К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 4
22%
Страница 4
4

5

Карпаў бацька, Раман Хіжняк, паводле матчынага аповяду, у часе службы на баявым караблі Балтыйскага флоту аднаго разу паслухаў нейкага палымянага бальшавіцкага прапагандыста, прасякнуўся верай у хуткі прыход камунізму цераз пагалоўнае вынішчэнне пануючых класаў, заявіўся ў Цэнтрбалт, запатрабаваў паслаць яго на пярэдні край барацьбы з контррэвалюцыяй, каб «штыком, перакселінавай шашкай і вінтовачнай куляй» пракладаць дарогу ў светлую будучыню. Ягоную просьбу ўлічылі, і, як толькі пачалася барацьба з контррэвалюцыйным духавенствам, Рамана Хіжняка паставілі на чале коннага атрада, якому даручалася закрываць манастыры і цэрквы, вырашаць лёс манахаў, ці, як казаў бацька, жарабячага саслоўя.

Атрад спецыяльнага прызначэння быў узброены грозным мандатам, дзвюма тачанкамі са станкавымі кулямётамі, вінтоўкамі, гранатамі і іншым ўзбраеннем. Вясной васемнаццатага года атрад вогненным смерчам прайшоўся па цэнтральных абласцях Расіі, дзе размяшчалася асабліва многа манастыроў і цэркваў.

Крыху пазней спецатрад Хіжняка кінулі на харчразвёрстку. Сам Раман Антонавіч гаварыў пра гэтае партыйнае заданне з гонарам — як жа, выратаваў Маскву ад галоднай смерці. Але існавала ў Хіжняковай біяграфіі адна цьмяная старонка: атрад быў тэрмінова расфармаваны, а Раман Хіжняк трапіў пад трыбунал за недазволеныя метады барацьбы з сабатажам. Раман Антонавіч тлумачыў гэта дзеяннямі ворагаў, што прабраліся былі ў карныя структуры.

Удзельнічаў Раман Хіжняк у падаўленні кранштацкага мяцяжу і тамбоўскага паўстання. Пра сваю гэту барацьбу з контрыкамі ён гаварыў з ахвотаю:

— Мы іх, гадаў, каторыя супраць рэвалюцыі паўсталі, калолі штыкамі, секлі шаблямі, палілі ў агні, давілі, як моль. А што іх шкадаваць, калі яны хацелі цудоўную нашу жызню павярнуць зноў у капіталізм. Тут ад нас ніякай літасці, бо дзела наша святое...

Новую эканамічную палітыку — нэп — Раман Хіжняк сустрэў у штыкі. Працуючы ў міліцыі, апантана змагаўся з гандлярамі і нэпманамі, быў выгнаны з працы за самасуд над трымальнікам лаўкі жалезных тавараў, якога Хіжняк западозрыў у варожых дзеяннях. Застаўшыся беспрацоўным, Раман Хіжняк быў даведзены да апошняй мяжы беднасці, а таму палічыў за лепшае парахавацца з жыццём. Можа, упершыню за ўвесь рэвалюцыйны час у яго здрыганулася рука, і ён застаўся жывы, хоць і цяжка паранены.

Стрэл у сэрца прыйшоўся на пачатак наступлення на нэпаўскую палітыку. Пра былога чэкіста і заслужанага бальшавіка, які цвёрда стаяў на партыйных пазіцыях, недзе ўспомнілі і пашкадавалі. Сям’і тут жа далі кватэру ў цагляным доме па Бібкіну завулку, каля сада «Прафінтэрн». Жонку Веру Мікітаўну ўладзілі кандуктарам у трамвайнае дэпо, а з жанаддзела аказалі грашовую дапамогу. Самога Рамана Хіжняка спачатку лячылі ў гарадской бальніцы, потым адправілі ў Крым на курорт на цэлыя паўгода. Вярнуўшыся з Крыма, Раман Хіжняк нейкі час працаваў у прафсаюзе металістаў, а потым быў накіраваны прафсаюзным кіраўніком на будаўніцтва голкавага завода — першынца мясцовай індустрыі. 3 завода ў ліку дваццаціпяцітысячнікаў накіраваны на правядзенне калектывізацыі ў вёску Пагарэльцы, адкуль і быў родам.

Пагарэльцы тады праславіліся на ўсю Беларусь тым, што дружна трымаліся аднаасобнага жыцця і ніякія ўпаўнаважаныя не маглі звярнуць іх з гэтага шляху. Раман Хіжняк дамогся суцэльнай калектывізацыі за два месяцы. Яго ж выбралі і старшынёй Пагарэльскага калгаса.

3 першых дзён старшынства Раман Хіжняк увёў жалезную бальшавіцкую дысцыпліну: ад чатырнаццаці гадоў і да глыбокай старасці — усе павінны былі па званку з’яўляцца на калгасны двор, каб атрымаць заданне на працу і рабіць да званка на абед, а потым і на адпачынак. Хто не паспяваў прыйсці па нарад, караўся бязлітасна і жорстка. У жанчын, якія да званка не выпалілі печы, Раман Хіжняк біў гаршкі са стравай, заліваў вадой агонь, не дазваляў пасвіць карову на калгасным полі, не даваў каня, каб узараць прысядзібныя соткі, забіраў назапашанае сена. Часам пускаў у ход і кулакі.

Што праўда, Хіжняк здолеў вывесці калгас у перадавыя. Нават тое-сёе выдаваў на працадні і грашыма і натурай. Пагарэў ён на кулаках — хацеў правучыць нядбайнага калгаснічка, ды перастараўся: цэліў у лоб, а ўдарыў у скронь. Калгаснічак і аддаў богу душу.

Быў суд, Хіжняку далі тры гады ўмоўна і перавялі фінагентам у сельсавет збіраць падаткі з насельніцтва, якое не дужа спяшалася разлічвацца з дзяржавай. Раман Хіжняк і тут вызначыўся — вывеў сельсавет у перадавыя.

Усё гэта, вядома ж, не дадавала сяброў, затое множыла ворагаў. Трыццаць сёмы год памножыў іх.

У той год за адну ноч былі арыштаваны і вывезены ў невядомым кірунку жыхары шляхецкага засценка Картавешкі. Забралі ўсіх: мужчын, жанчын. старых, дзяцей і нават калек. 3 усіх картавешцаў засталася толькі шматдзетная Гераніміха, хоць мужа яе, Гераніма Байковіча, арыштавалі разам а усімі. А пад восень зашастала па Пагарэльцах чутка, што высылка картавешцаў нейкім чынам звязана з Раманам Хіжняком. Быццам ён ледзь не год сачыў за картавешцамі і даносіў энкавадэ. Пра што даносіў, не казалі. Карп пачуў гэта ад сваіх равеснікаў, пакрыўдзіўся за бацькаў гонар: маўляў, бацька не даносчык. А каб высветліць ісціну, ўвечары спытаўся ў яго:

— А ці праўда, што ты маеш дачыненне да высылкі картавешцаў?

— Ад каго чуў? — накінуўся на сына бацька.

Карп даносчыкаў не паважаў — усякіх.

— Сарока на хвасце прынесла,— сказаў ён.

— Варожая сарока,— адказаў бацька.— А ты, рот разявіўшы, слухаеш.

— Няпраўда дык няпраўда,— пагадзіўся Карп; яму ўсё ж было прыемна, што бацька як бы не пацвердзіў здагадак вясковых хлопцаў.

Але праз два гады чутка пра дачыненне Хіжняка да высылкі картавешцаў загуляла па Пагарэльцах зноў. Справа ў тым, што ўлетку трыццаць дзевятага ў Пагарэльцах раптам пачаліся пажары. Хутары на той час былі сцягнуты ў пасёлак, але на старых селішчах засталіся дзе такі і пуні, дзе хлявы, свірны, аўчарнікі і свінарнікі. Іх нехта паліў з маніякальнай настойлівасцю: два разы на тыдзень гарэлі будынкі на нейкім кінутым хутары. Жыллё падпальшчыкі пакуль абміналі.

Неўзабаве спачатку спадцішка, а хутка і на ўвесь голас загаварылі, нібы двое картавешцаў — браты Сянкевічы — уцяклі з высылкі і помсцяць пагарэльцам за свае пакуты на высылцы. I дабіраюцца яны не менш і не больш, як да фінагентавай хаты, які і вінаваты ў іхняй ссылцы. Старшыня пагарэльскага калгаса Іванцоў кожную ноч выстаўляў ахову, але хутка запалала крайняя хата ад лесу. Людзі кінуліся тушыць пажар, ды праз якое паўгадзіны загарэлася хата на другім баку вёскі. Людзі разбегліся па сваіх сядзібах, каб сцерагчы іх. У Пагарэльцы панаехала міліцыі, апытвалі ўсіх пагалоўна, але нічога не высветлілі, апрача няпэўных чутак пра ўцёкі братоў Сянкевічаў.

Пасля адразу двух пажараў людзі ноччу не спалі, вартавалі свае хаты. Але не ўратавалі. Прынамсі Хіжнякі. У ноч на семнаццатага верасня трыццаць дзевятага года загарэўся калгасны ток, да верху забіты збажыной. У тую ноч дзьмуў моцны вецер. Ён валам каціў агонь на вёску і ў першую чаргу на хату Рамана Хіжняка. Яна ўспыхнула, як свечка.

Назаўтра, пачуўшы пра бацькаву бяду, прыбег з эмтээс Карп.

— Ну што,— упікнуў ён бацьку,— засталіся без хаты. Трэба было табе даносіць на картавешцаў...

Бацька паглядзеў на яго, як на дурное дзіця.

— Сянкевічы тут ні пры чым,— ашаламіў ён сына.— Сянкевічы даўно касцямі зямлю параць. Альбо свае пад іх маркай паляць, або сваячкі картавешцаў з шляхецкіх засценкаў Шкуратава і Дальвы помсцяць. Ды нічога, дабярэмся і да іх...

Прыгадваючы ўсе гэтыя акалічнасці, Карп прыходзіў да высновы, што бацька, відаць, так і не дабраўся да падпальшчыкаў. А яны пры немцах выдалі бацьку. Карпу не цярпелася дазнацца, хто ж у Пагарэльцах рабіў тады свае злачынствы.

Жнівень выдаўся гарачы. Нават улегцы ісці было цяжка. Да Пагарэльцаў ад Віцебска лічылася васемнаццаць кіламетраў. Пракрочыўшы кіламетраў шэсць, Карп з непрывычкі падбіўся, і адразу паявілася думка: зрабіць крук кіламетры на тры, пабываць спачатку ў Хацеенках, куды яшчэ да вайны выйшла замуж ягоная старэйшая сястра Клаўдзя.

Бацька Клаўдзін выбар не тое што не адобрыў — рашуча асудзіў. Дачка, насуперак яго волі, выйшла замуж за сына ворага народа. Таму Раман Хіжняк, а з ім і маці, на вяселле не паехалі і наогул да вайны з дачкой не зналіся. Не бываў у яе і Карп. Цяпер, лічыў ён, вайна ўсё спісала, і калі швагер не запляміў сябе ў вайну, дык чаму не зайсці. А запляміў, вырашыў Карп, павярнуся і пайду ў Пагарэльцы.

Клаўдзіна сям’я была ў поўным зборы: двое сыноў, муж Пракоп, свякруха Тэкля і нават свёкар Халімон Трысцёнак. На пагарэлішчы стаяла новая хата, яшчэ не зусім дабудаваная, але па-гаспадарску дбала складзеная. Пракоп з бацькам якраз зашывалі франтон вагонкай, а хлопчыкі падавалі на рыштаванне дошкі. Сама Клаўдзя са свякрухай корпаліся ў градах.

Карп чакаў, што да яго кінуцца з абдымкамі, адразу пацягнуць за стол. Ды ўсё адбылося, як па-сваяцку, дык суха і вельмі будзённа. Швагер са сватам нават не злезлі з рыштаванняў, павіталіся здаля. Хлапчукі-пляменнікі паглядалі на нечаканага дзядзьку з асцярогай, быццам чакалі ад яго нейкай падэсці. Свацця Тэкля на хвілінку адарвалася ад грады, зірнула на госця з-пад брылька далоні і зноў занурылася ў працу. Адна Клаўдзя абняла, пацалавала, заплакала, але тут жа і высушыла вочы ражком хусткі.

— Пойдзем у хату,— прапанавала яна Карпу.

— А Халімон адкуль паявіўся? — пацікавіўся Карп, падазраючы, што той уцёк з турмы.

— А ён сваё адседзеў,— абыякава адказала Клаўдзя і стала хваліцца трафеямі, што прывёз з вайны Пракоп. Трафеі ўражвалі: адчувалася, што Пракоп браў іх з разборам, далёкім прыцэлам на выгаду.

— Як гэта ён умудрыўся? — спытаўся Карп.

— Нас жа, як фронт наблізіўся, немцы ў Літву выгналі. А калі нашы прыйшлі, Пракопа нейкі камандзір узяў шафёрам. 3 ім ён і прайшоў усю Германію. Казаў, што немцы кідалі ўсё, уцякалі ад нашых. Там столькі дабра засталося, што каб па-гаспадарску ім распарадзіцца, дык можна было ўсіх нас да канца дзён дабром тым забяспечыць. Немцы таксама рабавалі і вёскі палілі. Хоць нашы і самі вінаватыя...

— Чаму вінаватыя? — здзівіўся Карп.

— Хоць ты, можа, і камуніст, але як роднаму брату скажу шчыра: у нас жа тут партызаны арудавалі. Да Хацеенак, праўда, не даходзілі — горад пад бокам, а ў другіх месцах і скаціну забіралі і людзей стралялі.

Карп слухаў сястру з пачуццём абурэння.

— Стралялі, хто з немцамі супрацоўнічаў,— сказаў ён.

Клаўдзя не стала спрачацца.

— Авой, загаварылася,— апыніла яна сябе.— Ты і ці снедаў?

— Папраўдзе, не ўдалося...

Клаўдзя кінулася на панадворак, пагукала мужчын:

— Пракоп, тата, злазьце! Карп вунь не снедаў яшчэ, а ўжо і абедаць час.

3 рыштаванняў пачуўся голас свёкра:

— Зараз... Во, толькі тры дошчачкі прыб’ём...

Злазіўшы ў падполле, Клаўдзя дастала кавалак сала, дзесятак яек, пачала раскладваць агонь на загнетцы. Карп палічыў, што настаў самы час спытаць пра бацькоў.

— Хоць ты з бацькамі была ў контрах, — сказаў ён, — але, мусіць, ведаеш, што сталася з імі?

Яму здалося, што Клаўдзя даўно чакала гэтае пытанне, але яно ўсё роўна застала яе знянацку. Яна здрыганулася, яе твар зрабіўся шэры, па ім пакаціліся скупыя слёзы. Клаўдзя выцерла іх тылам далоні.

— Ты вось кажаш, што я была з бацькам у контрах. Але ж не я, а ён не зычыў мне дабра,— Клаўдзя гаварыла, раз-пораз шмыгаючы носам.— Дзвярэй у хату не адчыніў, унукаў адцураўся. Але бог з ім. Не хачу наракаць. Маці шкада...

I хоць Клаўдзя казала, што не хоча наракаць на бацьку, у кожным слове яе чулася неспатольная крыўда. I ў Карпа супраць яе выспявала пачуццё непрыязнасці. Ён баяўся, што не стрымаецца.

— Мне пісалі, што бацькі загінулі ў жніўні сорак другога...

— Ага, на самага Ілью... Калі пагарэльскую управу грамілі...

— Дык бацька ў баі загінуў,— здагадаўся Карп.

Клаўдзя няўцямна паглядзела на брата.

— Карп!.. Хіба ты не ведаеш?.. Іх жа партызаны парашылі...

— Як парашылі?

— Расстралялі...

— Расстралялі?.. За што?..

— Дык жа бацька быў бургамістрам...

— Бургамістрам?..

У хату спачатку ўварваліся хлапчукі, за імі спаважна зайшлі Халімон з Пракопам. Гаворка адразу перапынілася, хоць Карпу вельмі хацелася яе прадоўжыць.

За сталом сядзелі чынна. Выпівалі ашчадна, пакрысе. Карп механічна піў, механічна еў: яго адольвалі думкі пра бацьку. Сказанае Клаўдзяй выглядала бязглузда і так ненатуральна, што немагчыма было паверыць. Усё думалася, што Клаўдзя нешта наблытала, а можа, нагаварыла са злосці.

Пасля нядоўгага абеду Клаўдзіна сям’я зноў занялася працай. Як толькі яны з Клаўдзяй засталіся адны, Карп закідаў сястру пытаннямі, сутнасць якіх зводзілася да аднаго: як маглі немцы паставіць бургамістрам такога непахіснага бальшавіка, як бацька, і як мог такі перакананы камуніст пайсці на супрацоўніцтва з фашыстамі?

Клаўдзін адказ здзівіў Карпа сваёй прымітыўнай дакладнасцю.

— Немцам было напляваць на ягоны бальшавізм, а бацька прывык камандаваць.

Пераначаваўшы, Карп, трудна выціскаючы з сябе кожнае слова, асуджана сказаў:

— Думаў, з гонарам заяўлюся ў Пагарэльцы, а давядзецца, як шалудзіваму сабаку, змывацца, падціснуўшы хвост...

Усю дарогу да Мінска Карп ламаў галаву над тым, што рабіць далей. Як член партыі ён павінен быў напісаць пра здраду бацькі ў партком, але ён яшчэ не стаяў на ўліку. Напэўна, трэба было б паведаміць і ў органы. Але яны, бадай, самі ведаюць пра бацьку не горш за яго. Адным словам, спяшацца як бы і не было патрэбы. А вось засцерагчы сябе ад небяспекі варта. Як? Раптам у галаву прыйшла бліскучая ідэя — пісьмо з сельсавета, якое ён, на шчасце, не парваў. У ім жа нічога не напісана, што бацькоў расстралялі партызаны. Мог жа ён падумаць — ды і сапраўды падумаў,— што іх расстралялі немцы. Ну, а што не пацікавіўся, як дэмабілізаваўся, дык вінаваты, заняўся ўладжваннем, вучобай.

Вырашыўшы для сябе лінію паводзін, Карп з палёгкай уздыхнуў. Ён любіў знаходзіць выйсце з самых непрыемных сітуацый.

Предыдущая главаГлава 4 из 18Следующая глава