Далейкі эвакуіраваліся ў Куйбышаў, дзе ў вайну апынуліся многія ведамствы і саюзныя наркаматы. Але як толькі ўтварыўся беларускі ўрад, Валянцін Пятровіч Далейка быў адкліканы ў Маскву. На яго ўсклалі кіраўніцтва прапагандай на акупаванай Беларусі. У сорак трэцім годзе Далейкі пераехалі ў Гомель, дзе Валянцін Пятровіч займаўся аднаўленнем Акадэміі навук. Пасля вяртання ў Мінск яго прызначылі старшынёй камітэта па справах мастацтваў, а па сумяшчальніцтве і дырэктарам акадэмічнага інстытута этнаграфіі і фальклору. Валянцін Пятровіч дасканала ведаў англійскую мову, крыху размаўляў на нямецкай, меў званне доктара мастацтвазнаўчых навук; ва ўрадавых колах таму яго называлі беларускім Луначарскім, чым ён вельмі ганарыўся. Памяркоўны, дагодлівы, эрудзіраваны, ён быў любімы начальствам. Яму аднойчы прапанавалі стаць міністрам замежных спраў, але ён адмовіўся, не захацеў адрывацца ад навукі. Праўда, яго, як чалавека эрудзіраванага, які ведае чужыя мовы, часта пасылалі ў замежныя камандзіроўкі. Ён удзельнічаў у Сан-Францыскай канферэнцыі, на якой была створана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, бываў у Лондане і Парыжы.
— Дык ён і цяпер у Амерыцы? — пацікавілася Аўдоцця Якаўлеўна.
— Цяпер у Мінску, але неўзабаве паедзе на сесію ўжо ў Нью-Йорк,— адказала Антаніна Васільеўна.
— А дзе ж ваш Юра? — зноў спыталася Аўдоцця Якаўлеўна.— Я памятаю, што ён меў выдатныя здольнасці.
— О-о-о, Юрка даўся ў знакі,— як здалося Алесі, з асуджэннем сказала Антаніна Васільеўна.— Уяўляеш, ён жа за два гады закончыў Куйбышаўскі педінстытут, быў залічаны ў аспірантуру, рашыў нейкую задачу, над якой ламалі галовы вучоныя ўсяго свету, яго запрашаюць у Маскоўскі універсітэт, а ён раптам кідае ўсё, запісваецца добраахвотнікам у армію, просіцца на перадавую, і яго накіроўваюць у танкавую часць. Можаш цяпер уявіць, як нам было з Валянцінам. Ледзь дачакаліся канца вайны.
— I дзе ж ён цяпер? У Маскве?
— Дзе там! Кінуў Маскоўскі універсітэт і перабраўся сюды. Кажа, я — беларус, дык і месца маё тут.
— Вучыцца ў аспірантуры? — выказала здагадку Аўдоцця Якаўлеўна.
— Уяві, у Маскве за тую задачу яму прысвоілі званне кандыдата навук. Цяпер ён выкладае на фізмаце універсітэта.
— Але ж ён старэйшы за Алесю гады на чатыры,— падзівілася Аўдоцця Якаўлеўна.
— Мабыць, на тры,— падказала Антаніна Васільеўна.
Калі цётка Антаніна сказала, што Юрка даўся ім у знакі, Алеся ўспрыняла гэта як належнае. Але цяпер, калі яна пачула, што старэйшы за яе ўсяго на тры гады Юрка ўжо кандыдат навук, матчына пахвальба яе поспехамі здалася абразлівай. Ды ў той жа час Алесю траюрадны брат чымсьці і заінтрыгаваў. Які ён, гэты вундэркінд, што паспеў паваяваць на фронце і атрымаць званне кандыдата навук. Ды яшчэ ў галіне матэматыкі! Алесі ён здаваўся то асілкам, як артыст Пераверзеў, то нагадваў аднаго з тых вучоных, што высмейваліся ў кіно: лахматыя недарэкі ў акулярах і з носам бульбінай.
У прыхожай ледзь чутна звякнуў званок.
— Добры на ўспаміне — Юра,— сказала Антаніна Васільеўна і пайшла ў прыхожую, каб адчыніць сыну.
Аўдоцця Якаўлеўна і Алеся чулі, як Антаніна Васільеўна тлумачыць сыну, хто да іх завітаў, а той ніяк гэтага не зразумее. Алеся тут жа вырашыла, што загадкавы Юрка, бадай, больш падобны на кінаперсанаж недарэкі-вучонага.
На яе здзіўленне Юрка аказаўся статным, прыгожым хлопцам, на твары якога блукала прыязная, аж нейкая жаноцкая ўсмешка.
«На каго ён падобны? — падумала Алеся.— Ага! На Лапухіну з партрэта Баравікоўскага. Такі ж авал твару, падбародак. Толькі ў яго яшчэ ружовыя шчокі. Хоць не! Ён хутчэй падобны на анёла Леанарда да Вінчы з карціны «Хрышчэнне Хрыста». На ягоным твары такая ж, як у анёла, узвышаная боскасць».
— А-а-а, Юра! — з уласцівай ёй экзальтаванасцю ўсклікнула Аўдоцця Якаўлеўна, парыўна абняла яго і тройчы пацалавала.— Але і вырас!.. А гэта Алеся, якую ты, спадзяюся, памятаеш...
— Абсалютна не памятаю,— весела прызнаўся Юрка.— Але тым больш прыемна пазнаёміцца.
Алеся чамусьці паспешліва падхапілася з крэсла і пачырванела, падумаўшы: «Паводжу сябе, як малая». Але гэта анічуць не паслабіла яе збянтэжанасці. Урэшце яна зусім разгубілася.
На шчасце, яе выручыла маці, якая закідала Юрку пытаннямі, і Алеся ўжо смела паўзіралася ў яго. Цяпер ён не здаўся ёй такім прыгожым, як з першага позірку, але затое яе ўразіла ягоная далікатнасць і ў знешнасці, і ў размове з людзьмі, і ў адказах на пытанні Аўдоцці Якаўлеўны.
Юрка падмеўся іх праводзіць. Як тады было прынята, на вуліцы ён узяў Аўдоццю Якаўлеўну і Алесю пад рукі; яны так і дайшлі да іхняга дома. Алесі было і прыемна адчуваць сябе дарослай, якая ўжо ходзіць пад руку, і троху нязвычна: іх акідвалі цікаўнымі позіркамі.
Маці запрасіла Юрку ў кватэру, не ў прыклад Далейкам, багата і з густам абстаўленую. Мабыць, каб пахваліцца дачкой, маці прапанавала Алесі сыграць што-небудзь для госця. Алеся пагадзілася і знарок, каб уразіць Юрку, сыграла Дэбюсі. Яна чамусьці думала, што Юрка такога кампазітара не ведае. На яе здзіўленне ён не толькі пазнаў музыку Дэбюсі, але назваў і твор, які сыграла Алеся: «Сляды на снезе».
— Я думала, матэматыкі не любяць і не ведаюць музыкі,— прызналася яна.
— Чаму?
— Бо музыка прамая супрацьлегласць матэматыцы,— растлумачыла Алеся.— Музыка — эмоцыі, матэматыка — сухія лічбы.
— Во ўжо не,— заспрачаўся Юрка.— Музыка і матэматыка — сёстры.
— Не падазравала...
— I дарэмна... Што такое музыка? Гэта пэўным чынам упарадкаваныя гукі. А матэматыка — упарадкаваныя лічбы. I там і тут адна адметная адзнака — упарадкаванасць. Бяруся не толькі сцвярджаць, але з дапамогай матэматыкі даказаць гармонію або дысгармонію ў музыцы.
— Ты яшчэ і каханне станеш правяраць алгебрай,— асмялеўшы, пажартавала Алеся.
— А чаму не?.. У аснове ўсяго існага, лічылі старажытныя людзі, ляжыць упарадкаванасць. Гукаў, лічбаў, слоў. Таму лічбамі можнна праверыць і каханне...
Аўдоцця Якаўлеўна непрыкметна пакінула іх адных.
4
У маёра Хіжняка выявіліся нейкія адхіленні ад нормы, якія не заміналі ваяваць, затое сталі неадольнай перашкодай для далейшай службы ў арміі. Камісія праявіла цвёрдасць — Карпа Хіжняка дэмабілізавалі па стану здароўя.
Падпалкоўнік Арэшын, камандзір трэцяга танкавага батальёна, такі ж, як Хіжняк, вылучэнец вайны і таксама дэмабілізаваны па той жа прычыне, прапанаваў Хіжняку пракаціцца ў Сочы, пагуляць там, як належыць савецкім афіцэрам, што ўсю вайну праваявалі на перадавой. Грошай у абодвух хапала месяцы на тры-чатыры бязбеднага камерцыйнага жыцця на праслаўленым курорце. А там хоць трава не расці.
У Карпа Хіжняка, аднак, былі іншыя планы.
Не забыўшыся на параду палітрука Нямоглых, Карп Хіжняк ранняй вясной, калі сярод афіцэраў загуляла чутка пра хуткую дэмабілізацыю, напісаў ліст у цэка партыі Беларусі з просьбай, ці можа ён разлічваць на якую працу, каб актыўна дапамагаць партыі аднаўляць разбураную ворагам народную гаспадарку. Адказ не прымусіў доўга чакаць. Карпа Хіжняка запрашалі прыязджаць у Мінск, абяцалі пачэсную працу, дакляравалі, што баявыя афіцэры вельмі патрэбны краіне.
Пакінуўшы рэчы ў вакзальнай камеры захоўвання багажу, Карп прасцютка накіраваўся ў цэка. У бюро прапускоў маладзіца ў міліцэйскай форме доўга не магла зразумець, чаму ён дамагаецца прыёму менавіта ў цэка, калі камуністаў на працу ўладжвае гарком партыі. Карп паказаў ліст з цэка. Маладзіца назвала нумар тэлефона, па якім трэба пазваніць, каб атрымаць дазвол на пропуск.
Карпа Хіжняка прыняў немаладога веку чалавек з усохлай левай рукой і вялізным рубцом на твары. Выслухаўшы Карпа, ён даў яму анкету і чысты аркуш паперы, папрасіў запоўніць яе і напісаць аўтабіяграфію, што Хіжняк і зрабіў. Інструктар уважліва прачытаў і анкету і біяграфію, паклаў іх у папку, спытаўся:
— I на якую ж працу вы, таварыш Хіжняк, прэтэндуеце?
У Карпа Хіжняка на гэты конт быў падрыхтаваны адказ, які, на ягоную думку, павінен быў засведчыць, што ён чалавек бескарыслівы, але пасаду хоча заняць згодна свайму ваеннаму званню.
— Куды партыя пашле,— адказаў Карп.
— Кадры нам патрэбны, але ж у вас з адукацыяй слаба.
— Мне б такую працу, дзе паменш пісаніны, а паболей неабходнасці камандаваць,— растлумачыў Карп.
Інструктар усміхнуўся.
— Во што я вам параю,— сказаў ён.— У нас разгортваецца будаўніцтва трактарнага эавода. Ідзіце туды. Справа перспектыўная. Дарэчы, парторгам цэка там працуе мой камандзір партызанскай брыгады. Скажыце яму, што Гацееў прыслаў. Гэта я Гацееў.
Будаўніцтва, па сутнасці, яшчэ не пачыналася. У сасновым бары горбілася з дзесятак палатак, збоч і за імі рубіліся катэджы. Упраўленне стаяла воддаль, цераз дарогу. Размяшчалася яно ў цагляным доме, падобным адначасова і на барак і на канюшню. У прыёмнай сумавала сакратарка, дзеўка-недатумак. Яна сказала, што парторга цэка няма і не будзе — паехаў на нараду. I наогул усё начальства раз’ехалася, ёсць толькі інспектар аддзела кадраў.
Інспектар даў запоўніць анкету, а на паведамленне, што яго прыслаў Гацееў, зрэагаваў па-свойму:
— Нам Гацееў не ўказ...
— Я адразу з цягніка,— сказаў Карп.— Як бы ўладзіцца на начлег.
— У нас гасцініц няма,— сурова адказаў інспектар.— А інтэрнат перапоўнены. Нічым дапамагчы не магу.
3 упраўлення Карп выйшаў з добра папсаваным настроем: давядзецца начаваць на вакзале. Але першы сустрэчны трактарабудаўнік падказаў яму, што кіламетры за два адсюль, за чыгункай, ёсць вёска, дзе ахвотна бяруць на кватэру.
Раздзеленая напалам ручаём вёсачка драмала ў садах і прысадах. Карпу яна спадабалася. За памяркоўную плату ён наняў тут пакойчык у старой адзінокай жанчыны. Назаўтра пайшоў па рэчы. Хацелася адначасова пазнаёміцца з горадам. Гаспадыня параіла дайсці па Даўгабродскай вуліцы да Савецкай, а там па ёй да чырвонага касцёла, налева ад якога і будзе вакзал.
Горад наводзіў смутак. Карпу пачало здавацца, што дарэмна ён тут застаецца. Трэба ехаць у Пагарэльцы або ў Віцебск. Можа, там не такая разруха.
Ля кінатэатра — вялізнай драўлянай будыніны сярод руін — Карп зусім неспадзявана сустрэў былога свайго падначаленага, лейтэнанта Далейку. Карп Хіжняк быў пры форме: з пагонамі, пры ордэнах і медалях, як з правага, так і з левага боку. Далейка — у цывільным гарнітуры і пры гальштуку. Карпу Хіжняку адразу прыгадалася іхняя размова на беразе ракі, недзе пад Прагаю. Але гэта яго не вельмі бянтэжыла: ён чыніў так, як патрабаваў армейскі статут. Яго бянтэжыў новы, як з голачкі, гарнітур, гальштук і наогул увесь цывільны выгляд былога лейтэнанта. Адчуўшы нязвыклую няёмкасць, Карп не ведаў, як яму звяртацца да былога падначаленага. На «ты» як бы не зусім добра, на «вы» не паварочваўся язык.
— Але ж ты дэмабілізоўваўся ў Маскву,— сказаў ён.
— Так. Але перабраўся сюды. А вы даўно дэмабілізаваліся? Дзе працуеце?
— Учора прыехаў у Мінск. Атрымаў у цэка накіраванне на будаўніцтва трактарнага завода.
— А чаму б вам не павучыцца? — пацікавіўся Далейка.— Яшчэ напрацуецеся.
— Яно так,— пагадзіўся былы камандзір.— Але, ведаеш, веды на палях бітваў паразгубляў. Не ўсім жа быць вучонымі.
Далейка намёк зразумеў, і яму вельмі захацелася хоць чым дапамагчы былому свайму камандзіру.
— А вы паступайце на гістарычны факультэт універсітэта,— параіў ён.— Гісторыю ўсё роўна пачынаюць вывучаць з самага пачатку, ад Адама з Евай.
Карп стараўся выдаваць сябе за даеведчанага чалавека.
— Гэта сапраўды так, але ж трэба здаваць экзамены. Я на іх правалюся.
— Глупства,— не адступаў Далейка.— Вас, як Героя Савецкага Саюза, прымуць без экзаменаў.
Размова гэтая пра Карпаву вучобу была непрыемная яму ўдвая. Яна выстаўляла Карпа непісьменным, а таму за падначаленага ніжэйшым чалавекам, што пры Хіжняковай ганарыстасці было асабліва балюча, а па-другое, прымушала хлусіць, чаго Карп не любіў.
— Справа ў тым, — напалову прызнаўся ён,— што я зараз не маю адпаведных дакументаў. Так што будзем уздымаць з папялішчаў горад...
— Прымуць вас і без дакументаў,— не адставаў Далейка.— Вы іх потым, як адновіце, прынясеце. Так што не будзем губляць час, а зараз жа пойдзем да рэктара.
— Вось так адразу? — спалохаўся Карп.
— Але ж вы самі казалі, што хуткасць і націск вырашаюць справу, — нагадаў Карпу Далейка, і гзта зламала Хіжняка, які ўжо хацеў адмовіцца ад прапановы.
«Хто ён такі, гэты Далейка, што яго стане слухаць рэктар, — падумаў Карп Хіжняк.— Блефуе лейтэнанцік. Паводзіць па калідорах ды і скажа, што рэктара няма».
Рэктар аказаўся нехлямяжым, флегматычным чалавекам, вельмі падобным на дырэктара эмтээс, дзе да вайны рабіў Карп трактарыстам. На Карпава здзіўленне, Далейка не блефаваў, ён меў тут нейкую вагу, і Карп запознена падумаў, што дарэмна не перайшоў з ім на далікатнае «вы». Цяпер звяртацца да былога лейтэнанта на «ты», ды яшчэ пры рэктары выглядала вельмі па-дурному.
Рэктар доўга распытваў Карпа пра баі, за што атрымаў сем баявых ордэнаў і Зорку Героя. Карп адказааў коратка, па-ваемнаму дакладна. Кончыліся роспыты тым, што рэктар, няйначай у парыве рэвалюцыйнай пільнасці, папрасіў Карпа прад'яыіць дакументы. Пераканаўшыся, што перад ім не авантурыст, а сапраўдны Герой Савецкага Саюза, рэктар чырвоным алоўкам наклаў на заяве разгорнутую рэзалюцыю: «Залічыць Героя Савецкага Саюза, кавалера сямі баявых ордэнаў, гвардыі маёра танкавых войск Хіжняка Карпа Раманавіча студэнтам першага курса гістарычнага факультэта Дзяржаўнага універсітэта».
Грунтоўнасць рэзалюцыі, як растлумачыў Карпу Далейка, вымяралася тым, што накладзена менавіта чырвоным алоўкам: такія рэзалюцыі азначалі — абітурыент залічаны на вучобу па ўказанні зверху, і праверачныя камісіі ў такіх выпадках заплюшчвалі вочы.
Да заняткаў яшчэ заставалася шмат часу. Цяпер можна было ажыццявіць яшчэ адну задуму: з'ездзіць у Пагарэльцы, даведацца, пры якіх абставінах загінулі бацькі і, па магчымасці, высветліць, хто іх выдаў немцам? А што іх выдаў нехта з пагарэльцаў, Карп не сумняваўся.