К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 8
44%
Страница 8
8

Стоячы на парозе шыкоўнай гасцёўні Цярпілоўскіх, Паліна не ведала, як да ўсяго пабачанага паставіцца. 3 аднаго боку, багацце кватэры выклікала ў Паліны пратэст, з другога — у яе падспудна паявілася зайздросная думка, што няблага было б і самой мець такую раскошу. Але пратэст быў мацнейшы, і Паліна раптам спалохалася, а што, калі за два тыдні туташняга жыцця і яна нейкім чынам амяшчаніцца. Узнікла ж у яе варожае жаданне некалі займець такое багацце!..

Паліна ўжо хацела адмовіцца ад Алесінай прапановы пажыць два тыдні разам. Ды за доўгія гады зямнога існавання чалавек навучыўся апраўдваць свае любыя погляды, учынкі, благія справы. Тое, што робіць ён сам — ад бога, тое, што кажуць іншыя — ад нячыстай сілы. У Паліны Дзямешка раптам узнікла геніяльна простая здагадка: ёй надарылася вельмі шчаслівая нагода лепей папрыглядацца да сваёй аднакурсніцы, каб можна было з часам уцягнуць Алесю ў стройныя шэрагі ленінскага камсамола. Дарэчы прыгадалася і камсамольскае патрабаванне весці растлумачальную працу сярод несаюзнай моладзі і строга індывідуальна.

— Шыкарна, таварышка, жывеш,— сказала Паліна, выбраўшы для сябе тактыку прынцыповых паводзін.— Так нядоўга і амяшчаніцца.

Алеся чакала ад Паліны здзіўлення, захаплення, але ні ў якім разе не з’едлівай іроніі і намёку, што яна можа амяшчаніцца. Мяшчанства ў асяродку студэнцтва лічылася найгоршым грахом. Алеся збянтэжылася і разгубілася. Яна не ведала, што сказаць у сваё апраўданне.

— Гэта ўсё тата,— сказала яна.— Ён любіць прыгожыя рэчы...

— Прыгожай можа быць толькі класавая барацьба,— павучальна зазначыла Паліна.— У яе ёсць прыгожая мэта...

I зноў Алеся была азадачана такой нечаканай высновай.

— Якая мэта? — спыталася яна, разумеючы ўсю нікчэмнасць свайго пытання — вядома ж, якую мэту мае на ўвазе Паліна — камунізм.

Але Паліна яшчэ раз ашаламіла яе.

— Ты ўжо даруй, Алеся, але я катэгарычна і безумоўна супраць не толькі вось такой буржуазнай раскошы, але і любога накаплення рэчаў і шмотак, што нішчаць на корані бяскласавую роўнасць людзей, вядуць да распальвання маёмаснага антаганізму.

— Ты кажаш так, бо не маеш сям’і,— адважылася сказаць Алеся.

Паліна рашуча запярэчыла:

— Зусім не таму. У нас у сям’і ніколі не набывалі рэчаў. Мне тады здавалася, што маці дрэнна вядзе гаспадарку. Я нават крыўдавала, што не заўсёды мела прыгожы абутак. Цяпер я разумею матчыну дальнабачную правату. Нават калі б наша хата была запоўнена незлічоным багаццем, яно немінуча загінула б у вайну. А вось матчыны ідэі засталіся ў маёй свядомасці. Значыць, трэба берагчы не рэчы, а ідэі. Яны бессмяротныя,— і, як бывала ўжо ў часе іхніх размоў, Паліна раптам крута памяняла тэму.— А ці паехала б ты са мной партызаніць у Грэцыю або ў Іспанію?

— Партызаніць? — зніякавела Алеся.

Паліна Дзямешка задаволена засмяялася.

— Не бойся. Нікуды я цябе ад тваіх прыгожых, каштоўных і дарагіх табе рэчаў не звязу. У Грэцыю — позна, у Іспанію — рана.

Было падобна на тое, што Паліна выпрабоўвае, а можа, разыгрывае Алесю. Трэба было неяк заканчваць непрыемную гаворку. Найлепш усё звесці на жарт.

— Калі ўжо на тое пайшло,— весела азвалася Алеся,— дык паедзем лепей у Афрыку ці ў Індакітай. Во дзе можна разгарнуць партызанекую барацьбу. Тропікі. Джунглі. А то нейкая дашчэнту вытаптаная Грэцыя, Іспанія... Там і схавацца няма дзе.

— Дарэмна жартуеш,— вельмі сур'ёзна сказала Паліна. — У Грэцыі прагрэсіўныя сілы пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі з самага вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў праліваюць кроў за камуністычныя ідэалы, стрымліваючы наступленне рэакцыйных сіл міжнароднага імперыялізму. Жартаваць з гэтага нельга. Скажу табе па сакрэце. Хадзіла я, каб паслалі мяне да грэчаскіх партызан. Вельмі хацелася перадаць ім свой вопыт і свае веды.

— Да каго хадзіла? — аж узгарэлася ад цікаўнасці Алеся.

— Гэта не мае значэння,— ахаладзіла яе пыл Паліна.— Ды і сакрэт. Не сёлета хадзіла — раней. Адмовілі. Але памкненне маё ўхвалілі. I наконт Іспаніі не трэба насміхацца. У сорак другім годзе ў наш атрад па лініі Камінтэрна закінулі двух іспанцаў. Я з імі на чыгунку хадзіла, у баях была. Смелыя хлопцы. А ў жніўні, здаецца, іх адклікалі ў Маскву. Мне Хасэ тады сказаў: «Слухай радыё. Як у Астурыі пачнуцца баі, значыць, гэта дзейнічаю я. Тады прасіся да нас. Мірнае жыццё не па табе. Яно і моцных засмоктвае ў багну спажывецтва». Як у ваду глядзеў...

Размова спачатку збіла Алесю з панталыку, нават збянтэжыла, а потым выклікала ў яе захапленне Палінай. Якая парыўнасць! Алесі захацелася ва ўсім быць падобнай на яе — такой жа непрымірымай, смелай і рашучай.

У тыя два тыдні яны вельмі зблізіліся. I хоць часам Алесі не падабаліся вельмі ўжо непрымірымыя погляды Паліны, яна даравала ёй усё. Больш, яна любавалася яе смелымі і незалежнымі выказваннямі.

Канстанцін Вячаслававіч і Аўдоцця Якаўлеўна затрымаліся ў Ташкенце яшчэ на цэлы тыдзень. За гэты час Алеся з Палінай паспяхова здалі экзамены. У іх раптам паявілася шмат вольнага часу, і Алесі прыйшло ў галаву звадзіць Паліну ў оперны тэатр, дзе яна, аказваецца, ніколі не была. Алеся пазваніла Юрку, якому было забаронена прыходзіць у часе экзаменаў. Юрка не прымусіў сябе доўга чакаць. У яго быў добры настрой. Усю дарогу да тэатра ён міла жартаваў, расказваў смешныя бяскрыўдныя анекдоты пра студэнтаў і выкладчыкаў, прыгадваў забаўныя эпізоды з франтавога жыцця. Паліна хмура маўчала. Было не зразумець, ці яна асуджае прафесарскую несур’ёзнасць, ці адчувае сябе ў кампаніі залішне сарамліва. Толькі тады, калі Юрка пачынаў гаварыць пра танкавыя баі, Паліна праяўляла цікаўнасць. Затое Алеся, вызваленая ад сесійных клопатаў, на роўных з Юркам падтрымлівала вясёлую і прыемную гамонку.

Іх прапусцілі, нават не спытаўшы білетаў, што вельмі ўразіла Паліну. Больш, немаладая кантралёрка спыталася, чаму іх так доўга не было ў тэатры. Паліна зразумела, што Юрка з Алесяй тут свае.

Быў будні дзень, і іх пасадзілі ў дырэктарскую ложу. Проста пад імі, у аркестровай яме, музыканты наладжвалі свае інструменты — стаяла рознагалосая какафонія гукаў. Марудлівая публіка памалу запаўняла партэр. Насупраць, у ложы для членаў урада, паявіўся вайсковец і адразу ж схаваўся за аксамітавай парцьерай.

Паліна спалохана і сарамліва спадылба сачыла за залай. Крэслы ў партэры займалі шыкоўныя жанчыны ў доўгіх, адкрытых на спіне і на грудзях плаццях. Мужчыны выглядалі больш сціпла, але і на іх былі дарагія гарнітуры-тройкі. Рассаджваліся чынна, як па аднойчы распрацаваным распарадку.

Паліне здавалася, што яна з прывычнага беднага студэнцкага быту трапіла ў нейкі незнаёмы і варожы ёй свет. Той, студэнцкі, быў жывы, рэальны, а гэты — фантастычны, казачны, а таму ірэальны. Сон — не больш!..

Ёй раптам стала няёмка за сваю сукенку, што праўда, святочную, выхадную, але дужа бедную і непаглядную на фоне панаксаміту і парчы, за сваю просценькую прычоску, якой яна ніколі не надавала належнай увагі, за вусны, вечна сасмяглыя і шурпатыя, якія яна ніколі не фарбавала, бо лічыла гэта мяшчанствам і ганебным выклікам самкі.

Юрка нешта ёй гаварыў, яна дрэнна разумела яго, часам адказвала неўпапад. Нарэшце ён стаў размаўляць з Алесяй; Паліна пачула, як яе балюча ўджаліла рэўнасць. I адразу маркотна падумалася, што яна тут абсалютна лішняя, што ўсе пазіраюць на яе з несхаванай насмешкай: бач ты яе, забралася ў дырэктарскую ложу, хоць месца табе на галёрцы. Ды і хто ты? Самазванка. Бедная студэнтка, якой аказала ласку багатая сяброўка.

Усё гэта абражала і выклікала памкненне трымаць сябе незалежна, з годнасцю, нават з выклікам усім гэтым нашчэнт разадзетым паням у партэры, Алесі і прафесару Далейку. Ёй прыгадвалася нешта невыразнае з жыцця нейкай палымянай рэвалюцыянеркі, якая трапіла ў свецкае кола, але трымала сябе з такой незалежнасцю, што буржуі вымушаны былі прызнаць яе чалавечую годнасць.

Тым часам у зале патухлі люстры, глуха зашамацеўшы, рассунулася цяжкая заслона. Пачалося незразумелае, чужое ёй дзеянне. Не сказаць што Паліна не мела ніякага ўяўлення пра балет. Але веды яе найбольш грунтаваліся на вершы Кандрата Крапівы, што хадзіў сярод студэнтаў у спісе, ды на двух-трох артыкулах у «Комсомольской правде», у якіх аспрэчвалася роля балета ў выхаванні моладзі, а само балетнае мастацтва аб’яўлялася здабыткам эстэтаў.

Паліну раздражняла маўклівасць артыстаў — быццам яны былі нямыя, і музыка, ад якой хацелася выць. Але ўсё гэта згасла, выклікала ў Паліны здранцвенне, калі на сцэну з-за куліс выпырхнулі, як на вочы Паліны, дык паўголыя дзяўчаты, сяк-так прыкрытыя гафрыраванымі парасончыкамі. Ёй зрабілася так сорамна, што яна заплюшчыла вочы і азірнулася толькі тады, калі ў зале раздаліся гучныя апладысменты: сярод балерын стаяла яшчэ адна, высока задзірала ўгору то адну, то другую нагу, а дзяцюк у кафтане хапаў яе за нагу і ўзнімаў перад сабой.

«Во яно ў чыстым выглядзе буржуазнае мастацтва,— асуджальна падумала Паліна.— Каму яно патрэбна? Рабочаму? Калгасніку? Свядомаму будаўніку камунізму? Не! Вось такім атлусцелым мяшчанам, што песцяцца на пярынах, смачна ядуць. Дзіва, што ім хочацца паказытаць снулыя нервы. Чаму дазваляюць такія распусныя спектаклі? Павінна ж быць рашэнне і па балеце. Трэба забараніць здзек з народнай сарамлівасці. Прымусіць балерын прыстойна апранацца, каб не разбэшчваць прагную на распуства публіку».

Паліне хацелася ўстаць і пайсці. Але яна зноў пераканала сябе, што павінна дасядзець да канца, каб можна было доказна спрачацца, абгрунтоўваць сваю думку. Ды было няёмка і перад Юркам. Паліна чамусьці баялася яго з’едлівай іроніі, яго трапных заўваг, ад якіх рабілася сорамна.

Да ўсяго прафесар Далейка ёй падабаўся. Ён быў вельмі падобны на таго іспанца Хасэ, пра якога яна гаварыла Алесі. 3 Хасэ ў яе было дужа кароткае і вельмі патаемнае каханне. Не дай бог, каб пра яго даведаўся б другі іспанец. Так казаў Хасэ. Канешне, Хасэ знешне зусім не быў падобны на Юрку. Хасэ — чорны, хударлявы і вельмі моцны. Юрка — светлавалосы, спешчаны і ласкавы. Абодвух іх яднала ўменне жартаваць з сябе, смешна расказваць пра невясёлыя справы і наогул тое, што не паддаецца халодным развагам, а толькі адчуваецца сэрцам.

Адно, чаго не разумела Паліна, дык гэта Юркава захапленне распусным балетам. «А можа, ён так, як і я, не хочучы таго, ходзіць глядзець балет,— раптам падумалася Паліне. — Усё Алеся. Гата яна водзіць яго, каб спакусіць і выйсці за яго замуж.. Менавіта так! Прыкідваецца, што ў іх сваяцкія адносіны. Падумаеш, траюрадныя. Ды цяпер і дваюрадныя жэняцца».

Яе меркаваяні як бы і пацвердзіліся. Ужо ідучы дамоў, Юрка спытаў у Паліны, як ёй спадабаўся балет. Паліна троху блытана, але рашуча і пераканана асудзіла тэатр, балет, балерын і публіку за разбэшчванне здаровай маралі. Юрка ў знак згоды ківаў галавой.

Ды нешта праз тыдзень, калі вярнуліся з Ташкента Алесіны бацькі і Далейкі ўсёй сям'ёй завіталі ў госці, Юрка з усмешкай спытаўся:

— Шаноўная сястрычка, дзе ты адкапала такую дапатоаную мымру?..

Алеся чамусьці пакрыўдзілася за Паліну.

10

Выпадак з Вікторыяй Рыпінскай навучыў Карпа Хіжняка абачлівасці: перш чым з кім знаёміцца, а тым больш мець сур'ёзныя намеры, трэба спачатку добра высветліць, чым ён дыхае.

Месяцы тры Карп усё чакаў нейкіх захадаў ад Вікторыі, а таму больш сядзеў у бібліятэцы, стараўся не вытыркацца на вуліцу, каб выпадкова не сустрэцца з ёю, яе бацькамі або з іх знаёмымі, што разам адзначалі Новы год. На ўсякі выпадак у яго быў падрыхтаваны адказ і Вікторыі, і бацькам, і знаёмым.

Зімовую сесію ён здаў на пасрэдна; летнюю намеціў закончыць без троек. I сапраўды дамогся свайго. Першы курс быў закончаны паспяхова.

Наогул яму шанцавала. Вікторыя так і не патурбавала. Грашовая рэформа аказалася для яго выгаднай: толькі пяць тысяч памянялі адзін да дзесяці, астатнія дзесяць тысяч — рубель за рубель. У канцылярыі, мабыць, забыліся на дакументы аб адукацыі, якія ён павінен быў аднавіць і занесці туды. Нарэшце ўладзілася справа з той інтымнай патрэбай, якая надакучала яму асабліва па начах; шчаслівы лес звёў яго з кладаўшчыцай адноўленай фабрыкі-кухні Алісай Кушняровай, якая мела каморку пры складзе і гэтаксама, як і ён, прагнула кахання. Каханне доўжылася ўсю зіму і вясну, а ў самую летнюю сесію Алісу арыштавалі за растрату, напалохаўшы гэтым арыштам Карпа. I зноў Карпу пашанцавала: ягонымі адносінамі з Алісай ніхто не зацікавіўся, а сама Аліса, мабыць, не знайшла патрэбным уцягваць яго ў свае справы. Непрыемны выпадак зрабіў на Карпа дужа прыгнётлівае ўражанне — другі раз з-за слабасці да жаночага полу ён мог мець непрыемнасці. А што, калі ў Мінску ўсе дзяўчаты адным мірам мазаны?..

Затое пашанцавала Карпу з адпачынкам, які ён не ведаў, дзе будзе праводзіць: ехаць да сястры не хацелася, а другой радні паблізу не было. Перад самай летняй сесіяй, якраз тады, як арыштавалі Алісу, яго паклікалі ў прафком універсітэта, спыталіся пра здароўе, пра раненні ў вайну і прапанавалі пуцёўку ў Сочы, у навукова-даследчы інстытут імя Сталіна, ды яшчэ на два тэрміны, аж на пяцьдзесят шэсць дзён.

Інстытут аказаўся санаторыем, на базе якога вяліся даследаванні па лячэнні на сочынскіх курортах. Адпачывалі тут і зусім здаровыя людзі, якія нввядома дзеля чаго ляжалі ў мацэсцінскіх ваннах, а потым купаліся ў моры. Інстытут знаходзіўся над самай Мацэстай пад гарою Раскоша, якраз насупраць дачы Сталіна, што надавала яму і славу і папулярнасць.

Карп Хіжняк і раней лічыў, што для працоўнага чалавека няма і не можа быць лепшай улады, як савецкая, лепшай партыі, як бальшавіцкая. За іх ён змагаўся на франтах вайны, ім быў удзячны за свой лёс і свае поспехі ў жыцці. Але раней удзячнасць гэтая насіла абстрактны характар. Яна прыносілася партыі і ўраду наогул. Цяпер, жывучы ў шыкарным санаторыі-інстытуце, на славутым курорце, Карп ужо і наглядна бачыў і адчуваў перавагі сацыялістычнага ладу, прасякнуўся да партыі і савецкай улады гарачай любоўю і гатоўнасцю ўсюды абараняць яе ад яўных і тайных ворагаў. Любоў гэтую і веру ў савецкі лад не магло пахіснуць нават каханне, нечаканае, бурнае, у чымсьці хваравітае, непагляднае, але жаданае, пакутлівае і моцнае. Яно прыйшло неспадзявана.

Предыдущая главаГлава 8 из 18Следующая глава