К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 5
28%
Страница 5
5

6

Сярод студэнтаў пераважалі франтавікі. Алеся пазірала на іх з павагай і захапленнем. Яны паводзілі сябе раскавана, маглі ўступіць у спрэчку з выкладчыкамі, мелі свае, часам дзіўныя для Алесі, погляды, якіх трымаліся з фанатычнай перакананасцю, хваліліся сваёй вернасцю дружбе і таварыскасці, ужывалі такія рызыкоўныя выразы, якія ў сям'і Цярпілоўскіх лічыліся варварызмамі і вульгарызмамі. Але Алеся гатова была дараваць ім ўсё аж да непрыстойнай лаянкі. Яны былі тым народам, у якім Алеся і марыла растварыцца, служыць яму пасля заканчэння ўніверсітэта.

Дзяўчат на курсе вучылася шасцёра: тры пары, на якія яны падзяліліся ўжо на другім месяцы заняткаў. Алеся апынулася ў пары з Палінай Дзямешка, якая была старэйшая за яе, пабывала ў партызанах і наогул мелы шырокія веды па ўсіх жыццёвых варунках. У вайну Паліна Дзямешка згубіла бацькоў, двух братоў, сястру і мужа, пра якога яна гаварыла скупа і невыразна, але захавала веру ў непераможнасць жыцця і сваё прызначэнне ў ім.

У той год разгарнуліся падзеі, якія адыгралі ракавую ролю ў далейшым жыцці грамадства: пастановай цэка былі закрыты часопісы «Звязда» і «Ленінград», а літаратуры дадзены накірунак, ад якога яна не магла адступіць ні на крок.

Спачатку з нагоды пастановы быў праведзены агульны ўніверсітэтскі мітынг, потым факультэтскі сход і нарэшце на курсе — семінар. Алеся ніяк не магла зразумець, чаму нейкай пастанове цэка ўдзяляецца такая ўвага. Зрэшты, ёй здавалася, што і ніхто толкам не ведае, з-за чаго ўзняты такі шум. Затое яе нямала падзівіла, што студэнты, якія зроду не чыталі вершаў Ахматавай, а Зошчанку калі і ведалі, дык хіба па апавяданнях, якія да вайны па радыё чытаў артыст Хенкін, са злоснай рашучасцю асуджалі іх творы за безыдэйнасць і ачарненне рэчаіснасці. Не была выключэннем і Паліна Дзямешка.

Яна, што праўда, вельмі блытана паспрабавала растлумачыць Алесі школнасць такіх твораў, якія не адпавядаюць народным памкненням, выклікаюць у народа пачуццё асуджанасці і нявер'я ў свае творчыя сілы.

— Народу, які не завагаўся ў Айчынную вайну, — гаварыла Паліна Дзямешка, — не патрэбна літаратура, што выхоўвае ў ім пачуцці песімізму і змрочнасці. Яму хочацца чытаць літаратуру бадзёрую, жыццярадасную, рамантычную, такую, што кліча на подзвігі, а не ў замагільны свет.

— Але адкуль ты ведаеш, што хоча чытаць народ? — не пагадзілася з ёю Алеся.

Паліна паглядзела на яе з дакорам.

— А таму,— сказала яна, — што пакуль вы адседжваліся ў Ташкенце, мы тут паспыталі гора і нястач. Не крыўдуй, але факт застаецца фактам. Партыйная пастанова патрэбна была людзям, як чыстае паветра. Дарачы, Ахматава, да твайго ведама, жонка зацятага контррэвалюцыянера, расстралянага чэка, і таксама паэта Гумілёва.

Алеся не толькі чытала вершы Ахматавай, яна веў, што тая сапраўды была жонкай Гумілёва. Больш, аднаго разу Алеся пабывала ў Ахматавай у гасцях.

У сорак трэцім годзе Вера Ільінічна Дабужынская прананавала Алесі наведаць, як яна сказала, найвыдатнейшую рускую паэтэсу Ганну Ахматаву. Алеся тады лічыла, што ў рускай паэзіі існуюць дзве найвыдатнейшыя паэтэсы: Зінаіда Гіпіус, якая жыве недзе ў Парыжы і таму недаступна савецкаму чытачу, і Вольга Бергольц, якая піша вершы ў блакадным Ленінградзе. Таму і вырашыла, што Вера Ільінічна лішне перабольшвае, называючы нейкую Ганну Ахматаву найвыдатнейшай рускай паэтэсай. У яе ўсе пецярбуржцы былі найвыдатнейшымі людзьмі.

Паэтэса аказалася важнай паняй. Яна прымала іх, лежачы на паўмяккай канапе з кнігай у руках. Алесю гэта крыху збянтэжыла, яна адчула скаванасць і ўжо раскайвалася, што пагадзілася суправаджаць Веру Ільінічну, але праз чвэрць гадзіны няёмкасць саступіла месца прыхільнасці, абажанню і нават пакланенню, асабліва калі Ганна Андрэеўна стала чытаць вершы. Алесі здавалася, што яны напісаны спецыяльна для яе, Алесі.

«Сердце к сердцу не приковано, если хочешь — уходи. Много счастья уготовано тем, кто волен на пути».

Ганна Андрэеўна раптам запнулася, і тады Вера Ільінічна дрыготкім голасам прадоўжыла:

«Я не плачу, я не жалуюсь, мне счастливой не бывать. Не целуй меня, усталую,— смерть придет поцеловать».

Вершы і сапраўды выклікалі ў Алесі ціхі смутак і замілаванасць, аж на вочы набягалі слёзы. Але яны былі цёплыя, радасныя, як вясновы дождж.

Алесі хацелася прачытаць гэтыя вершы Паліне, але тады непазбежна ўзнікла б пытанне, адкуль Алеся іх ведае. Давялося б прызнацца, што вершы Ахматавай Алесі прынесла Ала Міхайлаўна. Усё гэта таіла ў сабе небяспеку.

Тады ж Алеся даведалася, што паэт Гумілёў быў мужам Ахматавай. Вера Ільінічна сказала пра гэта пад вялікім сакрэтам. I зноў жа Алеся не магла выдаць нават сяброўцы гэтую тайну.

Размова з Палінай Дзямешка парадзіла ў душы Алесі душэўную раздвоенасць. 3 аднаго боку яе абурала нечуванае невуцтва большасці былых франтавікоў, якія апантана асуджалі на ганенне сапраўдныя таленты, паводзілі сябе надзвычай агрэсіўна, з другога боку, спавядаючы ідэю ахвярнасці і растварэння ў народзе, Алеся любавалася апантанасцю невукаў з народа. Яна з нейкай мазахісцкай захопленасцю аж зайздросціла сляпой нецярпімасці іх да самага нязначнага адступлення ад партыйнай дырэктывы. Будучыя філолагі ўпарта адшуквалі адступленні ад пастановы і ў беларускай літаратуры і знаходзілі іх. Усё часцей яны называлі Максіма Багдановіча носьбітам варожых пралетарскай ідэалогіі поглядаў і ідэй, абвінавачвалі яго ў чорным песімізме.

Алеся адчувала хісткасць сваёй пазіцыі, але трымалася яе з дзіўнай упартасцю. Можа, таму, што Паліна Дзямешка ўсім сваім аскетычным спосабам жыцця, сваёй верай у неабходнасць сляпой ахвярнасці ў імя народа выхоўвала і Алесю ў тым жа духу.

Звычайна па заблытаных пытаннях Алеся заўсёды раілася з бацькам. Ён быў для яе аўтарытэт бясспрэчны. Але той цяпер дні і ночы прападаў на працы або ў камандзіроўках, і Алесі не хацелася турбаваць яго.

Аднаго разу, калі Алеся з Палінай ішлі праз універсітэцкі скверык, яе нехта паклікаў. Алеся павярнулася і пабачыла Юрку Далейку, які спяшаўся на лекцыі.

— Ты што ж гэта, студэнтка,— звярнуўся ён да Алесі,— і знацца не хочаш. Хоць бы калі зайшла.

Алеся засаромелася. Неяк, яшчэ ў першыя дні вучобы, Алеся ўбачыла на калідоры Юрку Далейку, кінулася была насустрач яму, ды ў гэты час да яго падышоў прарэктар па навуковай частцы, узяў Юрку пад руку і назваў яго па імені і бацьку — Алеся раптам адчула тую прорву, што аддзяляе яе ад траюраднага брата.

— Знаёмцеся,— называючы яго на «вы», сказала Алеся і яшчэ больш збянтэжылася ад дапушчанай крывадушнасці.

Юрка, аднак, зразумеў Алесю, ён назваўся па імені і паціснуў Палініну руку, а Алесі сказаў:

— У мяне, Алеся, на нядзелю два білеты ў оперу. Можа, сходзім?

— Не ведаю,— ухілілася яна ад агоды.

— Тады сходзім. Я па цябе зайду.

Яны развіталіся. Паліна спыталася:

— Таксама студэнт?

— Ды не, выкладчык,— адказала Алеся.— Кандыдат навук. Матэматык.

— Файны хлопец,— вызначыла Юркаву вартасць Паліна. — Даўно ты з ім круціш?..

Алеся ад такога пытання разгубілася.

— Дык ён жа мой брат,— сказала яна.

— Слухай, Алеся, звядзі мяне з ім,— папрасіла Паліна.

Алеся не паабяцала.

7

У нядзелю ішла опера «Алеся» з Александроўскай у галоўнай ролі. Народу сабралася не шмат, хоць у партэры і ў ложах бенуара вольных месц не было. Ва ўрадавай ложы сядзеў Панамарэнка са світаю, што надавала спектаклю значнасць, а артыстам, асабліва Александроўскай, натхненне і стараннасці. На Алесю опера не зрабіла вялікага ўражання, але гата было яе нершае наведванне тэатра, і яно запомнілася ёй на ўсё жыццё.

Трываў пачатак нясмелай вясны. Ноччу мароз скоўваў падталіны з лужынамі; з усходу дзьмуў калючы вецер; днём жа высокае ўжо сонца заганяла холад у руіны дамоў. Апранутыя па ваенным часе не дужа цёпла, Алеся з Юркам, пабраўшыся за рукі, як малыя дзеці, прыспешвалі крок, коўзаліся па свежым лёдзе. Абаім было весела і хораша.

Юрка сам напрасіўся на чай. Алеся чамусьці ўзрадавалася.

Бацькі, як і заўсёды, дома не было. Маці засяроджана сядзела над дысертацыяй. Яна толькі павіталася з Юркам, спыталася пра маці і бацьку і зноў занурылася ў працу. Алеся павяла Юрку на кухню, хоць у яе ўжо меўся свой пакой, бо абодва саўмінаўцы выбраліся яшчэ ў студзені і цяпер уся кватэра належала Цярпілоўскім.

Пілі чай з амерыканскімі галетамі і мёдам, які з ЗаходняЙ Беларусі прывёз бацька. Гаварылі пра оперу, пра Александроўскую. Алеся нагадала, што яна вучылася ў славутай Рэгіны Майсееўны Зускінд. Юрка пажартаваў:

— Хто такі Еўклід — ведаю. Хто такія Гаус, Ферма, Эйлер, Лабачэўскі — таксама ведаю. Хто такая Зускінд,— Юрка сцепануў плечуком, развёў рукі,— не ведаю.

— Дарэмна не ведаеш,— парыравала Алеся,— і няма чаго хваліцца невуцтвам.

Гаворка адразу набыла лёгкі, але не легкаважкі, накірунак. Алеся паскардзілася, што яе ашаламляе тая пагрозліаая агрэсіўнасць і нецярпімасць, што існуе ў асяродку студэнцтва ў дачыненні да творчай інтэлігенцыі. Юрка слухаў нахмурана, маўчаў. Алеся паспрабавала распавесці пра свае думкі наконт служэння народу. Цяпер Юрка нечага пачаў усміхацца. Алеся аж начала блытацца і нарэшце замоўкла, маркотна падумаўшы, што яна не ўмее выказваць свае погляды.

— Дык жа ніякіх навацый або адкрыццяў у тваіх вышуках няма,— сказаў Юрка, калі Алеся канчаткова выгаварылася і замоўкла.— Наша інтэлігенцыя спрадвеку хварэла на рабскую прыніжанасць і ўласную нявартасць перад створаным ёю ж самой ідалам, які яна назвала народам. Дай рады, а што такое народ? Што змяшчае ў сабе гэтае дужа неканкрэтнае паняцце? Каго нарэшце лічыць народам? Вытворцаў грамадскага багацця? Але ж і сярод іх не ўсе роўныя і ці ўсіх можна называць народам. Ёсць сумленныя працаўнікі, але ёсць жа і гультаі, злодзеі, разумоваадсталыя. Як быць з імі? Яны народ ці не народ? I ці варта ў такім народзе растварацца? А што рабіць з тэхнічнай інтэлігенцыяй, без якой рабочы клас не зможа наладзіць вытворчасць? I чаму гэтая інтэлігенцыя павінна растварацца ў пралетарскім асяродку? А творчая інтэлігенцыя? Яна народ ці не народ? А шматлікае чыноўніцтва? Яно ж якраз і лічыць сябе найбольш дастойнай часткай народа. Нарэшце, куды падзяваць хранічных п’янчуг, злодзеяў, смярдзючых хамаў і проста некультурных людзей? Яны што — не народ? Чаму ж тады творчая, навуковая інтэлігенцыя павінна вучыцца розуму ў безаблічнага народа? I чаму мусіць вучыцца? Не гавары глупства наконт нейкага растварэння ў народзе. Растварэнне ў чым бы ні было — усяго знікненне, збаўленне ад самога сябе. Дзіўлюся, ад каго ты набралася такіх недарэчных думак?

— Я, магчыма, не здолела выказаць тое, што адчуваю. Вось бы мая сяброўка Паліна Дзямешка цябе пераканала б.

— Хто, хто?

— Дзямешка. Я цябе з ёю на гэтым тыдні знаёміла.

— Мымра гэтая? I хто яна?

— Ваявала ў партызанах. Смелая і прынцыповая дзяўчына.

— Яна чымсьці нагадала мне майго батальённага камандзіра. Вельмі арыгінальны тып. Таксама з прынцыповых. Але, калі я прапанаваў яму ўладзіцца ва універсітэт без дакументаў і экзаменаў — усе прынцыпы былі здадзены ў архіў на вечнае захаванне.

— Уладжваў, а цяпер асуджаеш,— упікнула Юрку Алеся.

— Не, не асуджаю — канстатую. Уся гэтая прынцыповасць — прытворства. А сутнасць у тым, што вось такія выхадцы з народа прытрымліваюцца правіла: свая кашуля бліжэй да цела. Яшчэ адзін аргумент супраць твайго растварэння ў народзе.

— Я, можа, няправільна выказалася. Не растварэнне, а самаахвярнасць дзеля шчасця народа,— паправілася Алеся.

— I зноў глупства,— зазначыў Юрка.— Каму канкрэтна патрэбна твая самаахвярнасць? Ды нікому!

— I на вайне?

— Вайна — паталогія, вар’яцтва, у якое кінута грамадства. Там і законы іншыя, вар’яцкія,— адказаў Юрка.

— Паслухаўшы цябе, дык можна падумаць, што і паняцця такога «народ» няма.

Юрка, як найчасцей бывала, калі яму задавалі такія дзіцячыя пытанні, толькі заўсміхаўся.

— Паняцце народ,— падкрэслена павучальна, што гучала троху насмешліва, сказаў ён,— чыста этнаграфічнае. У прывычным жыцці ёсць людзі: добрыя і злыя, сумленныя і несумленныя, разумныя і дурныя, смелыя і баязлівыя, працавітыя і гультаі, спагадлівыя і чэрствыя, шчырыя і хітрыя, нарэшце здаровыя і хворыя, багатыя і бедныя, культурныя і хамаватыя. Народ жа, у якім ты хочаш растварыцца, якому збіраешся ахвяраваць сваім жыццём,— ідал, маліцца якому і прыносіць чалавечыя ахвяры смешна і грэшна.

Алесю, прывыклую разважаць эмацыянальна, Юркавы высновы збянтэжылі.

— Па-твойму, дык няма і інтэлігенцыі? — спыталася яна.

— Абсалютна няма, кажу гэта з упэўненасцю, — рашуча заявіў Юрка.— Інтэлігенцыя таксама ідал, створаны на пацеху не дужа адукаваным і выхаваным людзям. Чым бы дзіця ні цешылася, абы не плакала. Ну, што такое інтэлігенцыя? Пішуць, што гэта найбольш разумная, адукаваная, разумова развітая частка жыхароў. Заўваж, не народа — жыхароў! 3 тым, што адукаваная, яшчэ неяк можна пагадзіцца, калі адукаванасць мераць нашымі цяперашнімі меркамі — дыпломамі ды званнямі, прысвоенымі за навуковае глупства. Але паверыць у тое, што разумная, ды яшчэ разумова развітая — гэта ўжо, даруй, банальны камплімент. Азірніся, і ты пабачыш навокал абсурднае жыццё, якое могуць успрымаць толькі неразумныя ды разумова адсталыя людзі. Ды і сам тэрмін — інтлігенцыя — выдуманы і дастасаваны да пэўнага асяродку людзей і для вельмі пэўных мэтаў, каб можна было разумова неакрэплых юнакоў і дзяўчатак паварочваць ад набыцця ведаў да рэвалюцыйнай барацьбы. Вось такія самаахвярнікі і пераставалі вучыцца, ішлі ў «народ», каб кідаць бомбы, страляць у людзей, несці не дабро, а зло. I загуляла па рускай імперыі вар’яцтва. Калі чалавек проста лечыць, будуе чыгунку, пячэ хлеб, шые вопратку ці піша музыку, дык ён замшэлы абывацель. А калі ён кінуў вучобу, ходзіць у зрэбнай кашулі, займаецна прапагандай і кідае бомбы, тады ён сапраўдны інтэлігент — гонар яму і слава!

— Але ж ты не станеш казаць, што не існуе і творчая інтэлігенцыя,— нагадала Алеся, спрабуючы апошнім сваім аргументам пераспрачаць Юрку.

Предыдущая главаГлава 5 из 18Следующая глава