К книге
На мяжы цярпенняСтраница 12
29%
Страница 12
12

— Ну, ты і цяпер худы нешта. Хіба апетыту няма? — спытаўся цесць.

— Не, на апетыт не скарджуся, вы ж самі бачыце, але знарок не хачу аб’ядацца, каб не растаўсцець. Што гэта за мужчына з чэравам?

— Кінь сябе мучыць! — махнуў рукою цесць. — Як хочаш есці, то і еш... Ну, давай яшчэ па адной.

Яны зноў выпілі, сталі закусваць ужо нехаця.

— Дык вы нешта пачалі пра карову, ды я перабіў, — нагадаў цесцю Рамейка.

Той памаўчаў, падумаў, прыгладзіў некалькі валасін на лысіне і загаварыў зноў:

— Карова як звер, як лось. Малаком залівае. Але сена вунь колькі з’ядае за зіму, цяпер на вяроўцы да яе як прывязаны. Навошта яна нам такая? Нам казы хапіла б! То не, не хоча расставацца, яшчэ і цяля пакінулі — з-за яе, — паказаў вачыма на жонку. — Ніяк не хоча змірыцца, што ўжо старая, што сілы ўжо няма. I не дакажаш — у слёзы...

— Праўда, клопату вам лішняга многа, — згадзіўся Рамейка і глянуў цесцю ў вочы, нібы хочучы, каб ён прыслухаўся да яго. — Хоць мне і няёмка пытаць, а ўсё ж такі... Як вы былі маладыя, ці раўнавала вас жонка да другіх?

Цесць выцер рукавом рубашкі вусны, зірнуў спадылба на яго, усміхнуўся, што азначала, відаць: зразумеў, куды хіліш, — і сказаў з развагай, як заўсёды ён рабіў:

— Ведаеш, сыне, не было ёй калі рэўнасцямі займацца, жылі мы роўна, мірна, толькі часамі на яе находзілі нейкія страхі, калі яна пачынала за мною прыглядваць, рознае ёй пачынала здавацца... Ці мо хто на вуха нашэптваў... Але потым зноў супакойвалася... Ды я сам, прызнаюся, не даваў поваду для рэўнасці... Хоць, што грэх таіць, часам і было — пашкадуеш якую кабеціну. Але ж гэта, як кажуць, гады ў рады, — скончыў стары і неяк нават як засаромеўся свае шчырасці, правёў далонню па твары і зняў з яго ўсмешку няёмкасці.

«Пашкадуеш якую кабеціну...» — як мудра сказана, — падумаў Рамейка. — А хіба пашкадаваць чалавека — грэх?»

Доўга, да позняга вечара прагаварыў тады Рамейка з цесцем.

А заўтра яго чакала касьба.

11

Вяртаўся з вёскі Рамейка памаладзелы, пасвяжэлы, загарэлы, як цыган — не толькі з твару, але і на целе, бо ён біў двух зайцоў адразу — і касіў, і загараў, хоць па медыцыне гэта лічыцца шкодным для здароўя. Ён толькі надзяваў на галаву цесцеў саламяны капялюш.

Ехаў прыгарадным цягніком. У Барысаве зрабіў перасадку на электрычку, сядзеў і драмаў. Людзей у вагоне было нямнога, усе сцішыўшыся сядзелі невялікімі купкамі ці па адным, як Рамейка.

Недзе ў Жодзіне ў вагон увалілася шумная кампанія маладых хлопцаў, вясёлых, добра падпітых. Яны селі праз пару купэ ад Рамейкі, адразу пачалі гуляць у карты, весела рагаталі на ўвесь вагон. Толькі адзін, пяты, быў лішні і сланяўся без занятку, пераходзіў з аднаго месца ў другое — нібы шукаў шчаслівага. Гэта быў сярэдняга росту юнак, добра апрануты: дарагі шэры, адпрасаваны касцюм, белая кашуля, і з твару выглядаў інтэлігентна. Няйначай, з рабочых — які токар ці пекар, але выпіў дома ў маткі і бацькі — і ўжо яму тут цесна, многа энергіі, а дзе яе падзець? I вунь як хочацца маладому хлопцу паказаць сябе, паказырыцца.

Урэшце ён падсеў да маладой жанчыны, якая ехала з дзіцем. Дзіця мірна спала на лаўцы, а маці сядзела збоку, у нагах. Спачатку ўсё ішло нармальна, але праз колькі часу хлопец палез да маладой жанчыны абдымацца. Яна папрасіла яго прыняць рукі, але ён ужо ўваходзіў у азарт, стаў гаварыць такія слоўцы, ад якіх вянуць вушы...

Рамейка ўвесь напяўся, як тады, калі на яго збіралася кідацца карова, і толькі чакаў моманту, каб умяшацца. А мо яны разыдуцца мірна? Не, хлопец выходзіць ужо за рамкі прыстойнасці, гэтага яму нельга дараваць. Рамейка, як па сігнале трывогі, падхапіўся з месца, у тры крокі апынуўся ля хлопца і моцна схапіў яго абедзвюма рукамі за штрыфелі пінжака.

— Ты чуў, што табе сказалі? — са злосцю прашыпеў ён у твар хлопцу і скалануў яго, як мяшок, які ўтрасаюць, каб у ім стала менш насыпанага туды збожжа ці бульбы.

Рамейка не паспеў заўважыць, як побач з ім апынуліся тыя хлопцы, што непадалёку гулялі ў карты, як яны акружылі Рамейку і таго свайго сябра і жанчыну, нешта гаварылі, крычалі, разнімалі ці мо наадварот, лезлі біцца, але з іх слоў да свядомасці Рамейкі даходзіла адно слова «вусаты», паўторанае некалькі разоў, ён адчуў дотыкі іх рук да свайго цела, але не балючыя — значыць, яны не біліся. I тут голас маладой жанчыны ўзвысіўся над усім шумам і гамам:

— Хлопчыкі, хлопчыкі, адыдзіце, не трэба, не трэба падымаць шуму! — і яна выпіхвала іх з купэ, а разам з імі і таго, з-за каго усе пачалося.

I Рамейку яна таксама прасіла супакоіцца і дзякавала за ўмяшанне і заступніцтва.

Ён, як у трансе, падпарадкоўваючыся яе словам, пайшоў на сваё месца, да сумкі, якая стаяла ля лаўкі. Сэрца яго моцна білася, адразу ўзняўся ціск — у скронях ажно звінела. Але праз пару хвілін паволі супакоіўся.

Хлопцы зноў узяліся за карты, а іх шумны таварыш улёгся недзе на лаўцы спаць.

Маладая жанчына прысела па-ранейшаму ля свайго дзіцяці, якое, нягледзячы на шум і гвалт, які тут быў нядаўна, нават не прачнулася.

Здаецца, што нічога і не адбылося — пасажыры як драмалі па адным ці купкамі на сваіх лаўках, так і не зварухнуліся.

А цікава: каб хлопцы пачалі яго біць? Ці знайшлося б тут некалькі чалавек, каб заступіцца за яго ці хоць бы разбараніць? Рамейка, калі зрываўся з месца, пра гэта не думаў, але у падсвядомасці жыло, што ён тут не адзін, што праўда на яго баку, ён абараняе жанчыну-маці — і яго падтрымаюць. Хоць у жыцці ён ведаў нямала выпадкаў, калі людзі заставаліся глухія да чужое бяды. Бо і праўда, каму гэта хочацца з-за некага, зусім незнаёмага чалавека, лезці ў гісторыю, якая можа скончыцца невядома чым? Самы лепшы спосаб — перачакаць. Не чапаюць мяне — то і добра. Зачэпяць — буду бараніцца — або ўцякаць... Тыповая хутаранская пазіцыя...

Калі пад’язджалі да Мінска, Рамейка зноў наструніўся. Ён падумаў, што хлопцы пойдуць следам за ім, як гэта водзіцца у такіх выпадках, будуць даганяць яго ў цёмным месцы, але яны не спяшаліся выходзіць з вагона, і Рамейка іх болей не бачыў.

Дарога здалася яму сёння цікавай і не такой доўгай, як звычайна. I мо яшчэ каб не гэтая сутычка, то ён адчуў бы, як заўседы, балючы для яго пераход ад вясковага ладу жыцця да гарадскога, калі раптоўна і гвалтоўна ў яго душы, у памяці адны малюнкі павінны замяніцца другімі, новымі, якія нічуць не лепшыя за тыя, што жылі у ім гэты тыдзень і якімі ён жыў, аднак жа яны часовыя, і апошняе слова — за новымі, гарадскімі.

Давялося доўга чакаць тралейбуса, і Рамейка дабраўся дадому ўжо ў дванаццатай гадзіне.

Жонка яшчэ не спала, нібы ведала, што ён прыедзе — ляжала на раскладной канапе і чытала.

Нечым новым павеяла на Рамейку, нібы ён не быў тут цэлы год.

— Уставай, павячэраем разам, — падняў яе Рамейка, — я прывёз гасцінцаў. Вунь якія смачныя.

А сам пераапрануўся ва ўсё дамашняе — шырокія шаравары, безрукаўку няпэўнага колеру, але бліжэй да шэрага. Потым памыў рукі, стаў распакодваць сумку-сідар: дастаў кавалак сала, галушку масла, літровы слоік смятаны, клінковы жоўты, ужо трохі цвілы сыр, — адным словам, шчырыя дары вёскі.

— А яшчэ — пляшку самагонкі, — Рамейка патрос пляшку перад сабою, — бацька недзе раздабыў, хоць і сказаў, што цяпер не гоняць — поўнасцю перайшлі «на чарніла», — жартам гаварыў Рамейка жонцы, якая на доўгую начную кашулю апранула светлы халат і выйшла на кухню. Яна выглядала стомленай і пахудзелай. — Ты часам не хворая?

— Будзеш тут здаровы ад такога жыцця. — I яна звяла на грудзях свой халат, нібы ёй было холадна.

Ён насцярожыўся, агледзеў яе ўважліва, але нічога падазронага, акрамя таго, што ўбачыў адразу, не знайшоў. Хоць, здаецца, была ў яе нейкая прыхаваная думка, нібы яна ведала нешта важнае, але рабіла выгляд, што ўсё так, як яна кажа. Няўжо што разведала за гэты час? Не можа быць, каб яна не праверыла некаторых сваіх сумненняў, каб не схадзіла па яго слядах ці, ва ўсякім разе, не пастаралася іх разблытаць. Не такі гэта чалавек, што будзе сядзець, склаўшы рукі, калі яе нешта турбуе. Ці мо, чаго добрага, тая дурніца Нона Варанчак прыходзіла? Ад той можна ўсяго чакаць. Прыйдзе і скажа ў вочы: «Аддай мне свайго мужа, калі не ўмееш цаніць».

— Што-небудзь на рабоце?

— Ат, усякія дробязі... — ухілілася яна ад адказу. — Лепш раскажы, як там старыя.

Ужо не раз Рамейка нават сварыўся з жонкай, што проста некультурна так называць сваіх бацькоў — і сваіх, і яго. Старыя, або дзед, баба, — проста рэзалі яму слых і рвалі нервы, а яна ці не хацела пераходзіць на новую форму звароту, ці проста не магла.

— Старыя, гэта значыць, твае бацькі, — знарок падкрэсліў Рамейка, — перадаюць табе, апрача гасцінцаў, шчырае прывітанне. Жывуць яны па-ранейшаму, маці слабая, але яшчэ сёе-тое робіць, а бацька — малайцом: і матку даглядае, і ўсю гаспадарку. Агітаваў я яго збыць карову, ён як бы і сам згаджаецца, але, мусіць, маткі пашкадуе, бо тая ні за што не хоча разлучацца з каровай.

— Дакажаш ты ім, а як жа, — неяк абыякава сказала жонка і, глянуўшы на ўсе гасцінцы, што ляжалі на стале, абурылася: — Навошта гэтулькі набраў? Я табе што заўсёды кажу: не смей браць нічога!

— Дзівачка, я ж не браў цэлы воз. Узяў трохі, каб не пакрыўдзіць бацькоў. Яны ж не хочуць, каб ім дарма памагалі, яны не прывучаны да такой раскошы. Няўжо ты гэтага не ведаеш?

Жонка прамаўчала. Яны выпілі па чарцы «сельгаснапітку», абое паморшчыліся: быў ён моцны, але трохі прыпалены, відаць, роблены па метадзе «з катла», а не «з бражніка», як гэта рабілі ці робяць у некаторых мясцінах.

Праз колькі часу Рамейку стала неяк весялей, наступіла расслабленне, з’явіўся апетыт, і сялянскія закускі падаліся вунь якімі смачнымі — не тое, што у весцы.

— Ну, як ты тут змагаешся? Чаму Лена не прыехала? — спытаўся Рамейка, бачачы, што жонка сёння нешта не дужа ахвочая да гутаркі. — I як яна здала?

— Хіба цябе гэта цікавіць, як яна здала? — пачала з апошняга жонка, няйначай, каб укалоць мужа.

— Ну, я ж такі, — знарок у тон ёй загаварыў Рамейка, — ты ж мяне ведаеш... Дык як здала? Як і вучылася?

— А ты чаго захацеў? Пяцёрак? Для гэтага ёй трэба было мець не такога, як ты, бацьку...

Рамейка не чакаў такога навароту — яго проста абурыла.

— Дык чаго ж ты не знайшла ёй другога бацьку? — спытаўся ён груба, гледзячы ў вочы. Яна маўчала. — А мо болей залежыць ад маткі? Мо каб ты не курыла, яна была б здаравейшая? Ды каб ты яшчэ яе грудзьмі карміла, як другія маткі...

Гэта ўжо кранула за жывое і жонку.

— У дурнога салаўя дурная песня, — ледзь стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца, сказала рэзка. — Усё якраз ідзе ад цябе: ты не быў гады зношаны, як атопак, збегаўшыся за гэтымі сваімі каханкамі... А цяпер звальваеш на мяне. Але не паможа: Бог і людзі бачаць, які ты муж, які ты бацька.

Усё ішло да таго, што вось зараз разгарыцца сварка, але Рамейка сёння не хацеў, каб яна разраслася, хоць і ўтрымацца не змог, каб не падліць масла ў агонь.

— Збегаўшыся? Ды гэта ўсё таму, што ты мяне ў чорным целе трымала... I трымаеш. Вось чаму! Мне адна кабета проста ў вочы сказала: «Пераходзь да мяне, я з цябе зраблю мужчыну, а то твая скупая жонка цябе засушыць, імпатэнтам зробіць...»

I полымя адразу шуганула — аж пад неба! Жонка ўскочыла, кінула аб стол відэлец, той падскочыў і са звонам паляцеў на падлогу.

— Дык ідзі да тае шлюхі! Ідзі хоць сёння, я цябе трымаць не буду! — закрычала яна ўжо з істэрыяй у голасе. — I так ты тут лічышся мужам і бацькам, а душы твае тут няма, даўно няма! Ідзі.

Рамейка наліў у чаркі, сказаў цвёрда:

— Супакойся! I сядзь, як чалавек. Чаго цябе дрэнчыць?

Яна паслухмяна села, не зводзячы з яго вачэй, дрыготкімі рукамі стала запальваць папяросу, зацягнулася пару разоў і паспакайнела.

— Давай вып'ем і пагаворым спакойна. — А сам думаў: няўжо яна што ведае? Па ўсіх яе паводзінах, па настроі — як быццам ведае. А мо ўсё тое ж ранейшае — падазрэнне? Хутчэй за ўсё — і таму гэтае чаканне: а можа, ён прагаворыцца? Скажа нешта лішняе, за што можна будзе ўчапіцца, — як довад, як доказ? I вось ужо ёсць: «Адна... мне казала». Чым не доказ, што ў яго ёсць пасія, як яна кажа? I таму яна ўжо хацела, відаць, каб ён пайшоў далей, каб раскрываўся яшчэ болей. I падштурхнула яго — смялей!

— Дык чаго ж ты цягнеш? Чаму не ідзеш да той, што абяцала цябе зрабіць мужчынам?

Рамейка толькі цяжка ўздыхнуў.

— Каб было да каго — пайшоў бы...

— Як гэта — каб было? Што — у цябе іх мала?

— Ды хапае, але каб жыць па-чалавечы — такое няма, — неяк зусім мірна і, фактычна, шчыра гаварыў Рамейка, ды яна, пэўна ж, не верыла.

— А, разумею: усё шукаеш кахання! Хваробу знойдзеш! Яго няма. Пустыя ілюзіі.

— А мне здаецца, што ёсць.

— Уся і бяда, што табе нешта здаецца. Не жывеш, як чалавек, а ўсё ганяешся за нейкімі хімерамі. Што табе трэба, я хачу ведаць!

— Магу сказаць, чаго мне трэба: даверу, шчырасці, кахання, цеплыні.

— Ой, многа хочаш, чалавеча! А дзе ты быў раней? Чаму не бярог усяго гэтага, што ў цябе было?

— Дваім трэба ўсё гэта берагчы, дваім. Адзін не дасі рады. Адзін нават не завядзеш таго, што трэба чалавеку. Чаму ты перастала мне верыць? Скажы мне шчыра!

— Таму што ты стаў няшчыры, стаў гаварыць няпраўду. Я цябе злавіла пару разоў на хлусні — і перастала табе верыць. Спачатку ў малым, а потым і ў вялікім.

— У цябе былі пустыя падазрэнні. Беспадстаўныя. Чаму ты мне не гаварыла тады, а толькі цяпер, праз дзесяць і больш гадоў? Ты ўхапілася за тую фразу, якую я аднойчы сказаў Місюку, — што, маўляў, возьмеш пляшку ў кішэню і пойдзеш вечарам на праспект, то і знойдзеш сабе пару? Дык ты падумала, што гэта я са свайго вопыту гавару? Дурная! Гаварыць можна ўсё. I думаць таксама. А вось рабіць трэба сумленна.

— Ха-ха! Ён загаварыў пра сумленне! Чулі вы, людзі? — яна зрабіла тэатральны жэст праваю рукою, у якой трымала папяросу. — Рамейка ўрэшце загаварыў пра сумленне! Яго ў цябе ніколі і не было, проста ты ўмеў спрытна прыкідвацца! Усяго толькі! I я, дурная, паверыла ў гэты твой хітры падман, думала, што знайшла шчасце. Ажно...

Предыдущая главаГлава 12 из 42Следующая глава