Дарога заўсёды супакойвала Рамейку, і за гэта ён яе любіў. Мільгалі за акном краявіды, вёскі, гарадкі, мільгалі сустрэчныя машыны, а думкі яго паволі набывалі нейкі адзін стройны кірунак, як гэты вось аўтобус, у якога была адна мэта — Орша.
У арбіту яго думак ужо трывала ўваходзіла Ларыса Ланеўская, яго зямлячка. Хоць, здавалася, што яму было да яе — і наадварот?
Ён перабіраў у памяці ўсё да драбніц з той іх апошняй сустрэчы, калі заходзіў да яе і яны разам пілі чай. Тое, што яна гаварыла, што рабіла, у што была апранута і як выглядала, як паводзіла сябе, засела ў яго памяці, як зафатаграфаванае, і было з ім неадлучна, сагравала яго душу, весяліла і бадзёрыла: аказваецца, ёсць яго зямлячка Ларыса Ланеўская, якая была, жыла і дагэтуль, але недзе далека-далека, і ен толькі часам у думках успамінаў пра яе, ведаў, што яна жыве, а як жыве, чым, якія у яе клопаты, трывогі і праблемы, ён не ведаў і таму быў абыякавы. Цяпер ён убачыў зблізку, на свае вочы, і зразумеў, што яна — мо чалавек нават незвычайны, але лес, жыццё яе склалася не так, як трэба, інакш яна пайшла б далёка, раскрыла б сябе хоць у чым-небудзь, бо ў школе вучылася добра, прыгожа спявала і танцавала, малявала і іграла на піяніна, любіла кнігі і многа чытала. Аднак жа няўдалае замужжа павярнула яе жыццё не туды — і яна вымушана была адна гадаваць дзяцей, выводзіць іх у людзі. I ўсё гэта на зарплату медсястры, беручы па паўтары, а то і па дзве стаўкі. I вось жа выстаяла, не звіхнулася, не пайшла па слізкай дарожцы. I нават выглядае не горш, чым тыя, што жывуць у раскошы. За думкамі не заўважыў, як праляцела дарога. Вось ужо і знаёмы прыпынак ля яе вялічкага пасёлка. Рамейка просіць шафёра спыніцца, той нехаця, з кіслым тварам прыпыняе аўтобус, Рамейка дзякуе, саскоквае з падножкі і пускаецца пешкі па селавой дарозе, якая ідзе лесам. Лес тут, праўда, не густы, не стары — пераважна маладняк, што ўзяўся пасля вайны, але ўсё ж такі лес. Як і той, у якім вырас Рамейка, і таму дагэтуль у лесе ён маладзее душою, прачынаюцца ў ім нейкія нябачныя струны, якія пераклікаюцца, утораць музыцы лесу, нараджаючы тое суладдзе, якое зачароўвае чалавека, узнімае яго на сваіх крыллях, нясе у невядомае, прывабнае, шырокае, як акіян, і бясконцае, вечнае, як сусвет, як космас.
3 аднаго боку дарогі густа буяў маладняк, ягады яшчэ былі зялёныя, але завязі як усыпана; там, дзе радзей раслі дрэвы, цвілі-раскашаліся лясныя травы — амежнік, сіняя лясная валошка, жоўты яркі кураслеп, кустамі ў цені алешніка лапушыўся чыстацел, вылучаючыся сваімі шэрымі, з матавым налётам зубчаста-рэзанымі лісцямі.
Птушкі не спявалі — бралася пад абед, стаяла цішыня і спёка. Рамейка скінўў пінжак, перакінуў цераз плячо, пайшоў памалей. Хацелася прысесці, адпачыць, але і цягнула хутчэй адолець дарогу.
Старыя жылі ў невялічкім, на хат дзесяць паселішчы, які ўжо збіраліся зносіць, і ўсе, хто меў сілу, — пераважна маладзейшыя — перасяліліся на цэнтральную сялібу калгаса, а тут засталіся адны пенсіянеры, якія, як і бацькі яго жонкі, дажывалі свой век і не хацелі скранацца з месца.
Іхняя хата стаяла крайняй ад лесу, была ўжо, як і яе гаспадары, старая, але дагледжаная: пафарбаваныя на блакітнае вокны, плот не надта каб паламаны, хоць ужо і такі, што кожны год трэба замяніць тры-чатыры штыкеціны, дах шыферны, яшчэ даволі свежы — не так даўно перакрывалі.
Рамейка ўзышоў на ганак і свіснуў: на дзвярах вісеў замок. Дзе ж яны маглі падзецца? Глянуў у хляўчук насупраць хаты — каровы на месцы не было. Зарохкалі два белыя ладныя падсвінкі, кінуліся да краю загарадзі, нібы чакаючы гасцінца, — пранізалі яго круглымі шрацінамі сваіх дзікіх вачэй. Рамейка выйшаў, прычыніўшы хлевушок, пахадзіў ля хаты, вызірнуў на ўтравелую вуліцу, падышоў да блізкага калодзезя, выкруціў вядро вады і напіўся. Вада была халодная, але з прымессю нейкай солі, якая збівала смак, рабіла ваду нейкай непітной — яе п’еш толькі па неабходнасці, а не са смакам, у ахвоту, калі кажуць, што п’еш і хочацца.
Ён толькі выліў ваду з вядра ў траву, як тут жа ўбачыў, што з лесу па дарозе ідуць двое з кароваю і цялушкаю. Так і ёсць — гэта яго цешча і цесць. Ён вёў на вяроўцы карову, а старая несла нешта ў лазовым кошыку — ці не крапіву для парсюкоу.
Пярэстая — белае з рыжым — карова была, як лось — блішчэла на сонцы, высока трымала рагатую галаву і аж цягнула старога на повадзе — рвалася да калодзезя. Рамейка ведаў, што яна злая, нікога з чужых не падпускае да сябе і кідаецца з рагамі, таму адразу неяк міжволі наструніўся, выкручваючы новае вядро — ужо для каровы і чакаючы, калі яна падыдзе. За крокаў трыццаць ад калодзезя карова рэзка крутнула галавой, тузанулася — і вяроўка выскачыла з рук у старога, а жывёла трушком скіравала да калодзезя.
Рамейка ўжо чакаў яе з вядром вады, паставіўшы яго на траву. Карова з прагнасцю, не адрываючыся, з усхліпамі, апаражніла вядро і, коса глянуўшы знізу ўверх на Рамейку, пайшла на яго з рагамі. У яго нешта ўсярэдзіне пахаладзела, у галаве прамільгнула: ну вось, дурныя жарцікі, — і ён, сам таго не чакаючы, кінуўся да каровы, цэлячы схапіць яе за рогі. I ўхапіў, але недакладна — злавіў толькі канцы рог, вострых і цвердых, як жалеза, хацеў крутнуць, але карова апярэдзіла яго — сама крутнула галавою, трохі падаючыся на яго, і ён паляцеў назад, ажно сеў і праехаўся па траве, паспеўшы ўсё ж падперціся ззаду рукамі. Як пантэра, ён тут жа ўсхапіўся, рыхтуючыся яшчэ раз паўтарыць прыём, а карова, ужо з большай злосцю, зноў пайшла на яго, але раптам тузанулася і стала.
Да затуманенай шаленствам галавы Рамейкі толькі цяпер дайшло, што гэта паспеў схапіць жывёлу за вяроўку яго цесць. Ён даволі спакойна для такой сітуацыі прывязаў карову да слупа ля калодзезя, перацягнуу яе пару разоў палкай па спіне, сказаўшы «Стой, дурная ваўкарэзіна», — і падышоў да Рамейкі, падаў руку. Рамейка ў нейкім парыве, яшчэ не астыўшы ад сутычкі з каровай, моцна абняў яго і пацалаваў — можа, нават і свайго збаўцу, бо чым усё скончылася б — яшчэ невядома. Затым падышоў да цешчы, забраў у яе даволі цяжкі кошык і, прытуліўшы старую да грудзей, пацалаваў таксама.
— То хадзем у хату, — першы азваўся цесць, — чаго мы тут пасталі, як на праяву.
Рамейка неяк раптам адышоў ад напругі, расслабіўся, нейкая хваля радасці хлынула на яго — як пасля небяспекі, якая мінулася, надыходзіць усведамленне таго, што ўсё абышлося добра.
— Не ўжо, давайце напоім карову і цяля, — не згадзіўся Рамейка.
— Тады я прынясу вядро, — сказаў стары і пачэпаў да хаты.
Быў ён сярэдняга росту, шырокі ў касці, плячысты, апрануты ў картовую шэрую вылінялую і пабітую потам на плячах рубашку, у такія ж картовыя няпэўнага колеру штаны, запраўленыя у кірзачы, што з магазіна ні разу не чысціліся, на галаве сядзела прапацелая зверху цёмная кепка. А цёшча была хударлявая, тонкая і ўжо зусім слабая — як на ногі, так і на галаву. Вось яна пазірае на яго, а не ведае, хто ён і чаго тут. Мо потым раптам нойдзе на яе прасвятленне і яна спытаецца нечакана: «Чаго ж ты, Алеська, адзін прыехаў? А дзе ж мая дачушка Маня? Дзе ўнукі?» А потым зноў забудзецца і можа спытаць у мужа: «Павел, а чаго гэты чалавек у нас? Што яму трэба?»
Але жыццёвы інстынкт ці рэфлекс у яе быў магутны: падаіць карову, накарміць свіней, курэй, ката, зварыць абед мужу і сабе, — усё гэта сядзела ў яе памяці моцна, хоць гаспадар ужо і стараўся памагчы, а часта і замяніць яе.
Стары прынёс вядро, Рамейка зноў падышоў да калодзезя і стаў даставаць ваду. Карова касілася на яго, але, прывязаная да слупа, стаяла спакойна. Яна выпіла яшчэ вядро, а цялушка толькі пакаштавала — ёй ваду падагравалі або нават падлівалі малако ці рабілі пойла, таму і расце, як на дражджах.
Старыя пайшлі ў двор, павялі карову ў хлеў, а Рамейка зачэрпаў яшчэ вядро і панёс у хату.
У драўляным будынку нават здавалася, што на дварэ няма ніякай спёкі — так тут было свежа, стаяў такі прыемны халадок. Толькі на кухні дыхала цяплом ад печы, якую у вёсцы паляць кожны дзень, — нават і летам.
Рамейка выклаў на стол усе свае гасцінцы, цесць злёгку паўшчуваў яго, што дарэмна яны трацяцца на такія рэчы, што усё у іх ёсць, наадварот, гэта яны павінны пасылаць ім у горад, а не з горада, жывучы на зарплаце. Такія размовы Рамейка чуў не раз і не два, аднак заўсёды, едучы сюды ці да сваіх бацькоў, нешта прывозіў, бо як гэта ехаць да сваіх людзей ды нічога не ўзяць з сабою? Яны ж таксама не адпусцяць з голымі рукамі. У гэтым было нейкае як бы таптанне на месцы, але і нешта большае, значнае: змацоўвалася іх крэўная сувязь, якая без такіх вось узаемных абменаў стала б слабець, а то нават і зусім магла б заняпасці.
Урэшце, пакуль гаспадыня даіла карову, яны, мужчыны, збіралі на стол. А стол ажно гнуўся: і ад гарадскіх гасцінцаў, і ад дамашніх: масла, сыр, смятана, яйкі, сала. Але ўсё гэта было ёлкае, зацвіўшае, пакрытае плесняй. Раней, калі гаспадыня была здаровая, то масла і сыры насіла прадаваць у раён, а цяпер — спажываюць толькі самі, а што псуецца — то аддаюць свінням, курам, а добрае — сваім дзецям, якія час ад часу прыязджаюць з унукамі з гарадоў, вось як сёння ён, Рамейка. I як ты ні будзеш выкручвацца, а з сабою ў сумку пакладуць кавалак сала, масла, сыру ці яек. Не возьмеш — то пакрыўдзіш людзей.
— Нешта ж доўга няма маёй, пайду пагляджу, — затурбаваўся цесць і пайшоў у хлеў. Праз колькі часу яны вярнуліся ўдваіх: ён нёс поўнае вядро малака — белы шум ажно выпадаў праз верх.
Старая працадзіла малако і спаласнула марлю-цадзілку, уселіся за стол. Хоць і горача на дварэ, лета, сярэдзіна дня, але ж святая нядзеля, ды і госць у хаце — і цесць паставіў на стол тую пляшку, што прывёз яму Рамейка. Старой дастаў недзе прыхаванага напітку.
— Ну што, бацька і маці, за ваша здароўе, — падняў чарку Рамейка.
— Якое тут здароўе, — махнуў леваю рукою цесць, бо ў правай трымаў чарку. — Яшчэ я сяк-так клеваю, а Юстына мая ўжо зусім ашлягла, не ведаю, як далей і рады даць. — Ён выпіў чарку, задумаўся, выцер далонню потны белы лоб і такую ж незагарэлую лысіну, якія так вылучаліся на загарэлым і абветраным маршчыністым твары, потым узяў скрылік гарадское кілбасы, укусіў. — А як жа вы там, ці ўсе здаровыя? Расказвай, — падахвоціў ён Рамейку, бо ведаў, што зяць не вельмі любіць гаварыць пра сябе, пра сваіх.
Рамейка ўзяў жоўценькае, як усё роўна пафарбаванае вялікае яйка, спачатку пазубаваў яго — праверыў, ці моцнае, а потым стукнуў аб стол, садраў разбітую лушпіну, сыпнуў трошкі солі і са смакам пацягнуў у рот, пасля дадаў хлеба. Апаражніўшы яйка і кінуўшы лушпіну ў качарэжнік, ён пачаў гаварыць:
— Мы здаровы, нічога сабе... Дзеці растуць, вучацца. Што ім? Усё ёсць, толькі вучыся... А мы таксама — ходзім на работу, глядзім дзяцей. Здаецца, усё нармальна, — і асёкся: усё сказаў, больш няма чаго дадаць.
А думкі былі неспакойныя: не ўсё нармальна. Нават вельмі ненармальна, бацька, каб ты толькі ведаў. Ты мо толькі здагадваешся, бо ад цябе нічога не ўтоіш, нездарма жыццё пражыў. Ды і дачка, відаць, сёе-тое калі не казала, то намякала. Ёй даўно ўжо здаецца, што яе муж не глядзіць на яе, адбіўся ад рук і недзе завёў сабе каханку. Так яна думала і гаварыла яшчэ тады, калі ён нічога падобнага не меў, то што думае цяпер, калі ён стаў часта вяртацца дадому позна, ды яшчэ п’яны?
I недзе толькі пасля трэцяй чаркі, калі абодва захмялелі, у іх пачалася шчырая гутарка, бо дагэтуль за ўсе дваццаць год, як яны сталі сваякамі, не гаварылі яны так пра Маню — яго, Рамейкаву, жонку, і яго, Паўлаву, дачку.
Бацька дачку хваліў, хоць і не ўтойваў сяго-таго кепскага ў ёй, бо хто лепей ведае сваіх дзяцей, як не бацька ці маці? Ды маці часамі, аслепленая любоўю, не заўважае кепскага ў сваім дзіцяці, усё ёй здаецца ў ім толькі добрым, а бацька глядзіць на сваіх дзяцей больш крытычна.
— Маня на сваю матку, на маю Юстыну падобна, як мне здаецца. Усе яе замашкі — і добрыя, і кепскія. Неспакойная, непаседлівая — і сама не адпачне, і табе не дасць. Будзе падганяць, будзе варушыць — аж часам абрыдне. I сам ведаю, што трэба тое, трэба гэта, — не, будзе сто раз табе дудзець... Але работу любіць. Мая Юстына то даходзіць да смеху з гэтаю работаю. За кароваю, за свіннямі ці курамі то сама паесці забываецца. От глядзі, — і паказаў вачыма на старую, — накрышыла місачку хлеба — гэта ўжо курам панясе. А сама толькі твае гарадское кілбасы пакаштавала. Нічога не хоча есці, таму і слабее, сохне на вачах... Відаць, ужо нядоўга ёй засталося... Ой, колькі яна гэтай работы перарабіла! Чацвёра дзяцей выгадавала, у людзі вывела, унукаў колькі даглядала, нянчыла, пакуль магла... Работа — то для яе ўсё жыццё. Бывала, пайду касіць, то кажу — ты, прынясі мне сняданак, не хочацца валачыся з балота за блізкі свет. Спячэш якіх блінцоў. Ну, кашу, паглядаю на сонца, чакаю... Дзе там! Няма і няма, порткі ўжо не трымаюцца на жываце, пад абед бярэцца. Прападзі ты! Іду дадому. А яна свіней корміць — ім бульбы напарыла, натаўкла, схадзіла ў лес крапівы нарвала, тое-сёе — і раніца прайшла, а нам снядання яшчэ не зварыла... Ну, часам зазлуеш, накрычыш. То крыўдуе, нябось... Ай, каб ты здарова была! Як гэта самой сабе шкадаваць? Часам нешта прарываецца ў ёй — нейкая скупасць, прагнасць. Я заўважаў во цяпер ужо, як з ёю горш стала. Хто прыедзе, павесіць тут, у гэтай хаце, плашч ці пінжак, то ўсё з кішэняў падастае і пахавае. Ледзве потым знойдзем. Ці цукерак дзеці прывязуць... То пахавае так, што сама не знойдзе. Нядобра, нядобра...
Пра гэта ўжо Рамейка ведаў, расказвала і сама Маня, і дзеці, калі тут былі. Дзіўная рэч адбываецца з чалавекам: тое, што раней мо нават і не было відаць у ім, тое, што ён умеў хаваць ад усіх, пад старасць, вось у такім стане, калі ён ва ўладзе ўжо толькі інстынктаў, а не розуму, яны кіруюць ім, ён робіцца іх слугой.
— Ці гэтая карова, што сёння на цябе кінулася, — гаварыў стары, як бы вінавацячыся перад зяцем, што ў яго такі звер. — Яшчэ добра, што так скончылася... Ой, магла б бяды нарабіць...
— Ну што вы, ці я не ведаю, што карова за звер? — не згадзіўся з ім Рамейка. — Мне не раз даводзілася брацца за рогі з кароваю. Памятаю, раз купілі карову ў сваякоў у суседняй вёсцы, вялі з бацькам дадому... Ніяк не хацела ісці, усё вярнула назад. Дык я як узяў яе за рогі, як крутнуў, то яна і лягла на бок. А потым пайшла, як міленькая... Ды тады я быў яшчэ, можна сказаць, смаркач, меў гадоў семнаццаць. Рослы быў, але худы...