1
АЛЕСЬ АСІПЕНКА
КЛЕТКА ДЛЯ БЕРАСЦЯНАК
Аповесць
— Цярпілоўскі? — перапытаў я айца Уладзіміра, калі той назваў сваё прозвішча. — Даруйце, але ў Беларусі такое прозвішча насіў вельмі славуты і шляхетны род, апошні нашчадак якога загінуў недзе на самым пачатку пяцідзесятых гадоў. Сыноў у яго, як мне вядома, не было. Толькі дачка Алеся. У яе, што праўда, быў сын, названы ў гонар Сталіна і Леніна Сталенам, але ж ён, мяркую, насіў прозвішча бацькі.
— А я і ёсць той самы Стален Хіжняк. Бацька выракся мяне, калі я вырашыў замольваць яго грахі. Я ўзяў прозвішча дзеда Канстанціна Вячаслававіча Цярпілоўскага, а па прадзеду, які таксама служыў богу, імя Уладзімір.
— У бязбожных бацькоў вырас свяшчэннік?..
— Дарогі божыя нявызнаныя...
1
Сям’я Цярпілоўскіх вярталася ў Мінск на пачатку сорак шостага года. У Ташкенце раскашавала вясна, а на прасторах Казахстана і Расіі яшчэ ляжаў снег — у стэпе па брудным шарпаку таропка паўзла пазёмка.
Ад Ташкента да Мінска не адна тысяча кіламетраў — у вайну ж дарогі ўдвая даўжэйшыя. Да ўсяго Цярпілоўскія ехалі не на пасажырскім цягніку, а ў таварным вагоне, які чаплялі на вузлавых станцыях да спадарожных эшалонаў. Чакаць часам даводзілася суткі. Тады Канстанцін Вячаслававіч надзяваў генеральскі шынель, папаху, ішоў да чыгуначнага начальства. Пагоны генерал-маёра медыцынскай службы памагалі не раз.
Пасля Саратава Цярпілоўскіх пусцілі ў аб’езд Масквы з поўдня; стваралася такое ўражанне, што іх вязуць пад самыя Каўказскія горы, але на нейкай станцыі вагон чаплялі да новага састава, які крута паварочваў на поўнач.
Наракаць, аднак, на нязручнасць падарожжа не даводзілася. Па-першае, таварны вагон быў няблага абсталяваны, а па-другое, Цярпілоўскія везлі з эвакуацыі ўвесь свой скарб.
Мэбля, скрыні з кнігамі, посуд, начынне, матрацы, падушкі і іншае барахло займала палову вагона, дзе была яшчэ прыбіральня, каморка для паліва і тамбур. Другая палова вагона ўяўляла салон з прасторным купэ для адпачынку, буфетам, авальным сталом, лаўкамі, мыцельнікам і абавязковай чыгуннай печкай на дзве канфоркі. На ёй варылі ежу, гатавалі чай. Харчоў набралі з разліку на месяц падарожжа. Але ўжо напрыканцы сакавіка Цярпілоўскія аднае раніцы прачнуліся на станцыі Крычаў. То ўжо была Беларусь і хуткі канец падарожжа. Ды прайшло яшчэ трое сутак, пакуль спадарожныя эшалоны дацягнулі вагон да станцыі Мінск-Таварная.
3 дарожнага насыпу каля Чэрвеньскага рынку, дзе састаў затрымалі перад семафорам, Канстанцін Вячаслававіч убачыў дарэшты зруйнаваны Мінск. Як кінуць вокам, да самага далягляду ляжалі чорныя руіны, стаялі абсмаленыя шкілеты камяніц — сумны малюнак гэты хіба згладжваў цёмна-сіні ўдалечыні сасоннік парку Чалюскінцаў. Радаснае адчуванне ад вяртання на радзіму змянілася трывожнымі думкамі: што рабіць далей, куды падацца? Ці чакаюць яго тут, хоць выклік і падпісаны самім першым сакратаром цэка партыі і старшынёй Саўнаркома?..
«Падпісаў паперы і забыўся,— зажурана думаў Канстанцін Вячаслававіч.— У яго вунь цэлая рэспубліка ў руінах, дзе ўжо яму памятаць нейкага ваеннага хірурга Цярпілоўскага. Але і я добранькі!.. Чаго было спяшацца? У штабе акругі знайшлі б, як не звярнуць увагу на выклік. Ды і ў цэка Узбекістана не раз заводзілі гаворку, каб не ехаў дамоў, абяцалі лепшую клініку. А вось жа не паслухаўся разумных парад, паехаў. На што спадзяваўся? Што чакаюць?! Як жа, чакаюць!.. Можа, і не чакалі».
Аказалася, яго чакалі, нават зрабілі захады — і Цярпілоўскаму аж стала сорамна за свае няўдзячныя думкі.
Гадзіны праз дзве, пасля таго, як іхні вагон адчапілі, пачалі пераганяць на запасны пуць, пакуль не запіхнулі ў тупік, на станцыі паявіўся парторг цэка чыгуначнага вузла. Ён найперш павіншаваў Цярпілоўскіх са шчаслівым вяртаннем на радзіму, сказаў, што яны ўважліва сачылі за перамяшчэннем іхняга вагона, што выклікала ў чуллівай Аўдоцці Якаўлеўны слёзы замілаванасці, а ў Канстанціна Вячаслававіча адчуванне ўласнай вартасці. Парторг тут жа распарадзіўся паставіць вагон пад разгрузку. Аднекуль паявіўся паравоз, які падагнаў вагон да пакгаўза багажнага аддзялення. Чацвёра грузчыкаў перанеслі ў склад скарб Цярпілоўскіх, пасля чаго вагон зноў паставілі на запасны пуць, дзе ўжо стаяла некалькі цяплушак для жылля чыгуначных служачых.
— Пакуль пажывяце ў вагоне,— растлумачыў парторг.— Вось там у нас душавая. 3 дарогі захочацца памыцца, калі ласка. Пасцельную бялізну вам дадуць, палівам забяспечаць, а калі што спатрэбіцца — звяртайцеся, дапаможам. Заўтра вас, Канстанцін Вячаслававіч, на адзінаццаць нуль-нуль кліча міністр аховы здароўя.
Парторг з нейкім асаблівым смакам падкрэсліў забытае ўжо слова. Канстанцін Вячаслававіч пераглянуўся з Аўдоццяй Якаўлеўнай: тое, пра што ў Ташкенце гаварылі цішком, адбылося ў дні іхняга падарожжа — замест прывычных наркомаў сталі міністры, замест саўнаркома — саўмін.
Цярпілоўскаму былі прыемныя гэтыя перамены. Прыемна было і тое, што парторг цэка не проста сказаў яму пра заўтрашні прыём міністрам, але назваў яго па імені і па бацьку. Вайна як бы вярнула людзям даўнія традыцыі звяртацца адно да аднаго па імені і па бацьку.
Ды справа заключалася не толькі ў гэтым. Зварот да старога, нават старадаўняга — паслабленне духавенству; звяртанне Сталіна да людзей: браты і сёстры; увядзенне ордэнаў у гонар вялікіх палкаводцаў; цяперашняе ператварэнне наркаматаў у міністэрствы; тост Сталіна ў гонар народа — усё выклікала невыразную пакуль надзею на змены да лепшага, дзе не будзе перадваеннага страху, паголоўнага псіхозу з пошукамі ворагаў народа, каманд недасведчаных людзей, што мкнуліся да ўлады з апантанасцю шызафрэнікаў.
Аўдоцця Якаўлеўна зразумела мужаў позірк; яна думала гэтак, як і Канстанцін Вячаслававіч. Рэпрэсіі трыццатых гадоў не абышлі і яе родных. Вяртанне ў Мінск, такое напачатку трывожнае, абнадзейвала, верылася — наперадзе шчаслівае, мірнае жыццё, у якім будуць панаваць згода, цярпімасць, любоў і брацтва.
Семнаццацігадовая дачка Цярпілоўскіх Алеся адразу ж пабегла ў душ, а Канстанцін Вячаслававіч з Аўдоццяй Якаўлеўнай яшчэ доўга абмяркоўвалі такі прыемны ва ўсіх адносінах візіт парторга цэка і сыходзіліся на адным: настаюць перамены да лепшага. Цяпер ужо ніхто не будзе цікавіцца іх сацыяльным паходжаннем, сувязямі з рэпрэсіраванымі сваякамі.
— А што, калі міністр прапануе табе пасаду свайго намесніка? — выказала думку Аўдоцця Якаўлеўна.
— Не і не,— запярэчыў Канстанцін Вячаслававіч.— Я беспартыйны.
— Ну і што? — не пагадзілася жонка.— У вайну не пыталіся пра партыйнасць. Жыццё паказала: лепей беспартыйны ды разумны, чым партыйны ды дурань.
— Яно, вядома, так, але ўсё ж пасада намесніка міністра наменклатурная. Ды я і не хачу пераключацца на адміністрацыйную дзейнасць. Хутчэй за ўсё мне прапануюць клініку...
Міністр прапанаваў Цярпілоўскаму пасаду галоўнага хірурга міністэрства.
— Работы, бацечка мой,— сказаў міністр,— на дзесяцярых, а вы пакуль адзін. Трэба як найхутчэй наладжваць хірургічную службу. У нас з ёю поўны швах, а ў рэспубліцы што ні дзень падрываюцца «мінёры»,— і растлумачыў: — Гэта мы так клічам дзяцей і падросткаў, якія падрываюцца на мінах. Пакалечаных шмат, а ў бальніцах няма прасцейшага абсталявання.
Міністр Канстанціну Вячаслававічу наогул спадабаўся, але простанароднае «швах» крыху азадачыла. Неяк не стыкавалася слова «швах» з назвай пасады. Міністр і швах!
— Калі загадаеце прыступіць да выканання абавязкаў? — па-вайсковаму спытаўся Цярпілоўскі.
— А вы, бацечка мой, залічаны на працу праз чацвёра сутак пасля таго, як выехалі з Ташкента. Так што ўсю дарогу працавалі на родны наркамат, які за гэты час ператварыўся ў міністэрства. Кажуць, з часам усіх нас, міністэрскіх чыноўнікаў, абавяжуць насіць форму і пагоны. I будзеце вы звяртацца да мяне, бацечка мой, як да генерала хоць вы і самі генерал.
Канстанцін Вячаслававіч зразумеў, што міністр не адабрае перамены, што адбыліся апошнім часам.
— Дазвольце заўтра прыступіць да працы,— сказаў Цярпілоўскі.
— Заўтра не трэба. Займіцеся сваім уладкаваннем; а вось паслязаўтра пажадана, каб прыйшлі. У мяне паседжанне калегіі. Пазнаёмлю вас з супрацоўнікамі нашага наркамата-міністэрства. А цяпер зайдзіце ў гаспадарчы аддзел, вазьміце ордэр на жыллё. На жаль, пакуль адзін пакой, але з часам, калі добра папрацуеце, і астатнія два будуць належаць вам. Там жа дамоўцеся з перавозкай рэчаў. Кажуць, іх у вас нямала. Потым зайдзіце ў бухгалтэрыю. Грошы яшчэ нікому не шкодзілі...
«Навошта ж ён так? — думаў Канстанцін Вячаславааіч, ідучь ў аддзел гаспадарчага забеспячэння.— Нейкія намёкі: калі добра папрацуеце, у вас шмат рэчаў, грошы нікому не шкодзяць... А з выгляду інтэлігентны чалавек...»
3 міністэрства Канстанцін Вячаслававіч адправіўся пяглядзець жыллё. Чакаў пабачыць закутак у камуналцы. Аказалася, ордэр выпісаны на вялікую залу ў трохпакаёвай кватэры, з двума вокнамі і высокай столлю. Два другія пакоі займалі супрацоўнікі саўміна, якія не збіраліся тут доўга затрымлівацца. За оперным тэатрам разгортвалася будоўля двухпавярховых катэджаў, і саўмінаўцы мелі намер атрымаць там кватэры. Гэта радавала.
Недзе праз тыдзень на кафедру беларускай літаратуры педагагічнага інстытута ўладзілася і Аўдоцця Якаўлеўна, а трыма днямі раней пачала вучыцца ў другой школе і іхняя дачка Алеся.
Перапыненае вайной і эвакуацыяй жыццё зноў уваходзіла ў прывычную каляіну.
2
Карп Хіжняк закончыў вайну пад Прагай на трэція суткі пасля перамогі і афіцыйнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. Апошнія баі з акружанай групоўкай варожых войск былі больш падобныя на расстрэл дэмаралізаванага, хоць і ўзброенага натоўпу, які, што праўда, люта агрызаўся.
Спаганяючы накопленую за вайну ярасць і злосць, Карп Хіжняк са сваім батальёнам бязлітасна прасаваў гусеніцамі варожыя акопы, калоны салдат, што ўзнікалі перад ягонымі танкамі, агнявыя кропкі і наогул усё, што прадаўжала супраціўляцца або падавала адзнаку жыцця.
Вядома ж, і ягоныя машыны траплялі ў пераплёт, але гэта толькі падагравала танкістаў: сволачы, фашысты, іхняе камандаванне яшчэ дзевятага мая падпісала капітуляцыю, а яны тут не здаюцца. А калі вораг не здаецца, дык яго знішчаюць. I знішчалі...
На трэція суткі пасля перамогі вайна была закончана поўным разгромам варожай групоўкі. Танкавы батальён заняў мястэчка на беразе нейкай неглыбокай рачулкі, што цякла па камені.
Мястэчка патанала ў квецені садоў. Радавыя адзначалі перамогу на местачковым пляцы, у акружэнні баявых машын, камандаванне — у карчме, змрочнай камяніцы з арачнай столлю. Пілі за найвялікшага палкаводца ўсіх часоў і народаў таварыша Сталіна, за партыю бальшавікоў — рулявога перамогі, за тых, хто не дажыў да мірных дзён, спявалі кранальныя ваенных часоў песні.
Насядзеўшыся ў гамане і цыгарэтным дыме, Карп Хіжняк раптая зажурыўся, непрыкметна пакінуў застоліцу, пайшоў да ракі, сеў яе беразе пад ніцай вярбою.
Месяцаў пяць назад Карп Хіжняк атрымаў з сельсавета адказ на сваё запытанне аб бацьках. Нехта, відаць, сакратарка, пісала акуратным вучнёўскім почыркам, што ягоныя бацькі былі расстраляны ў жніўні сорак другога года. Хто расстраляў, у паперы не гаварылася, але само сабой разумелася, што бацьку з маці расстралялі немцы. Бацька быў камуністам, фінагентам, маці — актывісткай. Нехта і выдаў іх на расправу.
Сумная вестка не сказаць каб дужа засмуціла тады Карпа Хіжняка. Ішло наступленне, было не да эмоцый. Цяпер жа смерць бацькоў раптам набыла вельмі адчувальны і нейкі матэрыяльны сэнс: Карп Хіжняк адчуў сябе сіратой, якому няма да каго прытуліць галавы. На тое былі важкія прычыны.
У застоліцы афіцэры найбольш гаварылі пра магчыма хуткую дэмабілізацыю і ў першую чаргу так званых вылучэнцаў вайны. Карп Хіжняк і належаў да такіх вылучэнцаў. За чатыры гады вырас ад сяржанта да маёра, камандзіра танкавага батальёна. Дык што яму рабіць далей, калі няма куда падацца. Раней усё ўяўлялася проста: вернецца дамоў, а там будзе відаць, што далей рабіць. Цяпер вяртанне ў свае Пагарэльцы не мела сэнсу. Канечне, найлепш за ўсё было б застацца ў арміі. Але ці пакінуць?.. Цяпер, безумоўна, будуць цаніцца тыя, хто канчаў танкавыя школы. У яго за спінай шэсць класаў школы калгаснай моладзі. Праўда, Карп Хіжняк меў званне Героя Савецкага Саюза, але ў яго склалася ўражанне, што званне гэтае не мае вялікага значэння для штабнога начальства.
Месяцы два назад у палку вырашылі хадайнічаць аб прысваенні яму чарговага звання падпалкоўніка. А перад самым канцом вайны стала вядома, што ў званні яму адмоўлена. Само сабой, прычын ніхто не называў, але пагаворвалі, што адмовілі таму, што ён не мае неабходнай адукацыі.
Сябры-таварышы пастараліся супакоіць: маўляў, не перажывай, падавай рапарт, каб паслалі на вучобу ў Акадэмію танкавых войск. Перспектыва, безумоўна, заманлівая, але, на думку Хіжняка, абсалютна неажыццявімая: сябры ж не ведалі, што і агульнай адукацыі яму бракуе.
Палітрук батальёна Нямоглых, які загінуў пад самы новы сорак пяты год, неяк параіў Карпу:
— Запомні, камбат, мы — члены камуністычнай партыі, а гэта адзіная сям’я. Таму трымайся яе моцна, і калі выйдзе нявыкрутка ў жыцці, смела ідзі ў райком там ці ў цэка, і таварышы па партыі табе дапамогуць. Заслугі ў цябе вялікія.
Прыгадваючы цяпер гэтую параду, Карп Хіжняк раздумваў над тым, што, можа, варта напісаць ліст у цэка партыі, прапанаваць сябе ёй на службу. Думка выглядала спакусліва.
— А-а-а, таварыш камбат, во вы дзе,— адарваў яго ад думак лейтэнант Далейка.— А там хвалююцца. Загадалі знайсці і даставіць па месцы адпачынку, гэта значыць, у карчму...
Адарваны ад думак, Карп Хіжняк менш за ўсё хацеў бы бачыць менавіта лейтэнанта Далейку. Той быў адзіным афіцэрам у батальёне, які раздражняў маёра. Праўда, сваё раздражненне камбат хаваў пад маскай бацькоўскай патрабавальнасці. Ён глядзеў на лейтэнанта Далейку і адчуваў, як расце ў ім непрыязнасць.