Ішоў нейкі вечар знаёмстваў — пустыя захады масавікоў-забаўнікаў. Карпа на яго выцягнуў сусед па стале і таксама маёр у адстаўцы, а цяпер дырэктар міжабласной камсамольскай школы Цяцерын, які ўжо заканчваў свой адпачынак.
У яго мелася «дама». Як прагаварыўся Цяцерын, не толькі партнёрка па танцах. Вось тая «дама» і звяла Карпа з Адай, невысочанькай, зграбнай, прыгожай маладзічкай Карпавых гадоў, жонкай палкоўніка, выкладчыка Акадэміі Генеральнага штаба.
Карп Хіжняк меў у санаторыі асобны пакой на пятым паверсе, і ўжо назаўтра Ада апынулася ў ягоным ложку, выявіўшы такія веды ў інтымных зносінах, пра якія Карп і не здагадваўся, але якія аддавалі яго ва ўладу гэтай кволай з выгляду жанчыне. Ада вучыла Карпа не толькі пачуццёвай насалодзе, але і жыццёвай практыцы, якую, выявілася, той не ведае або ведае дужа аднабакова. Ва ўсякім разе, Ада была дужа здзіўлена, адкрыўшы ў сваім палюбоўніку рысы «цялячага» рамантызму. Ёй здавалася, што вайна павінна была вытрасці з людзей ахвоту да ўзнёсласці, зрабіць іх больш відушчымі і практычнымі.
Не, спачатку яны проста захапляліся каханнем. Пачалося з таго, што Карп выцягнуў Аду ў музей Мікалая Астроўскага, чый раман «Як гартавалася сталь» некалі зрабіў на яго незабыўнае ўражанне, а бескампрамісная натура Паўкі Карчагіна стала эталонам у ягоным жыцці. Ён і ўсю дарогу з музея ў санаторый захапляўся Паўкам, чакаючы і ад Ады такой жа шчырай любові да чалавека будучыні, як ён называў Карчагіна. Але марна — Ада маўчала. Часам усміхалася загадкавай усмешкай.
— Кінь,— сказала яна.— Не цярплю калек і ўшчэрбных, якіх навязваюць мне ў настаўнікі. Ах, якая высокая маральнасць? Ах, якая цудоўная цнатлівасць? Паўка Карчагін камсамолачку не пасмеў трахнуць! Бярыце з яго прыклад! А тая камсамолачка і не такіх кныроў бачыла і толькі таго і чакала, каб гэты дурань, Карчагін, на яе забраўся. Чалавек, мой даражэнькі, на тое і жыве, каб зведаць усе зямныя радасці і радасць кахання ў першую чаргу. Гора і пакут мы і без таго зведаем. Іх ёсць каму нам падносіць. Блізкасць мужчыны і жанчыны, калі яна прыносіць асалоду і задавальненне, не толькі не ганебная, а святая і высока маральная, нават у такіх выпадках, як у нас з табой. Хіба табе са мной дрэнна? I мне з табой добра і прыемна. Дык чаго мы павінны трымаць сябе, як зацугленыя? Гэта мой свяценькі навыдумляў розных тэорый пра высокую мараль, а ўсё таму, каб апраўдаць сваю слабасільнасць. Так што не ўсчынай пустых размоў, калі ляжыш у ложку з жанчынай, якая прагне поўнага зліцця пачуццяў.
Яе цынізм у чымсьці абражаў Карпа, але быў яму прыемны і зручны — здымаў адказнасць за яе грэх. На самай справе, не ён жа зацягнуў яе ў ложак, не ягоная і віна перад тым яе мужам, пра якога Ада гаворыць з несхаванай пагардай. Значыць, муж яе таго варты. Мабыць, стары і тоўсты, з вялізным чэравам, а вось жа жаніўея з маладой і прыгожай — не хапай таго, што не падымеш, а толькі набудзеш грыжу!
Ада падабалася яму ўсё больш і больш. Аднаго разу ён нават падумаў: «Мне б такую жонку». Ноччу ён намякнуў пра гэта Адзе. На ягонае здзіўленне яна разрагаталася і раптам ашаламіла яго нечаканым пытаннем:
— I што ж ты мне прапануеш наўзамен майго маскоўокага жыцця? Вечнае каханне? Бязбеднае жыццё ў тваім разбураным Мінску? Ці, можа, вартае жалю гібенне ў вясковай хаце, дзе ты, сельскі настаўнік, будзеш наймаць пакойчык? Дзівачок ты мой, гэта ў вас, у правінцыйнай глухамані жэняцца па каханні, а разводзяцца з-за падоранага камусьці пацалунка. У вышэйшых сферах не жэняцца, а заключаюць маўклівы саюз на супрацоўніцтва і перспектыву. I ў нас з маім свяценькім саюз, і, да твайго ведама, трывалы, бо мы адно аднаму вельмі патрэбныя. Я з ім адчуваю сябе вольнай і незалежнай. Во, цяпер адпачываю і лячуся тут. Потым паеду ў Крым на аксамітавы сезон. А зімой — куды-небудзь пахадзіць на лыжах. Ты ж мне такую магчымасць не дасі. Я і табе, дзівачок мой ненаглядны, раю: станеш жаніцца, не кідайся ў вір галавой. Закахаешся ў якую, а ў яе сваякі з немцамі яшкаліся, або горш, жэнішся з такой, што зацягае цябе па партыйных інстанцыях за розныя глупствы. Я табе дабра жадаю...
Такія гаворкі паўтараліся не раз. Але, калі аднаго разу Ада заікнулася пра парадкі ў краіне, Карп Хіжняк абарваў яе:
— Ты мне антысаветчыну не прапаведуй. Я за савецкую ўладу кроў праліваў...
На ягонае здзіўленне, Ада тут жа з ім пагадзілася, нават адобрыла ягоную пазіцыю, параіла трымацца яе без хістанняў.
3 Сочы Карп Хіжняк вярнуўся акрэплы ў сваім стаўленні да жыццёвых варункаў. Пасля Ады яму не хацелася мець справу з жанчынамі. Усе здаваліся яму прэснымі і нецікавымі. Ён вырашыў выцягнуць другі курс на пяцёркі. Задача здавалася простай, як табліца множання. Ды ўсё перайначылася.
На другім курсе яго выбралі сакратаром камсамольскага бюро гістарычнага факультэта. Пасада гэтая пацягнула за сабой членства ў гаркоме камсамола і членства ў бюро райкома камсамола. Грамадская праца стала забіраць шмат часу.
А ўжо на трэцім курсе Карпа Хіжняка рэкамендавалі на сакратара камітэта камсамола універсітэта, што пацягнула за сабой членства ў партыйным камітэце універсітэта, а таксама ў цэка камсамола рэспублікі. Грамадскай працы прыбавілася ўтрая. Карп Хіжняк паволі забываў пра Аду.
11
Юрка Далейка з Алесяй слухалі «Пікавую даму» і ў той раз сядзелі не ў дырэктарскай ложы, а на прыстаўных крэслах у партэры. «Пікавую даму» яны слухалі трэці раз і толькі таму, што не чулі ў ёй Рыты Млодак
У антракце, калі публіка пайшла на выхад, нехта за імі сказаў: «Якая мілая і прыгожая маладая пара!» Заўвага раптам прымусіла Юрку неяк па-іншаму паглядзець на траюрадную сястру.
Яна сапраўды сёння выглядала вельмі міла і хораша. Юрку падумалася: а ці чула Алеся, што сказалі пра іх староннія людзі? Ужо ў вестыбюлі ён узяў Алесю пад руку, спытаўся, як бы патроху пакепліваючы з пачутага:
— А ведаеш, нас прызналі вельмі мілай і прыгожай маладой парай. Як табе падабаецца?..
— Я не раіла б табе прыслухоўвацца да таго, што могуць сказаць у натоўпе,— адказала Алеся.— А раптам ты пачуў бы, што нас назвалі самай брыдкай і пачварнай парай, дык што — таксама паведаміў бы мне аб гэтым?
— Даруй... Я не хацеў цябе пакрыўдзіць,— папрасіў прабачэння Юрка.
— Дарую,— усміхнулася Алеся.
Інцыдэнт, як кажуць, быў вычарпаны, аднак пакінуў у кожнага з іх свой адметны след.
Ужо лежачы ў ложку, Алеся раптам прыгадала, як разгубіўся Юрка ад яе слоў, папрасіў дараваць яму нетактоўнасць. Алеся аж здзівілася сваёй смеласці. За часы іхняй дружбы яна непрыкметна прывыкла пагаджацца з Юркам, хоць, шчыра кажучы, гэтае падпарадкаванне прафесарскай логіцы і прыгнятала яе. Але ж і прыгнёт бывае прыемны...
Цяпер Алеся адчула сябе незалежнай, вольнай ад навязанай ёй ролі вучаніцы, якой належыць захапляцца прафесарскімі разважаннямі і быць удзячнай яму за кампанію.
Ёй, не да месца, прыгадаліся іхнія размовы з Палінай Дзямешка, якая дужа настойліва сцвярджала, што Юрка нічым не вылучаецца сярод выкладчыкаў фізмата, што яна, Алеся, яго выдумала, а выдумала таму, што моцна ў яго закаханая.
«Якое глупства! — ужо засынаючы, падумала Алеся.— Паліна вечна нешта выдумвае: то Юрка мае заганы, то я ў яго закаханая...»
Зусім іншае ўражанне зрабіла Алесіна вымова на Юрку.
Дасюль ён ставіўся да Алесі як да малодшай сястры, якую трэба абараняць ад замахаў нядобразычліўцаў. Яму было смешнавата слухаць яе па-дзіцячы наіўныя разважанні, якія яна выказвала з дарослай сур’ёзнасцю. Яны расчульвалі яго.
Тое, што Алеся адчытала яго, азадачыла і ўразіла Юрку. Ён раптам адкрыў, што перад ім ужо не вучаніца, якая захоплена слухае ягоныя разважанні, а настаўніца, якая можа павучыць і самога прафесара матэматыкі. Але найбольш Алесіна вымова прывяла Юрку ў захапленне. Яму здалося, што гэта ён сам выхаваў у Алесі незалежнасць і смеласць гаварыць праўду ў вочы, цвяроза ставіцца да варункаў жыцця. Яму прыгадалася, як некалі Алеся спрачалася з ім наконт самаахвярнага служэння народу, пра ролю інтэлігенцыі і яшчэ ліха ведае пра якую рамантычную лухту. А цяпер яна і сама назвала народ натоўпам і заклікала не слухаць, што ён кажа: благое ці добрае. Дык хіба гэта не ягонае выхаванне? Безумоўна яго! Гэта ён сваімі размовамі вылепіў цудоўны вобраз сучаснай Галатэі...
Дамоў Юрка вярнуўся ў тым узвышаным настроі, калі, апрача ўсхваляванай душы, у чалавека нічога няма: ні клопатаў, ні турбот, ні непрыемных думак. Яму вельмі хацелася падзяліцца сваімі пачуццямі з бацькамі, найлепей з маці, з якой у яго былі больш даверлівыя адносіны. Маці, аднак, дома не было. Бацька пісаў артыкул у сваім кабінеце. Убачыўшы Юрку, ён сказаў:
— А-а, гэта ты. Як спявала Млодак?..
— Як заўсёды, выдатна,— адказаў Юрка.
— Вялікая актрыса,— зазначыў бацька.— Жаль, запісаныя на фанаграму галасы не даюць адэкватнага гучання...
Бацька, як заўсёды, стаў у позу тэатральнага крытыка, мецэната оперных галасоў. Гаварыць з ім наконт сваіх пачуццяў была марная справа.
— Я, бадай, пайду спаць,— сказаў Юрка.
Але ён доўга не мог заснуць. Адзінокі ліхтар на вуліцы Свярдлова асвятляў наўкось сцяну Юркавага пакоя, адбіваў на ёй скасабочаны паралелаграм акна. Ліхтар гайдаўся ад ветру; мяняўся на сцяне і адбітак акна. Пад гэтае жывое разгойдванне святла Юрка ўпершыню задумаўся над далейшым сваім жыццём, якое дасюль абсалютна не турбавала яго. Яно ўяўлялася яму прыгожым і менаніта таму, што будзе ладзіцца разам з Алесяй.
Назаўтра ў яго не было лекцый. Адседзеўшы ў бібліятэцы да гадзіны дня, Юрка пайшоў на філфак, дачакаўся канця заняткаў, каб сустрэць Алесю, прызнацца ёй у каханні і прапананапь выходзіць за яго замуж. У гэтым сваім парыве ён быў старамодны. Але пра гэта ён не думаў. Хоць і хваляваўся.
На ягонае няшчасце, Алеся выйшла на калідор не адна, а з Палінай Дзямешка.
Гэтая ненавісная — Юрка і сам не мог зразумець, чаму ненавісная,— мымра была зусім недарэчы. Яна першая пабачыла Юрку, заўсміхалася і падштурхнула пад локаць Алесю. Юрка пайшоў ім насустрач, жадаючы толькі аднаго, каб ненавісная мымра выпарылася, знікла, пакінула іх з Алесяй.
— А мы толькі што пра вас гаварылі,— ні к сялу ні к гораду паведаміла Паліна, прывёўшы ў збянтэжанасць і Юрку і Алесю.
— Уяўляю,— буркнуў Юрка і звярнуўся да Алесі: — У мяне да цябе ёсць важная справа. Калі не супраць, я праводжу цябе?..
— Нічога не маю супраць,— адказала Алеся.
Юрку здавалася, што цяпер Паліна Дзямешка пакіне іх з Алесяй. Аж не, яна ішла з імі і вельмі ахвотна шчабятала, кідаючы незразумелыя Юрку позіркі ў ягоны бок.
Перад Камсамольскай вуліцай Юрка зусім нетактоўна сказаў Паліне:
— Вам, здаецца, налева?..
— Паліна ідзе да мяне па канспект,— пачырванеўшы, адказала Алеся.
«Я яе, гэтую мымру, усё роўна перасяджу»,— падумаў Юрка.
На ягонае здзіўленне дома былі і Канстанцін Вячаслававіч і Аўдоцця Якаўлеўна. Юрку падумалася, што перасядзець Алесіных бацькоў яму не ўдасца.
Канстанцін Вячаслававіч сустрэў Юрку са шчырай гасціннасцю. Пасадзіў яго ў мяккае крэсла, сам сеў насупраць, пачаў распытваць пра дысертацыю, пра абарону яе. Але, як толькі Алеся з Палінай пакінулі іх, пайшлі ў Алесін пакой, Канстанцін Вячаслававіч кіўнуў у іхні бок:
— Што гэта азначае? — спытаўся ён.
— Менавіта, што? — здзівіўся Юрка.
— Гэтая іх дружба,— растлумачыў Канстанцін Вячаслававіч.— Я не магу зразумець агульнасці інтарэсаў, на якой можна было б сысціся. Ты калі-небудзь размаўляў з гэтай Палінай Дзямешка? Жах! У яе першабытна-рэвалюцыйныя погляды на ўсё на свеце.
— Не яна патрэбна Алесі,— выказаў меркаванне Юрка,— а Алеся ёй.
— Але навошта ёй Алеся? Хоць чаго там! У такіх, як Дзямешка, ёсць невытлумачальная патрэба забрацца ў культурны дом і напаскудзіць там ад паўнаты сваёй нікчэмнай душонкі. Я ж бачу, што яна ненавідзіць нас, але трымаецца Алесі, як д’ябал за грэшную душу. Пагаварыў бы ты, Юрка, з Алесяй. Дужа мне непрыемная іхняя дружба.
— Але ці паслухае мяне Алеся? — усумніўся Юрка.
— Цябе паслухае, — упэўнена адказаў Канстанцін Вячаслававіч. — Не сляпы, бачу: яна цябе кахае.
Мімалётам сказанае надало Юрку рашучасці. Назаўстра ён зноў паявіўся на філфаку і па дарозе дамоў прапанаваў Алесі выходзіць за яго замуж.
Алеся слухала яго з сур'ёзнай засяроджанасцю. Юрка быў упэўнены, што згода не прымусіць яго доўга чакаць. Алеся ашаламіла яго.
— Юра, але ж я не кахаю цябе, — адказала яна з той непасрэднасцю, на якую і крыўдаваць нельга.
— Як не кахаеш? — здзівіўся Юрка.
— Звычайна. Не кахаю і не здолею пакахаць.
— Ці азначае гэта канец нашай дружбе наогул? — спытаўся ён, адчуваючы ўсю абсурднасць іх далейшай размовы.
— Не, не азначае... Застанемся мілай парай...
12
Пасада сакратара універсітэцкага камітэта камсамола аказалася турбатлівай, але не цяжкай, падобнай на камандзірскую ў арміі — цвёрда трымайся загадаў і дасягай поспеху любымі метадамі. Што праўда, у Карпа Хіжняка не хапала часу нават на сесіі, але і тут знайшлося выйсце. У дэканаце яму выдавалі цэтлікі на здачу экзаменаў да сесіі і пасля яе, а выкладчыкі не надакучалі лішнімі пытаннямі, шчодра ставілі чацвёркі і пяцёркі.
Ды, як і на вайне, заўсёды знойдуцца абставіны, што атручваюць чалавечае быццё. Сярод членаў камітэта камсамола трапілася пяцёра заядлых тэатралаў, аматараў літаратуры і музыкі, якія вечна задавалі свайму сакратару нязручныя пытанні: а ці чытаў Карп? а ці слухаў Карп? а ці бачыў Карп? I называліся паэты, празаікі, драматургі, кампазітары, раманы, паэмы, оперы, спектаклі, сімфоніі, пра якія Карп Хіжняк не меў ніякага ўяўлення. Ды і наогул лічыў, што чытаць кнігі, хадзіць па спектаклях не больш як марнатраўства дарагога часу.
Калі ж настырныя члены камітэта вельмі ўжо настойліва раілі паглядаець якую пастаноўку або прачытаць кнігу, Карп красамоўна разводзіў рукамі.
— Праца! Праца! Усё не збяруся...
3 яго ўжо спадцішка пасмейваліся. Карп маўкліва, але балюча цярпеў кпіны: трэба неяк выкручвацца, чытаць хоць пазначаныя першай Сталінскай прэміяй кнігі, глядзець хоць бы самыя славутыя спектаклі. А што паробіш, калі з-за глупства можна згубіць аўтарытэт...