— Ну, па-першае, раздзяляць інтэлігенцыю на творчую, тэхнічную, навуковую я лічу неправамерным. Але дапусцім такі падзел для звычайнай зручнасці, каб выдзяляць прафесійны статус адукаваных людзей. Дык вось, творчая інтэлігенцыя найбольш і натварыла глупстваў, аб’яўляючы сябе і слугой народа, і яго вучнем і, што зусім неверагодна, яшчэ і настаўнікам адначасова. Ці не таму наша творчая інтэлігенцыя ў парыве сваёй самаахвярнасці з даўніх часоў аж млела перад несусветным хамствам і звычайнай простанароднай грубасцю, шукала і знаходзіла ў бескультурнасці нейкае адметнае высакародства, спрадвечнасць і першаснасць адмысловых ідэалаў, пра якія яна мела дужа цьмяныя ўяўленні. Адсюль і пайшло падладжванне пад прымітыўнага прасталюдзіна з зарослай шчэццю мордай...
Алеся слухала Юрку з пачуццём, падобным на страх. У іхнім доме пра такія рэчы не гаварылі, а калі бацька часам і пачынаў абурацца якімі парадкамі, дык маці тут жа казала яму: «Сціхні...»
— А ты хіба не адчуваеш сябе інтэлігентам? — спыталася Алеся, спадзеючыся, што Юрка не здольны адрачыся ад чатырох пакаленняў сваіх інтэлігентных продкаў, як па бацькавай, так і па матчынай лініі.
— Уяві, не адчуваю, хоць і ведаю, што мае продкі належалі, як ты кажаш, да інтэлігенцыі. Больш, я ведаю, што мае продкі — бацькі, дзяды, прадзеды і нават прапрадзеды — былі сумленнымі і на свой час высокаадукаванымі людзьмі. Ну, а каб такімі не з'яўляліся, дык што я — павінен гараваць, кідацца ў роспач ці нават страляцца? Я не задумваюся над непатрэбным, а па сутнасці, абсурдным пытаннем: да якога класа, нацыі, саслоўя належалі мае бацькі, дзяды, прадзеды, нарэшце сам я. У мяне ёсць над чым думаць. Класавыя, нацыянальныя, саслоўныя адзнакі патрэбны палітыкам, каб сварыць людзей, бо тады ім прасцей лавіць рыбу ў мутнай вадзе непарадку і свараў. Інтэлігенцыю і прыдумалі для той жа мэты. У рзвалюцыю ды і пасля яе ці мала загінула наіўных дзівакоў, што прагнулі дапамагчы народу зразумець сябе. Кажучы тваёй мовай, растварыцца ў ім. А той народ, перажаваўшы іх, выплюнуў і нават не задумаўся, каго выплюнуў. Яму без адукаваных ды разумных жыць прасцей. Без іх яму ніхто душу не растраўляе, не паказвае пальцам на ягонае бескультур'е і хамства. Іак было. Ды і цяпер, на мой погляд, над творчымі і разумнымі людзьмі занесена вострая сякера. Думаеш, Зошчанка з Ахматавай нешта шкоднае пісалі, такое, што пагражала сацыялістычнаму ладу? Глупства! У вайну людзі зразумелі, што яны — сіла. Вось і спатрэбілася паказаць, што на людскую сілу ёсць управа. Запалохаць пісьменнікаў заўсёды было прасцей простага. А ўжо яны ў парыве вернай службы запалохаюць астатніх. Таму і знайшлі казлоў адпушчэння.
Юркавыя развагі здаліся Алесі вельмі жорсткімі і нетактоўнымі, але ягоныя словы пра Зошчанку і Ахматаву нечаканымі і праўдзівымі, якія хоць неяк тлумачылі сутнасць такой грознай пастановы цэка.
— Дык што рабіць? — разгублена спыталася Алеся.
— Што рабіць? — перапытаў Юрка. Доўга маўчаў, як бы шукаючы адказ на зусім няпростае пытанне.— Не ведаю. Мы пагружаемся ў цемру. Трэба, мабыць, баязліва маўчаць і... смела думаць. Яшчэ адна асаблівасць адукаваных і разумных людзей.
На кухню, масіруючы лоб, зайшла Аўдоцця Якаўлеўна.
— Дзеці мае, ці не дазволіце і мне далучыцца да вашай гаворкі?
— Калі ласка, калі ласка,— азваўся Юрка.— Але мне ўжо час дамоў вяртацца. Шчыра дзякую за чай.
Ён развітаўся і пайшоў. Алеся прыбрала начынне, пайшла ў свой пакой. Следам туды ж зайшла і маці.
— Табе падабаецца Юрый? — спыталася яна.
— 3 ім цікава гаварыць,— адказала Алеся.
— Ён мог бы быць неблагой для цябе парай,— сказала маці.
Алеся пачырванела.
Цяпер яны часта бывалі на спектаклях опернага тэатра, куды іх па просьбе Валянціна Пятровіча пускалі без білетаў. Найчасцей яны сядзелі ў дырэктарскай ложы або на прыстаўных крэслах у партэры. Хадзілі яны і ў Купалаўскі тэатр, па-сямейнаму ўтульны, з выдатным акцёрскім калектывам. А пасля спектакля абавязкова з'яўляліся ў прасторную кватэру Цярпілоўскіх, пілі чай, дзяліліся з Аўдоццяй Якаўлеўнай уражаннямі ад пачутага і пабачанага.
Юрку падабалася бываць у Цярпілоўскіх, дзе ўладарыла атмасфера суладнасці, далікатнасці, хатняй утульнасці і непераймальнай грунтоўнасці ўсяго ўкладу жыцця. Калі да іхняй маленькай з трох асоб кампаніі далучаўся Канстанцін Вячаслававіч, вечары праходзілі асабліва хораша: Алеся іграла на піяніна, Канстаяцін Вячаслававіч спяваў старасвецкія рамансы, Аўдоцця Якаўлеўна пад настрой дэкламавала вершы Багдановіча, Купалы, Коласа, Труса, Куляшова, Панчанкі. Юрку заставалася захапляцца — ягоныя матэматычныя задачы і формулы тут нікога не цікавілі, але ягоныя расказы пра Сусвет слухаліся з нязменнай увагай.
Юркава сям'я жыла раскідзіста. як бы ў вечнай камандзіроўцы, але без таго падпарадкавання пэўным правілам, што былі характэрны для сям'і Цяршлоўскіх. У доме Далейкаў вечна панавала няўдзячная вольнасць.
Юрку таму і падабалася бываць у Цярпілоўскіх, што там быў парадак і матэматычная дакладнасць ва ўсім побыце. Алесі, наадварот, падабалася бываць у Далейкаў, дзе не існавала ніякай абмежаванасці.
Так у клопатах пра вучобу і ў прыемных паходах у тэатры праляцеў першы год студэнцкага жыцця Алесі. I хоць год быў галодны, Цярпілоўскія голаду не адчувалі. Бацька часта бываў у Заходняй Беларусі, прывозіў адтуль прадукты, ды і ў саўмінаўскім размеркавальніку можна было атаварыць літэр «А», які атрымліваў галоўны хірург міністэрства Канстанцін Вячаслававіч Цярпілоўскі.
Канец сорак восьмага прынёс у сям’ю Цярпілоўскіх хоць і невялікую, але прыкрасць: Канстанціну Вячаслававічу раптам аб’явілі, што ён далей займаць пасаду галоўнага хірурга міністэрства аховы здароўя не можа, бо пасаду гэтую палічылі наменклатурнай, а значыць, на ёй мог працаваць толькі член партыі. Але Канстанціна Вячаслававіча не пакрыўдзілі: далі кафедру ў медыцынскім інстытуце, хірургічнае аддзяленне ў першай клінічнай бальніцы і кансультацыі ва ўрадавай бальніцы, так званай лечкамісіі. I ўсё ж асадак ад звальнення з пасады галоўнага хірурга міністэрства застаўся на ўсе гады.
8
Вучыцца на гістарычным факультэце сапраўды аказалася справай даступнай і з яго шасцікласнай адукацыяй. Ды і студэнты з дэмабілізаваных не выяўлялі вялікіх ведаў, хоць і любілі павыстаўляцца, паказаць сваю дасведчанасць у гістарычнай навуцы. Але з першых дзён вучобы аб’явіліся дзве акалічнасці, якія здорава заміналі вучобе.
Карп быў адзіны на ўвесь універсітэт Герой Савецкага Саюза, і, натуральна, яго заўважылі, выбралі спачатку старастам іхняй групы, а потым і членам факультэцкага камсамольскага бюро. А на наступны год і членам партыйнага камітэта універсітэта. Спачатку Карп хваляваўся, баяўся, што раптам адкрыюцца ягоныя недакладнасці ў біяграфіі: бацькава здрадніцтва, пра якое ён так і не прызнаўся, і ягоная шасцікласная адукацыя, а, значыць, і незаконнае паступленне ва ўніверсітэт. Ды, мабыць, Зорка Героя Савецкага Саюза засцерагала яго ад лішне цікаўных вачэй. Ва ўсякім разе, грамадскім нагрузкам Карп не ўзрадаваўся: трэба было настойліва сядзець над падручнікамі, а даводзілася марнаваць час на паседжаннях. Праўда, ён ухітраўся і на паседжаннях зубрыць храналагічныя табліцы, чытаць па праграме ленінскія творы. Члены парткома заўважалі гэта, але ставіліся да чытання на паседжаннях з ухвалою: во, маўляў, бярыце прыклад з Карпа Хіжняка, той кожную хвілінку выкарыстоўвае для вучобы.
Другой прыкрай акалічнасцю была нямецкая мова. Прыдзірлівая старая выкладчыца сказала яму:
— Геноссе Хіжняк, я не буду выклікаць вас першае паўгоддае, але, калі вы за гэты час не навучыцеся чытаць і перакладаць, я не змагу вам паставіць здавальняючую адзнаку, нягледзячы на ўсю павагу да вашых заслуг на вайне.
Карп разгубіўся. Авалодаць ненавіснай нямецкай мовай, на якой ён ведаў дзесяткі два непрыгодных для ўжытку ў мірны час слоў, здавалася, немагчыма, і ён падумваў ужо, што, бадай, на гэтым ягоная вучоба і закончыцца. Ды яму шанцавала не толькі на вайне.
Выпадкова Карп пазнаёміўся з настаўніцай нямецкай мовы Вікторыяй Рыпінскай. Яна падмелася вучыць яго нямецкай мове, якую выкладала ў школе па Лагойскім тракце.
Тройчы на тыдзень Карп ішоў з інтэрната па Нямізе на Міжтрактовую вуліцу, што ляжала паміж Лагойскім трактам і вуліцай Пушкіна. Хата Рыпінскіх стаяла якраз на задворках політэхнічнага інстытута ў старым садзе. На вуліцу весела пазіралі два вакны, аздобленыя дэкаратыўнымі ліштвамі, з высокімі надваконнікамі і двухстворкавымі аканіцамі, пафарбаванымі ў сіні і белы колер. У невысокай штыкетнай агароджы мелася фортка, ад якой да ганка ляжала вымашчаная чырвонай цэглай сцежка.
Хата, з панадворку не дужа паглядная, унутры была прасторнай і надзвычай утульнай. Так, прынамсі, здалося Карпу. Ды і абсталявана яна была па-гарадскому: з паліраванай мэбляй, з мяккімі канапамі і крэсламі, з кніжнай шафай і карасінавай лямпай пад столлю, гафрыраваны абажур якой адкідваў мяккае святло. У пакоі Вікторыі стаяў нікеляваны ложак, засланы ружовай капай, з гарой пульхных падушак, а пры ім стаяў туалетны столік з авальным люстэркам і мноствам на ім розных прыгожых рэчаў, прызначэння якіх Карп у большасці не ведаў.
Калі ён упершыню паявіўся на Міжтрактовай шэсць, яму аж не паверылася, што сярод руін і ўсеагульнай беднасці можа існаваць такая раскоша. Ужо тады ў галаве прамільгнула нясмелая думка: пажыць бы тут гадкоў дваццаць...
Вікторыя Казіміраўна аказалася добрай настаўніцай. За якія тры месяцы навучыла Карпа чытаць, пісаць, перакладаць на рускую мову і наадварот нескладаныя тэксты, нават адказваць на элементарныя пытанні. Поспех акрыліў яго. Здалося, цяпер яму ўсё па сіле, усё дасяжна. Спачатку нясмела, а потым і рашуча ў яго выспеў намер ажаніцца з Вікторыяй, да якой ён адчуваў жадную закаханасць.
Карп ніколі не быў распуснікам, але апошнім часам яго ўсё часцей па начах непакоілі бачанні дужа пэўнага накірунку: маладосць і чалавечая існасць паўставалі супраць Карпавай стрыманасці. Бывала, што ён аж знемагаў ад страсці.
Усё складвалася нібы найлепшым чынам: Вікторыя яму падабалася, бацькі яе да яго ставіліся з належнай пашанай, ды і ўсё астатняе сведчыла, што лепшай жонкі яму не знайсці.
Год каціўся да свайго завяршэння. Спачатку Вікторыя, а потым і яе маці запрасілі Карпа адзначыць разам Новы год. Па тым, як запрашалі, Карп зразумеў, што бацькі бачаць у яго асобе свайго зяця. Ды і ўсё кацілася да шчаслівага канца з вясельнай чаркай і пераездам на Міжтрактовую вуліцу.
Купіўшы ў рэстаране бутэльку шампанскага, Карп Хіжняк адправіўся да Вікторыі. Там ужо сядзелі госці: дзве настаўніцы са школы, дзе працавала Вікторыя, нейкі мастак-афарміцель з жонкай, таўсматы капітан з пагонамі медыцынскай службы, дзве маладыя пары. Апошнім прыйшоў следчы з дзяржбяспекі, нейкая дзесятая вада на кісялі Вікторынай маці. Ці то дваюрадны пляменнік, ці то муж дваюраднай пляменніцы. За стол селі задоўга да Новага года. Усе чамусьці адчувалі сябе скавана. Хіба следчы ды ваенны медык былі выключэннем.
Карп сядзеў побач з Вікторыяй. За сталом было цесна, і Вікторыя прыціскалася да яго аголеным плячом. Часам іх ногі краналіся і тут жа адштурхоўваліся, нібы апальваліся. Тады Вікторыя чырванела і прасіла прабачэння, нібы зрабіла бог ведае які благі ўчынак. Карпу гэта падабалася. Яму і самому хацелася быць асабліва ветлівым, далікатным, каб, крый божа, бацькі не падумалі пра яго што-небудзь дрэннае.
Апоўначы па старым гадзінніку, што вісеў тут жа ў зале, следчы сказаў тост за Сталіна, за савецкую радзіму, за камуністычную партыю. Выпілі стоячы і нават паапладзіравалі.
— А цяпер я павінен ісці,— сказаў следчы.
Карп здзіўлена паглядзеў на Вікторыю, тая шапнула на вуха, што яны там дапытваюць і ноччу. Карп пра гэта не падумаў, а тое, што следчы пайшоў на працу добра п'яны, аж скаланула яго.
Застоліца адразу пажвавела, а неўзабаве і зусім развесялілася. Гаспадар паставіў на стол патэфон з горкай пласцінак. Танга, факстроты, блюзы, вальсы змянялі адзін аднаго. Кавалераў было малавата, але ваенны медык паспяваў танцаваць з усімі, і ўсім было весела. Вікторыя праз увесь час танцавала толькі з Карпам, і ніхто не пасягаў на яго. Потым і неяк адразу хата апусцела. Карп памкнуўся пайсці з усімі. але гаспадыня яго ўтрымала:
— Куды вы? У горадзе неспакойна. Мы хвалявацца будзем...
Карп адразу пагадзіўся. Яму паслалі ў пакоі Вікторыі, на тым нікеляваным ложку, на якім ён марыў паляжаць.
Пасцельная бялізна пахла мылам і крухмальна хрусцела, пуховая пярына пад прасціной была мяккай, Карп як лёг, так і праваліўся ў дрымучы сон. Прачнуўся ён ад таго, што нехта кратае яго за нос. Страсянуўшы надакучлівыя пальцы, Карп прачнуўся. У акно свяціў месяц, троху ўжо шчарбаты, але вельмі яркі, а ля ложка стаяла Вікторыя ў белай кашулі.
— Зусім замерзла,— смеючыся, сказала яна.
Карп хуценька адсунуўся да сцяны. Вікторыя легла побач. Яе нага каўзанулася па ягонай. Карпа як апякло агнём. Ён рэзка павярнуўся на бок, паддзеў руку пад Вікторыну шыю, задыхана сказаў:
— Я хацеў зрабіць табе прапанову на шлюб...
Выйшла зусім ужо дурнавата: навошта тая прапанова, калі Вікторыя ляжыць з ім у ложку?..
— А ты мяне кахаеш? — Вікторыя казытнула губамі ягонае вуха.
— Яшчэ як,— сказаў ён і няўмела стаў развязваць завязкі на армейскіх яшчэ кальсонах.
Першае, што прыгадалася Карпу, калі ён раніцай прачнуўся, ягоная начная дурная гаворка. Было аж сорамна: паказаў сябе цнатлівым губашлёпам. Але і радасна: усё абышлося без сватання.
Калі ён выйшаў у прыхожую-кухню, маці павіталася з ім, гукнула дачку:
— Віка, Карп Раманавіч прачнуўся. Памажы памыцца...
Трымаючы на плячы вышываны ручнік, Вікторыя палівала яму на рукі халодную, з крышталікамі лёду ваду. Праз зашклёную веранду быў відаць заснежаны двор. Снег іскрыўся пад нізкім сонцам, аж на яго балюча было глядзець.
«Мабыць, улетку тут прыгожа і ціха»,— падумалася Карпу.