К книге
Клетка для берасцянfrСтраница 2
11%
Страница 2
2

У лейтэнанта Далейкі былі ружовыя шчокі, чысты, нявінны позірк карых вачэй і новенькая адпрасаваная форма. Карп Хіжняк смерць як не любіў вось такіх выглянцаваных інтэлігенцікаў за іхнюю абыходлівасць, ветлівасць і чыстаплюйства. Нават у самых жорсткіх баях, калі ў шлемафонах аж было цесна ад выкрунтасістых матаў, лейтэнант Далейка ніколі не лаяўся. Цяпер Хіжнякова раздражненне выклікалася яшчэ і тым, што лейтэнант быў абсалютна цвярозы. Зрэшты, прычына была глыбей. У застоліцы, калі зайшла гаворка пра дэмабілізацыю, лейтэнант Далейка пахваліўея, што ён толькі і чакае дэмабілізацыі, бо для яго вайна не прафесія, а выкананне патрыятычнага абавязку. Яго, маўляў, і без дэмабілізацыі хутка адклічуць, каб займаўся справай, а не забойствамі. Маёра гэта абразіла да глыбіні душы. Але там ён змаўчаў. Тут змаўчаць не хацелася. Прыдрацца было за што.

— Лейтэнант Далейка, а чаму гэта ты цвярозы? — здалёку пачаў Карп Хіжняк.

— Бо я не п’ю,— адказаў лейтэнант, чамусьці ўсміхаючыся.

— А чаму не выпіў за нашу святую перамогу і за яе арганізатара і найвялікшага палкаводца таварыша Сталіна? Ці, можа, не рады?..

Лейтэнант Далейка зрабіў выгляд, што не зразумеў намёку.

— Я, таварыш гвардыі маёр, ніколі не піў ды і не магу зразумець, чаму за перамогу трэба піць? Звычай гэты пахне старасветчынай. Дапусцім, тады людзі былі мала адукаваныя. Але цяпер...

Карпу Хіжняку здалося, што лейтэнант яўна задаецца ды яшчэ намякае на яго, маёраву, неадукаванасць.

— Ты мне філасофію кінь,— перапыніў лейтэнанта камбат.— Народныя традыцыі трэба паважаць.

— Хачу вам запярэчыць: выпіўкі па прычыне ніколі не былі народнай традыцыяй. Гэта хутчэй традыцыя антынародная.

— Ну і вушлая ваша інтэлігенцыя на выдумку. Антынародная!.. Народ п’е за перамогу, а ты ходзіш цвярозы. Што пра цябе падумае радавы састаў?

— Што я не ўжываю гарэлкі. Усяго...

— Не-е,— Хіжняк паківаў пальцам,— радавы баец савецкай арміі падумае, што ты грэбуеш ім, з пагардай ставішся да тых, хто выпіў з радасці. А чаму? Бо ты гнілы інтэлігент, адарваны ад народа.

— А каб напіўся, тады, па-вашаму, я, а са мной уся інтэлігенцыя былі б разам з народам?

— А ты што думаў? Інтэлігенцыі належыць рабіць тое, што робіць народ. Народ гуляе, інтэлігент павінен гуляць, народ пакутуе, інтэлігенцыі трэба пакутаваць.

У час гэтай дзікай гаворкі Карп Хіжняк прадаўжаў сядзець, а лейтэнант Далейка стаяў перад ім у вольнай паставе. Паколькі размова не насіла службовага характару, лейтэнант палічыў, што і ён можа сесці побач, каб вальней было дыскутаваць. Ён прылёг на мяккую маладую траву, сказаў з уласцівай яму шчырасцю:

— А я вас, таварыш гвардыі маёр, ніяк не зразумею: жартуеце вы ці кажаце ўсур’ёз? Дзе вы маглі запазычыць такія шкодныя погляды на народ і нашу інтэлігенцыю? Нейкая цемра невуцтва...

— Пайшоў ты... Знайшоўся хрэн маржовы,— маёр раптам апантана ўскочыў, раз’ятрана закрычаў: — Устаць! Смірна! Ты як трымаеш сябе ў прысутнасці старэйшага па званкі?! Ды я цябе, такую тваю разгэтакую, пад трыбунал падвяду...

Лейтэнант Далейка зразумеў, што зусім дарэмна падтрымаў размову. Каб не абвастраць становішча, ён падхапіўся, стаў па стойцы смірна.

— Вінават, таварыш гвардыі маёр,— павініўся ён.— Перамога расслабіла... Дазвольце ісці?..

— Ідзі, лейтэнант, і не забывайся хто ты,— задаволена сказаў маёр.

Гледзячы ўслед лейтэнанту, ён пераможна ўсміхаўся: дапёк-такі гэтаму задрыпанаму інтэлігенціку...

3

Алеся Цярпілоўская на «выдатна» здала акзамены ў школе; адразу ўзнікла пытанне, куды пайсці вучыцца: у педагагічны інстытут, дзе быў факультэт замежных моў, у Дзяржаўны універсітэт на філалагічны факультэт ці ў медыцынскі інстытут, як настойваў Канстанцін Вячаслававіч. Маці, Аўдоцця Якаўлеўна, была катэгарычна супраць медыцынскага інстытута, бо лічыла, што Алеся мае тонкую арганізацыю душы і ёй не па сіле будзе корпацца ў чалавечых хворасцях. Канстанцін Вячаслававіч хоць і згаджаўся з жонкай, што Алеся крыху слабаватая для медыцыны, але лічыў, што не абавязкова быць хірургам, можна стаць педыятрам. Але калі ўжо жонка супраць, дык хай Алеся паступае на факультэт замежных моў. Аўдоцця Якаўлеўна настойвала на сваім — дачка павінна закончыць універсітэт, які канчала яна сама, дзе пачала пісаць вершы, выдала першую паэтычную кніжку.

— Дзве замежныя мовы,— выставіла яна контраргумент,— Алеся ведае выдатна, а універсітэцкая адукацыя, што ні кажы, нашмат глыбейшая і шырэйшая.

Яна сапраўды мела рацыю. Нягледзячы на тое, што юнацтва Алесі прыйшлося на вайну, яна атрымала грунтоўную адукацыю. Не ў тым сэнсе, што засвоіла школьную праграму. Па збегу шчаслівых акалічнасцяў Алеся мела магчымасць значна пашырыць свае веды, асабліва ў галіне гуманітарных навук. Суседзямі Цярпілоўскіх у Ташкенце аказаліся тры жанчыны, якія вельмі паўплывалі на яе выхаванне і адукацыю.

Да вайны Алеся вучылася ў музычнай школе, падавала надзею. Вайна перапыніла вучобу. Ды ў эвакуацыі суседкай Цярпілоўскіх аказалася прафесар Беларускай кансерваторыі, выдатная піяністка і знаўца класічнай музыкі Рэгіна Майсееўна Зускінд. Яна не толькі давяршыла музычную адукацыю Алесі, але прыахвоціла яе да тэатра, навучыла разумець музыку, захапляцца ёю.

Яшчэ адна суседка Цярпілоўскіх Ала Міхайлаўна Уладзіслаўская працавала ў цэнтральнай бібліятэцы. Яна навучыла Алесю чытаць кнігі не засаб, а па пэўнай праграме. Цераз Алу Міхайлаўну Алеся пазнаёмілася і з так званымі забароненымі кнігамі. Здарылася гэта выпадкова.

Аўдоцця Якаўлеўна якраз распачала збор матэрыялаў для доктарскай дысертацыі, і ёй выдалі допуск у закрыты фонд. А паколькі вечарам у бібліятэцы не заўсёды было святло, Ала Міхайлаўна прыносіла ёй кнігі апальных аўтараў, што, вядома, было сурова забаронена.

Аднойчы, калі маці занялася хатняй працай, Алеся зазірнула ў прынесеныя Алай Міхайлаўнай кнігі. То былі зборнікі ніколі не чутых Алесяй паэтаў: Меражкоўскага, Клюева і Гумілёва. Чытанне Алесяй забароненых паэтаў напалохала і маці і Алу Міхайлаўну, ды ўсё кончылася тым, што ёй дазволілі чытаць крамольныя кнігі — але нікому не гаварыць пра гэта, бо могуць быць вялікія непрыемнасці.

Трэцяй суседкай Цярпілоўскіх была Вера Ільінічна Дабужынская са старажытнага роду Абаленскіх. Вера Ільінічна дасканала ведала французскую, англійскую і нямецкую мовы, валодала тонкім мастацкім густам і несумненным літаратурным талентам, што давала ёй магчымасць зарабляць на пражыццё перакладамі. У Ташкент яна прыехала без грошай і багажа, а таму на першым часе паспытала нястачы. Пэўне, магла б паспытаць і больш, каб не Аўдоцця Якаўлеўна, якая дапамагла Веры Ільінічне ў цяжкую гадзіну жыцця. Няйначай у падзяку за гэтую дапамогу, Вера Ільінічна дамаглася, каб Алеся брала ў яе ўрокі французскай і англійскай моў.

Алеся выявіла зайздросныя здольнасці — істотную ролю тут, бадай, адыграў яе музыкальны слых,— і на чацвёрты год заняткаў яна не толькі чытала, пісала, але і прыстойна размаўляла на абедзвюх мовах.

Цяпер дык цяжка паверыць, што маладая дзяўчына, вучаніца сярэдняй школы, брала ўрокі музыкі, вывучала запар дзве замежныя мовы ды яшчэ захаплялася мастацкай літаратурай, гісторыяй, выяўленчым мастацтвам. Ва ўсякім выпадку, яна сумленна праштудзіравала трохтомную «Гісторыю мастацтваў са старажытніх часоў» Пятра Гнедзіча. Канечне, у школах ваеннай пары патрабавальнасць была заніжана, але ўсё роўна адольваць такія крутыя сцежкі было па сіле асобе выдатнай і таленавітай.

Лета было сухое, гарачае. Да гараджан, у тым ліку і Цярпілоўскіх, даходзілі трывожныя чуткі пра неўраджай на Украіне і на беларускім Палессі, але доўгачаканае адчуванне трывалага міру глушыла трывогу і неспакой. Быў страшны не голад — да яго прывыклі,— а новы пажар вайны, у якім можна згарэць, як згарэла Хірасіма. Пра яе таксама стараліся не гаварыць. Лічылася, што Хірасіма спатрэбілася для міру на зямлі. Ён настаў, усталяваўся — чаго ж яшчэ хацець!..

Аўдоцця Якаўлеўна з Алесяй снедалі на кухні. Канстанцін Вячаслававіч цяпер часта выязджаў у камандзіроўкі, наладжваў хірургічную службу ў абласцях і райцэнтрах, а часам станавіўся і за аперацыйны стол. Падсуседзі Цярпілоўскіх таксама рэдка стыкаліся дома.

— Пасля снедання панясем дакументы ў прыёмную камісію,— сказала маці.

Алеся крыху збянтэжылася: няўжо маці пойдзе з ёю? Матчына апека хоць і была не вельмі назойлівая, але часам надакучала.

— Я сама панясу дакументы,— адказала Алеся.

— Божа крый,— павінавацілася Аўдоцця Якаўлеўна,— я анічуць не хачу быць назойлівай, але ў нашым родзе існуё традыцыя: бацькі, ці, прынамсі, адзін з іх, адводзяць дзяцей спачатку ў першы клас, а потым і ў вышэйшую навучальную ўстанову. Па крайняй меры, бацькі з дзецьмі адносяць дакументы разам. Так рабіла мая маці, так рабіла яе маці.

— Ты хочаш, каб гэтую традыцыю прадоўжыла і я? — весела азвалася Алеся.

— Не трэба смяяцца. Інтэлігенцыя і так растраціла мноства цудоўных традыцый.

— Зноў ты, мама, пра інтэлігенцыю, а яна ўсяго слуга народа.

— Слуга!.. Хутка рэвалюцыі споўніцца трыццаць гадоў, а мы ўсё не можам забыць пра ўслужэнне адных другім. А інтэлігенцыя, да твайго ведама, самая выхаваная і адукаваная частка грамадства і ніякая нікому не слуга, а розум народа.

Алеся не стала спрачацца, хоць у яе на гэты конт была свая думка, якая тады настойліва «ўбівалася» юнакам і дзяўчатам: услед за ідэяй ахвярнасці, што трывала ў вайну, паявілася ідэя так званага растварэння ў народзе. Гэта ўсяго азначала, што інтэлігенцыя не павінна задавацца сваёй асветай і выключнасцю, а быць народу верным слугой. Алеся адчувала нейкую тут для сябе абразу, але дух ідэі растварэння ў народзе быў такі моцны, што Алеся паддалася яму.

Пасля снедання пачаліся зборы. Маці адзелася ў лепшыя свае строі, падвяла бровы, нафарбавала губы, сама склала дакументы ў папку, папярэдне праверыўшы, як напісана аўтабіяграфія і заява. Усё рабілася грунтоўна, з пачуццём трапяткой адказнасці.

Змрачнаваты вестыбюль універсітэта пуставаў. На вялізным аркушы ватмана, што вісеў на сцяне, тлустая стрэлка ўказвала, дзе, у якім пакоі, знаходзіцца прыёмная камісія.

Насустрач Аўдоцці Якаўлеўне з Алесяй па шырокай лесвіцы ў вестыбюль сыходзіла прыгожая жанчына ў строгім, англінскага крою, гарнітуры і батыставай кофтачцы з адкладным каўнерыкам. Яна раптам пляснула ў далоні і з воклічам: «Дуся! Дусенька!» кінулася да Аўдоцці Якаўлеўны, схапіла яе ў абдымкі, закружыла вакол сябе.

Хутчэй інстынктыўна, чым свядома, Алеся здагадалася, што гэта дваюрадная матчына сястра, а яе цётка, Антаніна Васільеўна, якую яна бачыла, дай бог, разы тры за сваё свядомае жыццё і то мімаходзь. Антаніна Васільеўна ўсе вёсны, леты, а часткова і восені да замаразкаў праводзіла ў археалагічных экспедыцыях, астатнюю частку года сядзела за апрацоўкай знаходак. Што яна раскопвала, што адкрывала, Алеся не дужа цікавілася, бо не адчувала блізкага сваяцтва. Аддаленне яшчэ тлумачылася і тым, што гады за тры да вайны цётчын муж, Валянцін Пятровіч Далейка, быў накіраваны ў дактарантуру, а за ім і ўся сям’я перабралася ў Маскву.

— Маё чада,— паказала на Алесю маці, аж тая падзівілася: у матчыным голасе чуўся гонар за дачку, а царкоўнаславянскае «чада» прагучала іранічна.

Чада!.. Толькі гэтага і не хапала!

— Уся ў бацьку, хоць у дзяцінстве была больш падобна на цябе,— адзначыла Антаніна Васільеўна і тройчы пацалавала Алесю.

— Ідзем у прыёмную камісію,— пачала тлумачыць маці.— Закончыла ж сёлета школу на «выдатна». Хацелі, каб вучылася на факультэце замежных моў педінстытута, але, параіўшыся, перадумалі. Яна ж і без інстытута свабодна валодае англійскай і французскай мовамі. А нямецкую ведае на ўзроўні школьнай праграмы. Не размаўляе, але чытае, піша і перакладае са слоўнікам. Вырашылі, хай вучыцца на філолага.

Аўдоцця Якаўлеўна яўна хацела пахваліцца поспехамі Алесі, і тая адчувала некаторую няёмкасць, была рада, калі маці нарэшце перастала яе хваліць.

— Дык вы ў прыёмную камісію. Яна на другім паверсе. Ідзіце, а я пачакаю вас у скверы. Хочаце вы таго ці не хочаце, але я пацягну вас да сябе. Мы ж цэлую вечнасць не бачыліся.

Аўдоцця Якаўлеўна, узрушаная сустрэчай з сястрой, не стрымалася, каб не сказаць пра гэта сакратару прыёмнай камісіі, немаладой з выгляду жанчыне.

— Дык Антаніна Васільеўна ваша сястра? — як бы не верачы ў сваяцтва Аўдоцці Якаўлеўны з Антанінай Васільеўнай, спыталаея сакратар.

— Дваюрадная,— удакладніла маці.— Мой бацька Якаў Максімавіч Паграбняк і маці Антаніны Васільеўны Марыя Максімаўна былі родныя брат і сястра, а іх маці, Наталля Купрыянаўна даводзілаея дваюраднай сястрой Аляксея Парфенавіча Сапунова, вядомага гісторыка, краязнаўцы і аўтара многіх археалагічных прац аб Віцебшчыне.

Алеся аж засаромелася ад матчынай пахвальбы. А на сакратара камісіі гэта зрабіла ўражанне: яна праводзіла іх да лесвіцы і нават папытала: калі будзе дзве змены, дык у якую лепей прызначыць Алесю?

Антаніна Васільеўна, як і дамовіліся, чакала іх у скверы.

— Можа, пойдзем лепей да мяне,— прапанавала Аўдоцця Якаўлеўна.— Мы жывем блізка — па вуліцы Карла Маркса.

— Да мяне бліжэй,— засмяялася Антаніна Васільеўна.

Сапраўды, яна жыла бліжэй — па Савецкай вуліцы, у доме паміж касцёлам і кінатэатрам. Па беламармуровай лесвіцы яны падняліся на другі паверх. Антаніна Васільеўна правяла гасцей у кватэру.

— На беспарадак не звяртайце ўвагі,— папярэдзіла яна.— Хатняй гаспадаркай няма калі займацца, ды, па шчырасці, не люблю і не ўмею.

Кватэра сапраўды выглядала, так бы мовіць, сіратліва. Мэбля самая прымітыўная: нейкія тапчаны, лаўкі, саматужныя крэслы, услоны, стол з добра габляваных дошак. Але і на тапчанах, і на крэслах, і на сценах пярэстыя саматканкі-посцілкі, дываны, паўсюль ручнікі, тканыя паясы, на палічках сурвэткі, а на іх рознае начынне

— Гэта ўсё Валянцінава багацце,— растлумачыла Антаніна Васільеўна.— Ён жа этнограф...

За сталом, на які Антаніна Васільеўна выставіла бляшанкі з амерыканскай каўбасой, ветчыной і беконам (затое чай пілі з сервізных кубкаў Дулёўскага фарфоравага завода), сядзелася добра і нават весела. У Антаніны Васільеўны аказалася бутэлька каньяку вышэйшага гатунку, сёстры выпілі па кілішку, троху ап’янелі. Хапала месца ўспамінам пра далёкае дзяцінства, калі яны гасцявалі ў бабулі Наталлі Купрыянаўны. Але найбольш гаворка ішла пра вайну, пра жыццё ў эвакуацыі.

Предыдущая главаГлава 2 из 18Следующая глава