толькі звычайная гульня? Пастка? I толькі той, хто, развесіўшы вушы, слухае і паверыць, трапіць у яе — і не вылезе. Хто скажа дакладна, што менавіта гэта і ёсць пастка, у якую трапляюць прасцякі?
— Што ж ты маўчыш? — ужо са слязамі на вачах пыталася Нона Варанчак. — Няўжо ты мяне ні кропелькі не любіш? Я ў гэта не веру! У нас былі такія хвіліны, якія без любві немагчымы... Пераходзь да мяне, кінь сваю жонку, бо дарма страціш астатак свайго жыцця. Кінь парабкаваць, будзь вольным мастаком, як я! Чуеш, Алеська? Я ж люблю цябе! Я зраблю ўсё, каб ты быў шчаслівы. Ты будзеш у мяне панам, а я — прыслугай...