К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 10
56%
Страница 10
10

Тым часам у камітэце камсамола толькі і гаварылі, што пра новую оперу «Князь Ігар». Члены камітэта камсамола настойліва раілі Карпу, як будучаму гісторыку, паглядзець гэтую оперу. Давялося ісці ў прафсаюзны камітэт. Там яму набылі білет у ложу бельэтажа.

Дастаўшы з чамадана парадны танкісцкі гарнітур з поўным наборам ордэнаў і медалёў, наваксаваўшы да люстэркавага бляску боты, Карп Хіжняк адправіўся ў тэатр. Выседзеўшы першае дзеянне, не разбіраючы слоў, бо замінала музыка, Карп вырашыў пайсці дамоў: хопіць з яго гэтай оперы! Але ў перапынку заглянуў у буфет па кухаль піва. Яго прапусцілі без чаргі, і гэта палепшыла Карпаў настрой — паважаюць! Здалося неразумным ісці дамоў.

Вяртаючыся з буфета, Карп сустрэўся са сваім былым падначаленым Юркам Далейкам. За ўсе гады вучобы Карп Хіжняк сустракаўся з былым лейтэнантам разы тры і ўсё выпадкова. Папраўдзе, дык Карпу не вельмі хацелася бачыцца з Юркам Далейкам, які быў сведкам яго залічэння ва універсітэт без належных дакументаў. Далейка мог пацікавіцца, ці данёс Карп дакументы? Само пытанне было для Карпа непрыемным.

Юрка Далейка быў не адзін — з дзяўчынай,— але, пабачыўшы Хіжняка. павітаўся, як бывала на фронце.

— Здравія жадаю, таварыш маёр!..

Пасля павагі, выказанай да яго ў буфеце, вітанне былога падначаленага, а цяпер прафесара і кандыдата навук расчуліла яго. Карп моцна паціснуў Юркаву руку, кінуў цікаўны позірк у бок Алесі. Хто яна? Жонка? Нявеста? Знаёмая? Сустракаючыся, Карп ніколі не цікавіўся сямейным станам былога лейтэнанта, імкнуўся як найхутчэй развітацца.

Далейка перахапіў Карпаў позірк, сказаў:

— Дазвольце, таварыш маёр, пазнаёміць вас з траюраднай сястрой.

— Алеся,— назвалася дзяўчына і вельмі зграбна падала руку на знаёмства,— Цярпілоўская.

— Гвардыі маёр Хіжняк,— адрэкамендаваўся Карп. Падумаўшы, дадаў: — Карп Раманавіч...

— Юра шмат мне пра вас расказваў,— загаварыла да яго Алеся.— У вас так многа ордэнаў. А вось залатой Зоркі Героя я ніколі зблізку не бачыла. Яна сапраўды залатая?..

— Без падробкі,— адказаў Карп.

Размова выпарылася, як вада ў мелкай лужыне. Настала непрыемная паўза, якую, на шчасце, перапыніў трэці званок.

Слухаючы оперу, Карп чамусьці думаў пра траюрадную сястру лейтэнанта Далейкі. Гэта было тым больш дзіўна, што Алеся не паказалася яму прыгожай, такой, як Вікторыя. У параўнанні з Вікторыяй Алеся прайгравала. Але было ў ёй нешта такое, што прыцягвала Карпаву ўвагу. Можа, тое, як яна падала руку на знаёмства. У яе жэсце было нешта чароўнае, дужа далікатнае і незнаёмае, быццам Алеся Цярпілоўская паходзіла з іншага свету, недаступнага яму, Карпу Хіжняку. 3 якога? Карпу з прыкрасцю падумалася, што, бадай, не з ягонага, пралетарскага. Акалічнасць гэтая крута павярнула думкі на варожы лад.

«Не з тваім рылам заляцацца да яе,— злосна абразіўся Карп.— Захацеў чаго! Вядома ж, яна не з сялян і не з рабочых. Ручку падавала, як жабраку міласціну. Найхутчэй бацькі ў яе інтэлігенты, можа, вучоныя, як і гэты Далейка. 3 іхнім далікацтвам з глузду з’едзеш. Я да іхняга абыходжання ніколі не прывыкну. Мне б дачку якога вайскоўца. Хоць таксама і яны не маліна. А генеральскія дочкі наогул разбэшчаныя пачвары. Бадай, найлепш жаніцца б з дачкой якога партыйнага работніка, ды такога, што і сам, як і я, пралетарскага паходжання».

Думка была вельмі практычная. 3 той самай навагодняй ночы, калі ён упершыню за сваё жыццё паглядзеў, як жывуць людзі, яму захацелася менавіта такога бязбеднага жыцця. Іншага ён не жадаў.

У яго меліся грошы і не малыя па тым часе, але яны лічыліся недатыкальным запасам, які хаваецца на чорны дзень. Карпу — і ён гэта цвёрда разумеў — патрэбна была ўстойлівая ўладкаванасць — дом, гаспадарка, пяшчотныя аб ім клопаты. Жаніцьба, уяўлялася яму, і прывядзе да мары, якую ён насіў у сабе пасля навагодняга вечара ў Вікторыі Рыпінскай. Але кожны раз пры гэтым ён прыгадваў папярэджанне следчага дзяржбяспекі; таму Карпава патрабаванне зводзілася не толькі да багатай, але і не заплямленай у акупацыю жонкі.

Прыглядаючыся да дзяўчат на сваім факультэце, Карп з прыкрасцю адзначаў, што большасць з іх не адпавядала яго ўяўленням менавіта па гэтым крытэрыі. Усе яны заставаліся пад акупацыяй, а таму не выключалася, што супрацоўнічалі з немцамі. Не вельмі давяраў Карп і тым, хто знаходзіўся ў партызанах — можа, іх спачатку завербавалі, а потым закінулі да партызан. Ды і не было сярод дзяўчат факультэта гарадскіх, якія мелі б у горадзе свае дамы, як Вікторыя Рыпінская. Адным словам, мара Хіжняка пра жаніцьбу пакуль натыкалася на цяжкасці пасляакупацыйнага жыцця.

Ды Алеся Цярпілоўская чамусьці не выходзіла з галавы. Нешта, як магнітам, прыцягвала яго да яе, і ўжо складваліся смелыя планы сваёй з Алесяй размовы, каб высветліць, хто яна, якога паходжання і якія ў яго перспектывы на далейшае знаёмства.

Намер гэты, аднак, здаваўся неажыццявімы, і ўсё з-за Юркі Далейкі. Каб не ён, Карп ведаў бы, як трэба дзейнічаць. Не ёлупень жа ён цара нябеснага, каб не загаварыць з дзеўкай. Юрка быў перашкодай, якую і на кані не аб'едзеш, і пехатой не абыдзеш. Трэба было прыдумаць нейкую зачэпку, каб прадоўжыць знаёмства, а ўжо тады і высветліць усе абставіны жыцця Алесі Цярпілоўскай.

«Хадзіў жа я, чорт пабяры, і не ў такія атакі,— падбадзёрваў сябе Карп,— і не баяўся. Дык чаго дрэйфіць? Падыду і загавару. Ці мала пра што. Важна пачаць».

Ён перабраў варыянтаў дзесяць пачатку сваёй гаворкі да Алесі, нарэшце спыніўся на адным, які здаваўся яму найлепшым.

Карп выйшаў у фае. Яшчэ здаля ўбачыў Алесю пад руку з Далейкам; на нейкае імгненне застыў на месцы, не адважваючыся ісці ім насустрач; сам сябе падагнаў, нібы выцяў хлыстом; чаканячы крок, нявыхавана сунуўся ім наперарэз; убачыў Далейкаў насмешлівы позірк і ўсе падрыхтаваныя зараней словы вылецелі з галавы. Утраіх яны стаялі сярод жывой людской плыні. Маўчалі. Карп падумваў ужо над тым, як адысці ад лейтэнанта з яго сястрой.

Выручыла Алеся. Яна ўзяла Карпа пад руку, спыталася:

— Як вам падабаецца Каламійцава?..

Ад яе пытання Карп разгубіўся яшчэ больш. Ён абсалютна не ведаў, хто такая Каламійцава.

— Алеся мае на ўвазе дырыжора,— падказаў Юрка Далейка. Цяпер Карп знайшоўся, што адказаць.

— Калі пад яе каманду граюць столькі мужчын, значыць, званне ў яе генеральскае...

Алеся жарт ацаніла. Юрка толькі ўсміхнуўся. Карп жа троху ачомаўся і, ужо не зважаючы на далікатнасць, паспрабаваў высветліць патрэбныя яму звесткі.

— А вы дзе працуеце, калі, вядома, не сакрэт?

— Вучуся на філфаку,— адказала Алеся.— На беларускім аддзяленні.

«Значыць, была ў акупацыі»,— асуджана падумаў Карп.

— Вінаваты,— па-вайсковаму сказаў ён,— мне здавалася, што на філфаку я ведаю ўсіх студэнтаў. Вы першакурсніца?

— Не. Я на трэцім курсе.

— Але чаму я вас не ведаю?

— А чаму вы павінны мяне ведаць? — здзіцілася Алеся.

— Я ведаю ўсіх камсамольцаў...

— Але я не камсамолка,— прызналася Алеся.

Карп збянтэжыўся і разгубіўся.

— У вас што-небудзь з біяграфіяй? — спытаўся ён, амаль перакананы, што Алеся, як і Вікторыя, служыла немцам.

— У якім сэнсе? — здзівілася Алеся.

— Вы былі ў акупацыі? — Карпу хацелася спытаць больш жорстка: вы працавалі на фашыстаў, але ён стрымаўся.

— Не, я жыла ў эвакуацыі...

— Тады чаму вы не ў камсамоле?..

Заканамернае для Хіжняка пытанне збянтэжыла Алесю. Яна запнулася, не ведаючы, што адказадь на каверзнае пытанне. Яе гэтае маўчанне мог вельмі па-свойму вытлумачыць гвардыі маёр Карп Хіжняк, якога Юрка добра ведаў, таму ён прыйшоў на выручку Алесі.

— Мабыць, на філфаку дрэняа прадуе камсамольская арганізацыя, калі студэнтка трэцяга курса не ўцягнута ў камсамол.

Юрка патрапіў у цэль. Карп успрыняў ягоныя словы як папрок і ўжо са знаёмай Юрку пагрозай паабяцаў:

— Я ёй...

Алеся так і не зразумела, каму «ёй»? Але ўжо ў наступную суботу ўсё і высветлілася. Увечары да яе прыбегла ўся ў слязах Паліна Дзямешка.

— Што здарылася? — спыталася Алеся.

— Што, што? Мне на камітэце камсамола вымову вынеслі...

— Але ў чым ты вінаватая?..

— Не ў чым,— цвёрда адказала Паліна.— 3-за цябе вынеслі...

— 3-за мяне? — падзівілася Алеся.

— Але ж ты паскардзілася Хіжняку, што цябе не прымаюць у камсамол.

Толькі цяпер да Алесі дайшоў сэнс пагрозы, выказанай былым Юркавым камандзірам батальёна, і яна засмяялася.

— Такой і бяды,— пастаралася супакоіць яна сяброўку.— Ды я зусім не вінаватая. Я гэтага Хіжняка першы раз пабачыла. Ён, аказваецца, былы Юркаў начальнік. Ну, ты ж ведаеш, Юркі Далейкі камандзір. Юрка мяне з ім у тэатры пазнаёміў, а Хіжняк спытаўся, чаму я не ў камсамоле. Я не паспела адказаць, як Юрка і ляпнуў: бо на філфаку дрэнна працуе камсамольская арганізацыя. Жартаваў, вядома.

— Вам жартачкі,— пакрыўджана сказала Паліна,— а мне біяграфію сапсулі. Я ў партыю збіралася паступаць. Хто ж цяпер мяне прыме з вымовай.— I яна заплакала так шчыравіта на слёзы, што Алеся разгубілася, адчула сябе кругом вінаватай.

— Але што я магу зрабіць? — спыталася яна.— Хочаш, я схаджу да Хіжняка. Не меў ён права даваць табе вымову толькі таму, што нехта пажартаваў.

— Не, не,— замахала рукамі Паліна.— Хіжняк падумае, што гэта я цябе паслала. Ён дужа прынцыповы і патрабавальны. Ён мне яшчэ і строгую вымову закоціць...

Алеся, аднак, Палінінай парады не паслухалася. Пасля выхаднога дня яна заявілася ў камітэт камсамола, заявіла студэнтам, што сядзелі там, каб яны выйшлі, бо ёй трэба пагаварыць з сакратаром камітэта, таварышам Хіжняком, з вока на вока. Калі ўсе выйшлі, Алеся пачала даводзіць камсамольскаму сакратару, што ён ублытаў яе ў непрыемную гісторыю, даўшы Паліне Дзямешка вымову, і запатрабавала, каб вымова была неадкладна адменена.

Карп Хіжняк слухаў Алесю з супярэчлівым, дваістым пачуццём. Яе паспешлівая, блытаная гаворка раздражняла яго. Яму хацелася абарваць яе, сказаць, што студэнтка, якая не ў камсамоле, не мае права ўказваць яму на правільнасць ці няправільнасць ягоных рашэнняў. Але яе пачырванелы ад хвалявання твар, яе праменістыя вочы ўсё больш падабаліся яму. Таму ён стараўся не павышаць голасу, гаварыць спакойна і нават даводзіць Алесі, што вымова Дзямешка вынесена зусім з іншай прычыны, што ў рабоце факультэцкага бюро знойдзена шмат недахопаў. Запытаўся Карп і пра тое, ці надумала Алеся паступаць у камсамол, а калі надумала, дык ён будзе рады даць ёй рэкамендацыю.

Алеся адчувала сябе ніякавата. Карп Хіжняк аказаўся зусім ні такім, як расказваў пра яго Юрка. Ёй здалося, што яна напачатку нагаварыла Карпу Хіжняку шмат непатрэбных, абразлівых слоў. Таму раскайвалася, што не паслухалася Паліны.

«Зрэшты,— падумалася ёй,— што мне да іхніх спраў? I Юрка і Паліна — кожны мае аб Хіжняку сваю думку. А ён звычайны хлопец. I, мабыць, нават сарамлівы. Сказаў, што будзе рады даць мне рэкамендацыю, і пачырванеў».

— Я буду ўдзячная за рэкамендацыю,— сказала яна.

— Тады зайдзіце заўтра,— папрасіў ён.

Назаўтра ён выцягнуў з шуфляды стала аркуш паперы, паціснуў Алесі руку і... набіўся ў праважатыя.

13

Юркава абарона доктарскай дысертацыі адбылася ў Маскоўскім універсітэце. Прайшла яна выдатна. Універсітэцкае начальства прапанавала Юрку прачытаць курс лекцый па тэорыі мностваў, на што ён тут жа згадзіўся, выгаварыўшы сабе права на чытанне лекцый і ў Беларускім універсітэце. Усё прадракала яму поспех. У ВАКу надзіва хутка была разгледжана і зацверджана доктарская дысертацыя. У выдавецтве падрыхтавана да друку манаграфія. Англійскі матэматычны часопіс вёў перамовы, каб надрукаваць раздзелы з дысертацыі. А наперадзе свяціла магчымасць быць выбраным членам-карэспандэнтам Акадэміі навук.

Што праўда, у гэтым мітуслівым жыцці на два універсітэты меліся свае нязручнасці: два, а то і тры разы на тыдзень даводзілася ехаць у Мінск, а прачытаўшы тут лекцыі, вяртацца ў Маскву, каб у той жа дзень зноў ехаць у Мінск. Ды маладосці такое жыццё было не ў цяжар. Наадварот, у такім побыце бачылася рамантыка, лёс вечнага вандроўніка. Горш было тое, што парушыліся сустрэчы з Алесяй. Ён жа раптам зразумеў, што звыкся з імі, з Алесяй, яму не хапала перад кім выказваць свае думкі. Больш, ён разумеў, што кахае Алесю, сумуе па ёй і ўсё спадзяецца, што яна некалі памяняе гнеў на міласць.

Кожны раз, прыехаўшы ў Мінск, Юрка бег на вуліцу Карла Маркса, да Цярпілоўскіх — гэта была самая найвялікшая яму ўзнагарода. Але і найвялікшая пакута. Яму не заўсёды ўдавалася, як гэта было раней, выцягнуць Алесю ў тэатр ці хоць бы ў кіно. То ў яе не было настрою, то трэба было рыхтавацца да семінара.

Юрка радаваўся і таму, што пабачыў Алесю, перакінуўся з ёю словам; зрэшты, што пабываў у Цярпілоўскіх: і Аўдоцця Якаўлеўна і Канстанцін Вячаслававіч шчыра прывячалі Юрку, радаваліся кожнаму яго паяўленню. Гэтая ветласць Алесіных бацькоў і абнадзейвала Юрку.

Тым часам адбылася падзея, якая, магчыма, і адыграла ракавую ролю ў Юркавым лёсе. Па нейкай умове, калісьці кімсьці падпісанай, Каліфарнійскі універсітэт у парадку абмену навукоўцамі запрасіў да сябе траіх маскоўскіх вучоных аж на шэсць месяцаў. Хто і дзе падбіраў кандыдатуры на замежную камандзіроўку, Юрка, вядома, не ведаў. На здзіўленне яго самога, сталася так, што ехаць у Амерыку прапанавалі яму — Юрка быў беспартыйны. Можа, якраз гэтая акалічнасць усё і вырашыла: патрэбны быў беспартыйны — выбар выпаў на яго. Два астатнія члены дэлегацыі былі партыйныя і нашмат старэйшыя за Юрку: доктар філасофскіх навук Якаў Максімавіч Храмцоў і кандыдат навук, фізік Аляксей Іванавіч Ягораў. Юрка толькі дзівіўся, хто іх і навошта пасылае ў Штаты. Якаў Максімавіч і на той час выглядаў артадоксам вышэйшай пробы, што да Аляксея Іванавіча, дык ён быў вельмі пасрэдны фізік, які нічога для навукі не ярабіў ды і зрабіць ужо не мог — яму было за пяцьдзесят. Юрка не здагадваўся, што абодва яго спадарожнікі былі прыстаўлены да маладога матэматыка, як пастухі да гарэзлівага бычка.

Предыдущая главаГлава 10 из 18Следующая глава