— А я сказала бацькам, што выходжу за цябе замуж,— смеючыся сваёй загадкавай усмешкай, паведаміла Вікторыя.— Ці, можа, перадумаў?..
— Не перадумаў і не перадумаю,— упэўнена адказаў Карп.
— Ты не крыўдуй, але мае бацькі веруючыя і вельмі хочуць блаславіць нас.
— Як блаславіць? — насцярожыўся Карп.
— Звычайна. Іконай. Той, якой бласлаўлялі бацькі маіх бацькоў...
— Ну, не, гэты нумар не пройдзе. Я — партыйны і бязбожнік.
— Дзівачок ты мой,— пашкадавала яго Вікторыя.— Думаеш, мне нада тое бласлаўленне. Але ж і супраць бацькоўскай волі не варта ісці. Ты ж мяне не збіраешся браць у свой інтэрнат. Зрабі дзеля мяне выключэнне — хай блаславяць...
Карп паадбіваўся. паадбіваўся ды і здаўся — хай бласлаўляюць. Снедалі з чаркай. Вікторына маці ўсё падлашчвалася да зяця, падкладала на ягоную талерку лешпыя кавалкі смажаніны, свайго вырабу каўбасы, частавала антонаўкай са свайго еаду. Карп быў расчулены яе клопатамі і дабрынёй, якія ён ніколі не чуў.
— Дык што, таго-гэтага,— частуючы Карпа папяросай, звярнуўся да яго Вікторын бацька,— Вікторыя казала, што вы парашылі жыць разам. Мы з маці не супраць. Ты, па ўсім відаць, хлопец не збалаваны, да вучобы здатны. Вучыцеся. Пакуль сілы ёсць — дапаможам. Без навукі цяпер, таго-гэтага, нельга. Вайну перажылі. Цяпер, во, рэформа праведзена. Так што жыццё наладжваецца і за яго трэба трымацца аберуч.
Карп маўчаў, не ведаў, што трэба гаварыць у такіх выпадках. Хацелася нейкіх узнёслых слоў, але яны, як на злосць, не прыходзілі ў галаву.
— Я Віку не пакрыўджу,— нарэшце знайшоўся ён.
— Крыўдзіць не трэба,— пагадзіўся бацька і гукнуў жонку: — Сабіна, дастань абразок...
Карп з Вікторыяй паслухмяна сталі на калені. Бацька Вікторыі ўзяў з жончыных рук ікону святога благавешчання, тройчы перахрысціў ёю спачатку Вікторыю, а потым і Карпа. Маці ўзрадавана заплакала.
— Жывіце, дзеці мае, у згодзе і каханні,— сказала яна, дастала з буфета загорнутыя ў анучку залатыя абручальныя пярсцёнкі, але не аддала іх маладым, а толькі паказала.— Цяпер, вядома, абручальныя пярсцёнкі не носяць, але ведайце, яны ў вас ёсць, і вы цераз іх звязаны адно з адным на векі вечныя. Пакуль існуюць пярсцёнкі, хай існуе і каханне між вамі.
Цяпер ужо настала пара заплакаць і Вікторыі.
Далейшым выяўленням пачуццяў, аднак, паклаў канец следчы, які нечакана ўзнік на парозе дома. Карп бачыў, што яго з’яўленне не ўзрадавала бацькоў і самую Вікторыю, але яны чамусьці заўсміхаліся, пачалі казаць, як яны рады бачыць яго, пацягнулі за стол.
Карп стараўся не піць, хоць гэта было немагчыма — прынукаў следчы. Ён куляў чарку за чаркай і нарэшце зусім сп’янеў. Тым часам надвор’е пачало псавацца. Над горадам пачарнела неба. Узняўся вецер. Карп засабіраўся дамоў у інтэрнат. Было вырашана, што за тыдзень ён канчаткова пераедзе на Міжтрактовую вуліцу. Следам за Карпам засабіраўся і следчы.
— Што я цябе, дзетка, папрашу,— звярнулася да Карпа Вікторына маці,— праводзь ты Толіка дадому. Каб не дай бог чаго не здарылася — бяды не абярэшся. А ён жа на нагах ледзьве стаіць...
На двары ўжо ваўсю гуляла завіруха. Моцны вецер сек шчокі калючым снегам, выганяючы з абодвух дурманны хмель. Каля школы яны прыпыніліся, каб закурыць. Тут было зацішна і снег падаў на зямлю камякамі.
— Слухай, маёр,— загаварыў следчы, абдымаючы Карпа за плечы,— ты Вікторку нацягваеш? Ну, ну, не кіпяціся. Можаш нацягваць, але навошта табе псаваць біяграфію?..
Карп пачуў, як у яго пахаладзела ў грудзях. Ён пільна паглядзеў на следчага — той стаяў абсалютна цвярозы, як здалося Карпу, і гэта яшчэ больш надавала яго словам пагрозлівы сэнс.
— На што намякаеш? — спытаўся Карп.
Следчы разы тры зацягнуўся папяросай, цыркнуў жаўтаватай слінай у белы снег — мабыць, знарок цягнуў час, выпрабоўваў цярпенне Карпа.
— А ты знаеш, што яна тут пры немцах вычварала?..
— А ты знаеш, што яна тут пры немцах вычварала?..
— Ведаю,— адказаў Карп.— Па заданні партызан працавала перакладчыцай у картачным бюро...
Следчы коратка рагатнуў.
— Яна табе нагаворыць, толькі вушы развешвай.
— А што вядома табе?..
— А тое, што твая Вікачка немцам падушкі патыліцай прасавала.
Карп пачуў, як моцна грукнула ў галаву, засмактала пад лыжачкай.
— А табе адкуль вядома?..
— Ды ўжо ж...
— Чаму ж вы яе не арыштоўваеце?
— Спатрэбіцца — арыштуем. Ды не ў гэтым справа, маёр. Хто пад немцам заставаўся — здраднікі. Усе!..
Следчы раптам скрануўся з месца, пайшоў, нават не развітаўшыся з Карпам, пакінуўшы таго ў роспачным роздуме.
«Во, уліп дык уліп,— думаў ён, не заўважаючы нават завірухі.— Не хапала яшчэ ажаніцца з нямецкай паслугачкай. Быў бы поўны набор смярдзючага дзярма: бацька — здраднік, жонка — нямецкая падсцілка, сам — авантурыст па няволі. А ўсё Далейка. Рабіў бы я рабочым, дык пляваў бы на ўсіх. Дык не — палез у інтэлігенты. Але ж і не псаваць сабе жыццё. Усю вайну прайшоў, з розных сітуацый цэлым выходзіў. I цяпер выйду... А яны яшчэ іконкай бласлаўлялі. Чаму не партрэтам Гітлера, сволачы!»
Карп караў сябе за неабачлівасць, але ўсё больш схіляўся да таго, што сустрэча з Вікторыяй Рыпінскай адбылася невыпадкова. Каварныя ворагі яўна мелі намер аблытаць яго дзеля нейкіх сваіх варожых мэт. Але не ўдалося!..
9
Гады Алесінай вучобы ва універсітэце былі багатыя на шматлікія ідэалагічныя кампаніі. За пастановай цэка па ленінградскіх часопісах не менш грозныя дырэктывы былі выдадзены па кіно, музыцы, оперным мастацтве, эстрадзе, драматургіі — здаецца, не было такой сферы творчай дзейнасці, якую не ахапілі б строгія ўказанні. А яшчэ ж пад агонь партыйных пастаноў падпалі цэлыя навукі, такія, як генетыка, хімія палімераў, кібернетыка, некаторыя раздзелы матэматыкі, фізікі, астраноміі. Пераглядаліся гістарычныя, філасофскія, эканамічныя, мовазнаўчыя канцэпцыі. На месцы адных навуковых куміраў паяўляліся другія, дасюль не чутыя. Былая царская Расія, якую іначай і не называлі, як турмой народаў, краінай суцэльнай непісьменнасці, раптам аказалася калыскай усіх чыста навуковых, тэхнічных і вынаходчых адкрыццяў, якія калісьці ўкраў бессаромны захад.
Студэнты рэагавалі на кампаніі стрымана. Не ўсім гэта ўдавалася. Таму многія проста маўчалі, заглыблена лезлі ў першакрыніцы, каб набрацца кніжнай мудрасці.
У ліку такіх была і Алеся. Яна старалася даказаць сабе, нібы ўсё, што робіцца, заканамерна з пункту гледжання марксісцкай дыялектыкі і на карысць таму народу, які не хацеў прызнаваць Юрка і якому Алеся ўсё ж збіралася верна служыць.
3 Юркам яны — з сярэдзіны трэцяга курса — сустракаліся ўсё радзей і радзей, часцей у нядзелю, каб схадзіць у тэатр або кіно. Выходзіла гэта неяк само сабой. Думаецца, што на тое была прычына.
Нават вялікае каханне з часам пераходзіць у спакойную прыхільнасць; паміж Алесяй і Юркам да ўсяго закаханасць была аднабаковая і не сказаць каб моцная, ва ўсякім выпадку, чыста платанічная. Алесіна нясмелая закаханасць увесь час натыкалася на Юркава паказное памкненне ўсіх павучаць і весела, бесклапотна адпачываць. Алеся была для яго не толькі нязменным партнёрам па паходах у кіно і тэатры, цікавым, хоць, на яго прафесарскую думку, наіўным субяседнікам, але ў нейкай ступені і крыніцай натхнення ці, як ён казаў, паскаральнікам думкі.
Юрка тады працаваў над тэорыяй мностваў і зусім новай навукай тапалогіяй, якія вымагалі не толькі глыбокіх ведаў у матэматыцы, але строгай лагічнай паслядоўнасці і філасофскай раскаванасці. Апошняе ўпіралася ў непахіснасць марксісцка-ленінскіх догмаў.
Доктарская дысертацыя, начарна зробленая, раптам атрымала не сказаць каб адмоўны, але і не станоўчы водгук: дысертацыя, маўляў, не мае практычнага значэння. Горш, на вучоным савеце двое матэматыкаў — адзін з іх і вельмі вядомы — выказаліся і больш рэзка: на іх думку, тапалогія не мае нічога агульнага з сапраўднай навукай і вельмі шкада, што такі перспектыўны вучоны, як Юрый Валянцінавіч Далейка, паддаўся пад варожы ўплыў ідэалістычных і антынавуковых пошукаў заходніх ілжэвучоных.
Юрка Далейка паехаў да славутага Пантрагіна, які ці не першы ў нас заняўся тапалогіяй. Леў Сямёнавіч сустрэў Юрку вельмі прыхільна і ветліва, пазіраў на маладога вучонага праз шкельцы чорных акуляраў. Пантрагін быў сляпы з ранняга юнацтва.
У той жа час паступова раставала і Алесіна закаханасць. Алесі сталі надакучаць Юркавы развагі пра мноствы, падмноствы, аб’яднанне мностваў, перасячэнне мностваў, адкрытыя і дасканалыя мноствы, кантынуумы, і ўжо нешта зусім незразумелае — пустое мностства. Канечне, Алеся нічога не кеміла ў матэматыцы, ды яшчэ такой, дзе чалавечае ўяўленне не можа пераадолець бар’ер абстрактнасці. Гэта ёй можна дараваць.
Зрэшты, ні тэорыя мностваў, ні тапалогія не былі ды і не маглі быць перашкодай каханню. Узнікшы аднойчы, яно змятае на сваім шляху і не такія перашкоды. Бадай, тут большую ролю сыграла зусім недарэчная, у чымсьці абсурдная дружба з Палінай Дзямешка, што ўсё больш паглынала і аблытвала Алесю.
Яшчэ на пачатку другога курса Паліна Дзямешка стала камсоргам іхняй групы і неўзабаве ўявіла сябе паліткамісарам пры Алесі, якую трэба паставіць на сталёвыя рэйкі камуністычнай свядомасці, уратаваць ад пагрозы мяшчанскай адасобленасці, выхаваць у яе дух калектывізму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму. Пачалося гэта з амаль незаўважнай падзеі.
I Аўдоцця Якаўлеўна і Канстанцін Вячаслававіч не тое што спавядалі прынцып замкнутасці ў сямейным ачагу, але жылі — выключаючы ташкенцкі перыяд — даволі адасоблена. Доступ да іх быў адкрыты людзям іх кола і зусім не па прафесійным прынцыпе, а па духоўнай еднасці і магчымасці давяраць. Вымагалася гэта не толькі элітарнымі, але і чыста практычнымі меркаваннямі: Канстанцін Вячаслававіч не любіў ды і не ўмеў хаваць свае думкі, а яны ў яго не заўсёды супадалі з афіцыйнымі, што з яго папоўскім паходжаннем было вельмі небяспечна. Таму зрэдчасу ў Цярпілоўскіх бывалі хіба прафесар філалогіі Данат Адрыянавіч Сямівокаў з жонкаю, урачом-афтальмолагам, прафесар Даляру, напалову англічанін, напалову беларус і таксама хірург, але спецыяліст па поласцевай хірургіі. Часам бывала ў іх і Рэгіна Майсееўна Зускінд, а з пазалеташняга года частай госцяй стала і Антаніна Васільеўна, якая не цуралася вострых тэм. Але Валянціна Пятровіча Далейку Цярпілоўскія пабойваліся — што ні кажы, а ён чалавек афіцыйны, чыноўны і, напэўна ж, правераны і заслужана давераны. Кола гэта не пашыралася. Пэўна, таму, калі аднаго разу Алеся спыталася ў бацькі, ці можна ёй прывесці ў дом універсітэцкую сяброўку, Канстанцін Вячаслававіч, выслухаўшы кароткі жыццяпіс Паліны Дзямешка, палепшаны ў пераказе Алесі, катэгарычна заявіў: «Не нажадана...»
Але якраз у зімовую сесію з Ташкента Цярпілоускім было даслана запрашэнне на нейкую ўзбекскую ўрачыстасць, Алеся засталася на ўсю вялікую кватэру адна, пасля першай жа ночы адчула адзіноту і страх, а таму назаўтра запрасіла Паліну пажыць у яе два тыдні.
Паліну не тое што здзівіла або ўразіла — яе ашаламіла раскоша кватэры Цярпілоўскіх і ўвесь незразумелы ёй побыт, які адчуваўся і кожнай рэчы.
Што праўда, кватэра Цярпілоўскіх і сапраўды была абсталявана багатай, перламутрам інкруставанай мэбляй, якая дасталася Цярпілоўскім выпадкова і па вельмі сходнай цане.
На апошніх месяцах працы ў міністэрстве Канстанціну Вячаслававічу давялося пабываць у глухім палескім раёне Заходняй Беларусі, дзе да яго ў гасцініцу заявіўся вясковы дзядзька з прапановай купіць мэблю, якую сын прывёз яму з Германіі. Канстанцін Вячаслававіч любіў прыгожа апранацца, акружаць сябе прыгожымі рэчамі, пра мэблю, якую ён пабачыў, можна было толькі марыць. Таму ён не стаў таргавацца, заплаціў цану, якую запрасіў гаспадар.
За дваццаць тры гады жыцця Паліна Дзямешка паспытала ўсяго: голаду, галечы, цяжкіх непаўторных страт, але і шчаслівых дзён, ціхай радасці ад новай сукенкі, басаножак, зімовага палітончыка з лісіным каўняром, проста ад таго, што жыве на свеце, што ў ёй бруіць нерастрачаная маладосць, што перажыла вайну, што паступіла ва універсітэт, пра які марыла ўсё жыццё.
3 цяжкога дзяцінства і юнацтва Паліне чамусьці прыгадвалася толькі добрае, светлае, радаснае, быццам яно складалася з прыгожых малюнкаў, з вясёлкавага набору фарбаў. Успаміналася якраз таму, што дабра было вельмі мала, усяго адна жменька.
Яе бацька, Ягор Дзямешка, нават па местачковых памяркоўных мерках належаў да тых нехлямяжых, зачуханых мужыкоў, якім вечна не шанцуе, а таму імі ўсе папіхаюць, у тым ліку і ўласная жонка. Маці, Улляна, наадварот, славілася рашучасцю, даволі прывабнай знешнасцю і местачковай смеласцю да абгавораў і плётак. 3 незапомных для Паліны часоў маці ўлегла ў грамадскую дзейнаець, вечна недзе прападала, і ў іхняй хаце стаяў заўсёдны шурум-бурум, да якога ўсе прывыклі, быццам так і трэба жыць,— з непрыбраным сталом, з незасланымі ложкамі, з нямытым начыннем, з няпаленай печчу, з мінімальнай колькасцю рэчаў. Калі чаго не хапала, беглі да суседзяў, пазычалі. Яшчэ была рэгулярная бяскорміца, якая, бывала, заканчвалася самым нечаканым чынам: аднекуль прыязджала маці, прывозіла гасцінцы і дні тры запар усе заўзята балявалі.
Але Паліне запомніліся не тыя рэдкія баляванні, а матчыны апавяданні пра вялікія гарады, светлыя карпусы заводаў, багатае і бесклапотнае жыццё ў саўгасах і камунах, пра аўдыторыі інстытутаў і тэхнікумаў, дзе вучацца дзеці працоўных,— адным словам, пра светлую будучыню той жа Паліны, якой выпала шчасце пажыць пры камунізме. Паліна зайздросціла маці, якая на свае вочы бачыла той камунізм, тых шчаслівых людзей, што ўжо ў ім жывуць, Крэмль, у якім працуе найвыдатнейшы геній чалавецтва, што дзень і ноч дбае аб лёсе працоўнага чалавека, самога Сталіна, пра якога маці гаварыла са слязамі шчаснасці на вачах.
Маці прывучыла дзяцей пагардліва ставіцца да прыватнай уласнасці, абыходзіцца самым неабходным у жыцці, бачыць у заможных людзях калі не лютых ворагаў, дык шкодных абывацеляў, цвердалобых мяшчан, для якіх сэнс жыцця заключаецца не ў прыгожай ідэі, а ў тым, каб добра паесці, мякка паспаць і грэбсці пад сябе багацце.